ХТО УКРАЎ СЕТКУ?


З самай раніцы, як толькі бледнаваты яшчэ круг сонца прыўзняўся над заазерным лесам, бацька з сынам селі ў човен i паплылі паглядзець настаўленую з вечара сетку-трыгубіцу. Малы Рэмза любіў такія хвіліны — калі падплываеш да таго месца, дзе пастаўлена снасць, i ўжо здалёк бачыш, як уздрыгваюць, разганяючы кругі дробных хваль, берасцяныя паплаўкі. Значыць, трапіла ў лубяныя ячэі здабыча. A калі паплаўкі ходзяць хадуном i плёскат стаіць над трыснягом, лічы, што трапілася буйная рыбіна — хітры шчупак ці вусаты чорны сом.

Спудзіўшы чараду качак, рыбакi выплылі з трыснягу i моцна здзівіліся — сеткі не было. Толькі плаваў воддаль кол.

— I куды яна падзелася? — разгублена паўтараў бацька.

I праўда, дзе знікла трыгубіца? З іхняй вёскі ўкрасці ніхто не мог, бо тут былі ўсе свае, суродзічы, а забраць у свайго лічылася смяротным грахом. Значыць, чужак? Але ж на гэтым возеры больш вёсак не было. А чужаку, калі ён сюды i трапіў, трэба мець човен, каб прыплысці да сеткі.

Бацька пачаў кружыць каля трыснягу i час ад часу грэбаў вяслом па дне. Спадзяваўся, што, можа, якая вялікая рыбіна сарвала з калоў снасць i тая дзе пад вадой зачапілася за корч. Пакуль так боўталіся ў вадзе, сонца добра павышэла i пачало прыграваць. I тут на беразе ўсчаўся нейкі крык. Устрывожаныя рыбакі павярнулі да вёскі i наляглі на вёслы.

А неспакой узнік у Баравіне з-за мядзведзя. Там у дуплах старых хваін ужо здаўна пладзіліся пчолы, i людзі чакалі канца лета, каб выбраць соты. Рабілі яны гэта ўжо шмат гадоў i бераглі гэты прыродны пчольнік. I нават выдзяўбалі ў дрэвах новыя дуплы, каб пчолы множыліся i раіліся. Мядзведзі ж былі ласыя на мёд не меней, чым людзі. Вось i зараз яны там спрабуюць увабрацца ў салодкую спажыву.

Калі прыплылі да берага, бацька таксама схапіў дзіду i з іншымі мужчынамі пабег у пушчу. Сын жа рашыў яшчэ пашукаць прапажу. Але зараз аднаму на возеры было ніякавата. Нават i страшна, бо можа i праўда дзе ў прыбярэжных хмызах затаіліся чужакі. Не мядзведзі ж выцягнулі з возера сетку. Таму хлопец паклікаў на дапамогу свайго стрыечнага брата Сыраежку.

Браты ўладкаваліся ў чоўне i пачалі заграбаць каля бартоў вёсламі, стараючыся, каб даўбёнка ішла роўна, не збівалася ўлукаткі. Веславалі не спяшаючыся. Пільна аглядалі азёрную роўнядзь, зазіралі ўглыбіню, абшуквалі вокам каля кожнага прыбярэжнага куста, спадзеючыся прыкмеціць прапажу.

Адплыўшыся так, што хаціны іхняй вёскі сталі выглядаць маленькімі, як купіны на балоце, хлопцы прыпыніліся i сталі радзіцца, што рабіць далей. Бліжэйшы бераг быў агледжаны.

— Паплывём вунь туды,— паказаў уперад Сыраежка.

— Тата сказаў пад паўночны бераг не плаваць,— нерашуча запярэчыў Рэмза.

— Ну дык хоць агледзім той мысок,— прапанаваў Сыраежка. Ен не чуў гэтай забароны, таму быў смялейшы.

Павагаўшыся (мысок быў усё ж далекавата ад іхняй вёскі), Рэмза згадзіўся, i яны павеславалі далей. I аказалася, што правільна i зрабілі, бо не паспелі даплысці да таго мыска, як Рэмза ўхапіўся за братаву руку:

— Зірні, вунь пад берагам быццам паплаўкі!

Падгрэблі бліжэй. I сапраўды, хутка перад кустом, што рос на краі абрывістага берага, добра разгледзелі пару паплаўкоў. А пад імі ў мутнаватай прыбярэжнай вадзе праступілі абрысы вяроўкі i самой сеткі.

