— Пакуль што лагічна, — кіўнуў Алег Барысавіч. — Бачу, вы цудоўна зразумелі кірунак думак што да па-ганскіх святаў: гэта толькі дзікунства, вычварнае, настоенае на страху, прымхах і чалавечых ахвярах. Тады — працуйце. Па Калядах — два артыкулы, у першым акцэнтуйце ўвагу на ахвяраванні марозу, у другім — ахвяраванні ваўчынай кодле... Яшчэ момант: калядная зорка.

— Думаю, хітрасць паганцаў: абрады ж былі забароненыя царквой пасля прыняцця хрысціянства, то паганцы насілі з сабой быццам правобраз той зоркі, якая, паводле Бібліі, узышла ў гадзіну нараджэння Хрыста. Страхаваліся, карацей.

— Неблагі ход... Але трэба развіць.

— У Калядных тэкстах сустракаюцца ўжо даўно вітанні нараджэння Хрыста...

— Цікава, дзякуй. З Купаллем, разумею, вам будзе прасцей?

— Ды тут жа ўсё на паверхні, — пацепнуў плячыма Генадзь, здаволены тым, што ў яго запыталіся і пра гэтае свята. — І запісы розныя, і малюнкі знойдзеныя кажуць пра тое, што быў звычайны дзікунскі шабаш: ненажэрлівасць і сэкс “без правілаў”. Можна правесці аналогію са Стоунхенджам: як цяпер высветлілі, у тым месцы збіраліся раз на год, пілі, елі і з імпэтам рабілі дзяцей. Масавае запладненне саміц, звычайная дзікунская оргія. Прадыктавана гэта было элементарнай практычнасцю, якая, сваім парадкам, абумоўлівалася сельскагаспадарчым годам: Купалле — найлепшы час для такога шабашу. Жанчына, якая зацяжарыла ў купальскую ноч, увосень здольная выконваць работу практычна без абмежаванняў, бо тэрмін цяжарнасці маленькі. Узімку, калі ёй трэба шанаваць плод і ашчаджаць сябе ў працы, яна болей сядзела за ткацтвам ды шыццём. Нараджэнне дзіцяці прыпадае на пачатак вясны, таксама ніякіх цяжкіх работ не вялося. Да таго, як выйсці ў поле, дзіця можна было браць з сабой і пакідаць у баразне на дзень.

— Не забудзьце істотнага моманту: у самым слове “купалле” чуецца “купа” — значыць, куча, гурт разам. Адсюль праводзіцца паралель з “савакупленнем”, — заўважыў Алег Барысавіч так, рыхтык Генадзь атрымаў заданне пісаць на тэму Купалля, і працягнуў тым самым загадным тонам: — Гэта будзе першая частка артыкула, пажадана зрабіць яго дасканала, са спасылкамі на патрэбныя тэксты вядомых купальскіх песень, дзе вы знойдзеце, што гаворыцца менавіта пра мажлівасць такога спарвання. Другая частка: паказаць ролю тагачаснага шамана, валхва, старэйшыны племені. Зразумела, што дзікунскі народ з асаблівай прагаю чакаў менавіта такога свята, як ночы рэалізацыі сваіх жывёльных інстынктаў. У той час адзінкі навучыліся прымітыўнаму адсочванню часу, так што той шаман быў адзіным, хто мог зрабіць “адмашку”. Варта пашукаць і скарыстаць дадзеныя пра хмельныя напоі. Дым ад спальвання ў вогнішчах той самай каноплі мае дурманлівы эфект, што падагравала дзею. Пашукайце такіх момантаў.

Генадзь моўчкі кіўнуў, потым нясмела запярэчыў:

— Але ж у “купаллі” чуецца і “купаць”...

— Мы мусім самыя пачуць і прымусіць слухаць іншых тое, што трэба нам, — мякка, але настойліва адказаў Алег Барысавіч. — Пагатаў, падставы менавіта так пачуць ёсць. Згодныя?

— Вядома, згодны, — паспяшыў Генадзь.

— Вось і выдатна, — даравальна кіўнуў Алег Барысавіч. — Як бачыце, — ён крыху развёў рукамі ў бакі, — ужо цяпер вам трэба напісаць чатыры артыкулы. Далей — будзе яшчэ. І па Купаллі будзе не два, і не тры, а дзесяць і больш, у розных варыянтах, акцэнтуючы розныя моманты ў рознай ступені. Пісаць будзеце шмат і рознага, будзеце працаваць у сеціве — я скажу рэсурсы, гэта паважныя электронныя выданні, якія патрабуюць вашага ўмення ставіць пад сумнеў высновы аўтараў. Калі казаць каротка — мы зможам забяспечыць вас работай пры вашым жаданні і выкананні вамі нашых умоў на працяглы час і плаціць так, каб прадпрыемства не засціла сабой даляглядаў, — скончыў Алег Барысавіч з усмешкай. — Яшчэ ёсць пытанні? Пытайцеся, я ж ведаю, што ёсць... — усміхнуўся зычліва.

— Ведаеце, бо самыя справакавалі мяне думаць? — усміхнуўся і Генадзь. — Можа, пытанне “не па тэме”, але ж вы і самыя не раз сказалі пра “нас”, вось і цяпер... Ці магу я спытацца, хто гэта — “мы”? І, шчыра кажучы, няўжо так важна цяпер займацца калупаннем у струхлелым мінулым, выцягваць косткі паганцаў ды іх прымхі, спрачацца... Не разумею...

Генадзь падняў вочы, зірнуў на Алега Барысавіча і сустрэў пранізлівы позірк шэраватых вачэй.

— Калупацца, як вы кажаце, важна. Нам важна. Хто мы? Гэта не так важна... Вы ведаеце, за што не любілі вашу бабулю? — Алег Барысавіч запытаў хутка, рэзка, здалося — нават крыху падаўся наперад, упіўся вачыма ў Генадзяў твар.

Генадзь уздрыгнуў. Ён думаў, што быў гатовы да ўсяго. Але ж не да такога пытання.

— Не ведаю... Я ўспомніў... невялікія шматкі. Як яна памірала. Як жанчыны казалі пра яе.

— Яна ж клікала вас перад смерцю? — перапыніў Алег Барысавіч.

— Так, — разгубіўся Генадзь. — А адкуль вы ведаеце?

— Я не ведаю, я пытаюся... А як патрапіў да вас яе абярэг?

— Абярэг? А... Вы пра той талісман... Я нядаўна ездзіў туды... Вёскі ўжо няма. І знайшоў. Там, пад ложкам. Яна перад смерцю, я ўспомніў... казала, каб я забраў.

— Усё вельмі проста, — Алег Барысавіч нібыта супакойваў. Ён павярнуўся, пашукаў вачыма кельнерку, тая адразу з’явілася ля століка: — Каву, калі ласка.

Генадзь сядзеў, разгублены тым, што ён гэтулькі сказаў пра сябе амаль невядомаму чалавеку. Але адначасна яму стала лягчэй, быццам ён сам і невядомы мужчына перайшлі праз умоўную рысу і цяпер сталі бліжэй адзін да аднаго. Алег Барысавіч усё рос і рос у Генадзевых вачох: ён адчуваў у ім сілу, значнасць. Але якую сілу? Што за значнасць? У Генадзя ўсё больш расла ўпэўненасць у тым, што яму трэба пільнавацца гэтага чалавека, што ён для яго — як старэйшы настаўнік. Як... бацька амаль.

Нешта казытала, свярбела на грудзях. Аж карцела пачухацца, але ж не станеш тут, у кавярні перад такім чалавекам.

Прынеслі каву.

— Вы ведаеце, Генадзь, што такое ўлада? — пасля хвіліны маўчання спытаў Алег Барысавіч. — Не адказвайце, я патлумачу, Вы запамінайце. Дык вось, улада — зусім не мажлівасць камандаваць людзьмі. Поўная ўлада — незалежнасць ад людзей. І то такая, што яны і не здагадваюцца. Чым болей вы не залежыце, тым болей у вас улады. Вашу бабулю не любілі таму, што яна жыла незалежным чалавекам. Ад вяскоўцаў яна не залежала. І гэта не магло іх не хваляваць. У нас ненавідзяць незалежных. Бабуля мусіла бараніцца — каб ёй давалі жыць так, як яна хоча жыць. Бяда вашай бабулі і іншых такіх людзей у тым, што яны заставаліся самы-адны. Не маглі памагчы адно аднаму. Мы ж памагаем: усе — аднаму, адзін — усім і кожнаму. Зразумела?

— Так... — працягнуў Генадзь, паставіў кубачак і не вытрымаў, палез па цыгарэты: — Вы прабачце, Алег Барысавіч, надта ж хачу курыць. Вы дазволіце?

— Вядома, вядома, курыце, — мякка дазволіў той. — Вы згодныя са мной?

— Не зусім, — нясмела запярэчыў Генадзь. — Нельга ж быць незалежным ад усіх-усіх...

— Але, нельга, — лёгка згадзіўся Алег Барысавіч. — Вы будзеце залежаць толькі ад мяне. Але я, сваім парадкам, забяспечу для вас незалежнасць ад усіх астатніх. Зразумела?

— Амаль... Так, зразумела.

— Але вось што, — мужчына ўсміхнуўся спагадна. — Не залежаць ад іншых — не значыць ігнараваць іх, не залежыць ад дзяржавы — не значыць не выконваць яе законаў. Незалежнасць — гэта перадусім нутраное адчуванне сваёй поўнай свабоды. Улада над людзьмі адбываецца праз думкі. Патлумачу: вунь кельнерка. Хто ад каго залежыць: яна ад мяне ці я ад яе? І што тут галоўнае? Дык вось, галоўнае тое, хто чые думкі ведае. Я не залежу ад кельнеркі, бо я магу з упэўненасцю агадаць усе яе крокі, яе рэакцыю на ўсё, што ні зраблю тут. І я ведаю яе мажлівасці. Зразумелі? Ведаць думкі, ведаць мажлівасці, агадваць крокі.

— Няпроста... — уставіў у дадзенай для яго паўзе Генадзь. — Няпроста ведаць думкі.

— Сапраўды няпроста, — ахвотна згадзіўся Алег Барысавіч. — Калі вы хочаце ведаць, якая будзе ў дзіцяці цацка, вы яму цацку набываеце. Мы фармуем думкі.

Генадзь амаль уздрыгнуў — апошнія словы ягоны суразмоўца сказаў так жорстка і з такім націскам на “мы”, быццам Генадзь быў у ягонай камандзе, і не проста быў, а зрабіў нейкую работу неналежна, і вось яму выгаворваюць. Тым часам Алег Барысавіч двума глыткамі дапіў каву.

— Вы не задумляліся, Генадзь, вось над чым, — стаў ён казаць задуменна: — Ёсць людзі, якія пішуць вершы, ёсць тыя, хто любіць паэзію. Ёсць аматары музыкі, а ёсць кампазітары. Ёсць пісьменнікі, і ёсць чытачы. Людзі заўжды дзеляцца на тых, хто нейкі прадукт вырабляе, і тых, хто яго спажывае. Здольнасць адчуваць сябе незалежным і быць незалежным — як здольнасць пісаць вершы. Здольнасць падпарадкавацца — здольнасць да чытання. Быць па-над некім — талент. І людзей, якія маюць гэты талент, вельмі мала. Мы шукаем адзін аднаго, мы яднаемся. Гэтаксама, як яднаюцца паэты. Але наша розніца ў тым, што мы не крычым пра свае здольнасці ля кожнага слупа і не ладзім перформансаў. Наша розніца ў тым, што мы не душым адзін аднаго, каб давесці, чый талент большы. У нас, я вам казаў, кожны дапамагае кожнаму. Згодныя?

І зноў пытанне было пастаўленае так, што Генадзь на момант разгубіўся: згодны ён, што мець здольнасць да ўлады — талент, ці з тым, што ён гатовы прыняць правілы, калі... калі яго прымуць?

— Згодны, — з лёгкім хваляваннем адказаў ён.

— Працягнем, — кіўнуў Алег Барысавіч. — Тая частка, большая і агрэсіўная, якая мае адну здольнасць: падпарадкавацца, імкнецца, аднак, вылузнуцца са сваёй скуры. Гэтаксама, як просты чытач у нейкі момант навучыцца рыфмаваць цень-дзень і думае, што ён паэт. Калі адзін ці два — не бяда. Яны не могуць істотна паўплываць на сітуацыю. Але ж усе графаманы імкнуцца знайсці да іх падобных, аб’яднацца.

Калі разам, то лягчэй і бацьку біць. Няма нічога болей амбітнага, агрэсіўнага і сляпога ў сваім жаданні кіраваць, чым купа графаманаў. Яны ўздымаюць такое выццё, што іх пачынаюць чуць. І калі недзе адзін прабіваецца хоць да маленькай улады ў грамадстве — ён цягне да сябе падобных. Графаманства ў вершах вылушчваецца самым жыццём праз гады і дзесяцігоддзі, а вось графаманства ў незалежнасці — куча п’янага быдла, якое дарвалася да ўяўнай улады. Уявіце, што яно можа нарабіць...

Генадзь закурыў яшчэ адну цыгарэту, заўважыўшы, што вентыляцыя ў кавярні вельмі добрая — дым падхапляў і цягнуў угору, да навешанай столі, невідочны скразнячок. Генадзь слухаў, намагаўся зразумець усё сказанае, але розум перапаўнялі эмоцыі: паважаны чалавек, чалавек моцны і ўплывовы, зараз расказвае яму адну з таямніц, якую ведаюць адзінкі. Абраныя. І яму, Генадзю, прапаноўваюць падзяліць таямніцу, стаць яе часцінкай.

— Кожны нявольнік, які здольны быць адно нявольнікам, імкнецца прыдумаць для сябе бога. Ён стварае сабе бога і думае, што бог — над усімі. І тым апраўдвае сваё нявольніцтва. Калі такі бог — нейкі дух, ці камень, дрэва, сонца — гэта нармальна. Няхай сабе моліцца, няхай забівае сабе падобных і ахвяруе свайму богу. Усё вядома і зразумела. Але калі купа рабоў прыдумляе сабе бога, які аб’ядноўвае ў сабе дрэва, камень, сонца, мову, мінулае і будучыню — вось што кантраляваць практычна нельга. Такі бог незразумелы, бо такім задуманы. Ён — непазнавальны апрыёры. Вось такіх багоў быць не павінна. Бо разам з такім богам нявольнік стварае сабе такую рэч як сакральнасць. А калі нявольнік мае сакральнасць, ён не хоча быць нявольнікам. Ён адчувае ў сабе мажлі-васць змяніцца. І мяняецца. Няхай не за адно пака-ленне, але мяняецца. Цяпер уявіце: у краіне кожны ад нараджэння ўмее таленавіта пісаць вершы, складаць музыку, маляваць. Мастацтвы страчваюць сэнс. Тым больш страшна, калі сэнс страціць незалежнасць — усе становяцца зноў нявольнікамі. Згодныя?

— Згодзен, — упэўнена адказаў Генадзь. — Усё, што ёсць на зямлі, мае сэнс толькі тады, калі ёсць ягоны антыпод, — смела выказаў ён сваю думку.

— От і добра.

Алег Барысавіч запытальна паглядзеў на Генадзя, маўляў, што цябе яшчэ цікавіць. І Генадзь адважыўся задаць яшчэ адно пытанне:

— Выбачайце... Але ж вось вы — не нейкая дзяржаўная ўлада?

— Вядома, не, — адразу ж адказаў Алег Барысавіч. — Не варта блытаць сапраўдную ўладу з дзяржаўнай. Кожны дзяржаўны чыноўнік таксама нешта чытае і нешта слухае. У яго ёсць сябры, начальнікі, падначаленыя. І чыноўніку таксама можна і трэба іншым разам падказаць: як думаць і пра што. Памятаеце, пра што я казаў? Вы застаяцеся незалежным ад людзей тады, калі ведаеце іх думкі. А каб ведаць — трэба прымусіць думаць так, а не іначай. Каб вы не задавалі апошняга пытання, адкажу адразу: зразумела, наша гутарка мусіць застацца між намі. Вельмі прашу памятаць. У вас, бачу, няма больш пытанняў? Вы падумалі? Берацеся за работу?

— Так, бяруся... — Генадзь пракаўтнуў, дробна задрыжалі пальцы, калі душыў у попельніцы недакурак.

— Добра, — Алег Барысавіч неяк зусім незаўважна, лёгкім рухам, дастаў з нутраной кішэні пінжака невялікую капэрту. — Аванс. Праз два тыдні чакаю чатыры артыкулы. У капэрце тэлефон, паталефануйце. Сустрэнемся тутака ж. Хачу папярэдзіць: ваша дзейнасць можа быць звязаная не толькі з напісаннем артыкулаў. У нас шмат работы.

У Генадзя ў падсвядомасці мільганула кволенькая думка: ён патрапіў зараз у моцную, адмысловую сетку. Але адмахнуўся — быў перакананы, што ўсё робіць слушна. Бо бабуля казала яму менавіта пра гэта: ён будзе над людзьмі.

Генадзь, імкнучыся паказаць сваю годнасць і другаснасць для яго грошай у такі момант, амаль абыякава ўзяў капэрту і, не зазірнуўшы ў яе, перагнуў, паклаў у заднюю кішэню джынсаў.

— Дзякуй, я ўсё зраблю.

— Тады да пабачэння, — Алег Барысавіч падаў сваю руку цераз столік, злёгку паціснуў і прытрымаў Генадзеву руку: — Ты ж адчуваў увесь час, як нешта казыча цябе, так? — нязмушана перайшоўшы на “ты”, дапытліва запытаўся ён. — Чаго было саромецца? Трэба было б проста пакласці сваю руку на грудзі. На абярэг...

Ён усміхнуўся — неспадзявана амаль драпежна, і Генадзь разгублена прыўзняўся з крэсла:

— Да пабачэння.

