Частка другая. CUD NAD NIEMNEM

1.

Галоўная гарадзенская вуліца Раскоша лашчыла вока цнатлівай чысцінёй бруку, вясёлкавым бляскам вітрынаў і самазадаволеным спакоем.

Дрыготка зіхацелі завушніцы і пярсцёнкі пекных паненак, якія бязмэтна пераходзілі ад крамы да крамы. Над вірлівым натоўпам ветліва прыўзнімаліся модныя капелюшы, кепі і цыліндры. Дарагія легкавікі блішчэлі на сонцы люстраным лакам і нікелем. Піраміды памаранчыкаў на вулічных ятках міжволі вабілі зрок. З адчыненых вокнаў рэстарацый лілася ледзь чутная гамана, і крышталёвае бомканне чарак спаборнічала з меладычным блямканнем музычнага аўтамата.

Але атмасфера сціплай буржуазнай абаяльнасці амаль не адчувалася ў зацененым дворыку за некалькі кварталаў. Злосна лямантавалі і біліся за селядцовую галаву бадзяжныя коткі. Па-над перапоўненым сметнікам нямецкімі бамбавозамі гулі тлустыя мухі. З-пад недаедкаў ляніва выбраўся вялізны пацук і добразычліва ашчэрыў зубастую пашчу.

Двое маладых крэсовых хаблоў, якія жлукцілі піва пад аблушчанай сцяной, арганічна ўпісваліся ў дваравы краявід.

-- Гэтыя беларускія нацыяналісты ўшчэнт ачмурэлі! -- паскардзіўся хабёл у модным кепі з расколатым лакіраваным брыльком. -- Я тут нядаўна ў газеце пра нейкую страшную цётку-адраджэнку чытаў. Нібыта вярталася яна з рынку, і прычапіліся да яе трое здаравузных польскіх мудзілаў. Маўляў, Гародня -- спрадвечны польскі горад, а ты, тупая бульбашка, з’язджай у сваю бэ-эс-эс-эрыю. І як ты мяркуеш, што тая нацыяналістка зрабіла? З кошыка цялячую нагу дастала -- і ну ўсіх ганяць! Аднаму мудзілу руку зламіла, другому -- ключыцу, трэцяму -- ажно пяць рэбраў…

-- Ты ж глядзі, яшчэ адна Эмілія Плятар знайшлася! -- хабёл у брудных ботах недаверліва скрывіўся і цыркнуў пад ногі доўгай жоўтай сліной. -- То ёсць пшэсада! Не веру! Ну, хай руку, ну, хай ключыцу… Але каб яшчэ і пяць рэбраў!

-- Ненавіджу беларускіх нацыяналістаў, -- хабёл у кепі дапіў піва і зубамі адкаркаваў наступную пляшку, -- нічога святога для іх няма. Раней Кайзеру служылі. Цяпер ад Саветаў грошы дастаюць. Заўтра янкі прададуцца. Хто ім плоціць, тым і служаць. Юды праклятыя!

-- Я іх таксама ненавіджу, -- звыкла азваўся хабёл у нячышчаных ботах, -- а пра ўсіх гэтых цётак-тэрарыстак яны самі плёткі і распускаюць, каб іх баяліся.

-- Ды хто іх баіцца? -- рагатнуў уладальнік кепі. -- Страшны рак, ды ў дупе зубы!

Неўзабаве выпітае піва нагадала пра сябе: хаблоў пацягнула на мочавыпусканне. Бясплатнага сарціра паблізу не было. Але пад’езд бліжэйшага дома падаваўся вельмі прыдатным для гэтага месцам.

Першым не ўседзеў хабёл у кепі з расколатым брыльком.

-- Пільнуй, каб хто не зайшоў, -- папрасіў ён брата па розуме і слізгануў за дзверы.

Нецярплівец стаў да сцяны, расшпіліў нагавіцы і мярзотным струменчыкам зацурболіў у кут. Неўзабаве аднекуль зверху пачуліся цяжкія мерныя крокі, нібыта каменны Камандор спускаўся сходамі. Уладальнік кепі з расколатым брыльком нават голаў не павярнуў, а дарма…

Бязлітасна моцныя пальцы схапілі яго за каўнер і лёгка прыўзнялі над свежай калюжынай. Хабёл уцягнуў голаў у плечы і палахліва скасавурыўся. У паўцемры пад’езда ўзвышалася магутная постаць цёткі-валатоўкі. Вочы яе нядобра блішчэлі. Маладзён паспрабаваў вылузнуцца з марынаркі, як той вужака са скуры. Але перуновы голас прымусіў яго зніякавець.

-- А ў сваёй хаце малады чалавек таксама сікае па кутах? -- з выкшталцоным беларускім вымаўленнем пацікавілася страшная цётка.

-- Эмілія Плятар!.. Жывая!.. -- жахнуўся сваёй здагадкі сікун.

-- Я -- Эмілія Вастрабрамская, -- годным барытонам паправіла валатоўка, -- а вы малады чалавек, так і не адказалі на маё пытанне!

-- Прабачце цётачка Вастрабрамская, я больш не буду… -- прыніжана заенчыў маладзён.

-- Ці не хочаце вы прыбраць сваё паскудства?

-- Хачу, вельмі хачу! -- з энтузіазмам азваўся хабёл.

Паскуднік дрыготкімі рукамі скамечыў свой модны кепі, апусціўся на кукішкі і ўзяўся ганяць калюжыну. Цётка Эмілія добразычліва паглядала, як спраўна ён увіхаецца.

Неўзабаве рыпнулі дзверы. У пад’езд зайшоў хабёл у нячышчаных ботах. Сцэна, якую ён убачыў, прымусіла яго ачмурэла прысвіснуць.

-- Гля…

-- Гэта вас сям’я і школа навучылі непаважліва ставіцца да чужога майна? -- з бездакорнай ветлівасцю ўдакладніла цётка Эмілія.

Хабёл у брудных ботах памкнуўся быў адказаць доўгай смярдзючай фразай, складнікі для якой не адшукаліся б нават у слоўніку Ластоўскага, але выпадкова перахапіў зляканы позірк прыяцеля. Аматар паскудзіць у чужых пад’ездах сядзеў на кукішках і на мігі паказваў яму, як тая цётка можа лёгка зламіць руку, ключыцу і ўсё астатняе.

Калі падлога ў куце была ўжо амаль сухая, хаблы, што тыя ракі, папяціліся да выхаду.

-- Прабачце, мы больш не будзем! -- паабяцаў маладзён у брудных ботах.

-- Дзякуй за навуку! -- кланяўся яго прыяцель, прыціскаючы да грудзей пацяжэлую кепі.

-- Я ніколі не верыла ў выхаваўчую моц слова, -- пракаментавала цётка-валатоўка. -- Толькі біццё і праца здольныя ператвараць хаблоў у сапраўдных людзей. Гэты спосаб спарадзіў ужо нямала неафітаў!

Неўзабаве хаблы шпарка беглі па Раскошы. Піва ім больш не хацелася. Але нізкі стэповы гул рухавіка міжволі змусіў некультурных маладзёнаў азірнуцца. Па галоўнай гарадзенскай вуліцы браненосна сунуўся магутны “Студэбекер”. На тэнтаваным кодабе красамоўна бялеў надпіс JANKI. За лабавым шклом прамалёўваліся твары тыповых беларускіх нацыяналістаў. Півапойцы злякана паўліпалі ў сцяну.

-- Праўду ў газетах пішуць, -- уразіўся хабёл у мокрым кепі, -- гэтыя беларускія нацыяналісты -- самыя страшныя людзі. Я ж пралетар, і градаў у мяне няма! Дзе хачу, там і паскуджу!

-- Яны ж, гады, працоўнага чалавека за быдла трымаюць, -- пачулася ў адказ, -- толькі гэтыя звяругі маглі прыдумаць такі здзек -- уласным кепі чужую падлогу мыць!

Тым часам “Студэбекер” мінуў хаблоў і заехаў у правулак. Неўзабаве Хросны з хлопцамі-янкі ўжо падымаліся старымі шчарбатымі сходамі. Сухі палец беларускага мафіёзі прыціснуў гузік званка.

-- З вяртаннем на Радзіму, сынок, -- Эмілія Вастрабрамская крытычна зірнула на сына і ўважліва агледзела Янку, Івана, Янкеля і Аяньку. -- Гэта твая новая гангстэрская групоўка?

-- Пакуль што -- мафіёзі-пачаткоўцы, -- па-бацькоўску пасміхнуўся Хросны, -- але ўжо скончаныя буржуазныя нацыяналісты. Мама, каб вы толькі бычылі, як яны бездухоўных мудзілаў ганяюць!

-- Я іх таксама ненавіджу, -- паяснела з твару цётка-адраджэнка, -- хаблы, зрэшты, яшчэ так-сяк перавыхоўваюцца… А вось мудзілаў трэба толькі на горкі яблык збіваць. Без жалю і без літасці. Што я раз-пораз і раблю. У вас, маладыя людзі, яшчэ будзе нагода ў гэтым пераканацца. А цяпер прашу ўсіх да стала. У мяне сёння цялячы біфштэкс, натуральна, з крывёй. Як ты, сыночак, яшчэ ў дзяцінстве любіў!

2.

Чакісцкая рука з дагледжанымі пазногцямі, што па-эстэцку легла на парэнчы, падавалася ў няпэўным маладзіковым святле абсалютна нежывой. У тонкіх, нібы ў віяланчалістага, пальцах, таямніча бліснула манетка. Пальцы расціснуліся, і манетка слізганула ў цемру.

-- Раз… два… тры… -- няспешна адлічылі тонкія бяскроўныя вусны.

Толькі на лік “пяць” з долу вярнуўся ледзь чутны срэбны звон метала аб брук.

