Пралог
1.
Дупа яе была вабная. Янка Лабановіч зірнуў на яе і зразумеў: гэта лёс.
Бездакорныя клубы дрыготка адгукаліся на кожны рух. Тонкая вертыкальная лінія нябачным люстэркам падзяляла клубы на сіметрычныя паловы-адбіткі. Ядвабная чорная радзімка, што амаль схавалася між імі, замілоўвала позірк і п’яніла розум.
Але самым цудоўным быў колер клубоў -- шляхетна-шакаладны, рыхтык, ранішняя кава ў філіжанцы пана пробашча.
Маладзён ніколі раней не сузіраў падобнай прыгажосці. Колькі хвілін ён паміраў у шчасці, а калі пераканаўся, што перад ім не мроя, вымавіў зачаравана і ўрачыста:
-- Дупа...
-- Як бульба, што ў нас у Яблонаўшчыне пражаць, -- пачулася згоднае каля самага вуха.
І тут да назіральніка дайшло: на жаль, не толькі ён цешыў вока цудам нетутэйшай прыроды. Яшчэ трое маладзёнаў уважліва ўглядаліся ў бездакорныя формы.
Сябры, як заўжды, былі поруч. Але ж гэтым разам -- абсалютна недарэчна.
Аянька Кільмандовіч забыўся на ўлюбёную шаблю, што пагойдвалася на залачонай падвязцы і аберуч учапіўся ў конскую грыву. Янкель Фінберг апусціў скрыпачку і задумліва пачухаў смыком за вухам. А Ванька Брыль нават не заўважыў, як пераламіўся цвік у яго дужых пальцах.
-- Як той пробашч казаў, Фата-Маргана, -- размілавана прамовіў Янка і змоўк.
Рыпнулі дзверы. У пакой шпарка ўвайшла мнішка-кармелітка і недарэчнай заслонай паўстала паміж цікаўнымі маладзёнамі і шакаладнай дупай:
-- Панна магла б і сама надзець майткі, ужо дарослая.
Бялюткія, як калядны снег, майткі слізганулі па шчыгрынавых сцёгнах маленькай мулаткі. Сукенка схавала гладкія калені. Кармелітка падхапіла эмаліраваны гаршчок з надпісам “Szkoła Podstawowa”.
-- Пакуль мяне не будзе, паўтарыце вершык, -- з гэтымі словамі яна падалася на калідор.
-- Chto ty jesteś? -- паслухмяна запытаўся Лабановіч.
-- Polak mały! -- імгненна адказала цемнаскурая панначка.
-- Jaki znak twój? -- зацікавіўся Кільмандовіч і памкнуўся зазірнуць пад кароткую сукенку.
-- Orzeł Biały! -- шляхотна патлумачыла мулатка.
Янка нясмела наблізіўся да яе:
-- Чаму ты такая счарнелая? Цябе сёстры-кармеліткі з пекла выцягнулі?
-- А ў нас на Місісіпі такім колерам нікога не здзівіш, -- годна азвалася дзяўчынка.
Недаверлівы Брыль адсунуў Лабановіча, паслініў палец і церануў па плячы мулаткі.
-- Пэўне, не мурзатая! -- уразіўся ён.
-- А давай сябраваць! -- па-кавалерску прапанаваў Аянька Кільмандовіч і выцягнуў з похваў цацачную шабельку, -- яна заўсёды да тваіх паслугаў. Цябе як завуць?
-- Ісабэль, -- мулатка зрабіла кніксен.
-- А чаму не па-тутэйшаму? -- прымружыўся Янкель Фінберг.
-- Ісабэль па-іспанску -- “цудоўная”, -- пасміхнулася амерыканка, -- мой родны кут Луізіяна.
-- А ў нас што робіш? -- здзівіўся Іван Брыль.
-- У Злучаных Штатах пануюць парнаграфія, гангстэрызм, імперыялізм, расізм і бездухоўнасць -- з інтанацыямі вучонага шпака патлумачыла мулатка.
-- Што, ад пагромаў уцякла? -- шчыра паспачуваў Янкель.
-- Так, -- пацвердзіла Ісабэль, -- нашыя пагромнікі называюцца Ку-Клукс-Клан. Яны простаму люду жыцця не даюць. Усе лепшыя землі сабе пабралі.
