АБУХОВІЧ-БАНДЫНЭЛІ

У 1884 годзе ў сваім маёнтку каля Мінска памёр адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У тым самым годзе з Украіны ў Вільню пераязджае Францішак Багушэвіч, а з-пад Глуска ў Слуцак – Альгерд Абуховіч-Бандынэлі.

Гэта быў невыпадковы збег датаў і назваў гарадоў. Пасля В. Дуніна-Марцінкевіча пачаўся новы перыяд у развіцці нашай літаратуры, найбольш яркімі прадстаўнікамі якога былі Ф. Багушэвіч, А. Абуховіч-Бандынэлі, Я. Лучына і А. Гурыновіч.

У канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя Мінск стаў адным з галоўных асяродкаў рэлігійна-царкоўнага жыцця Беларусі. У 1839 годзе была скасавана Брэсцкая унія. У наступным годзе са Слуцка ў Мінск пераязджае кіраўніцтва беларускай праваслаўнай царквы, пераводзіцца духоўная семінарыя, перавозяцца беларускі цар-звон і іншыя гістарычныя каштоўнасці. Такім чынам у 1840 годзе Мінск становіцца праваслаўнай сталіцай Беларусі. У тыя самыя гады мінулага стагоддзя ў Мінску была пастаўлена першая беларуская опера «Сялянка», лібрэта якой напісаў Дунін-Марцінкевіч. Гэты факт сведчыў, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя Мінск побач з Вільняй вызначаўся як адзін з асноўных цэнтраў духоўна-культурнага жыцця Беларусі.

Але абставіны склаліся так, што Мінск не змог адразу ўтрымаць за сабою ролю беларускай неафіцыйнай нацыянальнай сталіцы. Асноўнай прычынай гэтага былі падзеі 1863 года, у выніку якіх частка беларускай прагрэсіўнай інтэлігенцыі была саслана за межы Беларусі, а частка ўзята пад нагляд паліцыі. Сам Дунін-Марцінкевіч у гэты час знаходзіўся пад наглядам паліцыі і вымушаны быў жыць больш не ў Мінску, а ў самім маёнтку. Карацей кажучы, у канцы XIX стагоддзя адным з асяродкаў беларускага нацыянальнага жыцця становіцца і Слуцак.

На пачатку XVII стагоддзя барацьбу супраць гвалтоўнага акаталічвання і апалячвання беларусаў узначаліла слуцкая княгіня Софія Алелькавіч. Слуцкі трайчанскі манастыр узяў на сябе ролю асноўнага цэнтра праваслаўя на Беларусі.

У Слуцку ў той час жылі і працавалі вядомыя вучоныя і паэты. Буйнейшымі культурнымі дзеячамі другой паловы XVII стагоддзя былі Сімяон Полацкі, філосаф і паэт Андрэй Белабоцкі (Белаблоцкі) і асветнік Ілля Капіевіч.

У 1617 годзе быў заснаваны Слуцкі ліцэй. Слуцкія педагогі і вучоныя ў першай палове XVII стагоддзя стварылі шэраг падручнікаў для вучняў і навуковых прац, якія ўнеслі свой уклад у беларускую навуку.

У XIX стагоддзі нарадзілася новая беларуская літаратура. Сярод яе прадстаўнікоў пачэснае месца належыць Альгерду Абуховічу-Бандынэлі.

Заключным этапам у развіцці беларускай дваранскай (шляхецкай) літаратуры, які пачаўся з творчасці Равінскага, была творчасць Альгерда Якава Абуховіча-Бандынэлі і Францішка Бенедыкта Багушэвіча. Са з’яўленнем іх на ніве беларускай літаратуры адначасова загаварылі два асноўныя нашы дыялекты (паўднёвы і паўночны). Гэта была новая з’ява, якая лішні раз даводзіла, што наша мова не рускі ці польскі дыялект, а самастойная мова са сваімі дыялектамі і гаворкамі.