-- Вышыня -- амаль як на маёй улюбёнай парашутнай вежы ў мінскім парку Чэлюскінцаў, -- на вытанчаным садыстычным твары зазмяілася кплівая ўсмешка. -- Дарагія таварышы, выводзьце ворагаў народа!

Адсюль, з назіральнай пляцоўкі гарадзенскай пажарнай вежы, адкрывалася паэтычная панарама начнога горада. Залатыя пацеркі ліхтароў азначалі галоўныя вуліцы. Сталёвыя карункі чыгуначнага моста крышыліся ў цёмнай вадзе рэльефным адбіткам. Касцёльныя званіцы пірамідальнымі таполямі цягнуліся да танюткага маладзіка. З-пад цёмных шатаў заапарка неслася гнюснае скавытанне юрлівага павіяна. А над нёманскай стромай суворым дакорам бездухоўным нашчадкам Вялікага княства грувасціліся казачныя руіны Старога Замка.

Тым часам чацвёра чакістых з суворымі і бязлітаснымі вачыма вывелі да парэнчаў Баяна і кіроўцу “Пакарда”.

Збітыя, знявечаныя катаваннем твары ворагаў народа маглі б прыемна ўразіць нават каменданта Бярозы-Картузскай. Але толькі не камандзіра падпольнай чакісцка-тэрарыстычнай групоўкі “Халодная галава”. Таварыш Пранік спакойна выцягнуў з кішэні светлага летняга фрэнча аркуш паперы, з падкрэсленай няспешнасцю разгарнуў і зачытаў вельмі выразна:

-- Імем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі вы прызнаныя вінаватымі ў растраце дзяржаўных грошай, у злосным парушэнні канспірацыі, у дыверсійным невыкананні загадаў, у страце бальшавіцкай пільнасці, у змове з класавым ворагам, у памкненні перабегчы ў Дэфензіву, у маральна-побытавай распусце, у шкодніцкім псаванні даверанага вам дзяржаўнага аўтамабіля і ў шпіянажы на карысць Гандураса і Партугаліі… Карацей, ува ўсім тым, у чым вы самі і прызналіся. Згодна з прысудам, пакаранне мусіць быць выкананае праз скокі з парашутнай вышкі ў сталіцы Савецкай Беларусі. Натуральна, без парашутаў. Але дадзенымі мне паўнамоцтвамі замяняю яго аналагічнымі скокамі з гарадзенскай пажарнай вежы. Смерць ворагам народа і подлым здраднікам Радзімы!

-- Справядлівае і вельмі своечасовае рашэнне, грамадзянін начальнік! -- распухлымі вуснамі вымавіў Баян, глянуў наніз і інстынктыўна адступіўся на крок.

-- Гэта таварыш Баян ва ўсім вінаваты! -- бяззуба прашамкаў кіроўца “Пакарда” і мёртва ўчарэпіўся ў парэнчы. -- Я ж толькі ягоныя загады выконваў!

-- Па-першае, не таварыш Баян, а вораг народа, шкоднік, тэрарыст і выкрыты шпіён Баян. А па-другое, не лемантуй на ўсю Гародню. Працоўныя масы пабудзіш, якія адпачываюць пасля эксплуатацыі. Дык самі скочыце ці дапамагчы?

Канваіры-чакістыя спрактыкавана падхапілі ворагаў народа пад пахі і паставілі на карніз па другі бок парэнчаў.

-- Лічыце мяне камуністым-сталінцам! -- прахрыпеў Баян і мужна ўскінуў голаў.

-- Камуністым -- ніколі! -- катэгарычна адмовіў камандзір тэрарыстычнай групоўкі “Халодная галава”, -- а вось сталінскім сокалам -- з задавальненнем! Зараз і паляціш…

-- Грамадзянін начальнік, грамадзянін начальнік… -- заенчыў кіроўца “Пакарда”, -- даруйце мне, калі ласка.

-- Буржуазны Бог, мо, і дараваў бы. А вось вялікі Сталін вучыць: ніякай літасці да падступных здраднікаў і подлых забойцаў! -- таварыш Пранік узняў руку з бялюткай насоўкай, -- па сігнале шугайце наніз!

-- Грамадзянін начальнік!.. -- не здаваўся кіроўца, -- у апошні раз такое з намі здарылася! Абяцаю! Дазвольце нам выкупіць сваю віну! Даю чэснае слова чакістага і камуністага, што выканаю любыя загады! Я, салага, біты гусь, перад партыяй клянусь…

Белая насоўка здзекліва апусцілася на колькі сантыметраў.

-- Мы ж не вінаватыя, што на тутэйшых абшарах нейкія янкі аб’явіліся! -- прыніжана енчыў кіроўца. -- Яны і ўзялі ў палон таго камінтэрнаўца!

-- А гэтыя янкі -- звяругі страшныя, -- хрыпла пацвердзіў Баян. -- Калі іх не спыніць, неўзабаве да сусветнага панавання прыйдуць! Усе ад іх на горкі яблык дастануць! Эскадрон белапольскай кавалерыі голымі рукамі ўхойдалі. Нават “яжовыя рукавіцы” не спатрэбіліся.

-- Вы ж, грамадзянін начальнік, іх на ўласныя вочы нават не бачылі, -- аддана захлынаўся кіроўца, -- а мы, як вас зараз! Зробяць яны на вас наезд, як вы іх пазнаеце?

Насоўка ў руце Праніка прыпыніла рух.

-- …а мы іх не толькі пазнаць зможам, але і абавязкова возьмем у аператыўную распрацоўку! Бо апроч нас -- і няма каму! -- нарэшце скончыў кіроўца.

Доўгія дагледжаныя пальцы эстэтна скамечылі насоўку і сунулі яе ў нагрудную кішэню фрэнча. У гіпнатычных вачах чакістага мільганула шчырая зацікаўленасць.

-- На ўласныя вочы, кажаце? Добра. І што, абяцаеце ўзяць іх у аператыўную распрацоўку і вызваліце з палону амерыканскага камінтэрнаўца? Добра. Дадзенымі мне паўнамоцтвамі выкананне часова адкладзенае. Вам вернутыя дзяржаўныя ўзнагароды, званні, табельная зброя і партыйныя білеты. Але віна з вас яшчэ не знятая… Прашу ў машыну, дарагія таварышы!

Праз колькі хвілін часова памілаваныя сядзелі на рыпучым заднім сядзенні таго самага “Пакарда”. У скалечаныя пальцы ім уставілі запаленыя папіросы, а ў разбітыя раты сунулі рыльцы крамлёўскіх пляшак.

-- Дарэчы, дарагія таварышы, -- падступна пасміхнуўся галоўны чакісты, -- народныя грошы, якія вы шкодніцкі змарнавалі, трэба вярнуць. Дзесяць тысяч златовак.

-- Дзе ж мы столькі возьмем? -- жахнуўся таварыш Баян, -- на Крэсах Усходніх такія грошы адно эксплуататары маюць!

-- А мне -- па херу дым! -- змяіныя вочы старэйшага чакістага нядобра бліснулі ў вільготнай паўцемры салона. -- Эксплуататараў паэксплуатуйце! Банк абрабуйце! Бардэль зарганізуйце! Ды хоць у якім буржуазным казіно выйграйце! Даю вам на гэта тыдзень часу. І памятайце, дарагія таварышы, што прысуд для вас ніхто не адмяняў!

3.

Адстаўны генерал Дэфензівы Мікола Хапернік жыў на другім паверсе старасвецкага дамка на Гарадніцы, якраз насупраць кабінета самага папулярнага ў Гародні доктара-гінеколага.

Выглядаў пан Хапернік надзвычай пыхліва і па-шляхотнаму шызафрэнічна -- рыхтык, рэінкарнаваны Пане Каханку. Нездаровы бляск рачых вочкаў з галавой выкрываў у ім прыхаванага парнаграфіста. Уначы пан Хапернік праз саматужны тэлескоп назіраў сузор’і над Крэсамі Ўсходнімі і сам-насам разважаў пра лёсы планет і сэнс жыцця. А ўдзень праз той жа тэлескоп разглядаў пацыентак пана гінеколага ў вокнах насупраць і апантана лаяўся з суседкай, што жыла на першым паверсе. Графіня Соф’я Уласеўна Мурашова, удава апошняга гарадзенскага губернатара і яе экзатычны гадаванец даводзілі былога спецслужбоўцу да шаленства, сардэчных прыступаў і начнога трызнення.

Такім чынам Віктара Янукевіча, як толькі ён трапіў у Гародню, адразу і пацягнула ў вір вялікадзяржаўніцкіх польска-расейскіх дыспутаў…

-- …ну што, сіротка Пярдолэк, жыві ў мяне, колькі спатрэбіцца, -- літасціва дазволіў пан Хапернік, калі госць нарэшце распавёў пра ганебны фінал сваёй жандарскай кар’еры, -- мне з гэтай старой рускай курвай аднаму не зладзіць. А ты -- самы амаральны чалавек з усіх маіх знаёмых. Давай вып’ем за сустрэчу і ў тэлескоп паназіраем.

-- Дзякуй, ягамосць, -- сціпла азваўся былы жандар і аддана прыклаў далонь да грудзей.

Пасля трэцяга кілішка “выбаровай” пад вэнджанага селядца адстаўны генерал Дэфензівы змоўніцкі скасавурыўся на нязграбную аптычную прыладу, што раскірэчыла драўляныя ногі каля расчыненага вакна.

-- Пане доктоже папярэджваў, што да яго акурат па абедзе пекная паненка пшыйдзе.

Хапернік і Янукевіч зацікаўлена падаліся да тэлескопа і ў чатыры рукі скіравалі яго цяжкую рулю на запаветнае вакно. І сапраўды, побач з гінекалагічным фатэлем ужо стаяла маладая ладная курва ў негліжэ.

-- Мммм!.. Якая вабная дупа!.. -- прагна заенчыў Пярдолэк, зазіраючы ў тэлескоп.