-- Як прышлыя асаднікі? -- з разуменнем удакладніў Янка Лабановіч.
-- Амаль. Тамтэйшыя ку-клукс-кланаўцы -- моцныя белыя людзі, якія вядуць рэй на ўсёй Луізіяншчыне. Гэта заможныя і нахабныя мудзілы. З раніцы яны п’юць шампан і паляць кубінскія цыгары, а ўвечары жлукцяць ром і палююць на цемнаскурых людзей. Вось мы і ўцяклі да Варшавы, каб не працаваць на іх бавоўнавых плантацыях. Бацькі сканалі, а мяне забралі сёстры-кармеліткі.
-- Непарадак! Ну што, хлопцы, паедзем у Луізіяншчыну? -- Янка Лабановіч імгненна прасякнуўся ідэямі сацыяльнай справядлівасці. -- Пашнуруем Ку-Клукс-Клан, забярэм зямлю і зажывем, як заможныя белыя людзі...
-- ... мудзілаў-лайдакоў з Ку-Клукс-Клана прымусім працаваць на бульбяных плантацыях, а самі будзем піць сельтэрскую пад сала, паліць цыгары пад мальвазію... -- імпэтна падхапіў Ванька Брыль.
-- …танчыць пад джаз “Лявоніху” з галівудскімі дзеўкамі... -- Янкель Фінберг матлянуў скрыпкай.
-- ...і скакаць на тэхаскіх мустангах, -- Аянька Кільмандовіч выцяў па дупе драўлянага коніка.
-- Грамада пэўна жартуе? -- расчулілася Ісабэль і спыніла позірк на дыктавай шабельцы Аянькі.
-- То не жарты! Галоўнае, каб усё было па справядлівасці! -- вызначыў жыццёвую праграму Лабановіч.
-- А па справядлівасці -- гэта як? -- дзяўчынка даверліва кранула Янкаву руку.
-- На чацьвярох! -- Лабановіч азірнуўся на сяброў.
-- Толькі чаму на чацьвярох? -- не пагадзіўся маленькі ліцвінскі татарын Аянька, -- справядліва -- на пяцёх. Бо ў Ісабэль такая прыгожая шакаладная дупа. Ты нам яшчэ раз яе пакажаш?
-- Магу і не толькі яе... -- прыўкрасная мулатка сарамліва прыкрыла павекі, -- толькі няхай гэта застанецца нашай маленькай таямніцай.
Ружовыя далонькі гулліва зрушылі прыпол. Хлопцы паселі на кукішкі, каб выгодней было назіраць...
І тут на калідоры грымнула, нібы пярун у нябёсах ляснуў. Дзеці імкліва выскачылі з пакоя. Пад шклянымі, да паловы зафарбаванымі дзвярыма першага класа кармеліцкай Школы Падставовай курчыўся на зламаным зэдліку бела-русы старэйшы хлопец. Гэта быў Пярдолэк -- спрактыкаваны нягоднік, якога жахаліся не толькі дзеткі і мнішкі, але й нават сам пан пробашч. Пярдолэк падбухторваў дзетак-беларусаў маляваць на касцёльнай агароджы чэлясы, дзіравіў майткі сёстраў-кармелітак, што сушыліся на гаспадарчым двары, і нават хлусіў аднагодкам, што ўжо займаецца ананізмам. Напэўна, вычварэнец-пачатковец прыўзняўся на дыбачкі, страціў пільнасць і ляснуўся з верхатуры.
Лабановіч схапіў ножку ад зэдліка і сунуў у пысу нягодніку.
-- Гэта чужая дупа! Яна не табе паказвала!
Вычварэнец заенчыў і сплюнуў малочным зубам. З каламутнага вока выплыла празрыстая сляза. Рот расцягнуўся авалам. З рассечанай губы закропала. На тонкай мурзатай шыі запульсавала пакручастая сіняя жылка.
Аматар чужых таямніцаў размазаў кулаком ружовую сліну з саплямі і спрытным пацучком заскочыў у шафу.
-- Мужыкі-хамы-быдла! -- пачулася з сярэдзіны істэрычнае скавытанне. -- Вось вырасту, пайду ў пшэцкія жандары і ўсім вам адпомшчу!
Як праўдзівы нашчадак яблонаўскіх засцянкоўцаў, Янка Лабановіч ваяўніча ўрэзаў у дзвёрку кулаком.
