Эпілог
1.
Дужы “Студэбекер” без нумароў і апазнавальных знакаў паволі сунуўся па шашы. Лабановіч засяроджана глядзеў перад сабой; жарты і кпіны скончыліся. За спіною засталася Гародня, занятая Саветамі, кінутыя дзялкі і мілыя сэрцу краявіды. Ані ён, ані хросны Хросны, што сядзеў побач, не ведалі, дзе і калі скончыцца цяперашняе падарожжа. Не ведалі таго ані цётка Эмілія, ані Ісабэль з хлопцамі, якія сцішыліся ў тэнтаваным кодабе. І Саветы, і немцы падаваліся беларускім буржуазным нацыяналістам аднолькавым ліхам.
На вузкай шашы панаваў хаос. Вазкі, фурманкі, брычкі і легкавікі прадзіраліся з захаду на ўсход і з усходу на захад. Адныя лічылі, што знойдуць паратунак у цывілізаваных нацыстых, а другія -- у справядлівых камуністых. Конскае іржанне, прарэзлівыя аўтамабільныя клаксоны, трывожныя крыкі, жаночыя енкі і дзіцячы плач ляцелі ў халоднае вераснёўскае неба.
-- Дзядзька Хросны, а што ты з Дэкларацыяй аб суверэнітэце Беларусі зрабіў? -- Лабановіч спыніў машыну на ростанях, бо паперадзе сашчапіліся коламі дзве фурманкі.
-- Ды ў агонь кінуў.
-- У які агонь?
-- Пакуль вы транты збіралі, мы з маці фабрыку і падпалілі… Каб ворагам не дасталася, -- адчужана прамовіў Хросны. -- Свабоду не падораць. За волю і долю трэба самім змагацца.
Янка адчыніў дзвёрку і прыўзняўся над кабінай. Далей па шашы было не праехаць, не прасунуцца.
-- Лесам давай! -- распарадзіўся Хросны.
-- Куды выедзем?
-- Ды куды заўгодна! Абы падалей ад прыхадняў!
Пад магутнымі коламі “Студэбекера” храбуснула сухое галлё, вецце зашаргацела па лабавым шкле.
-- А ці тэлефанаваў дзядзька Сэм? -- з надзеяй спытаў былы настаўнік.
-- Ну, тэлефанаваў, -- неахвотна азваўся Хросны.
-- І што ён? Атрымаў?
-- Копіі мікрафільмаў з сакрэтнымі пратаколамі Молатава-Рыбентропа ён праз нашых хлопцаў перадаў у Кангрэс ЗША. Сустракаўся з самім дзядзькам Франакам.
-- Гэта каторы Рузвельт-малодшы?
-- Ну не з Багушэвічам жа! Франак, як мае быць, падзякваў і ўрачыста паабяцаў, што не забудзецца на шматпакутны беларускі народ у яго святой барацьбе з чырвонай і карычневай наваламі. Але ж, баюся, што і яму веры даваць нельга. Беларусы для ўсіх гэтых дзядзькаў -- дробны козыр у вялікай геапалітычнай гульні. Трэба сваю гульню распачынаць. Тады і выйграць можна.
“Студэбекер” драпежна праламіў сухі ельнік і нетаропка выкаціў на вялікую, залітую сонцам паляну.
На паваленым памежным слупе нахабна раскірэчыліся двое прыхадняў: адзін у форме Гестапа, другі -- НКВД. Яны кранальна абдымаліся, жлукцілі шнапс з водкай і гарлалі на два галасы “Meine liеber Gretchen” і “У самовара я и моя Маша”.
Хросны з дакорам паглядзеў на кіроўцу:
-- Не ведаеш, што рабіць?
Лабановіч таргануў рычаг скрыні бегаў і прыціснуў педаль акселератара. “Студэбекер” шкрабануў сухую траву і паімчаў. Прыхадні нават падхапіцца не паспелі, як зніклі пад магутным бамперам. Пад коламі суха храбуснулі косткі.