-- Зараз і не тое пабачым! -- адстаўны генерал азартна адштурхнуў госця і ўліп у акуляр вачніцай. -- А пупо-ок які акуратны!.. -- руля тэлескопа ювелірна апусцілася на якісь міліметр, -- а та-ам… Ружа, чыста ружа, -- эстэцкі затрызніў вычварэнец.

Гэты шчаслівы стогн прымусіў Янукевіча пазабыцца і на свой статус госця, і на тое, што ён утрая маладзейшы за Хаперніка, і нават на сацыяльную розніцу з гаспадаром. Ён загырчэў галодным сабакам і сілком заўладарыў тэлескопам.

-- Па мне, дык і не да ружы падобна, а сама болей, да ракаўкі-пярловіцы! -- расчаравана канстатаваў амаральны сіротка. -- Лепш за дупу нічога не бывае!

На імгненне чароўную карцінку змяніла нешта нечакана-недарэчнае. У акуляр на Пярдолка глядзела злоснае нялюдскае вока, жахліва павялічанае оптыкай. Праз секунду над самай галавой пралапаталі нябачныя дужыя крылы.

Янукевіч спалохана ўскінуў голаў. На крышталёвай жырандолі, што гайдалася пад высокай столлю, нахабна атабарыўся вялізны, што той індык, папуга. Птушка выглядала пыхліва, як старэйшы асадніцкі сын на кірмашы, і страката, бы цыганская коўдра. Сюррэалістычныя пёркі блішчэлі ўсімі колерамі нёманскай вясёлкі. Скрыўленая дзюба прачынілася, нібыта паловы ракаўкі разышліся.

-- Пярловіца!.. Пярловіца!.. -- траскуча закрачыў нахабнік. -- Ружа!.. Ружа!..

Гаспадар помсліва звузіў вочы.

-- Зноў гэты рускі Манамах прыляцеў!

Рука адстаўнога спецслужбоўцы інстынктыўна пацягнулася да паса, але ж кабуры, што большую частку жыцця абцяжарвала партупею, не намацала. У папугу паляцела даўганосая пантофля.

Крылаты хабёл ускінуў крылы і спрактыкавана размінуўся ў паветры з абуткам.

-- Мудзілы!.. Мудзілы!.. -- дражніўся ён ужо са старасвецкага буфета.

Абражаны Пярдолэк памкнуўся было скруціць брыдкаслову шыю, але Хапернік сур’ёзна перасцярог:

-- Блізка не падыходзь, задзяўбе адразу. Ні жалю, ні літасьці, што ў гаспадыні, што ў выхаванца. Мяне гэтая руская графіня са сваім папугам Манамахам калі-небудзь да смерці давядуць, -- сумна канстатаваў ён.

Дзверы ў гасцёўню бразнулі, ажно чаркі на стале азваліся спалоханым звонам. І хаця Янукевіч загадзя быў папярэджаны пра існаванне вар’яткі-суседкі, але яго адразу перасмыкнула.

У парозе стаяла дробная бязважкая старэча са зморшчаным, што тая высахлая дуля, тварам. Злосныя бляклыя вочкі глядзеліся нібы адлітымі з бутэлечнага шкла. У пакручанай поліартрытам руцэ разгойдваўся вялізны чыгуновы прас, у якім перасыпалася і шкварчэла вуголле.

-- Няхай пані графіня не крыўдуе, -- шляхотна ўзняўся насустрач адстаўны генерал, -- але я не чуў, каб пані пагрукалася. Не ведаю, як у вас у Расіі, але ж тут, у Польшчы…

-- Усе людзі як людзі, а ты, судар, як хер на блюдзе! -- з прыемным маскальскім акцэнтам абвесціла графіня і плюнула на кілім.

-- Не ведаю, як у вас у Расіі, але ж тут, у Польшчы, не прынята класці прадмет мужчынскай годнасці на сподкі, талеркі ды ў панівы! -- зніякавела запярэчыў адстаўны генерал.

-- І гэты вычварэнец бярэцца разважаць пра перавагі так званай польскай культуры? -- канчаткова раз’юшылася Мурашова, і яе шкляныя вочкі вялікадзяржаўна бліснулі. -- Дык вы ж, смецце імперыі, ніколі не былі нацыяй! Ну скажы, судар, якая ў вас нацыянальная ідэя?

Не паспеў Мікола Хапернік зморшчыць лоб, як Соф’я Уласеўна тыцнула яму ў твар адмыслова складзеную хвігу. Далёка высунуты палец з нафарбаваным пазногцем брутальна скіраваўся ў генералава вока.

-- Во якая ваша нацыянальная ідэя! А ў нас, -- графіня адзін за адным выпроствала пальцы на хвізе, -- і самаўладдзе, і народнасць, і духоўнасць, і саборнасць, і…

-- Жыццёвы досвед і элементарная логіка падказваюць мне, -- крыху асмялеў Хапернік, -- што руская нацыянальная ідэя насамрэч такая: хлусіць, красці і жлукціць гарэлку. Прытым рабіць гэта ўсё ў спалучэнні і ад рана да рана. Вы ж праўдзівыя качэўнікі!

І тут папуга зноў нагадаў пра сваю прысутнасць. Ён дзяржаўна распрастаў вясёлкавыя крылы, цяжка зляцеў на рыльца тэлескопа і, ледзь не скруціўшы шыю, усё ж такі зазірнуў у акуляр.

-- Дупа!.. Духоўнасць!.. Вычварэнец!.. Саборнасць!.. Ружа!.. Самаўладдзе!.. Ад рана да рана!..

-- Манамах, птушачка мая, цып-цып-цып… -- з нечаканай сантыментальнасцю паклікала графіня.

Крылаты хабёл альбатросам падхапіў з талеркі селядцовы хвост і цяжка апусціўся на плячо гаспадыні. Прас у яе руцэ пагрозліва хіснуўся. Пан Хапернік зглынуў сліну, але нічога не сказаў.

Пярдолэк глядзеў круглымі ад ачмурэння вачыма.

-- Кампанія не надта велька, але бардзо пажондна… -- ледзь чутна вымавіў ён. -- Я, пан астраном і дзве рускія курвы.

Графіня добразычліва ашчэрылася:

-- Мазгаклюй ты мой улюбёны! Манамашанька харошы, Манамашанька харошы…

Папуга праглынуў скрадзенага селядца і спагадліва пацвердзіў:

-- Добры!

-- Колькі казала табе, -- Соф’я Уласьеўна красамоўна перакінула прас з рукі ў руку, -- не лётай да гэтага польскага распусніка! Чаму ён навучыць цнатлівага рускага птаха? Адно брыдзе! І вам, малады чалавек, варта падумаць: з кім вы, з імі, ці з намі?! -- вялікадзяржаўніца выразна зірнула на Пярдолка, -- і не забывайцеся, я не з тых Мурашовых, каторых вешалі… Я з тых, каторыя вешалі!

Дзверы бразнулі, і са сходаў пачулася цоканне абцасаў. У гасцёўні лунаў пах распаленага вуголля.

Вечар цікаўных анатамічных назіранняў быў канчаткова сапсаваны. Неўзабаве згасла святло і ў кабінеце пана гінеколага. Над Гарадніцай пакрысе запальваліся першыя сузор’і Задыяка, але пану Хаперніку ўжо не хацелася назіраць за іх жыццём…

Да самай апоўначы зняважаны паляк распрацоўваў падступныя планы помсты. Паводле іх, спачатку графскі папуга мусіў загінуць ад кіпцюроў коткі, якую на пару дзён можна было пазычыць у пана гінеколага. Саму гаспадыню ён меўся зарэзаць скальпелем з кабінета таго ж самага пана. Але такая смерць неўзабаве падалася летуценніку занадта лёгкай. Тады ў вычварэнскім розуме пана Хаперніка склалася наступная камбінацыя: засунуць у кавалак сала тонкую голку і пачаставаць Манамаха. Пасля ўяўнага пахавання птушкі наспела чарга загінуць і Соф’е Уласьеўне. Адстаўны генерал меркаваў падкласці ёй у прас супрацьтанкавую гранату.

Але ж дасведчаны спецслужбоўца і сам разумеў марнасць усіх гэтых мрояў: і Мурашова, і Манамах вызначаліся рэдкай абачлівасцю і проста жывёльным адчуваннем небяспекі. Падкладзеная граната неадкладна апынулася б у генеральскім каміне, а голка -- у рулоне туалетнай паперы.

Зрэшты, у адстаўнога генерала Дэфензівы быў-такі адзіны шанец назаўсёды пазбавіцца ад клятых ідэалагічных ворагаў. Ён трымаў яго на выпадак поўнай няшчымніцы, і цяпер, пасля апошняга візіту суседкі, зразумеў -- такі час, нарэшце, наспеў. У схованцы пад ложкам ляжала невялікая картатэка на самых зацятых ворагаў санацыйнай Польшчы, абачліва скрадзеная Хапернікам перад сыходам у адстаўку.

Перад тым, як выцягнуць з-пад ложку цяжкі чорны куфэрак, гаспадар пагнаў Пярдолка спаць у суседні пакой. Зашамацелі карткі з імёнамі найбольш небяспечных дзяржаўных злачынцаў.

-- Станіслаў Булак-Балаховіч, -- Хапернік позіркам дасведчанага фізіянаміста прыгледзеўся да фотаздымка, -- шкада, не падыходзіць. Па-першае, ужо даўно ў Варшаве атабарыўся, па-другое, жанчын і экзатычных птушак забіваць не стане… Ага! Фелікс Дзяржынскі, -- Хапернік гідліва ўзяў двума пальцамі картку, -- гэты ксёндз-недавук каму хочаш галаву скруціў бы… Але, шкада, ужо і сам у Маскве выпруціўся.