— Во дзе наша прапажа! — узрадаваўся Рэмза i ўхапіўся за вяроўку. Узяўся дапамагаць яму i Сыраежка. Спачатку трыгубіца выбіралася легка. Але потым пайшла цяжэй. Абмацаўшы i агледзеўшы сетку, хлопцы зразумелі, што яе нешта трымае пад самым берагам. Там пад вадой цямнела невялікая нара. У ёй i знікаў другі канец снасці.

Напяліся мацней, i сетка паддалася, але потым тузанулася i затрапятала ў руках.

— Сом! Сом! — закрычалі браты i яшчэ шчырэй наляглі на снасць. Ажно ўпацелі, пакуль вызвалі яе з нары, i тады нешта вялікае i чорнае матлянулася ўбок. Човен моцна хіснуўся, i хлопцы ледзьве не выкінуліся ў ваду.

— Бі вяслом па ім! — закрычаў Сыраежка.

Рэмза размахнуўся, але ў гэты момант даўбёнка зноў хіснулася i ён, страціўшы раўнавагу, улупіў вяслом па себруку. Той узмахнуў рукамі i боўтнуў у ваду.

— Мазіла!— выплёўваючы ваду, вынырнуў Сыраежка.— А каб я табе так!

— A ці я хацеў? — апраўдваўся Рэмза, дапамагаючы яму ўлезці ў човен.

Пакуль хлопцы спрачаліся, тое чорнае яшчэ тузанулася ў сетцы, мільганула хвастом i знікла ў глыбіні. Браты толькі паспелі яшчэ прыкмеціць вусатую морду i кароткія вушы. Гэта быў не сом. У трыгубіцу, ганяючыся за рыбай, трапіла была, мусіць, выдра.

— Вось табе i сом,— моршчыўся Сыраежка, мацаючы на лбу свежы гуз.

Прыплылі з парванай сеткай у вёску хлопцы. Вярнуліся мужчыны з Баравіны. Мядзведзя яны не ўпалявалі, але пастрашылі добра. Хай ведае, касалапы, як лазіць у чужы мёд.

Рэмза i Сыраежка пражылі доўгі век. Колькі рыбы нацягалі за гэты час з возера! Лавілі сеткамі i мярэжамі, а часам i на вуду, начапіўшы на касцяны гачык чарвяка ці жыўца. Лавілі рукамі каля карчоў, сакамі ў прыбярэжнай асацэ, заганялі ў нераты, глушылі даўбешкамі па першым лёдзе. Білі гарпунамі з чоўна ноччу, асвятляючы сонную рыбу лучынай. Калолі яе восцямі вясновым нерастам. Але як лавілі таго «сома» ў трыгубіцы, не забываліся праз усё жыццё.


* * *

— Мінулы раз пытаўся, чаму так называюцца археалагічныя культуры, а вось зараз падумаў: а як з імёнамі? Ты ix у сне ўспамінаеш?

— У снах маіх пераважна толькі відовішчы. Асобныя воклічы, гукі чую, але каб запомнілася якое імя, бывае рэдка.

— А шкада. В яд омы выпад ак, калі ад на жанчына ў такім, як у цябе, стане начала размаўляць на незразумелай мове. Не паспелі запісаць — было гэта даўно i ў глухой мясціне,— але мяркуюць, што ёй, магчыма, успомнілася нейкая старажытная мова. Уяўляеш, каб ты склаў слоўнік мовы жыхароў Беларусі бронзавага веку?!

— Уяўляю,— усміхнуўся я.

— Дык, выходзіць, імёны ты выдумляеш?

— Выдумляю, — прызнаўся я.— Але не абы-як, а ведаючы, што першабытныя людзі імёны заўсёды i ўсюды давалі пa нейкіх індывідуальных асаблівасцях, па часе нараджэння, па назвах жывёл i птушак. Зыходзіў i з таго, што ў тыя часы на тэрыторыі Беларусі жылі продкі пазнейшых славян i балтаў i размаўлялі на індаеўрапейскіх дыялектах. Таму для імёнаў стараўся падбіраць карані агульна індаеўрапейскіх ці хоць бы старажытнаславянскіх слоў. Вось таму ў мяне i з'явіліся ўсе гэтыя Крэмы, Жданы, Вячоркі, Веташкі, Туры.


Загрузка...