10 лютага (панядзелак)
Тры дні на свабодзе! Сустрэчы, роспыты, што ды як. Першае інтэрв'ю - газэце "Имя". Цікавяцца вершамі і здароўем, але спачатку - вершамі. Маім першым суткам на волі можа пазайздросьціць любы злодзей у законе душ і вячэра ў рэстаране гатэлю "Эрыдан", выпіўка і стрункія грудзі маладой жанчыны ў раскошным салоне аўто па дарозе на Менск. У сталіцы мая спадарожніца ідзе за мною ў мой інтэрнацкі катушок на Сурганава, 45/3. Проста, бязь лішіях размоваў жанчына кладзецца са мною, праўда, прапануе, каб з гумкай. Але я не цярплю гэтага ў інтымнай справе, я люблю судакрананьне эпітэлію без пасярэднікаў. Гігіена, давер і шчырасьць... За 10 месяцаў у пакоі перасохлі ўсе мае расьліны ў вазонах, талькі кактус, калючы кактус дачакаўся мяне. Я падліў яму жыцьцядайнае вільгаці, і ён досыць хутка іноў выпаўніў бакі.
У рэдакцыі "НН" падаравалі раскошную ружу - кветку эратычную, нават сэксуальную.
14 лютага ў Віцебску быў працяг працэсу. Ініцыятарам літаратурна-прававой экспертызы выступіў пракурор. Дасьледаваньне вершу "Убей президента" праводзіў інстытут літаратуры пад кіраўніцтвам В. Каваленкі.
15 лютага схадзілі з Алесем Пушкіным у лазьню, дзе нас, голенькіх, пазнавалі, віншавалі з выхадам на волю. Наведалі маладзёжна-дзіцячы цэнтар "Маладзік", у памяшканьнях якога разгорнута выстава Алесевых твораў. Праз некалькі тыдняў некаторыя яго працы будуць зьнятыя распараджэньнем чыноўніка ўпраўленьня культуры. Вырвуць таксама старонку з кнігі водгукаў, на якой я напісаў Пушкіну свае пажаданьні:
Дружа Пушкін!
Нас не закрыць! Нас не спужаць!
Мы будзем жыць і маляваць,
мы будзем любіць прыгожых жанчын,
будзем зьдзяйсьняць Беларускі Чын!..
Два тыдні папраўляў здароўе ў 5-м сталічным шпіталі, у якім многа нашых сярод медыкаў. Глядзяць фільм "Обыкновенный президент", чытаюць "Менскую вясну" і мой "Верш".
4 сакавіка ў шпіталі мяне наведала Валя С. - самае прыгожае ў маім жыцьці каханьне. I гэта была наша апошняя сустрэча.
7 сакавіка пад шум дажджу сьнілася, што ў сваім ложку я знайшоў хлапца зь дзяўчынай. Кавалер пасьля работы засынае, а дзяўчына ідзе па патрэбе. Яна, як котка, сіксае проста на падлогу, ад чаго ў мяне ўзьнікае жаданьне авалодаць ёю. Кавалер прачынаецца. Потым сьніўся разьбіты шматкватэрны дом, я ступаю па руінах, хачу сабраць ацалелыя беларускія кніжкі, мініятурны калаўрот, нейкі антыкварыят. У разьбітым доме жывуць людзі. Зь цемры выплываюць інтэр'еры кватэраў: акуратна засланыя ложкі, чыстыя кухні. Усё належыць ім. I я тут лішні, чужак...
8 сакавіка, на дзень майго нараджэньня, прыязджала Арганістка. Дзьве начы мы зь ёю добра-ткі адшалелі. Днём хадзілі па крамах, куплялі арганіку, пераважна бялок, каб было чым аднаўляць раскіданыя пад коўдраю сілы.
23 сакавіка жорсткімі сутычкамі з міліцыяй мы адзначылі Дзень Волі. "Талерантныя" беларусы білі беларусаў у форме жорстка й фанатычна кулакамі, нагамі, палкамі, кавалкамі лёду. Чалавек трыццаць міліцыянераў падалі заявы на звальненьне.
