Закаласіўся, а потым i запалавеў ячмень на невысокім грудку, што падступаў да вёскі, i жанчыны пачалі рыхтавацца да жніва. Чакала праца i мужчын — знесці снапкі ў паселішча, перацерці каласы, каб дастаць з ix зерне. Потым зерне трэба будзе перавеяць на свежым ветры, каб ачысціць ад мякіны, ссыпаць у вялікія, як цабэркі, гаршкі. I нарэшце, упарадкаваць салому.
Але зараз нейкі тыдзень, a калі задажджыцца, то i дзесятак дзён будуць вольныя. Таму мужчыны намерыліся ісці на вялікае паляванне, каб назапасіць мяса на мазольную працу — на жніво i малацьбу.
Вечарам, калі елі забеленае малаком варанае шчаўе, бацька папярэдзіў Жыўка:
— Заўтра з раніцы нікуды не адлучайся — будзем рабіць стрэлы.
Папраўдзе, Жывок збіраўся з сябрамі лавіць на затоцы рыбу, але i майстраваць стрэлы не менш цікава. Да таго ж, калі сказаў бацька, адмаўляцца не выпадала, таму хлопец згодна кіўнуў галавой.
Раніца была як на пачатак жніўня — цёплая i пагодлівая. Сонца прыўзнялося над лесам, i доўгія цені дрэў леглі на возера.
Бацька з сынам пайшлі пад сцяну хаціны, дзе ў зацішку ляжалі патрэсканы ліпавы кругляк, некалькі плоскіх камянёў. Бацька дастаў са схованкі назапашаныя крамянёвыя жаўлакі i ўзяўся рабіць пласцінкі i адшчэпы — нарыхтоўкі для наканечнікаў.
— Паспрабуй i ты,— прапанаваў ён сыну.
Але ў Жыўка спачатку не пайшло. З-пад аджымніка адляталі то зусім дробныя, не да патрэбы, адшчэпікі, то расколіна закручвалася, i на пясок падалі нязграбныя дзюбастыя пласціны. З ночы яшчэ была няўпэўненая рука, а можа, i быў няўважлівы, бо ўсё зіркаў на затоку, дзе плёхала, разганяючы кругі па вадзе, рыба, у якой было самае ранішняе жыраванне.
— Не, ты мне так увесь крэмень папсуеш,— адабраў бацька аджымнік.
Бацька левай рукой прыціснуў жаўлак да кругляка, правай прыставіў да яго вастрак казулінага рога, упёр плячо ў рог i націснуў. Ад сіняватага крэменю адскочыў трохкутны адшчэп. Затым ён прымерыўся з другога боку — атрымалася доўгая пласцінка. Бацька працаваў не спяшаючыся, акуратна. I пад яго рукамі акруглы жаўлак са збітай вяршыняй паступова ператвараўся ў тонкі стажкаваты кавалак з гладкімі, быццам паліраванымі, гранямі.
Жывок збіраў пласцінкі i адшчэпы i складаў ix на кавалак бяросты.
— Адшчапі, тата, доўгую пласціну, i каб яна была выгнутая,— папрасіў ён.
— Навошта табе? Згубіў, можа, нож?
— Не. Але каб была, як серп.
Бацька выбраў большы жаўлак, скалоў з яго боку бялявую крэйдавую скарынку i пасля некалькіх спроб адшчапаў патрэбную пласціну. Жывок паклаў яе асобна.
— Хопіць паку ль што,— сказаў, разгінаючыся над кругляком, бацька i адклаў рог-аджымнік убок.
Крыху адпачыўшы, бацька з сынам узяліся за выраб саміх наканечнікаў. Яны шчыльна мацавалі ў трэшчынах кругляка пласцінкі i каменьчыкамі-рэтушорамі адколвалі ад краёў нарыхтовак маленькія лусачкі — рэтушавалі ix. Апрацаваўшы так адну бакавіну, браліся за супрацьлеглую. Потым абрабілі верхнія канцы, стараючыся, каб яны атрымаліся спічаста завостранымі. Знізу рабілі чаранкі-насады.
