ІМЯ Ў СЭРЦЫ


ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ

Яшчэ на ўзлессі снег ляжыць,

Але шпакі ужо шчабечуць,

Звіняць да змроку капяжы,

I кроплі падаюць на плечы.

Ідзе вясна, а не адліга,

З вятрамі, ліўнямі, цяплом:

I крыгі крушацца аб крыгі,

А хутка грымне першы гром.

Плывуць над Волгай хмарын

Маланкі тушачы ў вадзе.

Вось у такі вясновы дзень

Радзіўся хлопчык у Сімбірску.

У свет з'явіўся чалавек

З вялікім сэрцам i натхненнем.

I ў дзень ягоны нараджэння

Пачаўся новы светлы век.

1957 г.



НА ВОЛЗЕ

На Волзе непагадзь.

Ляцяць на бераг пырскі,

Над Волгай не змаўкае ветру свіст.

Завулкамі купецкага Сімбірска

Ідзе на стромкі бераг гімназіст.

Яму ад нараджэння дарагая

Вялікая расійская рака.

Ён бачыць, як у змроку дагарае

На тым баку агеньчык рыбака,

Ён бачыць, як у непагадзь i спёку

На узбярэжжах бурлакі снуюць,

I чуе, як над Волгаю шырокай

Тужлівую «Дубінушку» пяюць.

Ён бачыць вочы гнеўныя i шыі

У пісягах ад мулкага ярма.

Яму здаецца, што уся Расія

Прыйшла сюды,

а ёй канца няма;

Няма канца i краю цяжкім стратам

I песням пра пакуты i бяду,

Няма канца i тым, што брат за братам

У турмы i на катаргу брыдуць.

Яны праходзяць, скутыя у пары,

З узнятаю высока галавой...

Гарцуюць захмялелыя жандары,

I ляскае затворамі канвой.

Стаіць адзін хлапчук каржакаваты,

I бліскаюць агеньчыкі ў вачах.

Ён паўтарае сам сабе, як клятву:

«Мы адшукаем самы пэўны шлях».

Над Волгаю заняўся золак сіні,

Над Волгай непагадзь, над Волгай ветру свіст.

Глядзіць i бачыць заўтрае Расіі

Пакуль што невядомы гімназіст.

1957 г.



САЛДАЦКІ ХЛЕБ

У салдата груз не цяжкі,

Бо ідзе не на кірмаш —

Скатка, торбачка, біклажка,

Стрэльба, штык i патранташ.

Вось i ўсё яго багацце.

Каптэнармус сухары

Выдае яму не ў хаце,

А на полі ці ў бары.

Не заўсёды ёсць махорка,

Не заўсёды ёсць вада.

Паліняла гімнасцёрка,

Пасівела барада.

Месяц солі ён не бачыў

У Палескай старане,

Хоць яна ў баях гарачых

Выступала на спіне.

Не было калі уцерці

Рукавом крывавы пот.

I не раз у вочы смерці

Ён глядзеў за гэты год.

Біў Дзянікіка, Марусю,

Адмірала Калчака,

А цяпер у Беларусі

Стаў разведчыкам палка.

Ён тут ведаў кожны мосцік

Ад Бярозы да Дзвіны...

Застагналі ягамосці,

Заспяшаліся паны.

Не шукаючы, дзе мелка,

Не пытаючы, дзе брод,

З Мінска, з Глуска, з Рудабелкі

Накаціўся гэты зброд.

А разведчык той, вядомы

З грамадзянскае вайны,

На дзянёк зайшоў дадому,

У мястэчка Кургэ.ны.

Пазбіраліся суседзі,

I суседкі, i дзяды.

Далажыў салдат, што едзе

У Маскву на два гады,

— Трэба трохі падвучыцца,

I таму мяне з палка

Пасылаюць у сталіцу,

Аж у школу ЦВК.

Зажурыліся кабеты:

— Гэта ж госць у нас такі,

А у беднае Альжбеты —

Ані круп, ані мукі.

I панеслі хто што мае:

Скварку, шклянку малака,

Тут i каша прасяная,

Тут i жытняя мука.

Завіхаюцца салдаткі.

Печ гудзе, звіняць нажы.

На сталы нясуць аладкі,

Цеста месяць у дзяжы.

Бохан кмінам пасыпаюць:

Будзе смачны хлеб, круты,

I у печ яго саджаюць

На кляновыя лісты.

Стол накрылі так, як трэба,

Як бывала да вайны.

I запахла свежым хлебам

Над мястэчкам Курганы.

Пасядзелі, паспявалі,

А на золку акурат

Хлеб у торбачку паклалі,

I пайшоў далей салдат.

У салдата груз не цяжкі,

Бо ідзе не на кірмаш, —

Хлеб у торбачцы, біклажка,

Тытуню на тры зацяжкі,

Стрэльба, штык i патранташ.

Дзе пад'едзе, дзе падыдзе,

Дзе задрэмле на траве,

I не болей як за тыдзень

Апынуўся у Маскве.

Тут сустрэлі на вакзале,

Да начальства павялі,

Накармілі i сказалі,

Што служыць яму ў Крамлі.

Ён прыйшоў. Наўкол палацы,

Са сцяной цячэ рака.

У каго б яму спытацца,

Дзе тут школа ЦБК.

А насустрач невысокі

Чалавек якраз ідзе.

Паглядзеў, прыжмурыў вока,

I салдат яму здалёку

Крыкнуў:

— Браце, школа дзе?

Незнаёмы усміхнуўся

I гаворыць на хаду:

— Калі так, дык я вярнуся,

Вас да месца давяду.