30 сакавіка быў наш Вялікдзень. Надвор'е паправілася, прабліскваў блакіт неба. Глядзеў, як па азіміне трусяцца дзьве кнігаўкі, шчыкаючы зялёныя пёркі пшаніцы. Кнігаўка - самая прыгожая птушка нашага ландшафту, сымболь нашых балючых любовяў да Бацькаўшчыны, да жанчыны... Кнігаўка мая, дзе твае паплавы?
2 красавіка на подступах да расейскага пасольства некалькі соцень пераважна маладых людзей выказалі свой актыўны пратэст супраць анэксіі Беларусі пад выглядам так званага "дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі". Некалькі тысяч міліцыянераў, амап, сьпецназ і салдаты ўнутраных войскаў абаранялі пасольства ад гневу беларускай патрыятычнай моладзі. У выніку вулічных баёў дзесяткі дэманстрантаў былі затрыманыя. Я свае пяць сутак адбыў у сьпецразмеркавальніку, што на вуліцы Акрэсьціна. У камеры толькі й размоваў, што пра барыкады, тактыку вулічных баёў, нацыянальную рэвалюцыю, партызанскую вайну... Як сказаў адзін з сядзельцаў, палец ужо ляжыць на спускавым кручку.
13 чэрвеня 1997 году ў будынку Вярхоунага Суда па справе № 182 быў абвешчаны прысуд.
Прысуд
імем Рэспублікі Беларусь
13 чэрвеня 1997 г. Судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда ў складзе старшыні Гурко Л.М., народных засядальнікаў Прышчэпава і Ляхавай пры сакратары Давыдавай з удзелам пракурора Чэчкі, адвакатаў Паганяйлы Г.П., Лапашынава і Волкава, разгледзеўшы ў адкрытым судовым паседжаньні ў гор.Віцебску крымінальную справу па абвінавачваньні
Адамовіча Славаміра Генрыхавіча,
8 сакавіка 1962 г. нараджэньня,
ураджэнца ст. Унежма
Анежскага раёну
Архангельскай вобласьці,
беларуса, з вышэйшай адукацыяй,
грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, карэспандэнта
газэты "Наша Ніва", які
жыве ў г.Менску, вул. Сурганава, 45/3,
Установіла:
Падсудны Адамовіч С Г. 13 кастрычніка 1995 году ў г.Менску па месцы свайго пастаяннага жыхарства ў інтэрнаце ПТВ-24 (...) з мэтай публічнай зьнявагі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з выкананьнем ускладзеных на яго абавязкаў, напісаў у непрыстойнай форме верш "Убей президента" і памножыў названы верш машынапісным спосабам і ажыцьцявіў яго распаўсюджаньне сярод грамадзянаў (...).
Сьведка Галаўко Г.Г. (...) засьведчыла, што з Адамовічам С.Г. знаходзілася ў сяброўскіх адносінах. Зь вершам "Убей президента" пазнаёмілася ў лістоўцы "Лукашенская правда" і зрабіла выснову, што размова ў ім ідзе пра Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь(...).
Ацэньваючы ў сукупнасьці ўсе доказы, палітычныя погляды падсудных, актыўнасьць распаўсюджаньня выданьняў судовая калегія лічыць, што ў вершах "Убей президента" і "Стишок о нашем конокраде" размова ідзе пра Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вершы напісаныя ў непрыстойнай форме, што зьневажае гонар і годнасьць кіраўніка дзяржавы (...).
Прысудзіла:
Адамовіча Славаміра Генрыхавіча па арт. 213 ч. 3 КК РБ апраўдаць.
Прызнаць Адамовіча С.Г., Плешчанку У.Р. і Хамайду Б.X. вінаватымі ў публічным зьневажаньні прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ускладзеных на яго абавязкаў. (...)
