1997 год. 1 студзеня (серада)
Раніца. Ноччу глядзелі тэлевізар, злаваліся, адным словам, кожны думаў пра сваё. Зьлез быў з другога паверху нараў памачыцца, ды ледзь пасьпеў - стала дрэнна, абсунуўся паміж дзьвярыма й парашай. Нэрвы, навагодняе напружаньне ў мазгах падвяло. Дзіва што - сустрэць Новы год у турме!
Прагулку ізноў скарацілі, вывадны злуецца...
12 студзеня (нядзеля)
Пасьля таго, як мяне кінулі на 10 сутак у карцэр, камеру 64 раскідалі. Мяне вярнулі ў 117-ю. Але перад гэтым некалькі гадзін правёў у "хаце" 65, куды перавялі i Гешу. "Старажылы" гэтай камеры сустрэлі мяне па-людску: накармілі, далі пачак чаю i некалькі пачкаў цыгарэт "Радопі". 65 - камера, у якой затрымаліся салідныя злачынцы. Прынамсі, да такой высновы схіляе каляровы тэлевізар "Шарп", які тут глядзяць 6 чалавек. Але сёмага салідныя не захацелі: цесна, ды i чужы быў бы я ў той кампаніі.
10 сутак адбываў я на халоднай кічы першага паста. 10 сутак у тапках на гумовай падэшве, 16 гадзін на нагах i 8 гадзін - спробы заснуць у кашулі й швэдары. Галаву накрываў рушніком. Тры разы карпусны Славік перадаваў чыф з 6-й, адзін раз - цыгарэту бяз фільтру.
Пытаешся, за што я патрапіў у карцэр? Ды нешта падарвала мяне 1 студзеня пасьля абеду. Падалося, што на прадоле кагосьці б'юць. Я ўсхапіўся i да дзьвярэй; вуха прыклаў, слухаю. А тут якраз карпусны: "Чаму вочка ў дзьвярох закрываю?" Ну я i папёр, маўляў, мянты сьмярдзючыя, адліюцца вам нашы сьлёзы... Адразу ж выклікалі групу рэзерву, якая выхапіла з камеры. Паспрабавалі адлупцаваць: штурхалі, вырвалі гузік з чорнай кашулі, адзін здаравезны бугай некалькі разоў стукнуў кулаком па галаве. Усю дарогу ад камеры да кабінету начальніка цэнтралу Хведара Карпавіча Міхеенкі - штурхалі. Надта ж ім хацелася зьбіць мяне. Начальнік i адмераў мне "дзесятку".
Пра 117-ю. Тут атмасфэра крыху пацяплела, кантынгент памаладзеў. Вось малады талочынскі цыган, чытаць-пісаць ня ўмее, але дзьве фіксы сьпераду - залатыя.
Ад недахопу сьвежага паветра i вітамінаў гніюць ногі.
Гэтым разам у суседнім карцэры сядзеў малады мужчына 22-х гадоў па мянушцы "Жаніх". За6iў знаёмага на ўласным вясельлі. Атрымаў дзесяць гадоў строгага рэжыму. Амаль што ня плача: "Што я бачыў за свае 22?" Цяпер строгі рэжым яму за свата й брата, турма - за нявесту.
13 студзеня (панядзелак)
У боксе суда. Працяг працэсу. З поўным страўнікам не зусім камфортна. Ехаў з сядзельцам па "гераінавай" справе. Знайшліся ў адной Віцебскай ВНУ сьпецыялісты, якія хімічным спосабам сінтэзавалі гераін. У выніку - мы разам судзімся.
Паседжаньне адклалі. У Валодзі Плешчанкі - інфаркт, зьмясьцілі ў чацьвёртую віцебскую клініку. Была мама, адвакаты, дзяўчына адна - журналістка Люда з "Віцебскага кур'еру". Праз месяц мы будзем разам, але зараз ніхто пра гэта ня ведае.
Абед. Мая ахова точыць сваю салдацкую кашу. Хоць бы хто дадумаўся кавалак хлеба прапанаваць. А верш ім напішы... Эх, увага людская!
