МАЛЫ ГАСПАДАР ТАРФЯНІКАВАЙ ВЁСКІ


Старэйшыя разышліся хто куды. Мужчыны пабралі мярэжы i паплылі за выспы — гэткай парой там збіраліся касякі сялявы. Жанчыны пайшлі на затоку збіраць паспелыя вадзяныя арэхі. Падлеткі таксама былі занятыя — хто пасвіў жывёлу на прыазёрнай лугавіне, хто дапамагаў старэйшым, а некаторыя падаліся ў грыбы. Веташок таксама з ахвотаю пайшоў бы ў лес — ён ужо нагледзеў добрую баравіковую мясціну, але бацькі не пусцілі, сказалі: «Будзь з малымі, пільнуй селішча». I яшчэ розных абавязкаў надавалі, a самі пайшлі.

Веташок пакрыўдзіўся i з самай раніцы сядзеў у хаціне, стругаў крамянёвым ножыкам палачку i наракаў на свой нешчаслівы лёс. Было ціха i нудна навокал, ажно пакуль не трапіла ў павуцінне муха i не пачала басавіта гудзець. Хлопец схапіў галінку i пачаў шастаць у цёмным куце; муха змоўкла. Але яна хутка зноў абрыдліва заныла, i тады Веташок выйшаў на вуліцу. I ў пару: з-за суседняй хаціны выбег крываногі i замурзаны малы i закрычаў:

— Парасяты ўцякаюць! Нудна-санлівы настрой як рукою зняло. Веташок кінуўся за малым i ўбачыў, што віславухі парсючок ужо весела рыў лычам дзірван за загарадай, а пад зламаную жэрдку ціснуўся на волю ягоны брат. Астатнія таксама, рохкаючы, мітусіліся побач, шукаючы выйсця са свайго зняволення.

Веташок спехам паправіў жэрдку, улупіў дубцом парасятам, каб супакоіліся, i кінуўся да віславухага, растапырыўшы рукі. Малыя, а ix у вёсачцы было з паўдзесятка, узяліся дапамагаць Веташку. Парсючок жа падумаў, што пачынаецца вясёлая забава, i з падскокам паімчаў паміж хацін. Шум i вэрхал распачаўся навакол — крычалі i смяяліся дзеці, віскаталі парасяты, брахаў i рваўся з прывязі сабака. I ніяк таго віславухага не ўдавалася злавіць, бо нават, калі яго хапалі за вушы, ён вырываўся з дзіцячых рук.

I тады хлопец даўмеўся, што рабіць. Ен прынёс з бацькоўскай хаціны старую, але яшчэ моцную сетку. Яе расцягнулі паміж будынкамі i загналі ў пастку свавольніка.

Усадзіўшы ўцекача ў загараду, Веташок загадаў дзецям назбіраць парасятам травы. Гэтыя ловы парсючка, які мог збегчы ў лес проста ў зубы ваўку ці рысі,— што б тады ён вечарам сказаў старэйшым — абудзілі ў хлопца пачуццё адказнасці. Зараз ён адчуваў сябе чалавекам, які павінен клапаціцца i пра малых, i пра парсючкоў у загарадзе, i пра сабаку.

Веташок прайшоўся берагам каля вёсачкі, выцягнуў з вады суседскага хлопчыка, што яшчэ слаба хадзіў, a ў возера вось ужо папоўз, шлёпнуў яго за гэта пару разоў ніжэй спіны. Затым наказаў дзецям, каб не адыходзіліся ў лес, бо там можна заблудзіцца. Навёўшы парадак на дварах i вулачцы, зазірнуў у адну хаціну, другую — што дзеецца там. У трэцяй, апошняй, якая стаяла пад лесам, учуў пах дыму.

Дымам пахла ў кожнай закуранай хаціне, да таго ж у агнішчах у тоўстых пластах попелу захоўваліся гарачыя вугалі, якія, каб распаліць агонь, выграбалі з глыбіні i раздзьмухвалі. Але тут пахла моцна i асабліва — гарэлым торфам.

Прыгледзеўся — з агнішча клубочкамі выкочваўся рудаваты сыры дымок. Старым дрэўкам ад дзіды хлопец паварушыў у попеле, i яно некачана легка пайшло ўглыб. Адтуль вылецелі іскры, i дыму адразу паболела.

Веташок жахнуўся — агнішча прагарэла i агнём узяўся торф, на якім i было збудавана іхняе паселішча! Тарфяны пажар страшней за лясны. Лясны праносіцца, як віхура, але хутка i абтухае. Торф жа будзе тлець i гарэць ажно да позніх восеньскіх дажджоў, да зімы. Выгарае ён у глыбіні, i тады ў вогненныя ямы правальваюцца людзі, жывёла, абсоўваюцца хаціны.

