— А не баішся, калі заўтра пачнуць казаць што якое пра цябе? — запытаў Уладзімір, умыкаючы кампутар. — Увечары некага ў госці прывяла.

— Не, не баюся, — адмахнулася жанчына. — Яны мяне за гэтыя гады добра вывучылі. Што гатаваць: гарбату ці каву? Ой, ты ж галодны, мабыць? Ад абеду нічога не еў, так?

— Не еў, — не стаў хлусіць Уладзімір. — Так што калі мяне сястрычка пакорміць, буду лячыць ёй кампутар задарма!

— Добра, брацік, — адказала задуменна Ганна. — Мне таксама дужа хацелася б, каб быў у мяне вось такі брат...

Уладзімір адчуў, як лёгкая гарачыня чапіла ягоныя вушы.

Увакнуў кампутар і свой ноўтбук.

Калі Ганна прыгатавала вячэру, ён аж успацеў ад хвалявання, трывогі і клопату: кампутар быў так заражаны вірусамі, што “вылечыць” яго без кардынальных захадаў было немажліва. Так і сказаў быў Ганне, на што яна махнула рукой: рабі, як ведаеш. Дзеля ўсяго (раптам давядзецца фарматаваць дыск) зрабіў поўную рабочую копію сістэмы, скінуў сабе на ноўтбук. Але, дзякуй Богу, абышлося: адна з сцягненых антывірусавых праграм змагла запрацаваць, крыху расчысціла месца, потым і іншыя пайшлі. За гадзіну кампутар ажыў.

— Ну, вось, можна працаваць! — з палёгкай павярнуўся да Ганны Уладзімір. — Нават нічога не перастаўляў. Антывірус усталяваў, але будзь уважнай: не клікай на розныя прывабныя фотаздымкі, спасылкі.

— Дык мне і даслалі здымак адзін, — успомніла Ганна. — Паспрабавала адкрыць — нешта незразумелае пачалося. Сюрпрыз... Ну, добра, еш, зарабіў, — са шчырай усмешкай запрасіла яна.

Уладзімір не мог пры стале пазбыцца пачуцця, што ён — дома. Гэта было як чарговае насланнё, але Уладзімір песціў яго, асцярожна прыслухоўваючыся, баючыся напалохаць, каб не знікла. Бо так цёпла і ўтульна было ад таго пачуцця...

Збіраўся адыходзіць, калі Ганна прытрымала яго:

— Чакай, браце мой, чакай. Вячэрай пакарміць — тое абавязак, а не ўдзячнасць.

Хутка падышла да кніжнай шафы, не раздумваючы, дастала адну кнігу. Узяла асадку, напісала некалькі слоў.

— Вось, кніжка цікавая. Гэта постмадэрнізм. Ведаеш, што такое постмадэрнізм?

— Не надта, — прызнаўся Уладзімір.

— Ну... кніжка пра тое, што рэчы заўсёды выглядаюць рознымі з рознага гледзішча. І што многае з таго, што навідавоку, выяўляецца зусім іншым у існасці. Табе цікава будзе пачытаць. Не згубі! — сказала нечакана сур’ёзна, не папрасіла, а амаль загадала, і Уладзіміру падалося раптам, што яна дала яму, і ён цяпер трымае ў руках нешта надта важнае.

— Не згублю, — адказаў паважна. — Дзякуй за падарунак.

— Дабранач! — усміхнулася ўжо ласкава Ганна, быццам прабачалася за свой сур’ёзны загадны лад.

Уладзімір не вытрымаў — адышоўшы колькі крокаў ад Ганнінай хаты, прыпыніўся, прыкурыў, а потым запаліў маленькі ліхтарык на запальнічцы і прачытаў надпіс.

“Я давяраю табе”.

Уладзімір адчуў, як горла сціснулася ад пяшчоты.


5

Спаў Уладзімір на старэнькай, але мяккай канапе ў другой палове дома. Спаў моцна, спакойна, сапраўды адпачываў. Прачнуўся, калі пад хатай — пачуў праз сон — спынілася машына. А за хвіліну гучны голас Антося Зубеля грымеў у першай палове:

— Якое спіць? Сёмая раніцы! На тым свеце адпачываць будзе, там дакладна няма чаго рабіць. Студэнт! — Антось прасунуў галаву ў расчыненыя дзверы, пабачыў, што Уладзімір ляжыць з расплюшчанымі вачыма. — Студэнт, сумленне май, полудзень зараз, у мяне не зроблена нічога! Паехалі!

— Я яшчэ кавы не папіў, — з жартаўлівым выклікам адказаў Уладзімір, бо чамусьці падумаў, асабліва вось цяпер, раніцай, што гэтая бадзёрасць і Антосява шумлівасць тут, на надворку ў Уладзі, — нібы гульня якая.

— У мяне кавы пап'еш. Там гатункаў гэтулькі, што я ў іх блытаюся. Ну, але папі, горай, калі пахмяляцца цягне. Хутчэй давай! Не паспеем!

— У Бога дзён многа! — адказаў Уладзімір словамі старога Уладзі.

Чайнік на пліце стаяў цёплым — дзед прачнуўся, відавочна, даўно. Цяпер мыў рукі, мабыць, корпаўся ў градах. Уладзімір хутка выпіў паўкубка кавы, узяў сваю торбу з ноўтбукам.

— А нашто бярэш? — прыжмурыўся Антось.

— Дык ці мала што можа спатрэбіцца, — цепануў плячыма Уладзімір. — Можа, драйверы якія для жалеза ці для наладжвання. А ў мяне тут сеціва мабільнае, дый софтавых праграм шмат.

— О, я адгадаў, на разумнага патрапіў, — задаволена рагатнуў Антось. — Ну, паехалі...

Так і выйшла — у машыне ён адразу пасур’ёзнеў, стаў больш справавітым. Смяшлівыя ноткі ў гаворцы амаль зніклі.

— А адкуль ты сам? Чым папраўдзе займаешся?

— Можна сказаць, ніадкуль, — крыху счасаваўшы, адказаў Уладзімір. — Бацькоў няма, брат загінуў, дом згарэў. Жонкі не маю. Пакуль што ў горадзе, у мяне адпачынак, буду шукаць працу, цяпер здымаю пакой у бабулі. Вось такія справы.

— Зразумела, — адказаў Антось, быццам яму і праўда ўсё адразу стала зразумела і ясна ў Уладзіміравым жыцці. — То кінь парыцца: давай да мяне. Мне работнік не зашкодзіць. Ты ж вясковы, бачу, не грэблівы да працы. Я адзін застаўся, ды ты адзін — будзе нас двое.

— Хуткі вы, — усміхнуўся Уладзімір. — А раптам я злодзей, прайдзісвет які?

— Уладзя людзей як рэнтгенам прасвечвае, — усміхнуўся і Антось і дадаў сур’ёзна. — У яго нядобры чалавек ніколі спакойна спаць не будзе, калі гаспадар па гародзе ходзіць. А я хуткі, гэта праўда. А чаго раздумваць? Рабі — потым шкадуй, а то не зрабіў, а шкадуеш. Дарэчы, кажы мне “ты”, я для сябе перастаў гады лічыць. Вунь, бачыш, бярозкі на ўзгорку наперадзе? Во, там бацькоўскі хутар. Цяпер — мой дом. Бацьку ой прымушалі на сядзібу ссяляцца. Я ў школу хадзіў, а заданні ўдома пры газавай лямпе рабіў — не вялі нам электрычнасці. То як адвучыўся, нейкае варушэнне ў балоце дзяржаўным пайшло, дык можна стала за грошы правесці. Бацька і правёў...

Дарога збочвала направа, да вялікай вёскі, таго самага аграгарадка, дзе спыняўся аўтобус, якім Уладзімір ехаў. А між дзыбатага ячменю, ад павароткі ўлева, бегла грунтоўка з дзвюма каляінамі і ўздымалася ўгору. Антось павярнуў налева. З узгорка дарога імкліва рынула ўніз, паказалася невялікая рачулка. Масток быў драўляны, нядаўна зроблены.

— Во праз рачулку і ацалеў наш хутар, — расказваў Антось. — Тут ніколі добрага мастка не было, толькі возам з канём праехаць. А зямлі няшмат, гектараў трыццаць якіх, то калгасу гэтыя гектары да лямпачкі былі. Мост я сам рабіў, ну, плаціў сам, сваімі грашыма. Каб трактару праехаць, машыне. Але спачатку зямлю выпрасіў. Во, ад мастка — мае палеткі...

Узняліся вышэй. Справа ад дарогі разлягалася поле з буракамі, лапушыстымі, чыстымі.

— Адмысловае насенне купляў, па адным каліве садзілі. Каб прарываць не трэба было. Пяць кабет усе дзесяць гектараў песцяць. Увосень разлік будзе — атрымаюць капейчыну, буракі цукровыя, грошы неблагія. Уся вёска бяжыць ірваць і церабіць. А тут во, — Антось паказаў праваруч, — ячмень броварны. Збожжа пасадзіць далі, прыязджалі заказцы, глебу праверылі: каб чыстая была, без усякай хіміі. Бач, выкаласіўся, спее. Калгас абяцаў камбайн даць... От жа сука!

У кароткім нечаканым Антосявым ускрыку прабілася горкая роспач, нешта спрадвечнае, тое сапраўднае, што жыло ў ім і ніколі не пакідала. Уладзімір зірнуў наперад і ўсё зразумеў: з лугу, які падступаў з долу, ад рэчкі да ячменнага поля, невялікі статак кароў пасвіўся сярод ячменю. Пастуха не відаць было.

Антось рэзка газануў, праехаў наперад, вывернуў руль управа — у ячменю ўгадваўся колішні след і паехаў гэтым следам на кароў. Потым націснуў на сігнал. Рэзкі, гучны гук падхапіў з зямлі пастуха — той ляжаў за невялікім кусточкам лазы, а каровы спуджана кінуліся прэч ад машыны, выскоквалі на луг, хапаючы, выдзіраючы з зямлі і несучы ў ратох шматкі ячменю.

Машынай, спрытна паварочваючы ў розныя бакі, Антось адганяў кароў ад свайго поля, потым скіраваўся да фігуркі пастуха — невысокага росту, хударлявага, мабыць, падлетка.

— Міцька, тваю маць, сумленне апошняе з ранку выцадзіў? Што ж ты, сука, робіш, а?

Антось выскачыў з машыны, падскочыў да пастуха. То быў зусім не падлетак, а мужчына гадоў шасцідзесяці, з сухім маршчыністым тварам і вялікім, вострым носам з некалькімі тоўстымі чорнымі кропкамі на самай дзюбцы. Запалыя шчокі — у густым сіваватым шчацінні. Ён вышчарыўся, паказаўшы свае цёмна-жоўтыя і вялікія, як у каня, зубы:

— Чаго равеш? Ну, скубанулі трошкі каровы, прыдрамаў. Даволі з цябе, наясіся яшчэ на нашых карках. Гэй, малады, дай закурыць! — мужык нахабна гукнуў да Уладзіміра, які выйшаў з машыны і закурыў.

— Я наядаюся на тваім карку? — з пагрозай падступіў бліжэй да Міцькі Антось, але той як бы і не заўважыў пагрозлівага кроку, цягнуў руку да Уладзіміра, чакаў цыгарэту.

Уладзімір жа разгубіўся: як яму, такой нахабнай сволачы, даваць цыгарэту?

— Не на маім, на бабскіх, на маім далёка не паездзіш, — мужык адказаў, не паварочваючы галавы да Антося, паправіў шапку-бейсболку з вялікім брылём (відаць, узятую ў каго з маладых). — Ну што табе, цыгарэціны шкада? — патрабавальна амаль крыкнуў да Уладзіміра. І той не стрымаўся, падаў пачак.

Міцька спрытна, хоць рукі заўважна падрыгвалі, дастаў цыгарэту, прыкурыў, смачна зацягнуўся.

— Ты от лепей скажы, Фёдаравіч, — выдыхнуў ён дым і павярнуўся да Зубеля. — Раней “Прыма” была, смачна курылася. Потым “Астра”, ну, даражэй, але ж добрыя цыгарэты рабілі. От з чаго цяпер робяць, га? Як накуруся за дзень, быццам сто катоў у роце пасралі.

— Значыць, Міцька, гэта я на карку тваёй бабы езджу, кішэні свае грашыма набіваю, так? — настойваў на адказе на сваё пытанне Зубель. — Ты так сказаў?

— Ну і сказаў, — ціха і неахвотна адказаў Міцька. — А то не працуюць яны на цябе.

— Добра, Міцька, добра... Калі ўвосень прыйдзе твая Анюта рваць буракі — я не стану сядаць на яе карак. Буду, як ты кажаш, на іншых ездзіць. Паехалі! — рэзка кінуў Антось Уладзіміру.

— Э-е, стой! — закрычаў Міцька. — У мяне меншая кватэру будуе, дзе я грошы вазьму на крэдыт?

— Твая будуе, не мая.

Антось павярнуўся спінай да Міцькі, зрабіў крок, калі той выціснуў нягучна праз зубы:

— Паспрабуй не даць дзялку — спалю к чортавай матары. І хату, і ячмень твой паганы.

Антось прыпыніўся, павярнуўся павольна. Міцька глядзеў у ягоны твар, не адводзіў вачэй, адно мружыўся.

— Ну, палі, — разважна адказаў Антось. — Толькі падбяры момант, каб уначы, з усіх чатырох бакоў. Каб я сам у хаце быў і выскачыць не паспеў. Інакш табе горай будзе...

У машыне Антось не прамовіў і слова. Ехалі ускрайкам ячменнага поля, потым лугам выбраліся на горку — да хутара.

Вакол дома раслі светлыя бярозкі — сапраўдны гаёк. Уладзімір выйшаў з машыны, аглядваўся.

— Вось дажджы пройдуць, раніцай выйшаў і збірай абабкі, — ціха пракаментаваў Уладзімірава любаванне Антось. — Хадзем у дом...

Уладзімір думаў, што ўвойдзе ў звычайную вясковую хату, ажно не — усярэдзіне гэта была амаль гарадская кватэра: вітальня, калідорчык на кухню, дзверы ўлева — відавочна, прыбіральня. У куце стаяла вялікая паўпразрыстая душавая кабіна.

— Ты не дзівіся, я тут усё для сябе перарабіў. Ацяпленне ад катла, батарэі. Не на газе, праўда, на торфе і дровах, але стае ўзімку. Адно што ўночы разы два ў моцныя маразы падымешся, — патлумачыў Антось. — Праходзь на кухню, кава кавай, а паесці сяго-таго трэба. Я раніцай ем добра, бо не ведаеш іншы раз, дзе папалуднуеш. І табе тое самае раю.

Кухня была таксама цалкам сучасная, як у кожнай кватэры, утульная, аднак, адразу кідалася вочы — няма тут гаспадыні, не прыкладвала сюды руку жанчына. Нейкі строгі парадак, як казармавы, усё на месцы, быццам і ўтульна, але ж не тое і не так. Вось тых самых кветак у вазонах няма. Якая гаспадыня абыдзецца без кветкі на кухні?

З высокай лядоўні Антось дастаў каўбасу, масла, паставіў чайнік на пліту.

— Сядай, студэнт, пачувайся вольна, рэж батон. Гаспадыні ў мяне няма, будзем самыя... Каб не ты — ляжаў бы Міцька са зламанай сківіцай, далібог. Ты выбачай, раніцай ніколі не п’ю, але цяпер вып’ю, даўно так не калаціла. Ты як, вып'еш?

— Крышку, за кампанію, — адказаў Уладзімір. — Зранку піць...

— Ведаю, дружа, ведаю, — уздыхнуў Антось, дастаў з шафкі пачатую пляшку, кілішкі. — Ува ўсякім правіле ёсць выняткі. Сёння нікуды не паеду...

Уладзімір зрабіў канапкі, запарылі гарбату. Антось выпіў кілішак, адламаў кавалачак хлеба.

— Ты бачыш, што з людзьмі стала? Гэта ж як трэба было над іх галавой папрацаваць, каб на мяне як на ваўка глядзець? У мяне трактар свой, цяпер во аддаў аднаму хлопцу з вёскі. Той мне ўсё поле абрабляе, адзін, а трактар цалкам у ягоным распараджэнні. Кожнаму, хто ні папросіць — ніколі з трактарам не адмаўляю. Дровы дык дровы, узараць — калі ласка, сена прывезці — няма пытанняў. У бальніцу каго закінуць — бягуць да мяне, хоць не блізка. З горада лядоўню прывезці ці тэлевізар — да мяне. А восень прыйдзе, адразу ж чарга, ці не б’юцца, каб дзялку буракоў выдраць, пачысціць і здаць. І патрабую ж вельмі добра чысціць, каб не спісвалі потым вагу, а бягуць навыперадкі. Бо грошы ў мяне зарабляюць. І ўсё адно я вораг ім. І спаляць жа некалі, думаеш, сумняюся? Спаляць. Можа, і жыўцом...

У Антосявых словах не было найгранай трагедыйнасці, і менавіта тое, што казаў ён пра вось такі свой лёс амаль абыякава, працінала Уладзіміра да дрыжыкаў на скуры. Каб неяк падтрымаць Антося, пачаў разважаць:

— Сам жа ведаеш: нельга быць усім добрым, пагатоў, калі наважыўся быць справядлівым. А сёння найменшая крыўда, калі яе на літры гарэлкі развесці, да дурнога падштурхне. Некалі... Некалі, мне бабуля казала, нашы вяскоўцы спалілі панскі дом. Першыя мужыкі напіліся для смеласці, пайшлі. Спалілі сядзібу, разам з панам і дзецьмі. Разрабавалі. Тады ці не ўся вёска была з Жабруноў. А сёння я — апошні. І дом мой згарэў... Праклён...

— Ды яны самыя сябе праклялі! Думаеш, той пан іх пракляў? Самыя! Як во Міцька. Гэта выкляты народ, разумееш? Выкляты. Няма ў яго будучыні, таму ён такі і ёсць: абыякавы да ўсяго, талерантны, як у тэлевізары кажуць. Чаму талерантны? Бо трываў і трывае. Усё трывае: здзекі з сябе, з родных, з дзяцей. Трывае. Чаму трывае?