Па арт. 15 ч. 2,80 ч. 1 КК РБ прызначыць пакараньне 10 месяцаў пазбаўленьня волі. У сілу арт. 39 ч. 1 КК РБ канчаткова прызначыць пакараньне Адамовічу С.Г. шляхам паглынаньня менш строгага пакараньня больш строгім 10 месяцаў пазбаўленьня волі з адбыцьцём у ППК агульнага рэжыму.
Залічыць у тэрмін пакараньня знаходжаньне Адамовіча С.Г. пад вартай з 4 красавіка 1996 году па 7 лютага 1997 г. і лічыць, што ён адбыў тэрмін пакараньня. (...)
Меру засьцярогі Адамовічу С.Г. падпіску пра нявыезд адмяніць пасьля ўступленьня прысуду ў законную сілу.
Спагнаць з асуджанага Адамовіча С.Г. судовыя выдаткі ў даход дзяржавы ў памеры 106814 рублёў за дапамогу адваката на папярэднім сьледстве.
Спагнаць з асуджанага Адамовіча С.Г. судовыя выдаткі ў даход дзяржавы за правядзеньне амбулаторнай судова-псіхіятрычнай экспертызы ў памеры 1500000 рублёў. (...)
Рэчавыя доказы:
(...) Друкарку "Любава", нож у скураных похвах, дзягу кустарнага вырабу, нунчаку, 3 агульныя сшыткі вярнуць Адамовічу С.Г.
Макеты газэты "Выбар", рукапісныя тэксты, паштовы канверт, экзэмпляры газэты "Выбар", прынтэрныя раздрукоўкі, чорна-белы фотаздымак з выяваю маладой жанчыны, лісты паперы з машынапісным тэкстам, ксэракопію лістоўкі "Лукашенская правда" зьнішчыць.
Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пракурорам ды іншымі ўдзельнікамі працэсу на працягу 7 сутак з дня яго абвяшчэньня.
Старшыня: Гурко Л.М.
Засядальнік: Прышчэпаў, Ляхава.
Копія сапраўдная, старшыня Гурко Л.М. (подпіс)
* * *
На працягу тыдня мы разам з адвакатам Паганяйлам Гары Пятровічам накіравалі касацыйныя скаргі на прысуд судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуда, на што атрымалі адказ.
Справа №02-361 1997г.
Вызначэньне (вытрымкі)
14 кастрычніка 1997 г. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у складзе старшыні Чартовіча і судзьдзяў: Лістраценка і Васілевіч разгледзела ў адкрытым пасяджэньні крымінальную справу па касацыйных скаргах асуджанага Адамовіча С.Г. і яго абаронцы - адваката Паганяйлы Г.П. (на прысуд судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуда ад 13 чэрвеня 1997 г., паводле якога
Адамовіч С. асуджаны па сукупнасьці зробленых злачынстваў, прадугледжаных арт. 188, ч. 2 арт. 151ч. 1 арт. 80 КК, на 10 месяцаў пазбаўленьня волі.
Плешчанка У. і Хамайда Б. асуджаны абое паводле арт. 188 КК да штрафу ў даход дзяржавы ў суме 1500000 рублёў кожны.
Адначасова з пастановай прысуду суд асобным вызначэньнем спагнаў з асуджаных па 756700 рублёў з кожнага судовых выдаткаў, зьвязаных з удзелам перакладчыкаў у справе.
Вызначэньне суда падлягае адмене паводле насгупных абгрунтаваньняў.
Згодна з ч. 2 арт. 104 КПК у выпадку прызнаньня падсуднага вінаватым суд можа спагнаць зь яго судовыя выдаткі, за выключэньнем сумаў, выплачаных перакладчыку.
Аднак суд, парушаючы закон, спагнаў з асуджаных расходы, зьвязаныя з удзелам перакладчыкаў у справе.
Пры такіх абставінах вызначэньне неяьга прызнаць законным і абгрунтаваным і яно падлягае адмене.
Кіруючыся арт. 347 КПК Рэспублікі Беларусь, судовая калегія
вызначыла:
вызначэньне судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуда ад 13 чэрвеня 1997 г. пра спагнаньне з асуджаных Адамовіча С.Г., Плешчанкі У.Р. і Хамайды Б.X. па 756700 рублёў судовых выдаткаў за ўдзел перакладчыкаў у справе адмяніць.