-- Выходзь, Пярдолэк! Выбірайся, мудзіла! -- гукнуў ён. -- Адразу на горкі яблык дастанеш!
У шафе імгненна сцішылася.
Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, але ў калідоры з’явілася старая мнішка з вільготным эмаліраваным гаршчком.
-- Матка Боска Чэнстахоўска! -- жахнулася яна, гледзячы на крывавыя пісягі. -- Цо то ест?
-- Яны сцягнулі з яе майткі! -- імгненна сігналізаваў з шафы Пярдолэк, -- збіраліся гуляць у паноў гінеколагаў!
-- Пан Езус! -- кармелітка закаціла вочы пад лоб. -- От, падшыванцы, што надумаліся -- паненку распрануць! Вы што робіце?!
А хлопцы тым часам расстаўлялі на падлозе рознакаляровыя аптэкарскія пляшачкі. Мулатка засяроджана разлівала ў іх зафарбаваную бураковым сокам ваду. Янкель каніфоліў смык.
-- Чым займаемся? -- перапытаў Лабановіч і ўзняў на мнішку даверлівыя валошкавыя вочы. -- Ды ў шынок гуляем!
Кармелітка ўздыхнула і паківала галавой.
-- Я абавязкова давяду пра вашыя паводзіны пану пробашчу.
-- Калі ласка, не трэба нікому нічога даводзіць, -- годна папрасіла мулатка.
Рудое кастрычніцкае сонца плавілася ў кляштарным вітражы. Жоўта-барвовыя лісты нячутна зляталі з шатаў старасвецкага сада. Ад бульбяных палеткаў варшаўскага мудзілы-асадніка цягнула горкім дымам спаленага бацвіння. Спаланізаваны ліцвін Тадзік Касцюшка маркотна пасміхаўся дзеткам-беларусам з партрэта ў залачонай раме. На падворку стаяў 1925 год.
-- Сястра Тэкля, не кажыце пану пробашчу, -- Ісабэль шчыра прыклала кулак да сэрца. -- Гэта мая віна, мая віна...
Сястра Тэкля была тоўстай, добразычлівай і спагадлівай цёткай. Яна вырашыла нікому нічога не казаць, бо па-першае, Ісабэль ужо мела рахунак сумлення, а па-другое, асаблівай правіны за мулаткай не было. Цікаўнасць да першасных полавых прыкметаў кармелітка палічыла натуральным памкненнем сіротаў, якія паспелі пазабыцца на бацькоўскія ласку і суворасць. У гэтую кармеліцкую Школу Падставову траплялі толькі тыя дзеткі, у каго не засталося бацькоў.
-- Маладыя гады, маладыя жаданні… -- спагадліва пасміхнулася мнішка, -- няма на вас, небаракі, бацькі... Хаця б хроснага.
2.
Празрыстая алкагольная кропля павольна выкацілася з навюткага меднага змеевіка і завісла над донцам, нібы вагалася: сарвацца адразу ці падгадавацца яшчэ. Але яе ўжо падганялі сотні сёстраў-блізнятак. Імгненне -- і струмок бураковага первака зацурчэў у ёмістую металёвую бочку.
-- З пачынам, хлопцы, -- пасміхнуўся хударлявы дзядзька ў акулярах, падобны да вясковага настаўніка. Ён адрэгуляваў венціль, і стрэлка манометра знерухомела, -- ну што, Хросны, каўтнеш?
-- Не для сябе робім, на продаж. Янкі і пакаштуюць, -- разважліва азваўся з гулкай паўцемры хрыплаваты барытон.
Пад конус электрычнага святла да гіганцкага самагоннага апарата выйшаў немалады ўжо мужчына са слядамі шматлікіх ліхтугаў на абліччы. Шнары і маршчыны на ягоным твары складаліся ў малюнак, які сведчыў пра вялікі розум і нялёгкі жыццёвы досвед.
Абрысы вялізнага індустрыяльнага памяшкання размываліся вільготнай цемрай. Словы, крокі і цурчэнне струменьчыкаў адгукаліся сцішаным рэхам. Дзесяткі драбнейшых самагонных апаратаў булькацелі, вывяргаючы паўпразрыстую пару. У паветры лунаў чароўны водар первака. Незлічоныя пляшкі каля сценаў міжволі вабілі вока таямнічым бляскам.