Альгерд Якаў Рышардавіч Абуховіч-Бандынэлі нарадзіўся ў заможнай і радавітай шляхецкай сям’і 25 ліпеня (6 жніўня) 1840 года ў маёнтку Калацічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Калацічы ўваходзяць у Барысаўшчынскі сельсавет Глускага раёна Магілёўскай вобласці).

Род Абуховічаў даў некалькі пісьменнікаў. Напрыклад, ваяводу Смаленскага Піліпа-Казіміра Абуховіча мы больш ведаем у сатырычным асвятленні па творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча». Між тым гэты далёкі сваяк Альгерда Рышардавіча быў не толькі ваяводаю, але і пісьменнікам. Ён скончыў Замойскую акадэмію, пісаў на лацінскай мове вершы, быў добрым прамоўцам. Піліп-Казімір Абуховіч пакінуў і мемуары. Яны друкаваліся на польскай мове. Друкаваліся ў Польшчы мемуары сына Піліпа Абуховіча Казіміра, мемуары Хведара Абуховіча пра падзеі 1665–1700 гг.

Восенню 1852 года бацькі аддалі маладога Альгерда (Ольдзю) у Слуцкую гімназію – старэйшую навучальную ўстанову краіны. Яна працуе з 1617 года да сённяшняга дня (цяпер гэта СШ № 1 горада Слуцка).

Бацькі пісьменніка мелі звыш 3 200 дзесяцін зямлі. Прабабка Альгерда Мар’яна паходзіла з роду графаў Бандынэляў, прадстаўнікі якога перасяліліся ў Рэч Паспалітую з Італіі. I сёння ў Львове захоўваецца архітэктурны помнік, які называюць Дом Бандынэляў. Графскі тытул, як вядома, разам з прозвішчам перадаваўся нашчадкам. Такім чынам – тытул графа і дадатковае прозвішча Бандынэлі… Відаць, бацькоў маладога Альгерда не задаволіла Слуцкая гімназія. У 1855–1856 годзе яны накіравалі свайго адзінага 15–16-гадовага сына ў Жэневу (кальвінскі Рым), дзе ён, відаць, вучыўся ў прыватным пансіёне для дзяцей тытулаваных асоб. Як адзначаў у сваіх мемуарах Альгерд Рышардавіч, у Жэневе адзін раз славуты граф Кавур звярнуў на яго ўвагу. Графа Кавура, які быў на 30 гадоў старэйшы за Абуховіча-Бандынэлі, ён мог зацікавіць толькі таму, што ён, як і Кавур, меў графскі тытул і насіў італьянскае прозвішча.

Праз 3–4 гады Альгерд перабраўся з Жэневы ў Парыж. За 6–7 гадоў жыцця і вучобы за мяжою ён авалодаў англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай і іспанскай мовамі. На радзіму Абуховіч-Бандынэлі вярнуўся ў канцы 1862 ці ў пачатку 1863 года ў сувязі з паўстаннем пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Дакументы аб удзеле Альгерда Рышардавіча ў паўстанні 1863 года пакуль што не адшуканы, і наўрад ці яны будудь адшуканы. I вось чаму. У канцы сваіх мемуараў у раздзеле «Дзяды» пісьменнік успамінае, як глыбокай восенню 1862 года ў Парыжы ён рыхтаваўся з сябрамі да ўзброенай барацьбы. Відаць, калі пачалося паўстанне, Альгерд з гэтай групай сяброў вярнуўся на радзіму і адразу, не з’яўляючыся ў родныя Калацічы, уступіў у атрад паўстанцаў. Гэта акалічнасць давала яму магчымасць пасля разгрому паўстання пазбегнуць рэпрэсій. У Калацічах усе лічылі, што ён у Парыжы… Я правяраў дакументы аб удзельніках паўстання па Слуцкаму, Ігуменскаму і Бабруйскаму паветах, якія захоўваюцца ў гістарычным архіве БССР. Там ёсць звесткі аб удзеле ў паўстанні Напалеона Абуховіча, а пра Альгерда Абуховіча няма ні слова. Пасля разгрому паўстання Альгерд Рышардавіч мог недзе ў знаёмых ці сваякоў перачакаць некаторы час «завіруху» і спакойна вярнуцца дадому ў Калацічы, як гэта зрабіў яго дзед, удзельнік паўстання 1831 года, які тры гады пасля паўстання быў фурманам на Падолі.

