ЧОРНАЯ СМЕРЦЬ


Неяк у час далёкай паляўнічай вандроўкі натрапілі на лясное возера. Берагі яго былі пясчаныя i светлыя, а навакол распасціраліся багатыя непалоханай дзічынай лясы i балоты. У возеры ажно кішэла ад рыбы. I галоўнае, сюды яшчэ не траплялі людзі — нідзе не было ні чалавечых слядоў, ні межавых метаў-засечак на дрэвах. Мясціна, адным словам, была зручная для жылля, таму сюды i перасялілася некалькі сем'яў.

Спачатку на азёрным беразе зладзілі пару хацін. Праз гады, калі падраслі дзеці i завялі свае сем'і, вёсачка пабольшала. Так i жылі, не маючы вялікіх клопатаў, з палявання на дзічыну i рыбнай лоўлі. Расчысцілі, выпалілі чарназёмную прыбалаць i пачалі сеяць на ёй ячмень. У загародах трымалі такую-сякую свойскую жывёлу. У берагавых восыпах часам знаходзілі крэмені, з якіх рабілі прылады працы. Калі ж крэменю не хапала, майстравалі наканечнікі стрэлаў i кінжалы з костак. Абыходзіліся ўсім сваім, але сувязей з роднымі мясцінамі, дзе жылі іншыя роды іхняга племені, не перарывалі. Там засталіся родзічы, адтуль бралі жонак, туды выходзілі замуж.

Хоць рэдка, але ў паселішча на лясным возеры прыходзілі ў адведкі i госці, асабліва зімой, калі замярзалі рэчкі i балоты.

Але вось зараз i зіма канчаецца, a ніхто штосьці не наведваецца сюды. Занепакоіліся азёрцы, каб што там не здарылася з іхнімі родзічамі. Можа, якая вайна пачалася з суседнімі плямёнамі? Пачакалі яшчэ з тыдзень i выправілі ў шлях трох маладых мужчын, каб даведацца, што там робіцца на шырокім свеце.

Цэлы дзень ішлі азёрцы замерзлай ракой. Вечарам зрабілі на беразе прытулак з ялінавых лапак. абклалі яго снегам. Было цесна, але даволі цёпла. У ім i пераначавалі.

Назаўтра павярнулі ўбок, у заснежаную пушчу, i ўжо пад абед дабраліся да высокіх рэдкалесых узгоркаў i з аднаго з ix убачылі далёка ўперадзе белую звілістую палосу ў шырокай нізавіне — замерзлую i заснежаную раку, каля якой i жылі ix родзічы.

Сярод зімы надарылася некалькі адліг, таму снег быў аселы i цвёрды. Ішлося легка. А зараз, калі да мэты заставалася не так i шмат, азёрцы яшчэ прыспешылі крок.

Паніжэла. Сталі трапляцца замеценыя снегам рачулкі i балотцы-старыцы. Але чым бліжэй падыходзілі трое мужчын да ракі, тым больш пачыналі трывожыцца — навокал было поўна звярыных слядоў, цэлыя сцежкі. I ні аднаго чалавечага!

Няўжо тутэйшыя людзі так цэлую зіму невылазна i праседзелі на рацэ, харчуючыся рыбай, што лавілі пад лёдам? Хіба ў пушчы не ставілі на ласёў самастрэлы, сілкі на зайцоў, не ганяліся за лясной дзічынай з лукам i дзідай? Не, тут штосьці было не так...

I каля самай вёскі не было чалавечых слядоў. I ні дымку нідзе, ні голасу, ні сабачага брэху. Толькі за спіной азёрцаў трывожна гуў у вяршалінах дрэў вецер.

Праз хмызы выбраліся на прыбярэжны чысцяк i спыніліся. Перад імі была вёска. Вастраверхія хаціны, накрытыя трыснягом i карой, цясніліся ўздоўж берага побач з пахілымі вербамі.

Падышлі да крайняй хаціны. Пад плеценыя з лазы i ўцепленыя скурамі дзверы намяло гурбу снегу; i даўно, бо быў зляжалым. Давялося дрэўкам дзіды разбіваць яго на кавалкі i адкідваць убок. Нарэшце ўдалося прыадчыніць дзверы,і адзін з азёрцаў усунуўся ў шчыліну. Яго вочы з цяжкасцю разгледзелі ў паўзмроку заледзянелае агнішча, нізку лісіных скурак пад страхой, лежакі ўздоўж сцен, а на ix — людзей. I калі ўгледзеўся ў твары людзей, з жахам выскачыў з хаціны:

— Яны мёртвыя! Ix забіла Чорная смерць!