Той, каго хударлявы дзядзька ў акулярах назваў Хросным, сеў за пашарпаны палісандравы стол пад вакном, запаліў лямпу і адчыніў фортачку. Скразняк зашаргацеў лісткамі насценнага календара з выявай Маці Божай Вастрабрамскай.
Калі тэхналагічны працэс на гіганцкім апараце быў канчаткова адладжаны і заставалася адно чакаць, калі наспее час змяніць бочку, да Хроснага пацягнуліся хаўруснікі. Беларускія мужчыны паселі на доўгую лаву і годна памаўчалі, адно шморгалі насамі. Хударлявы ў акулярах няспешна выцягнуў з вялікай капэрты колькі беларускіх газетаў.
-- “Звязда”, -- голасна прачытаў ён.
З канца лавы нехта перадражніў:
-- Ага! Мы сядзелі з табой каля яру, і шукалі ў небе “Звязду”... Не прышый рукаў! -- і дурнавата рагатнуў.
Хросны сувора зыркнуў у цемру -- блюзнер імгненна схаваўся за суседаву спіну.
-- Дык што там Саветы пішуць? -- пацікавіўся Хросны.
Зашамацелі старонкі. Хударлявы паправіў акуляры і, з цяжкасцю разбіраючы саўнаркамаўскую кірыліцу, распачаў пранікнёна:
Пасецца калгасны статак
На беразе ціхай ракі,
А там, у Злучаных Штатах,
Рэжуць кароў мяснікі!
Мужчыны памаўчалі -- асэнсавалі.
-- Лухта нейкая, -- вынес прысуд чарнявы фацат у акуратным стройчыку і кашулі-вышыванцы. -- Сапраўды… Прышылі рукаў.
-- А чаго ты ад “Звязды” хацеў? -- крыху баязліва нагадаў пра сябе блюзнер і шморгнуў носам.
-- Пішуць пра камуністых, ворагаў народу з “нацдэмаў”, ворагаў народу з “эн-ка-вэ-ду”... А яшчэ ўсіх тамтэйшых пісьменнікаў у нейкі Саюз зганяюць. І гэтых у калгас спалатняюць. А яшчэ справаздача пра надоі ад казлоў і пух ад свінняў.
-- А што ў Саветаў з самагонам? -- прымружыўся Хросны.
-- Не пішуць, гады, -- дзязька смачна плюнунуў і склаў газету напалам, -- відаць, маскоўскую манапольку жлукцяць. Хаця... -- угледзеўся ў літары, -- нейкі кактэйль Молатава прыдумалі.
-- Піць, чытаць і любіць трэба сваё, -- важка запэўніў Хросны, -- а Саветы ад нас далёка, як і тыя бацькаўскія гоні.
Зашамацела буржуазна-нацыяналістычная віленская газета. Беларуская лацініца давалася дзядзьку-каталіку куды лягчэй:
-- “Як гатуюць кумпяк у нашых Гальшанах. Скуру трэба абсмаліць саломай, абшкрэбсці нажом і на тры дні пакласці кумпяк у лёк пад гнёт”.
Блюзнер гучна каўтнуў сліну.
-- А мой бацька аднойчы суседа па пысе во-ось такім кумпяком перацягнуў! Ці тое свіныя плечы былі, ці...
Грымнуў люк, пад высокай столлю выявіўся квадрат вечаровага неба аздоблены самотным дыяментам Зоркі Венеры. Мужчыны ўскінулі галовы.
Дробны хударлявы падлетак, падобны да маладога вераб’я, порхнуў-скаціўся гулкімі металёвымі сходамі.
-- Дзядзька Хросны, там тры вялікія чорныя кары. Зноў гэтыя сіцылійскія мудзілы з Мічыган-Авеню ў адведкі прысунуліся! -- злякана выдыхнуў ён.
-- Як прысунуліся, так і адсунуцца, -- важка паабяцаў Хросны, -- старыя чыкагскія бойні -- наша дзялка!
З’яўлення гангстэраў з мафіёзнага клана “Сіцылійская вячэра” беларускія бутлегеры чакалі даўно. Як і ўсе паўднёвыя крымінальнікі, італьянцы лічылі ніжэй за сваю годнасць займацца якойсьці вытворчасцю. Падчас Сухога Закону, які дзейнічаў на тэрыторыі Штатаў ужо шосты год, яны ганялі грузавікі з шатландскім віскі з-за канадскай мяжы. Але шалёны і немудрагелісты пярвак тутэйшай чыкагскай вытворчасці моцна перабіваў ім бізнес.