Вы адкуль, з якога фронту?..

Што там добрага чуваць?

— Добра ўсё. Шкада, што з контрай

Не далі даваяваць.

Кажуць: «Трэба падвучыцца».

— Так, вучыцца трэба ўсім...

— Але брацца за табліцу

Не з характарам маім:

Гаспадарка ж не ў парадку,

Жонка колькі год адна.

А цяпер — ізноў салдатка,

Хоць i кончыцца вайна.

Прыпыніліся ля дома

З нейкай шыльдай на сцяне,

I гаворыць незнаёмы:

— Можа зойдзем да мяне?

Абмяркуем па парадку,

Як жывуць у вас, i чым

Не адной, a ўсім салдаткам

Трэба нам дапамагчы. —

У прасторным кабінеце

Сеў салдат каля стала.

I пра ўсё, што ёсць на свеце,

Лёгка гутарка пайшла.

Пра зямлю, пра хлеб i школы

Доўга гутараць яны,

Пра ячэйку камсамола

У мястэчку Курганы.

Увайшла ў пакой дзяўчына,

Азірнулася наўкол,

Чай прынесла i нішчымны

Хлеб паставіла на стол.

— Калі ласка, чым багаты... —

Прапануе гаспадар

I падсоўвае салдату

Хлеб шурпаты, як сухар.

Зняў салдат мяшэчак, скатку,

Аж забыўся, што ў Крамлі,

Хлеб вымае, што салдаткі

На дарогу напяклі,

Падае суседу лусту:

— Не пагрэбуйце i вы,

Можа прыйдзецца па густу

Хлеб салдацкі, франтавы.

— Хлеб адменны, скажам прама,

Хто яго пячэ i дзе?

А салдат ніяк не ўцяміць,

З кім ён гутарку вядзе.

Развітаўшыся, гаворыць

Клапатлівы гаспадар:

— Вас чакае ў калідоры

З вашай школы камісар.

Камісар на тратуары

Дакрануўся да пляча

I спытаў:

— Ну як, таварыш,

Гасцяваў у Ільіча?

1958 г.



АГАНЁК УНАЧЫ

Ідуць дажджы i днём i ноччу,

Апалі мокрыя лісты,

Вада асенняя булькоча,

Старыя зносячы масты.

Размокла на дарозе гліна,

Канавы поўныя вады,

I у разбітых каляінах

Па трубкі грузнуць абады,

Світае днём, i днём змяркае,

Куды ні глянеш — змрок i змрок,

Нібы над Енісейскім краем

Замкнулі сонца на замок.

I ночы чорныя, як сажа,

Здаецца, бездань за сцяной.

Ніхто дарогу не пакажа,

Ніхто не пусціць на пастой.

А ты ідзеш, прамок дазвання,

Закляклі ногі, ледзь жывы.

Цябе, нібы на пакаранне,

У воласць кліча станавы.

Збіраўся дабрысці да ночы,

Ды не прайшоў i тры вярсты,

Як зніклі сцежкі ля абочын,

Як раптам выраслі кусты.

Куды ісці?

У чорным полі

Адзін блукаеш, як сляпы,

Табе шыпшыннік шчокі коле,

Малоціць дождж у тры цапы.

На паўаршына грузнуць ногі,

Чыркі размоклі у вадзе.

Ды па загаду станавога

У воласць Пронікаў ідзе.

Кляне i цемрадзь, i парадкі,

Ураднікаў, i станавых,

Што за патравы i падаткі

У воласць гоняць ледзь жывых.

Ды болей не ступіць ні кроку,

Прысеў, намацаўшы пянёк,

Зірнуў навокал:

дзесь далёка

Мільгнуў маленькі аганёк.

Жывы, трапечацца, палае,

Яго й дажджы не залілі,

Нібыта зорачка малая

Адна гарыць на ўсёй зямлі.

Рукамі расхінуўшы веццэ,

Устаў стары, прыбавіў крок,

Ідзе туды, дзе ярка свеціць

Жывы маленькі аганёк.

Канавы, зараснікі глогу

Ужо мінуў стары даўно.

Яму паказвае дарогу

Чыёсьці светлае акно.

У раму стукнуў асцярожна

I кажа:

— Госпадам прашу,

Пусціце ў хату, калі можна,

Ратуйце грэшную душу.

— Хутчэй, заходзьце, калі ласка..

Усё, усё здымайце прэч,

Чыркі сушыце,

апаяску

І світку вешайце на печ.

Сядайце, вось i чай дарэчы,

Кладзіце цукар... ну, нішто? —

I гаспадар яму на плечы

Сваё накінуў паліто.

I чай гарачы ўнакладку

Спакойна сёрбае стары,

Вядзе размову пра падаткі

I беззямельныя двары:

— Прапала матухна-Расея,

Жабрачыць з восені сяло.

Яшчэ у нас на Енісеі

Такога зроду не было.

А гаспадар прыжмурыў вока,

Па светлай гладзіць барадзе,

Устаў, прайшоў шырокім крокам

I кажа:

— Не, не прападзе!

Мы не дазволім ёй прапасці,

I вы, i вашы землякі.

У нас такое будзе шчасце,

Настане лад у нас такі,

Што свет Расіі пазайздросціць

Унукам нашым i сынам.

Патрэбна толькі болей злосці,

I болей сілы трэба нам!

...На дзень займалася патроху

У глухой сібірскай старане.

Усім паказвала дарогу

Святло у ленінскім акне.

1960 г.

Загрузка...