— Не ведаю... — трохі разгубіўся Уладзімір — ён бачыў цяпер перад сабой не таго Зубеля, якога першы раз сустрэў на Ўладзявым надворку.

— А таму, маю пэўнасць, недзе там, у падсвядомасці, адчувае — яму канец. Ён выкляты. Міне колькі часу, яшчэ адно-два пакаленні — і вымруць. Нічога не застанецца.

— Слухайце... Слухай, Антось, калі ты кажаш, што ўсё дарэмна, што нічога не варта, дык на якую халеру табе зямля? — павагаўся і спытаў Уладзімір. — Дом? Ты, бачу, гэтулькі грошай сюды ўклаў. І ўкладваеш. Які сэнс?

— А куды мне тыя грошы было дзяваць? На дзевак? Чэрава гадаваць на курорце? Не маё. Я тут. А сэнс у тым, каб самому сабе давесці, што ўсё марна. Зразумеў? Не хачу з верай жыць, няхай знікне некалі разам з маім хутарам. От тады пайду ў белы свет і шкадаваць не стану. Але буду пэўны, што сваё зрабіў...

— Неяк надта ж змрочна.

— А што ім і мне застаецца? Ты ўспомні і палічы: колькі разоў прадавалі сябе, свае святыні? Паганства прадалі. Каталіцтва прадалі. Уніяцтва прадалі. Праваслаўе прадалі. Камунізм прадалі. Сябе і сваіх родных прадавалі, абы выжыць. Як чарвякі ў каравячым бліне: хай нядобра, затое цёпла і ёсць што есці. У людзей няма нічога за душой, нічога! Няма за што ўчапіцца ў гэтым жыцці. Стрыжня няма. Гэта не народ — гурт... Добра, потым, калі хочаш, пагутарым. Справа перш-наперш. Пад'еў? Хадзем, пакажу...

У вялікім прасторным пакоі стаялі скрынкі з розным кампутарным начыннем: сістэмны блок, манітор, калонкі, клавіятура і яшчэ ўсякая ўсячына. Ля сцен туліліся запакаваныя ў кардон пласціны ДСП — нешта з мэблі. Вялікая кутняя канапа, тэлевізар на падлозе. І ўсё.

— Карацей, з усяго трэба зрабіць утульны кавалерскі кабінецік, так? — са шчаслівым узбуджэннем запытаў Уладзімір. Яго вабіла такая работа: вось гара ўсяго, а тут прыклаў рукі — і ўвечары будзе шыкоўны пакой.

— Ну, Валодзька, калі табе ўдасца і мэблю скласці... вунь, на канапе ўсе ключы, інструмент розны. Дзе кампутар лепш паставіць, як думаеш?

— Думаю, якраз з мэблі і трэба пачынаць, — адказаў Уладзімір. — Кампутар жа на падлозе не вельмі зручна наладжваць. Дый з лініямі вызначыцца будзе прасцей. Вось тут, бокам да ўваходу.

— Адгадаў, і я так думаў. А паспееш?

— А што, так спешна?

— Не, — паскроб за вухам Антось. — Мы ж з табой на дзень дамаўляліся...

— А ў мяне нічога не гарыць, — усміхнуўся Уладзімір. — Кажу ж — у адпачынку. Дый не думаю, што будуць вялікія складанасці. Кружэлкі нейкія купляў?

— О, размова паважная. Вунь на акне глядзі, скрынка. Там іх штук дзесяць, сказаў, каб хлопцы накідалі чаго больш патрэбнага, на ўсе выпадкі жыцця.

Уладзімір падышоў да акна, перабраў пакеты з кружэлкамі.

— Ну, тут можна хоць бухгалтарскую кантору адкрываць, хоць відэастудыю, хоць праектны інстытут, — пакруціў ён галавой. — Шыкоўны запас. Усё ёсць, бачу, і сістэма ліцэнзійная... Распячатаная. Як купляў, паставілі сістэму?

— Здаецца, нешта ставілі ў тым сервісным цэнтры. Сказаў, каб толькі ўвамкнуў — і ўсё запрацавала.

— Дык выдатна. Тэлефон там... Усё, тады раблю.

— Пачынай. Там вунь дакументы розныя на падлучэнне сеціва, мадэм на вузле далі, яшчэ лінія для ноўтбука і нейкі там прыбор. Гаспадар сам, не пераймайся, як што трэба, шукай, знаходзь і бяры. А я пабягу на палетак, зараз Мірон пад’едзе, на буракох хімпраполванне рабіць будзем. Там такая зараза — без рэспіратара не папрацуеш...

Уладзімір пачаў разбірацца сярод розных пакункаў з мэбляй. Выбраў усё для кампутарнага стала, вызваліў месца, з асалодай прыняўся за зборку. І праўда, працаваў ён з незвычайным задавальненнем. І нават зусім не змяншала настрою тое, што гэта быў не ягоны дом, не ягоны стол, не ягоны кампутар. Збіраў і адчуваў, што хоць і не яго, але і не чужое яму. Аднекуль узнікла ўпэўненасць і не знікала, што Зубеляў дом стане яму блізкім. А што? Чаму б не згадзіцца з Антосявай прапановай? Што яму траціць? Дзіўны, вядома, гэты Антось... Жыве адзін, а такі гаспадар. Ды толькі пальцам кіўні — кожная вольная жанчына з вёскі за такога пойдзе. Гарадская кватэра сярод сапраўднага гаю... Уладзімір прыпыніўся, расчыніў акно (сучаснае, пластыкавае), закурыў, страсаючы попел у невялікі садок пад куст язміну. Курыў, і быццам выпускаў з дымам прыкрыя думкі: якая яму справа да асабістага Антосявага жыцця? Няхай жыве, як хоча.

Сэрвісны цэнтр не падмануў — сістэма была ўсталяваная, нават офісныя праграмы стаялі. Надумаўся адпачыць, адважна скіраваўся на кухню і згатаваў сабе кавы. І праўда: кава ў Антося была розных гатункаў.

Не заўважыў, як праляцеў час. Было ўжо каля поўдня. Здаволены, адкінуся ў крэсле, калі запрацавала сеціва. Пусціў музыку, гучна, стаў далей разбіраць рэшту пакункаў з мэбляй. Стол пісьмовы, вялікі, дзвюхтумбавы. Склаў. Яшчэ адно крэсла. Невялікая кніжная шафа. Тумба пад тэлевізар. О, і праўда які выйдзе кабінет...

Вынес і склаў ля веснічак кардон, прыбраў, падмёў — паводзіўся вольна ў чужым доме. Зазірнуў у іншыя пакоі. Адзін — гаспадарская спальня. У другім ложак быў незасланы, на падлозе ў кутох стаялі высокімі горкамі адна на адной кнігі. Падумаў пакуль што іх не чапаць, кнігі нядоўга перанесці. Здаецца, усё...

Есці захацелася. Ужо меўся пайсці, зрабіць якую канапку ці ўхапіць кусок каўбасы, але падумаў, што і Антось жа недзе галодны... Пачакае...

Чакаць давялося з паўгадзіны, хоць праляцелі яны хутка — Уладзімір лазіў у сеціве. Пабачыў праз акно, як вяртаецца Антось, выйшаў насустрач.

— Ну, як справы, сядзіш галодны? Еў чаго? — Антось з рэспіратарам на шыі зайшоў на двор, стаў мыцца пад кранам — вывеў сюды, на надворак, ваду.

— Каву піў. Цябе чакаў. А вада адкуль?

— Ну і дурань. Лядоўні не бачыў? А вада... свідравіну замылі, помпа стаіць, хапае. Але добра, зараз гарачага зварым, толькі выбачай, пельмені, больш нічога не вару. Перакусім крышку. Што ў цябе там, паказвай...

Зазірнуў ад парога ў “кабінет”, аж свіснуў.

— Ну, Валодзька, рукі ў цябе, далібог, з патрэбнага месца растуць. Сеціва падлучылася?

— Усё робіць. І кабель — адзін табе ў спальню, другі да канапы для ноўтбука вывеў. Але бухгалтарскую праграму не ставіў — там жа пры інсталяцыі адразу ўсе дадзеныя заносіць трэба.

— Малайчына, адно слова. Эх, мне б такога памочніка... Бухгалтэрыю сам пастаўлю, кажу ж, курсы прайшоў.

— Памочніцу трэба, — акурат дарэчы ўставіў Уладзімір. — То не будзеш адныя пельмені варыць.

— Ат, на халеру? Мяне ж тут усё адно чакае поўнае фіяска. Не спаляць, дык некалі дзяржава ўсё адбярэ, ці пакрадуць, ці ў турму пасадзяць, што найхутчэй. Ну, от скажы, добра тады будзе той самай жонцы? Ішла за мяне, спадзявалася на добрае жыццё, а тут яма чорная. А як дзеці? Бацьку ў турму пасадзяць, а ім торбы на шыі?

Антось паставіў ваду на пліту, дастаў пельмені.

— Чаго ты турмы баішся? Што ты, крадзеш?

— У нашых турмах хіба злодзеі сядзяць? — хмыкнуў Антось. — Перайду каму дарогу, хоць са сваім ячменем — знойдуць, за што пасадзіць.

— А можна перайсці?

— Яшчэ як. Быў амаль перайшоў. Добра, са старшынём калгасным у нармальных дачыненнях... Ат, кінь пра дурное. Рэж хлеб, там сала даставай, смачнае, пад пельмені сама тое. Ты прыглядвай пакуль што, я спаласнуся, бо тхне ад мяне, як ад чорта.

Папалуднавалі, Антось скінуў брудны посуд у ракавіну.

— Ну, адпачні. Перахапілі крышку, пацерпім. Я за гадзіну ці больш пастаўлю сваё, потым і сонейка на захад, а ў мяне ў двары — бачыў — такі столік пад калінавым кустом утульны, пасядзім, паямо добра. Можаш нанач застацца ў мяне, пакой ёсць. А заўтра я ў горад па полудні, магу падкінуць, калі табе трэба.

— У горад якраз трэба, экзамен пераздаць. Дый выкладніку абяцаў адну справу зрабіць. Добра, працуй, я во посуд памыю ды пагуляю.

— Кінь дурное, які посуд? Я цябе на іншую работу наймаў. Ат, халера, забыўся ж зусім... Трымай...

Антось дастаў з задняй кішэні джынсаў партманет, борзда адлічыў грошы, падануў:

— Плачу як сабе за адзін поўны рабочы дзень плюс палова другога.

— Ды... — разгубіўся Уладзімір. — Я ж проста памог.

— Слухай, Валодзька, ты мне паможаш праз акно выпаўзці, калі мяне падпаляць. А цяпер ты рабіў работу. Ты б не зрабіў, я б выклікаў хлопцаў з вузла сувязі, наймаў некага, каб склалі мэблю, бо мне проста няма калі. Усё стаяла б паўмесяца, і ўрэшце заплаціў бы ўтрая больш. Усё, не спрачацца. Кармлю за тое, што госць, а плачу за тое, што робіш. Бяры!

Уладзімір узяў грошы — Антось яго пераканаў тым, што выклік майстроў з раёна абышоўся куды б даражэй.

— Ну, дзякуй...

— Бяры, бяры. Ды думай і перабірайся да мяне. На якую халеру табе той горад? Закіснеш у якой установе. Ты во прайдзіся, агледзься: дзе такое хараство пабачыш? Да рэчкі спусціся, там месца ёсць, некалі пашыраў я яго для падлеткаў, купацца можна...

Уладзімір выйшаў на ганак, пастаяў, аглядаючы двор. Па праўдзе, двара не было. Дом і новы хлеў (хутчэй, гараж для аўтамабіля) з паветкаю для дроў стаялі неабгароджаныя. Не было звыклых град за хлявом: сапраўды, быццам узяў нехта гэты дом і хлеў і ў адзін момант перанёс і паставіў вось тут, у гаёчку, сярод бяроз.

А бяроз было шмат, светлых, гонкіх і ладных. І трава пад імі, дробныя кусты — зусім як у шчырым лесе. Адно што невялікая сцяжынка вяла да гаража і за яго — да прыбіральні. Ды яшчэ пад вялікім, разлапістым кустом каліны з цёмна-зялёным бліскучым лісцем стаяў на адной тоўстай назе укапаны ў зямлю круглы стол. Чатыры невялікія лавы вакол, каб па двое сесці. Над сталом — нешта кшталту страхі з поліэтыленавай балонкі. Вісела лямпачка без абажура, проста ў патроне.

Уладзімір спусціўся ў дол, да рэчкі. Ішоў берагам, глядзеў на ваду. Ні пра што не думалася. Было ціха, толькі конікі звінелі перад захадам сонца. Не заўважыў, як зайшоў далёка, углядаючыся то ў хуткую, то дзе ў павольную, плынь. Рачулка была невялікая, але нейкая па-сапраўднаму жывая, ладная. Сустракаліся шырокія дзялянкі са стромкімі берагамі, пэўна што размытыя вясной у час паводкі. Было відаць, што тут глыбока. Гуляла рыба — то тут, то там нячутна расходзіліся кругі, а то і нешта гучна плёскала. Уладзімір даўно такога не зведваў: пачуццё амаль уяўнасці таго, што бачыў і што рабіў. Нечым падобнае да сну: ты ідзеш, дыхаеш, глядзіш — і няма ніякіх, зусім ніякіх, думак, а без думак — ні трывогі, ні роздуму. Лёгкае замілаванне ад цішыні і красы ахутвае лёгкім воблачкам нейкай дрымоты і паўзабыцця.

Не ўтрымаўся — так вабіла плынь, раздзеўся і спаласнуўся ў халадкавай, незвычайна жывой вадзе.

Калі вярнуўся, пабачыў, што Антось завіхаецца ля століка пад калінай: кроіць, раскладае: хлеб, каўбасу, вараныя яйкі, цыбулю...

Сонца схавалася. Яны сядзелі ў лёгкіх прыцемках.

— Ты от пытаешся, Валодзька, чаму выкляты наш народ? Слухай, ты ж разумны хлопец, чытаў шмат. Помніцца, адзін пісьменнік наш пісаў у сваёй аповесці, як стары пан казаў дзяўчыне: не будзе вам шчасця на гэтай зямлі, бо не ваша яна. Гвалтам яе ўзялі. Вам далі, а вы і радыя, што гвалтам адабранае дасталася.

— Помню такое. Там яшчэ муж яе ўдумаў быў крыж на зямлі паставіць, — успомніў Уладзімір. — І тым выпрасіць у Бога каяты...

— Так... А што толку было з таго каяння? У адным яны каяліся, а ў другім яшчэ больш грахоў рабілі. Вунь як жанчына тая пайшла раскулачваць сваіх жа вяскоўцаў. На верную гібель гналі свае сваіх — і нічога, быццам гэта не яны, улада вінаватая. Памылі рукі. Суседа ўлада забівала — так трэба, трывалі. Маці ўлада забівала — трывалі. Бацьку забівала — трывалі. Жанок гвалтавала — трывалі. І той уладзе служылі. Забойцу есці падавалі і боты мылі. Вось скажы, каго ці што ў яго трэба забіць на яго вачох, каб ён кінуўся на забойцу? Скажы, ну?

— Ды скуль я ведаю, — аж адхіснуўся Уладзімір, бо ўсе свае словы Антось гаварыў з такой пякучай крыўдай і такім вінавачаннем, нібы перад ім сядзеў той самы чалавек, у якога ўсіх забілі і ўсё забралі, а ён трывае.

— І я не ведаю, — сумна і ціха адказаў Антось. — Але я даўно стаў іншаму богу маліцца.

— Якому? — здзівіўся Уладзімір.

Адказаць Антось не паспеў — з дарогі пачуліся шаргатлівыя крокі. Азірнуліся — да стала падыходзіў той самы пастух Міцька.

— Паслаў Бог сёння, хай пашле заўтра, — маючы на ўвазе накрыты стол з кан’яком і закускай, сказаў Міцька, падышоўшы на крок да калінавага куста.

— Можа, хочаш, каб наліў, — без кпіну спытаў Антось.

— Не, дзякуй, я такога не п’ю, смачнае вельмі, — адмахнуўся Міцька і нечакана сцягнуў няёмка з галавы бейсболку, адкрыўшы лысаватую галаву з даўно не стрыжанымі валасамі. — Ты, Фёдаравіч, даруй за мой дурны язык. Ляпаю абы што. А раніцай... Жонка, халера, пахмяліцца не дала, а ўчора ўвечары перабралі трохі ў суседа... справа была. Дык мне гэтак млосна было, прылёг... ну і задрамаў, не дагледзеў. Вінаваты. Антось, не гані маю Анюту, як прыйдзе дзялку прасіць. Ты ж ведаеш: хто хутчэй і лепей за яе робіць? А на заробак мы ж так разлічваем... Капейка добрая, плаціш спраўна... Не гані, а? А я за ячмень той адраблю табе. Як трэба будзе, то клікнеш...

Міцька глядзеў на свае ногі, абутыя ў чорныя гумавыя боты. Вымавіў і як застыгнуў.

— Ты прысядзь, — трохі хрыпата прапанаваў Антось.

— Не, я пайду... Нельга мне, баба чакае, зарэ кінецца шукаць, — Міцька падняў галаву, зірнуў насцярожана, як пабіты сабака на гаспадара, на Антося.

— Добра, ідзі сабе, — крэкнуў Антось. — Будзем лічыць, не было сённяшняга рання. Але слухай, я ж табе даўно прапаноўваў: ідзі да мяне. Сіла і розум ёсць, я сад налета думаю закласці, кусты ягадніку насадзіць. Чаго адмаўляешся?

— Я сваё зямлі аддаў, — ашчэрыўся невясёлай усмешкай Міцька. — Не трэба яно мне. Мне і гэтак добра. А ад дабра дабро шукаць — бяду знайсці.

— Во як? То і я, па-твойму, на бяду набрыду? — выгукнуў Антось. — А ну, кажы праўду.