Алег Барысавіч застаўся сядзець пры століку, Генадзь зразумеў, што выходзіць ім трэба паасобку. Ён выйшаў, заўважаўшы трохі разгублены кельнерчын пагляд. “Я ведаю, што ты думаеш” — вясёла падумаў ён пра дзяўчыну ў доўгай чорнай спадніцы з глыбокім разрэзам збоку і белым нягеглым фартушком наперадзе.

Толькі на вуліцы Генадзь асцярожна прыклаў далонь да грудзей — на абярэг. Злёгку прыціснуў і ледзь не войкнуў — як апякло. Адвярнуўся да сцяны будынка, расшпіліў два гузікі на сарочцы і пабачыў на грудзях невялікія белыя сляды апёкаў. Асцярожна крануў абярэг (так, ягоны абярэг!). Той быў гарачы. Генадзь асцярожна сціснуў двума пальцамі срэбны кружок, стрываў, адчуўшы, як цяпло кружка імкліва губляецца ў скуры пальцаў. І стала лёгка.


3

Генадзь спазнаў асалоду ад жыцця. Урэшце кожны ягоны дзень быў запоўнены працай, якая яму падабалася. Ён і не думаў, што для яго так шмат значыць асабіста рабіць тое, што даспадобы, ды яшчэ і атрымваць за гэта грошы. Ён пісаў артыкулы, браў удзел у дыскусіях на нейкіх рэсурсах, то некага на загад падтрымваючы, то разбіваючы. Спасылкі і заданні знаходзіў у сваёй паштовай скрыні. Жыццё не тое каб набыло сэнс, а стала ўпарадкаваным, цякло ў спакойным, прыемным рэчышчы. Яно не стамляла, не надакучала.

І яшчэ адно Генадзь адчуў: вакол яго ўзнікла нейкая, як бы сказалі на якім эзатэрычным форуме, аўра. Першая неспадзяванка: рэцэнзент, які дагэтуль толькі крывіўся пры сустрэчы, і Генадзь ужо змірыўся з тым, што ў яго будуць тут пэўныя праблемы з дыпломам, раптам стаў іншым. Ветлым, зычлівым. Тую ж зычлівасць Генадзь стаў адчуваць у крамах і барах. Не зычлівасць нават — павагу, сапраўдную, не найграную. Цяпер і сам Генадзь на вуліцы, у памяшканнях пры сустрэчы з рознымі людзьмі найперш звяртаў увагу на твары людзей, на іх вочы — ён хацеў адгадваць, пра што думаюць людзі, на што яны здольныя ў сваіх дзеяннях тут і цяпер. Вывучэнне людзей для самога Генадзя нібы паставіла дзіўным парадкам шкляную сцяну між ім і іншымі. І нават не сцяну... Генадзь глядзеў на навакольных як на... рыбак у акварыуме: ён ведаў, быў пэўны ці здагадваўся пра іх будзённыя справы, іх намеры, адгадваў іх рэакцыі. Гэта весяліла, прыносіла сапраўднае задавальненне ад той самай яго, Генадзевай, незалежнасці ад усіх астатніх. Ягоная незалежнасць заўважалася іншымі, Генадзь бачыў гэта: ён выглядаў для сустрэчных куды больш значным, чым раней.

З дыпломам справа рухалася быццам сама сабой: Генадзь заказаў (заробленае напісаннем артыкулаў дазваляла) графічную частку нейкаму студэнту. Кансультант забяспечыў матэрыяламі. Людміла і тут прапанавала Генадзю сваю дапамогу: “Ты ж, Генік, бачу, заняты зусім іншым... Мне няцяжка набраць... Я разумею, што мяняць трэба істотна, я змагу”. Генадзь быў крыху расчулены прапановай ад Людмілы і сказаў, што заплаціць ёй. Людміла, было відаць, крыху засмуцілася. Генадзь заўважыў, але нічога не сказаў. Ён падумаў... І калі дыплом быў гатовы, павёў Людмілу ў ювелірны шапік.

— Ты неяк прызналася, што любіш золата. Не спрачайся са мной, калі ласка. Выберы сама сабе тое, што даспадобы. У абсягах ста пяцідзесяці даляраў. Не пярэч.

У той момант, калі ён казаў свае словы, а Людміла глядзела на яго, ён зразумеў, што зрабіў слушна: не змусіў сілком узяць грошы (а такая думка была), а прывёў у краму. Ніколі раней з такой адданай цеплынёй, з такім абагаўленнем Людміла не глядзела на яго па-за межамі кватэры. І яна не стрымалася, пацягнулася, пяшчотна і лёгка пацалавала яго ў вусны пры ўсіх у краме.

За апошні месяц, як Генадзь пачаў пісаць артыкулы для Алега Барысавіча, ягоныя дачыненні з Людмілай набылі важкасць і адначасна лёгкасць. Генадзь усё часцей лавіў сябе на думцы, што яму хочацца аддзячыць Людміле за тую ўтульнасць і бесклапотнасць, якія яна стварае для яго. Ён колькі разоў браў Людмілу з сабой на вадасховішча, былі яны па вечарох у кавярні, выходзілі пагуляць, заходзілі ў які бар пасядзець, дазвалялі сабе па келіху віна. Гэтым Генадзь і сабе прыносіў нямала прыемных хвілін: на ягоную Людмілу ўзіраліся мужыкі ўсякага веку, ад дзяўчыны, здавалася, біла хваля пачуццёвасці, яна не магла не хваляваць. Было прыемна ўсведамляць, што Людміла — ягоная жанчына, што кожнае ягонае слова будзе выканана ёю без аніякага супраціву. Толькі пра адно яна будзе прасіцца — калі Генадзь надумае яе выкінуць за дзверы.

Адзін дзень Людміла, вінавацячыся, запытала:

— Генік, нам разам спаць, я ж адчуваю, цесна на канапе, нязручна... Я падумала, хачу ў цябе спытаць: а чаму б не набыць вялікі ложак? Табе і аднаму будзе зручна, нават калі ты... захочаш застацца... без мяне...

Сказала і сцялася ўся, як у чаканні ўдару.

Генадзь усміхнуўся — не мог не ўсміхнуцца: думка пра вялікі новы ложак яму ўжо прыходзіла ў голаў, і той факт, што першая пра яго загаварыла Людміла, выбаўляў ад патрэбы казаць ці рабіць тое самому, што магло быць расцэнена як прызнанне Генадзя ў нейкіх выдуманых пачуццях ці планах.

— Займіся гэтым сама. Колькі будзе каштаваць?

— Але калі табе не спадабаецца?

— Мне павінен падабацца не ложак, а ты ў ложку, — дазволіў сабе такое прызнанне Генадзь, і Людміла ўдзячна, з абяцаннем, усміхнулася. — Нешта стылёвае, без усякіх там аздобаў...

— Добра, я пастараюся...

Мінула тры ці чатыры дні. Мабыць, Людміла чакала патрэбнага моманту. У той дзень Генадзь паехаў да рэцэнзента, потым у яго былі яшчэ справы ва ўніверсітэце. Калі прыехаў, па паху ў вітальні адчуў: нешта новае ёсць у кватэры. Так заўсёды пахне новая мэбля.

Людміла сустрэла яго ў новым халаціку. У ім яна была ўся як нейкі сэксуальны выклік ці заклік, вось цяпер, стаўшы з загадкавай усмешкай перад Генадзем, яна проста правакавала яго на дзеянні эратычнага характару.

— Ну, з якога ляку квітнееш, як ружа?

— Паўзірайся, што ў нашай спальні, — гулліва прыкусіла вусны Людміла.

Генадзь прапусціў міма вушэй яе "ў нашай спальні” — няхай сабе лічыць "нашай”, цешыцца. Ён скінуў туфлі, прайшоў у пакой і, праўда, уражаны, застыў на парозе: амаль усю прастору займаў вялізны ложак. Дзве падушкі, дзве коўдры. "Гэта выдатна, што дзве коўдры”, — міжволі падумаў Генадзь. Бялізна была незвычайнага для Генадзя колеру: чырвона-чорная з белым. Ложак невыказна вабіў да сябе абяцаннем прыемнага адпачынку. Але ён сам, ды яшчэ з новай бялізнай насычаных колераў здаваўся тут чужым — сцены пакоя шматкроць павялічылі несучаснасць і беднасць шпалераў.

— Рамонт трэба рабіць, — пакрывіўся Генадзь, азірнуўся на Людмілу: — Колькі каштуе?

— Мне... мама дала на ложак, — ціха прызналася Людміла.

Яе тварык выглядаў няшчасным — быццам яна несла нешта дарагое для Генадзя, ды тое сапсавалася на апошніх кроках, і замест шчаслівага моманту выйшла прыкрая нягегласць.

— Табе... недаспадобы ложак? — усё ж наважылася спытаць Людміла.

Генадзь падумаў пашкадаваць яе, адказаў з усмешкай:

— Зараз апаласнуся і паглядзім, ці зручны ён!

Менавіта ложак надаў іх дачыненням важкасці.

У Генадзевай кватэры з’явілася першая самавітая рэч, якая сведчыла пра яго як чалавека сямейнага. Ён і не быў супраць той рэчы. Больш таго, пасля першай жа ночы пашкадаваў, што не здзейсніў задумы раней: спаць было куды прыемней, зручней, чым на той канапе, якая цяпер стаяла ў зале, а разам з яшчэ адной выйшаў амаль што мяккі куток. Людміла прапанавала: цяпер ёсць майстэрні, якія з дзвюх канап зробяць адну: вялікую, зручную. Генадзь пагадзіўся — і канапы зніклі на тыдзень, а потым у зале з’явілася адна, зусім іншага колеру і выгляду, вялікая кутняя канапа. Так зручна было на ёй чытаць, глядзець тэлевізар..

А потым здарылася і зусім нечаканае для Генадзя. Яму ў голаў не прыходзіла, што некалі такое будзе мажліва. Ён успрымаў Людмілу як цалкам самадастатковую адзінку, для яго не існавала яе мінулага, гісторыі яе жыцця. Ён прымаў толькі сучаснасць існавання, і то менавіта яе. Калі з нейкіх прычынаў Людміла ўзгадвала сваіх маці і бацьку, яны заставаліся для Генадзя схематычнымі кропкамі на мапе, не болей, прычынай для з’яўлення грошай, скажам. Вось як з новым ложкам: Людміліна маці настаяла на тым, каб дачка ўзяла грошы і на іх купіла нешта ў кватэру. Людміла пераконвала Генадзя, што маці ведае ўсю праўду пра іх стасункі: што яна сама жыве тут толькі праз дабрыню і дазвол Генадзяў, што ў іх ніякі не шлюб. Так, маці нешта была пачала ёй выгаворваць пра цноту ды пазашлюбнае жыццё з мужчынам, але Людмілін бацька як адрэзаў: дачка даўно самастойны чалавек, разбярэцца сама лепей за маці. Тым больш, што час змяніўся. Гэта Генадзю казала Людміла, калі ён неяк у ложку, будучы ў добрым гуморы, спытаўся ў яе пра хатніх. Так ён даведаўся, што Людміла, як і ён, адзіная ў сям’і.

І вось Людміла папрасіла дазволу прыняць хоць на паўгадзіны маці — вельмі хоча пабачыць, як жыве дачка. Бо недзе глыбока ў душы хавае найстрашнейшыя думкі пра яе сапраўднае становішча. Ёй усё здаецца, што жыве Людміла не ў добрай кватэры, не сапраўднай гаспадыняй, не з разумным маладым чалавекам, а недзе ў страшным вычварным прытоне...

Генадзь на хвіліну разгубіўся, скрывіўся ад з’яўлення такіх вось гасцей у хаце. Падумаў і пагадзіўся, хай прыязджае маці, паглядзіць — нічога страшнага тут няма. На гадзіну-другую ён проста з'ездзіць куды-кольвек. Але не болей. А потым падумаў, і самому стала смешна: а чаго ён будзе ўцякаць са сваёй кватэры? Ён гаспадар тут! Так і адказаў Людміле: няхай прыязджае маці. Можа і пераначаваць. Але трэба ведаць ёй і разумець, што праз тыдзень абарона дыпломаў...

Людміла прыціснулася да яго ўсім сваім гнуткім целам, горача абцалавала і твар, і грудзі, і плечы.

Генадзь потым не пашкадаваў, што і дазволіў, і сам не ўцёк з хаты. Людміліна маці была невысокага росту жанчынай сталага веку, з дробнымі рысамі твару, ахайненькая, хоць бедна адзетая.

Генадзь выйшаў з пакоя павітацца. Ён падумаў, што Людміла будзе яшчэ больш абавязанай яму за ягоную праяву ветласці.

Выцвілыя вочы жанчыны, глыбока запалыя ў маршчыністы твар, глядзелі на Генадзя з такой, сапраўды сабачай, адданасцю, што ў першы момант Генадзю стала няёмка. Але няёмкасць адразу мінула: Генадзь разумеў прычыны і падставы для такога пагляду: ён зрабіў будучыню для яе дачкі. Вось цяпер, у гэты момант, калі перад вачыма была сапраўдная кватэра, якую яе дачка адамкнула сваім ключом, калі яна пабачыла чысціню тут, парадак і хатнюю ўтульнасць, яна паверыла ў той цуд, пра які расказвала ёй дачка: яна няхай і вось так, без вяселля, але выйшла замуж, яна жыве з няхай і несапраўдным, але з "законным” мужам у гарадской кватэры, яна стала прыгожа адзявацца, яна добра выглядае, яна знайшла сабе месца працы пасля ўніверсітэта ў горадзе... Што яшчэ трэба маці? Да таго ж, пакуль што гэты несапраўдны муж нікуды і не думае выганяць яе дачку, яму добра з ёй, а далей што ж... Звычка — яна такая, яна мацней за нейкія там пачуцці. Тыя ўспыхнулі ды пыхнулі, а потым нясцерпна гарачага захочацца таго, што раней было цёплым...

Людміла дзеля матчынага прыезду набыла сабе новы халат — каб быў ніжэй каленяў. Генадзь толькі пасміхнуўся з яе невялікай хітрасці. Правяла маці па кватэры, потым яны пайшлі на кухню. Праз паўгадзіны Людміла асцярожна прыадчыніла дзверы, пацікавілася: можа, ён хоча разам паесці, там маці прывезла вясковых прысмакаў?

Генадзь адмовіўся — гэта было залішне для яго. Не ставала яшчэ сядзець за сталом з чужой жанчынай, чаркацца з ёй і чакаць, калі ў яе з языка сарвецца "зяцёчак” ці яшчэ што кшталту "ты яе не крыўдзі, яна ж харошая, яна ж даглядзіць...” Ён бачыў пагляд, і годзе.

— То я сюды табе прынясу, добра? — з адчувальнай палёгкай прапанавала Людміла. Яна разумела, што цяпер павінна паводзіць сябе максімальна асцярожна: Генадзь і думкі не павінен дапусціць, што яго нейкім спосабам збіраюцца прывязаць і што матчын візіт — адно з агніваў таго невідочнага ланцуга.

Генадзь моўчкі кіўнуў, потым дадаў:

— І кавы звары мне.

Людміла паспяшалася на кухню.

Людміліна маці доўга не затрымалася — мо гадзіны з дзве прабыла яна ў кватэры, потым дачка сказала, што яны пойдуць у горад, адтуль — на вакзал. І што есці нагатавана. Увечары ў ложку Людміла была яшчэ ласкавейшая, адданейшая, чым тады, калі яны распісаліся і яна пакінула яго галодным на дзень.

І новы шырокі ложак, і прыезд Людмілінай маці надалі лёгкасці стасункам: усё стала неяк прасцей, быццам было прамоўленае апошняе недагаворанае, і яны прынялі ўсе правілы стаўлення адно да аднаго. Людміла пачала паводзіцца ў кватэры вальней: не перапытвала лішні раз, ці можна ўмыкаць музыку, прыбірала тады, калі мела час. Амаль увесь дзень у кватэры працаваў тэлевізар на музычным канале. Але яна заставалася нязменна ўважнай і паважнай да Генадзя. Ён быў яе богам — гэтак успрымаў Генадзь Людміліна стаўленне да сябе. І ведаў, што мае права такім быць. Бо таго, што ён даў і дае цяпер Людміле, іншыя жанчыны не маюць усё жыццё: элементарнага жаночага шчасця — кахаць і быць патрэбнай каханаму.

Ды адно вярэдзіла думкі гадзіну ці дзве новым адчуваннем. На другі дзень пасля прыезду-ад’езду Людмілінай маці, калі Генадзь сядзеў у ванне, а Людміла шаравала яму спіну, ён, глянуўшы на яе голыя грудзі, што калыхаліся мерна перад тварам, падумаў: а Людміла ж некалі стане як маці. Вялікія, цяпер пругкія, грудзі стануць адвіслымі, нечым напалову запоўненымі брыдкімі скуранымі торбамі, адрузне скура на паўнаватых лытках, з’явіцца тоўсты жывот; зморшчыны ўкрыюць твар, высахнуць вусны, пачарнеюць зубы; вочы паменшацца, уцягнуцца ў чэрап, выцвітуць іх зрэнкі... І такую жанчыну можна будзе любіць у ложку? Цалаваць пляскатыя цыцкі са зморшчанымі смочкамі? Не... такога не будзе. Як будзе — потым і вызначым. Але так не будзе...

Прапанова ад Алега Барысавіча сустрэцца была для Генадзя не зусім прыемнай: той не сказаў пра мэту, а ў голасе прагучалі металічныя ноткі, якія трохі драпанулі самалюбства. Аднак Генадзь адчуў прыемнае хваляванне радасці: яму закарцела зноў апынуцца побач з гэтым уладарным чалавекам.


4

Сустрэча гэтым разам праходзіла не ў кавярні, а ў машыне Алега Барысавіча. Сваю машыну Генадзь пакінуў, перасеў да “шэфа”, як стаў у думках з адценнем павагі называць мужчыну.