Рэзнікаў-беларусаў, якіх Вялікая Дэпрэсія пазбавіла працы, зарганізаваў у крымінальны хаўрус Хросны. Рукі спрактыкаваных забойцаў яшчэ не адвыклі ад прафесійнага рыштунку. Мужчыны спрытна разбіралі зброю: нажы, швайкі, бензапілы, вілы і абрэзы. Былыя рэзнікі пасталі каля вокнаў, гатовыя бараніць свае гонар, годнасць і бізнес.
-- Хросны, дзе твой машын-ган, што мудзілаў косіць? -- блюзнер ляпнуў па шырокай сялянскай далоні аблупленай бейсбольнай бітай і красамоўна глянуў на змеявік.
-- Не лезь паперад бацькі ў пекла, -- Хросны па-гаспадарску падкруціў венціль гіганцкага самагоннага апарата з масянджовай шыльдачкай “General Electric” і бліснуў вачыма. -- Хлопцы, будзьце пільнымі! За стрэлкай сачыце!
-- А той троцкі караімчык, што паабяцаў нас з італьянцамі замірыць, значыцца, ён грошы ўзяў і ўсіх кінуў? -- нагадаў блюзнер.
-- Значыцца кінуў, сука, -- Хросны выцягнуў з-пад палісандравага стала свой смяротны машын-ган -- важкі кулямёт “Максім” без шчытка і колаў, загорнуты ў зашмальцаваны мотальскі кажушок.
Ён ускінуў яго, як цурбэлак, на плечы і няспешна падаўся металёвымі сходамі на дах. Падлетак ажно згінаўся пад цяжарам скрынак з набоямі і стужкамі, але не адставаў.
-- Што ў кулямётны кажух заліваў? -- не азіраючыся, спытаў Хросны. -- Пярвак, як мінулым разам?
-- Ваду з Мічыган-Возера, -- запэўніў хлопчык.
Панарама індустрыяльнага Чыкага, што адкрылася з вышыні, уражвала. У вечаровае неба ўклейваліся белыя, шэрыя, чырвоныя і чорныя дымы. Над люднымі вуліцамі з грукатам несліся вагоны сабвэя. Хмарачосы, а іх тут было болей, чым званіц у Вільні, струнка цягнуліся да першых зор.
-- А неба якое васільковае, амаль як у нас па-над Нёманам! -- замілавана прамовіў Хросны, усталяваў кулямёт і скіраваў рулю наніз.
Шыкоўныя, як лакіраваныя люксовыя труны, “Крайслеры” спрытна блакіравалі выезд з закінутых бойняў. Па двары рассыпаліся высокія смуглыя мужчыны, апранутыя ў доўгія шэрыя плашчы і модныя капелюшы “барсаліна”. Валасатыя рукі сіцылійскіх гангстэраў лашчылі машын-ганы сістэмы Томпсана.
Хросны крыху прыўзняўся над парапетам. Падлетак апярэдзіў пытанне:
-- Карлу Спагеці шукаеце? Вунь гэты стары мафіёзі за апошнім “Крайслерам”.
І сапраўды, з-за лакіраванага крыла легкавіка выторквалася сівая галава сухенькага дзядка. Карла Спагеці сядзеў на кукішках і засяроджана ладзіў запал да гранаты. Яго шыкоўная “барсаліна” ляжала на капоце машыны. Сіцыліец апусціў гранату ў кішэню плашча, надзеў капялюш і склаў далоні рупарам:
-- Presto… Prestissimo… -- прыспешыў ён малодшых па рангу мафіёзі.
Тым часам хлопчык-верабей спрактыкавана заправіў стужку ў казённік. Хросны злавіў у прыцэл цыбатага вусача, які на мігі паказваў Спагеці, што дзверы бойні зачынены з сярэдзіны.
Карла таргануў драцяное колца з гранаты.
-- Forсe! -- гукнуў ён.
