ПАСТУШКІ, ВОЎК I САБАКА КУДЛАЧ


Гарачы поўдзень. Сонца прыпякае неміласэрна. На даляглядзе квола завязваюцца воблачкі, i тады прыходзіць снадзяванне, што яны вырастуць у хмару i на зямлю праліецца асвяжальны дождж. Але воблачкі знікаюць, i на выцвілым блакіце неба зноў застаецца ў адзіноце калматае, сляпучае сонца.

Каровы i козы зашыліся ў кусты ля рачной старыцы i ратуюцца ад гарачыні i аваднёў. Авечкам авадні не страшныя, але ім у ваўняных футрах асабліва горача. Яны згрудзіліся шэрым комам у цень i не рухаюцца. Але пастушкі — тры загарэлыя да чарнаты падлеткі — толькі радуюцца, што такая спёка i што статак як прыліп да старыцы. Козы не лезуць у лес, каровы не разбрыдаюцца, i таму ёсць час на забавы.

Спачатку пастушкі рамантавалі стары будан, які, мяркуючы па накапычаных слядах, разбурылі, дурэючы, маладыя зубрыныя бычкі. Хлопцы зноў нахільна прыставілі да дуба доўгую жэрдку, паклалі на яе папярочкі. А на ix пачалі чапляць адламаныя яловыя лапкі. Атрымалася шчыльная i моцная стрэшка. Засталося толькі чакаць дажджу.

Хлопцы пасядзелі ў духмяным ад свежай ігліцы будане. Але дождж так i не пачынаўся. Пастушкам стала, нарэшце, сумна i яны ўзяліся вучыць свайго памагатага — сабаку Кудлача плаваць. Бралі яго i скідвалі з берага ў ваду.

Спачатку сабаку гэта спадабалася — было прыемна ахаладзіцца, бо яго таксама даймала гарачыня. Але пасля трэцяга купания Кудлач пакрыўдзіўся i ў рукі больш не даваўся. Трымаўся воддаль.

А дзень так бясконца доўжыцца, i сонца, як завісла над галавою, так i не скранецца, быццам не хоча злазіць ca сваёй вышыні... Чым бы гэта заняцца яшчэ?

Але доўга хлопцы не раздумвалі. . Набралі камянёў i пачалі паляваць на шчупакоў. Калі асцярожна пракрадацца каля вады, можна прыкмеціць між водарасцей вузкія целы рыбін, якія ці то драмалі, ці то пільнавалі спажыву. Трэба было прыцэліцца i з сілаю кінуць у рыбіну камень. Узлятаў сноп пырскаў, а часам усплываў i аглушаны шчупак. Тады заставалася хутка падхапіць яго i выкінуць на траву. Злоўленую здабычу тут жа з'ядалі.

Ды сырая рыба — гэта не тое, i ад яе толькі засмактала пад лыжачкай. I тады хлопцы адчулі, што ім даўно пара абедаць.

— Ты, Лісіца, папільнуй з Кудлачом статак, а мы хуценька збегаем i паямо. А потым — ты,— прапанавалі хлопцы свайму трэцяму таварышу.

Калі сябры схаваліся за паваротам ракі, Лісіца спачатку абышоў старыцу, каб пераканацца, ці не разбрыліся каровы, а потым крамянёвым нажом пачаў застругваць, вастрыць адламаную арэхавую палку. Зараз ён застаўся адзін i яму стала ніякавата. Хоць вёсачка іхняя была i недалёка, вунь у тым дубнячку, але ж побач пушча. A ў пушчы i мядзведзі, i ваўкі, i рысі. Праўда, блізка мядзведзяў пакуль не чуваць, i ваўкі летам на людзей не нападаюць, i побач верны таварыш Кудлач, але ж з вострай, хоць i драўлянай, дзідай ён, Лісіца, будзе адчуваць сябе надзейней.

Калі хлопец ужо выразаў на дрэўку адмысловы ўзор, завурчаў Кудлач i поўсць на ягоным загрыўку ўздыбілася. Падхапіўся i пастух, i ў час — з прылеснага хмызняку вымкнуўся шэры звер, ухапіў крайнюю авечку i пацягнуў яе да лесу.

— Уга! Ваўка! Кусі! — залямантаваў Лісіца i кінуўся за ваўком. Але першым драпежніка дагнаў Кудлач. Сабака не кінуўся адразу ў бойку з дужэйшым праціўнікам, a насядаў ззаду. Воўк, не выпускаючы здабычу, паварочваўся да Кудлача, i той адскокваў убок, ратуючыся ад жоўтых іклаў. Воўк быў стары, з запалымі бакамі, а авечка трапілася цяжкая, да таго ж перашкаджаў Кудлач, таму шэры разбойнік рухаўся рыўкамі. Перад самым лесам дасяг яго i пастух.

