Гэтага вершніка пастухі прыкмецілі яшчэ зводдаль ад вёскі. Але ніхто не затрывожыўся i не кінуўся хапацца за зброю. У іхніх краях даўно ўжо было заспакаенне, i людзі жылі ў згодзе паміж сабою. Дробныя ж непаразуменні на межах родавых ці племянных уладанняў стараліся ўлагодзіць мірна. Таму i зараз не баяліся нападу. Да таго ж коннік быў адзін.
Пад'язджаючы да вёскі, незнаёмец заспяваў. Лясное шматгалосае рэха драбніла i рассыпала словы, i ix было не разабраць. А можа, песня была i на незразумелай мове. Але не гэта было важна. Усім стала ясна, што чалавек прыбывае з прыязнымі намерамі i, каб не было неспадзяванкі, падае пра сябе знак. I тое менавіта, што песняй, а не воклічамі, асабліва спадабалася тубыльцам.
Мякка затупалі на пясчанай сцежцы конскія капыты, i незнаёмец уехаў у вёску. Насустрач яму высыпалі амаль усе жыхары — выбеглі няўрымслівыя дзеці, нетаропка наблізіліся паважныя мужчыны, зводдаль цікавалі дзяўчаты i жанчыны.
Вершнік сядзеў на прысадзістым даўгагрывым коніку, на калматай скуры, прывязанай пад бруха жывёліны вяроўкай. Такая ж вяроўка з петлямі звісала i пабаках каня. У петлі-страмёны былі прасунуты ногі падарожніка ў скураных чобатах. Незнаёмец быў апрануты ў рудыя фарбаваныя штаны з авечай воўны i ў белую рубашку з завязкамі-матузкамі на шыі. На плячах меўся шэры суконны плашч, зараз па цёплым часе расшпілены i закінуты на спіну, іншай жа парою ім можна было шчыльна ахінуцца, хаваючыся ад дажджу i холаду. Меў коннік i такую-сякую зброю. Збоку вісеў лук i скураны калчан з дзесяткам стрэлаў, з-за спіны востранька выглядала кароткая дзіда. На поясе быў кінжал з касцяной рукаяткай.
Конь i чалавек былі густа присыпаны пылам i выглядалі неяк аднолькава шаравата. Адзінае, што нязвыкла кідалася ў вочы мясцовым жыхарам,— блішчасты бранзалет на запясці вершніка. Металёвыя вырабы ў тутэйшых мясцінах былі рэдкасцю. Мала хто меў меднае шыла ці спрацаваны да рэшты нож. Слаўны воін, паляўнічы ді чыя жонка маглі зрэдку пакрасавацца начышчанымі меднымі трубачкамі або пласцінкамі, што сонейкамі ззялі ў каралях сярод звыклых ласіных ці мядзведжых зубоў. А тут шырокі, мо ў два пальцы, бранзалет з закручанымі ў спіралі канцамі!
Незнаёмец зняў з цёмнавалосай галавы лямцавую шапку з загнутымі краямі i пакланіўся грамадзе:
— Вітаю вас, мудрыя старэйшыны гэтага роду, i ўсіх паважаных прысутных таксама.
— Будзь прывітаны i ты, чалавеча,— адказалі яму старэйшыны.— Рады бачыць цябе ў нас госцем. Хто будзеш, адкуль прыехаў i куды трымаеш шлях?
— Я з гор, адкуль цякуць паўднёвыя прытокі ў вашу Прыпяць. Мяняю вырабы з медзі i бронзы на бурштын. А магу, каму трэба, пераплаўляць старыя i ламаныя металёвыя рэчы на новыя.
Старэйшыны ўхвальна заківалі галовамі. Медзь i бронза ім патрэбныя, а бурштыну ў таго-сяго знойдзецца.
Незнаёмца правялі на пляц пасярод вёскі, на краі якога ў засені старога дуба хавалася драўлянае лупавокае божышча. Чалавек злез з каня, адвязаў ад скуранога сядзення мяшок i расклаў на шмаце палатна свой тавар. Тут было некалькі кінжалаў з узорыстымі рукаяткамі, нажы, шылы, драцяныя бранзалеты, пацеркі для караляў, падвескі, каб уплесці ў косы ці ўпрыгожыць дзявочы каптурок... У захапленні загарэліся ў жанчын вочы не толькі ад гэтых упрыгожанняў, але i калі ўгледзелі выгінастыя бронзавыя сярпы з кручком на рукаятцы, якія не даваў руцэ саслізгваць у час жніва.
I разгарэлася мена. Неслі тубыльцы свае бурштынавыя пацеркі, падвескі, трубачкі, гузікі, якія ажно свяціліся цудоўнымі мядовымі колерамі. Так, бурштынавыя ўпрыгожанні — адмысловыя. Яны можа не горшыя за медныя. Да таго ж аберагаюць ад хвароб i благога вока. Таму жыхары вёскі за так не аддаюць бурштын гэтаму смугляваму меншчыку. Прышэлец у сваю чаргу набівае цану сваім , рэчам, падстаўляе кінжалы начышчанымі лёзамі пад сонечнае святло, i тыя ўспыхваюць жоўтымі праменьчыкамі.
— Ты толькі зірні i сябе ўбачыш,— падсоўваў ён пад нос аднаму са старэйшын бронзавы выраб.— У чым ты яшчэ паглядзішся?
— У чым? Нават i ў лужыне, калі захачу палюбавацца сваёй барадою,— хітра жмурыцца старэйшына, а сам i сапраўды зачараваны кінжалам. Яму б такі!
Нарэшце мена скончылася. Меншчык зноў склаў у мяшок сваё багацце. Акуратна прыхаваў набыты бурштын.