Граната тройчы перакулілася ў палёце і грукнула ў дзверы. Выбух мякка і важка скалануў вечаровае сутонне. Калі дым і пыл знесла ветрам, на месцы дзвярэй чарнела прамакутная дзіра. З вокнаў упэўнена бахнула колькі стрэлаў, і на шэрым плашчы вусатага мудзілы расплылася барвовая пляма. “Томпсан” грукнуў дыскам аб брук.
-- Хросны, страляйце ж... -- азартна зашаптаў падлетак, калі адзін з сіцылійцаў запаліў паходню і пабег да склада з падрыхтаваным да продажу перваком.
-- Трэба іх бліжэй падпусціць, -- кулямётчык засяроджана глядзеў у прыцэл.
-- Хросны, стрэлка манометра дзевятку перайшла, -- даляцеў знізу голас блюзнера.
-- Яшчэ цярпіма, -- прагучала ў адказ.
Сіцылійскія мафіёзі, як па камандзе, ускінулі “Томпсаны”. Загрукацелі чэргі, заценькалі аб сцены спрацаваныя гільзы, зазвінела шкло, шрапнеллю разляцелася тынкоўка. З вільготнай цемры дзвярнога праёма халодна бліснулі шкельцы акуляраў. Дзядзька з тварам настаўніка, не цэлячы, дуплетам гахнуў з абрэзу, і “Крайслер” са свістам прысеў на пашкамутанае кола.
-- Porka misere! -- вылаяўся Карла і зноў шпурнуў гранату.
Выбухнула.
Пад прыкрыццём пылу смуглыя мафіёзі нясмела пайшлі на штурм. Першаму, хто сунуўся ў праём, лоўка кінутая з цемры швайка ўвайшла ў кадык. Другі сіцылійскі мудзіла неадкладна атрымаў бейсбольнай бітай у лыч.
-- Ну што, скаштаваў залупы? -- дурнавата рагатнуў блюзнер.
З глыбіні стадолы пагрозліва зараўла бензапіла.
І тут Хросны нарэшце прыціснуў гашэтку. “Максім” ажно затанчыў на даху.
-- Во скача! -- у захапленні прамовіў падлетак. -- Як тая Лявоніха на вяселлі!
Трое гангстэраў адразу скурчыліся на пыльным бруку. Астатнія баязліва пахаваліся. Кулямёт па-сялянску разважліва змоўк.
-- Хросны, стрэлка манометра ўжо дзесятку перайшла! -- голас нябачнага бутлегера звонка парушыў злавесную цішу.
Кулямётчык не паспеў адказаць. З-за суседняга дома вылецелі тры паліцэйскія “форды” і даўжэзны “Пакард” з зоркай шэрыфа на дзвёрцы. Завішчэлі на віражы тармазы, рэхам адбіліся ад сценаў каманды. За колькі секундаў бойні аказаліся бязлітасна блакіраваныя чыкагскімі копамі. Паліцэйскія машыны імгненна ашчэрыліся рулямі вінчэстараў і кольтаў.
-- How do you do, mister Spagacci?.. -- прывітаўся ў бляшаны рупар шэрыф.
-- Fine. Thanks, signіor Smith-Vesson! Sempre vivace! -- пасміхнуўся Карла і толькі пасля гэтага рэзануў па “Пакарду” з машын-гана.
Лабавое шкло вадаспадам правалілася ў салон. Перадсмяротны енк пацвердзіў, што гэтым разам мафіёзі не змарнаваў набоі.
Рулі паліцэйскай зброі выплюнулі агонь. Колькі сіцылійскіх гангстэраў у адначассе выправіліся хто ў чысцец, а хто і адразу ў пекла. Заціснутаму паміж бойнямі і паліцыяй старому Карла Спагеці не засталося аніякіх шанцаў на паратунак.
І тут здарылася тое, чаго не чакалі ані чыкагскія копы, ані сіцылійскія мафіёзі. Хросны прыўзняў рулю кулямёта і кароткімі ашчаднымі чэргамі стаў садзіць па паліцэйскіх легкавіках. Копы разгубіліся: мафіёзная салідарнасць невядомага кулямётчыка на даху цалкам змяшала іх планы. Карыстаючыся момантам, Карла Спагеці і ацалелыя сіцылійцы кінуліся ў цемру дзвярнога праёму. Зброя беларускіх бутлегераў талерантна змоўкла.
Праз колькі хвілін сівая галава Карла Спагеці ўжо вытаркнулася з люку.