У 1986 годзе, працуючы ў Вільнюскім архіве, Генадзь Каханоўскі адшукаў абвестку праўлення Віленскага зямельнага банка аб публічным продажы 15 і 16 снежня 1883 года маёнтка Альгерда Рышардавіча і яго бацькі. (Гл.: «Чырвоная змена», 1986, 6 снежня). З абвесткі вынікае, што ў 1883 годзе пісьменнік меў 1 362 дзесяціны зямлі. Уся маёмасць яго ацэньвалася ў 24 294 рублі, а даўгоў налічвалася 13 825 рублёў. Дакументы, адшуканыя Г. Каханоўскім, даюць падставу меркаваць, што Альгерд Рышардавіч з Калаціч пераехаў у Слуцк не пазней канца 1883 – пачатку 1884 года.

У Слуцку Абуховіч-Бандынэлі займаўся літаратурнай працаю, здабываючы сабе сродкі на пражыццё працаю рэпетытара па замежных мовах. Памёр ён (10) 22 жніўня 1898 года. Пахаваны на Слуцкіх гарадскіх могілках па вуліцы імя Чатырнаццаці слуцкіх партызан.

Яшчэ ў гады навучання ў Слуцкай гімназіі, калі Альгерду было 12–15 гадоў, ён жыў у атмасферы літаратурных пошукаў і інтарэсаў. Пазней, у раздзеле мемуараў «Дзве смерці», расказваючы пра Адама Перасвет-Солтана «з гербу Сыракомляў», пісьменнік адзначыў: «Прабаваў пісаць вершы (Адам Солтан. – Р.Р.), але, сустрэўшыся з вострай крытыкай на свае польскія трэны (элегіі, – Р.Р.), перакінуўся да пісання сатыры ў беларускай мове, што, трэба прызнаць, удавалася яму рабіць даволі гладка, аднак жа з гэтым крыўся і, чытаючы свае творы, выдаваў за чужыя, перапісаныя ім» (магілу Адама Перасвет-Солтана некалькі гадоў назад я адшукаў на могілках каля вёскі Навасёлкі Старадарожскага раёна).

I хто ведае, ці не пад уплывам Адама Перасвет-Солтана і іншых гімназістаў, якія спрабавалі пісаць творы на роднай мове, узнікла ў яго цікавасць да роднай літаратуры? I хто ведае, ці не адносяцца першыя літаратурныя спробы Абуховіча-Бандынэлі да гадоў навучання ў Слуцкай гімназіі?

6 (19) верасня 1912 года «Наша ніва» паведамляла, што Альгерд Абуховіч абменьваўся беларускімі творамі з Уладзіславам Сыракомлем (Кандратовічам), які памёр 15 верасня 1862 года. Калі пісьменнік сапраўды пасылаў свае творы У. Сыракомлі, то, як відаць, зрабіць гэта ён мог не пазней верасня 1862 года. А калі так, то творчы шлях Абуховіча-Бандынэлі працягваўся з 1862 (год смерці Сыракомлі) па 1898 (год смерці Абуховіча-Бандынэлі). Да таго ж неабавязкова, каб Альгерд Рышардавіч і Сыракомля абменьваліся сваімі беларускімі творамі ў 1862 годзе. Гэта яны маглі рабіць раней. Словам, мы можам сцвярджаць, што на ніве беларускай літаратуры пісьменнік працаваў прыблізна сорак гадоў.

У 1915 годзе ў артыкуле «Белорусское возрождение» М. Багдановіч пісаў: «Ольгерд Обухович, живший в Слуцке и оставивший, кроме массы оригинальных стихотворений, переводы из Мицкевича, Сырокомли, Лермонтова». М. Гарэцкі таксама сведчыў, што А. Абуховіч «пісаў па-беларуску многа».

