Да, я возьму тебя с собою
И вознесу тебя туда,
Где кажется земля звездою,
Землею кажется звезда.
Ён ходзіць вечарамі на спатканні,
Ён слухае Ліста, гуляе ў кракет,
А потым складае да самага рання
Маршруты наступных касмічных ракет.
Усё да апошняй драбніцы знаёма
У цеснай кабіне яго карабля —
Утульна i светла, i цёпла, як дома,
Ды толькі чамусьці трымае зямля.
Трымае, дрыжыць, нібы маці над сынам, —
I хоча паслаць, i шкадуе пусціць,
А ён ужо лічыць не дні, а хвіліны,
Калі развітаецца i паляціць.
Ляціць летуценнік у бездань сусвету,
Туды, дзе гараць Арьіён, Казярог,
I нават маленечкай наша планета
Здаецца у замеці зорных дарог,
То знікне, то зоркай маленькай забліскае,
То песняй, то словам сагрэе здаля,
Такая знаёмая, блізкая-блізкая,
Такая далёкая наша зямля.
Касмічныя сцюжы i слабасць, i стома
Яго не крануць у нямой вышыні.
У цеснай кабіне утульна, як дома,
I свецяць яму у дарозе агні.
Ляціць летуценнік у бездань сусвету,
Спакойна ляціць, без трывог i турбот.
Ён бачыць за мэтаю новую мэту,
За першым палётам — наступны палёт.
Сакавік 1961 г.
СНЫ
Лячу, лячу, маленечкі, бяскрылы,
I ўсё вышэй, усё вышэй хачу —
Займае дух i не хапае сілы:
То падаю, то зноў i зноў лячу.
Крычу ад шчасця, радасці i страху
A гукі заміраюць на губах...
Лячу i не зайздрошчу болей птаху,
Што гнёзды ўе на соснах i дубах.
Усё сцярплю — пакуты, боль i кару
За ўсё жыццём уласным заплачу,
I хоць на крок, але далей Ікара
Пад зорамі i сонцам пралячу.
Унізе знікне хмарка залатая,
Адолею i страх i немату...
Гаворыць маці, — калі ў сне лятаю
Дык значыць i сталею i расту.
ДЗЯЦІНСТВА
У памяці жыве усё да кроплі:
Маленства горкае, баі, дваццаты год,
Бабуля нас хавала у каноплі,
Убачыўшы варожы самалёт.
А мне карцела, выцягнуўшы шыю
I кулачок падняўшы ўвышыню,
Сачыць i слухаць, як ён глуха вые,
I ўслед крычаць: «Пабачыш, даганю»
ЮНАЦТВА
Глядзяць у неба прагна вочы,
I сэрца просіцца к агню,
Яно ляцець кудысьці хоча
I адчувае вышыню.
Не ведаю, якія зоры
Мігцяць іскрынкамі ўваччу,
A толькі веру — скора, скора
I я над імі пралячу.
Пакуль узняцца немагчыма
I паляцець яшчэ не час...
Значок Асаавіяхіма
Здаваўся ордэнам для нас.
Юнацтва хлапчукоў чакала
I сотняй клікала дарог,
A ўжо з Масквы Валерый Чкалаў
Ляцеў над полюсам, як бог.
Блакітныя вычэрчваў дугі
Да новых светаў i планет
Вучоны з горада Калугі
Для неіснуючых ракет.
I самалёты, як на свята
Над Краснай плошчаю, гулі...
Бацькі славутых касманаўтаў
Яшчэ бацькамі не былі.
ПЕРШЫ ПАЛЁТ
Да Полацка ўсяго гадзіна лёту,
I я ізноў спяшаюся туды,
Дзе воблакі, як першыя сумёты,
I белыя, як воблакі, сады.
Зялёная зямля ляціць пад намі,
I горад хіліцца, нібыта ў буралом,
А вось ужо i поле з валунамі,
I вёскі, i азёры пад крылом.
Успомнілася першая дарога,
Салёны смак дзіцячае слязы,
Калі прасілі літасці у бога,
Цалуючы старыя абразы.
Плылі аблокі белыя кудысьці,
Парэпалася шэрая зямля,
Ад смагі пазакручвалася лісце,
A літасці не меў прарок Ілья.
Трызнілі з голаду закураныя сёлы,
Засмягла жыта, ссохла сенажаць,
А у царкве ружовыя анёлы,
Здавалася, ад смеху задрыжаць.
Я гэта ўспомніў, можа, недарэчы...
Пілот свідруе хмары напралом,
Яны лажацца на крутыя плечы,
А мы ix рэжам сонечным крылом.
Мы уладарым на зямлі i ў небе,
У нас хапае сонца i вады,
Мы больш ужо не молімся аб хлебе,
Як некалі ў дзіцячыя гады.
Ляцім, ляцім над полем i над лесам,
Задзвінне перакрэсліў самалёт.
На нас глядзіць анёлам сцюардэса
I, як Ілья-прарок, сівы пілот.
1961 г.
СТАЛАСЦЬ
Курыцца пыл над Млечным Шляхам,
Мігаюць Марс i Эрыдан,
Між імі ўрэзаўся з размаху
«Усход» у зорны акіян.
Яшчэ рывок, яшчэ імгненне —
I выйдзе на арбіту ён,
Закон зямнога прыцягнення —
Ужо адменены закон.
Зямля ў блакітным арэоле,
У тонкіх жылках сініх рэк.
Як згустак розуму i волі,
Ляціць савецкі чалавек.
Яго спакойна сэрца б'ецца,
Яму зямныя сняцца сны,
За першым следам след кладзецца
Сярод касмічнай цаліны.
То дзень, то ноч, то зноў світанне,
А ён — у зорнай цішыні,
I першым Сонца прывітанне
Яму прыслала з вышыні.
Яго імя зямля пачула
I ўжо запомніла навек,
Над Рымам, Токіо, Кабулам
Ляціць савецкі чалавек.
Ён родным сынам, братам, другам
Зрабіўся кожнаму з людзей,
За ім i дзень i ноч з Калугі
Спакойны сочыць чарадзей,
Нібы пытае: «Дзе ты, дзе ты?»,
Нібы падлічвае віткі.
A ў неба зноў i зноў ракеты
Ўзлятаюць з Ленінскай рукі.
1961 г.
MACKOЎCKI ЧАС
У небе сніліся пілоту
Спакойныя зямныя сны:
Тугая сцежка каля плоту
I шум карэльскае сасны,
Смаловыя масніцы ў хаце,
Сякеры стук i звон пілы,
I устрывожаная маці
У далёкай вёсцы Шаршалы.
Між зор прысніліся пілоту
Кастры на беразе Дняпра...
Звініць будзільнік. На работу
Уставаць i ў космасе пара.
Зацягнуты папругі туга,
Спакой на борце карабля,
Чуваць знаёмы голас друга,
I песня чуецца здаля.
Ляцяць сузор'і i планеты,
З арбіт не сходзячы сваіх,
A ўжо касмічныя ракеты
Даўно нацэлены на ix.
Плыве зямля ў празрыстай сіні
Дзень мільгануў i зноў пагас,
A ў космасе заўжды гадзіннік
Паказвае маскоўскі час.
20. VIII 1962 г.