Вечар. У камеры. З радыё на прадоле - голас ППРБ. Шастова ("Інжынера") адпусьцілі пад падпіску (нагналі, калі казаць мовай зэка). Разам зь ім пайшоў i тэлевізар. Мужыкі робяць торт. "Фелчар" Захаравіч дапамог сустрэцца з мамаю. Перадала навіны ідобрыя, i кепскія. Мецьку (Мечыслава) Роўду зарэзалі два браты-бандыты з-пад Будслава. Усё з-за меншай дачкі-блядзёхі. Сьмерць дурная, дзікая. Але, падумаўшы, а як ён жыў, родзіч мой - вечна ў брудзе, бо працаваў жа трактарыстам на пагрузчыку, штозіму на калгасных палёх грузіў i гpyзiў прыцэпы гноем i торфам. Жонка ягоная, Тэнька, з роду Будзькаў, роду некалі паважанага, - сьпілася, працуючы на сьвінаферме. Не, як яны жылі, дык лепш я ў турме пасяджу. Так ужо ёсьць: аднаму турма - нармальна, другому свабода - апраметная. Мецька наш цяпер, відаць, у pai, сярод вечнаплоднага саду, дзе няма ні гною, ні замерзлай саляркі, ні ялкога сала на абед, ні меншай дачкі-сіфілітычкі, якую прыстроіў слабай на перадок Тэньцы сусед па мянушцы Шуфель. Вось першая дачка - сапраўды ягоная, гэткая ж прыгожая, чорненькая, чыста лаціначка. Выйшла замуж i жыве сабе паціху.
14 студзеня (аўторак)
Працяг працэсу. Адвакат Паганяйла зачытаў зварот расеискага пэн-цэнтру на адрас суда з патрабаваньнем спыніць супраць мяне распачатую справу.
Вечар. Заехаў у нашую камеру Міша з Шаркаўшчыны. Пачуўшы, што час ад часу ў рэпліках я зьбіваюся на беларускую мову, пайшоў на шчыльнейшы кантакт. Пазнаёміліся. Аказалася, ён сябра БНФ. Агромністы такі мужчына, кулакі - як мая галава. Вось гэтымі кулакамі шафёр Miшa i зрабіў сабе 101-ы артыкул КК. Не разьлічыў сілу ўдару, на жаль, выбіваючы грошы з мужычка, якому пазычаў. Верш "Убей Адамовича", надрукаваны ў "Нашай Ніве" за подпісам нейкага "брата", братве турэмнай не спадабаўся. Спачатку я паспрабаваў растлумачыць, што аўтар пicaў не са зла, а наадварот. Але прыйшлося кінуць свае спробы, бо мог бы й сам атрымаць кухталёў.
15 студзеня (серада)
Сьнілася сястрыца Анюта, мерапрыемства з удзелам экс-прэзыдэнта экс-СССР Гарбачова, на якое мяне спачатку запрасілі, але потым перадумалі.
Учора пасьля таго, як адвакат агучыў заяву расейскага пэн-цэнтру, судзьдзя аблсуда Гурко падыйшоў да клеткі, у якой я сядзеў, і некалькі разоў пaпpaciў у мяне "чэснага мужчынскага слова", што я не ўцяку, калі ён мяне адпусьціць. Я паабяцаў", вядома. Ну, цяпер мушу чакаць чарговага паседжаньня суда, як манкі нябеснай.
Сярод падпісантаў расейскага звароту ў маю абарону ёсьць прозьвішчы Д. Ліхачова, Ю. Морыц, Б. Акуджавы, К Кедрава...
Вечар. "Чачэнец" падарыў "марачку" з выявай Хрыста, царквы з купаламі ды анёльчыкаў па бакох. З надшсам: "Славомиру о днях в этих стенах". У адказ я ўзяў ды й напісаў, лежачы на верхніх нарах, верш па-расейску.
Я вгрызаюсь в эту землю,
улыбаюсь в это небо,
бесконечно не приемля
факт разбрасыванья хлеба.
Я условен и реален,
зол, убийственен и кроток,
пребываю на централе,
ограждённый от кокоток.
Я порой себе не нравлюсь,
а порой себя жалею,
но я точно не исправлюсь,
о любви мечты лелея.
Потому что "исправленье",
это в рабство путь ближайший,
пусть читает наставленья
власть продажная дрожащим.
Я вгрызаюсь в эту почву
и враждую с конвоиром,
я готов поставить точку,
распрощавшись с этим миром.
Но пока, пожалуй, рано,
я ещё пожить обязан,
пусть в тюрьме, грязно и рвано,
пусть неволею повязан.
Я ещё вернусь, пожалуй,
в беспорядочность свободы,
превращая мести жало
в гордо прожитые годы.
17 студзеня (пятніца)
Па абедзе сядзельцы ўзяліся рабіць торт. Спачатку трэба накрышыць чорнага хлеба, потым белага. Так бы мовіць, для асновы, замест цеста. Крэм робяць з маргарыну, масла, шакаладу. Дадаюць яшчэ разынак, гарэхаў i ўсё тое з прадуктаў, што атрымліваюць арыштанты ў перадачах.