-- Далей… -- без асаблівай радасці прамовіў Хросны.
І тут па абодва бакі паляны разляцеліся густыя маскіровачныя хмызы. Злева выехаў танк з пяціканцовай чырвонай зоркай, справа -- з тэўтонскім крыжам. Танкавыя вежы сінхронна павярнуліся, рулі гармат скіраваліся на “Студэбекер”.
Чакаць не выпадала. Дзёран шалёна паляцеў з-пад колаў грузавіка.
Лабановіч ліхаманкава круціў руль, і калі машына нарэшце вылецела на прасеку, здолеў зірнуць у люстэрка.
Пераследнікі не адставалі.
З кодабу ўжо лупіў станковы кулямёт, слынная адраджэнка Эмілія, як заўсёды, не збіралася здавацца без бою. Ісабэль Карвальес ашчаднымі чэргамі садзіла з амерыканскага Томпсана па трыплексах. Ляскалі пісталетныя і рэвальверныя стрэлы хлопцаў. Але ж лёгкая стралковая зброя не магла пашкодзіць браніраваным прыхадням.
Гахнула гармата савецкага танка -- тэнтаваны кодаб загарэўся. Доўгая кулямётная чарга з нямецкага танка разнесла ў трэскі борт грузавіка.
“Студэбекер” дажываў апошнія хвіліны. Грукацела разбітая падвеска, захлынаўся рухавік, лапаталі прастрэленыя колы. Лабановіч гнаў машыну на злом галавы і ўжо нават не азіраўся. А пагрозлівы ляск танкавых тракаў гучаў усё бліжэй і бліжэй.
І тут у перспектыве прасекі заззяла зманлівая срэбная паска.
-- Рака! -- узрадваўся Хросны. -- Гані да яе!
Падранены грузавік вылецеў на высокі бераг. Янка сабраўся ўжо скіраваць машыну ў круты віраж, як жалезныя пальцы Хроснага мёртва ўчарэпіліся ў руль.
-- Толькі наперад. Газуй, -- страшным шэптам загадаў ён.
Ахоплены полымем грузавік сарваўся з адхону і цяжка абрынуўся на сярэдзіну ракі. Савецкі і нямецкі танкі сінхронна спыніліся на самым краі стромы. Пырскі вадаспадам накрылі іх.
2.
Сумесны савецка-нямецкі парад у Гародні праходзіў бліскуча. Бранетэхніка прыхадняў смуродзіла, грукацела і нявечыла старасвецкі брук. Па плошчы перад Фарай Вітаўта праплывалі даўжэзныя гаўбіцы з пяціканцовымі зоркамі і тэўтонскімі крыжамі. Каробкі чырвонаармейцаў і салдатаў Вермахта папераменна гарлалі:
-- Слава великому Сталину!
-- Cheil Hitler!
Гідкі рабы вусач і псіхапат з нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі прыбылі ў горад інкогніта. Мілітарнае імперскае свята, зладжанае ў іх гонар, правадыры сузіралі з верхняй пляцоўкі званіцы найстарэйшага гарадзенскага касцёла.
-- Кстаты, таварыш Адзік, -- рабы незадаволена пыхнуў люлькай, -- а што с этымі празрэннымі буржуазнымі нацыаналыстамі, каторых мы так удачна абманулы?
Псіхапат няпэўна знізаў плячыма:
-- Ніхт гэфундэн!
-- Маі люды іх тожа нэ нашлы, -- рабы задуменна ўздыхнуў, -- ны жывых, ны мёртвых. Баюса, беларускіе нацыоналысты ешчо пап’ют нашай крові!
-- Шайзэ, геносэ Юзік! -- псіхапат беснавата пырснуў слінай.
-- Я, таварыш Адзік, сказаў бы па-нашаму, па-пралетарскі. Срака!
15 траўня -- 2 жніўня 2005 года.
Менск, Чарнігаў, Лысая Гара.