Лоўкія, нібы ў прафесійнага шулера, пальцы спрытна перакідалі карткі з фотаздымкамі.

-- Во! -- нарэшце спыніўся адстаўны генерал Дэфензівы, -- тое, што трэба. І як гэта я на яе пазабыўся? Знакамітая снайперка-партызанка, самая страшная беларуская буржуазная нацыяналістка ў нашым краі. Маскальскіх шавіністаў на дух не зносіць! Як, на вялікі жаль, і нас. Брала ўдзел у Слуцкім збройным чыне. І цяпер спраўна практыкуецца: у асадніцкае вока за сто метраў трапляе. Для яе вайна за так званую незалежнасць так званай Беларусі як пачалася за часамі так званай БНР, так дагэтуль і не скончылася.

З фатакарткі мужна глядзела яшчэ маладая Эмілія Вастрабрамская. З-пад паляўнічага капялюшыка, аздобленнага фазанавым пёркам і кукардай з “Пагоняй”, выбіваліся доўгія ільняныя валасы. Модны вышываны гарсэцік перакрэслівалі кулямётныя стужкі. Кавалерыйскае галіфэ было запраўлена ў шляхотныя гусарскія боты, на абцасах ззялі срэбныя зорачкі шпораў. Знізу карткі з кароткімі анкетнымі дадзенымі чырванела вялізная пячатка, з якой вынікала, што крымінальную справу ўзбуджаць бессэнсоўна – слынная адраджэнка заўсёды мае алібі.

Мікола Хапернік уважліва паглядзеў на здымак, сумна пасміхнуўся і схаваў картку пад карункавую сурвэтку на трыльяжы.

Але ж упэўненасць у правільнасці абранага шляху прывяла дасведчанага адстаўніка-спецслужбоўцу да недаравальнай страты пільнасці. Ён так і не заўважыў, што падступны госць увесь гэты час падглядаў за ім у замочную адтуліну.

Такія паводзіны Віктара Янукевіча тлумачыліся не толькі ягонай паталагічнай любоўю да падглядання, але ж і прагматычным памкненнем збудаваць свой далейшы лёс. Былы жандар ужо ведаў, куды ён укладзе грошы, скрадзеныя ў чакістага ў шынку “Рыга”. Натуральна, бізнес не мог стаць паспяховым без уласнага жытла ў Гародні. А вось Хапернікава кватэра адразу спадабалася сіротку: прэстыжны раён, вабныя краявіды з вакна, выдатны астранамічны рыштунак дый увогуле...

Пярдолэк цярпліва счакаў, як засне гаспадар, і нячутным пацуком слізгануў у гасцёўню. Картку Дэфензівы ён сунуў у халяву бота і адразу скіраваўся наніз.

-- Сударыня-барыня, -- Янукевіч асцярожна пагрукаў у дзверы, -- пусціце гаротнага сірату!

З сярэдзіны кватэры пачулася кулямётнае шчоўканне клямак, засавак і запораў.

-- Ну забіце, забіце мяне, вычварэнцы! -- істэрычна заскавытала графіня з-за дзвярэй. -- Забіце самотную ўдаву!

-- Соф’я Уласьеўна! -- лагодна прамовіў Пярдолэк. -- Вы мая старэйшая руская сястра. І таму я вырашыў уратаваць вам жыццё. Адчыніце!

4.

Вось ужо тыдзень Хросны і яго маладыя сябры жылі ў кватэры Эміліі Вастрабрамскай. Шмат нечаканых ліхтугаў і цікавых здарэнняў прыпала на гэты час.

Уцякач з Бярозы-Картузскай пісьменна выправіў сабе новыя дакументы; скарумпаваныя гарадзенскія паліцыянты ўзялі за гэта ўдвая менш, чым ён разлічваў. “Студэбекер” быў перафарбаваны ў колер горкага яблыка, і новыя нумары дазвалялі ездзіць на ім без перашкод.

Янка Лабановіч хутка асвойтаўся ў гарадскім асяродку. Яго нахабныя валошкавыя вочы ўжо ведалі і на Раскошы, і на Гарадніцы, і на Пярэспе, і нават на Ласосне. Мудзілы яго інстынктыўна пабойваліся. Хаблы лісліва прыўздымалі перад былым настаўнікам кепі. Пекныя паненкі, якіх заўсёды не бракавала ў Гародні, выказвалі адукаванаму маладзёну прыязнасць.

Іван Брыль ужо на трэці дзень стаў мясцовым кумірам. Так здарылася, што ў горад над Нёманам завітаў абсалютны чэмпіён Кёнігсберга па боксе. У сумленным двубоі, што адбыўся ў піўной каля Крывой Афіцыны, каваль-волат паклаў спратоўца-нацыста з першага ўдару. Некультурныя півапойцы, якія сталі нявольнымі сведкамі гэтага спаборніцтва, пры адной толькі фразе “Кепска будзе!” неадкладна хаваліся ў бульбу.

Аянька Кільмандавіч не без шкадобы змяніў уланскі мундзір на модны віленскі стройчык. Замест шаблі былы кавалерысты прыдбаў стэк са схаваным у ім сталёвым клінком. Вышыбалы мясцовых бардэляў лісліва віталіся з ім за паўкварталы, але ж на ўсялякі выпадак пераходзілі на другі бок вуліцы.

Янкель Фінберг часова схаваў на антрэсолі футарал са скрыпачкай, узброіўся траскучым арыфмометрам і засеў у публічнай бібліятэцы за падшыўкамі тутэйшых бізнесовых выданняў. Праз тры дні ён ужо пралічыў, што самая перспектыўная камерцыя ў краі -- фабрыка па вытворчасці сельтэрскай і мальвазіі. Камерцыя гэта належыла нейкаму караімчыку, які з невядомых прычынаў знянацку вярнуўся сюды ажно з Чыкага.

Больш за іншых гэта навіна ўразіла Хроснага.

-- Чакай, чакай, -- былы лідэр чыкагскай бутлегерскай сеткі “Тутэйшыя” нядобра скасавурыўся на фотаздымак у бізнесовым часопісе, -- дык гэта ж… той самы троцкі караімчык! Праўду кажуць: далёка нябёсы, а побач дзівосы! Карацей, капец караімчыку. Цяпер ён са мной да смерці не расплоціцца!

-- Дзядзька Хросны, а нашто ты так шмат грошай яму пазычаў? -- здзівіўся Лабановіч.

-- Ды я з яго не толькі грошы, а і душу выб’ю! -- набычыўся Іван Брыль.

-- А давайце яму крыху яйцы паказычам! -- прастадушна прапанаваў Аянька Кільмандовіч і выцягнуў са стэка-похваў рапіру.

-- Нашто рэзаць курку, што можа несці для нас залатыя яйкі? -- па-жыдоўску разважліва запярэчыў Янкель Фінберг. -- Я ж не дарма ў бібліятэцы нагавіцы праціраў! Як вінен, то дзяліцца мусіць!

Хросны паглядзеў на музыку са шчырай павагай.

-- Малайчына, -- пахваліў ён.

-- Аідышэ копф! -- сціпла пацвердзіў Янкель…

…Наезд на сельтэрскую фабрыку адбыўся наступным днём. Пакалечаных і забітых не было, але агаломшаных хапіла. Варта было былому чыкагскаму мафіёзі з’явіцца ў кабінеце ўласніка вытворчасці, як той заторгаўся, збляднеў, нібыта ўбачыў прывіда, і адразу ўсё зразумеў.

-- Ты прыйшоў мяне забіць? -- злякана запытаўся сельтэрскі фабрыкант.

Хросны нядобра бліснуў вачыма

-- Я прыйшоў, каб распавесці табе адну прыкрую гісторыю. Аднойчы ў Ілінойсе нейкі троцкі караімчык абяцаўся мяне з Карлам Спагеці замірыць, і нават грыны наперад узяў. А сам і мяне, і яго падступна здаў чыкагскім копам. Пэўна, ён думаў, што беларусы на старых чыкагскіх бойнях спярша сіцылійцаў ухойдаюць, а потым шэрыф Сміт-Весон ацалелых на электрычны фатэль выправіць. Так, казёл смярдзючы?

-- Так-так-так… -- зубы казла смярдзючага дробна заклацалі, -- пацаватая гісторыя…

-- Змушаны расчараваць таго троцкага караімчыка. Мы і без яго з панам Спагеці выдатна паразумеліся і нават пасябравалі. Глядзі! -- Хросны распусціў гальштук і выцягнуў з-пад кашулі залаты абразок з выявай Святога Януара -- апекуна злодзеяў з махлярамі.

У кожным аліўкавым воку сельтэрскага фабрыканта адбілася па зіхоткай выяве шанаванага ў гангстэрскім свеце святога. Дрыготкая рука незаўважна пацягнулася да схаванай пад сталом кнопкі выкліка паліцыі. Але ў гэты самы момант у кабінет завіталі хлопцы-янкі -- усе чацвёра.

З-пад пахі Лабановіча пагрозліва выторкваўся даўжэзны більярдны кій.

Брыль красамоўна паляпваў вялізнымі баксёрскімі пальчаткамі.

Кільмандовіч адразу ж выцяў рапірай караімчыка па руцэ і спрытна скіраваў гастрыё між ягоных ног.

Тым часам Фінберг спакойна паправіў сінія бухгалтарскія нарукаўнікі і па-дзелавому бліснуў шкельцамі акуляраў:

-- Падпісвай, поц! -- на стол уласніка вытворчасці лёг стос дакументаў, паводле каторых фабрыка пераходзіла пад поўны кантроль Хроснага і яго памагатых.

Караім зацкавана зірнуў на дзіўных візіцёраў і без ваганняў падпісаў усе паперы. Блізкае знаёмства з новай гангстэрскай групоўкай жахлівага Хроснага падалося яму празмернай платай за сціплую спробу супраціву. Праз колькі часу грамада ўжо аглядала прыўлашчаную фабрыку.