-- Mama miо, Santa Lucia! -- аўтарытэтны сіцыліец беспамылкова пазнаў клятага ворага, павагаўся, але ўсё ж паціснуў Хроснаму руку.
Лідэры мафіёзных кланаў хутка паразумеліся пры дапамозе мімікі, жэстаў і ангельска-італьяна-беларускай трасянкі. Агульны вораг здольны ствараць і не такія дзіўныя хаўрусы.
Тым часам копы апрытомнелі і пайшлі ў наступ. Зноў загрукатаў на даху кулямёт, заляскалі стрэлы. На бруку аганізавалі смяротна параненыя, падалі забітыя, гарачая кроў лілася ў каналізацыйныя краты. Сонца канчаткова схавалася за скрай хмарачоса.
Карла з асалодай страляў са свайго “Томпсана” па сілуэтах у ненавісных чорных мундзірах, спяваючы сіцылійскую народную песню “О, mama mia! О, Koza Nostra!..”
Але неўзабаве хаўруснікаў напаткала прыкрая неспадзяванка: у абодвух машын-ганах скончыліся набоі. Цяпер беларусы і італьянцы адстрэльваліся толькі з вокнаў. Ацалелыя копы ўсё смялей падбіраліся да старых бойняў.
-- Хросны! -- даляцела з люку. -- Манометр ужо на дванаццаці! Чырвоную рыску перайшоў!
-- Ёсць яшчэ час, -- кінуў Хросны і пытальна зірнуў на Карла Спагеці.
Сівы сіцыліец засяроджана раскладаў на даху гранаты, падобныя да пукатых пляшак. Беларускі мафіёзі перажагнаўся гранатай па-каталіцку, пацалаваў зброю і кінуў у доўгі паліцэйскі “Плімут”, на якім прыбыла новая порцыя копаў. Легкавік падскочыў і кульнуўся на бок.
-- Ave Maria! -- узрадаваўся сіцыліец.
-- Матка Боска Вастрабрамска! -- па сітуацыі азваўся Хросны. -- Ды каталік я, каталік, беларус з-пад Гародні.
-- Sicilia, Palermo, -- назваў сваю Радзіму сіньёр Спагеці.
-- Карацей, ты з Заходу, я з Усходу, -- падвёў лагічную рысу кулямётчык.
Знянацку з люку пацягнула не толькі порахам, алі і падазрона густым водарам падгарэлай брагі.
-- Хлопцы, тэрмінова сыходзьце сутарэннямі! -- гаркнуў у люк беларускі мафіёзі і падхапіў Спагеці. -- За мной!
А нахабныя копы ўжо забягалі ў стадолу, стралялі наўздагон беларусам і сіцылійцам, якія па адным порстка знікалі ў сутарэннях.
Гіганцкі самагонны апарат злавесна чырванеў перагрэтай меддзю. З ціхай пагрозай сычэла сінім агнём газавая фаерка. Булькацела загусцелая брага. Стрэлка манометра ўжо даўно мінула кантрольную чырвоную рыску і паказвала на масянджовую шыльдачку “General Electric”. Грукнуў люк, і павевам скразняка са сцяны сарвала, вынесла ў высаджанае акно каляндар з Божай Маці Вастрабрамскай. У шкляных вачах копаў адбіўся чорны надпіс “WANTED!”
Жахлівая выбуховая хваля скаланула старыя бойні ад падмуркаў да даху. Шматкі апарата разнесліся па стадоле, нібы шрапнель. З жалобным ценьканнем заваліўся штабель скрыняў. Вогненная хваля бураковага самагону імгненна адрэзала копам шлях да дзвярэй і вокнаў. Жывыя паходні бязладна кідаліся, матлялі рукамі, качаліся на падлозе між ацалелых самагонных апаратаў.
Тым часам Хросны, Спагеці і падлетак-верабей таропка спускаліся гулкімі пажарнымі сходамі, што строгім геаметрычным зігзагам раскрэслівалі глухую сцяну бакавога фасада старых бойняў.
-- Ну што, мудзіла, скаштаваў? -- пачулася з-за расстралянага паліцэйскага “Пакарда”.
Каля прабітай кулямі дзвёркі стаяў блюзнер са скрываўленай бейсбольнай бітай у руках і пераможна паглядаў на мерцвяка ў чорным мундзіры, які пяліў нязрушныя зенкі ў васільковае чыкагскае неба. Прахалодны ветрык з Мічыган-Возера пяшчотна варушыў кароткую фрызуру нябожчыка.