— Тут грошы за работу і апошні артыкул.

Генадзь узяў капэрту, падзякаваў.

— Твой рэцэнзент цябе не крыўдзіць? — Алег Барысавіч павярнуў галаву да Генадзя, і таму раптам стала зразумела: у вачох ягонага “шэфа” была па-сяброўску змоўніцкая ўсмешка.

— Не, не крыўдзіць... Я і не чакаў...

— Што ён так зменіць сваё стаўленне да цябе? Я казаў: мы дапамагаем адзін аднаму. Дарэчы, табе трэба вучыцца далей. Наша прапанова: ты паступаеш на завочнае і цяпер ідзеш працаваць у інстытут мовы і літаратуры.

— Дык... Я ж — тэхнар... Інстытут мовы? Паступаць вучыцца? Хіба на гістарычны... Мяне зацікавіла паганства, — Генадзь казаў асобныя сказы, цалкам разгублены ад агучанай перспектывы.

— У нас даволі сяброў сярод гісторыкаў, — быццам з сапраўдным болем ад гэтых слоў сказаў праз зубы Алег Барысавіч, і Генадзь зразумеў: гэта не простая прапанова падумаць, гэта новае яго жыццё. І ён мусіць цяпер прыняць гэты варыянт, ці... ці ўсё скончыцца.

— Але што мне рабіць з маёй адукацыяй у інстытуце мовы?

— Ты добра валодаеш камп’ютарам... Умееш пісаць, пачнеш вучыцца — мажлівасці пашырацца. Праца нескладаная, будзе часу і на напісанне артыкулаў.

— А... навошта вам мова? — спытаў Генадзь больш ад разгубленасці, абы нешта спытаць.

— Ты патрэбен там. Калі ты там будзеш, тады будзеш ведаць, дзеля чаго і як. Ты згодзен?

— Дык... размеркаванне ж...

— Цябе адпусцяць на ўсе чатыры бакі.

Генадзь у той момант не проста паверыў у мажлівасць такога развіцця падзей — ён быў пэўны, што ўсё, што задумляе і робіць Алег Барысавіч, заўсёды здзяйсняецца і здзяйсняецца так, як запланавана і як ён хоча. І адначасна расла радасць у душы: ён збаўляецца ад сваёй катаргі на вытворчасці, у яго будзе цікавае і разнастайнае жыццё, ён разам з моцнымі!

— Я... згодзен, — адказаў Генадзь, запнуўся, раззлаваўся на сябе і паўтарыў цвёрда. — Я згодзен. Але... я думаю, што...

— Слушна думаеш. Я не адзін раз і не два, а ўвесь час павінен буду пераконвацца, што ты — надзейны чалавек. Таму перад тым, як закруціцца машына твайго далейшага лёсу, табе трэба зрабіць адну справу.

Алег Барысавіч прамаўляў гэтак сама рэзка, каротка, але голас ягоны палагаднеў. І Генадзь цешыўся — значыцца, ён спраўдзіў спадзяванні такога чалавека.

Алег Барысавіч адкінуў бардачок машыны, дастаў мапу, разгарнуў.

— Нічога запісваць не трэба, запамінай. Сто семдзесят кіламетраў ад нас. Вось вёска. Там на ўскрайку стаіць старая школа. На лета яе зачыняць. Драўляная. У школе ёсць пакой... Паўночна-ўсходні кут. Там пазбіраныя розныя рэчы кшталту старых лапцяў, самапрадак, ручнікоў. Роўна праз тры дні а другой гадзіне ночы — час дакладны, улічы, школа мусіць загарэцца. Над вёскай будзе навальніца.

— А... адкуль вы ведаеце, што будзе навальніца? — першае, пра што запытаў збянтэжаны Генадзь. Ён думаў пра напісанне якога артыкула, а тут — падпаліць старую школу...

Аднак пытанне толькі надало настрою Алегу Барысавічу: ён шырока ўсміхнуўся, паглядзеў на Генадзя:

— Шкада, што ты так мала ведаеш пра сваю бабулю... Ты не здзівіўся, што да цябе сталі прыходзіць сны, ты не здзівіўся, што ўспомніў пра бабулю, успомніў яе запавет, тое, што яна мусіла табе перадаць. Ты не здзівіўся, што тое знайшоў. Не здзівіўся, што яно падказвае табе — і цяпер падказвае — з якім чалавекам ты сядзіш. Ты не здзівіўся, што знайшоў нас. І цяпер ты будзеш здзіўляцца, калі я скажу, што звычайны гузік, які ўпусціла з рук твая бабуля і падняла суседка, мог стацца прычынай скрыўлення пальцаў на руцэ? Што яна магла пазычыць у суседкі гарлач на час (а тая не магла адмовіць), а забірала ўсё малако ад каровы? Што ёй ставала толькі пагладзіць парсючка, як той канаў праз дзень? Калі скажу, што для тваёй бабулі даволі было сыпнуць тры жменькі маку ў тры студні, каб тры навальніцы за тры дні падпалілі тры хаты ў вёсцы — па адной у дзень? Яна ведала і ўмела гэтулькі, што мне не пераказаць і за дзень.

— І я... навучыўся б ад яе? — хрыпата пацікавіўся Генадзь. Яму было вусцішна.

— Навучыўся б, — паблажліва хмыкнуў Алег Барысавіч. — Навука не такая складаная, бо галоўнае табе дадзенае пры нараджэнні. Але сёння такія гульні нікому не цікавыя. Так, часам скарыстаць, як цяпер. Такія, як бабуля твая — ніжэйшы ровень. Яны ро-яць і нават не ведаюць, дзеля чаго. І хто ім загадвае. Іншым разам яны і адмовіліся б ад сваёй здольнасці, але не могуць. Ты — можаш. Бо вольны рабіць выбар.

Міма праязджалі машыны, ішлі людзі — звычайны будзённы дзень, сонечны і яркі. Генадзю на нейкі момант падалося, што яго размова з гэтым мужчынам, пра якога ён адно і ведаў, што імя і імя па бацьку (і ці сапраўдныя яны яшчэ?), несапраўдная, ірэальная. Што так не можа быць: вунь жа — сучасны свет і сучасныя людзі, да якіх можна дакрануцца нават, калі высунуць руку, да іх можна выйсці, толькі адчыніць дзверы. А тут — нешта нерэальнае, фантасмагарычнае: загавораныя гузікі, пазычанае малако, мак у студнях... Але адно рэальнае: ён можа рабіць выбар. Яго паставілі на тую ступень, дзе ён — вольны. Ён, Алег Барысавіч, паставіў.

Машына награвалася, але вокны былі крыху прыдчыненыя. Генадзю стала горача. Абярэг на грудзях, датыкаючыся да цела, не абпальваў пякуча, а халадзіў, як маленькая льдзінка.

— Што ты хацеў яшчэ спытаць? — пачуў Генадзь пытанне, зададзенае спакойна, але і з патрабавальнымі ноткамі, нібы Генадзь мусіў пытацца.

— А... што ў тым музеі такога?

— Рэчы, якія мусяць быць знішчаныя. Яны ўтрымваюць у сабе веды. Веды такога ж кшталту, што і тваёй бабулі. Але не нашы веды. Чужыя.

— Паганскія?

— Не мае істотнага значэння, як іх называць.

— Выбачайце... я думаў, калі чытаў... Вы казалі, што небяспечна, калі рабы прыдумляюць сабе бога і набываюць сакральнасць. Але ж... вось прыдумалі рабы Хрыста, а атрымаўся яшчэ адзін інстытут улады. Чаму б і з паганствам не абысціся такім спосабам? Каб нешта падпарадкаваць, найлепей яго ўзначаліць...

Алег Барысавіч зірнуў на Генадзя неяк вельмі ж пільна, усміхнуўся.

— А чаму ты думаеш, што такое не адбываецца? Але не ўсё так проста. Каб хрысціянства стала інстытутам улады, спатрэбіліся стагоддзі, перапісванне і прасейванне напісанага... Яшчэ пытанні?

— Алег Барысавіч, вы прабачце, яшчэ момант такі... Вы ж казалі, што законы дзяржавы вы не парушаеце, жывяце паводле іх... А мне... такое заданне.

Адказ быў жорсткім, як тое і чакаў Генадзь:

— Паводле законаў жыве не той, хто іх не парушае, а той, каго не заўважаюць у парушэннях. Усё?

Калі зараз Генадзь скажа "ўсё”, гэта будзе значыць, што ён згодзен ехаць у тую вёску і падпаліць а другой гадзіне ночы старую невядомую школу, дзе ляжаць невядомыя яму рэчы, якія ўтрымваюць невядомыя, але чужыя для яго веды. Калі скажа “не” — ён можа выходзіць з машыны. І застанецца з чым? З заводам і Людмілай? З зарплатай інжынера-тэхнолага ліцця пластмасы? Без чалавека, які даў яму зразумець, што такое сапраўдная незалежнасць? Хіба не дзякуючы яму Генадзь цяпер пачуваецца нечым, а не нічым?

Паўза зацягнулася. Алег Барысавіч глядзеў проста перад сабой, быццам яго цікавіў зараз не Генадзь, а аўтамабілі, якія праязджалі паўз ягоны прыпаркаваны “мерседэс”.

— Я хачу дадаць, што ў капэрце апрача ўсяго ляжыць аванс — чвэрць сумы ад усёй за начнае падарожжа ў тую вёску. Ты зазірні...

Генадзь уздрыгнуў, як абудзіўся.

— Навошта... Я ведаю, што вы плаціце шчодра, — ён павярнуўся да Алега Барысавіча і ўсміхнуўся. — Па гэтай справе мне б удакладніць дзве-тры дэталі...

— Пытайся.

— Што скарыстаць для падпалу?

— Бензін. У пластыкавай тары. Выбіць шыбу. Памятаеш пра месца?

— Так, паўночна-ўсходні кут. Мяне ніхто за ўвесь час не павінен бачыць?

— Вядома.

— Болей няма пытанняў...

У сваёй машыне Генадзь распячатаў капэрту, і сэрца ўсхвалявана затахкала: абвязаныя паперкай, на якой алоўкам было напісана “вёска”, ляжалі трыста даляраў. Толькі чвэрць...

Навальніца была сапраўды — з такімі зыркімі маланкамі і страшэннымі ўдарамі грому, што Генадзю стала вусцішна. Добра, ён незаўважна праехаўся тут удзень, выглядзеў, дзе можна паставіць аўтамабіль так, каб і школа была блізка, і машыну з дарогі не відаць было. Прайшоўся старым школьным садам, паназіраў за школай. Знайшоў патрэбнае акно.

Цяпер ён пазіраў на мабільнік, стоячы пад страхой доўгага будынка школы, хаваўся ад дажджу. У навакольнай цемры на другім канцы вёскі (там былі гаспадарчыя пабудовы — фермы, склады ці яшчэ што), неба, у самым нізе, стала імкліва набрыньваць чырвонай кропкай, нібыта ўздымалася незвычайная чырвоная поўня. Мабыць, маланка патрапіла ў якое сенасховішча, там пачаўся пажар. “От і добра, на мяне ніхто не зверне ўвагі”, — падумаў Генадзь. Счакаў яшчэ хвілін дзесяць, зірнуў на мабільнік — пара. Калі грымнуў гром, моцна націснуў рукой, абкручанай анучай, на шкліну ў раме вялікага акна. Тая амаль нягучна трэснула, за ёй другая, падвойная. Аскалепкі шкла ўпалі на нешта мяккае ўнізе, бо не было чуваць гуку. Ліў з паўтаралітровай пляшкі бензін, захваляваўся, удар грому прагучаў, здаецца, пад самым вухам, асляпіла маланка. Пах бензіну быў востры, але прыемны, ён супакойваў. Выліў усё, кінуў пляшку ў выбітае акно, дастаў запальнічку і невялікую, зробленую заранёў, паходню. Неспадзеўкі стрэліла дурная думка: на яго цяпер глядзіць сотня вачэй вось з гэтага саду, ён робіць усё на людзях. Азірнуўся, прысеў, пачакаў яшчэ аднаго сполаху маланкі. Стары школьны сад быў мярцвяна-сіні і пусты. Калі маланка ўспыхнула наступным разам, Генадзь чыркнуў запальнічкай, падпаліў паходню і мітусліва кінуў у дзірку, прысеў.

Полымя ўсхапілася ўсярэдзіне агняным клубком, языкі яго рвануліся праз выбітае шкло вонкі.

"Нармальна, загарэлася...” — ацаніў сваю работу Генадзь і, прыгнуўшыся, амаль подбегам, заспяшаўся ў сад, углыб, далей і далей. Бег і бачыў, як перад ім скачуць па лісці дрэў агняныя "зайчыкі”. Не ўтрымаўся, азірнуўся — полымя шугала ў будынку, выбівалася праз акно доўгімі чырвонымі языкамі.

Дождж узмацніўся. Дрыжачымі рукамі завёў машыну, паехаў асцярожна, панічна азіраючыся, молячыся аб адным, каб нікога не сустрэць.

Выехаў на трасу і газануў так, як ніколі раней не ездзіў, хоць дарога была небяспечная: мокрая, слізкая. Затое пустэльная.

Вяртаўся ў пустую кватэру — яшчэ ўдзень ён загадаў Людміле, каб яе тут не было гэтай ночы. Пабачыўшы перакрыўлены сапраўдным болем тварык, усміхнуўся: "Не бойся, баб я сюды вадзіць не буду... Трэба так”.

Скінуў адзенне, памыўся. Доўга не мог заснуць.

Калі назаўтра, бліжэй да палудня, яго разбудзіла званком Людміла (так ён загадаў), усё ўчорашняе падалося прыгодніцкім сном. Увамкнуў кампутар... І няўмольна пацягнула знайсці ў сеціве хоць нешта з учорашніх падзей. Не можа быць, каб два пажары ў адной вёсцы засталіся без увагі сённяшніх сайтаў навін.

Знайшоў. Пачаў чытаць, і жывот агідна сцягнула, сціснула грудзі, што не дыхнуць: "...Маланка стала прычынай загарання старой школы. Не змог выйсці з будынка мясцовы жыхар, 75-гадовы пенсіянер, былы дырэктар школы А. Т. Апошні час ён жыў там у пакойчыку як вартаўнік, бо ў школьным музеі знаходзіліся вельмі каштоўныя з гледзішча этнаграфіі і культуры рэчы. Дарэчы, А. Т. і стварыў музей, збіраючы экспанаты пяцьдзясят гадоў. Школу закрывалі, і музей мусіў пераехаць у школу аграгарадка на наступны тыдзень”.

І амаль адразу ж заспяваў тэлефон. Нумар не вызначыўся, значыць — Алег Барысавіч.

Сустрэча была прызначана бліжэй да вечара. Генадзь ледзь стрымваў сябе. Людміла патрапіла “пад руку” — ён аблаяў яе бруднымі словамі, сказаў, каб не лезла ў вочы і ў душу. Тая сцялася, было чуваць, як плакала ў лазенцы. Генадзь паехаў на сустрэчу тралейбусам, бо ў полудзень ён не стрымаўся і крыху выпіў джыну з бара, што збірала Людміла.

Сустрэліся ў кавярні. Алег Барысавіч ужо чакаў, хоць Генадзь падышоў за пяць хвілін. На стале стаялі талеркі з закускамі, графінчык з гарэлкай.

— Там... Там быў чалавек. Вы мяне не папярэдзілі... — Генадзь казаў з крыўдай, ніяк не мог супакоіць свайго хвалявання.

— Выпі і закусі. І яшчэ раз выпі. Цяпер закуры і слухай, — спакойна адрэагаваў Алег Барысавіч. — Там быў не чалавек, а пенсіянер, — казаў ён не жорстка, але пераканаўча. — Стары слімак, які ледзь соўгаўся па зямлі. Ніхто не ведаў, што ён там застанецца начаваць. Хто ён табе? Ніхто. І ўсе табе ніхто. І мне ніхто. Вунь, бачыш за акном пайшла цётка. Вось зараз яна ўпадзе і памрэ — табе будзе яе шкада? От бачыш.

— Але ж тут...

— Ты стаўся прычынай яго смерці? Ты забіў? Няхай і так. Ты чытаў у навінах пра старога?

— Чытаў... Ён стварыў той музей, — адказаў Генадзь з сапраўднымі ноткамі сентыментальнасці — выпіты раней джын і цяпер дзве чаркі гарэлкі добра-такі сп’янілі яго.

— Ён з тых, каго мы выкарчоўваем. Ён — жрэц, чужы і нікому не патрэбны. Шкодны нам, — жорстка адказаў Алег Барысавіч і дадаў: — Не думай пра яго, Генадзь.

Ён вельмі даўно не звяртаўся да Генадзя па імені. Вельмі даўно. І гэты факт амаль расчуліў таго (хоць былі тут прычынай і выпітае, і хваляванне).

— А вось скажыце... Там яшчэ пажар здарыўся, сенасховішча загарэлася — ці выпадкова?

Алег Барысавіч скрывіўся, як ад кіслага.

— Генадзь, годзе быць маленькім хлопчыкам. Я ж казаў табе: нічога не бывае выпадковага там, дзе мы. Я казаў табе, што колькі ты будзеш працаваць, столькі цябе будуць правяраць.

— І цяпер правяралі? Але як? Навошта?

— Правяралі, — нібыта са скрухай цярпліва адказаў Алег Барысавіч. — Бо я не хацеў бы пабачыць, што ля школы стаіць нейкі бомж, які за літроўку выконвае за цябе адказную работу.

— І... што вы пабачылі? — страх праслізнуў Генадзю ў жывот, як і раніцай, падняўся да грудзей.

— Пабачыў тое, што мяне здаволіла: невялічкі відэафільм, які цалкам пацвярджае тваю шчырасць у справе і тое, што я не памыліўся, і мне не трэба адказваць за цябе... так, Генадзь, мяне таксама правяраюць. І з мяне таксама пытаюць. Некалі ты станеш на маё месца, ты пабачыш, колькі дадзена табе ўлады і за колькі ты адказваеш. Такі наш кон...