У камеры сырасьць, вуглы зелянеюць, робяцца пад колер варанага жаўтка. На дварэ адліга, кран у "сьветцы" падцякае, i, што галоўнае, кожны дзень нехта мые сваё рызьзё, якое тут жа, у камеры, i сушыцца.
Перадалі ўпакоўку вітамінаў, якая каштуе 103 тысячы. Судзьдзя абнадзеіў, i чакаць стала цяжка. З "Сов. Белоруссии" даведаліся, што арыштавана банкір Тамара Віньнікава. З Бабруйскай зоны прыйшоў "кантужаны". Надзвычайнае чувырла, такі сабе турэмны энцыклапедыст. Ён нават у філалогіі разбіраецца, а як жа. Куцы ўжо мне з маёй адукацыяй ды вершамі...
19 студзеня (нядзеля)
Раніца, дзевяць гадзін, брэх сабак за сьцяною. У камеры незвычайна цixa, толькі час ад часу прадольныя ўключаюць радыё на ўсю моц. "Калегі" запрасілі на чыф. Ідылія, дальбог!
Два "дзяды" сярод нас - аднаму 41, другому 46. Другі выглядае на ўсе 65-70. А ў яго дачка 15-ці гадоў. Як самахоць можна давесьці сябе да хугкага фізічнага распаду.
Прадчуваньне свабоды... Няўжо праз тыдзень-другі я змагу быць на волі? Ня думаю, што судзьдзя абнадзеіў дзеля понту. Але ж i на "ізьмену" падсадзіў, халера.
Хлапцы перапісваюць "Верш". Абарвалася вяровачка, на якой была разьвешана вопратка для прасушкі. Мая чорная рубашка - Валін падарунак - звалілася проста на парашу. Прыйшлося выкінуць у сьметніцу - так патрабуе закон турмы. Заўтра яе разам са сьмецьцем загрузяць у "камаз", магчыма, баландзёр адшманае яе i будзе насіць аж да свайго вызваленьня. Турэмная абслуга зь ліку зэкаў жыве па іншых правілах.
Начальніку санчасткі
CIЗO-2 г. Віцебска
падсуднага Адамовіча С. Г.
Заява
Прашу аказаць мне неабходную медыцынскую дапамогу ў сувязі з тым, што пасьля 10 сутак карцэру ў мяне сталі апухаць ногі.
Адамовіч
20 студзеня
Вечар. Сіноптыкі ізноў абяцаюць маразы. Прыходзяць i адбываюць этапы - аршанскі, полацкі, менскі, друйскі...
Бясконцасьць субстанцыі i абмежаванасьць формы. Якія дзікя i ненажэрныя сустракаюцца тут інфузорыі. Надзвычай рэдкія экзэмпляры паводле сваёй агілнасьці! Лёха-парафін здаў зьмену. Ідзі, Лёха, глыні два па сто за маё здароўе.
21 студзеня (аўторак)
Я пишу, как тепло января
согревает мне грудь,
как тюремная сырость
безжалостно гложет суставы,
как в тепле января
снятся мне своенравныя травы
и дождями умытый в страну
безохранную путь.
Два яблычкі, перададзеныя мамай, ляжаць на падваконьні ў місачцы i звабліваюць, наганяюць апетыт, i два памаранчы... Мама, мама, нарэшце я знайшоў цябе!..
Адліга спала, падмарожвае... Памянялі кнiгі. А так,
там бушуе вясна,
хларафілавы вектар свабоды
распластаўся паводле Разанава
ў 360... У нас жа туберкулёз.
23 студзеня (чацьвер)
Раніца. Ізноў каша "сечка". Аднаго заказалі на суд. Учора нарэшце санчастка адгукнулася на мае заявы. Доктарка сказала, што ногі апухаюць ад сырасьці ў карцэры.
Сон скончыўся, трэба ўстаць, выпіць баландзёрскага чаю з лустай хлеба i праглынуць таблетку "мульты-табс" з бэта-каратынам.
24-га, пятніца
Па абедзе заляцелі "маскі", далі часу на раз-два-тры-чатыры-пяць, каб пасьпелі выскачыць на прадол. Камеру зьлёгку абшукалі, вііпатрашылі! нас. Прыйшлося першы раз паставіць рукі на сьцяну i ногі на шырыню плячэй. Пры гэтым мент два разы ўдарыў мяне па костачцы правай нагі. Успомніліся радкі зь вядомай зэкаўскай песьні "Окурочек" (аўтарства прыпісваецца беларусу М. Гульку):
"Негодяй, ты на воле истратил
Миллион на блистательных, дам!"