Старшыня: Чартовіч.
Судзьдзі:
Лісраценка,
Васілевіч.
Сапраўдна:
Судзьдзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Лістраценка (пячатка, подпіс)
Застаецца нагадаць, што паводле прысуду Віцебскага аблсуда пад старшынствам грамадзяніна Гурко я і мае таварышы ў справе № 182 Плешчанка й Хамайда мусілі аплаціць работу перакладчыкаў, якія перакладалі нам з расейскай мовы на беларускую - дзяржаўную мову Беларускай дзяржавы.
6 лістапада 1998 г. судом Савецкага раёну г. Менску я быў завочна асуджаны на пяць сутак паводле арт. 1661 за непавагу да суда ў форме ўхіленьня ад выплаты судовых выдаткаў.
З матэрыялу журналіста Г. Барбарыча ў газэце "Имя" стала мне вядома, што адзін з сядзельцаў камеры 117 віцебскага цэнтралу Аляксандар Ш. па мянушцы "Інжынер", які праходзіў па так званай "Віцебскай справе ўрачоў", аказаўся былым супрацоўніксам абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў. Як яго не прыбілі зэкі, застаецца для мяне загадкай. Ці не таму, што зьвязаны ён быў з групай людзей, якія займаліся сінтэзам наркотыкаў, у тым ліку сэнцыкледыну?
Гешу - Генадзя Дронікава - адпусьцілі ў 1997-м, пра што мне стала вядома ад ягонае жанчыны ў Віцебску.
Мікола Герасімчук таксама на свабодзе, займаецца прадпрымальніцтвам.
Сяржанта Віталя з Барысава спачатку адпусьцяць і ён мне аднойчы нават затэлефануе. Але ў верасьні 1999 году стане вядома, што Віталь адбывае пакараньне за кратамі.
Кантралёраў, якія вартавалі мяне ў "амерыканцы" і ў шпіталі КДБ, я буду сустракаць асабліва часта адразу пасьля выхаду з віцебскага цэнтралу.
* * *
Кожны дзень я абяцаю сабе стаць правільным - і цярплю фіяска. Я ізноў п'ю свае сто грамаў, палю цыгарэту і заходжуся ад жаданьня палюбіць вось тую, студэнтачку мастацкай акадэміі Жэньку, ці вось гэтую, гадоў 38 з паловаю, якая хочага ГЭТАГА як-небудзь незвычайна.
Сёньня мне было цікава. Але яшчэ цікавей будзе заўтра, бо па-над усімі лозунгамі і заклічкамі паўстае галоўны: Patria muerte!
Красавік 1996 - сакавік 2001
Убей его, возомнившего
себя поэтом, спасителем.
Поэты - всегда посмертные,
доля спасителя - крест.
Птицы поют в клетке.
Убей, раз уж так ему хочется
называться пророком, синоптиком
и змагаром за нацию.
Убей поэтишку, который
достал своим существованием,
катит бочки на президента,
батоны крошит на КГБ.
Птицы поют в клетке...
Ведь что он знает про ненависть,
и может ли его ненависть к тебе
сравниться с твоей к нему?!
Убей, не возись с мизером,
достаточно канителились:
камера для опутценных
на зоне - верный конец.
Птицы поют в клетке
особенно трогательно,
если им пережечь крылышко,
перебить ножку или ниточкой
перевязать клюв.
Убей, унизь его мать и мову, бля.
Унизь его идеалишки:
все эти правды, родины -
стремленье к тому, чего нет.
Птицы поют в клетке.
Направь на него своих следователей,
прокуроров, судей, надсмотрщиков,
братву, которой по кайфу
поставить его к ногтю.
Пусть раздушат, размажут гниду
с представлениями о порядочности
по шершавой стене карцера,
как интеллигентскую вошь!
Птицы поют в клетке,
поэты - всегда посмертные.
Пусть каждый займётся делом.
Убей, президент!
Брат