Вэрхал думак круціўся ў Генадзевай галаве. Яго цяпер ужо не проста купілі. Недзе асобна ад ягонай галавы, воблакам над ёй, вілася думка пра тое, што Генадзю няма дарогі назад. Што ў кожны патрэбны момант тое відэа можа патрапіць... Куды трэба, туды і патрапіць. І ўсё пойдзе марна.

— На кручок мяне злавілі, — праз сілу ўсміхнуўся ён, разумеючы, што нельга казаць такія словы, нельга проста ў твар вінаваціць такога чалавека. Гэта гарэлка надала смеласці і безразважнасці.

— Мы ніколі не здаем сваіх. Пакуль яны з намі.

Генадзь пільна зірнуў ў твар свайму “шэфу” і пабачыў... стому ў вачох. Выпіў чарговы наліты шкалік, пацягнуў да сябе і засунуў у капэрту з грашыма, расчулена-п’яна і, як яму здавалася, пранікнёна сказаў:

— Я цяпер з вамі... назаўсёды.

— Тады сустрэнемся заўтра.

Алег Барысавіч зрабіў ледзь улоўны жэст рукой, і Генадзь зразумеў, што яму трэба ісці.

Назаўтра ён прыехаў на дамоўленае месца, сцяты страхам: думаў, што ягоныя ўчорашнія паводзіны не спадабаліся ягонаму “шэфу”. Ён меўся адразу павініцца, але Алег Барысавіч пачаў гутарку сам, справавіта, як і не было ўчорашняй размовы.

— Работа, якую ты зараз атрымаеш, не мае пэўнага часу выканання. Але і зацягваць нельга. Імя — Ганна. Прозвішча — Мікуліч. Выпускніца медвучэльні. Працуе акушэркай у медпункце. Вось вёска... Яна трохі старэйшая за цябе, але з выгляду амаль роўня. Табе трэба зблізіцца з ёй. Так, каб яна табе давярала. Не спяшайся. Простым заляцаннем яе не абдурыш: яна не з тых. Галоўнае запомні цвёрда: пры сустрэчы з ёй на табе ні ў якім разе не павінна быць твайго амулета. Ні ў якім разе.

— А... хто яна? — усхвалявана глытнуў сліну Генадзь — ён ніяк не чакаў атрымаць падобнага задання. Гэта і хвалявала, і надавала прыемнай упэўненасці на далёкую перспектыву: яму ніколі не будзе сумна, ён будзе заняты самым розным і цікавым. А жанчына, маладая... Хіба ж так складана: заваяваць яе ўвагу і сяброўства?

— Яна не простая жанчына, не разлічвай на хуткую справу, — нібыта падслухаў ягоныя думкі Алег Барысавіч. — Галоўнае: ты павінен выклікаць у яе максімальны давер. Знойдзеш яе ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Падумай добра, з чаго пачаць.

Генадзь згодліва кіўнуў, злавіў сябе на думцы, што Алег Барысавіч так і не адказаў: што за жанчына? Падумаў: перапытаць ці не? Ведаў, ”шэф” ніколі не забываўся на пытанне, перапытваць — лічы праявіць нахабства. Але чамусьці цяпер Генадзь здумаў, што мае права ведаць: ён не нейкі там бомж, які за пляшку “чарніла” падпальвае стары дом. Ён — у камандзе.

— Дык хто ж яна такая? — спытаў нібыта абыяка-ва, замёр.

Алег Барысавіч пільна зірнуў на Генадзя. Усміх-нуўся вачыма. Адказаў:

— Яна — асаблівая. У яе ёсць тая рэч, якая нам патрэбная. Проста так забраць рэч мы не зможам. Мы не ведаем, дзе яна. Гэта ты і даведаешся. Пазней патлумачу далейшыя дзеянні. Калі не выйдзе — будзе іншы варыянт... Яшчэ ёсць пытанні?

— Не, няма...

— Выдатна. За месяц я хачу бачыць цябе добрым знаёмым Ганны Мікуліч, чалавекам, якому яна давярае. І запомні вось што: калі яна даведаецца, хто ты ёсць, то пры выпадку... яна заб'е цябе без усякага жалю. Калі яна пабачыць твой абярэг.

Генадзь уздрыгнуў.

— Я... зраблю.

— Добра, пачынай... Пазней мы пагутарым яшчэ не раз пра яе. Ты шмат пра што даведаешся. Абяцаю: будзе цікава. Але, вельмі сур’ёна. Так, што адзін не дасі рады. За маёй спінай, за два столікі ад нас сядзяць двое хлопцаў, трохі старэйшыя за цябе. Гэта твае памочнікі. Пазнаёміцеся пазней.

Генадзь ніяк не чакаў такога павароту, разгублена зірнуў за спіну Алега Барысавіча. Там сапраўды сядзела двое маладых мужчын. Адзін быў нейкі невыразны, які б першым згубіўся ў натоўпе, бо нішто, ні ў паставе, ні ў твары, ні ў адзенні, не вылучала яго. Другі быў хударлявы, невысокага росту. Падносіў бакал піва да рота, і Генадзь скрывіўся: сярэдні палец рукі — карацейшы за ўказальны, з нейкай сіня-чорнай плямай на канцы. Генадзя заўсёды брыдзіла ад калецтва. Хлопец, мабыць адчуўшы позірк, ўзняў на Генадзя твар. Ягоныя вочы былі крыху пукатыя, чырвоныя, быццам ён толькі што моцна плакаў.

— Ды ён жа... наркот, — разгубіўся ад сваёй зда-гадкі Генадзь.

— Нам трэба розныя людзі, — халодна спыніў яго Алег Барысавіч. — Ад яго ёсць карысць, і яшчэ будзе... Цяпер слухай уважліва, — у голасе загучалі сапраўдныя сталёвыя ноткі. — Час тваёй праверкі для прыняцця цябе фактычна скончыўся. Ты ад сёння — у нас. І гэта, апрача іншага, значыць, што як мы працуем на цябе, так ты працуеш на нас. Заданне, якое ты атрымаў, не аплочваецца. Бо яно сярод нашых жыццёвых інтарэсаў. Нашых супольных. Маю пэўнасць, ты разумееш, што грошы, якія мы плацілі табе раней, зусім не аплата тых артыкулаў. Так, яны каштуюць, але каштуюць у разы меней. Слухай, не перабівай. У цябе будуць яшчэ заказы на артыкулы, але кірунак будзе зменены. І цэны будуць рэальнымі...

— Вы куплялі мяне? — не ўтрымаўся, з крыўдай у голасе выдыхнуў Генадзь.

— Мы правяралі цябе, — свідруючы яго вачыма, адказаў Алег Барысавіч, а пагляд ягоных вачэй загадваў сядзець, не рухацца, не пярэчыць. — Ты не дзіця.

І раптам усміхнуўся амаль ветла, як старэйшы малодшаму, падбадзёрваючы:

— Ты застаешся з намі — і ў цябе ўсё будзе добра. Вельмі добра.

Развіталіся.

Прыкрасці ў Генадзевай душы не было. Можа таму, што Генадзь за гэты час зразумеў: Алег Барысавіч — гэта невядомая, жорсткая сістэма, якая мае ўладу і моц. Такую ўладу і такую моц, што можа чыніць суд над жыццямі людзей. І каб быць унутры яе, трэба нечым ахвяраваць. Генадзь цяпер мусіць падпарадкоўвацца? Гэта з якога боку паглядзець. Ён не падпарадкоўваецца, ён працуе ў сістэме, ён цяпер — яе паўнаварты сябра. І яшчэ яму сказалі, што ён будзе некалі на больш высокім месцы...

Падпал школы і смерць старога настаўніка ўвачавідкі дзялілі Генадзева жыццё на «да» і «потым». Ён не проста разумеў, што назад яму дарогі няма, а адчуваў змены ў самым сабе, у сваім стаўленні да людзей. Яму адкрылася неверагоднае: забраць у чалавека жыццё можна, і можна пасля гэтага жыць так, быццам нічога не адбылося. Вось ён спрычыніўся да чужой смерці — і з ім нічога не адбылося. І не адбудзецца. Пакуль ён у сістэме, у коле, якое яго прыняло...

Адамкнуў дзверы сваім ключом і здзівіўся: гучна працаваў тэлевізар, а Людміла не з'явілася ў вітальні, як заўсёды, не зазірнула запытальна-аддана ў вочы.

Скінуў чаравікі, зазірнуў у вялікі пакой і замёр ад убачанага: Людміла сядзела на канапе, склаўшы рукі на жываце, і глядзела на экран. Яна нават не павярнула да яго галавы!

Ён маўчаў, уражаны, не знаходзячы тлумачэння яе паводзінам. Хваля злосці стала імкліва ўздымацца ў ім, запаўняючы першыя імгненні разгубленасці.

Можа, Людміла адчула яго стан, павярнула галаву, але на яе твары Генадзь не пабачыў ні ценю страху, ні пакоры.

— Есці хочаш? — спытала Людміла.

Што праўда, у голасе была заклапочанасць і ўвага, але Генадзя яе пытанне, яе смелы, так — смелы — позірк амаль знямілі.

— Я плоў зрабіла, разагравай у мікрахвалёўцы, — дакончыла Людміла і адвярнулася ад Генадзя.

— Ты... ты забылася, хто тут гаспадар? — Выціснуў з сябе Генадзь, стрымваючыся, каб адразу не сарвацца на крык (потым, потым ён крыкне гучна: «Вымятайся!», перш трэба ціха...)

— У мяне цяпер другі гаспадар, — з загадкавай усмешкай павярнулася да яго Людміла і выразна пагладзіла свой жывот. — Вось тут мой цяперашні гаспадар...

— Ты... ты заляцела? — выдыхнуў Генадзь, яшчэ не да канца ўсведамляючы існасць Людміліных слоў.

— Мы заляцелі, — мякка паправіла яна і, не даючы часу на адказ, на абдумванне, дадала адначасна з лёгкай таямнічасцю і радасцю: — Дзядзька Алег сказаў, каб мы з табой нараджалі шмат дзяцей...

— Які... дзядзька? — толькі і змог выдавіць з сябе Генадзь, прачуваючы перад сабой страшэнную прорву, няўхільнасць нечага страшнага, што вось-вось абрынецца на яго.

— Дзядзька Алег Барысавіч. Ён сказаў, што ведае цябе...

Генадзю здалося, што ён пахіснуўся, таму спешна павярнуўся, каб яна не пабачыла яго стану. Пайшоў на кухню, крутнуў кран і стаў чакаць, пакуль сцячэ вада, каб набраць у кубак халоднай. Хоць ведаў, што ў лядоўні ёсць ахалоджаная мінералка...


ЧАСТКА 6


1

Сястра патэлефанавала не ў лепшы момант — Лобач якраз сфармуляваў у галаве апошні абзац для артыкула, цяпер хутка запісваў, асцярожна трымаючы думкі, не акцэнтуючы асаблівай увагі ні на адной асобна, каб не засціла іншыя і кожная з іх мела свой шанец быць заўважанай, легчы радкамі літар на маніторы. Таму не адказваў, і Надзея не стала настойваць, адлучылася сама. Ведала: калі Алеся патурбаваць не ў той час, пачне псіхаваць.

Лобач запісаў апошні сказ, смачна паставіў кропку, перачытаў — канец удаўся. Узяў мабільны і патэлефанаваў сястры.

— Мабыць, я зноў не ў час, — выбачалася Надзея. — Ты ўдома? Заеду, трэба перагаварыць...

— Што, замуж выходзіш?

— Ага, во тут знайшла аднаго за каменем, дык яго і вязу, — без усмешкі адказала Надзея. — Дык як — будзе час ці заняты?

— Не, не заняты, хацеў гатаваць вячэру, дык ты акурат і згатуеш.

— Добра, заеду ў краму... Што набыць?

— Усё ёсць, чакаю...

За паўгадзіны Надзея прыехала — нейкая трохі засмучаная, задуманая. Маючы амаль сорак, яна выглядала нашмат маладзей: чысты круглявы твар, невысокага росту — у маці пайшла, зграбная постаць. Адным словам, прывабная: Алесь ведаў пра яе дабрыню і гатовасць да ахвяравання сваім асабістым дзеля нечага чужога. Ён ніколі не ўлазіў у прыватнае сестрыно жыццё, аднак ведаў, што Надзея не мае мужчыны. Як развялася пасля трох гадоў замуства з трэнерам-наркаманам, так болей ні з кім і не сходзілася, нават на кароткі час. Наўрад ці хавала б яна ад брата якія стасункі, калі б яны былі — яна даўно не ўспрымала Алеся як малодшага, наадварот, шмат у чым раілася з ім. Тым больш, што ўсякае жытло рана ці позна патрабуе мужчынскіх рук. У Надзеінай кватэры, якая ёй засталася як спадчына ад яе няўдалага сямейнага жыцця, і дзякуй, што хоць такая. А якіх дзяцей мог пакінуць ёй мужчына, што апошні год літаральна “сядзеў на голцы”! Алесь сам рабіў вялікі рамонт пасля смерці Надзеінага мужа. Часам сястра клікала памагчы ў дробязях.

Надзея не тужыла з самога факту мужавай смерці — ён для яе памёр раней, у тыя дні, калі перад ёй разгарнулася сапраўды бездань — бездань таго жыцця, у якім жыў яе Слава і якое старанна хаваў. Яна апантана кінулася была яго ратаваць — і ўмомант адляцела назад, усё адно як кінуўшыся абдымаць сустрэчную электрычку. У тыя дні на яе скронях з’явіліся першыя сівыя валасы. Муж, калі ўсё высветлілася, стаў прыводзіць да сябе сябрукоў. Яна супраціўлялася як магла той навале, што лезла ў яе хату, але аднаго дня Слава, у галаве і цягліцах якога яшчэ не зусім атрафавалася памяць пра самба, кінуў яе, як вялікую ляльку на падлогу, а потым скруціў і выпхнуў за дзверы. Яна не плакала, апынуўшыся ў Алесявай кватэры, усё расказала — і як скамянела: “Я яго пахавала. Славы больш няма. Тая істота — не мой муж”. І як вынесла прысуд — праз паўгода Слава ўцячэ з вар’ятні, уколе проста за плотам (яго будуць чакаць там) нейкую мярзоту ў вену і адыдзе назаўсёды ў свет мрояў, без якіх не мог жыць на волі.

Алесь ніколі не ўпікаў сястру. Некалі разам з маці ён адгаворваў Надзею ад замуства са Славай — той не спадабаўся ні маці, ні Алесю. Бацька маўчаў — не хацеў ніяк утыкацца, ні па добраму, на па злому. Але... было запозна. Потым Надзея прызнаецца маці: яна пасварылася са сваім мужчынам, ён з'ехаў некуды ў Расію, і Слава, як кажуць, падвярнуўся пад руку: уважлівы, упэўнены ў сабе, толькі што вярнуўся аднекуль з Еўропы, куды вазіў дзяцей на спаборніцтвы. Тры месяцы сустрэч: перш ад болю расстання з былым, потым — звыклася, а далей ёй здалося, што яна калі і не кахае, дык усё адно бачыць сябе з цяперашнім мужчынам шчаслівай. Справілі невялічкае вяселле, вечарыну, Надзея нават не ў белай сукенцы была, і вэлюм нявесты, зразумела, не адзявала. Яна была цяжарная, але (калі глядзець наперад), Бог злітаваўся: яна выкінула на трэцім месяцы. А ў астатнім першы год Надзеінага сямейнага жыцця быў амаль шчаслівым: Слава атрымаў урэшце кватэру, маці дапамагла Надзеі з мэбляй. Адзінае, што замінала Надзеі бачыць сваю сям’ю зусім удалай (апрача нястачы дзяцей), — частыя накіраванні Славы за межы краіны. Ён тлумачыў, што змяніў работу, працуе кансультантам. Потым яна даведаецца, што за накіраванні гэта былі і за якую мяжу: на другі год сямейнага існавання ў мужа сфармавалася другое, патаемнае жыццё, дзе баль правілі сябры, дарагі алкаголь, танныя жанчыны і, галоўнае, наркотыкі. І якое ён хаваў ад жонкі як мог: ілгаў, выкручваўся, адмоўчваўся, скандаліў. У адзін дзень ёй стане зразумела, што муж ужо два гады як нідзе не працуе, а тая нібыта зарплата — рэшткі грошай, якія доўгія гады адкладвала ягоная маці і потым аддала свайму сыну як падарунак на вяселле. Гэтыя грошы Слава схаваў ад жонкі, на іх і мацавалася другое ягонае жыццё. Калі б яшчэ не Надзеіна праца ў школе настаўніцай, якая забірала яе час ад раніцы да вечара, можа, і не так склалася б, можа, яна заўважыла б раней, змагла б уратаваць...

Пасля пахавання мужа і рамонту кватэры, дзе Надзея змяніла ўсё — падлогу, столь, сцены, мэблю — яна сказала Алесю: “Усё. Як адрэзала кавалак жыцця. І ты не ўспамінай. Яго не было: ні Славы, ні трох гадоў замуства...”

Надзея скінула туфлі ў вітальні, прысела, выцягнула стомлена ногі, памацала-пагладзіла свае лыткі:

— Што, бедненькія, за дурной галавой натаміліся?..

— І куды яны цябе насілі? — пацікавіўся Алесь.

— Ат, сяброўка прыехала з правінцыі, разам некалі сканчвалі, у Кантакце знайшла. Тое пакажы, гэтае пакажы. Потым у сад камянёў зацягнула... Ну што, суп гатаваць? — прайшла на кухню, начапіла фартушок.

— Не, лепей наша фірмовае: паўкурыцы на дваіх, я там набыў, як ведаў.

— Ну, добра, я бульбу абіраю, ты разрэж яе пакуль што...