Ад страху ажно ворах прайшоў па спіне хлопца, i ён, ухапіўшы гліняны гаршчок, які трапіўся пад руку, пабег да возера, але хутка зразумеў, што адзін ён тут нічога не парадзіць. Тады сабраў дзяцей, даў кожнаму ў рукі, каму — глінянае, каму — берасцяное начынне, i загадаў насіць ваду. Сам жа стаў каля агнішча, не падпускаючы малых блізка да пажару, пераймаў напоўненыя пасудзіны i ліў ваду ў дымны правал. У прагарыне шыпела. Адтуль уздымаліся клубы дыму i пары. Спачатку не было i знаку ад тушэння. Але паступова дыму стала менець i, нарэшце, пад самае паўдня, калі дзеці ўжо выбился з сіл, выгарына напоўнілася вадою i агнішча стала выглядаць, як брудная лужына.

Пасля абеду вярнуліся жанчыны, прынеслі поўныя торбы вадзяных арэхаў. I засталі яны някормленых парасят, якія ажно разрывался ад віскату, i страшэнна выбруджаных i мокрых дзяцей. Кінуліся былі жанчыны лаяць Веташка, але, даведаўшыся, што адбылося ў вёсачцы, толькі ўзмахнулі рукамі i сталі цалаваць хлопца: « Ну i малайчына, Веташок!»

Назаўтра мужчыны вычарпалі з выгарыны чорную, змешаную з попелам i торфам жыжку, прынеслі з недалёкага ўзгорка зямлі i засыпалі яму. Потым надралі са старых ялін кары, намасцілі яе, зверху насыпалі тоўсты пласт пяску, каб агонь зноў не дабраўся да торфу. Так было зроблена новае агнішча. A ўжо жанчыны паклалі на агнішча сухіх дроў, у арнаментаванай магічнымі знакамі адмысловай пасудзіне прынеслі ад суседзяў жару i пад рытуальныя спевы i заклінанні адрадзілі, вярнулі да жыцця агонь. I наварылі вялізны, які толькі меўся, гаршчок толькі што злоўленай сялявы, i першаму рыбы паклалі Веташку.

З таго часу, калі дарослыя надоўга пакідалі паселішча, амаль заўсёды даручалі сачыць за парадкам Веташку. I ён больш не аднекваўся. Калі чоўны адплывалі далека на возера, хлопец паважна абыходзіў вёсачку, аглядаў кожны закутак i абавязкова зазіраў ў хаціны, супыняўся каля агнішчаў i прынюхваўся — ці не пахне паленым торфам.


* * *

— Магу сказаць,— не ўцерпеў я пахваліцца, калі Іван Пятровіч скончыў чытанне,— што менавіта такое агнішча з пясчанай падсыпкай i вымасткай з пластоў кары мне давялося раскопваць са сваімі памочнікамі-школьнікамі на адной тарфянікавай стаянцы каля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна. Спачатку нават не мог зразумець, што гэта за такое мноства кары, ажно пакуль не натрапіў на попел i вугалі. Каля агнішча ляжалі раздушаныя вялізныя гаршкі. Ix удалося склеіць. Дык вось, у адным гаршку былі рэшткі жалу доў, у другім — падсмажаныя вадзяныя арэхі. Непадалёку ляжаў плоскі камень з гладкім канавападобным паглыбленнем. На ім паліравалі i вастрылі каменныя, а можа i бронзавыя прылады. Калі прадоўжылі раскопкі ў бакі, выявілі кавалкі нахільных жэрдак, што ўтваралі каркас двухсхілай страхі. З гэтага мы i заключылі, што трапілі якраз на рэшткі хаціны.

Не кажу ўжо, колькі ў ёй знайшлі рознага дабра — крамянёвыя i касцяныя наканечнікі стрэлаў i дзідаў, нажы i кінжалы, сякеры i долаты, гарпуны i рыбалоўныя кручкi. Трапіліся гліняныя грузілы да сетак, берасцяныя паплаўкі, касцяныя лыжкі, драўляныя палонікі i мноства іншых рэчаў. На гэтай жа стаянцы мы знайшлі ўпрыгожанні з зубоў i прывазнога балтыйскага бурьитыну, а таксама творы першабытнага мастацтва, пра што я ўжо крыху казаў — статуэткі людзей, птушак, жывёл i змей. I наогул, выявіць старажытную стаянку пад торфам — велізарная ўдача для археолага, бо ў бедным кіслародам асяроддзі захоўваюцца рэчы з арганічных матэрыялаў — дрэва, кары, костак, рога, нават з травы. А на звычайных стаянках, размешчаных на пясчанай паверхні, могуць уцалець толькі вырабы з каменю i гліны.

— А як усё гэта трапіла пад торф? Гэта была веска на с лупахпалях пасярод возера?

— Не, у нас пакуль што такіх паселішчаў не знойдзена. Тут уся справа ў кліматычных зменах. К сярэдзіне бронзавага веку наступілі дажджлівыя часы, узровень. вады ў азёрах пачаў паступова павышацца. Людзі перасяліліся на сушэйшыя мясціны, а затопленыя рэшткі ix ранейшых стаянак з часам затарфаваліся.


Загрузка...