Это да, говорю, гражданин надзиратель,
Только зря, говорю, гражданин надзиратель,
Рукавичкой вы мне по губам.
Потым адзі афіцэр з налётчыкаў у масках пaпpaciў перапісаць верш пра "Убей" i пра "пяро". Гаварыў, што ў Гародні былі на гэтым тыдні выступленьні расейскіх пісьменьнікаў адносна маёй справы. Чамусьці ўпэўнены я, што гэты баец ня здасьць. Яму самому існуючы рэжым устыў. Відаць па чалавеку.
Учора перад магчымым пракурорскім абходам прыйшла медсястра i дала якіхсьці балгарскіх таблетак.
25 студзеня (субота)
Ноч. Чытаю Хуана Мантальво (1833-1889), эквадорскага пісьменьніка, які змагаўся супраць дыктатара Гарсія Марэны. Даведаўшыся, што вораг забіты, Мантальво сказаў "Маё пяро яго забіла".
Тацьцянін дзень. Па дарозе з прагулкі якісьці прапаршчык прыпыніў ды спытаў, адкуль я ведаю нейкага Окунева. Правакацыя? Ці проста дурны выбрык хахлаватага вертухая?
Па тэлебачаньні - сэрыя фільмаў на тэму "зоны": "Халоднае лета 53-га", "Паўднёвы цэнтрал" (у нас, аднак, паўночны)... Моцна хачу спаць, засынаю за сталом, а гэтага рабіць нельга.
Хорхе Лyic Борхес дзесьці сказаў: "Словы - гэта сымбалі, якія пастулююць агульныя ўспаміны. Toe, пра што мне хочацца цяпер расказаць, стала толькі маім успамінам; хто яго падзяляў, ужо памерлі".
26 студзеня (нядзеля)
Ноч пад раніцу. Ізноў ня выспаўся з-за тэлевізара й нездаровых духаў у страўніку. Апошняе - ад нездаровай печані.
Сон... Хочацца толькі сну. На белых прасьцірадлах, каб накрахмаленыя, а зь лядоўні - халоднае піва, сокі, рыба... Няўжо заўтра я змагу ўбачыць свабоду, няўжо звольняць з-пад варты?
27 студзеня, трэцяя гадзіна ночы
Рэзка абвастрыўся грып. Ня сплю, бо для адпачынку не мая пара. Божа, як хочацца ўдыхнуць чыстага паветра вясны, кіслароду хвойных парод!.. П'ю асьпірын i вітаміны.
Студзень. Спачатку марозны,
потым адліга i бруд,
потым кашаль грыпозны,
карцэр, камера, суд...
29 студзеня
Раніца. Ізноў стала дрэнна - слабасьць, кідае ў пот, cyxi кашаль. Пішу заявы на санчастку, ды безвынікова. Белага хлеба сёньня ня далі, маўляў, завод зламаўся i белыя булкі не пячэ. Быў на прагулцы. Якое сіняе неба, яснае, вецер волі. Выбіраю - супраціўленьне, выбіраю - жыць на разрыў... Нічога я не выбіраю - я выжываю, як магу.
30 студзеня (чацьвер)
Ноч. Учора выклікаў начальнік санчасткі - зрэагаваў на мае заявы. Праблему маю "вырашылі" - далі жменю асьпірыну. А на дварэ файна - сонечна, ветрана, сьвежа. I нешта распісаўся я па-расейску. Відаць, асяродзьдзе ўплывае.
Я сегодня на карцер пошёл,
десять суток мне выпало взять,
а на мне свитерок от любимой подруги,
ну а новый она не успела связать.
Где-то в шумной столице она меня ждёт,
сохраняя тепло моих рук на себе,
дочь из школы встречает и тихо поёт
о разлуке со мной и нелёгкой судьбе.
Верю я, что вернусь из неволи в края,
где слова и желанья, как девы, чисты,
а пока, помещенье шагами кроя,
я мечусь, в кулаки сожимая персты.
1 лютага (субота)
Дні за днямі. Пакуль адбываў на верхніх нарах сваю норму сну - застудзіў вуха. Мароз да -8 °С. У грудзях хрыпы, кашаль. Дацягнуць бы да суда.