Паступова меншала гурбачка нарыхтовак, i наадварот — даўжэў на бяросце радок гатовых ліставатых наканечнікаў. Жывок таксама прынаравіўся да рэтушавання, i ў яго пачало атрымоўвацца мала горш, чым у бацькі. Да таго ж такой справай ён ужо займаўся не раз.
— Колькі ix там? — нарэшце запытаўся бацька.
Жывок узяўся пералічваць.
— Два дзесяткі i шэсць.
— Дык i хопіць,— падсумаваў бацька.— Дзесяткі тры ёсць яшчэ старых. А з гэтымі разам будзе на некалькі паляванняў. Каб кожная страла трапіла ў цэль, то, ого, колькі б займелі дзічыны! А зараз зробім колькі i баявых наканечнікаў. Могуць спатрэбіцца, бо прыбалотнікі пачынаюць заходзіць i ў нашу пушчу. Каб не пасунуліся яны i далей.
Жывок ведаў, што для баявых наканечнікаў падыходзяць трохкутныя адшчэпы. Доўгай i тонкай рэтушшу, якая робіцца адмысловым націскам рэтушора, трэба апрацаваць бакавіны, каб атрымаліся вострыя пільчастыя краі. Затым неабходна было ў падставе зрабіць глыбокую выемку, тады наканечнік набудзе трохкутна-шыпастую форму, як ліст павою.
Ліставатыя наканечнікі ўжываліся на паляванні. З забітай жывёліны такая страла лёгка выцягвалася, i яе можна было ўжыць зноў. Форма ж баявога наканечніка — калючая, куслівая. Вострыя шыпы ледзь не самі ўпіваюцца. Ранены выцягне з цела дрэўка, а наканечнік зачэпіцца шыпамі за мышцы i астанецца, вярэдзячы рану ўсё жыццё. I будзе мучыцца нябога — не павярнуцца рэзка, не пабегчы. Так мучаецца цяпер Жыўкоў дзядзька. Ды i ў бацькі на сцягне глыбокая рана, аброслая дзікім мясам — даставалі такі шыпасты наканечнік...
— Можаш ісці пагуляць,— праз нейкі час дазволіў бацька,— я тут i сам закончу.
— Я яшчэ паспрабую зрабіць серп,— i Жывок узяўся за вялікую пласціну.
Ён накрыў сваё калена кавалкам калянай скуры i рубам прыціснуў да яе пласціну. Затым лёгкімі ўдарамі каменнага яйкападобнага адбойніка пачаў сколваць з доўгіх бакавін невялікія адшчэпы. Стараўся, каб падчэска атрымоўвалася з абодвух плашчынь. Затым пачаў прытупляць краі рукаяткі.
Бацька краем вока часам пазіраў на сынавыя практыкаванні і, нарэшце, не вытрымаў, папытаўся:
— I каму ты так стараешся — маці, ці каторай сястры?
Жывок змоўчаў i толькі ніжэй нагнуў галаву. Бацька пра нешта быццам здагадаўся i цішком заўсміхаўся ў густую бараду.
— Дай зірнуць, што ў цябе атрымоўваецца... Нішто выходзіць, нішто. Толькі вось тут круглей трэба,— i сваім адбойнікам тамсям падправіў выгін ляза.
I так пайшло — сын шчыраваў над сярпом, а бацька час ад часу падпраўляў няўдалыя або недаведзеныя мясціны. Затым краі вырабу паверх сколаў апрацавалі буйной зубчастай рэтушшу, i серп атрымаўся на захапленне. Ляжаў на жыўковай далоні доўгі i выгнуты, як месячны маладзічок.
Пакуль сын любаваўся вырабкай, бацька схадзіў у хаціну i прынёс мяккі скураны пасак. Абкруціў ім акуратна рукаятку, каб крэмень не рэзаў руку, завязаў сухажылінай.
— Ну вось, ты ўжо i сярпы ўмееш рабіць,— пахваліў бацька, як скончылі працу.
— Я адзін i не змог бы так.
