Англійскі дзяржаўны дзеяч дзевятнаццатага стагодзьдзя Бэнджамін Дызраэлі пicaў: „Іншыя людзі, пакараныя ссылкай альбо турмой, калі i выжываюць, паддаюцца адчаю; літаратар жа мае падставы лічыць гэтыя дні самымі прыемнымі ў сваім жыцьці”. Дызраэлі пicaў гэта пра Гуга Гроцыя, галандскага юрыста i філосафа сямнаццатага стагодзьдзя, які быў прыгавораны да пажыцьцёвага зьняволеньня i два турэмныя гады аддаў літаратурнай i філасофскай рабоце.
Дык чаму ж літаратар дні, месяцы i нават гады, адбытыя ў няволі, можа лічыць „самымі прыемнымі ў сваім жыцьці”? На гэтае пытаньне досыць вычарпальна адказаў шматгадовы вязень англійскix турмаў Джавахарлал Нэру. У сваім апошнім, ад 9 жніўня 1933 году, пісьме да дачкі ён заўважаў: „Людзі часта не жадаюць дзейнічаць з-за страху перад вынікамі, бо дзейнічаць азначае рызыкаваць i апынацца ў небясьпечным становішчы. Небясьпека на адлегласьці здаецца жахлівай, але яна не такая страшная, калі глядзець на яе зблізку. А часта яна зьяўляецца прыемнай спадарожніцай, узмацняючы вастрыню i радасьць жыцьця”.
„Турэмны дзёньнік” - кніга брутальная i непрыемная, ад яе тхне парашай i чалавечай подласьцю, калгасным кароўнікам i дурной крывёю, вашывымі падлеткамі і... прэзідэнтам; але пры ўсёй сваёй д’ябальшчыне гэтая кніга мае адзін істотны пазітыў - яна аб’ектыўна праўдзівая. Адно толькі: шануючы падарваную нашым жыцьцём псіхіку некаторых герояў гэтай кнігі-дакумента, я палічыў неабходным унесьці пэўныя карэляты ў некаторыя прозьвішчы. Аднак бальшыня ўласных імёнау пакінута бяз дэфармацыяўё
Усе астатняе - на наступных старонках.
Ваш Славамір Адамовіч,
сакавік 2001 году