— Не ведаю я праўды, мне без яе спакайней, — адмахнуўся Міцька, павярнуўся, каб ісці, але прыпыніўся, стаў казаць хутка, з незразумелым выклікам: — Ты ж от нічога не памятаеш, нічога... А бацька твой памятаў. Памятаў, як дзед твой, ягоны бацька, у Аргенціну на заробкі ездзіў, як тыя даляры прывёз. Як зямлю гэтую во купіў. Колькі кустоўя пакарчаваў... Млын прывёз механічны, маслабойку, ваўначоску, крупарушку. На вашым хутары — а тут жа яшчэ дзве сям’і жыло, вазоў стаяла круглы год — як табар цыганскі. І не драў з людзей, са сваіх капейкі браў, а бяднейшыя дык і за так малолі, крупы дралі і воўну часалі. Як сумлення ў каго было, дык адрабляў які дзень. Пабудаваўся твой дзед, во дом цяпер стаіць. А потым... У вайну, от ты скажы, у вайну ўсё ацалела, а пасля вайны — усё забралі. Ну, калгас дык калгас. Бачыў бы ты, як твой дзед плакаў, калі праз месяцы два на той калгасны двор зайшоў: усё, што ў яго забралі, ляжыць разабранае, паржавелае, паламанае. Ні сабе, ні людзям. Стаў крычаць — яго заарышатавалі, праз паўмесяца вярнуўся дый памёр праз тры дні. Ты ведаў пра дзеда?

— Ведаў, — выціснуў з сябе Антось. — Навошта ты мне пераказваеш?

— А каб ты зразумеў, чаго я да цябе не пайду. От мне да пенсіі гадок застаўся, дацягну дый годзе. Нікому ў гэтай краіне зямля шчасця не прынесла. Ты сабе спрабуй. А я шукаць ужо не буду... Ну, бывайце... — Міцька павярнуўся хутка і пайшоў, шкрабучы ботамі ў высокай някошанай траве.

— Вось такая ў іх філасофія, — пасля доўгага маўчання прамовіў Антось. — Яны дзяцей сваіх ад зямлі адрывалі... як і мяне мае. У горад выпраўлялі, адно каб як далей ад зямлі, нібыта адчувалі нейкую бяду ў ёй. Яна ж ні ў чым не вінаватая...

— А хто вінаваты? Ці што? — ціха запытаў Уладзімір.

— Самыя і вінаватыя... Ты звярнуў увагу, як сказаў Міцька? А вось я звярнуў, мне як філолагу, такія адценні мовы выпадковымі не падаюцца. Міцька сказаў: “у гэтай краіне”. Разумееш, не “ў нашай краіне”, не “ў нас”, а “ў гэтай.” Яны тут нарадзіліся і жывуць, яны тут пахавалі сваіх бацькоў, тут нарадзілі сваіх дзяцей. Але сёння, пасля ўсяго не кажуць пра яе “наша”. Значыцца, і не адчуваюць сваёй. Адбылося страшнае, непапраўнае і незваротнае для іх — адбылося адчужэнне чалавека ад ягонай айчыны. І ты пытаешся, чаму ў іх няма будучыні? Ды яны ніхто...

— Ты там пра бога нейкага казаў, якому молішся. Нейкаму іншаму. Што за бог? — згадаў Уладзімір той момант, які перапыніў быў сваім прыходам Міцька.

— А, пра бога... — нехаця ўспомніў Антось. — Пісьменнік адзін сказаў, што ў нас Бог жыве, чуў такое? От, як падхапілі, носяцца дагэтуль, як дурны з дзвярыма. Раней думаў, што збрахаў пісьменнік. Як кажуць, прыгожая гіпербала. А потым уважлівей паглядзеў. Не, не збрахаў, не дзеля прыгожых слоў казаў. І праўда, жыве ў нас Хрыстос. Разумееш, чаму?

— Не, — заінтрыгаваўся Уладзімір. — Ты нешта так сумна кажаш... Што жыве — дрэнна?

— Дрэнна... І пісьменнік той, думаю, разумеў, што дрэнна. Хрыстос чаму вучыў? Рознаму вучыў. А нашыя людзі толькі частку ягонай навукі для сябе ўзялі, і не для жыцця, а дзеля выжывання. От часткай і карыстаюцца: трываць — вось іх галоўны закон. “Бог цярпеў і нам вялеў”. Чуў такое?

— Чуў, — крыху расчараваўся Уладзімір. — Але ж народ, у сэрцы якога жыве Бог, не вымра...

— От, дурны ты хлопец, хоць і разумны, — з сумам паківаў галавой Антось. — Які там Бог у сэрцах? Яны ж паганцы ў душы. Баба будзе ў царкву ісці, а кот чорны дарогу пяройдзе — пачне баба плявацца на ўсе чатыры бакі... Слухай, вось якая розніца паміж богам габрэяў, тым, старазапаветным, і Хрыстом? Добра, сам скажу. Старазапаветны бог габрэяў казаў сваім людзям: слухайце мяне, выконвайце законы і будзе вам... што? Што абяцаў бог габрэям?

— Ну... рознае абяцаў, — паціснуў плячыма Уладзімір.

— Ну, ты падумай — гэта сур’ёзна, лепей сам дайдзі да гэтага, а я пакуль што чайнік электрычны сюды прынясу, тут разетка ёсць, пап’ем, хто што захоча.

Уладзімір і праўда задумаўся, успамінаючы прачытанае ў Бібліі. Калі Антось прынёс і ўвамкнуў чайнік, наліў па трошкі ў чаркі, Уладзімір сказаў:

— Падумаў. Бог габрэяў даваў ім добры ўраджай, павялічваў колькасць статкаў, насылаў беды на іх ворагаў.

— Вось, Валодзька, у гэтым і існасць. А Хрыстос прыйшоў да нас, пасяліўся тут і кажа: ат, кіньце вы дбаць пра зямное, людзі! На тым свеце будзе вам царства. Галоўнае: падстаўце левую шчаку, як дадуць па правай, здыміце апошнюю кашулю, калі судзяць вас. І трывайце, трывайце, трывайце. Так?

— Ну так, — мусіў згадзіцца Уладзімір.

— Мне сёння не трэба такі Бог, як Хрыстос. Пазней. Праз пакаленняў пяць-дзесяць, калі навучацца нашы людзі быць сабой. Калі зразумеюць, што закон “вока за вока” перш трэба навучыцца выконваць так, як ён даецца ў Старым Запавеце, а потым ужо — у Новым. Калі навучацца бараніць сябе, сваіх родных, годнасць сваю і сваю веру. Зарана да нас Хрыстос прыйшоў.

— І што цяпер? Якому богу маліцца?

— Цяпер? — Антось задумаўся. — Цяпер вып'ем. Але чакай, запалім святло.

Антось прыўзняўся, проста крутнуў лямпачку ў патроне. Яна бліснула не надта зыркім святлом, але прыцемкі вакол у адзін момант згусціліся. Ва Уладзіміра ўзнікла адчуванне, што іхная размова пра блізкае і зразумелае пяць хвілін таму стала бессэнсавай — бо навакольны свет нібыта знік. Навошта, дзеля чаго перажываць, калі ўсё тое бясконца далёка, калі яны тут адны, сапраўды ж — адны на цэлым свеце.

— Вось, хай свеціць нам лямпачка, — прысеў Антось на месца, прыўзняў чарку: — За тое, каб пакаяліся.

Выпілі, і Уладзімір спытаў, як пра нешта нязначнае, бо яму і праўда іх гаворка пачала нагадваць разважанні над старымі казкамі:

— Не зразумеў. Ты кажаш пра Хрыста, што не ў час прыйшоў, але ж менавіта Хрыстос патрабуе каяты. Ці ў нечым іншым нам трэба каяцца?

— У іншым, вядома, — задуменна прагаварыў Антось. — У іншым... Найвялікшы грэх нашага чалавека — у ягонай абыякавасці. У гатовасці ўсё дараваць, абы толькі “вайны не было”. Абы выжыць. Вось у чым грэх. І так пакаяцца, каб назаўтра чалавекам сябе адчуць. Каб ніколі больш не грашыць: не заставацца наўзбоч, не трываць, не дазваляць гвалту ні з сябе, ні з блізкіх. Вось якое каянне трэба. Супольнае.

— Дык гэта нечым да крэўнай помсты падобна, — асцярожна ўставіў Уладзімір. — Як у горцаў...

— Вось пра горцаў і падумай, — нечакана горача выгукнуў Антось. — Ведаў я іх нямала. Не ў помсце рэч, а ў тым, што не даруюць яны ніколі ганьбы і гвалту ні з сябе, ні з чаго свайго. Разумееш? Яны не помсцяць — яны адэкватна адказваюць. І іх паважаюць. Іх нават баяцца — такія, як мы, да прыкладу, бо мы паважаць сябе і сваё не ўмеем.

— Мо такі менталітэт нацыі? Кажуць жа...

— Які к чорту менталітэт? — ускінуўся Антось. — Ты герб Пагоню ведаеш?

— Ну ведаю, — крыху зніякавеў Уладзімір ад Антосявай гарачнасці.

— А сэнс герба? Пагоня — значыць, пагоня. Значыць, калі ў цябе нешта забралі, укралі, то на каня — і дагані, вярні, пакарай злодзеяў! Вось які сэнс быў у нашых продкаў. А тут сталі жыць паводле прынцыпаў: забралі палову, дык пакланіся, дагані іх і аддай яшчэ палову ад таго, што пакінулі. Думаеш, на тым самым рэферэндуме, калі герб і сцяг змянілі, не разумелі гэтага? Пагоня ж недзе на роўні падсвядомасці вымагала чалавека быць годным, ёй трэба было адпавядаць, да яе сэнсу трэба было расці, душой цягнуцца і розумам. А навошта? Нас жа не б’юць — і добра. Адабралі ў бабы спадніцу? А мы во мех разрэжам — будзе апранаха. З цябе нагавіцы сцягнулі — яшчэ мех знойдзецца. Згвалцілі жонку? Дык жа не забілі, не змыліцца. Вось чаму выракліся Пагоні. Спалохаліся. Нацыя недарэкаў, гультаёў і баязліўцаў... Ведаеш, Валодзька, я іншым разам іх ненавіджу — вось гэтых людзей нашых, вяскоўцаў. Але потым падумаю, астыгну. Яны мараць пра Царства Нябеснае. Будуць там сядзець на аблачынах, піць-есці амброзію, нічога не рабіць, адно атрымваць задавальненне. Таму іх тут нічога не хвалюе. Векавыя дубровы высякаюцца, рэчкі плытчэюць, крыніцы высыхаюць, птушкі знікаюць, звяры ўцякаюць — няхай. Ім жа Хрыстос, які тут жыве, сказаў: не рупцеся пра зямное. Вунь, птушкі нічога не маюць, не жнуць, не сеюць, жывуць, чаго Бог пашле... Эх, Валодзька, калі б перада мной Хрыстос пра птушак так сказаў, я яму адказаў бы. Ведаеш, што б адказаў?

— І што? — зацікавіўся Уладзімір.

— А я яму сказаў бы: Хрыстос, ты сляпы ці хочаш, каб я невідушчым быў? Ці ж ты не бачыш, што птушка ад нараджэння свайго да скону ў працы і працы? Зірні, як ластаўка па каліве носіць зямлю і сваёй слінай мацуе гняздо, як верабейчык па травінцы, па валаску збірае на ўтульнае гняздзечка, а колькі сучча ды вецця пераносіць бусел, каб змайстраваць седала? І яны не думаюць пра дзень заўтрашні? Яны жывуць, чым Бог пашле? Яны чакаюць манны нябеснай? А як дзеці народзяцца, птушкі спачыну не ведаюць цэлы дзень... Няма нікога ў прыродзе, хто быў бы такім лайдаком, як чалавек. Вось што я Хрысту адказаў бы...

— Думаю, ён бы з табой не пагадзіўся,— усміхнуўся Уладзімір.

— А мне яго згода і не трэба была б, — усміхнуўся і Антось. — Я адно б яго папрасіў: ідзі, Хрыстос, пажыві пакуль што ў іншым месцы, не чапай нас, дай ты нам навучыцца жыць годна. А потым ужо прыходзь, навучай. Бо не людзей ты атрымаеш, а сапраўдных рабоў, — скончыў ён з уздыхам.

Цемра вакол згусцілася да чарнаты, адтуль выпырхвалі вялікія і малыя мятлікі, кружлялі над лямпачкай. Стукаліся ў гарачае шкло, зноў кружлялі, стукаліся...

— Ведаеш, чаго мятлікі сюды ляцяць? — узняў вочы на лямпачку Антось.

— Ведаю, — кіўнуў Уладзімір. — Страта арыентацыі. Яны лятуць звычайна, карыстаючыся месяцовым святлом, іх палёт доўгі і роўны. А тутака во лямпачка блізка. От і лятуць па спіралі, і ўрэшце стукаюцца ў яе.

— Малайчына. Вось і мы так, — упэўнена выказаў Антось думку. — Нам замест сапраўднага святла гэтулькі разоў падробку падсоўвалі — а мы беглі на тое нібыта святло, стукаліся лбамі. Галовы ў крыві, рукі ў гразі — але ж наперад, вунь яшчэ крок — і сонца заззяе. А замест сонца зноў — лямпачка Ілліча...

У недалёкай рэчцы даўно спяваў жабін хор — на ўсе лады. Недзе далёка ў лузе раптам заскрыпеў драч, і ягоны голас нібы абудзіў Уладзіміра, прымусіў думаць пра іншае.

— Ведаеш, Антось, я драча апошні раз чуў гадоў пяць таму, ці болей. З дзяўчынай адной заседзеўся позна, і пачуў. Так усцешыўся быў — у нас жа ўсе лугі акультурылі, не засталося птушкам месца. У маленстве так любіў слухаць, засынаў пад ягоны скрып. І вось у цябе яго чуваць...

— Ага, толькі другі год спявае. Дагэтуль таксама не чутно было... А чаму ты нежанаты?

— Ды, так атрымалася... Не шанцавала на дзевак. Клікала ў прымы адна, але ж... не магу проста пайсці і жыць. Каханне хоць нейкае, мабыць, трэба. Ды я яшчэ малады...

— Так, ты яшчэ малады...

— Слухай, Антось, а ты сам чаго адзін? Ты чытаў так шмат, ведаеш усяго... Адкуль гэта? У Сібіры — мне дзед казаў, што ты там быў — кніжкі хіба чытаюць?

— Ат, — адмахнуўся Антось, потым задумаўся, падпёр рукой бараду, нахіліўся над сталом. — У Сібіры якраз і можна чытаць кніжкі. Бо пасля змены якія справы? У карты гуляць? Гуляў, але ж і чытаў... Пакідала мяне жыццё, рознае было. І плытагонам працаваў, і з геолагамі ў экспедыцыі хадзіў, і на нафтавых буравых быў. Чаго шукаў? А хто яго ведае. Можа, сябе шукаў. Я ж інстытут быў скончыў, філолаг, настаўнік мовы і літаратуры. Была ў мяне дзяўчына, на год маладзейшая, таксама ў інстытуце навучалася. Сябравалі мы моцна, здавалася, нішто нас не разлучыць. Думалі, паедзем разам вось у такую вёску, бо размеркаванне ў нас было толькі па вёсках, у гарады месцы ўсе пазабівалі сынкі розныя ды дзеўкі з добрым перадком. Ды пасварыліся. Праз дробязь пасварыліся, як на сённяшні розум. А тады — крыўда была. Глухая і балючая. Я паехаў адзін. Можа, што б і змянілася, каб не пачуў, што яна раптам стала сустракацца з нейкім... Адпрасіўся ў аддзеле адукацыі, усё адно ставала тады настаўнікаў мовы. І паехаў у Сібір. А Сібір — яна такая. У ёй дакладна Хрыстос не жыве. Там не проста воўчыя законы. Там законы нечалавечыя. Гэта як тэорыя Дарвіна пра эвалюцыю. Дужэйшыя выжываюць, якасці, якія дапамагаюць выжываць, робяцца дамінантнымі. Я зубы сцяў, загадаў сам сабе: выжыві, прайдзі праз усё. І не з’язджай нікуды, пакуль дакладна не набудзеш тыя якасці для выжывання. А ведаеш, якая найгалоўнейшая якасць там, дый тут? — раптам запытаў Антось, зірнуў на чайнік, які гучна забулькатаў і вымкнуўся. — Што піць будзеш? Каву на ноч?

— А мне без розніцы — ноч ці дзень. Як стамлюся, то сплю добра. Каву. — усміхнуўся Уладзімір. — Дык якая якасць галоўная?

— Налівай сам колькі трэба... Годнасць, — цвёрда адказаў Антось і нават указальны палец выставіў угару. — Калі зможаш годна трымацца ўва ўсякіх абставінах — выжывеш. Бо такіх, як ты, будуць паважаць. Табе будуць верыць. На цябе будуць спадзявацца. Цябе проста будуць уважаць за чалавека. І будуць хоць крышку, ды шанаваць мацнейшыя за цябе. От, разумееш, якая цікавая штука выходзіць. Там — умовы не для людзей, правілы жыцця — нечалавечыя. Але калі ты чалавекам і ў такіх умовах застаешся — табе павага. Я думаў, чаму так? А потым зразумеў. Апошнія бандыты не хацелі ператварыцца ў звяроў, страчваць дарэшты сваё чалавечае аблічча. Таму ім так важна было бачыць перад сабой вось такога — годнага чалавека. Ім важна было мець нешта сапраўднае, што не збрэша, не прадасць... Дык вось, Валодзька, годны — не цярплівы.

— Ды я ведаю... — згадзіўся Уладзімір, спытаў пра іншае: — А чаму ты вярнуўся? Адчыніў бы якую фірму ў Расіі. Навучыўся ж зарабляць грошы...

— Пакуль бацькі жывыя былі, дык неяк і не цягнула сюды, — прызнаўся Антось. — А потым прыехаў і зразумеў: як надарыцца што, у мяне ж няма месца на гэтай зямлі, апрача бацькоўскай хаты. Усё чужое. І офіс у мяне быў, і супрацоўнікі, і бізнес невялікі. Прадаў усё. Не, не шкадую ні кроплі. Ведаеш, Валодзька, калі пачаў сам за сябе адказваць, лягчэй мне стала. Неяк прасцей.