Па бясконцай гумовай стужцы транспарцёра з сумнай аднастайнасцю плылі роўныя шэрагі зеленкаватых бутэлек з каламутным напоем. Дробныя бурбалкі зіхацелі ў электрычных промнях. Этыкетачная машына нястомна пляскала на бутэлькі чырвоныя наклейкі “Кoła kresowa”.

-- Ну, і чым ты, басурманін, тутэйшы люд труціш? -- былы чыкагскі бутлегер з прафесійнай дасціпнасцю вывучаў на этыкетцы складнікі напою, -- “бензанат і глюканат натру”, “кіслата цытрынавая”, “двухвокіс вуглероду”, “экстракт кокі паўночна-амерыканскай”…

-- Народу ж падабаецца… -- няпэўна пракаментаваў караімчык.

-- У народа заўсёды павінен быць выбар! -- у голасе Хроснага загучалі металёвыя ноткі. -- Бо без сапраўднага выбару народ наўрад ці здолее зразумець, што яму сапраўды да спадобы, а што не вельмі.

-- Калі няма выбару, people заўсёды хавае той shit, які яму даюць! -- падтрымаў былы настаўнік.

-- Нічога, хлопцы! -- пасміхнуўся былы чыкагскі бутлегер. -- Мы наладзім тут новую вытворчасць. І што характэрна, выключна з беларускай натуральнай сыравіны!

-- Ды якая тут можа быць сыравіна? -- крыху з’едліва пасміхнуўся былы ўласнік фабрыкі, -- хіба ў беларусаў калі што сваё было?

-- Слухай, мудзіла! А як наконт горкага яблыка? -- нядобра прымружыўся Лабановіч і па зніякавелых вачах былога гаспадара вытворчасці беспамылкова зразумеў, што абраў правільны шлях.

5.

Касцяны шарык дробным гарохам праскакаў па лічбах рулеткі і, нарэшце, зацвердзіўся на лічбе “17”. Лапатка круп’е паважна адсунула высокія слупкі фішак да края стала. Звяружны волат са свежымі хірургічнымі швамі на твары неадкладна згроб іх у модны фетравы капялюш. З-за яго пляча вытаркнуўся тыпова чакісцкі твар, узбагачаны індывідуальнай адметнасцю -- бліскучымі жалезнымі зубамі.

-- Колькі, таварыш Баян?

-- Дзесяць тысяч на круг узялі, як з куста! -- старэйшы чакісты збіў драбінкі паршы з каўнера смокінга і скіраваўся да браніраванай кабінкі касіра, што ўрачыста высілася на пачэсным месцы, не раўнуючы, як касцёльня спавядальня.

-- Табе сёння шэнціць, бы таму сталінскаму сокалу на Халхін-Голе! -- узрадваўся ўладальнік жалезных зубоў.

-- Пра сталінскіх сокалаў ані слова! -- імгненна спахмурнеў таварыш Баян.

Фішкі пасыпаліся на спод у акенцы касіра, і праз хвіліну на іх месца лёг ладны пачак банкнотаў па сто златовак.

Памілаваныя ворагі народа скіравалі да выхаду. Уладальнік навюткіх жалезных зубоў спрактыкавана канваіраваў старэйшага таварыша збоку-ззаду, красамоўна трымаючы руку ў кішэні смокінга. Яго скамянелы твар дэманстраваў гатоўнасць зрабіць друшляк з кожнага, хто паквапіцца на выйгрыш.

Неўзабаве абодва чакістыя стаялі на ганку папулярнага ў Друзгеніках казіно “Мікола Чурлёна”. З кішэняў смокінгаў брутальна тырчэлі рыльцы піўных пляшак.

-- Усё ж такі таварыш Пранік -- сапраўдны чакісты! -- з непрыхаванай павагай засведчыў Баян, -- нездарма прапанаваў нам буржуазнае казіно на грошы выставіць.

-- Па розуме і прапанаваў, -- пагадзіўся ягоны таварыш, выцягнуў пляшку і жалезнымі зубамі скусіў бляшаны корак.

Над цацачнымі Друзгенікамі срэбным пылам зіхацелі зорачкі. У стылай вадзе возера Друзгоня адбівалася нізкае вечаровае неба. Тэатральным ліхтаром ззяў павільён мінеральных водаў. Ад лецішча маршалка Пілсудзкага даносіліся гукі курортнай музыкі, сакавіты смех паноў і буржуазны віскат паненак.

-- Таварыш Баян, а чаго мы ў гэтыя Друзгенікі прыпёрліся? Хіба ў той жа Гародні казіно бракуе?

Баян выцягнуў з рукава смокінга невялікі ладны прыборчык.

-- Партатыўны электрастатычны генератар, -- патлумачыў ён, -- гэта, каб шарык рулеткі на патрэбнай лічбе спыняць. Апошняя распрацоўка сакрэтнай лабараторыі НКВД. Плён творчага генія савецкага народа. Але ўсе гарадзенскія круп’е пра гэты плён генія даўно ўжо ведаюць. Мяне туды нават у смокінгу і цыліндры не пускаюць.

-- Дык ты гэты генератар увесь час пад сталом казіно ў руцэ трымаў? -- кіроўца з павагай узважыў прыборчык на далоні. -- Ён жа, халера, цяжкі.

-- Ад сталінскай навукі мацнеюць розум і рукі! -- павучальна азваўся таварыш Баян.

Па алейках паміж акуратна пастрыжаных кустоў шпацыравалі пекныя паненкі і гжэчныя кавалеры. У паветры луналі водар дарагой парфумы, дым каланіяльных цыгараў, пахі арабскай кавы і французскага каньяка. Чакістыя ў смокінгах мэтанакіравана праціналі плынь бесклапотных курортнікаў, раз-пораз прыкладаючыся да піўных пляшак.

Таварыш Баян дакаўтаў піва і трапна закінуў пляшку ў самы цэнтр клумбы.

-- Счакай, -- папрасіў чакісты, расшпіліў гульфік і рушыў за кусты.

Ён узвышаўся па-над зяленым жываплотам па пояс, нібы бюст правадыра на пастаменце. З-пад куста на алейку паволі нацякала калюжына. Халодныя чакісцкія вочы ўважліва разглядалі шматлікіх буржуазных курортнікаў і курортніц -- ворагаў працоўнага народа.

Знянацку каля чакісцкага вуха прагучала далікатнае:

-- Proszę pana, która godzina jest na pana zegarku?

На алейцы побач з жываплотам стаяла гімназістка ў белай газавай сукенцы. Мілая, як анёлак, і гарэзлівая, як страказа.

Баян таргануўся, выбраўся на алейку і бессаромна ўзяўся зашпільваць гульфік.

-- Знайшла, калі час пытацца! Хіба я на яйцах гадзіннік нашу? -- шчыра здзівіўся ён.

Гімназістку-анёлка нібыта ветрам знесла. Праз секунду яе газавая сукенка палахлівым матыльком трымцела ў канцы алеі.

-- Во, курва белапольская! Можна падумаць, яна слова “яйцы” раней не чула! -- чакісты адкаркаваў наступную пляшку. -- Адразу відаць, што не ў савецкай школе вучыцца!

Калі дайшлі да Нёмана, канчаткова сцямнела. Месяцовая сцежка крышылася хвалямі на дробныя залацістыя змейкі. Стогадовыя сосны на беразе ледзь чутна шаргацелі голкамі. Дробны пясочак зіхацеў пад нагамі бурштынавым пылам. Жалезныя зубы чакістага таямніча блішчэлі ў вільготнай цемры.

З павільёна мінеральных водаў, што свяціўся рознакаляровымі электрычнымі гірляндамі, сыходзілі апошнія наведвальнікі.

-- І што гэтыя буржуі ў мінералцы знаходзяць? -- малодшы чакісты сплюнуў бляшаным коркам у цёмную нёманскую ваду і апетытна прысмактаўся да рыльца.

-- Ды што тая мінералка! -- нарэшце прарвала таварыша Баяна, -- кава з цынамонам, какава з вяршкамі, ананасы ў шампане, мальвазія з сельтэрскай!.. Суцэльная буржуазная адрыжка...

-- Во-во, таварыш Баян! Такое п’юць спрэс рэнегаты і дэгенераты!

Так, пад развагі пра бездухоўную буржуазную культуру і заняпад Еўропы, шчаслівыя чакістыя спусціліся да прычалу. Невялікі, але ладны маторны кацярок пагойдваўся на пругкіх хвалях. Вільготны ветрык халадзіў узмакрэлыя спіны.

-- Лепшае футра -- гэта чакісцкая скуранка! -- таварыш Баян похапкам дастаў з-пад сядзення звыклую чакісцкую вопратку і надзеў яе паверх смокінга.

-- А лепшая рыба -- гэта ёрш! -- змоўніцкі падміргнуў маладзейшы таварыш, выцягнуў са схованкі літруху “крамлёўкі” і набулькаў гарэлку ў недапітае піва.

Рухавік кацера спорна загрукацеў, нібы буйнакаліберны кулямёт. Чорныя лакавыя хвалі звіліся ўздоўж бартоў. Прычал паволі аддаляўся. Ліхтары на алейках падаваліся цяпер каламутнымі жоўтымі дзьмухаўцамі з бялявымі жарынкамі ў сярэдзіне.

У Нёман паляцела чарговая пляшка з-пад піва. Прыкметна сп’янелы кіроўца ўчапіўся ў румпель. Таварыш Баян выпрастаў антэну рацыі.

-- “Халодная галава”, “Халодная галава”. Вас выклікаюць “Доўгія рукі”... Таварыш Пранік, дакладаем аб узорным выкананні задання. Дзесяць тысяч злотых толькі што экспрапрыіравалі ў эксплуататараў. Па дарозе правялі палітыка-выхаваўчую размову з несвядомай буржуазнай гімназісткай. Вяртаемся на базу.

