ВОЎК I ЛІСІЦА

«На табе, нябожа,

Што мне нязгожа».

Раз папалася лісіцы

Ажно тры злавіць курыцы.

Падушыла; дзве з іх з’ела,

Трэццю скрыла. Сама села —

Як па працы — пад стажком

Воўк галодны йшоў нішком[1].

А што з кумою быў знаём,

То такую рэч павёў:

— Ах, сястрыца,— кажа кум,—

Я ад рання браў на вум,

Каб што-кольвек мне пад’есці,

А тут на злосць негдзе ўлезці.

Падхапіў бы я хоць птушку...

Да авец падходзіў збочку,

Ды пастух чупрыну чэша,

I сабака прытым брэша,—

Падступіцца няма складу!..

Дай ты, кумка, яку раду?!

— Ох, мой куме даражэнькі!

То ж стог сена цалюсенькі.

Еж, як хочаш,— не шкадую,

Хоць апошнім, ды частую!

— Дзякуй, дзякуй! — сказаў шэры

I пацягся без вячэры.

Загрузка...