— Так і не ажаніўся?

— Не, не ажаніўся. У Сібіры былі жанчыны, там жанчыне без сталага мужчыны немажліва, па руках пойдзе і загіне. І ў мяне былі... часовыя. За жанчыну адказваць трэба, цалкам. Як за сябе. Там я мог адказваць. А вось тут — не, не стану. Бо адчуваю, казаў табе: нічога ў мяне не выйдзе, некалі марна ўсё пойдзе, — без скрухі скончыў Антось, усміхнуўся невясёла, прапанаваў: — Давай яшчэ па адной ды пойдзем спаць. Я прызвычаіўся рана ўставаць, трэба каб галава была нецяжкая. Едзем у горад?

— Ага, едзем, — згадзіўся Уладзімір. — Зладжу там справы, зазірну на кватэру да бабулькі, ці ўсё ў парадку... Вось ты кажаш, што нічога не выйдзе ў цябе, што ўсё дарэмна — і робіш. Хоць ты і казаў пра прычыны, мне ўсё адно незразумела... Я не змог бы так...

— Ды я і не хачу, каб ты мог. І прапанова мая да цябе — больш для цябе самога. Калі не вызначыўся пакуль што з месцам, дык папрацуй у мяне. Але прывязваць цябе надоўга не хачу. Нікога не хачу. Таму і з садам не спяшаюся, таму і скаціны не трымаю, каб работнікаў не наймаць. Разумею: прыкіпіць чалавек душой да справы, надта ж балюча будзе адрывацца. І пагатоў не хачу, каб жанчына якая тут была.

— Ды як жа мужчыне зусім без жанчыны? — вырвалася ў Уладзіміра.

— Горад ёсць, — адмахнуўся Антось. — Раз на тыдзень можна пасядзець у якой рэстарацыі, там усё знойдзецца. Машына вялікая... Ідзем?

— Ага, зараз, пакуру яшчэ, — адказаў Уладзімір. — Слухай, а не страшна табе тут аднаму? Ну, вяскоўцы вяскоўцамі, гэта адно, дзяржава таксама. А бандыты розныя? Іх хіба няма?

— Іх меней за ўсё баюся, — рагатнуў Антось. — На іх у мяне пушка ёсць.

— Сапраўдная? — акругліў вочы Уладзімір.

— Ну, не цацачны ж, сапраўдны пісталет.

— Дык...

— Вось табе і дык-індык. Некалі даўно, разумны амерыканец, партрэт якога на далярах сёння, Франклін, расказваў сваім амерыканцам анекдот: што такое дэмакратыя і што такое свабода. Калі два ваўкі і адна авечка галасуюць за тое, што будуць есці на вячэру, гэта — дэмакратыя. А свабода — калі ўзброеная авечка апратэстоўвае вынікі галасавання. Разумееш? Калі чалавек не мае права і мажлівасці ў кожны момант абараніць сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх — ніякай свабоды насамрэч у яго няма, — скончыў Антось сцішана, махнуў рукой, нібыта адганяў свае думкі, якія яшчэ роіліся ў галаве і прасіліся ў словы: — Кінем пра дурное. Пакуры сабе. Нічога не прыбірай — птушкі прылятуць, падзяўбуць. Тут вавёрка іншы раз скача, бачыў.

Ён падняўся з-за стала, крэкнуў, выпрастаўшы спіну, пайшоў да хаты.

Уладзімір сядзеў, курыў. Жабін “канцэрт” змоўк, было ціха. Драч недзе ў цёмным лузе раз-пораз падаваў свой голас, як бы падкрэсліваючы цішыню наваколля, ды пырхалі вакол лямпачкі мятлікі. На душы ў Уладзіміра было і спакойна, і разам сумна. Пачуццё, якое ад полудня даганяла Уладзіміра, урэшце сфармавалася ў пэўнае перакананне: як жа тут не стае жанчыны! Як недарэчна: быць ім двум, здаровым мужчынам, сярод такога хараства і ўтульнасці, займацца справай, недалёка ад людзей, але заставацца самотнымі і разам, і кожнаму паасобку. Тут бачылася незразумелая пакуль што штучнасць, несапраўднасць. І вось цяпер Уладзімір зразумеў Антосяў настрой наконт ягонай будучыні: так, хутар са сваім гаспадаром выглядаў чужым і непатрэбным у існай сістэме дачыненняў і каштоўнасцяў.

Старанна патушыў на сподачку недакурак, узняўся і асцярожна, каб не апячыся, крутануў гарачую лямпачку. Цемень, якая аж выцяла па вачох, нібыта падвяла рысу пад ягонымі думкамі: вось і гаёчак, і хутар, і думкі, і памкненні могуць заўтра знікнуць беззваротна, як знікла святло лямпачкі. І ўсё зноў стане аднолькавым.


6

На ноч Надзея не вярнулася: Алесь, падумаўшы, не стаў і тэлефанаваць: на лецішчы, куды паехала сястра да сваёй сяброўкі, сувязь была не вельмі добрая. Калі яна сама не тэлефануе, мабыць, занятая. Яна не першы раз выпраўлялася туды — дапамагала з градамі, за што сяброўка аддзячвала гароднінай. І нанач, бывала, заставаліся: на лецішчы ёсць маленькі, але ўтульны дамок, электрычнасць. Часам там збіралася цэлая кампанія жанчын, настаўніц: далей ад дзяцей і іхных бацькоў яны маглі сабе дазволіць тыя радасці, якія настаўніку даводзіцца хаваць.

Назаўтра Алесь вярнуўся з універсітэта да поўдня — узяў работу з сабой.

Сястры дома не было. Ну так, яна сёння мусіць быць у школе. У яе працоўны дзень. Значыцца, з лецішча раніцай і паехалі...

У кватэры было трохі вусцішна. Нечакана ціха. Нават на двары не чуваць гоману, хіба што машыны.

Дзіўна трохі, лета ж, канікулы пачаліся, але двор між трыма шматпавярховікамі быў амаль пусты. На дзіва бязлюдны і сцішаны. Нейкі замёрлы.

“От жа, загулялася, а паесці нічога няма”, — падумаў Алесь пра Надзею без асаблівай крыўды, і, пакуль што адклаўшы ўбок свае паперы, паставіў грэцца ваду: нічога не заставалася як варыць пельмені. Добра, што іх запас у маразільні быў заўжды.

Усё ж набраў Надзею. Механічны голас паведаміў, што “абанент знаходзіцца па-за межамі дзеяння сеткі”. Мабыць, разрадзілася батарэя, а зараднага з сабой не ўзяла.

Хацеў выйсці пакурыць на балкон.

Праходзячы праз вітальню, пачуў ціхае шкрабанне жалеза аб жалеза — нехта з пляцоўкі калідора спрабаваў патрапіць ключом у замочную шчыліну.

Па ўсім целе імкліва пабеглі дрыжыкі, Алесь застыў, разгублены: што цяпер рабіць? У ягоную кватэру нехта хоча залезці. Нехта чужы, відавочна ж, падбірае ключы.

Што рабіць?

Алесь нібыта збоку пабачыў сябе: голы па пояс (было горача), у адных спартовых нагавіцах, у шкарпэтках. У руках — нічога, і ён не паспее ў іх хоць нешта ўзяць, дый няма тут чаго ўзяць у рукі, малаток і той недзе ў каморы. Нож? Алесь павярнуўся і асцярожна пераставіў нагу ў бок кухні, пільна прыслухоўваючыся да дзвярэй. Ці паспее? Хоць малаток, якім Надзея адбівае мяса.

Замок у цішыні кватэры суха і гучна пстрыкнуў раз, потым другі. Ручка павольна пайшла ўніз.

Алесь замёр.

Дзверы расчыніліся.

Менш за ўсё Алесь чакаў убачыць сястру. Хоць гэта здавалася б зусім лагічным вось цяпер, удзень, сястра прыйшла палуднаваць. Але яна ніколі вось так, цішком, не адмыкала замка, таму нават думкі не мільганула, што за дзвярыма — Надзея.

Яна стаяла ў пройме дзвярэй, а агіднае адчуванне бяды ўсмоктвала Алеся ўсяго цалкам: ён раптам зразумеў, што з сястрой здарылася нешта страшнае, непапраўнае, страшнейшае за смерць мужа, маці, за бацькаву няпамяць. Бо такой Надзея ніколі не была.

Пакамечаная, у брудных плямах, салатавая спадніца і белая блюзка, раскудлачаныя і дрэнна прычасаныя валасы, цёмная пляма на назе — след ад удару, няйначай — ад калена левай нагі цягнулася вышэй, пад спадніцу. Усё гэта сведчыла пра гвалт над ёй. Але самым страшным быў Надзеін пагляд: яна глядзела на Алеся і быццам не бачыла яго. Мільганула недарэчная думка: Надзея п’яная. Але адразу знікла — на шэрым, нечакана маршчыністым твары застыла грымаса перажытага шоку. У вачох быў не проста боль — там быў жах.

Першы раз за сваё жыццё Алесь адчуў такі востры жаль да сястры. І разам з жалем — сваю асабістую бездапаможнасць і нікчэмнасць, бо Надзеін пагляд сведчыў пра тое, што ўжо нічога не змяніць. Раней бяда прыходзіла да іх дваіх, яны дзялілі яе разам, цяпер жа нешта невядомае праклала між братам і сястрой мяжу: сястра стаяла па той бок, дзе была яшчэ невядомая яму, Алесю, жудасць, а сам ён — тут, дзе цішыня кватэры, дзе зараз забулькоча вада ў рондлі, пакліча кінуць туды пельмені.

— Абцас... адзін паламаўся, дык я другі адламала сама, — безуважна да ўсяго прагаварыла першыя словы Надзея, ступіўшы крок у вітальню, і Алесь зразумеў, чаму яшчэ так балюча яму было глядзець на сястру: яна стала меншая ростам, ён не бачыў яе такой вось у гэтых дзвярах.

Голас у яе быў сухі, без усялякіх эмоцый — яна проста канстатавала факт: вось, туфлі засталіся без абцасаў. Гэта было невыносна, і Алесь спытаў ціха, як мог спакойна і спагадліва:

— Што... здарылася, Надзея?

— Не пужайся, мяне не гвалцілі, — адказала Надзея, абсунулася на пуфік у вітальні, выцягнула асцярожна ногі, адкрыўшы іх вышэй за калені, і Алесь пабачыў яшчэ адзін сінявата-барвовы пісяг. Надзея прыціснулася патыліцай да сцяны, заплюшчыла вочы. — Хоць, можа, было б і лепш... Торбачка каля дзвярэй, вазьмі... У цябе ёсць грошы? Трэба заплаціць... Амаль мільён. Я была ў турме. Мяне судзілі...

Неверагодна, але словы сястры выклікалі ў Алеся палёгку. Суд — не гвалт, дзякуй Богу, што так. Ён выйшаў на пляцоўку, падняў з падлогі Надзеіну торбачку, выцягнуў ключ з замка. Зайшоў і зачыніў дзверы на засаўку. Уяўленне ліхаманкава малявала карціны таго, што магло адбыцца з сястрой. Хутчэй за ўсё, жанчыны трохі перабралі на лецішчы, можа, паехалі ў горад, дзе разышліся ў якой кавярні. Што ж, прыкрасць такую можна перажыць. Але сінякі адкуль? Што яны, біліся з кім? З міліцыянтамі?

Алесь зірнуў на Надзею, і сэрца сціснулася: яна плакала. Па твары цяклі слёзы, не па адной скочваліся, а жывымі струменьчыкі блішчалі на шчоках, беглі далей па шыі, па грудзях. Алесь першы раз бачыў сваю дарослую сястру, якая плакала.

— Ой, мамачка мая родная, за што ж мне такое!?

Алесь фізічна ўздрыгнуў ад поўнага болю стогну-галашэння, тая невялічкая палёгка, якая з’явілася, раптам знікла. Бяда, вялікая бяда здарылася з сястрой. Што рабіць? Што цяпер рабіць? Супакоіць як?

Кінуўся да сябе ў пакой, у сакратэры схапіў пачатую пляшку каньяку.

— Зараз, Надзейка...

Рукі дрыжэлі, але наліў кілішак, не разліўшы напою на падлогу, паспяшаў да сястры: кілішак у адной руцэ, пляшка ў другой.

— На, выпі... Выпі крышку, супакоішся...

Сястра не адмовілася, расплюшчыла заплаканыя вочы, усё павольна выпіла, нібы ваду.

— Яшчэ выпі.

Надзея кіўнула ледзь, прытрымала кілішак, пакуль Алесь налье.

Адпіла палову, выдыхнула:

— Ой, мамулечка мая... Алесік, нешта булькоча на кухні...

— Там... вада... пельмені... варыць.

— Не хачу есці. Божа, як гідка ўсё... Пусці ваду, няхай наліваецца ў ванну. Я такая брудная, аж самой да сябе дакранацца брыдка... Не буду ў пакой заходзіць... у ніжняй шуфлядзе камоды... ты ўжо прабач, вазьмі там мне... майткі і ручнік вялікі. Халат мой на канапе. Потым... Я раскажу... Не пужайся, усё мінула... горш ужо не будзе. Дапраўды не будзе.

— Добра, я зараз...

Алесь кінуўся ў лазенку, пусціў ваду. Потым на кухню, перакрыў газ. У Надзеін пакой, схапіў яе халат, з лёгкім пачуццём сарамлівасці, якое нават тут выявілася, пратачылася з глыбінь выхаванасці — ніколі не зазіраць у жаночыя рэчы, схапіў тое, што ляжала зверху, ручнік... Нейкія простыя дзеянні яму цяпер былі так патрэбныя: ён мусіў хоць нешта рабіць, каб выправіць, вярнуць у былое рэчышча іхняе жыццё.

І яшчэ прыгнятала ўзніклая вінаватасць: ён жа мужчына, ён мусіў бараніць сястру. А разам з вінаватасцю кволілася асцярожная прыкрасць: ну што яны там такое ўчынілі, што скончылася так балюча?

Надзея стаяла ў ванне, скінуўшы брудныя, запыленыя туфлі з адламанымі абцасамі ля парога. Яна моўчкі ўзяла пададзенае Алесем. Глядзела на сябе ў люстэрка.

— Ты не любіш, ведаю, — ціха сказала яна, не паварочваючыся да брата. — Зайдзі на які апазіцыйны сайт, паглядзі. Учора, ля вакзала... была акцыя. Сярод тых, каго пахапалі, была і я. Потым... Ідзі.

Чаго яна туды пайшла?! Чаго? Ён жа колькі разоў казаў: не лезь у палітыку! Ты — настаўніца, ты мусіш быць па-за палітычнай бруднай гульнёй. Як і сам ён, навуковец. Нічога не вызначаецца на плошчах...

Але запусціў кампутар, у думках падганяючы запаволенае гружэнне сістэмы. Ён ведаў (пераказвалі), што ўжо двойчы былі гэтак званыя маўклівыя акцыі. У асноўным моладзь. Выходзяць на плошчу і стаяць паўгадзіны. Проста стаяць, без лозунгаў і крыкаў, без плакатаў. Ідэя акцыі, казалі, нарадзілася ў сеціве: як пратэст супраць кіраўніцтва краінай.

Алесь не раз і не два выказваў свае думкі наконт існага стану рэчаў у грамадстве. На кафедры, дома. Ён не баяўся, бо лічыў нармальным мажлівасць для кожнага выказаць тое, што думае. Яго не здавальняла шмат чаго, шмат чаго абурала, злавала, выводзіла з сябе, наганяла нуду і яшчэ часцей — абыякавасць да поўнай спустошанасці, калі мажлівым і разумным бачылася адзінае: на ўсё махнуць рукой. На краіну, на народ, які не хоча нічога ні ведаць, ні помніць, ні шанаваць. Алё ён штораз супакойваўся і працаваў аддана як мог, бо з усяго стваральнага ён мог прызнаць толькі працу. Элементарную стваральную працу, якая хай пакрысе, хай па ледзь-ледзь, але дае вынікі. І хай тыя вынікі будуць запатрабаваныя праз гады — галоўнае, каб у час запатрабаванасці новаму было на што абаперціся. Але Алесь быў супраць усякіх дзеянняў, якія маглі быць працягам слоў пратэсту. Пратэст нічога не можа даць, апрача пратэсту. Усякі пратэст — рэвалюцыя, а рэвалюцыйнае змяненне свядомасці заўсёды прыводзіла да яшчэ большай бяды і большай крыві. І таму ў нейкай меры Алесь быў на баку ўлады, якая рэагавала на пратэсты па-ўладнаму: арыштамі і штрафамі. Гульня, думаў Алесь. Адрэналіну хочацца абодвум баком...

Ён і праўда ніколі не завісаў на апазіцыйных сайтах. Яму іншы раз пераказвалі навіны, так. Але сам не імкнуўся там бываць. Яго раздражняла адкрытая варожасць людзей да ўлады, шчырая нянавісць. Гэтак не павінна быць, лічыў Алесь. Нянавісць не можа быць стваральнай.

Адкрыўся сайт.

Алесь замёр ад неспадзяванага: на фотаздымку двое амапаўцаў і яшчэ адзін у цывільным валаклі — так, проста валаклі, маладую жанчыну. Дужыя дзецюкі ў форме заціснулі пад пахамі высока аголеныя дзяўчыніны ногі, ззаду дзяцюк з рабаціністым тварам прытрымваў цела за руку, а то б галава цягнулася па ходніку. Аднак доўгія русявыя валасы ўсё адно падмяталі шэрыя і чырвоныя пліткі, вольнай рукой яна як спрабавала схапіцца за іх, утрымацца.

Яны цягнулі дзяўчыну нагамі ўперад.

Толькі адзін гэты факт выбухнуў такім нутраным пратэстам, што Лобач задыхаў часта і глыбока. Каму яшчэ, як не яму, ведаць: што значыць — нагамі наперад. Ніколі жывое нельга так несці.