Пасля пераезду з Калаціч у Слуцак Альгерд Рышардавіч наймаў пакой у доме Хведаровічаў па вуліцы Іванаўскай (цяпер вуліца Розы Люксембург). Пасля смерці пісьменніка яго бібліятэка і рукапісы былі перенесены на гарышча дома. Яны захоўваліся ў плеценых з лазы карзінах, абшытых палатном, і ў скрутках. Пасля смерці Хведаровічыхі ў 1928 годзе дом купілі Барташэвічы. У пачатку 30-х гадоў нехта данёс, што ў Барташэвічаў ёсць золата. У іх доме зрабілі вобыск, знайшлі на гарышчы «кучу папераў, роўную з чалавекам» (выраз Барташэвічыхі), і арыштавалі гаспадара дома. Абуховіч-Бандынэлі, як сведчаць яго рукапісы, пісаў не кірыліцаю, а лацінкаю. Той, хто рабіў вобыск, відаць, палічыў рукапісы не беларускімі, а польскімі. Раніцою наступнага дня да дома Барташэвічаў падагналі балаголскую падводу, пагрузілі на яе карзіны з рукапісамі, скруткі папер і кніжкі, сярод якіх была энцыклапедыя ў сінім пераплёце, і вывезлі ўсё гэта ў невядомым напрамку. Пра ўсё гэта расказвалі мне старая Барташэвічыха (яна ўжо памерла), яе дачка і сын.

Улічваючы абставіны пачатку 30-х гадоў у Слуцку, можна сцвярджаць, што рукапісы Абуховіча-Бандынэлі або спалілі, або здалі ў макулатуру. Першае верагодней. У тыя дні, напрыклад, скасавалі Слуцкі трайчанскі манастыр і яго бібліятэку. Старажытныя кніжкі з манастырскай бібліятэкі пагрузілі ў некалькі дамавінаў, атэісты ўзнялі дамавіны на плечы, вынеслі іх на бераг Случы і там спалілі. Гэта «мерапрыемства» было названа пахаваннем рэлігіі… Падобны лёс мог тады напаткаць і рукапісную спадчыну Абуховіча-Бандынэлі.

Нейкімі нявысветленымі яшчэ шляхамі ў дарэвалюцыйны час некалькі рукапісных твораў пісьменніка трапіла ў Вільню, і там яны былі надрукаваны ў календары, у газеце «Гоман» і ў школьнай чытанцы. Рукапісы дзвюх баек Абуховіча-Бандынэлі захоўваюцца сёння ў Вільнюсе. Рукапісы дзвюх баек Крылова, перакладзеныя Абуховічам гр[афам] Бандынэлі на польскую мову, захоўваюцца ў Польшчы…

Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры», аналізуючы творы Абуховіча-Бандынэлі, адзначыў: «…на ўспамінах […] адбіліся два галоўныя наслаенні веку: панскі рамантызм і хлопаманства». Не адмаўляючы правільнасць гэтай высновы Гарэцкага, нельга не адзначыць, што Альгерд Рышардавіч ад панскага рамантызму і хлопаманства ішоў і прыйшоў да крытычнага рэалізму і да сапраўднай любові да свайго народа. У пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя ў светапоглядзе пісьменніка адбыліся істотныя змены, якія былі звязаны з пераходам яго са становішча «пана-хлопамана» на становішча беларускага гарадскога інтэлігента, які ўласнаю працаю павінен быў зарабляць сабе сродкі на жыццё. Пры гэтым трэба ўлічыць, што праца беларускага пісьменніка тады ніякіх прыбыткаў не давала, а прыбыткі хатняга настаўніка (рэпетытара) былі выпадковымі. Як сведчыць у сваіх успамінах пра пісьменніка Язэп Дыла, былі дні, калі Альгерд Рышардавіч мог траціць на абед толькі 5 капеек.