— І чаго ж ты такая сумная? Стаміла сяброўка? — стаў пытацца Лобач, разразаючы тушку курыцы.

— Дзе там... сяброўка не стаміла. Здаецца, усё было добра: і паўспаміналі, і пасядзелі, кавы папілі, нават віна пакаштавалі... А потым пайшлі ў сад камянёў. Вось колькі ён у нас — а я там была толькі два разы. Ну, пайшлі, — казала Надзея, абразаючы бульбу. — І от ведаеш, ходзім мы там — і настрой, ну проста з кожным крокам — мяняецца. Нібыта нехта выцягвае з нас весялосць і бестурботнасць. Гаварыць пачалі на паўголаса. І во цяпер яшчэ нешта не адпускае, як не ў садзе пабыла, а...

— А на могілках, — упэўнена кончыў Алесь. — А што ж ты хацела: гэтакзваны сад і праўда — могілкі. Бо камяні жылі там, адкуль іх забралі. Некалі ляжаў вось такі валун ля вёскі — яго ведалі, у яго было сваё імя, да яго нехта звяртаўся, з ім загаворвалі. Яго выдралі адтуль і прывезлі сюды. Гэта як людзі: кожны паасобку ў сваёй хаце — жывы і розны. А на могілках усе падобныя, бо ўсе мёртвыя. І таму гаварыць не будзеш гучна, таму выцягвае з цябе весялосць: бо клодаўе.

— Але ж навошта?

— Што навошта? — Алесь адклаў нож убок, памыў і выцер рукі, прысеў за стол і закурыў. — Сабралі камяні навошта? Ну, некаму вось даспадобы прыйшлася такая ідэя — сад валуноў краіны. Дзіўлюся, як яшчэ тыя не пасцягвалі, якія лічацца помнікамі геалагічнымі. Мабыць, не адшукалі патрэбнай тэхнікі, а то б звезлі... Кітайцаў сёння здзіўляць ці венесуэльцаў: у нас ёсць сад камянёў!

Надзея заўважыла Алесяву раздражнёнасць, але паспрабавала прадоўжыць тэму, скіраваўшы яе ў іншы бок:

— І што такога значнага ёсць у тых камянёх, дзіўна. Але ж нечым прывабліваюць...

Алесь адгукнуўся адразу ж:

— Ну, па-першае, для краіны, дзе няма гораў, вялікі камень — дзіва. Моц, якую нішто не можа зруйнаваць, зрушыць з месца. Таму перадусім гэта можна было лічыць нейкай адзнакай мясцовасці, я думаю. Усё мяняецца: дрэва ўпадзе, рака зменіць рэчышча, а камень будзе ляжаць. Таму яны і набылі значнасць. Ад часоў паганства камяні маюць сваю, выбітную ролю. Нават хрысціянства, колькі ні змагалася з шанаваннем камянёў, мусіла змірыцца. Альбо пайсці на хітрасць: у камянях-следавіках сталі знаходзіць след ці то Міколы, ці то Маці Божай. Шмат на якіх выбівалі крыжы. А іншыя называлі Чортавымі — каб хоць неяк ды адвучыць людзей ад ушаноўвання іх. Сотні пакаленняў жылі побач з камянямі, у кожнага — свая легенда. Дык нашая сённяшняя павага да камянёў — на роўні геннай памяці.

— Як проста расклаў, — Надзея незадаволена хмыкнула. — Дык тады — хай будуць могілкі? Падумаеш, нейкая генная памяць ад дзікунскіх часоў...

— Ты не так зразумела, — спакойна адрэагаваў Алесь. — Так, генная памяць. Але хто мы без яе? Што вёска без сваёй легенды, якой і быў, адвеку лежачы за ваколіцай, валун? Валуны — частка культуры, і сцягваць іх у адну крушню — як пазбіраць, прыкладам, абразы ад ўсіх вернікаў і знесці ў нейкі музей. У музеі рэчы страчваюць сваю сакральнасць, яна там, дзе чалавек можа стыкацца з прадметам праз дзеянне, абрад: ці то абраз, ці то камень. Так што сад камянёў насамрэч — гэта могілкі сакральнасці, гэта могілкі часткі культуры многіх паселішчаў. Вось што гэта такое! — Алесь не заўважыў, як усхваляваўся і сканчваў, усё адно як Надзея была супраць таго, што ён гаворыць, хацеў не проста пераканаць, а паставіць кропку ў даўнай спрэчцы.

— Ціха-ціха, Алесік, — з усмешкай спыніла яго Надзея. — Ты не на кафедры, мне нічога не трэба даводзіць. Але вось скажы, — яна пільна зірнула ў вочы брату: — Чаму гэта было зроблена, і супраць ніхто слова не сказаў? Не, чаму менавіта ты! Не выступіў хоць сёння з артыкулам у якой газеце, чаму не ўзняў гоману, чаму не абараніў тыя вёскі? Сёння чаму не выступаеш?

— Таму! У іх забіралі іх камяні — дык няхай бы баранілі! А калі ім не трэба — навошта мне? — разнерваваўся Алесь.

— А, вось як? — ужо з'едліва адказала Надзея. — Значыццца, імпэту стае мне на кухні даводзіць? Як і ўсё іншае, так?

— Кожны павінен займацца сваёй справай! — палічыў за разумнае адступіцца Алесь, сцішыў голас. — І не забывайся, колькі мне тады было гадоў.

— О, так — мужчыны заўсёды займаюцца сваімі справамі: адзін піша навуковыя дысертацыі, другі стварае могілкі камянёў. А бараніць камяні — няма каму, — не стала трываць Надзея.

— Ёсць каму і бараніць — самыя людзі! Гэта іхная гісторыя!

— Ты зараз з такой... з такой амаль грэблівасцю сказаў “людзі”... быццам там нейкія чужыя людзі, а не тыя, сярод якіх расла і наша мама, — з горыччу заўважыла Надзея.

— Ты мяне ведаеш! І ведаеш маё меркаванне: нельга абараніць чалавека, калі ён сам не хоча быць абароненым! Нельга! Што ім да камянёў і гісторыі іх вёсак? Што сёння тая вёска? Хаты без сувязяў. Уся сувязь — толькі ў краме ды на “Дажынках”. Я магу сто артыкулаў напісаць, але ж хто іх чытае? Яны чытаюць пра свае надоі, пра падвышэнне пенсіяў і зарплат, і ўсё для іх добра! Ім — добра!

— Уй, разышоўся, — зазлавала і Надзея. — А не ты казаў, што народ, якім бы ён ні быў, не можа сам абіраць сабе культурныя прыярытэты ці то праз галасавання, ці то яшчэ як? Ты! Ты казаў, што ўсякую духоўную каштоўнасць народ прадасць двойчы на год запар, калі паўстае пытанне фізічнага выжывання і калі продаж адбываецца не кожным асабіста, а ўсімі адразу, калі віна ці ўдзел кожнага ўпаасобку рассычаецца ў масе? Дык хто, па-твойму, можа ўтрымаць няшчаснага мужыка, якому паабяцалі палку каўбасы і пляшку гарэлкі, адно каб памог валун ускаціць?

— Я нічога пісаць не буду. Я раблю сваю справу, — зусім ціха сказаў Лобач. — Я збіраю тое, што магу. А ты мяне зрабіла вінаватым у тым, што на рэферэндуме людзі адракліся ад гістарычнага герба, сцяга, ад мовы...

— Бо з інтэлігенцыі, з навукоўцаў будуць пытаць нашчадкі. А не з простых людзей, — ціха дакончыла і Надзея. — І ўсё адно баліць... Могілкі валуноў краіны.

— Ніхто не ведаў дакладна да апошняга, як там будзе і што. Калі афіцыйна абвясцілі, запозна было выступаць у друку — ужо механізм быў запушчаны, супраць нічога не скажаш. Якія гэта былі гады? Хто мог выступіць супраць партыі? Як і каму было даводзіць, што найстарэйшы і найвядомейшы ў сталіцы валун “Дзед” нельга прыбіраць са старога капішча, што само капішча трэба захаваць як адзін з цэнтраў тутэйшай сакральнасці? І потым... не хацелася казаць, бо сам не веру ў тое, што тое існавала ў планах уладаў, так усё вычварна, так падобна на існаванне сапраўднай змовы супраць усяго сакральнага. Мой... знаёмы адзін, цяпер на пенсіі, казаў, што стварэнне музея валуноў насамрэч іх ратаванне. Так, хоць на могілках, але ратаванне. Навукоўцамі быў прыдуманы такі план — музей валуноў, а каб ён прыйшоўся даспадобы кіраўніцтву, гэты музей зрабілі вось такім: уся краіна з яе рэльефам... І быў уратаваны ад знішчэння “Дзед”, яшчэ многія значныя валуны, да якіх сапраўды падбіраліся. Давялося і іншыя валуны забіраць ад вёсак... — палічыў, што трэба расказаць, Лобач. — А ў наш час... Нядаўна быў падрыхтаваны артыкул, у навуковы часопіс. Там не крытыкавалася нават, там проста выносіліся свае меркаванні (на што навуковец мае права) на стварэнне вось такіх музеяў валуноў, бо ў розных месцах ёсць спробы парабіць такія самыя, местачковыя. Артыкул вярнулі на дапрацоўку, аўтара выклікалі і мякка папярэдзілі, каб не лез у палітыку. Калі ён здзіўлена заўважыў, што камяні — не палітыка, яму адказалі: усё, да чаго дакрануўся прэзідэнт, робіцца палітыкай... Добра, з камянямі разабраліся. Давай пра справу.

— Ага, пра справу... Духоўку запалі...

Надзея прысела пры стале, паглядзела ўважліва на брата.

— Жаніцца не збіраешся?

— Не, пакуль што няма падобных да цябе.

— Як з грашыма? Ты зусім абнасіўся. На выходныя сходзім, нагледзім што табе. Увесь гардэроб мяняць трэба. Адны чаравікі на ўсе святы!

— Ды... здаецца і добра, — нясмела запярэчыў Алесь.

Ён заўсёды згаджаўся з сястрой, калі справа датычыла гаспадарчых момантаў — можа, сам так і не змог навучыцца, можа ў нейкі момант падумаў, што можна такі абавязак — сачыць за сабой, што да адзення — перакласці на яе. Мыў і прасаваў сабе ўсё сам, а вось набывала рэчы Надзея. Проста прыходзіла ў нейкі дзень з новымі сарочкамі, нагавіцамі, бялізнай — і Алесь не спрачаўся. У яе быў добры густ, яна ўмела выбраць гарнітур, сарочку, гальштук.

— Ага, бачу я тую дабрату.

Надзея ўставіла бляху з бульбай і кускамі курыцы ў духоўку, павярнулася да Алеся.

— Гэта і ёсць справа? — нагадаў Алесь.

— І тое таксама, — кіўнула Надзея. — У адпачынак хачу, нармальны, з'ездзіць. І табе варта. Годзе ўжо тут сядзець, на рыбу і там набегаешся. Машыну табе мяняць трэба, штомесяца рамантуеш, грошай ідзе колькі.

— О, дык ты прынесла мне нешта зарабіць? — усміхнуўся Алесь. — Ці, можа, ты надумала рыхтаваць абітурыентаў у матэматыцы для паступлення?

— Сам ведаеш, колькі рэпетытарства можа даць з маім да яго стаўленнем, — адмахнулася Надзея. — Слухай... ты жаніцца не збіраешся, я тут у цябе двойчы на тыдзень бываю. У цябе тры пакоі...

— Дагаворвай, чаго замаўчала, — заўсміхаўся Алесь. — Разам жыць, а тваю двухпакаёўку здаваць?

— А маю здаваць, — пацвердзіла Надзея. — Амаль цэнтр, можна больш за 200 у. а. у месяц браць. У меншы пакой зачыню сваё дабро, большы здаём.

— Добры варыянт... А колькі мне з цябе за пакой браць?

— Не болей, чым я з цябе буду браць як хатняя работніца. Гарантую полудні... раз на два дні, вячэры — больш-менш рэгулярна. Памыю, адпрасую.

— Ага, а на кафедры зірнуць на табой адпрасаваную кашулю, умомант скажуць, што Лобач зноў нейкую прывёў.

— Хай кажуць, абы не ведалі праўды, каб не звінаваціць у інцэсце.

— Даведаюцца... Здаецца, што ў горадзе людзей шмат і можна нешта схаваць, — усміхнуўся Лобач нейкім сваім думкам. — Калі збіраешся?

— Ды хоць заўтра, — адказала Надзея. — А чаго адкладаць?

— Добра... Тады, пакуль тут будзе курыца гатавацца, хадзем, глянем: што выкінуць, што паставіць табе...

— Хадзем...

Наступныя два дні Надзея цалкам прысвяціла свайму пераезду да брата. Увечары трэцяга дня яны разам сядзелі на кухні, пілі гарбату — было нешта сумна абаім.

— Як некалі... Помніш, колькі мы тут з табой вячэралі разам? І як мама гатавала, — выказаў уголас свае думкі Алесь.

— Помню... Да бацькі калі паедзем?

— На выходныя...

Па смерці маці іх бацька, былы журналіст, раптам, за лічаныя дні, зблажэў: ледзь хадзіў па кватэры, кратаў рукой рэчы — і так цэлы дзень. Глядзець было невыносна. Потым злёг. Пасля бальніцы — інсульт. Надзея карміла яго з лыжачкі, даглядала, умомант адшукаўшы ў сваёй душы здольнасць адрынуць роднае і прыдбаць прафесійнае сястрынскае. Праз месяц бацька падняўся, але тое, якім ён падняўся, было страшным для дачкі і сына — бацька не пазнаваў іх, не пазнаваў сябе. Яны пакідалі яго ўдома, не ведаючы, што іх будзе чакаць па вяртанні. Аднаго разу Алесь прыспеў бацьку з нажом у руках — той разадраў на дробныя шматкі ўсю бялізну на сваім ложку, здзіравіў матрац... Потым здарыўся прыступ агрэсіі, і грузная фельчарка з сумнымі вачыма закурыла ў іх на кухні і прапанавала, як старым знаёмым, блізкім: “Не дагледзіце вы за бацькам. Ды... бацька ён вам чыста фізічна. Пакуль ёсць мажлівасць, афармляйце куды трэба”.

Надзея адмовілася наадрэз. Аформіла дапамогу, сама навучылася калоць упырскі, магла пры нагодзе і прыціснуць ужо слабое цела старога, прывязаць рукі, калі ў час не заўважала і не паспявала ўпырскам патушыць пачатак бацькавага агрэсіўнага стану. Па вечарох з бацькам заставаўся Алесь, а Надзея бегла да сваіх вучаніц — яна знайшла падпрацоўку рэпетытарствам. І так цэлыя месяцы, невыносна доўгія, цяжкія, прапахлыя лекамі, бруднай бялізнай, тугой і маўчаннем. У тыя дні ў кватэры больш гаварыў тэлевізар — бацька іншым разам надоўга сціхаў перад каляровым экранам, мог гадзінамі глядзець і слухаць.

У Алеся тады быў апошні курс. І рыхтык пачвара нейкая пасялілася ў бацьку: як толькі ён бачыў Алеся, пачынаў крычаць, нешта невыразнае, бясконцае. Надзея здалася, і праз паўтары месяцы бацьку завезлі ў дыспансер.

Колькі гадоў мінула, а бацька жыве. Ён не пазнае нікога, не ведае нічога з мінулага, і, можа, якраз страчаная памяць дала моцы састарэламу целу. Доктар дыспансера сказаў катэгарычна: памяць у такіх выпадках практычна не вяртаецца. Але раз на месяц Алесь і Надзея ехалі да бацькі: ссохлы стары заставаўся ім родным, і жыло ў дзецях спадзяванне, што за якую гадзіну да смерці бацька ўспомніць...


2

Аўтобус быў хоць і новы, але трэсла ў ім адчувальна — надта ж мулкія былі сядзенні. Праўда, гэта зусім не раздражняла Уладзіміра — той настрой, з якім ён вярнуўся на прыпынак ад Уладзі, запоўніў яго спрэс цёплай хваляй упэўненасці: усё будзе добра. І ўжо цяпер пачало рабіцца добра: Уладзімір адчуў, што ён асабіста некаму патрэбны, і не проста некаму, а паважнаму і сталаму чалавеку, Уладзю.

І хоць Уладзімір не разумеў дарэшты, што, як і чаму, ён і не хацеў разумець. Было важна ўсведамляць, засяроджвацца на думцы: ён патрэбен.

Там, каля каменя, калі Уладзя сказаў, што ён даўно чакае яго, Уладзімір для сябе пастанавіў: нічога не пытаць, няхай ідзе як ідзе, рана ці позна ён знойдзе ўсе адказы на ўсе пытанні. Абавязкова знойдзе. А ў той момант ён проста стаміўся шукаць.

І таму без ніякіх пытанняў пайшоў за маўклівым Уладзем у ягоную Карчаваху, вёску з дзесяці двароў, дзе хаты прыціскаліся да зямлі, абкружаныя магутнымі ліпамі і бярозамі. Уладзімір здзівіўся: у іхнай вёсцы ля хат мала хто садзіў такія дрэвы — больш яблыні, грушы. А што карысці з тых ліп ці бяроз? Соку — лес блізка, а ліпавага цвету нарваць дык і адной досыць...

Уладзяў дом выглядаў яшчэ моцным, надворак быў дагледжаны: трава пакошаная, нідзе нічога не вісіць, не боўтаецца. Пасярод двара — вялізная куча парэзаных дроў, побач калодка і сякера ў ёй. А пашчапаных не відаць, затое пры сцяне хлява, што стаяў супраць хаты, пашчапаныя дровы былі акуратна паскладваныя. “Шчапае і складае адразу. Парадак любіць...”

Уладзя вынес папіць — вялікі пластыкавы кубак бярозавіку, што брадзіў недзе ў яго каморы — халоднага, з вострым пахам хлеба.