На здымку была не Надзея, жанчына была ў кароткай чорнай спадніцы і белым гольфе.

Але... Надзею ж, відаць, цягнулі так сама... Не маладую п’яную смаркачку, а настаўніцу, класнага кіраўніка выпускнога класа, інтэлігентку — вось так цягнулі?!

За што? Што там такога магла зрабіць Надзея? Проста быць у той момант на тым месцы. Неверагодна! Як жа можна, вось так — хапаць? Яна казала, што яе судзілі і аштрафавалі... Дык што суд? Няўжо там суддзі не бачаць, хто перад імі: заўзяты апазіцыянер ці проста выпадковы чалавек?

Як так можна? Мы ж цывілізаваная краіна...

Здымкі мяняліся адзін за адным. Алесь пераходзіў з сайта на сайт, пстрыкаў і пстрыкаў... Было невыносна балюча ўсведамляць, што дзікунскі гвалт сапраўды быў. І не недзе далёка — тут, у яго горадзе. Раней усё, што адбывалася на палітычнай арэне, здавалася далёкім, але цяпер адбылося так блізка, што прыйшло ў ягоную сям'ю. І таму здымкі — усе, што ні бачыў Алесь, сталі нібыта ягонай сямейнай хронікай. Тое, што раней падавалася амаль віртуальным, ураз напоўнілася рэальнымі, сапраўднымі пачуццямі болю, сораму і нянавісці.

Частка Лобачавай свядомасці, якая заўсёды бараніла душу ад вонкавага зла і чужой бяды, ад лішняга хвалявання, ад непатрэбных перажыванняў, скуголіла цяпер тонкім голасам: кінь, не глядзі, пашкадуй свае нервы, што табе да таго? Яму трэба было ўстаць і ісці, а хоць бы варыць тыя чортавы пельмені. Але Лобачу важна было пабачыць усё, разгледзець кожны здымак. Ён зразумеў, што шукае Надзею. Нешта спрадвечна мужчынскае абудзілася ў ім у гэтыя хвіліны, і ён шукаў, хацеў пабачыць твары тых, хто хапаў, хто цягнуў самага дарагога для яго чалавека на зямлі, адзіна блізкага — ягоную сястру. Навошта шукаў? Так, каб ведаць. Каб пабачыць: што на тых тварах.

Алесь сядзеў перад маніторам і фізічна адчуваў, як тыя электрамагнітныя хвалі, што стваралі малюнкі на маніторы, траплялі ў грудзі, насычалі нутро такой роспаччу, якой дагэтуль не даводзілася адчуваць ніколі.

Лобач устаў з-за кампутара спустошаны, проста ніякі. Было адчуванне, што раптам у свеце ўсё змянілася. Абрынулася тое галоўнае, што падавалася вечным, на чым трымалася сама каштоўнасць чалавечага жыцця, самога чалавека.

Ля пуфіка ён падняў пляшку з кілішкам, прайшоў на кухню, лінуў у кілішак каньяку, потым, перадумаўшы, пашукаў вачыма які іншы посуд, узяў кубак для гарбаты. Піць каньяк з кубка было нязручна, вадкасць нечакана выцякала з куточкаў вуснаў, але Лобач глытаў, не адрываючыся, пякучы напой.

Сеў, закурыў тутака ж — на балкон цяпер ён не мог выйсці: там быў горад. Горад, у якім мажліва такое.

Надзея выйшла з лазенкі басанож, у халаце, з завязаным на галаве ручніком. Такая звычайная, такая мірная карціна, што раптам падалося: а можа, і не было нічога? Але Надзея павярнулася, і Алесь пабачыў яе вочы ў цёмным паўкружжы. Там, у вітальні, кругі пад вачыма амаль не заўважаліся...

— Налі мне крышку... Трэба было б валяр’янкі выпіць, але што ўжо... Не ведаю, як змагу заснуць. Напіцца трэба. Вочы заплюшчу — і ўсё стаіць...

Надзея села пры стале, на канапку, адкінулася на невысокую спінку, зноў прыціснулася патыліцай да сцяны.

— Ведаеш, вось дапамагае стаяць, роспач крыху спадае, калі патыліцай да халоднай сцяны прыціснуцца, ці хоць да чаго цвёрдага. Розум быццам святлее, нібыта знаходзіць хоць нешта цвёрдае пад сабой... Адна дзяўчына ў камеры падказала... Нас у камеры было... не ведаю колькі. Паляжаць удалося толькі двойчы, па паўгадзіны. Адчыні акно і дай мне цыгарэту...

Алесь паслухмяна выканаў просьбы сястры, хоць ведаў, што курыць яна кінула гады з тры таму.

Сюды, на пяты паверх, вулічны шум амаль не далятаў. Дый не было яго, Лобач жа бачыў іх пусты двор.

Надзея выпіла, закурыла.

— Бачыў здымкі?

— Бачыў. Цябе не заўважыў нідзе.

— Ну і добра... Сорамна так — не ўяўляеш.

Яна асцярожна зацягвалася, потым патушыла амаль цэлую цыгарэту ў попельніцы. Зноў уперлася патыліцай у сцяну.

— Такі вось звычайны, цёплы вечар. Выйшла з вакзала, перайшла праз плошчу. Неяк так, мімаходзь, падумала: нешта тут людзей сёння шмат, глядзі, які цёплы вечар, засумавалі людзі за сонцам, ці што... Іду няспешнай хадой, не гляджу на бакі, і тут двое мужчын маладых, у цывільным, наперадзе мяне хапаюць за рукі хлопца, гадоў васямнаццаці. Той з дзяўчынай ішоў. Ён выдзіраецца, яна спрабуе адапхнуць тых мужчын. Падскоквае трэці, заломвае ёй рукі. Яна крычыць памагчы. От уяўляеш: цёплы спакойны вечар — і такое, раптам, перад тваімі вачыма. Я кінулася да іх: што вы робіце, пусціце! Бо разумею: гопнікі, напалі самыя звычайныя гопнікі. Адно што твары сытыя, самыя рослыя, дужыя. Пачынаецца валтузня, неяк хутка ўсё, нічога не паспела зразумець, як раптоўны боль у назе — і я падаю на ходнік. Бачу таго, хто біў — амапавец у форме. Я не паверыла, што гэта наяве. За што мяне дручком б'е міліцыянт? Яшчэ зусім малады, бялявы такі, і бровы бялявыя. Такі... мілы хлопчык. Мне падалося — вось, па суседству з намі жыве, вітаецца са мной кожны дзень... Мяне хапаюць, цягнуць, каб устала. А нага не варушыцца, яе спаралізавала. І тут бачу, што вакол невядомыя, аднолькава каротка стрыжаныя мужчыны хапаюць усіх запар. І я чую, як людзі пачынаюць крычаць у розных месцах. Людзей збіваюць, валакуць... Ведаеш... У адзін момант я падумала, што вар'яцею, што трапіла не ў наш горад, ці што сюды да нас раптам прыляцела нейкая бандыцкая групоўка і хапае людзей, каб прадаць куды ў рабства. Але пабачыла міліцыянтаў у форме, якія стаялі ўбаку і спакойна за ўсім назіралі. Быццам так усё трэба... І стала яшчэ страшней. Нейкі сюр, я не магла паверыць у тое, што са мной робяць, робяць вакол. Я не магла ступіць нагой... Яны навучыліся біць — па нервах так трапляюць, што ісці нельга, нага як чужая. Мяне павалаклі... Потым... чарга там цэлая была. Такая машына, страшная... І не бачыла раней. Вось, цяпер буду ведаць, як выглядае аўтазак. Туды закідвалі людзей. Хапалі за ногі, рукі, сапраўды кідалі. Дзяўчат маладых за ногі, як мага вышэй, яшчэ і спадніцу каб задраць, каб зняважыць — стараліся, падсаджвалі... Я да таго моманту ніяк не магла паверыць у рэальнасць таго, што дзеецца. Адбівалася. І атрымала яшчэ удар, па той самай назе. Ад таго самага, бялявага. Мяне проста закінулі. Потым нечыя рукі падхапілі, пацягнулі, кінулі... Амапаўцы, у форме. Тэлефанаваць забаранілі. Гаварыць між сабой — забаранілі. На кожнае пытанне — мацюкі, пагрозы, брудныя пагрозы, Божа, я ж многім там у маці вартая, а мне такое казалі... Ведаеш, яны сапраўды псіхічна нездаровыя: зацыкленыя на анальным сэксе. Ці не кожная пагроза: трахнем дручком у зад. Набілі поўны аўтазак людзьмі. У асноўным — моладзь, але былі і сталыя людзі. Павезлі... Налі яшчэ...

Надзея сама пацягнулася да пачку з цыгарэтамі, дастала. Алесь пстрыкнуў запальнічкай. Яна зацягнулася цяпер смялей, нейкі час маўчала, глядзела ў нікуды перад сабой, выдыхала шумна дым...

— Ведаеш, гэта быў вечар адкрыццяў, — працягнула Надзея. — Я ніколі не думала, што ў нас ёсць такія страшныя будынкі, з такімі жудаснымі калідорамі. Мы ідзем нашым чыстым прыгожым горадам і не ведаем, што зусім побач, за сто крокаў ад фанабэрлівай чысціні і прыгажосці ёсць турэмныя камеры, з прымацаванымі да сцен нарамі. Хіба магла я падумаць, што некалі буду ляжаць на такіх нарах? Божа, а што значыць прайсці тымі калідорамі? Амапаўцы ля сцен... Нешта нечалавечае. Такое адчуванне, што яны гатовыя кінуцца на нас і грызці зубамі. Гэтулькі нянавісці, гэтулькі грэблівасці... Яны стаяць, лаюцца, пагражаюць, і ты адчуваеш, што вось досыць нейкага аднаго, невідомага табе, але зразумелага ім знака ад некага вышэй — і табе гамон. Знаеш, што я адчула там? Найстрашнейшае што было?

— Не ведаю, — ціха адказаў Алесь. — Не хачу гадаць.

— Найстрашнейшае было для мяне зразумець, што я нічога ім не зраблю, — скрывілася ва ўсмешцы Надзея. — Разумееш? Зразумей! Мяне б’юць, мяне валакуць, мяне цягнуць у нейкі аўтазак, гоняць калідорам, зачыняюць у камеры. З мяне зрабілі бяспраўную жывёліну, якой забаранілі нават падаваць голас! Ты разумееш? Разумееш?!

— Не крычы, Надзея...

— Во як, і ты мне затыкай рот! Я прызвычаілася, давай!

Алесь разгубіўся, з болем гледзячы на скрыўлены ў грымасе хваравітай усмешкі сястрын твар.

— Надзейка, калі ласка, супакойся, выпі яшчэ трошкі...

Надзея замоўкла, падперла галаву рукамі.

— Выбачай... Ага, налі трошкі... І дай запальнічку... Дык вось, Алесік, і гэта не найстрашнейшае было, можаш сабе ўявіць. А сама-сама страшным было ўсведамленне таго, што ты можаш адтуль проста не выйсці. Ты ўрэшце адчуваеш сябе нічым і нікім. Перастаеш думаць пра тое, што ўсё — недарэчная, страшная памылка, што вось зараз прыйдзе нехта, паглядзіць на цябе і скажа: ой, выбачайце... І тыя, што чынілі над табой гвалт, раптам стануць вінаваціцца, прыносіць прабачэнні. Так не будзе — і ты тое ўсведамляеш. Тое жыццё, якім ты жыў яшчэ гадзіну-дзве таму, раптам знікае, яго няма, як і не было! Яно робіцца нейкай неверагоднай фантастыкай. Тут не воля задушаная: у розум уваходзіць дакладнае ўсведамленне: ты ніхто. Усё далейшае тваё жыццё залежыць цяпер ад іх — ад тых, хто цябе зрабіў бязвольным маўклівым быдлам... Вельмі страшны, пакутлівы досвед: імкліва пераўтварыцца з вольнай нармальнай жанчыны ў бяспраўнага вязня. За якіх дзесяць хвілін. Апошняя выратавальная саломінка — думка пра тое, што некалі ўсё скончыцца, што прыйдзе гадзіна, дзень, тыдзень — не важна колькі, але скончыцца, будзе воля, сонца, будзе родны куток і канапа... Ды саломінка згарае хутка, так хутка... Мабыць, са мной нешта б здарылася, і тое відаць было, бо ў камеры на мяне звярнулі ўвагу. Там жа ўсе былі амаль дзяўчынкі — па 18-19 гадоў. Я сярод іх — як маці, і вось яны ўсе разам да мяне. Сказала, што настаўніца, дык уяўляеш: яны так зарадаваліся. Чаму? Суцяшалі. І адна адну суцяшалі, падтрымвалі. Я зразумела, што дзве там былі не першы раз: вучылі-апавядалі, як трымацца, як адказваць, што рабіць і што не рабіць... Ім па васемнаццаць гадоў, а ў іх турэмны досвед...

— Нам падаецца, што калі мы не ў камерах, то вольныя і нармальныя. Нам проста пакуль што дазваляюць такімі быць, — ціха ўставіў Алесь.

— Неяк пераначавалі, раніцай павезлі ў суд, — нібыта не пачула братавых слоў Надзея. — Канвеер: два пытанні, міліцыянер выступае як сведка — суддзя выносіць вырак. Хто слова супраць, таму болей. Каму пятнаццаць сутак арышту, каму дзесяць. Каму штраф. Мне штраф. Я маўчала. Мяне раздушылі так, што я магла толькі аўтаматычна адказваць на пытанні суддзі, жанчыны майго веку. Сведкам выступіў той самы, бялявы амапавец. Які двойчы выцяў мяне па назе. Выявілася, што я брыдка лаялася. Брала ўдзел у несанкцыяванай акцыі. Супраціўлялася. Я прызналася, што супраціўлялася. Суддзя не глядзела на мяне... Усяго адзін раз узняла вочы, калі я сказала, што я настаўніца. Я так і не зразумела, што было ў яе вачах... Памятаеш, у мяне быў клас, які мне далі за два гады да выпуску? Я табе не раз жалілася яшчэ, што не знаходжу належнага кантакту? — раптам перайшла на іншую тэму Надзея.

— Памятаю... А потым яны прыйшлі пад раніцу пад вокны тваёй кватэры і крычалі табе “дзякуй”, — адказаў Алесь, спадзеючыся, што памяць пра такі эпізод прынясе сястры светлы момант.

— Ага, — цень прыемнага ўспаміну і праўда дакрануўся да Надзеіных вачэй, але адразу ж знік, згубіўся. — Так, мы пасябравалі... У класе была адна дзяўчына, выдатніца, стала медалісткай. Красуня. Усё ёй Бог даў: і розум, і хараство, і душу добрую. Яе папраўдзе любілі і паважалі ўсе. Ну, можа, хто і зайздросціў, не без гэтага. Яна была жывая, вясёлая, адкрытая і зусім не ганарыстая. Мне дзяўчаты казалі, што ў яе былі закаханы два хлопцы з класа. З адным яна і сябравала. А другога, як мне сама прызнавалася, баялася. Хоць, як быццам, чаго было баяцца: такі звычайны хлопец, хударлявы, ціхі. Вельмі ціхі. Займаўся баскетболам. У класе яго не любілі. Нават не не любілі, а проста неяк ігнаравалі. Ён быў ніякі. Роўны, спакойны. Не абыякавы, не, але... чужы. Я гутарыла з ім, доўга назірала, аналізавала. Ягоную рэакцыю, ягоныя ўсмешкі. Ён нібыта чакаў нечага... Гэтая дзяўчына, яе звалі Наста, была вызваленая ад заняткаў фізкультуры праз праблемы з нагой. Але на ўрокі яна хадзіла, як настаўнік і патрабаваў. Звычайна бавіла час у зацішным месцы, было там такое, у бок стадыёна, пад сцяной школы. Тады была вясна, яна адзела белыя нагавіцы, белую куртку, новую, толькі набыла. І валасы ў яе былі русявыя, светлыя, а густыя якія — цэлая хваля. Цешылася ёй раніцай... Ішлі заняткі, у мяне была фортка, нечага паклікалі да завуча. Вярталася назад... ля мыцельнікаў раптам пабачыла нашага баскетбаліста. Ён мыў рукі. Яны былі запэцканыя ў нешта чорнае, ён так шараваў апантана, спяшаўся. Азірнуўся на мае крокі... У ягоных вачох быў спалох, страх нават. Спытала, чаго ён не на занятках, адказаў, што ўпаў, запэцкаў рукі і прыйшоў памыць. Пайшла ў настаўніцкую. А за колькі хвілін бягуць мае дзяўчаты: з даху школы нехта лінуў на Насту чорную аліву... ну, у аўтамабілі заліваюць. Ведаеш жа, вось як адпрацуе, чорную. На галаву проста. Так і не даведаліся, хто. А класу я не сказала, што бачыла, як хлопец мыў чорныя рукі... Бо баялася. Хлопца б збілі на горкі яблык. І... не была пэўная. Тады не была пэўная. Яго звалі Юрыкам, вось так, па дзіцячаму да дзясятага класа. Юрык Вайцяхоўскі.

Надзея замаўчала.

— Гэта неяк звязана з учорашнім? — асцярожна пацікавіўся Алесь.

— Учора на судзе супраць мяне сведчыў малодшы лейтэнант Юрый Вайцяхоўскі. Я пазнала яго адразу. І ён мяне пазнаў. Адразу. Ён быў усцешаны, Алесь. Разумееш? Ён тады да выпускнога не глядзеў мне ў вочы, ніяк. А тут — зазірнуў. І я пабачыла там радасць... Не проста радасць — трыумф пераможцы. Ён глядзеў на мяне, і я бачыла, якое задавальненне прыносілі яму тыя хвіліны... Я напілася... Ведаеш, што мяне яшчэ так уразіла, падкасіла? Не тое, як білі і збівалі, не... Я потым у камеры думала: гэтыя ж, якіх спусцілі, бы сабак з ланцугоў, хапалі і білі, білі і валаклі... А натоўп... Ён не памкнуўся абараніць ці вызваліць. Ну, калі ў цябе сябра, дык кідаўся нехта адзінкава. Тады на дваіх паспявала тры дзецюкі ў цывільным, чатыры. Але там быў натоўп! Там былі сотні. І сотні толькі глядзелі. Яны нібыта выйшлі разам, арганізаваныя, знітаваныя ідэяй — а былі чужымі міжсобку... Гэта страшна, Алесік, страшна і сорамна.