Пры такіх абставінах не маглі не адбыцца змены ў светапоглядзе пісьменніка, бо адна справа глядзець збоку на жыццё сельскіх і гарадскіх нізоў, а іншая справа апынуцца ў іх становішчы.

Калі ў апошнія гады жыцця ў адным са сваіх вершаваных твораў Абуховіч-Бандынэлі, напрыклад, пісаў:

Хоць галодзен – я свабодзен…–

то тут ён гаварыў не толькі пра галодны люд свайго часу, але і пра сябе…

Публікацыі А. Абуховіча-Бандынэлі, зробленыя пры яго жыцці, пакуль што не выяўлены. Першая публікацыя твораў пісьменніка зроблена праз семнаццаць гадоў пасля яго смерці ў «Беларускім календары на 1915 год». Там былі апублікаваны байкі «Ваўкалак», «Старшына». У 1916 годзе ў газеце «Гоман» (№ 33–40 і 49) былі змешчаны фрагменты з мемуараў пісьменніка і яго верш «Дума а Каралю XII». Пазней у школьным падручніку з’явіліся яго байкі «Суд», «Воўк і лісіца».

Літаратурная творчасць і асветніцкая дзейнасць А. Абуховіча-Бандынэлі былі працягам той барацьбы за свабоду, за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць за «ўваскрашэнне Бацькаўшчыны» (як казаў пісьменнік), якую ён вёў у атрадзе паўстанцаў у 1863 годзе.

Аб трагічным лёсе рукапіснай спадчыны Альгерда Рышардавіча я ўжо гаварыў. He менш трагічным з’яўляецца і лёс тых лічаных твораў пісьменніка, якія дайшлі да нас. Бадай усе яны былі надрукаваны яшчэ да рэвалюцыі, але некаторыя з іх нашай крытыкай свядома абходзяцца аж да нашых дзён. Напрыклад, яшчэ ў 1916 годзе ў газеце «Гоман» побач з «мемуарамі» быў надрукаваны верш Абуховіча-Бандынэлі «Дума а Каралю XII». У кнізе «Таямніцы старажытных сховішчаў» Адам Мальдзіс назваў гэты твор «цікавым і супярэчлівым вершам», які «чамусьці аказаўся па-за ўвагай нашага літаратуразнаўства».

Наўрад ці даследчыкі, якія бралі з «Гоману» для перадруку мемуары пісьменніка, не заўважылі там «Думу а Каралю XII». Не заўважыць яе яны не маглі, бо яна разам з канцом мемуараў у № 49 «Гоману» ад 1 жніўня 1916 года. Даследчыкі свядома абышлі «Думу…» як твор складаны і супярэчлівы. Сам факт публікацыі ў «Гомане» мемуараў Альгерда Рышардавіча і «Дума а Каралю XII» яшчэ мала даследаваны. Звяртае на сябе ўвагу, што першая публікацыя фрагментаў з мемуараў зроблена ў «Гомане» ў той час, калі змяніўся рэдактар газеты. Нумар з публікацыяй першых фрагментаў з мемуараў падпісаў новы рэдактар «Гоману» нехта Салавей. Носьбіт гэтага прозвішча, відаць, быў родам з-пад Слуцка, бо і сёння пад Слуцкам у вёсках ёсць нямала людзей з такімі прозвішчамі. Мы не ведаем нічога пра рэдактара «Гоману» Салаўя, але нельга не сказаць яму слова падзякі за публікацыю твораў Абуховіча-Бандынэлі.

У.I. Ленін у свае «Філасофскія сшыткі» з кнігі Феербаха «Лекцыі аб сутнасці рэлігіі» выпісаў такую думку»: «Остроумная манера писать состоит, между прочим, в том, что она предполагает ум, также и в читателе, что она высказывает не всё, что она предоставляет читателю самому себе сказать об отношениях, условиях и ограничениях, при которых высказанная фраза только и является действительной и может быть мыслимой». (Ленин В.И. Философские тетради. М., 1938. С. 73).