Вячэраць госця запрасілі ў прасторную хату першага старэйшыны роду. Туды ж прыйшло i некалькі паважнейшых жыхароў вёскі. Кожнаму хацелася, пацягваючы з гліняных кубкаў шыпучы мядовы квас, паслухаць аповяды пра далёкія землі, іншыя плямёны. Гэты меншчык шмат чаго бачыў i чуў, вандруючы па берагах вялікіх i малых рэк паміж гарамі i іхняй балоцістай нізінай.
Цёмнавалосы таксама быў з цікаўных. Ен усё распытваў, дзе тубыльцы бяруць бурштын. A вяскоўцы i не таіліся. Расказвалі, што, калі плысці суседняй прытокай уверх, або ісці яе берагам, то за лясістым водападзелам можна трапіць на раку, што цячэ ў паўночным кірунку. I вось з той паўночнай ракі i прывозяць мядова-колерную смалу. А скуль яе там бяруць, ніхто добра не ведае. Некаторыя расказваюць, што недзе там на поўначы маецца салёнае возера, такое вялікае, што не бачна другога берага. I каля таго возера бурштыну столькі, што не ўкладзеш i ў дзесяць такіх вось, як у меншчыка, мяшкоў. Ім там можна пэўна напоўніць па барты некалькі вялікіх чоўнаў, i ўсё адно шмат застанецца...
Слухае меншчык гэтую ні то праўду, ні то казку, i загараюцца ягоныя вочы — так хочацца ў тыя паўночныя землі! Поўны човен бурштыну яму не трэба — не давязе да сваіх гор, а вось каб намяняць пад завязку свой мех...
— A ці прывозяць з паўночных рэк медзь i бронзу?
— Не, не прывозяць. Не чутно там пра такія рэчы,— закруцілі галовамі прысутныя.
Яшчэ больш радуецца ад такіх слоў цёмнавалосы. Значыць, там за свой тавар ён узяў бы бурштыну, колькі захацеў...
Раніцою, яшчэ туман не сплыў з нізін i не высушыла сонца расу, нецярплівы меншчык зноў уладкаваўся на хрыбціне адпачылага за ноч каня i выбраўся на сцежку ўздоўж прытокі. Сонца грэла якраз у правае плячо. I гэта было добра. Значыць, рэчка яго вядзе правільна, на поўнач, у бурштынаносныя землі.
Пад вечар, адолеўшы ладны кавалак шляху, коннік заўважыў, што зноў набліжаецца да заселеных мясцін. Пачалі трапляцца старыя i свяжэйшыя кострышчы, пянькі ссечаных дрэў, вытаптаныя чалавечымі нагамі рыбнейшыя берагі каля рачных завоін.
Цёмнавалосы зняў з шапкі наліплае павуцінне, строе з плячэи ігліду — рыхтаваўся сустрэць тубыльцаў у найлепшым выглядзе. А потым па сваёй завядзёнцы заспяваў, даючы пра сябе знак. I амаль адразу ж пачуў характэрны посвіст аперанай стралы. Стралялі з-за ракі.
Меншчык імпэтна скаціўся з каня i прыхінуўся за хваёвыя камлі. Потым знайшоў лісіную нару i засунуў туды мяшок са сваім скарбам. Вернецца за ім, калі пазнаёміцца з недаверлівымі мясцовымі жыхарамі, растлумачыць, хто ён такі.
Потым цёмнавалосы зноў наблізіўся да берага i загукаў, асабліва пакуль што не высоўваючыся з-за дрэў:
— Не страляйце, я адзін! Я меншчык з гор!..
У вёсцы на беразе Прыпяці, дзе начаваў цёмнавалосы, яшчэ доўга ўспаміналі вясёлага меншчыка i ўсё чакалі — калі ж ён вернецца з тых паўночных краёў i ці запыніцца ў іхнім паселішчы на адпачынак. Цікава было i паглядзець — ці шмат прывязе бурштыну, ці паўнюткі будзе мяшок, як хваліўся.
Але мінулася лета, потым i восень, а цёмнавалосага меншчыка ўсё не было. A зімою, калі завейныя снягі засыпалі, замялі сцежкі i прагаліны, перасталі чакаць.
* * *
— Тут у цябе недакладнасць,— торкнуў Іван Пятровіч пальцам у апошнюю старонку.— Страляць, г эта ж ca стрэльбы.
— Ніякай недакладнасці,— не пагадзіўся я.— Услухайся i ўдумайся: вяслуюць вяслом, сякуць сякерай, страляюць стралой... У сярэднявеччы вынайшлі агнястрэльную зброю, але з яе працягвалі «страляць», новага слова не прыдумалі. Дарэчы, у маёй роднай вёсцы скажуць: не пацэліў, a ўлучыў, як у даўнейшы час — «улучыў з лука».
— A i праўда,— здзівіўся сябра.— Размаўляеш i ўсё здаецца звыклым i простым. A ўдумаешся, які глыбокі сэнс часам у словеI
— I глыбокі i старажытны. Вось яшчэ табе прыклад. На Палессі, каб дрэва вырасла тоўстае, яму яшчэ малому адсякалі вяршаліну. I такое тоўстае, камляватае дрэва звалі «крамлёным». Яго «крамлілі» жалезнай сякераю, але ж нейкія тры тысячагоддзі назад «крамлілі» крэменем. Можа, адсюль i «крэмль» — умацаванне з крамлёнага дрэва? Такія ж карані можна знайсці не толькі ў мове, але i ў звычаях, фальклоры, народым прыкладным мастацтве. На раннебронзавых гаршках з таго ж Палесся маюцца арнаменты, дакладна як на блузках сённяшніх паляшучак.