Пры гэтых словах азёрцы кінуліся бегчы з паселішча, быццам за імі гнаўся статак раз'юшаных зуброў. I толькі на ўскрайку пушчы супыніліся, выцягнулі з-пад вопраткі драўляныя фігуркі духаў-ахоўнікаў, сталі шаптаць закляцці.

Калі аддыхаліся i страх крыху прайшоў, бо ад вёскі былі ўжо далекавата, старэйшы азёрац запытаў у таго, што быў у хаціне:

— А ты не памыліўся?

— Каб я не пабачыў сваіх бацькоў! У ix былі пачарнелыя твары, усе ў язвах!

— Што ж будзем рабіць? — непакоіўся трэці азёрац.— Чорная смерць падкрадаецца нябачна. Ідзе ад вёскі да вёскі i няма ад яе ратунку. Дзед расказваў, як калісьці вось так вымерлі ўсе людзі з суседняга роду. Да апошняга чалавека. I ў іншых родах яна шмат каго забрала. Выжыў толькі той, хто адразу ўцёк у пушчу. А далей на поўнач увогуле была апусцела зямля... I як мы зараз вернемся дадому? Яна будзе красціся па нашых слядах i прынясе пагібель i ў нашу вёску. Яна ж ужо на руках у Лася, бо ён заходзіў у хаціну!

Лось здрыгануўся i памярцвелымі вачамі паглядзеў на свае рукі, быццам на ix ужо былі знакі непапраўнай бяды. Астатнія ж азёрцы паціснуліся ўбок ад яго,— ужо асуджанага, аддадзенага Чорнай смерці.

— Я ведаю паратунак,— рашуча прамовіў старэйшы.— Чорная смерць баіцца агню. Яна адступае перад ім. Так казаў наш вядзьмар.

Трэннем двух кавалкаў сухога дрэва азёрцы здабылі агонь i расклалі вогнішча. Затым на пашкоджаных хваёвых камлях назбіралі жывіцы i паклалі яе на полымя. Смала плавілася i з трэскам гарэла, а мужчыны пачалі ўторкваць у гаручую жывіцу канцы стрэл i выпускаць ix па хацінах. Стралялі, слаба нацягваючы цеціву, каб у хуткім палёце не збівалася полымя. Стрэлы паволі апісвалі высокую луку, пакідаючы за сабою дымны след, i ўпіваліся ў чаратовыя стрэхі. Успыхнула адна хаціна. Затым другая. Хутка занялася агнём i дымам уся веска. Аднекуль прыбег здзічэлы сабака i па-ваўчынаму завыў, гледзячы на пажар.

Калі агонь увабраўся ў самую моц, з трэскам i гулам пажыраючы чалавечае жытло, Лася пакінула здранцвенне. Не развітваючыся, толькі кінуўшы на былых таварышаў затуманены пагляд, ён, хістаючыся, павольна рушыў да агню. Астатнія ж азёрцы зніклі, не азіраючыся, у пушчы.

Вярталіся мужчыны дадому кружным шляхам, заблытваючы сляды. Некалькі разоў на сваім шляху раскладвалі вогнішчы i пераступалі праз агонь. I невядома, што дапамагло, але на гэты раз бяда мінула вёску на далёкім лясным возеры.


* * *

— Тут, як медык, я магу цябе i дапоўніць. Эпідэміі хвароб ажио да нядаўняга часу былі страшэнным бічом чалавецтва. Напрыклад, у чатырнаццатым стагоддзі ад чумы вымерла амаль палова насельніцтва Еўропы. Хвароба, пачаўшыся на Далёкім Усходзе, праз Кітай i Індыю вясной 1347 года трапіла ў Еўропу. У Італіі, напрыкладз тысячы жыхароў тады выжываў толькі дзесятак. Думаю, што ў бронзавым веку было не лепш.

— Адкуль жа яно магло быць лепш? Лячыліся ж толькі травам i ды замовамі. Можа толькі эпідэміі не так лютавалі, бо рэдкае было насельніцтва, розныя групы яго мала паміж сабой кантактавалі. Ды i без эпідэмій бяды хапала. Каля пасёлка Краснасельскага на Poci ў адной крэменездабыўнай шахце было знойдзена пахаванне мужчыны. Ці не супляменнік гэта быў старога Крэма? Па костках вызначылі, што небарака пакутаваў запаленнем зубоў, меў адклады солей у хрыбетніку, а памёр, бачна, ад нейкага захворвання костак. Не кажу ўжо, колькі разоў пры жыцці хварэў з прастуды!


Загрузка...