-- Добра, -- пачуўся з навушнікаў голас таварыша Праніка, -- дадзенымі мне паўнамоцтвамі партыя і ўрад нездарма захавалі вам жыццё! Да сустрэчы, дарагія таварышы!

Не паспеў таварыш Баян схаваць рацыю, як з-за цёмнай выспы выплыла нейкая дзіўная спаруда. Старэйшы чакісты ўзняў артылерыйскі бінокль і прымружыўся. Па рачной плыні няспешна шлёпаў водны ровар-катамаран. З паўцемры прамалёўваліся дзве мужчынскія постаці.

Кіроўца на карме ўзварухнуўся і запаліў пражэктар. Жоўты прамень бязлітасна расцяў вільготную нёманскую цемру. У драўляных фатэльчыках сядзелі і круцілі педалі два дзіўныя фацаты ў светлых летніх фрэнчах. Гэта былі тыя самыя раварыстыя, якіх таварыш Баян і кіроўца ўжо бачылі на гарадзенскім гасцінцы. Гідкі рабы вусач з люлькай у зубах нешта ласкава тлумачыў хударляваму псіхапату з нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі.

Ветрык даносіў да чакісцкіх вушэй шматкі рэплік:

-- ... я ж лучшы друг савецкіх фізкультурнікаў, таварыш Адзік!..

-- ... я-а, я-а, геносэ Юзік. Спорт -- юбер алес!..

Чакістыя перазірнуліся.

-- І хто гэта такія? -- пасуворыў таварыш Баян, -- мо, ворагі народа?

-- Трэці раз іх бачым на нашай спрадвечна савецкай зямлі, часова акупаванай пілсудчыкамі! -- нагадаў кіроўца.

-- Цяпер і на вадзе... -- удакладніў старэйшы чакісты і з пралетарскай непасрэднасцю прапанаваў: -- а давай іх патопім!

-- Нашто? -- ужо пасміхаўся малодшы калега.

-- А проста так! Каб не сноўдаліся! Ездзяць тут, плаваюць... Бы тыя мандавошкі.

Рухавік драпежна загырчэў на поўных абаротах, і смярдзючы выхлап нізкім туманам папоўз па-над Нёманам. Кацер прыўзняўся ў вадзе і дробна закалаціўся. Доўгі пенны шлейф зманліва заззяў у месяцовым святле, і вялізная хваля ўпэўнена пакацілася на катамаран. Абодва вусатыя дзядзькі незадаволена зірнулі на нахабаў.

-- Глядзі, глядзі! Зараз кульнуцца і на дно пойдуць! Рыбаў і ракаў карміць! -- шчасліва крыкнуў таварыш Баян.

Але ўстойлівы катамаран адно пругка хіснуўся на дзюралевых паплаўках, і водныя раварыстыя зноў спакойна закруцілі педалі. Імклівая нёманская плынь панесла водны ровар да прычалу.

Учэпістыя погляды чакістых прыкіпелі да іх, рыхтык, зенітныя пражэктары да варожага самалёта.

-- Адзін, здаецца, знаёмы, -- намысліўся таварыш Баян, -- пэўна, вораг народа, які з расстрэльнай дзялкі ў Курапатах уцёк. А, мо, і не ён...

-- Ды абое -- рабое! Рэнегат і дэгенерат! -- пераканана засведчыў кіроўца.

Кацер крутануўся, гумовым мячыкам падскочыў на хвалі і імкліва паляцеў наўздагон. Рухавік ледзь не захлынаўся. Але чакістыя ўсё адно прыйшлі другім нумарам. Навязаны катамаран ужо пагойдваўся каля прычала. Вусатыя дзядзькі, па-сяброўску абняўшыся, крочылі па дашчаным памосце нага ў нагу.

Таварыш Баян рашуча ўскочыў на дошкі і выцягнуў маўзер.

-- Імем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, стаяць! -- азартна загадаў ён. -- А ну стаяць, сукі, каму сказана!

Вусатыя дзядзькі прыпыніліся і спакойна азірнуліся. Баян кінуўся да іх з маўзерам напагатове. Кіроўца развярнуў сляпучы пражэктар.

Ледзьве таварыш Баян разгледзеў рабы твар вусача, яму падалося, нібыта перад кожным вокам выбухнула па сонцу. Пашчэнкі гучна ляснулі. Спіна пад смокінгам імгненна змакрэла. Чакісты бухнуўся ў ногі. Здавалася, яшчэ крыху -- і ён стане на карачкі, каб дадаць сваёй паставе яшчэ больш вінаватай сабачай адданасці.

-- Прабачце, калі ласка, -- прыніжана заскуголіў таварыш Баян, -- мы ж вам проста грошыкі аддаць хацелі! Мы іх у эксплуататараў працоўных масаў экспрапрыіравалі! Вось, вазьміце! Ад шчырага сэрца! На танкавую калону! На новы бронецягнік! На калючы дрот вакол усёй Беларусі! На парашуты… для нашых пажарных вежаў!

Рабы вусач зацікаўлена паглядзеў на ахвяравальніка, шчыра адданага партыі і ўраду. Псіхапат з тэатральнымі вусікамі знізаў плячыма і нічога не адказаў.

Дрыготкой рукой чакісты выцягнуў з унутранай кішэні смокінга пачак банкнотаў і жэстам Данка, які выдзірае сваё сэрца, працягнуў рабому. Вочы таварыша Баяна баязліва заплюшчыліся. На паратунак ён ужо не спадзяваўся. Рабы вусач нетаропка пыхнуў люлькай, узяў грошы і паблажліва пасміхнуўся ў пракураныя вусы.

Калі таварыш Баян нарэшце рызыкнуў крыху расплюшчыць адно вока, дык убачыў, як абодва дзядзькі няспешна шпацыруюць па алейцы. Светлыя фрэнчы люмінісцэнтна ззялі ў промні пражэктара.

З канца алейкі даляцела:

-- ... трыумф волі, таварыш Адзік!..

-- ... НКВД. Дас іст зэр гут, геносэ Юзік!..

Таварыш Баян так і застаўся стаяць на карачках з вырачанымі вачыма ды разяўленым ротам.

-- Хто гэта быў? -- кіроўца безвынікова спрабаваў паставіць камандзіра на ногі, ці хаця б укласці яму ў руку маўзер, -- ты што, ім усе грошы аддаў? А што мы скажам таварышу Праніку?

-- Мы правадыроў бачылі! -- ціха прастагнаў таварыш Баян. -- Жывых!

-- Цуд над Нёманам… -- разгублена прамовіў кіроўца.

Старэйшы чакісты малітоўна схіліўся да дошак памосту і дрыготкімі вуснамі прыклаўся да месца, дзе толькі што стаяў рабы вусач.

-- Я верыў, што гэты дзень калі-небудзь настане! -- пранікнёна прамовіў ён. -- Я ўсё жыццё пра гэта марыў! Я ж… гэтымі вачыма яго бачыў і гэтым ротам з ім гаварыў! Я пра гэта пасля Сусветнай Рэвалюцыі дзецям і ўнукам расказваць буду... Як дажыву, вядома.

6.

Кватэра Мурашовай магла бы ўсцешыць антыквара-старэтніка і шмат чаго патлумачыць паслядоўніку Фрэйда.

Начынне міжволі ўваскрашала ў памяці класічны асацыятыўны шэраг: “будуар”-“пеньюар”-“самавар”. На выцвілых шпалерах пашыхтаваліся партрэты далёкіх і не вельмі далёкіх продкаў графіні: хана Батыя, Малюты Скуратава, Аляксандра Суворава і Ўладзіміра Пурышкевіча. Мурашоў-вешальнік у залачонай раме ракако займаў ледзьве не паўсцяны. На каміннай паліцы фалічнымі сімваламі ўзвышаліся матрошкі з тварамі гасудароў-імператараў. Пачварных памераў карціна “Апрычнікі на прывале” пагрозліва навісала над канапай. З грамафоннай трубы цурчэў дэкадэнцкі тэнар Вярцінскага. А на камодзе, пад партрэтам Рыгора Распуціна, красаваўся празрысты цыліндр памерам з самавар. У каламутным спірце за шклом плавала нешта доўгае і агіднае.

Некалькі хвілін Мурашова недаверліва касавурылася на госця свайго смяротнага ворага. Але неўзабаве здолела адшукаць вартае, на яе думку, тлумачэнне позняму візіту.

-- Вы што, малады чалавек, прыйшлі заляцацца да самотнай удавы? -- зморшчаны, нібы дуля, тварык гарэзліва пачырванеў, павекі цнатліва апусціліся. -- Як гэта рамантычна! Адразу згадваецца маладое і брыдкае. Памятаю, у Смольным інстытуце заляцаўся да мяне дворнік -- грубы валасаты мужчына…

Пярдолэк стрымана кашлянуў і шоргнуў ботам. Графіня выглядала абсалютна неадэкватна. Скукожаны твар набыў нечаканы зямлісты колер, сетка маршчынаў на шчоках нагадвала расколіны на пасохлых градах. Шкляныя вочкі ззялі панурай агрэсіяй, нібы вуголле праса. Пэўна, так выглядаў Іван Жахлівы адразу пасля забойства свайго сына.

Соф’я Уласьеўна рашуча пасунулася да Янукевіча, і гэта прымусіла яго інстынктыўна адступіць на крок.

-- Я прыйшоў дапамагчы вам, -- душэўна вымавіў Пардолэк і баязліва абцёр плячыма шаплеры.

-- Я адразу зразумела, што вы наш малодшы брат-беларусец! -- прыязна ашчэрылася графіня. -- Спадзяюся, вы ўжо паспелі прасякнуцца веліччу месіянскай культуры нашай агульнай Матухны-Расіі?