Такою дасціпнаю манераю пісьма шырока карыстаўся Абуховіч-Бандынэлі ў сваіх мемуарах і іншых творах. Магчыма, таму і абыходзілі іх даследчыкі нашай літаратуры, звяртаючы сваю ўвагу на больш простыя для аналізу творы.

У мемуарных запісках Альгерда Рышардавіча 12 раздзелаў, кожны з якіх своеасаблівы па жанру. Напрыклад, «Успаміны Кіева» – гэта ўспаміны дзяцінства, маляўнічае апісанне падарожжа на конях з-пад Глуска ў Кіеў. Раздзел «Міраслаўскі» – высокамастацкі нарыс – партрэт палітычнага дзеяча XIX стагоддзя. Калі ж узяць раздзел «Літаратурнае апраўданне», то тут мы маем ледзь не першы навукова-крытычны артыкул, напісаны на роднай мове ў XIX стагоддзі…

Па багацці думак, вобразаў, маляўнічасці арыгінальнасці погляду на рэчаіснасць мемуары А. Абуховіча-Бандынэлі не маюць сабе падобных твораў у беларускай літаратуры XIX стагоддзя. З імі можна параўнаць хіба толькі такія творы, як «Тарас на Парнасе», «Пінскую шляхту» ды зборнікі вершаў Францішка Багушэвіча з іх прадмовамі…

У сваіх мемуарах А. Абуховіч-Бандынэлі завастрае ўвагу чытача на вядомых яму формах барацьбы і сацыяльнага пратэсту супраць прыгнятальнікаў. Але ўсё гэта ён робіць даволі тонка. Уважліва чытаючы ўспаміны пісьменніка, пераконваешся, што яго твор сацыяльны і што ён мае не толькі аўтабіяграфічную афарбоўку. Напрыклад, пад бяскрыўднай назвай раздзела «Дзяды» крыецца багаты і сацыяльны, і рэвалюцыйны змест. У мемуарах шмат што схавана ў падтэксце, шмат пра што сказана намёкамі, недагаворкамі. У «Истории белорусской дооктябрьской литературы» пра мемуары Альгерда Рышардавіча гаворыцца: «Строго документальные мемуары Обуховича явились новым жанром белорусской литературы. Они свидетельствуют о значительном интеллекте автора, о его глубоких связях с общеевропейской культурой. Это ценный исторический документ и одновременно художественное произведение, написанное ярким языком…» (История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 373)

А. Абуховіч-Бандынэлі, як і Ф. Багушэвіч, быў сынам свайго часу. Яго светапогляд сфармаваўся пад моцным уздзеяннем народніцкіх ідэй і рэвалюцыйна-дэмакратычных падзей 60-х гадоў XIX стагоддзя. Галоўным ворагам, які перашкаджаў «уваскрасіць Бацькаўшчыну», на думку Абуховіча-Бандынэлі, з’яўляўся не які-небудзь асобны палітычны дзеяч, а самаўладства, царызм наогул. Альгерд Рышардавіч як сапраўдны асветнік папярэджваў, што да барацьбы з царызмам трэба добра рыхтавацца і «не прыспешваць падзеі».

У сваіх мемуарах пісьменнік ускосна намаляваў ідэал палітычнага дзеяча, якому народ можа давяраць: гэта павінен быць не шарлатан, не акцёр, не камедыянт, не эклектык, а чалавек высокіх маральных якасцей, яснага розуму, які цесна звязаны з жыццём народа і добра ведае яго.