Але сядаць не запрасіў, наадварот, кінуў: “Пачакай” і пайшоў. Прынёс тры нерассечаныя палены. Паставіў адно.

— Сядай так, асцярожна. Глыні і ўспамінай.

Уладзімір сеў. Адпіў глыток. Успомніў акно і страшны твар у ім. Успомніў ката. Малюнак Хрыста ў чырвона-чорным шуме. Ірыну, яе цела...

І раптам рвануўся з палена, не паспеў зрабіць і кроку ўбок, як яго званітавала.

— Нічога, нічога, — супакоіў яго Ўладзя. — Пі далей, успамінай... Сюды во сядай, — і прыставіў да Уладзіміра другое палена.

Уладзімір аддыхаўся, прысеў. Паленца было тонкім, сукаватым, сядзець было нязручна. Глынуў. Успомнілася раптам, як піў каву ў кавярні, зноў, хоць і не хацеў, а ўспомнілася Ірына, іх ноч, усплыў у памяці той момант, калі ён замест яе твару пабачыў страшэнную маску. Замёр, чакаючы прыступу ванітаў, але нічога не было.

— Успамінай, усё ўспамінай, ад самага пачатку, — ціха падказаў Уладзя.

Універсітэт... лекцыі... выкладнік з яго настойлівым упіканнем: “Навошта ты паступаў?” Першая сустрэча летам з гаспадыняй дома. Іх гутарка на кухні, як Уладзімір доўга расказваў пра сябе і свае планы застацца ў горадзе, знайсці працу. Дамова аб рэгістрацыі. Рэгістрацыя...

Уладзіміра зноў да болю ў жываце скруціў спазм, яго званітавала чарговы раз, а Уладзя трымаў у руках трэцяе палена. Уладзімір разумеў, што трэба рабіць — сеў і стаў успамінаць далей, а нічога болей і не ўзгадвалася, не ішло ў галаву, адно той найстрашнейшы момант ягонага адчування “Папаўся!”, вочы рэгістратаркі, як дзве чорныя глыбокія дзіркі на твары...

Уладзіміра ванітавала так, што, здавалася, сам страўнік выварочваўся вонкі.

— Пі! Яшчэ пі! — загадваў Уладзя, але калі Уладзімір рабіў глыток, усё вырывалася выбуховай патокай вон.

— Пі! Яшчэ пі, хлопец! — чуў Уладзімір голас старога і глытаў, глытаў рэзкі бярозавік, хоць розум штосілы супраціўляўся, бо Уладзіміраў страўнік рэагаваў на бярозавік балючым, аж да пацямнення ў вачох спазмам.

Ён не памятаў, колькі ён выпіў, колькі зрабіў глыткоў — упаў у знямозе ў траву, ледзь не ў свае ваніты.

Уладзя дапамог яму сесці на лаўку пры хаце, даў у рукі невялікі кубак з нечым халодным, халаднейшым за бярозавік.

— Пі, гэта вада простая, не бойся...

Потым Уладзімір сёк тыя тры палены, на якіх сядзеў — так сказаў Уладзя.

І толькі потым Уладзімір змог зняць запэцканую саколку, памыцца. Спаласнуў і саколку.

— Тут во павесь, яна праз гадзіну сухой будзе, — суцешыў яго Ўладзя. — Пашлі, дам табе чаго паесці.

У доме было два пакоі, як у большасці вясковых дамоў: пярэдні, які быў прахадным, і другі, вялікі. На покуце вялікага пакоя — абразы. Уладзімір яшчэ ад парога заўважыў у малюнку ручніка ўзор свастыкі і не мог утрымацца, каб не запытаць:

— А можна паглядзець на ручнікі?

Уладзя моўчкі кіўнуў.

Ручнікі былі старыя, гэта было знаць па шараватым ільняным палатне і па вышыўцы, нескладанай, простай, якая месцамі абтрапалася. Тры колеры: шэры, чорны і чырвоны. Цэнтральны малюнак тканы. Фігуры свастык розныя.

— Што цікавага пабачыў? — падышоў Уладзя.

— Ды вось... Гляджу: свастыкі ў розныя бакі закручаныя промнямі. А вось, вышытая — знак Грамавіцы, так? А гэта — Сварога.

— Чаму так? — хмыкнуў Уладзя.

— Ды я бачыў, там... карацей, складзеная цэлая бібліятэка, дзе свастыка ў залежнасці ад таго, у коле яна ці з нейкімі завіткамі, абазначае таго ці іншага бога. Толькі не разумею, чаму тут у адзін бок прамяні закручаныя, а тут — у другі. Няправільна...

— Няправільна, кажаш? Сварога? Эх, хлопча, тое ж баба ткала, разумееш? Ёй адно каб харашэй зрабіць, каб не так, як у іншых, каб на яе работу дзівіліся. Што ж за майстрыхі будуць, калі ў кожнай той самы ўзор будзе? А кола, ці свастыка, як ты кажаш, коціцца яно — вось што галоўнае. Куды промні баба закруціла — туды і коціцца.

— Дык... А Грамавіца як жа? Я вось... такую бачыў, там напісана было, што яе знак...

— Хадзем есці... Каб усе ручнікі сабраць, што некалі бабы ткалі, дык усіх тваіх сварогаў з грамавіцамі будзе замала. Глупства ўсё. Бабы некалі прыдумлялі, ткалі, а вы цяпер, як дзеці малыя, загадкі тут шукаеце.

Калі пад'елі халоднай смажанай рачной рыбы з хлебам, Уладзімір спытаў:

— Што мне далей рабіць?

— Жыць. Асцерагацца. Да мяне за колькі дзён прыедзеш, сам адчуеш. Яшчэ двойчы трэба... Глядзі пільна. Пра мяне не кажы нікому, не трэба. Ты іх ужо чуеш, а яны цябе чуюць даўно і куды лепей.

— Хто — яны? Чаму мяне? Як я чую?

— Потым сам усё даведаешся. Нельга пакуль што нічога табе тлумачыць. Галоўнае ведай: ёсць цемра і ёсць святло. Цемра і ўнутры цябе ёсць. Выпусціць цемру вонкі нескладана, толькі дазволь. А святло каб упусціць — душу адкрыць трэба...

Уладзімір гатовы быў у тыя гадзіны паверыць ува ўсё, што б яму ні казалі. Бо яму стала спакойна. Утульна так на надворку ў старога, які стаў раптам блізкім.

— А калі я раней прыеду, тут жа блізка, ды дровы вам пашчапаю? І я не спытаў — колькі з мяне?

— От дровы пашчапаеш, і будзе разлік, — усміхнуўся ў белыя вусы Уладзя. — Прыязджай, адно каб не пазней...

Уладзімір яшчэ раз азірнуўся на ручнік, успомніў пра выкладніка і папрасіў:

— А можна мне мабільнікам сфатаграфаваць узор на ручніку? Там... ва ўніверсітэце адзін выкладнік ёсць... Ён... шануе дужа ўсё такое, збірае, цікавіцца. Навуковец ён.

— Ну, калі навукоўцу, дык сфатаграфуй...

Да таго часу, калі мусіў ісці аўтобус з аграгарадка, Уладзімір шчапаў дровы. Сухія хваёвыя палены, сукаватыя, няроўныя, шчапаць было няпроста. Але работа падабалася. Некалі яны з братам вось так працавалі, навыперадкі. А рэзаць не любілі. Шчапаць заўсёды цікава: адзін раз стукнуў — і маеш вынік працы. А пілаваць... Шморгаеш-шморгаеш тую пілу, рука аж заные, а лясіна ніяк не канчаецца, а іх вунь колькі ляжыць, як падумаеш — страшна робіцца. Іншая рэч шчапаць: лясь — і гатова.

Адыходзіў ад Карчавахі, ішоў уздоўж нечага жытнёвага лапіка, заўважыў валошкі і не ўтрымаўся, хутка падбег, сарваў колькі штук. Пакуль дайшоў да Чортавага каменя ў ляску, скруціў некалькімі сцяблінкамі іншыя, каб выйшла прыгожа. Сапраўдны букецік. Ішоў, усміхаўся сваім думкам. Паклаў кветкі на камень побач з тымі, што ўжо прывялі.

— Да пабачэння, камянюка! — сказаў вясёла ўголас і пайшоў лёгка, бестурботна.

За спінай хаваўся барвовы дыск сонца, апошняе яго святло наперадзе ад Уладзіміра лягло мяккім чырвоным ззяннем на знаёмую постаць, і прыемна адгукнулася нешта ўсярэдзіне: глядзі, зноў сустрэліся!

— Нешта мы не дамовіліся ніяк: я да вас — вы ад мяне, я за вамі — вы дадому, — няўклюдна паспрабаваў пажартаваць Уладзімір, прыпыніўся, спадзеючыся, што і жанчына спыніцца. Яна і праўда стала, з дакорам схіліла галаву і строга загаварыла:

— А вось хлусіць незнаёмым — непрыгожа. Ішоў не да мяне і цяпер не па мяне. Але яшчэ сустрэнемся, — адразу ўсміхнулася і хутка абагнула Уладзіміра, пайшла.

Уладзімір стаяў, разгубленая ўсмешка блукала па ягоным твары, ён дакараў сябе за сваю штучную спробу пажартаваць. А як яшчэ было з ёй загаварыць, з гэтай недзе некалі дакладна сустраканай жанчынай, якая — ну, чуе ён — родная яму нечым. Як сястра...

Стаяў, глядзеў ёй услед, спадзяваўся — азірнецца. Не азіралася, прайшла і забылася, што нехта ёй трапіўся.

Уладзімір закурыў, павярнуўся ісці, як нечакана быццам што ў спіну таўханула. Ён крутануўся — яна стаяла далёка наперадзе, глядзела на яго. Потым падняла руку і развітальна памахала. Здалося, што і ўсміхнулася.

Уладзімір разгубіўся на нейкі момант, лыпнуў вачыма, а калі паспешліва ўскінуў сваю руку ў адказ — яна павярнулася. І так хацелася крыкнуць ёй услед: “Ганна!”, але стрымаў сябе: не трэба. Не трэба крычаць і бегчы за ёй — гэта будзе не па-сапраўднаму, не ад сэрца. А ад сэрца — вось, цеплыня без слоў, жаданне ісці далей — каб ехаць у горад, дзе, ён быў пэўны, будзе ўсё добра, дзе яго чакае цікавая работа над тэкстам, якая сёння абавязкова пойдзе, дзе кава пры стале і сподачак за попельніцу.

А калі прыйдзе той шэры кот... Уладзімір налье яму малака. Малако ён набудзе. Возьме ў гаспадыні яшчэ адзін сподачак, стары які-кольвек, і будзе каціная талерка.

Калі Уладзімір збочыў за рог і пабачыў свой ганак, шэры кот сядзеў ля дзвярэй веранды. Ён павольна павярнуў галаву да Уладзіміра і бязгучна мяўкнуў.

— Я табе малака прынёс, Шэры! — гучна сказаў Уладзімір.

Кот ступіў убок і стаў чакаць, больш не рухаючыся з месца. Да малака ён падышоў потым, нібы толькі дзеля таго, каб не крыўдзіць Уладзіміра: няспешна, паважна.

Уладзімір прыгатаваў каву, прынёс прынтар і ноўтбук, памыў сподачак пад попельніцу. Піў, курыў і паглядаў у акно, з якога выцягнуты прастакутнік святла падаў на ганак веранды — там шэры кот скруціўся ля самых дзвярэй у колца. Быццам спаў, але калі Уладзімір лёгка пастукаў у шыбіну, у шэрага клубка імгненна з’явілася галава, бліснула сваімі жоўтымі вачыма.

Уладзімір раздрукаваў здымак ручнікоў з Уладзявай хаты — пакажа заўтра выкладніку, раптам яму будзе цікава?

Потым запусціў праграму, скапіяваў і ўставіў тэкст, націснуў “выканаць”. Калі на старонцы замест тэксту з’явіліся кароткія радкі — мноства кароткіх радкоў, асаблівых эмоцыяў у Уладзіміра не было: ён проста быў стоадсоткава пэўны, што так і мусіць быць, не магло быць іначай, бо слова ад самога пачатку свету галоўнае для чалавека. Бо слова стварыла яго. Калі чалавек стаў карыстацца мовай — тады ён стаў чалавекам.

Уладзімір чытаў, адчуваючы асаблівы рытм, добра ўлоўную музычнасць старой замовы:

Не я ўгаворваю Маці наша ўгаворвае

Усе святыя памочнікі ўгаворваюць

Як мерцвяку з зямлі не ўстаць

Так злому духу сатане-д'яблу не бываць

Не я ўгаворваю Маці наша ўгаворвае

Чорным макам-самасеем абсявае

Свячой асвячае

На чатыры бакі ўрага не дапускае

Маці наша і памочнікі

Я вас упрашаю

Сагнаць з чорнарабай каровы

Усякую няверную сілу

Ад дуру-блуду

Як маку не падабраць,

Так злому духу сатане-д'яблу не бываць

Жалезным тынам загараджу

Чугуннай накрыўкай закрыю

Жалезным гваздом заб'ю

Карову макам абсыплю

Як гэтага маку не падабраць

Так у мае кароўкі малака не адабраць

Ні ведзьмакам ні ведзьмам ні злым людзям...


3

Ад ранку настрою не было, нешта казытала, вярэдзіла. Лобач разумеў: гэта звязана з сястрой. Не, не прапанова жыць разам і зарабіць колькі грошай, здаючы кватэру, і перспектыва парушыць сваю самоту была прычынай. Надзея і так заязджала штотыдня. Дый што яму тая самота? Надзея не перашкодзіць працаваць, а болей... А на большае яму ягоная кватэра пакуль што і не трэба. Пасля Антаніны ні адна з жанчын, апрача сястры, не пераступала парога ягонай кватэры, хоць, зразумела, Лобач святым не заставаўся: меўся на ягоным рахунку і кароткі курортны раман, былі і так сустрэчы... без наступстваў і абавязкаў для абоіх.

І не праз бацьку. Утоены боль быў заўсёдны, да яго прызвычаіліся і ён, Алесь, і Надзея. Калі бацьку забралі, Алесь думаў, што сястра заплача, але і гэтым разам яе твар заставаўся сухім, вочы — безуважнымі. Алесь разумеў: Надзея прымае бяду аднойчы, прымае напоўніцу і потым моўчкі жыве з бядой, як людзі жывуць з тонкімі, гукапранікальнымі сценамі кватэр ці з ранішняй таўханінай у метро. Яго толькі палохала, што Надзея не плача — гэтулькі ўсяго ператрывала, а не заплакала ніколі...

Тут іншае: Надзея адзін на адзін не шкадавала свайго брата, хоць пры людзях, знаёмых ці незнаёмых, яна не дазваляла сабе ўпікаць Алеся, цвяліць ягонае самалюбства. І катэгарычна бараніла ад іншых. А вось у вочы... У вочы наадварот магла назваць баязліўцам. Зусім нездарма яна загаварыла пра камяні — ведала, што яны цікавяць Алеся, некалі ён свой адпачынак прысвяціў менавіта камяням: аб'ездзіў найвядомейшыя, фатаграфаваў, складаў сваю картатэку... Надзея не прапусціць выпадку ўпікнуць Алеся ў ягоным маўчанні. Але ж ён — не публіцыст, чаму яна не хоча разумець? Ён — навуковец, што вымагае яго трымацца наўзбоч ад палітычных перыпетый.

І ўсё ж было прыкра.

У другой палове дня Лобача паклікалі, з глыбіні пакоя ён пабачыў у дзвярах кафедры Уладзіміра Жабруна, што прыемна казытнула: сапраўды, па-добраму цвердалобы трапіўся малады чалавек. Мабыць, нешта зрабіў сваім асаблівым, ім вынайдзеным спосабам — бач, які заспакоены і ўпэўнены твар...

Лобач адшукаў непадалёк пустую аўдыторыю, прапанаваў сесці.

— Ну, ёсць што расказаць? — бадзёра запрасіў Жабруна да размовы.

Уладзімір дастаў з торбы файлы з лістамі раздруковак, стаў раскладаць на стале.

— Выбачайце... тут у мяне ўсяго гэтулькі...

— Дык добра, — супакоіў яго Лобач. — У нас ёсць каля гадзіны часу. Досыць нам?

— Досыць, я хутка, — заспяшаўся Уладзімір, адчуваючы ніякаватасць — вось, на яго марнуюць час.

— Не спяшайцеся, — папярэдзіў Лобач. — Пра ўсё падрабязна, калі ў вас выйшла нешта незвычайнае і такое, чаго не было раней.

— Такога, думаю, не было, — усміхнуўся Уладзімір. — Тэкст апрацаваны... Праўда, учора я паспеў толькі трохі, усяго тры тэксты, але, галоўнае, на радкі тэкст разбіты, і як па-дзеля мяне, дык усё слушна выйшла. Далей нескладана.

— На якія радкі? — здзівіўся Лобач.

— Вось, — Уладзімір падпаў яму раздрукаваны тэкст некалькіх замоў. — Прыгожа выйшла, праўда?

— Прыгожа, праўда, — Лобач разглядаў тэкст, вочы пабеглі па радкох.

Ён не мог не прызнаць адчування рытму. І значыцца, у студэнта сапраўды выйшла. Што ж, цікава, якім спосабам ён так зрабіў...

— Дарэчы, хараство — галоўная, бадай што, прыкмета сапраўднасці, моцы. Ведаеце? — спытаў Лобач, пабачыў сцявярджальны Уладзіміраў кіў у адказ, падахвоціў: — Ну, тады расказвайце, як у вас выйшла?

— Праграма зрабіла, — сціпла адказаў Уладзімір.

— Праграма? Цікава... і паводле якога алгарытму?

— Тут доўга казаць трэба...

— Кажыце, кажыце. Я ж сказаў: час у нас ёсць.