З грамафоннага раструбу пачулася:

Королева играла на башне Шопена,

И, внимая Шопену, полюбил ее паж.

Страшнае слова “Шапэн” прымусіла былога бяроз-картузскага жандара баязліва здрыгануцца. Ён разгублена пашукаў вачыма па сценах і перажагнаўся на партрэт Распуціна.

-- Сапраўды, культура расейскага народа-баганосца -- самая культурная і баганосная ў свеце! -- голас Пярдолка сцішыўся да змоўніцкага шэпту. -- А вось пан Хапернік са сваёй нацыянальнай пакрыўджанасці вам усім зайздросціць… і таму, сударыня, зычыць вам смерці!

-- Быў бы жывы мой дзед! -- Мурашова красамоўна зірнула на дагератып генерал-губернатара. -- Ён бы ўжо даў прасрацца ўсім гэтым бунтаўшчыкам! Ён бы вас, малодшых братоў, вызваліў бы! З такой асалодай вызваліў бы!

-- Я мужык-беларус, пан касы і сахі, -- прыніжана пацвердзіў сірата і падаў гаспадыні скрадзеную картку Дэфензівы. -- А вось пан Хапернік збіраецца замовіць ёй вашае забойства. Але ж, калі вы здолееце яго апярэдзіць…

Соф’я Уласьеўна хуценька прабеглася вачыма па асабістай справе Эміліі Вастрабрамскай.

-- “Беларуская адраджэнка”... -- нафарбаваныя вусны рускай графіні з’едліва варухнуліся, -- выдумалі ж такую нацыю -- “беларусы”!

-- Але толькі яна і можа даць вам рады, -- са змоўніцкім азартам шаптаў Янукевіч. -- Праўдзівая партызанка. Бачыце, што тамака напісана? “Трапная снайперка -- надзея беларускага народа!” З пшэкамі амаль пятнаццаць гадоў ваюе. Ёй асадніка забіць, што майму старэйшаму рускаму брату гранчак гарэлкі раніцаю выжлукціць!

Нечакана з-пад высокай столі пачулася:

-- Гарэлкі!.. Гарэлкі!..

Вялізны стракаты папуга зляцеў на камод і пасунуў дзюбай накрыўку шклянога цыліндра з дзіўным змесцівам.

Графіня падхапілася і прыкрыла сабой шкло, не раўняючы, як тая курка, што бароніць цыплянятаў ад злодзея-коршака.

-- Манамашанька, ну колькі разоў табе трэба казаць, -- з настаўніцкай інтанацыяй прамовіла яна, -- гэта вялікаруская нацыянальная рэліквія! Распуцін -- наша ўсё!

-- Грыша харошы!.. Грыша харошы!.. -- лісліва падхапіў прысаромлены хабёл, але ж працягваў касавурыцца на дзіўную нацыянальную рэліквію, што плавала ў спірце.

У алькове стаяла вялізная клетка. Безумоўна, яна прызначалася для папугі, хаця тамака магла змясціцца і сама графіня. Соф’я Уласьеўна абачліва сунула птушку за краты і завесіла клетку пледам.

-- Дабранач, Манамашанька! Хай табе сасніцца, як ты Бялага Ожэла гвалціш! А будзеш сябе добра паводзіць, дазволю заўтра ў горад на блядкі злётаць!

Мурашова змяніла ў грамафоне плытку і яшчэ раз уважліва перачытала картку Дэфензівы.

-- Калі вораг не здаецца, яго знічтажаюць! -- вынесла яна канчатковы прысуд.

-- А калі здаецца, яго і пагатоў знічтажаюць! -- слушна нагадаў былы жандар.

-- Вялікая Расія, а ісці няма куды!

Гаспадыня выцягнула з рыдыкюля цяжкую пудраніцу і нецярпліва адшчоўкнула срэбную накрыўку з манаграмай. На чорны вініл пласцінкі пілавіннем пасыпаўся таямнічы бялюткі парашок.

Грамафонны дыск круціўся з нязменнай хуткасцю семдзесят восем абаротаў у хвіліну. З масянджовага раструбу лілася вычварная мелодыя з сімфанічнай “Паэмы экстазу” Скрабіна, перакладзенай для ансамблю балалаечнікаў. Соф’я Уласьеўна нязрушна стаяла каля грамафона. З носу графіні выторквалася доўгая срэбная трубачка, другі канец якой яна скіроўвала да пасыпанай парашком грамафоннай плыткі. Мяккі губчаты нос прагна шморгаў. Неўзабаве зямлісты твар Мурашовай паружавеў, і зрэнкі заззялі жыццёвай сілай.

-- Не ведаю, як у вас у Расіі, але ж нас цукровай пудрай звычайна белыя блінцы пасыпаюць… -- разгубіўся Пярдолэк.

І тут з-пад пледа, які ляжаў на вялізнай клетцы, прагучаў траскучы голас Манамаха:

-- Какаін!.. Дэкаданс!.. Народнасць!.. Распуцін!.. Ад рана да рана!..

Гэтая бездухоўная рэпліка змусіла таргануцца нават амаральнага сіротку Пярдолка.

-- Ну проста цырк на дроце! -- уражана прашаптаў ён. -- Я пра гэта калі-небудзь дзецям і ўнукам раскажу. Але ж, баюся, ніхто не дасць мне веры, што такое было!

7.

Перамогу над троцкім караімчыкам Хросны з хлопцамі вырашылі адсвяткаваць неадкладна. Іншае развіццё падзей падалося б ім ненатуральным.

Але цётка Эмілія нечакана адмовілася браць удзел у банкеце, спаслалася на занятасць. І, сапраўды, час маці Хроснага быў распісаны літаральна па хвілінах. У кватэры раз-пораз з’яўляліся розныя каларытныя асобы: ад галоты з Пярэспы да лідэраў беларускіх палітычных партый. Пасля такіх візітаў Вастрабрамская звычайна сыходзіла мінімум на паўдні.

-- Вы ж хлопцы дарослыя, так што і без мяне пагуляеце, -- пасміхнулася Вастрабрамская. -- Піце, але без фанатызму. Да мудзілаў не чапляйцеся, а, як самі прычэпяцца, то больш за пяць рэбраў ім не ламіце. Гузікі з мундзіраў паноў жандараў не адрывайце, а як будзеце адрываць, то не больш за палову. Да дзевак не заляцайцеся, а як станеце заляцацца, то будзеце мець справу са мной.

-- А якія тут дзеўкі? -- у валошкавых вачах Лабановіча мільганула шчырая зацікаўленасць.

-- Горад над Нёманам багаты на розныя цуды, -- загадкава патлумачыла цётка Эмілія. -- У вас яшчэ будзе нагода ў гэтым пераканацца. Можа, нават, і сёння. А цяпер -- прабачце. У мяне дзелавая сустрэча ажно з двума мудзіламі, мужчынскага і жаночага полу. А потым -- на вакзал, віленскі цягнік сустракаць.

Хросны і яго маладыя хаўруснікі пагулялі сціпла і з густам. Шквірчэла шкварка, звінела чарка, пранікнёна спявала Янкелева скрыпачка, а беларускае сала надавала французскаму шампану асаблівы водар і непаўторны смак. Янка, які разліваў спіртное па фужэрах грамады, кожным разам прапаноўваў адзін і той жа тост:

-- Ну што, сябры… За апошні наезд на Літве!

-- А хто табе сказаў, быццам наезд на фабрыку троцкага караімчыка маецца стаць на Літве апошнім? -- штораз пярэчыў былы чыкагскі бутлегер. -- Мяне маці з дзяцінства вучыла -- ніколі не прамаўляй слова “апошні”, кажы “астатні”. Што ў нашым жыцці апошняе, то адзін Пан Бог ведае!

-- Дзядзька Хросны, а чым твая маці займаецца? -- пацікавіўся жыд-музыка, калі шампан скончыўся, а хлопцы перайшлі на больш звыклую гарэлку.

-- Мая маці -- адданая беларуская адраджэнка! -- не без пыхі прамовіў беларускі мафіёзі.

-- Адраджэнства -- гэта яшчэ не прафесія! -- слушна нагадаў былы настаўнік.

-- Гледзячы, што лічыць адраджэнствам, -- пасміхнуўся Хросны. -- У нашым краі вось ужо колькі гадоў пануюць туга і меланхолія. Грамадства не верыць, што можна нешта змяніць да лепшага. Вось маці і адраджае ў народзе надзею!

-- Мудзіл на горкі яблык збівае? -- здагадаўся Янка Брыль.

Хросны пасміхнуўся ласкава.

-- Не толькі збівае… І не яна адна. У маці ўжо і здольная гадаванка падрасла! Такая паненка вабная! Быў бы я маладзейшы -- закахаўся б у яе без ваганняў!

Цётка Эмілія вярнулася позна, калі хлопцы ўжо парадкавалі посуд. І яе словы наконт цудаў у горадзе над Нёманам нечакана спраўдзіліся. З-за шырокай спіны беларускай адраджэнкі сарамліва пасміхалася прыўкрасная мулатка.

Яе твар, постаць і ўсё астатняе было вабным. Янка Лабановіч зірнуў на дзяўчыну і зразумеў -- гэта лёс.

Вялікія пукатыя вочы цемнаскурай панначкі ззялі ганарлівай наіўнасцю маладосці. Постаць уваскрашала ў памяці старадаўнія фрэскі італьянскіх майстроў у яблонаўскім кляштары. Бездакорныя клубы пад ядвабнай спадніцай дрыготка адгукаліся на кожны рух.

Хлопцы глядзелі на мулатку, нібы артысты лялечнага тэатра Карабаса Барабаса на Мальвіну, якая нарэшце вярнулася з працяглых гастроляў. Але ж ніхто не наважваўся парушыць урачыстую цішыню.