Як паказала будучыня, гэты ідэал здзейсніўся ў лепшых вучнях і паслядоўніках пісьменніка. Вялікая заслуга А. Абуховіча-Бандынэлі ў тым, што сярод бальшавікоў, якія заснавалі БССР, быў і яго вучань і паслядоўнік Язэп Лявонавіч Дыла – нарком працы ў першым беларускім савецкім урадзе, паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст, чалавек нязломнага духу… У пачатку 30-х гадоў Язэпа Лявонавіча беспадстаўна абвінавацілі і выслалі на Урал, а потым у Саратаў. Здавалася б, усё. Ніякіх надзей на працяг літаратурнай дзейнасці няма. Але Дыла знайшоў выйсце: пад жаночым псеўданімам ён пісаў «дзіцячыя» апавяданні, даслаў іх у Мінск, друкаваў у дзіцячых часопісах і выдаваў іх асобнымі кніжкамі. Слова дзіцячыя я ўзяў у двукоссе, бо ў гэтых на першы погляд бяскрыўдных апавяданнях Язэп Дыла называў сваіх палітычных і літаратурных праціўнікаў безгаловымі манекенамі…

У сваёй кнізе «Альгерд Абуховіч-Бандынэлі» я больш-менш падрабязна расказваў пра іншых вучняў Альгерда Рышардавіча: пра Пятра Карповіча, рэвалюцыянера, які ў 1901 годзе смяртэльна параніў рэакцыянера міністра асветы Расіі Багалепава за тое, што ён здаў у салдаты каля двухсот студэнтаў, пра Івана Чудоўскага, які загінуў у гады рэвалюцыі, і пра Аляксандра Ярэміча, які грашовымі сродкамі падтрымаў выданне зборніка вершаў Янкі Купалы «Шляхам жыцця»…

У раздзеле сваіх мемуараў «Літаратурнае апраўданне», расказваючы аб сваёй сустрэчы і спрэчцы з Ф. Багушэвічам, Альгерд Абуховіч-Бандынэлі папярэджваў беларускую інтэлігенцыю, каб яна, не забаўляючыся пурытанізмам, дбала пра ўсебаковае развіццё нашай літаратурнай мовы. Гэты запавет пісьменніка не страціў свайго значэння і ў нашыя дні.

У кожнай нацыянальнай літаратуры ёсць імёны славутых байкапісцаў, якія выступалі носьбітамі поглядаў і звычаяў свайго народа, яго мудрасці і расказвалі ў алегарычнай форме пра надзённыя з’явы жыцця. У старажытнай Грэцыі гэта Эзоп. У Францыі – Лафантэн, у Расіі – I. Крылоў, на Украіне – Л. Глебаў. Байкі А. Абуховіча-Бандынэлі сведчаць, што гэта быў выдатны байкапісец XIX стагоддзя.

У байцы «Ваўкалак» Альгерд Рышардавіч паэтызаваў і ўслаўляў свабоду напярэдадні буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі.

Хоць галодзен – я свабодзен,

Гдзе мне цягне – там бягу.

На свабодзе прападу,

А ў няволю – не пайду!

У байцы «Старшына» пісьменнік з’едліва высмейваў рэформу (свабоду) 1861 года. «Авечкам» далі волю толькі на паперы:

Іх на сход зусім не звалі,

А ўпісана ў пратаколе,

Што авечкам дана воля.

Круцельства ў розных яго праявах Альгерд Абуховіч-Бандынэлі трапна выкрывае ў байках «Воўк і лісіца», «Суд».

У байцы «Суд» выкрываецца круцельства і беспрынцыповасць адвакатаў самаўладства. Мараль тут, як звычайна, вынікае з усёй вобразнай сістэмы твора: «Круцялёў чым разбіраць, лепш абодвух пакараць».

Xарактэрна, што Воўк у байках Абуховіча-Бандынэлi часта выступае як носьбіт вальнадумства, як носьбіт пратэсту супраць прыгнятальнікаў і крыўдзіцеляў, як носьбіт ідэі свабоды і незалежнасці.

Гэтая кніга – першае асобнае выданне твораў Альгерда Абуховіча-Бандынэлі. Яна выходзіць у свет праз 92 гады пасля смерці пісьменніка, да 150-годдзя з дня яго нараджэння. Цяжкі быў яго творчы шлях. Ідучы цаліком, ён нёс у сабе, кажучы словамі У. Жылкі, «дух асілка». Яго творчасць – заканамернае звяно ў развіцці беларускай літаратуры XIX стагоддзя.

Рыгор РОДЧАНКА

Загрузка...