— Добра... Адно... Ну, не крыўдуйце, калі скажу якое глупства надта пераканаўчым тонам.

— Галоўнае — мець што сказаць. Кажыце, я паспрачаюся, — усміхнуўся Лобач. Яму і праўда было вельмі цікава: што за алгарытм і як ён працуе.

— Тут фізіка простая: галосны гук мае частату, — пачаў Уладзімір, і адразу ж ягоны голас набыў упэўненасць, ён быццам скінуў з сябе вясковую фуфайку, якая не давала яму трымацца годна сам-насам з гарадскім адукаваным чалавекам, а цяпер во сядзіць у лёгкім, цалкам сучасным адзенні, і пачуваецца годна. — Частата мае свае фізічныя паказнікі і ступені ўздзеяння. Значыцца, чым болей гукаў галосных — тым энергетычнейшая мова, кажучы сённяшнімі тэрмінамі.

— Стоп! — перапыніў Лобач. — Калянавуковыя спекуляцыі, ніякіх сапраўдных работ нідзе не чытаў. Сёння з гэтак званай “энергетыкай” носяцца розныя групоўкі кшталту “славянскага адзінства”, кожны цягне моўную коўдру на сябе. Я згодны з тым, што мова — код, ключ да ўсведамлення існасці і навакольнага свету, але лепей без “энергетык”.

— Мне здалося, што... — засмуціўся на хвіліну Уладзімір, зноў пачаў тлумачыць, спачатку павольна, потым з запалам: — Я падумаў, што замова ўплывае на чалавека таму, што там гукі падабраныя ў пэўным парадку. Як вершы. Вершы таксама ж маюць уплыў на чалавека: адны большы, іншыя — ніякага. Ну, і спраўдзіў.

— Як? Што спраўдзілі? — шчыра зацікавіўся Лобач.

— Вершы спраўдзіў. Я пабудаваў графікі... Кожны радок — гэта нейкая крывая, дзе пікі — значэнне частаты гукаў. Ну, вось і выйшла: у сапраўднага верша пікі аднаго радка складаюцца з пікамі другога, трэцяга, чацвертага, выходзіць прыгожая такая карціна. Кожны радок — частотная паслядоўнасць. Вось...

Уладзімір разгарнуў перад Лобачам раздрукава-ныя графікі.

— Цікава... раней гармонію правяралі алгебрай, а вы надумалі тое самае зрабіць фізікай... Цудоўна выйшла. — Лобач паглядзеў адзін ліст, другі... — А пра камсамольца чаму такі графік непрыгожы? Не спрацавала сістэма?

— Дык яшчэ як спрацавала, я сам не чакаў! — загарэўся Уладзімір. — Наўмысна ўзяў гэты верш, бо ён... несапраўдны, не паэзія, на заказ напісана. Вось і графік тое сцвярджае. А потым адшукаў замову, сам разбіў яе на радкі — глядзіце, які графік выйшаў — суцэльнае хараство.

— Згодзен, хораша. Значыць, — Лобач пільней зірнуў на Уладзіміра: — Вы вынайшлі спосаб вышукваць графаманаў! — і ўсміхнуўся.

— Ат, тое мне не трэба, — пацепнуў плячыма Уладзімір. — Я папрасіў, мне зрабілі праграму. Алгарытм даследуе напісанае, шукае паслядоўнасці, вось, як на гэтым графіку, прыкладам, пакуль яны не супадуць. Супалі — першая паслядоўнасць занатоўваецца як радок, другая — другі радок, лічыцца далей. Работы праграме на хвіліну.

— Вельмі нечакана, — шчыра ўхваліў Лобач. — І якую выснову зробім, апрача атрыманага выніку?

— Тут — код, відавочна ж!

— Пры жаданні ў незразумелым можна такое знайсці! Лічбы — страшная штука. Саму Біблію ці не дзясяткі галоў раскладалі на ўсе мажлівыя спосабы. І знаходзілі! Нехта — лік Пі, нехта — падвойны інтэграл з формулай развязання квадратнага раўнання. А нехта і геном чалавека знайшоў... — стрымваючы свой скепсіс, заўважыў Лобач.

— Каб замовы былі такімі простымі... Калі б вершы былі такімі простымі — чаму ж тут прыгожы і роўны графік, а тут — пэцканіна ў канцы? — не здаваўся Уладзімір. — Калі не дадзена табе пісаць, хоць якія законы ведай, хоць праграму прыдумай, а паэзіі не будзе. І замовы не прыдумаеце.

— Нехта, можа, і прыдумае, — усміхнуўся Лобач. — Але, не будзем спрачацца — я мушу прызнаць, што якім бы нечаканым, неправераным, ненавуковым, нават авантурысцкім ні быў ваш падыход да развязання задання, вы яго з годнасцю выканалі. І нават болей: калі нехта раней бачыў у замовах сапраўдную народную паэзію і казаў пра тое асцярожна, то вы гэта давялі надзвычай пераканаўча незвычайным спосабам. Так, замовы найперш — паэзія... У мяне ў планах напісанне артыкула для навуковага часопіса на тэму замоў. Вы не будзеце супраць, калі я згадаю вашу работу, зразумела, з вашым імем? Цікавы факт...

— Не, вядома не супраць, — крыху засаромеўся Уладзімір.

— Вось і выдатна. вы зрабілі не маленькую працу. Зрабілі выдатна. Прызнаю і выказваю вам сваё захапленне, — Лобач працягнуў Уладзіміру руку.

Уладзімір разгубіўся, сумеўся нават, слізгануў сваёй рукой сабе па баку, падаў і адчуў шчыры моцны поціск.

— То я крыху пазней апрацую рэшту тэкстаў, парасстаўляю знакі прыпынку, памылкі ж, якія ёсць, не трэба выпраўляць? І прывязу потым.

— Так, не трэба выпраўляць, там аўтэнтычны тэкст... мяне, мажліва, не заўсёды тут заспееце, то вось вам мой мабільны, тэлефануйце, — Лобач дастаў і паклаў перад студэнтам сваю візітоўку.

— Яшчэ сказаць хацеў... Я тут... у справе адной быў, — заспяшаўся адразу Уладзімір. — У ведзьмака. Сапраўднага, не смейцеся. У яго вось такія ручнікі вісяць на абразох, — Уладзімір дастаў яшчэ адзін аркуш паперы з фотаздымкам ручніка і паклаў перад выкладнікам. — Я неяк знайшоў быў у сеціве адну табліцу, там свастыкі былі, па-рознаму намаляваныя. Ну, дзе хвасток які, дзе закручана... Дык там у табліцы паказана было, якая свастыка мела дачыненне да якога бога ці багіні. Кажу пра тое дзеду, а ён смяецца: кажа, то ж бабы ткалі, вышывалі, самыя выдумлялі.

— Разумны дзед, вельмі разумны... У сеціве сёння гэтулькі панапісвана... я казаў вам ужо, асцярожней трэба з “артыкуламі акадэмікаў”, — Лобач разглядаў здымак ручніка і не мог схаваць хвалявання. — Слухайце, вы зрабілі здымак унікальнага ручніка!

— Чым ён унікальны? — стрымана ўсцешыўся Уладзімір — яму было прыемна, што не памыліўся з ручніком, ён па-сапраўднаму зацікавіў выкладніка.

— Па-першае, адзінкі ручнікоў засталіся з сонцаваротам. А галоўнае, шэраг вышытых чорных узораў. У мяне ёсць толькі адзін здымак падобнага ручніка, на жаль, самога ручніка не захавалі — згарэў школьны музей у час пажару... У вышытым узоры няма сістэмы, амаль усе вышываныя разеткі розныя. І вельмі розняцца ад агульнага тону ручніка. Так, дзе вы ручнік знайшлі? Мне абавязкова трэба туды патрапіць і калі ўдасца, дык выкупіць яго. Яму сёння цаны няма. Дык дзе ваш вядзьмак жыве? — Лобач запытальна ўскінуў вочы на Уладзіміра.

— Ды... Не магу я сказаць, — са шчырым сумам прызнаўся Уладзімір. — Мне, праўда, дужа блага было, спаць не мог, рознае мроілася. Думаў, звар’яцею. Бабуля... не здолела мяне вылечыць, сказала да яго ехаць, сказала куды. Але ён загадаў мне потым, каб я нікому пра яго не казаў. Ні дзе жыве, ні імя... выбачайце... Ды я паеду да яго, то запытаю наконт ручніка, а калі што, дык сфатаграфую якасна... каб усё было відаць.

Лобач з лёгкім здзіўленнем глядзеў на Уладзіміра, быццам вагаўся: верыць студэнтавым словам ці не?

— Эх, шкада, — з жалем заўважыў ён. — Здымак адно, ручнікі — яны як жывыя, у іх душа працаўніцы ўкладалася, кожны сваю мелодыю мае. Патрымаць бы яго ў руках... Паспрабуйце дамовіцца наконт продажу. Вядзьмак ён ці не, але тутэйшыя ведзьмакі сала і мяса дакладна елі, грошай не цураліся. І запытайце дазволу да яго прыехаць, калі не згодзіцца прадаць. Добра?

— Добра, — паабяцаў Уладзімір.

— І, прашу прабачэння, вашы ланцужок і кветка пакуль што ў мяне, я паказаў фотаздымак калегу свайму, ён з іншага горада, надта ж прасіў, каб самому ў руках патрымаць. Вучоныя ж як дзеці, — з лёгкай вінаватасцю ўсміхнуўся Лобач. — То нічога, калі яшчэ дні тры пабудзе ў мяне ваша кветка?

— Ды вядома, — паспяшаўся згадзіцца Ўладзімір. — Мне яна без патрэбы... — сказаў, і адчуў, што падмануў самога сябе: ён, здаецца, і не ўспамінаў пра кветку гэтымі днямі, але ж вось цяпер, у гэтую мінуту, адчуў сапраўдную тугу па ёй. Аднекуль з'явілася ўпэўненасць, што каб была з ім ягоная кветка, ён шмат непрыемнага змог бы ўнікнуць...


4

Уладзімір у адзін дзень развязаў бадай што ўсе справы ў універсітэце — у яго засталася адна пераздача — Лобачу. Але ў ёй Уладзімір быў упэўнены. Не так складана было вывучыць тое, што належала. Дый, шчыра кажучы, стаўленне яго да яшчэ колькі дзён таму непатрэбных ведаў змянілася. Уладзімір не тое, каб упэўніся ў іх патрэбнасці, а проста паверыў Лобачу, як давяраюць чалавеку, якога паважаюць, якога ўважаюць за свайго аднадумца.

У горадзе Уладзімір пачуваўся цяпер зусім няўтульна. Амаль подбегам ён мінаў тую кавярню, у якой сустрэўся з Ірынай. Ён мог бы праходзіць і іншым шляхам ад праспекта да свайго дома, але нейкая невядомая сіла цягнула яго менавіта гэтай вуліцай. Уладзімір разумеў: як ён баіцца сустрэцца з Ірынай, колькі жудасці выклікае ў яго адно думка пра яе, так ён і прагне яе пабачыць. Пабачыць хоць бы з-за спіны. Крадком пабачыць, так, каб яна не заўважыла, не адчула, яе твар. І ўпэўніцца, што тады, у тую ноч на яго найшло насланнё. Ён цяпер даволі спакойна ўспамінаў тыя вечар і ноч і са страхам думаў, як жа было самой Ірыне? Так усё ішло добра і спакойна, шчасліва, даверліва і цёпла — і раптам ён падскоквае нібы вар’ят, калоціцца, кляпае кнопкай тэлевізара, дрыжыць... Што яна падумала? Ну так, вар’ят...

Але жылі ў свядомасці, не згасалі, а ўтрымвалі ад жадання зайсці ў знаёмае месца, прысесці пры тым століку тыя хвіліны, калі ён захлынаўся ванітамі на Уладзявым надворку. Калі ўсяго толькі думка пра тую ноч выклікала балючыя спазмы ў жываце. Хто яна, Ірына? Калі яна чужая яму, ён бы запытаўся: за што і як? Чаму так адбываецца? Чаму пры сустрэчы з ёй з'явілася ў яго адчуванне, што ён пад нечым пільным вокам? Ён жа памятае: “Папаўся!” Пытанні, пытанні... Іх было так шмат тут, у горадзе, іх хацелася пазбыцца, пайсці і самастойна разабрацца. Да той самай цёткі ў пашпартным стале: чаму яна так на яго глядзела? Знайсці Ірыну, пацікаваць каля яе дома (ён жа ведае, дзе яна жыве!) і запытаць: што адбылося? Чаму яна раптам стала з ім страшыдлам? Чаму ён яе такой пабачыў? Але было страшна. Проста страшна, нібы ён збіраўся ісці ў невядомае балота адзін, без анічога ў руках.

Аднаго дня Уладзімір не ўтрымаўся, зайшоў у кавярню. Прысеў за “свой” столік. Калі падышла кельнерка, ён замёр у шчымлівым чаканні: раптам яна перадасць яму ліст? Але нічога не адбылося. Кельнерка не праявіла да Уладзіміра ні імгнення цікавасці больш, чым тое трэба было ёй для таго, каб прыняць заказ. Выпіўшы хутка каву, Уладзімір разлічыўся і выйшаў надзіва заспакоены. Цяпер ён быў пэўны, што калі б сустрэўся з Ірынай сам-насам, зусім не захваляваўся б. Але той кубачак кавы адначасна які паставіў і другую кропку ў ягоных жаданнях: болей яго не цягнула нешта вышукваць і патрабаваць адказаў.

Затое пацягнула ў вёску. Моцна, аж мроілася яму, як ён басанож ходзіць па надворку старога Уладзі.

І яшчэ двойчы запар прысніўся той Чортаў камень. Вялікі, цёплы, ён вырастаў з цемры, набліжаўся, рос, пакуль Уладзімір не пачынаў распазнаваць на камені постаць. Дзявочую ці жаночую. У тым самым паглыбленні, дзе Уладзімір заўважыў валошкі. У сне ямінка было ўжо вялікай і глыбокай. Як магіла, ляжала тая постаць. І Уладзімір разумеў, што яна — не жывая. Але было не страшна, адно так шкада, што сэрца сціскалася ад смутку.

Уладзімір надумаў ехаць да Уладзі — той жа казаў: як пачне што сніцца незразумелае, ці так рабіцца, дык трэба ехаць.

Ён ішоў знаёмай дарогай, потым сцежкай, і ўсё то выглядваў наперад, то азіраўся — яму так карцела зноў сустрэць на сцяжынцы Ганну. Не раздумваючы, павярнуў да каменя. Пабачыў крыху прывялы, але не сухі букецік рамонкаў. Усміхнуўся, рады, як вельмі добраму знаку: усё добра ў нас, мы чакаем цябе.

Папляскаў па камені, як жывога каня па шыі, міжволі павітаўся ў думках: “Здароў, камянюка! Бач, халера, яна да цябе штодня заходзіць, кветкі носіць. Ляжыш сабе, шчаслівы...”

Уладзя сустрэў яго на надворку, быццам Уладзімір во толькі выйшаў на гадзіну якую, у краму збегаў у аграгарадок. Яно і праўда — Уладзімір нёс за плячыма ёмкі пляцак, які яшчэ ў горадзе наладаваў хлебам, каўбасой рознай, мясам ды іншым, што звычайна сам спажываў. Ну, і ноўтбук свой. Парукаліся, як даўно знаёмыя.

— Заходзь, спачні, — адчыніў Уладзя дзверы ў сенцы. — Цяпер сама горача, а ў хаце халадок. Зараз кваску прынясу... Не, не бойся, я па табе бачу, пакуль што ўсё добра. Цябе без мяне ёсць чаму лячыць.

— Гэта як? — здзвівіўся Уладзімір. — Што мяне лечыць?

— А ты хіба не адчуваеш, дзе табе цёпла і зручна? Вунь, хоць да абразоў падыдзі...

Уладзімір паслухаўся, падышоў да покуці, дзе пад абразамі стаяў тэлевізар. Але не стаў глядзець на выяву нейкага святога, зноў разглядаў ручнікі.

— Можа, прадасце ручнік? — Уладзімір павярнуўся ад покуці да старога, які з прыхаванай усмешкай назіраў за ім. — У вас жа пенсія малая...

— А нашто мне грошы? — прымружыўся стары. — Мяне лес ды гарод кормяць...

— Каўбаса на хвоях не расце, — сур’ёзна адказаў Уладзімір, потым уздыхнуў, дадаў: — Дык, дазволіце майму выкладніку хоць прыехаць, патрымацца за ручнік? Просіць надта.

— Што за выкладнік у цябе такі, што хоча за ручнік патрымацца, як маладзён за цыцку?

— Ды... апантаны ён, праўда.

— І чым апантаны?

— Я не ведаю дакладна, але дзіўны, — Уладзімір шчыра пацепнуў плячыма. — Дакладна ведаю, што такіх мала засталося. Я вось першага сустрэў. Збірае ён усё... нашае.

— Нашто збірае? — нечакана пасур’ёзнеў стары Уладзя.

— Захаваць хоча... Каб ведалі: былі такія песні, казкі, паданні, легенды. Што во так жылі, так весяліліся, так святы спраўлялі. Мне вунь гаспадыня расказвала пра Купалле, там момант адзін незвычайны быў, дык ён так зарадаваўся!

— Захаваць, кажаш... Ну, няхай прыязджае, — нібыта прыняўшы важную пастанову, адказаў гаспадар.

Уладзімір адарваў вочы ад ручніка над абразом, дакрануўся да тэлевізара, укрытага накідкай.

— Цікава, у вас, ведзьмака — тэлевізар... Глядзіце калі?

— Жывы чалавек пра жывое думаць мусіць, пра жывых ведаць. Што праўда — хоць не глядзі. Страшны час стаў.

— Чым страшны? — пацікавіўся Уладзімір.