— Ты тэлефанавала на працу?

— Тэлефон пабіты, упаў быў... Адна дзяўчынка дала патэлефанаваць, пасля суда. Не ведаю... Нічога не ведаю... Пайду, лягу. У мяне ўсё блытаецца. Усё марна, усё дарэмна. Жыццё пустое...

Надзея легла ў сваім пакоі, але не зачыняла дзвярэй.

Алесь доўгі час нерухома сядзеў пры стале. Зноў закурыў. Думаць пра работу ён сёння ніяк не змог бы. Пісаць пра этнакультурныя каштоўнасці пасля ўсяго пачутага здавалася такім дурным і недарэчным заняткам, што аж сківіцы сціснуліся, рыхтык нехта побач стаў чыкрыжыць нажом кардон. Алесь імкнуўся спакойна прааналізаваць пачутае, пакуль што адкладаючы галоўнае пытанне: што рабіць далей?

Мы так падобныя да неандэртальцаў — гэта была першая думка, калі Надзея сказала апошнія словы пра пасіўнасць і страх натоўпу перад адзетымі ў цывільнае міліцыянтамі і амапаўцамі. Калі наш продак, чалавек разумны, прыйшоў у Еўропу з Афрыкі, неандэртальцы мелі перад ім усе перавагі: яны былі дужэйшыя фізічна, лепей палявалі, у іх былі тыя ж, а то і лепшыя тэхналогіі вырабу інструментаў і прыладаў працы, разважаў далей Лобач. Яны лепей арыентаваліся ў сваіх родных лясох. Але іх пхнулі з іх родных мясцін, яны адыходзілі далей і далей, пакідаючы родныя землі — знікалі і ўрэшце зніклі назаўжды. Але чаму? Бо нічым жа не выйграваў той, хто прыйшоў! Ён прайграваў нават: быў слабейшы фізічна, дрэнна ведаў тэрыторыю і звычкі тамтэйшых звяроў. Хіба ў адным была перавага. Сёння яна называецца ўстойлівымі сацыяльна-культурнымі сувязямі. Прышлыя продкі сучаснага чалавека апекаваліся адно адным, кідаліся на дапамогу, калі трэба. Яны не пакідалі сваіх у бядзе, ніколі. Адно племя лічыла сваім, сяброўскім, другое.

А мы ж — неандэртальцы. Гэтая тупіковая галіна чалавецтва жыла ў варожых ці абыякавых, у лепшым выпадку, дачыненнях між групамі. Яны ўсе былі падобныя толькі ў адным: у нянавісці да прыхадняў. Але нянавісць не здолела іх злучыць. І не магла.

Як неандэртальцы не змаглі аб’яданацца, як яны не змаглі знайсці для ўсіх сабе падобных нешта адзінае, што б сталася галоўным, апрача нянавісці і жадання забіваць, так і мы нічога не маем у сваіх душах, апрача той самай нянавісці і злосці. Як прычынай нянавісці неандэртальцаў быў страх за сваё жыццё і тэрыторыі, так і сёння страх кіруе намі. Нашыя пратэсты — страх быць растаптаным.

Чалавек разумны перамог дзікага неандэртальца, бо любіў кожнага са свайго роду, быў адказным за кожнага, а род адказваў за яго. А сёння адзінай праявай нібыта салідарнасці з пацярпелымі вось тыя ананімныя каментары пад артыкуламі, віскат і вэрхал у сацыяльных сетках. І гэта ўважаецца за вялікую справу... Усё адно як той неандэрталец, апошні з нейкага племені, смяротна крычаў, абкружаны новымі людзьмі, а ў адказ яму з далёкіх гор, з розных пячор неслася дзікае выццё жывых, сытых і бяспечных ягоных братоў: “О-го-го! Трымайся! Мы з табой!..”

І я такі самы, сумна канстатаваў Лобач. Такі самы, бо адзін і адзін. Не стварыў кола верных прыхільнікаў, а тыя студэнты, з якімі колькі гадоў хадзіў на палявыя работы, рана ці позна казалі табе “да пабачэння”. Ні з кім не зжыўся, не здружыўся так, каб можна было вось цяпер патэлефанаваць, хоць параіцца, хоць выказацца. Чаму? Чаму супрацоўнікі ёсць, калегі ёсць, а сяброў — няма? Можа таму, што больш нікому ягоная этнаграфія не трэба, апроч яго, ды колішняга настаўніка, ды яшчэ колькіх такіх вось дзівакоў у розных універсітэтах краіны? І калі не лічаць яго за бяскрыўднага дзівака, то ўжо дакладна не за самастойнага мужчыну, сучаснага, практычнага. “За спінай у Алеся добра пачуваюцца толькі бабульчыны показкі” — гэта ж пра яго так жартавалі раней, а цяпер з жалем успамінаюць тыя жарты, бо гучаць не смешна, а сумна? А якая дзяўчына пойдзе за цябе, калі месца за табой занятае? Хто яшчэ зразумее, як ён, што пачутая ўпершыню незвычайная казка пра стварэнне сусвету з вуснаў глухаватай бабулькі каштоўней за юрлівы шэпт на вушка, бо той шэпт — паўторыцца сто разоў, а вось казка, казка! Адзіная такая, ніхто не чуў, аналагаў няма — яна знікне заўтра, калі яе не запісаць сёння! А з цябе смяюцца: і што, гарэлка ад гэтага патаннела ці аднымі казкамі некалі дзяцей карміцьмеш?

Як патлумачыць ім, як данесці да разумення, як у свядомасць укласці, што там — там, у мінулым — заўтрашняе! І таму яшчэ сёння мы быццам народ, а заўтра — ніхто, купка людзей, якая прыме якія хочаш чужыя правілы, будзе спяваць якія хочаш песні і танцаваць пад музыку таго, хто дасць болей, болей здаволіць простыя і зразумелыя патрэбы — жывёльныя. Тыя, якія некалі імкнуліся здаволіць неандэртальцы.

...А вось у слабейшых прыхадняў на той час сярод мноства такіх патрэбных крамянёвых нажоў ды скрэблаў была і невялікая пустацелая костка з дзірачкамі. Навукоўцы доўга спрачаліся, што гэта, пакуль не зрабілі копію-рэканструкцыю. І не здагадаліся падзьмухаць.

І костка раптам сталася дудачкай.

А ў неандэртальца дудачкі не было. У яго было даўжэйшае і вастрэйшае кап’ё, якое ён кідаў нашмат трапней і далей за прышлага чалавека. Але перамагла дудачка. Дудачка, якая сталася асновай і сімвалам культурных і сацыяльных сувязяў новага чалавека.

У нас была дудачка. У нас ёсць дудачка. І ёсць яшчэ мажлівасць знітавацца...

Надзея праспала да вечара. За гэты час Алесь паглядзеў яе тэлефон, з'ездзіў у майстэрню. Рамантаваць не ўзялі: “Новы танней”.

Ветлыя, уважныя людзі ў майстэрні. Сонечныя вуліцы. Машыны і мінакі. Усё як заўсёды. Але сёння Лобач раптам заўважыў тое, на што раней не глядзеў: на твары людзей. Ён разумеў, што ўчорашняе здарэнне робіць яго ў пэўнай меры прыдзірлівым і небесстароннім, але хіба толькі сляпы мог не згледзець, што ў дзевяноста са ста сустрэтых людзей хмурныя твары. Можна было б прайсці кіламетр і два, ісці гадзіну і дзве — і не сустрэць ніводнай усмешкі. Клопат на тварах, нейкая заглыбленасць у сябе. Як вось цяпер у Лобача.

Ён успомніў, як сустрэўся быў са сваёй аднакурсніцай — яна тады працавала ў турыстычным агенцтве ў Грэцыі. “Алесь, выбачай, я пасля двух гадоў у Грэцыі хаджу вуліцамі і не магу пазбыцца думкі, што іду побач з людзьмі, у якіх сёння — хаўтуры. Хаўтуры ва ўсім горадзе. За два гады ў Афінах я навучылася ўсміхацца, што, павер, не так проста, як высветлілася. Дык вось тут, на радзіме, я мусіла тэрмінова развучвацца: маю ўсмешку на вуліцы разглядалі як сімптом хваробы. На мяне глядзелі як на псіхічна хворую. Я не маню, я бачыла спачувальныя позіркі, я чула шэпт за спінай!”

А чаго нам усміхацца, пытаўся Лобач у сябе. Капні глыбей кожнага — і пасыплюцца праблемы і беды, як з дзіравага меха.

Яшчэ тужлівей стала ў сервісным цэнтры, дзе Алесь выбіраў новы тэлефон для сястры. Ветласць, якая межавала з ліслівасцю. Але без усмешкі. Сур’ёзна. З бояззю разбурыць твой настрой. Быццам ты прыйшоў не новы тэлефон набываць, а труну ці вянок на магілу.

Новы тэлефон Лобач выбраў, не задумваючыся: ён ведаў, што Надзея аддае перавагу простым тэлефонам з мінімумам розных функцыяў. Набыў прыблізна такі, як і быў.

Ішоў вуліцай і ўсё выразней адчуваў, што ва ўсім горадзе сёння такая вось бяда як і ў яго: учора да шмат якіх жыхароў палітыка нахабна, не пытаючыся, прыйшла дадому: прыйшла збітымі роднымі і знаёмымі, сябрамі і блізкімі, непадымнымі штрафамі, роўнымі заробку, паведамленнямі пра адміністрацыйныя арышты. Навінамі з сеціва і страхам. Адчуваннем асабістай бездапаможнасці, нікчэмнасці, духоўнага гвалту.

Уставіў у тэлефон сім-картку і пабачыў, што ў Надзеі тры званкі без адказу. Адзін быў пазначаны “дырэктар”, два другія “Аліна”.

Надзея патэлефанавала са свайго пакоя, потым зайшла да Алеся, які ўсё ж узяўся за працу, максімальна абстрагаваўшыся ад сэнсу пісання.

— Мяфодзьеўне тэлефанавала...

Галіна Мяфодзьеўна — дырэктар, Лобач ведаў. Ён запытальна ўзняў на сястру вочы.

— Сказала пісаць заяву на скасаванне кантракта з асабістых прычын. Бо ў адваротным выпадку яна мусіць звольніць мяне за прагул...

Вочы ў Надзеі былі сухія, яна толькі моцна-моцна прыкусіла вусны.

Вячэралі ў цішыні. Умыкаць тэлевізар на кухні, каб пачуць цяпер хоць адно слова з афіцыйных навінаў — гэта здавалася продажам апошняга кавалка асабістай годнасці.

Лобач доўга не мог заснуць, прыслухоўваўся да дыхання сястры. Калі ж нібыта ад штуршка расплюшчыў вочы, у Надзеіным пакоі гарэла святло. Яна сама сядзела на канапе, захапіўшы і сціснуўшы ў кулакох канец коўдры.

— Не магу... Прыснілася, страшна. Вочы заплюшчу — нешта падае на мяне, душыць...

— Кладзіся, не вымыкай святла. Я пасяджу.

— Добра. Дзякуй.

Надзея быццам заснула. Не ўздрыгвала, не стагнала ў сне, але вочы, заплюшчаныя, мітусіліся пад вейкамі.

Алесь праседзеў у пакоі ў сястры цэлую ноч. Праз гадзіну ён прынёс ноўтбук і стаў пісаць. Пісаў артыкул, запісваў тыя самыя думкі пра неандэртальца і чалавека разумнага. Думкі лёгка шыхтаваліся ў сказы, адно што Лобач адчуваў нейкую халодную, злую эмацыйнасць і крыху баяўся, што ўсё гэта будзе замінаць пры ўспрыняцці тэксту. “Потым перачытаю, выкіну лішняе”, — думаў ён.

Надзея раз на гадзіну ці часцей расплюшчвала вочы, бачыла святло ў пакоі, брата — і засынала далей. Лобач пісаў, амаль нічога не правячы, хоць спыняўся часта і перачытваў напісанае.

Артыкул выходзіў вялікі, грунтоўны, такіх даўно не пісалася.

Але Лобач ведаў, што наўрад ці дзе надрукуюць напісанае. Можа, і надрукавалі б. Там, куды Алесь не панясе. Бо надрукаваць такі артыкул — амаль падпісаць сабе прысуд.

Але не выказацца Лобач таксама не мог.

Надзея добра заснула, стала дыхаць глыбока і роўна, калі за вокнамі пачало заўважна святлець. Яна ўстала рана, адразу за Алесем. Выглядала вельмі дрэнна: цёмныя паўкружжы пад вачыма сталі яшчэ выразнейшымі, твар быў хваравіта-бледны, вочы глыбока запалі. Вусны амаль не вылучаліся на твары, і Надзея не стала іх падмалёўваць: “Не магу я... касметыка смярдзіць мне”.

— Што будзеш рабіць? — спытаў Алесь. — Я грошы ўчора зняў, бяры, колькі трэба.

— Ага, дзякуй... Заплачу штраф, напішу заяву, — пацепнула Надзея плячыма. — А болей рабіць і няма чаго.

Лобач пабыў ва ўніверсітэце да трох гадзін дня. Яшчэ перад дзвярыма сваёй кватэры спалохана адзначыў: гучна, надта гучна працуе тэлевізар — нешта спяваюць.

Нервова адамкнуў дзверы — Надзея стаяла насупраць дзвярэй, прыціскаючы далоні да грудзей. Напружана ўсміхнулася яму, пайшла, прыцішыла гук.

— Не магу, Алесік... Не магу — так страшна, здаецца, нехта ходзіць па кватэры, нехта цікуе за мной. Аж скура на галаве сцягваецца.

Лобач зноў праседзеў паўночы ў пакоі ў сястры. Яна амаль не спала — прыслухоўвалася да начных гукаў. Усхапілася, вырачыла вочы, калі пад акном нечакана спрацавала процізгонная сігналізацыя нейкага аўтамабіля. Звычайная рэч — можа, падлеткі дурэюць, можа, які бадзяжны кот.

Надзея дробна дрыжала — усім целам, быццам была не пад коўдрай, а пад задубелай на марозе прасціной.

Раніцай яна моцна спала. Алесь пайшоў на працу, раптам адчуўшы мізэрнасць усіх сваіх універсітэцкіх праблем. Недзе аб адзінаццатай ён патэлефанаваў Надзеі.

— Алесік, не тэлефануй, — прыглушана адказала сястра. — Мяне праслухоўваюць.

Увечары ён асцярожна загаварыў пра тое, што Надзеі добра б паказацца лекару — няхай бы выпісала якія супакаяльныя пігулкі, бо валяр’янка ж не памагае. А піць штовечара каньяк да лёгкага ап'янення — не выйсце.

— Не пайду! — спалохана адмовілася Надзея. — Яны запратораць мяне ў вар’ятню, яны чакаюць...

Вось цяпер Лобач дакладна зразумеў, што ў дом прыйшла чарговая, па-сапраўднаму вялікая бяда.


ЧАСТКА 7



Амаль за сто гадоў дагэтуль


Пралог. Бой

Кляштар быў абгароджаны высокім мурам, які замыкаўся на галоўным храме. Сам храм, з адной вялікай вежай і дзвюма вежамі-званіцамі, стаяў на гары пры дарозе. Да сяла вяла толькі адна дарога, а з трох бакоў паселішча абмывала рака, робячы роўнае паўкола. Далей дарога бегла шырокай вуліцай, мінала сяло, узбягала на вялікі драўляны мост і, шмыгнуўшы праз поле, хавалася ў лесе. Разам з мостам цераз раку яна сама была як рака: ручайкамі сцякаліся з вуліц людзі, фурманкі, цягнулася жывёла, каб на мосце сабрацца ў шчыльную рознакаляровую патоку і павольна, панурыста цячы далей. Сяло выязджала. Жывая, маўклівая патока людзей цякла над шэрай бязгучнай патокай вады.

Мост трэба было захапіць без адкладу, каб дагнаць часткі белых, якія адыходзілі, і спыніць вываз усяго, што было найкаштоўнейшага ў сяле. Але трэба было мінуць кляштар.

Пярэдні высокі фасад храма станавіў сабой не што іншае як баявы вартавы пост, а дзве вежы-званіцы вакол цэнтральнай — рабілі кляштар непрыступным, калі паставіць на якой з вежаў хоць адзін кулямёт. А ён там стаяў.

Наскок конніцы на сяло не тое, каб захлынуўся — конніцы проста не стала. Знікла, зрэзаная трапнымі кароткімі чэргамі са званіцы. Пяхота раз за разам падымалася ў наступ і адступала, за выратавальную паваротку, пакідаючы пры дарозе свежыя трупы і целы параненых. Па параненых ніхто не хадзіў, хоць кулямёт і маўчаў у тыя хвіліны, калі выцягвалі параненага намкамроты.

Спрабавалі ўпаўзці ў мёртвую зону — не выходзіла. Трапна, ашчадна страляў кулямётнік.

Праз гадзіны дзве ў адказ на чарговую атаку са званіцы адказалі вінтовачнымі, а потым рэвальвернымі стрэламі. І тады зазваніў звон. Але звона не спалохаліся.

Пабеглі без асцярогі.

Трое байцоў адразу ўзлезлі на вежу званіцы, і долу паляцела хударлявае цела юнкера, амаль падлетка. Яго злавілі на дзясятак паднятых штыхоў. Мёртвага маладога белагвардзейца калолі яшчэ на зямлі. Сцягнулі боты — спатрэбіцца абутак! Густа здзіраўлены і набрынялы крывёю мундзір нікога не зацікавіў.

Ад здзекаў з мёртвага цела маладога юнкера чырвонаармейцаў адцягнуў глухі гук недалёкага выбуху — белыя падарвалі мост.