2 лютага (нядзеля)
Грамніцы - зімы палавіцы. Мент пaпpaciў, каб ня йшлі на прагулку. Мянтам ня хочацца мерзнуць. З 12-й аршанскай тубзоны прывезьлі літоўца Рымаса, дзе ён лячыўся ад сухотаў, якія набыў на нашым цэнтрале, чакаючы прысуду. Як казалі сядзельцы, з-за таго, што многа паліў i не хадзіў на прагулку. Рымас з галавы вельмі падобны на нашага Багдановіча. Чаму вярнулі - ніхто толкам ня ведае. I ці вылечыў ён там свае маладыя сухоты - таксама ня ведаем. У "хату" 117 заехаў дух распаду - туберкулёз. I цяпер кожны раз, калі мы пускаем па коле кубак з чыфірам, кожны з нас думае пра сябе: "Божа, збаў мяне ад заразы, дай выжыць". Наш саракашасьцігадовы "дзед" таксама моцна кашляе, i гэта нас, сядзельцаў, пачынае хваляваць. Урэшце мы патрабуем, каб яго адправілі на флюараграфію. "Дзеда" забіраюць, больш у нашай камеры ён не зьяўляецца.
На твары ўжочылі прастудныя болькі - загніваю. Ва ўмовах турмы раны ўвогуле дрэнна зажываюць. Мясцовая медыцына нічым не дапамагае, таму тут сапраўды можна жыўцом згнісьці.
Сьнілася Валя, балючае душы маёй. А калі падумаць, дык усе мае любові - гэта балючкі-калючкі, якія сядзяць пад сэрцам i не сьпяшаюцца выходзіць. Ну не магу я любіць лёгка.
3 лютага
Ноч, тры гадзіны новых сутак. Над парашай адхаркваю цьвёрдымі, як пластылін, цаглянага колеру згусткамі. Дальбог, падыхаю.
4 лютага (аўторак)
Сёньня спаўняецца 10 месяцаў з дня арышту. Сядзельцы чыталі мае вершы, паціскалі руку...
5 лютага (серада)
Сяджу, кашляю, меланхолю паводле Гарэцкага, думаю, як выжыць. Ужо пяць дзён у лютым. Апатыя, усе сілы арганізму скіраваныя на барацьбу з хваробай. Не перастае балець галава, слабасьць, дрэнны апетыт...
Няма ўжо на пасадзе генпракурора В. Капітана, а я ўсё сяджу.
Дзень. У аблсудзе. Пачалося судовае паседжаньне. Называюцца прысутныя ў зале сьведкі. Прыехала Галіна (Арганістка). Такая ж раскошная i ўсьмешлівая. Сёньня з расейскай перакладае грамадзянка Воранава. Гэтым разам "мужчынскае слова" даваў публічна. Ім i завяршылася судовая разборка дня.
6 лютага (чацьвер)
Братва адпраўляе на суд, дае наказы. Чыфірнулі i - "на выхад". Прывезьлі ў суд аднаго мяне. На дварэ адліга. Можа сёньня?
7 лютага (пятніца)
У клетцы суда. Зайшлі сьпецыялісты ці эксьперты, ня ведаю, як i назваць - Алег Лойка ды Міхась Тычына. Сыра на вуліцы, над вачыма штуршкамі боль, іскры-зорачкі.. Пачынаецца. Каравульныя чакаюць, што мяне сёньня адпусьцяць. Адвакат перадае верш "Жывём", прысьвечаны мне. Гляджу на дзяўчыну, здаецца, яна працуе ў "Віцебскім кур'еры". Сядзіць адна, без пярсьцёнкаў i макіяжу. Злавіла мой позірк i ўсьміхаецца. Прыемная, я мог бы даць ёй некалькі ўсьцешных імгненьняў...
Першы выступае М. Тычына. Пракурор чапляецца да розных дробязяў. "Стишок о нашем конокраде" таксама інкрымінуюць мне. Прафесар А. Лойка пачаў выступленьне па-расейску, але прысутныя ў зале папрасілі гаварыць па-беларуску, што ён i зрабіў. Вельмі экспрэсіўна паводзіў сябе Юрась Карпаў, за што судзьдзя папpaciў яго пакінуць памяшканьне.
I вось гэты доўгачаканы момант - мяне адпускаюць пад падпіску пра нявыезд. Свабода! Каравульныя адчыняюць клетку, віншуюць, відаць, i яны задаволены, бо ня трэба больш пільнаваць грамадзяніна, які ўсяго толькі нaпicaў "Убей президента" - верш наколькі вядомы, настолькі i слабы...