— Тым і страшны... Раней цемра блізка да ўлады стаяла, а цяпер — ва ўладзе варушыцца. Раней нішчылі тое, што на вачох было, а цяпер руйнуюць тое, што ў душах і сэрцах. Наступ ідзе...

— Не разумею, — разгубіўся Уладзімір. — Вы пра які такі наступ?

— Ты цяпер людзей ужо чуеш, табе дадзена... Праўда, чуць іх можаш тады, калі проста перад сабой пабачыш. А я, хлопец, іх чую і бачу, калі яны во праз тэлевізар кажуць нешта ці робяць. Колькі вашываму не таіцца, вош на лоб выпаўзе... Потым, пазней будзем пра ўсё гаварыць. Ты адно памятай: ёсць святло, ёсць і цемра. Ты да святла выйшаў — нехта ў цемру зайшоў. Мы ў свет — доля ўслед...

Калі сонца схавалася за страхой хлява, узяліся шчапаць дровы. Уладзімір казаў, каб стары толькі зносіў, але Уладзя заўпарціўся:

— Ну, я табе не зломак яшчэ. Досыць на двух такой гары.

З-за хлява, з лугу ў нізіне за гародамі пацягнула свежасцю, калі насупраць двара прыпыніўся аўтамабіль. Уладзімір скоса глянуў і свіснуў у думках: нішто сабе госцейкі ездзяць да дзеда: гэта была не проста іншамарка, а дарагі чорны ўсюдыход.

— Што, спадар Уладзіслаў сабе парабка знайшоў? — гучна, з усмешкай, казаў каржакаваты, гадоў сарака мужчына, які вылез з аўтамабіля і цяпер заходзіў у двор.

Што адразу кідалася ў вочы — ягоная ўпэўненасць. Ён ішоў надворкам, нібы гэта быў яго асабісты дом, але ў той жа самы час не пашыбаваў травой, а рушыў пратаптанай сцяжынкай. Ростам ён, калі падышоў бліжэй, выявілася, быў вышэй за сярэдні, гэта шырокія плечы рабілі яго ніжэйшым. Але быў падцягнуты, без аніякага тлушчу на жываце. Светла-шэрыя лёгкія нагавіцы, такая ж кашуля з кароткімі рукавамі навыпуск. Крыху прыкамечанае ўсё, але чыстае. Падстрыжаны каротка, валасы цямнявыя, частымі серабрынкамі. Шырокі скуласты твар без расліннасці паспеў добра загарэць, прымружаныя вочы глядзелі пільна, хоць і ўсміхаліся, простыя чорныя бровы амаль сходіліся на пераноссі.

Неяк па-простаму, рыхтык даўно знаёмы, падаў Уладзіміру руку, паціснуў моцна, усміхнуўся, вышчарыўшы роўныя і на дзіва белыя зубы:

— Здароў быў! Ты хто? Што робіш?

— Ды... вось, дровы шчапаю. Вучуся, сесію здаю, пад'ехаў, — трохі разгубіўся Уладзімір ад такога напору.

— Зразумела: студэнт! Мяне Антосем завуць. А прозвішча Зубель. Ведаеш такое?

— Дзе там...

— І добра, адкуль табе Зубеляў ведаць? — рассмяяўся мужчына, падышоў да старога, парукаўся з ім.

— Што, дзед, яшчэ перазімаваць хочаш? Адпачываў бы, калі ёсць каму сякерай махаць. Ці на клодаўе не пара?

— Будзе пара — прыйдзе гара, — адказаў без крыўды Уладзя. — Там і адпачну, як рукі складу. Я табе травы на гарбату назбіраў, гэта будзе на ранне піць. Не паблытай, а то пап'еш увечары — спаць не будзеш.

— Дзед, ды табе трэба сваю фірму арганізаваць! — пасмейваўся мужчына, пакуль Уладзя выносіў з сянец мяшэчак, відаць, з сушанай травой. — То ж найэфектыўнейшы энергетык, ды яшчэ натуральны! Мы б з табой такія грошы паднялі!

— Мне маіх досыць, — адмахнуўся стары. — Ты свае пазбірай па палёх.

— Пазбіраю, — без усмешкі адказаў Зубель, узважыў на руцэ мяшэчак. — Во, заўтра з раніцы пачнём новае жыццё. Надакучыла заморская кава, аж у роце смягне. Ганначка пыталася, ці ўсё добра? Калі нядобра, то яна сёння яшчэ кропельніцу паставіць.

— Добра, дзякуй ёй. Чаго ёй клопат лішні трэба. Што, зноў ты па яе паедзеш?

— Вядома ж, паеду, — упарта кінуў галавой мужчына. — Я ёй сказаў, што да яе асабіста падпушчу на крок таго, хто мне самому спадабаецца. А то бач, ездзяць, пачулі каты мяса. Гэй, студэнт, — павярнуўся Зубель да Уладзіміра, — ты таксама нашу Ганначку пабачыў і прыкмеціў? Глядзі, пакрыўдзіш — будзеш мець справы са мной, — ці то жартаваў, ці то казаў сур’ёзна.

— Бачыў і прыкмеціў, — крыху задзірыста адказаў Уладзімір, бо гутарка на двары падалося яму прыязнай, калі можна было і пажартаваць, і сказаць праўду. Ад Антося Зубеля прамянілася не адна ўпэўненасць, але і сімпатыя, хваля зычлівасці, што так знітоўвае людзей. І потым: Уладзімір раптам адчуў тое, пра што казаў яму Уладзя: ад Зубеля не ішла трывога, ля яго было спакойна, быццам у сярэдзіне ў Уладзіміра запрацаваў апазнавальнік “свой-чужы”, а ад Зубеля ціўкаў сігнал “свой”. Таму і дадаў Уладзімір нават з лёгкім гонарам: — Мы з ёй на сцяжынцы сустрэліся. Я дык і разгубіўся быў: падалося, сястру сустрэў, з якой шмат гадоў не бачыўся. Такое вось было...

— Ну, калі як сястра — гэта добра, — ухваліў Уладзіміравы словы Зубель. — Бо мы тут па-старому жывем: прыгожых дзевак і добрых кароў з сяла не выпускаем... Слухай, студэнт, а ты дзе жывеш і што робіш?

— У горадзе пакуль што... Вучуся. Думаю, уладкуюся на працу.

— Во, на халеру табе ўладкоўвацца? Хочаш, я табе работу дам? — адразу прапанаваў Зубель. — Ці пакуль твая работа знойдзецца, у мяне папрацуеш.

Уладзімір усміхнуўся з такой практычнасці. Ніяк не чакаў падобнай прапановы, але, трымаючы ў свядомасці “круты” аўтамабіль Зубеля, падумаў, што работа яму можа быць прапанаваная самая розная. Можа, і цікавая. Але надта неяк усё хутка...

— Што за работа? — усё ж спытаў ён.

— Крутая работа! — запэўніў Зубель. — Акурат для разумнага студэнта. Я прыдбаў новы кампутар, во вязу дадому. Яшчэ там рознага начыння. Карацей, трэба мне ўдома сваю бухгалтэрыю наладзіць. Сеціва зрабіць, каб можна было і з ноўтбукам працаваць лежачы, а то, халера на яе, спіну за дзень натруджу, падаю пад вечар, а трэба ж ведаць, што ў свеце робіцца, з сябрамі перакінуцца, а то ваўком завыю. Там у мяне яшчэ розных дамоўленасцяў з сувяззю — падлучаць тое сеціва. Тэлефон я нядаўна правёў. Ты як, валачэш у такой справе?

— Ну, кампутар устанавіць не праблема, праграмнае забеспячэнне ўкінуць — таксама не цяжка. Але ж я бухгалтарскія праграмы не ведаю.

— Дык я ведаю! Курсы прайшоў. Ты мне рэшту пастаў, каб запрацавала. Ну, бярэшся?

— Дык... — разгублена павярнуўся Уладзімір да старога: — Дзед Уладзя, што спадару Зубелю адказаць?

— Дык калі можаш, чаму б не зрабіць добраму чалавеку? — усміхнуўся ў вусы Уладзя. — Пытай з яго за работу болей.

— Усё, я цябе забяру, — радасна пацёр рукі Зубель. — То я паехаў па Ганначку, дзед, ідзі сядзь, няхай сэрца супакоіцца, каб яна не выгаворвала, — загадаў ён і пашыбаваў з двара да веснічак.

Аўтамабіль мякка завуркатаў, потым голасна пікнуўшы, развярнуўся і знік.

— От, чалавек, як віхор, — не з асуджэннем, а болей з захапленнем сказаў услед Зубелю Уладзя, але паслухаўся, прысеў на доўгую і шырокую лаўку пад сцяной сянец. — Сядзь і ты, пакуры. Не паспеюць згніць дровы, у Бога дзён многа, пашчапаем і прыбярэм.

— А хто ён? — запытаў Уладзімір, кіўнуў у той бок, дзе стаяла машына Зубеля.

— Ды наш, мясцовы. Вёска тут недалёка, а ля яе хутар. Ягоных дзеда і бацькі. Доўга яго тут не было, кажа, у Сібіры быў, грошы ўсё зарабляў. Адно што наязджаў. Аж калі бацькі памерлі, тады прыехаў надоўга. Перш хацеў хату прадаць... Але ж нешта перадумаў. Зямлі ўзяў ля хаты — там іх зямля была заўсёды, а калгасу ад той зямлі карысці мала было — няўдобіца, пад'езду няма. Вось ён і стаў па-цяперашняму фермерам. Адзін жыве...

— Зразумела.

Антось Зубель праз чвэрць гадзіны зноў пад'ехаў да Уладзявай хаты. Гэтым разам ён, выскачыўшы са свайго месца, кінуўся да супраціўнага боку машыны, адчыніў дзверцы і з выразнай галантнасцю, з вясёлым форсам падаў руку пасажырцы.

Уладзімір пазнаў у жанчыне Ганну. У руках яе была невялікая сіняя торба з белым медычным крыжам. Спаднічка амаль такога ж сіняга колеру высока адкрывала калені, блакітная саколка шчыльна аблягала цела, і таму такімі выразнымі былі яе грудзі. Недзе ў падсвядомасці ў Уладзіміра варухнулася думка, што гэтыя грудзі засумавалі... па дзіцячым раточку. Ганніны валасы былі заплеценыя ў няшчыльную касу і перакінутыя наперад, на плячо.

— Студэнт! Чуеш, студэнт! — ад веснічак закрычаў Антось. — Да мяне заўтра едзем, а сёння табе задачка — паправіць Ганначкін кампутар.

— Дабрыдзень! Я ж казала — сустрэнемся.

Жанчына ўсміхалася ветла, зусім як роднаму — не мог Уладзімір пазбыцца гэтага пачуцця.

Адказаў на прывітанне як мог цёпла.

— І ў вас кампутар сапсаваўся?

— Ды, мабыць, падхапіла нейкую заразу — малюначкі малюе на экране, розныя надпісы, праграмы не працуюць. Потым пра яго, — адмахнулася Ганна і падышла да Уладзі. — Як маецеся, спадар Уладзіслаў? Бачу, твар ружовы, пульс, — яна ўжо трымала старога за руку, — крыху часціць. Памахалі сякерай? Ну, я ж казала, каб шанавалі сябе ад такой справы хоць на колькі дзён. За пляшку чарніла я вам такіх работнікаў найду — пашчапаюць і складуць.

— Не трэба сюды алкашоў ніякіх, тут во студэнт за парабка дае рады, — рагатнуў Антось Зубель, прысеў на калодку побач з Уладзімірам.

Ганна, як зразумеў яшчэ раней Уладзімір — фельчарка акушэрскага пункта, прысела да Уладзі на лаўку, борзда дастала апарат для вымярэння ціску, праверыла ў старога двойчы. Уважліва глядзела на стрэлку манометра, аж хмурыла свае густыя бровы.

— Ну, як быццам усё добра. Раніцай забягу яшчэ праверыць. Кропельніцу не ставіць? Як сэрца? П’яце пігулкі?

— Усё добра, дачушка, — падзякаваў Уладзя. — П’ю твае пігулкі. Праўда, добра. То нешта во хапіла было, прыціснула...

— Меней тэлевізар глядзець трэба, — дакончыў нечакана Антось Зубель. — Я вунь таксама як паглядзеў апошнія навіны, дык не спаў тры дні.

— А што за навіны? — засаромеўся, але ж спытаў Уладзімір. — Нешта нічога не чуваць было такога.

— От заўтра мне сеціва падлучыш і сам усё даведаешся. А зомбаскрыню глядзець — адно потым сліна цячэ, плявацца хочацца.

Ужо звечарэла, сонца за блізкі лес схавалася цалкам. Уладзімір ішоў з Ганнай ціхай пустой вуліцай вёскі. Ён наагул першы раз ішоў Карчавахай — за тыя прыезды адно даходзіў да крайняй з лесу Уладзевай хаты.

— Вось такая стала наша Карчаваха, — невясёла казала Ганначка. — Пустая і сумная. Некалі на дваццаць двароў было паўсотні дзяцей. А потым раптам усё знікла, за адно маё жыццё. Цяпер во пяць хат засталося жывых.

— І ў мяне на радзіме гэтаксама, — падтрымаў тэму Уладзімір. — Хто на цэнтральную сядзібу падаўся, хто ў горад з'ехаў.

Вуліца была шырокай. На месцы колішніх хат буяла зелень. Высачэзныя ліпы і бярозы паказвалі сабой былыя месцы сядзібаў. Дзе-нідзе ў гародах стаялі яблыні. Платоў амаль не было. Ад самой дарогі, ужо добра ўтравелай, высокая някошаная расліннасць падымалася ўверх, пад платы. Жывы двор пазнаваўся адразу, па траве — яна была скошаная ад плота і да самой дарогі на шырыню ўсяе сядзібы.

— Не сумна тут адной жыць? — запытаў Уладзімір.

— А чаго мне сумаваць? Не дадуць, — усміхнулася Ганна. — Тут мне спакайней — не так даймаюць бабулькі з рознымі балячкамі. Хоць і падымуць сярод ночы, але ж тое рэдка. А былі мне далі кватэрку ў аграгарадку, дык за дзень два дзясяткі гасцей перабыло...

— І вы адтуль уцяклі?

— Кажы мне ты... Не, не ўцякла. Кватэра зімой так прамярзала — нішто не ратавала. Дом збудавалі паводле прэзідэнцкай праграмы, каб як хутчэй, дык вецер праз сцены свістаў. Вада перамерзла, каналізацыя. Я і кінула той дом. Яго адзін механізатар узяў, надумаўся сам усё дарабляць, калі калгас яму заплаціць. А я ж не ўмею...

— І мужа няма, я чуў. А чаму не замужам? — задаў пытанне Уладзімір і сам здзівіўся таму, як проста яно прагучала. — Вы... ты не крыўдуй за такое нахабства, я без усякага падтэксту пытаюся. Кажу ж, мы сустрэліся, а мяне рыхтык хто мехам з мякінай па галаве выцяў: вось ведаю цябе і ўсё тут!

— Так бывае, — лёгка згадзілася Ганна. — Так бывае... А не замужам, бо мужа надта строга выбіраю, — усміхнулася амаль гарэзліва і трошкі сумна.

Вёска выцягнулася на паўкіламетра — хаты стаялі некалі па адзін бок вуліцы і далёка адна ад другой. Ганна жыла на супраціўным ад Уладзі канцы.

— А во тут баба Маня жыве, — Ганна кіўнула на жоўтае акно невялікага старога дома. — Калі мае бацькі загінулі, мне ўсяго шаснаццаць было, то яна мне і за бабулю была, і за маці, і за бацьку. Не ведаю, як бы я без яе і выжыла...

— А як... здарылася? — асцярожна спытаў Уладзімір і здумаў адразу расказаць пра сябе: — У мяне... бацька загінуў таксама. Малады яшчэ быў, бойка была п’яная, нагу яму парэзалі, крывёю сцёк. А маці захварэла на менінгіт, як напілася моцна, застудзіла галаву. І брат во сёлета п'яны згарэў... Разам з бацькоўскай хатай. То я без анічога — пакацігарошак...

— Мае загінулі разам... Неяк так выйшла... страшна. Ехалі на возе сена, надвячорак быў. Далёка адсюль, сена набылі ўвосень, свайго не змаглі накасіць, не даў калгас, бо карова ацялілася, і цялятка здохла. Не даў цяля — не далі сена. Там рэчка цячэ вялікая, глыбокая. І мост цераз яе стары, драўляны, парэнчаў няма. На сярэдзіне мосту, людзі бачылі, конь раптам упудзіўся, спужаўся нечага і кінуўся ўбок. Воз і кульнуўся... проста ў рэчку. Там і глыбока, і плынь хуткая, ды яшчэ і воз упаў на людзей, і конь. Жудасна было... Ну, вось і прыйшлі, мой дом!

Уладзімір адразу і не заўважыў хаты — такія вялікія два кусты язміну раскінуліся шырока, засцілалі сабой сцяну дома.

Гэта быў звычайны вясковы дом: першая палова і другая, большая і светлая. Грубка справа дзяліла пакой на дзве часткі — адна частка была завешаная ад Уладзіміравых вачэй доўгімі і шырокімі шырмамі. У другой палове стаяў сучасны кампутарны стол, на такой жа сучаснай тумбачцы — тэлевізар, стаяла вялікая кутняя канапа, невялікая шафа з кнігамі. Усё разам размяшчалася так, што ўтваралася і рабочая частка, і частка для адпачынку. Уладзімір не змог стрымаць захаплення:

— Як у цябе тут нечакана па-сучаснаму і ўтульна! О, тут бы я хацеў жыць!

І асёкся, бо гэта выглядала, як няўклюдны намёк. Але Ганна зрэагавала толькі на тое, што менавіта і меў на ўвазе Уладзімір:

— Нічога, некалі ў цябе будуць жонка і свой дом, і будзе ў ім усё так, каб было прыемна і папрацаваць, і адпачыць.

Загрузка...