Байцы рвануліся былі ў невялікі нутраны храм кляштара, дзе ўкленчылі ў роспачнай малітве манашкі. Але камісар, паклаўшы двума стрэламі са свайго маўзера з доўгай руляй двух самых ахвотных да баб матросаў, не пусціў байцоў выплюхнуць сваю злосць на жанчын. Гэта ён зрабіў не з жалю: камісар помніў пра сакрэтны загад.

Рабавалі сяло, пустое, бязлюднае. Ды толькі не было чым пажывіцца — гаспадары пазабіралі з сабой усё больш-менш вартае, кулямётнік на званіцы даў ім гэта зрабіць. Хіба што ў невялікай карчме ўсё як быццам чакала гасцей. І пляшкі з рознымі напоямі былі, мабыць, найкаштоўнейшым, чым маглі ўздаволь пажывіцца ацалелыя чырвонаармейцы. Выпілі і з'елі, чаго знайшлі. Потым на загад разабралі колькі хат для рамонту знішчанага моста. У п'яным азвярэнні, якое насыцілася стомай, няўдачай і прыкрасцю ад гэтулькіх страт пры ўзяцці сяла, падпальвалі вялікія светлыя хаты і сціплыя шэрыя халупы.

І пайшлі.

Жаночы кляштар застаўся нечапаным. Сёстры малілі Бога за ўратаванне храма і іхняе збаўленне.


Каты

— Чуеш, Студэнт, а як з бабамі пры камунізме будзе? Якую пажадаеш, тую сабе і цягнеш? А от калі мне цыцастая якая ўпадабалася і Ямельку таксама? Не, у Ямелькі я забяру, ён і не рэкне, а вось з Дронам, як будзем дзяліць? Па чарзе, ці што?

Міцяй задзірае Студэнта штодня, і незразумела — ці то яго сапраўды хвалююць гэтыя пытанні, ці то ён атрымвае задавальненне ад таго, як Студэнт пачынае смешна моршчыць лоб у спробах адказаць на сама выкручастыя — зразумела, для мужыцка-салдацкага розуму — пытанні. Міцяй яшчэ зусім малады, яму гадоў дваццаць пяць. Ёсць у ягоным абліччы нешта ад пацука — выцягнуты ўперад вузкі твар, вочы-кропкі, востры нос заўсёды прынюхваецца, імкнучыся ўлавіць у паветры пах ежы. З учорашняга вечара байцы спецыяльнага асобнага чырвонаармейскага аддзела нічога не елі. Думалі, будуць начаваць у вёсцы, а знайшлі папялішча.

Ямелька, саракагадовы мужычок, трошкі нягеглы, паслужлівы (дакладней — па-вайсковаму скрайне дысцыплінаваны, за што і ўзяты камандзірам у аддзел), ніякавата ўсміхаецца на Міцяявы словы — ён асцерагаецца гэтага языкатага пацучаня. Андрон, якога з лёгкай Міцяявай рукі ў аддзеле завуць проста Дронам, на тыя словы рэагуе скупым адказам:

— Сунешся — заб’ю.

Ён — мужык дужы, такіх, прыкладам, як Ямелька, двое трэба, каб адзін Дрон выйшаў. У яго ўсё вялікае: вочы, нос, рот, хіба толькі лоб вузкі: валасы на галаве пачынаюць расці блізка што ад броваў.

— Камунізм скасуе сям’ю як буржуазную ячэйку, — пачынае Студэнт адказваць на Міцяява пытанне. — Тая сям’я ёсць сродакам эксплуатацыі. Цяпер шлюб будзе вольны, і кожны ў шлюбе будзе роўны: мужчына і жанчына.

— Гэта значыць, што жонку нельга будзе біць? — асцярожна ўдакладняе Ямелька.

— Оха, няўжо ты можаш бабу стукнуць? — не дае Студэнту адказаць, рагоча Міцяй. — Сваю біў?

— Не біў, — збянтэжана прызнаецца Ямелька. — Яна добрая была, навошта яе біць? Сястру ў замужжы моцна білі... А яна ціхая зусім...

Усе ведаюць, што пакуль Ямелька сядзеў у акопах, ягоную сям’ю скасіў тыф. А вёску разабралі на бліндажы.

— Бабу біць трэба! — гыркае Дрон і дадае: — Баба для мужыка створаная. Для ўцехі і службы. І браць яе трэба, калі зажадаеш. Бо тваё.

— Во! І я ж пра гэта! — усцешана падтрымвае Міцяй. — А то сядзіць у рэчцы голая, так падперла — дыхаць не можаш, а не зачапі, чужая, кажуць. Ага, стрываў, а няўжо ж...

— Чапіў-такі? — далучаецца да гутаркі байцоў Кір, дапытліва мружыць вочы. Ад ягонага пагляду Міцяй бянтэжыцца, круціцца на калёсах.

На Кіры — цяльняшка, цяльняшкі на двух ягоных змрочных, маўклівых сяброх. Але ўсе ведаюць, што Кір — не матрос, што ён быў на катарзе за рабаванні, крадзяжы і разбоі. Аднак камісар (не гэты, новы, а той, што быў раней) сказаў, што для рэвалюцыі Кір — сацыяльна блізкі элемент, бо рабаваў і абкрадаў багацеяў, таму ён на баку чырвоных. Кіра ўзялі ў аддзел за нюх: яго не абдурыш. Ён быццам прыляпляецца да чалавека сваім цяжкім прымружаным вокам, і гэта мала хто можа вытрымаць, калі што хавае. Потым Кір агледзіць памяшканне — і ўжо ведае, у якім куце трэба памацаць уважліва, каб знайсці хованку. Яго не тое, каб баяцца, але проста імкнуцца не трапляць яму на вока. Адчуваецца, што руды Кір не прабачыць у свой бок ні скосага позірку, ні крыўднага, на яго розум, слова. Вось і Міцяй з асцярогай пачынае расказваць:

— Дык... Як не крануць? Іду, значыць, гляджу з берага — така-а-я кабылка! Плёскаецца адна ў вадзе, зацішна там, кусты. Ну, я да яе...

— Дык куды ж ты лез, да кабылкі? А калі б падбрыкнула? У табе ж духу на адзін капыт! — не верыць Дрон.

— Ціха... — працягла шыпіць Кір. — Ну, а далей, да-лей як было? — дапытваецца ён, а ў вачох успыхвае непадробны агеньчык інтарэсу. Яно і зразумела: усе яны даўно без жаночай ласкі — камандзір надта строгі ў гэтым двухтыднёвым паходзе. — Падрабязна кажы, з дэталямі. — пад'юджвае Кір, а Міцяй, здаволены жывой цікавасцю да свайго аповеду самога Кіра, працягвае:

— Ну, на бераг яна выйшла, як стала сукенку нацягваць, тут я яе і хапіў — і на зямлю. Яна, зразумелая рэч, выбрыкваць стала... ага... — маленькія Міцяявы вочкі пачынаюць ільсніцца ад перажытай некалі ўзрушанасці і задавальнення. — А бабу, самую наравістую, супакоіць проста — ёй трэба добра даць па пысе. Каб кроў пачула сваю. Праверана! Ураз дзвюма рукамі хопіцца твар затуліць — ён жа ў іх, думаюць, галоўнае! Вось і я, значыць, кабылцы трэсь, вусны ў кроў — і ляжыць, ногі раскінула...

— Брэшаш, — недаверліва цягне Кір. — Так і раскінула?

— Ну, сам раскінуў, — папраўляецца з ухмылкай Міцяй. — Так, супраціўлялася трошкі... На жывот сеў, сукенку ўгару задраў, завязаў вузлом — усё, ляжыць! А смачная была баба, ах, смачная! Цела белае, свежае, крамянае ўсё, ах ты...

— Ну, а потым што было? — адчуваючы недагаворанасць у Міцяя, пытае Дрон. — Ты яшчэ скажы, што і заўтра яе там сустрэў і яна цябе гукала, гэтак ёй спадабалася?

— Не, не сустрэў, — выскаляецца Міцяй. — Яна мяне, сучка драная, прызнала. І ўвечар яе мужык з сябрукамі мяне каламі збілі. Тыдзень адлежваўся...

У гучным рогаце патанаюць апошнія Міцяявы словы. Але сам ён ані не збянтэжаны, усміхаецца загадкава. Усе перастаюць смяяцца, гледзячы ягоную рэакцыю, бо здагадваюцца: яшчэ не канец аповеду.

— Ды ўжо, нядрэнна ты пад'еў з чужой бабы, — супакойвае рогат Дрон. — Бачу, ачуняў?

— Даўно ачуняў, — сплёўвае Міцяй, і ўсмешка на ягоным твары становіцца драпежнай. — Тыдзень, значыць, я паляжаў дый пайшоў у тое сяло, адкуль баба была. І падпаліў. Добрае надвор’е было, з ветрыкам спраўным — усё зараз пыхнула! А от рэвалюцыю кончым, камандзір мне маўзер абяцаў. Вярнуся туды — паперастраляю ўсіх, як памагатых контры. Студэнт, а Студэнт! Ты чаго маўчыш? Калі пры камунізме ўсе бабы супольныя, значыць, мужыкоў, якія баб сваіх іншым не даюць, страляць трэба, так? Ну, адказвай: так?

Пытанне ў Міцяя гучыць са злосцю, дробныя пырскі сліны ляцяць у твар Ямельку, які сядзіць побач. Той асцярожна выціраецца, ціха кажа:

— Няправільна гэта, рабят...

— Цыц ты! Хто цябе пытае? Студэнт! — крычыць патрабавальна Міцяй.

— Рэвалюцыя скасавала прыватную ўласнасць на жонак, — павольна пачынае студэнт, відавочна не жадаючы яшчэ больш узлаваць Міцяя. — Але адначасна...

— Ага! Зразумеў, ты, Ямеля! — крычыць ужо вясёла Міцяй, не даўшы Студэнту дагаварыць. — Ніякай уласнасці!

— Я збоку, — з пагрозай папярэджвае Міцяя Дрон. — Маё толькі мне будзе. Што зямля, што хата, што жонка. Сунецца хто — заб’ю.

— Супраць рэвалюцыі ты, ці што? — насцярожваецца Кір, глядзіць з пагрозай. — Пра экспрапрыяцыю экспрапрыятараў чуў?

— А пра Ленінаў дэкрэт аб зямлі чуў? — гыркае ў адказ Дрон. — Зямля — яна наша будзе. А мне зямлі шмат трэба, зразумеў? А за сваё я горла грызці буду...

Спакойна дакончыў Дрон, а ўсім адразу стала ясна — будзе. Будзе грызці горла і вялікае, і малое, калі ў яго пачаць адбіраць...

Стомлены конь павольна цягне доўгія калёсы, у якіх сядзяць чырвонаармейцы. Дарога віхляе сярод пустых палёў. Самы час араць і сеяць, ды няма каму. Сонца падымаецца ўсё вышэй і вышэй, становіцца горача для такой вясновай пары. Хіліць у сон. Камандзір адкрыта адкінуўся назад, і Ямельку адціснулі на самы беражок калёсаў. Бадзёрымі застаюцца толькі двое: вазак, адзін з Кіравых сяброў, ды новы камісар. На ім доўгая чорная скуранка, і доўгі маўзер у драўлянай кабуры, як і ў камандзіра. Камандзір звяртаецца да яго на паўголасу з павагай: «Таварыш камісар», але пра што яны гутараць, ніхто не чуе. З чырвонаармейцамі гэты ў чорным пакуль што не гаварыў. Усе ў аддзеле разумеюць: ён галоўнейшы за камандзіра. Ну і добра...


Рупніца

— Матухна, з вамі рупніца хоча пагаварыць...

— Рупніца? — цёмныя бровы ігуменні Параскевы зышліся на пераноссі ў нездавальненні. — А ты для чаго тут прыстаўленая, калі з усякімі дурнотамі простыя рупніцы да мяне лезуць?

Ахмістрыня пакорліва апусціла галаву, ціха прагаварыла:

— Дык Кацька гэта... Абавязкова да вас просіцца. Кажа, справа надта важная...

— Якая важная справа можа быць у д’ябальскай дзеўкі? — загаварыла са строгасцю ігумення. — Сама выслухай напачатку, потым да мяне ідзі.

— Не гневайцеся, матухна, — працягнула ахмістрыня. — Мне нічога не кажа. З твару яна адмянілася... Зусім іншай стала. І праўда, здаецца мне, нешта важнае сказаць хоча. Вельмі просіцца.

Ахмістрыня замоўкла, спалоханая ўласнай дзёрзкасцю — не пайшла ж адразу, стала пярэчыць ігуменні.

Але тая маўчала. Можа, у гэты момант яна ўспамінала рупніцу Кацярыну — маладую, смуглявую дзеўку гадоў дваццаці, якая прыйшла ў кляштар два тыдні таму. Яе роднае сяло згарэла, родных не засталося, от яна і прыбілася. Што праўда — гневацца на яе нельга было. І сама ігумення часам даўжэй чым трэба затрымвала вочы на рупніцы, калі тая працавала. Ось дык праўда — работа ў руках гарэла. І то ўсякая. Ці двор месці, ці свінням крапіву маладую збіраць, ці грады капаць. Рупніца працавала з такой вясёлай ахвотай, свавольствам нават, такая шчаслівая жыццёвая сіла ў ёй білася, цераз край плёскала на ўсіх, хто ні гляне, то ўсмешкай, то ясным паглядам, што выдавала яна нешта чужое, непатрэбнае для ціхага манастырскага парадку. І колькі ахмістрыня ні спрабавала ўрымсціць Кацьку, каб была спакайнейшай — нічога не памагала. Тая і па двары не хадзіла — козачкай скакала. А калі і не ўсміхалася вуснамі, дык вочы свяціліся жывым агнём.

«Ацалела, прытулак ёсць, от і цешыцца...», — прабачала яе ахмістрыня. «Пасталее», — была яна пэўная, і штораз увечар, дакладваючы ігуменні пра дзённыя справы, імкнулася падкрэсліць у Кацярыне-рупніцы яе стараннасць і ўменне, а не вясёлы нораў.

Ігумення Параскева маўчала доўга, потым нечакана запытала:

— З твару змянілася? І што ж у тым твары?

— Страх, матухна. Баіцца яна чагосьці, да смерці баіцца. Так баіцца, што свой страх толькі вам даверыць можа.

Хітрасць удалася — ігумення кіўнула:

— Добра, прывядзеш перад вячэрняй.

Кацярына, у якой маладую зграбнасць цела не магла схаваць ні патрапаная шырокая кофта, ні спадніца, што выдала ёй ахмістрыня, стаяла ў парозе з паднятай галавой, адкрыта пазіраючы ігуменні ў вочы.

— Ты, дзеўка, ведаеш, што сваім выглядам і паводзінамі бянтэжыш сясцёр? Колькі табе разоў было казана: паводзь сябе сціпла. Чаму ахмістрыні пярэчыш? Яна табе ва ўсім маці і бацька, мяне для цябе няма. Я тут для іншых спраў, а не для таго, каб рупніц выслухоўваць, — пачала строга выгаворваць Параскева, седзячы на сваім высокім крэсле.

Але рупніца Кацярына маўчала, усё гэтак жа гледзячы проста на ігуменню. Слабое святло з невялікага акна не давала той мажлівасці лепей разгледзець твар, і яна марна імкнулася адгадаць: усміхаецца наравістая дзеўка ці слухае ў пакорлівым страху.

— Вам старыца Палагея пра мяне казала...

Ігумення рэзка ўстала з крэсла, блізка падышла да рупніцы, зірнула ёй у твар і адхіснулася: яна зусім не чакала пабачыць гэтулькі болю ў вачох у дзеўкі. На імгненне ёй падалося, што вочы гэтыя — чужыя, іх не павінна быць на такім маладым твары.

— Адкуль табе ведаць, што мне старыца казала? — строга, але з хваляваннем у голасе спыталася ігумення.

— Хто мяне паставіў, той і веды дае, — няўцямна адказала Кацярына. — Казала старыца: праз чужую маладую дзеўку збаўленне прыйдзе...

Параскева змоўчала, не могучы адхіліцца ад вачэй рупніцы.

— Казала... — нечакана хрыпата пагадзілася яна. — Ты тут пры чым?

Кацярына нічога не адказала, борзда расшпіліла кофту, адняла анучыну, прылепленую між дзвюх невялікіх дзявоцкіх цыцак. Анучынай жа працерла скуру ад загуслай крыві, адной рукой прытрымваючы збоку вялікі раўнакутны крыж у крузе, што вісеў на шыі на тонкай аборцы.

Ігумення, не адрываючы вачэй, глядзела, як на працертай чыстай скуры сталі выступаць між грудзей маленькія кропелькі цёмнай крыві. Стыгмат аформіўся ў роўны шасціканцовы крыж — быццам намаляваны. Потым выява стала размывацца, кропелькі гуртаваліся ў большыя кроплі, павольна сцякалі.

Кацярына прамакнула анучынай між грудзей, прыклала яе і прытрымала, пакуль зашпіляла кофту.

— Ты якому богу молішся, дзеўка? — ціха спытала Параскева, і Кацярына зразумела, што ігумення пытаецца, бо пабачыла яе незвычайны цяжкі крыж.

— Навошта пытаеце, ведаеце ж... Адзін у нас з вамі Бог. Толькі завем мы яго па-рознаму, па-рознаму молімся... Уцякаць вам трэба. Усё выносіць з сабой або хаваць. Без адкладу. Заўтра смерць прыйдзе. Ніхто не выжыве!

— Нікуды не пойдзем. На ўсё воля Божая, — амаль урачыста абвясціла ігумення.

— А як жа старыца, як ейная воля? Няўжо не казала яна мяне слухаць?

— Чаму сама не ідзеш? Ці пойдзеш? — не стала адказваць Параскева.

— Не пайду. Мне крумкач ужо смерць прынёс, мне ад яе не ўцячы. Мяне заб’юць — крыж выжыве. Мне яго ўратаваць трэба. Я каля крыжа памерці павінна. А вас Хрыстос не паміраць пакінуў, а слова ягонае несці людзям. На смерць застаняцеся — а вера як?