-- Сямён, а ты чаму разам з усімі сутарэннямі не сыйшоў? -- здзівіўся Хросны.
-- Дык гэта… цікава ж! -- дурнавата пасміхнуўся блюзнер, -- дзядзька Хросны, а нябожчык -- рыхтык вы!
-- Не плявузгай, сурочыш, -- сувора перапыніў беларускі мафіёзі, задуменна пачухаў патыліцу і глянуў на Спагеці. -- Ані табе Карла, ані мне ў гэтай паскуднай Амерыцы больш разгарнуцца не дадуць, -- Хросны ўважліва разглядаў дакументы забітага копа. -- Халера, ты ж шэрыфа -- самаго Сміта-Весона коцнуў!
-- Si, -- сціпла прызнаўся Спагеці, зняў “барсаліну” і перажагнаўся.
Старэчыя вусны варушыліся, бязгучная малітва скончылася кароткім, як стрэл, “Amen”.
-- Люксовыя нумары ў “Сінг-Сінгу” і электрычны фатэль для нас, лічы, падрыхтаваныя. Куды падашся цяпер, Карла? На Захад, ці на Ўсход? -- Хросны цярпліва дачакаўся, калі капялюш зноў прыкрые сівы голаў.
Спагеці крыва пасміхнуўся, знізаў плячыма, зняў з сябе залаты абразок з выявай святога Януара -- апекуна злодзеяў з махлярамі, і шляхетным жэстам спрэзентаваў Хроснаму. Гэта азначала, што ён -- Карла Вінцэнта Марыя Спагеці, прафесійны мафіёзі ў семнаццатым пакаленні, з гэтага моманту -- названы брат беларускага бутлегера, патомнага майстра па выганцы моцных трункаў.
-- А вось я, дзядзька Хросны, у Злучаных Штатах застаюся! -- без ваганняў вырашыў блюзнер Сямён і гучна каўтнуў сліну. -- Амерыка -- краіна незлічоных магчымасцяў. Любая басота-галота мае шанцы стаць міліярдэрам, акулай Уол-стрыта ці хаця б якім-небудзь кангрэсменам. Паглядзіце на Ракфелера…
-- Ты, Сямён, на сябе паглядзі! -- з дакорам прапанаваў Хросны…
Наступным днём усе чыкагскія газеты выйшлі з кідкімі загалоўкамі: “Гангстэр Карла Спагеці з мафіёзнай групоўкі “Сіцылійская вячэра” застрэліў шэрыфа Джона Сміта-Весона!”, “Чыкагская паліцыя зліквідавала бутлегерскую сетку “Тутэйшыя!”, “Сяржант Нік Джонсан застрэліў гангстэра Піта Пратасеню па мянушцы Бімбер!”, “Яшчэ дзесяць паліцыянтаў згарэлі жыўцом!”
Тым часам адзін з галоўных герояў газетных рэпартажаў ужо сядзеў у шэзлонгу на палубе трансакіянскага лайнера “Нармандыя”, што кіраваўся ў Стары Свет. На яго шыі побач з крыжыкам зіхцеў залаты абразок са Святым Януарам. Праз саломінку Хросны пацягваў зафарбаваны апельсінавым сокам пярвак і раўнадушна сузіраў, як хмарачосы Манхэтэна знікаюць за даляглядам.
А праз тры тыдні Хросны з бездакорнымі дакументамі грамядзяніна Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў Джона Сміта-Весона прыбыў у родную Гародню; знешняе падабенства з забітым шэрыфам прыдалося. Але адразу на гарадзенскім вакзале ён быў заарыштаваны Дэфензівай, як эмісар амерыканскай секцыі Камінтэрна. Пільных агентаў адразу ж насцярожыў чалавек з нетутэйшым прозвішчам, які наўмысна карыстаўся мясцовай гаворкай і гучна абураўся, што ў шапіку не дакупіцца беларускіх газетаў. Пасля непрацяглага следства і суда Хросны атрымаў пяцігадовы тэрмін зняволення, які і адправіўся адбываць у знакаміты канцлагер “Бяроза-Картузская”.
Але і для тутэйшых, і для тамтэйшых беларусаў ён так і застаўся Хросным.