Убачыўшы побач чалавека, Кудлач асмялеў i кінуўся на ваўка, учапіўся яму ў карак. Звер кінуў здабычу i закруціўся ўюном, стараючыся скінуць сабаку, рвучы яму сцёгны. Ляцела ў бакі поўсць, гыркаталі воўк i сабака, крычаў Лісіца.

Пэўна б Кудлачу давялося блага, але хлопец, колькі было моцы ў руках, сунуў ваўку ў бок драўлянай дзідаю. Той матлянуўся да Лісіцы, збіў яго з ног. Але тут Кудлач злаўчыўся i ашчаперыў пашчу на самай ваўчынай шыі. Звер захрыпеў, затузаўся. Лісіца падхапіўся на ногі i некалькі разоў увагнаў яму ў бок сваю вастраколіну.

I тут на гэты шум i крык падбеглі з паселішча мужчыны з дзідамі, сякерамі, лукамі. Былі ўзброеныя, як на вайну, бо не ведалі — ці звер напаў на статак, ці які чужынец.

Утрапянелага Лісіцу калаціла ліхаманка. Ён нешта сіпеў сарваным голасам i ўсё паказваў на ваўчыны труп, які тузаў за бакі раз'ятраны Кудлач, сам крывавячы разарваным сцягном.

Падышоў бацька, абняў сына за плечы i асцярожна павёў у вёску. Ззаду неслі мёртвую авечку i ваўка. Побач падскокваў на трох лапах сабака, i то залізваў рану, то зноў меціўся ўчапіцца ў былога ворага.

Ноччу Лісіца кідаўся ў сне, трызніў. Яму ўсё здавалася, што на статак напалі ваўкі, цягнуць авечак у лес, а ён хоча закрычаць, паклікаць на дапамогу — ды не мае голасу, хоча пабегчы — але ногі як анямелі.

На раніцу паклікалі ведзьмара. Той доўга шаптаў над хворым, праганяў пярэпалахі. Потым даў выпіць настою зёлак.

Крыху пазней у хаціну зайшоў Бар, самы лепшы паляўнічы іхняга роду. Прайшоў да лежака, дзе пад скамечанай льняною дзяружкай ляжаў Лісіца. Асцярожна памацаў прыстаўленую да сцяны хлапцоўскую дзіду, агледзеў яе вастрыё. Затым прысеў да хлопца i паклаў на яго плячо дужую руку:

— Доўга не залежвайся. Пойдзеш з намі на паляванне. Калі ты такой прычындалай паклаў ваўка, то што ж ты зможаш сапраўднай дзідаю з крамянёвым наканечнікам!?

I гэтыя словы славутага паляўнічага былі лепш за вядзьмарскія загаворы. К вечару хлопец падняўся на ногі.

Бар стрымаў сваё слова. Калі Лісіца адужаў, ён з загонам мужчын i сапраўды пайшоў на паляванне. На разе толькі на качак. Але ўсё наперадзе. Лісіца падрасце i будуць у ягонай здабычы i мядзведзі, i туры, не кажучы ўжо пра ваўкоў, якіх ён, ну, адной рукой...


* * *

— Чаму ў паляўнічага такое дзіўнае імя — «Бар»? Сам прыдумаў?

— Не; так i было. А значыла яно — Мядзведзь. Сапраўднае найменне мядзведзя ў старажытных індаеўрапейцаў, калі яны яшчэ складалі адноснае цэлае, было «бар», ці нешта падобнае. Але гэты бар у некаторых народаў лічыўся свяшчэннай жывёлінай i таму не дазвалялася ўголас вымаўляць ягонае імя. Па гэтай прычыне пра яго казалі іншасказальна: мядзведзь або вядзмедзь — той, хто ведае мёд, Таптыгін, касалапы i гэтак далей.

— А чаму мядзведзь — «бар»?

— Пра гэта не я, a лінгвісты даўмеліся. Мядзведзь па-нямецку — бёр, па-англійску — бэе. А куды мядзведзь на зіму залягае? У наш «беларускі» бярлог, што значыць — лаг во бара!

— Ну добра, а чаму хлопца лячыў вядзьмар? Гэта ж такі несімпатычны персанаж...

— Благую славу гэтым людзям прыпісала хрысціянская царква. А гэта ж былі вясковыя лекары, прадстаўнікі, так сказаць, народнай медыцыны, якая прымяняла i лекавыя зёлкі i замовы. Заадно былі i святарамі ў язычніцкіх культах, чараўнікамі. Сэнс самога слова паказвае, што ix у старажытнасці паважалі, бо яны тыя, хто «веды мае».


Загрузка...