— Бог за ўсіх выракуе, — упарта, але цішэй адказала ігумення, міжволі адчуўшы незразумелую моц у гэтай дзеўцы. — Чаго ад мяне табе трэба? Не толькі ж папярэдзіць ішла?

— Не... Да каменя завядзіце.

Параскева не стрымалася — здрыганулася, але нічога пытаць не стала.

— Не.

— Старыцу ўспомніце! Яе воля на вас ляжыць. Тры крыжы на нашай зямлі засталося. Усе заб’юць — усякай веры канец, усякі бог ад нас адвернецца.

— Ведаю...

— Не верыце?

Ігумення маўчала, і Кацярына павольна і асцярожна зняла з сябе свой вялікі крыж, уклала ў разнятую далонь, працягнула да Параскевы:

— Я трымаю. Крыж толькі свой утрымае. Вы ведаеце пра яго. Вам веру. Таму — паспрабуйце...

Ігумення крыху разгублена глядзела на маленькую дзеўчыну далонь і вялікі старадаўны крыж. Жаданне пакратаць яго было вялікім, як і вялікім быў страх забароны чапаць паганскую святыню, апаганіць сваё цела і душу. Але было і трэцяе, што дыктавалася яе абавязкам старэйшай, якой прымаць пастановы — яна мусіла дакладна ведаць, хто перад ёй: ці тая, пра якую казала перад смерцю старыца.

Ігумення працягнула руку. Кацярына павярнула далонь, і крыж упаў на сухую старэчую скуру.

Зашыпела, амаль засквірчэла, узвіўся салодкі дымок гарэлага. Рука ігуменні задрыжала, старая сціснула вусны, але не адшмаргнула руку, не скінула крыж — асцярожна, годна, павярнула сваю далонь, каб крыж упаў назад у руку да гаспадыні. Нават не зірнула на сваю абпаленую далонь.

І раптам з цвёрдай і ўладнай ігуменні Параскева ператварылася ў простую падстаркаватую жанчыну, плечы яе ўнурыліся, куткі вуснаў задрыжалі і апусціліся.

— Што ж гэта на цябе, такую маладую, ношку ўсклалі? Мне ўжо няхай...

— У кожнага ношка па сілах яго, — адказала Кацярына і раптам усміхнулася: — Хадзем, матухна. Заўтра нашы косткі нікому не патрэбныя будуць, а шмат чаго з таго, што маем, схаваць можам. І мусім.

— Пачакай, — Параскева зноў стала суровай ігуменняй, узяла са стала невялікі званочак, страсянула яго. Немаладой манашцы, якая зайшла на ўмоўны гук, загадала: — Рызнічай перадай: хай скарб збярэ і нясе да трапезнай...

...Мінулі пустую і гулкую трапезную з адным доўгім, на ўсё памяшканне сталом, чорным, як дамавіна. У куце ў кухні ігумення спынілася:

— На дваіх цяжар бярэм. Больш няма каму...

Перакацілі ўбок паўпарожнюю бочку, ігумення ўторкнула між камянямі тоўсты нож, дастала адзін, другі камень...

Спускаліся ніжэй і ніжэй, ішлі доўга і апынуліся ў невялікім памяшканні, з нізкай столлю і выкладзенымі з тонкай цэглы сценамі. Стала зразумела, што яны пад самым храмам, ля аднаго з ягоных вуглоў. Вугал абапіраўся на велізарны камень-валун. Чвэрць яго, адкрытая, вільготна паблісквала ў трапяткім агні дзвюх свечак.

Кацярына наблізілася да каменя, апусцілася на калені і кранула яго рукой. І адшмаргнула, з жахам гледзячы на далонь — тая была ў густой ліпучай крыві.

— Ой, якая бяда ідзе, якая бяда... — гаротна прагаварыла яна. — На сто гадоў бяда, а колькі ж загіне... Глядзі, матухна, камень крывёй сцякае...

Ігумення Параскева маўчала, кусаючы свае тонкія вусны.

Кацярына павольна, быццам без ахвоты, зняла з сябе вялікі раўнакутны крыж, паклала ў ямінку на камені, потым некалькі хвілін нешта ціха шаптала.

— Як жа будзе? — запытала яе ігумення, калі Кацярына паднялася з каленяў. — Веды ж не ў крыжы, у табе. Табе жыць трэба.

— Па макавінках веды збяруцца, ім не згінуць... Крыж сам гаспадыню знойдзе і веды ёй перадасць, як я не паспела. Прыйдзе час, мусіць прыйсці. Цяпер ваша давайце...

Да познай ночы рупніца Кацярына і ігумення кляштара Параскева пераносілі да падножжа каменя і складалі скарб: разьбяны куфар са святымі мошчамі, залатое царкоўнае начынне, рукапісныя кнігі ў цяжкіх залатых вокладках, абразы ў дарагіх шатах...

— Пастой хвілінку, — сказала ігумення, калі ўсё было скончана. — Зайдзі-тка, пачакай там, я рызнічую клікну.

У пустым пакойчыку Параскева за руку вывела Кацярыну да сярэдзіны, трымаючы ў руцэ скрутак.

— Не паводле правілаў гэта, ды Бог прабачыць. Здымай адзенне, малы пастрыг прымеш...

Кацярына запытальна ўскінула вочы на ігуменню.

— Маўчы, маўчы, — адказала Параскева. — Цябе адну шукаць стануць, будзе надзея між сёстрамі схавацца. Хай Бог дапаможа...

Кацярына хутка, але не мітусліва, скінула з сябе адзежу, распусціла касу, схіліла перад ігуменняй галаву. Тая, ледзь чутна шэпчучы малітву, павольна абрэзала дзяўчыне валасы.

— Адзявай, — падала ёй кашулю і падрызнік.

Ад парога ігумення ізноў паклікала Кацярыну.

— Пастой... Імя тваё як... сапраўднае?

Дзяўчына завагалася на імгненне, потым падняла галаву і, гледзячы проста ў вочы Параскеве, адказала:

— Ведаеце вы імя такое... Дабрава.

Ледзь улоўны цень слізгануў па твары ў ігуменні, нібыта рэзка калыхнулася полымя свечкі.

— Ведаю імя... Прабабка мая гэтак звалася.

Калі Кацярына зачыняла дзверы, ігумення тройчы хутка перахрысціла яе ў спіну, а потым павярнулася да абразоў на покуці, упала на калені і так, на каленях, прыпаўзла да покуці, стала адбіваць паклоны да зямлі, апантана шэпчучы незразумелыя чужому вуху словы.


Барока

Дарога неўпрыкмет выцягнулася ў роўную лінію, і хоць яшчэ нырцавала ўверх-уніз, было зразумела, што яны ўз’язджаюць на вялікі пагорак, падымаюцца вышэй і вышэй. І па кані гэта стала відаць — ён амаль увесь час ішоў напружваючыся, прыкметна прыцішылася хада.

— Так, годзе спаць усім, — падняўся камандзір. — Пад’язджаем! Цяпер прыпынак, перакур-перакус. Далей каб без затрымак. Злазь з калёс!

— Ага, які тут перакус, дробкі ў роце з вечара не было, — заскавытаў Міцяй.

— У цябе, дурня, торба заўсёды будзе пустой, — адгукнуўся Дрон, дастаў з ладунка клуначак, развязаў, абадзьмуў чэрствы акраец хлеба і, адкусіўшы адразу чвэрць, стаў жаваць.

— Ну ты і кулак, — пракаўтнуў сліну Міцяй. — Студэнт! Скажы гэтай скнары, што дзяліцца трэба з таварышамі!

— Ага, скажы, скажы, разумнік, — кіўнуў з пагрозай Дрон.

— Мы... пакуль што яшчэ не пабудавалі таго грамадства, дзе ўсім будзе пароўну заўсёды. Але як толькі завершым вызваленне рэспублікі...

— А нам усё пароўну выдавалі, — бесцырымонна перабіў Дрон Студэнта. — Ён сваё зжор ад прагнасці, а я вось захаваў. І што, мне інтэлігенцыя загадае дзяліцца?

Студэнт не паспеў адказаць — умяшаўся камандзір.

— Адставіць спрэчку! У таварыша камісара ёсць што і на зуб пакласці, і душу сагрэць.

Камісар і праўда саскочыў з калёс з невялікай валізкай, адышоў на затравелую ўзбочыну і ўзяўся даставаць адтуль загорнутыя ў анучыны хлеб, сала, потым — бутлю з крышталёва-празрыстай вадкасцю, невялікую чарку.

— Ямелька, пагаспадар тут, — кіўнуў на хлеб і сала камісар, і Ямелька узяўся акуратна кроіць.

— Ого! — пачуліся радыя воклічы.

Усе без запрашэння паўколам паселі вакол камісара.

Камісар наліваў гарэлку сам, не шкадуючы, па поўнай. Студэнт адмовіўся, спаслаўся на хворы страўнік.

Камандзір паказаў рукой уздоўж дарогі:

— Далей... бачыце? Над лесам белае? Ён і ёсць. Студэнт, правільна? — камандзір падаў Студэнту мапу.

— Так, усё дакладна, таварыш камандзір, — заспяшаўся Студэнт. — Наперадзе проста — кляштар бернардынцаў. Храм Пятра і Паўла. Барока...

— Чаго-чаго? — ускінуў вочы на Студэнта Міцяй. — Ты пра што сказаў, хрэн вучоны? Якія нандзінцы? Што за бароны? Здзекуешся з нас, гад... ну, я цябе штыхом у азадак сапраўды некалі прыгрэю.

— Бернардынцы — гэта манахі... Ордэн, гэта значыць... група такая. Шмат розных было ордэнаў...

— І ўсё на шыю працоўнага класа! Дармаеды! — уплішчыў камандзір.

— Ну... манахі, яны працавалі, — пачаў было Студэнт, але адразу стаў выпраўляцца: — Так, кляштары былі буйнымі землеўладальнікамі, мелі ва ўласнасці і фабрыкі... некаторыя.

— Вось я і кажу, — кончыў здаволена камандзір, — эксплуататары.

— А бара... — пачаў Ямелька, мабыць, больш ад жадання дапамагчы Студэнту выйсці з сітуацыі.

— Барока, — падхапіў Студэнт. — Разумееце, стыль такі архітэктурны. У гэтым стылі і галоўны храм кляштара.

— Эт, загнуў, — жуючы, вышчарыўся Дрон. — Стыль... Ізноў кідаешся словамі разумнымі. Нам што да таго? Наша справа — золата і іншае.

— Не-не, вы няслушна думаеце, — асцярожна пачаў абараняцца Студэнт. — Барока — не проста стыль архітэктуры, гэта цэлая філасофія жыцця. І менавіта яна дала штуршок развіццю ўсяго людства! Як наша рэвалюцыя. Вось ведаеце, — пасмялеў Студэнт, калі ўбачыў, што яму не пярэчаць, але наадварот, пачалі прыслухоўвацца да ягоных слоў, — да эпохі Барока людзі жылі як... як жывёлы, вось. Яны ўсё рабілі толькі для таго, каб здаволіць свае самыя першыя патрэбы.

— Правільна жылі, — ухвальна кіўнуў Дрон. — Так і павінна.

— Не, што вы... Уладзімір Ілліч Ленін казаў, што сапраўдным камуністам можна стаць, узбагаціўшы свае веды ўсім найлепшым, што прыдумала людства.

Згадванне Леніна надало Студэнту вагі, Дрон незадаволена хмыкнуў.

— Дык вось, Барока і ёсць самашчырая рэвалюцыя! І яна мусіла перш адбыцца ў галовах, як і навучаў нас Уладзімір Ілліч. Рэвалюцыя свядомасці! Найлепшыя розумы таго часу зразумелі, што чалавек не жывёла, што ён павінен сам ствараць хараство. Што чалавек — галоўны на зямлі.

Камісар, які дагэтуль маўкліва глядзеў у бок далёкага кляштара, раптам павярнуўся і запытаў:

— І як жа тое папы маглі дапусціць? Каб не Бог, а чалавек — галоўны?

Студэнт нават узрадаваўся пытанню — сур’ёзнаму, на ягоны пагляд, і разумнаму.

— Бачыце... Тады ў грамадстве даспела думка, што Бог ёсць, але ён сваю справу зрабіў, даў усё патрэбнае чалавеку і цяпер на небе. А справа чалавека — спазнаць створанае Богам, кіраваць сваім развіццём на зямлі, ствараць чароўнае. І сталі развівацца мастацтвы, навука, дойлідства. Сталі будаваць хораша...

— Дык, значыцца, Бога на зямлі няма? — прычакаўшы паўзу, асцярожна спытаў Ямелька.

— А ты што, Ямеля, у Бога верыш? — кпліва рагантнуў Дрон. — Дык я цябе асабіста ў новую веру, рэвалюцыйную, ахрышчу!

— Ды нам вось бацюшка... поп, значыць, у войску казаў: Бог, кажа, у табе. Ну, як бы сумленне тваё. Праз яго, значыць, Бог сябе паказвае. А калі Бога на зямлі няма, значыць, сумлення няма, так ці што? — адважыўся Ямелька выказаць свае сумненні.

— Дурасці папоўскія! — упэўнена адрэзаў Студэнт. — Сумленне чалавека вызначаецца ягонай культурай, ягонымі ведамі, ягоным духоўным развіццём.

Камандзір даў каманду сядаць у калёсы. Рушылі. Відаць, Студэнту вельмі блізкая была тэма ўлюбёнага барока, бо ён працягнуў гутарку, абраўшы слухачом Ямельку:

— Сумленне — не ад выдуманага Бога, гэта дадзеныя выхаваннем нормы стаўлення да навакольнага свету. Вось у часы барока людзі імкнуліся адысці ад агрэсіўнай сілы, ад жывёльных эмоцый — яны выхоўвалі ў сабе чалавека.

— І чаго ж не выхавалі? — ізноў задаў раптам сур’ёзнае пытанне камісар. — Дзе ж рэвалюцыя скончылася?

— Уладзімір Ілліч Ленін, — пачаў студэнт, хапаючыся за імя правадыра, як за непарушнае апірышча, — казаў, што ўсе рэвалюцыі да нашай не былі сацыяльнымі, а былі культурнымі ці духоўнымі. А прасцей — буржуазнымі. Значыць, плёнам тых рэвалюцыяў скарысталася толькі вярхушка...

— А кажаш, барока тваё — рэвалюцыя, як наша, — упікнуў камісар.

— Тут важны прынцып агульнага кірунку — як і эпоха барока, наша рэвалюцыя скіраваная на стварэнне новай светабудовы праз нараджэнне новага чалавека: культурнага, пісьменнага, духоўна багатага.

— А храм гэты... ён які? — ізноў улавіў паўзу Ямелька.

— Вельмі прыгожы, — усміхнуўся летуценна Студэнт. — Пра архітэктуру барока на прыкладзе нашых храмаў я пісаў працу. У нас барока перадусім звязанае, вядома ж, з будаваннем храмаў. На гэты час людзі зразумелі, што хараство ў прыродзе — гэта насамрэч прапорцыі. То бок, розныя дачыненні памераў. Каб хата хораша глядзелася, трэба, каб страха ў яе была вось такой вышыні пры такой вышыні сцен — гэта і ёсць прапорцыя, — паказаў Студэнт рукамі. — Зразумела?

— Дык чаго не зразумець, зразумела...

— Вось, у архітэктуры барока прапорцыі пачалі ўлічваць не толькі пры разліку асноўных памераў, але і самых дробных дэталяў. Шырыня і вышыня вокнаў, дзвярэй, вышыня вежаў, сцен, шырыня фасада — усё было вельмі дакладна знітавана! Будаўнікі таго часу вывучылі дойлідства старажытнай Грэцыі. Вядома, яны не сталі слепа капіяваць усяго, але нейкія элементы ўзялі сабе, дэталі. Трохі змянілі іх. Зразумела?

— Не, — вінавата прызнаўся Ямелька. — А што за элементы?

— Ну, скажам, у Грэцыі храмы будаваліся з калонамі. Вось і ўзялі ад калон частку... Да вонкава простых прастакутных фасадаў сталі дадаваць вежы — або адну цэнтральную, або ўсе тры — дзве з бакоў, адна ў цэнтры.

— Чуеш, Студэнт, — бесцырымонна ўлез у гутарку Дрон. — Ты мне казкі не бай, лепей проста скажы: от калі ў мяне на хаце няма пеўня, а ў суседа — ёсць, дзе цяплей узімку будзе?

— Выбачайце... А што такое — певень на даху?

— Цю... вучаны, кажаш... З дрэва певень, на грэбені самым, ясна?

— А, так-так, вядома, зразумела... Гэта характэрна для драўлянага дойлідства, выступ шчыта аздабляўся... Але тое наўрадці можа паўплываць на цеплыню ў хаце...

— От і дурань ты, інтэлігент. Цяплей будзе ў той хаце, дзе гаспадар за лета дроў больш назапасіў, зразумела табе? А певень — ён для красы толькі. От якая карысць ад красы?

— Як жа... Толк красы ў ёй самой...

— Тфу, паўдурак! — сплюнуў Дрон. — І якая ад вас карысць, ад такіх вось, вучоных? Дармаеды. От памянеш маё слова — мала вас застанецца пасля рэвалюцыі, бо няма чаго вас, дармаедаў, карміць. Ні сеяць, ні араць, адно кніжкі чытаць. Бач яго, барока ён ведае...

На гэтым змоўклі.

Храм вырастаў павольна, няўхільна, нібы не яны ехалі да яго, а ён рос з зямлі, рабіўся ўсё большым і большым. Спачатку ледзь чутна, а потым ясней і гучней пакаціўся з вежаў цяжкі звон: прызыўна-трывожны, аддаваўся ў грудзях шчымлівым водгукам, сэрца бухкала яму ў тахт.

— Чаго яны звоняць? — з незадаволенасцю ў голасе падумаў уголас Дрон.

— Нас клічуць, — рагатнуў Міцяй.— От цяпер у лазенцы папараць, блінцамі накормяць.

Звон раптам сціх, калі яны апынуліся каля самога храма.

Загрузка...