— Ну, не кажы. Я, лічы, толькі пару разоў дакрануўся,— жмурыў вочы бацька.— А наступны ты i зусім сам змайструеш.
Пад вечар, калі сонца ўжо перайшло на заходні небакрай, Жывок быў у чоўне. Адплыўшы за трыснёг, ён закінуў вуду i агледзеўся. На азёрнай затоцы-луцэ ён быў не адзін. Там-сям цямнелі іншыя чоўны — наступаў час вечаровай лоўлі рыбы. Але Жыўку не рупіла зараз рыба. Ен не пільнаваў паплаўка, a ўсё ўзіраўся ў супрацьлеглы бераг, дзе пад бухматымі вербамі тулілася вёска суседняга роду. Выцягнуўшы пару акунькоў, хлопец паволі павеславаў уздоўж берага, робячы выгляд, што выбірае рыбнейшую мясціну, а сам прыбліжаўся да тых вербаў. Непадалёку ад ix, пераплыўшы густы чарот, падагнаў човен да берага i прыхаваў яго ў трыснягу. Сам жа, падкасаўшы штаны, выбраўся на сухое i затаіўся ў лазняку.
Недалёка ад яго схову на прыбярэжных камянях жанчыны i дзяўчаты мылі вопратку, намочваючы яе ў вадзе i шчыра выбіваючы плоскімі палкамі,— толькі ляцелі ў бакі пырскі ды часты стук плескачоў рассыпаўся рэхам па вадзе.
Нарэшце жанчыны скончылі выбіванне, выкруцілі вопратку, сабралі яе i панеслі ў вёску. Крыху адстаўшы ад ix, ішла дзяўчына-падлетак са светлымі косамі, закінутымі за спіну. Калі дзяўчына параўнялася з лазняком, Жывок выйшаў на чысцяк i паклікаў:
— Калінка, пачакай!
Дзяўчына спуджана ўскінула бровы i спынілася. Але адразу ж * пазнала, што гэта быў Жывок, які часта прыплываў праз луку ў іхнюю вёску, дзе была замужам ягоная старэйшая сястра.
Жывок, хвалюючыся, наблізіўся да дзяўчыны i нясмела працягнуў крамянёвы серп.
— Вазьмі. Сам рабіў...
— Ой, які харошы,— сказала дзяўчына i прыціснула серп да грудзей. А потым засаромлена пачырванела i пабегла ў вёску.
А жанчыны, што падгледзелі ўсё гэта, казалі між сабою: «Вось i вырасла з Калінкі нявестка ў Залукоўе. Глядзіш — налета i сваты адтуль прыплывуць».
* * *
— Карацей кажучы,— зрабіў выснову Іван Пятровіч,— Жыўку ў любым выпадку трэба было шукаць будучую жонку ў нейкім суседнім паселішчы, бо ў сваім былі ўсе паміж сабою родзічы.
— I нават не проста ў суседнім, a ў тым, дзе жылі людзі іншага роду. Бо калі род быў вялікі, ён дзяліўся на некалькі патрыярхальных сямей, кожная з якіх пасялялася ў сваей вёсцы. Іншыя роды таксама мелі вёскі. Трупа радоў утварала племя. Пры нейкіх канфліктных сітуацыях з суседзямі плямёны аб'ядноўваліся ў саюзы.
Асноўная ўлада ў родзе i племені належала ўсяму даросламу насельніцтву. Яно i вырашала важнейшыя справы. Кіраваннем займаліся выбарныя роды старэйшын або асобныя старэйшыны. У час вайны выбіраліся i правадыры.
— Так. А што гэтым сярпом мелася жаць Калінка?
— Ды шмат што — пшаніцу, ячмень, проса, гарох. У бронзавым веку таксама ўжо вырошчвалі лён, каноплі, мак, рэпу, цыбулю, часнок. Мусіць, зараджалася i садоўніцтва — пры раскопках на стаянках сустракаюцца костачкі сліў, вішань. Ды i статак свойскай жывёлы быў, амаль як сёння.