Першым не стрываў Лабановіч. Ён асцярожна падаўся да дзяўчыны і ўважліва ўгледзеўся ў ейны твар. Цемнаскурая панначка выклікала ў яго напаўзабытыя шчымлівыя ўспаміны. На донцах Янкавых вачэй імкліва пракручваліся дзіцячыя хронікі Школы Падставовай. Ён глядзеў на мулатку, мо, з хвіліну, але ж так і не здолеў згадаць, чаму смуглы тварык падаецца яму знаёмым і амаль родным.

Панначка гарэзліва пасміхнулася і зрабіла кніксен. Ружовыя далонькі гулліва зрушылі прыпол.

-- Дупа... -- нарэшце згадаў Лабановіч.

-- Шакаладная... -- працягнуў Кільмандовіч.

-- Як бульба, што ў нашай Яблонаўшчыне пражаць... -- удакладніў Брыль.

-- Дык гэта ж Ісабэль, тая самая, што ад пагромнікаў уцякла!.. -- канчаткова пазнаў Фінберг.

-- Хлопцы, вы на мяне не забыліся! -- узрадавалася мулатка і пачырванела, наколькі дазволіў колер скуры.

-- Хіба на вечар той можна забыцца? -- пранікнёна вымавіў Янка, -- у цябе ж такая цудоўная шакаладная дупа!

-- Дык вы знаёмыя з маёй вучаніцай? -- шчыра здзівілася Эмілія Вастрабрамская. -- А я яе з кармеліцкай Школы Падставовай яшчэ ў дваццаць сёмым годзе забрала. Замест сына, які без майго дазволу ў Амерыку з’ехаў!

-- Яшчэ як знаёмыя! -- вочы былога настаўніка нахабна бліснулі. -- Ісабэль нам у сёстраў-кармелітак такі цырк на дроце паказвала!

-- Памятаю, яна нам яшчэ тое-сёе абяцалася паказаць! -- зацікаўлена нагадаў Аянька.

-- Хай гэта застаецца нашай маленькай таямніцай, -- мулатка дыпламатычна пазбегла ўдакладнення, -- ці памятае грамада нашыя дзіцячыя клятвы?

-- Галоўнае, каб усё было па справядлівасці!.. -- дакляраваў жыццёвую праграму Лабановіч.

-- Дзякуй, хлопчыкі, -- прамовіла Ісабэль, і яе прыўкрасныя вочы заззялі шчырым сантыментам. -- Мы, беларусы, мірныя людзі. Але ж цётка Эмілія навучыла мяне не толькі любові да Радзімы, а і нянавісці да размаітых мудзілаў. Як яны словаў людскіх не разумеюць, я іх швайкамі дрэсірую.

-- Няўжо на бойнях працуеш? -- не паверыў Іван.

-- Зараз усё самі зразумееце! -- цемнаскурая панначка зрабіла запрашальны жэст да дзвярэй бакоўкі.

Інтэр’ер і начынне пакойчыка Ісабэль на першы погляд аніякім чынам не стасаваліся са светлымі ідэямі беларускага адраджэнства.

Каля сценаў высіліся контурныя мішэні размаітых мудзілаў: варшаўскага асадніка, мінскага чакістага і ковенскага жмудзіласа. Позірк міжволі вабіла і мішэнь у традыцыйным стройчыку ку-клукс-кланаўца.

У стойцы, нібыта парадная зброя, шляхотна блішчэла цэлая калекцыя шваек. Танюткая, нібы шпілька, шваечка з маціцовым, інкруставаным срэбрам дзяржальнам, пэўна, прызначалася для парсючка-немаўляткі.

Металёвы стрыжань традыцыйных памераў і кшталту прыдаўся б і на класічнага беларускага кныра, і на сярэднестатыстычных габарытаў мудзілу. Вялізная, як дзіда, швайчуга гарантавала імгненную загібель нават казачнаму цмоку.

А над куфэркам пачварных памераў і загадкавага прызначэння стракацела цыркавая афіша:

CUD NAD NIEMNEМ!

АДЗІНАЯ ІМПРЭЗА Ў НАШЫМ ГОРАДЗЕ! ПРАЕЗДАМ З ЛУІЗІЯНЫ! ЗНАКАМІТАЯ ПАГЛЫНАЛЬНІЦА ШВАЕК ІСАБЭЛЬ КАРВАЛЬЕС! СМЯРОТНЫ АТРАКЦЫЁН -- РАСПІЛОЎВАННЕ ЖЫВОЙ ЖАНЧЫНЫ БЕНЗАПІЛОЙ І ДРЭСІРАВАНЫЯ МУДЗІЛЫ!

Пад кідкім рэкламным надпісам чарнела выява Ісабэль. Цемнаскурая акцёрка рухам антычнага героя-алімпійца ўздымала па-над галавой даўжэзную швайку-дзіду. Каля драўлянага шчыта стаяў пераляканы мудзіла з горкім яблыкам на галаве.

-- Дык ты ў цырку выступаеш! -- узрадваўся Лабановіч. -- Як жа гэта спалучаецца? Любоў да Радзімы і дрэсіроўка мудзілаў швайкамі.

-- Самым непасрэдным чынам, -- сур’ёзна адказала Карвальес. -- Хлопчыкі, праз тыдзень у нас адкрыццё сезона. Я з новым нумарам выступаю. Так што запрашаю. Усё і пабачыце!

Пранізлівы тэлефонны зуммер на калідоры перапыніў размову маладых патрыётаў. Усе міжволі сцішыліся.

-- ... пан Хапернік, мы ж з вамі сёння ўжо гаварылі на гэты конт! -- сакавітым барытонам мовіла ў трубку Эмілія Вастрабрамская. -- Так, згодная з панам, і польскія вялікадзяржаўнікі, і маскальскія шавіністы мне аднолькава недаспадобы. Але пан генерал яшчэ і вычварэнец!.. Як гэта які? Самы гнюсны на ўсіх Крэсах Усходніх. Пан сам ведае, за чым падглядае, але дзяўчатам за гэта ані шэляга меднага не перападае... Ад каго дазналася? Ды ад графіні!.. Не, не і яшчэ раз -- не! Яна да мяне раней за пана завітала... Ну, пан генерал, не трэба так плакацца! Мы, беларускія нацыяналісты -- людзі гжэчныя, а таму папярэджваю: неўзабаве пана астранома чакае прыемная неспадзяванка. Як кажуць у народзе: “пшэцкія бобікі, рыхтуйце сабе гробікі”, -- прыязна пасміхнулася беларуская адраджэнка і паклала трубку.

Ісабэль вытаркнула са стойкі самую танюткую шваечку і асцярожна правяла па гастрыю наманікюраным пазногцем.

-- Матчын дар, -- задуменна прамовіла яна. -- Вось і нагода пераканацца, як праца ў цырку спалучаецца з дрэсіроўкай мудзілаў швайкамі, -- досыць няпэўна пракаментавала яна тэлефонную размову Эміліі. -- Хлопчыкі, як вы мне дапаможаце, дык на ўласные вочы тако-ое пабачыце!

8.

-- Значыцца, вы яго на ўласныя вочы бачылі? -- зляканым шэптам спытаў камандзір чакісцкай групоўкі “Халодная галава” і разгублена паглядзеў на таварыша Баяна з кіроўцам.

-- Вось гэтымі вачыма яго бачыў і вось гэтым ротам з ім размаўляў! -- аддана пацьвердзіў чакісты, і свежыя хірургічныя швы на ягоным твары ажно збялелі ад успамінаў.

-- З ім яшчэ адзін вусаты правадыр быў, -- кіроўца шчоўкнуў жалезнымі зубамі, бы той ваўкалак.

Некалькі хвілін таварыш Пранік маўчаў. У ягоных плоскіх сталёвых вачах, падобных да стаматалагічных люстэрак, адбівалася ліхаманкавае мысленне. Нават у паўцемры вялізнага кіраўнічага кабінета савецкага консульства было відаць, што вытанчаны твар садыста счырванеў, бы пралетарскі сцяг. Дрыготкія пальцы расшпілілі каўнер -- чакістаму падалося, што той сабачым ашыйнікам сціскае горла.

-- Што рабіць, што рабіць… -- доўгія дагледжаныя пальцы таварыша Праніка бязладна зашамацелі паперамі. -- Ажно маўзер апускаецца і гарэлка не бярэ! Баюся, што ён да нас чысткі прыехаў ладзіць. Ворагаў на палітычных працэсах выкрываць!

-- Дык хіба мы зноў ворагі народа? -- крыху няўпэўнена запярэчыў таварыш Баян.

-- Партыя і ўрад самі прызначаюць сабе ворагаў! -- пасуворыў таварыш Пранік.

-- А як гэта? -- не зразумеў кіроўца.

Камандзір чакісцкай групоўкі “Халодная галава” разгублена падняўся з-за стала памерам з чвэрць футбольнага поля і падаўся на гаўбец. Яму відавочна не ставала паветра. Падначаленыя баязліва пасунуліся следам.

-- Як, як… -- таварыш Пранік нервова шчоўкнуў партцыгарам і задыміў “Беламорынай”. -- Проста. Спярша адказныя таварышы паслухмяна выконваюць усе загады партыі і ўрада. Потым таварышы сталеюць, тлусцеюць і ўдаюць, што маюць нейкія заслугі. Тады гэтых таварышаў прызначаюць ворагамі народа, неадкладна выконваюць і на іх месцы ставяць другіх, больш маладых, галодных і адказных таварышаў. Праз некаторы час і гэтыя таварышы сталеюць, тлусцеюць і ўдаюць, нібы маюць нейкія заслугі. Тады гэтых таварышаў таксама прызначаюць ворагамі народа, неадкладна выконваюць, а на іх месца… Гэта і ёсць аснова нашай кадравай палітыкі.

-- Кадры вырашаюць усё! -- аддана адгукнуўся таварыш Баян.

-- Вучэнне Леніна-Сталіна ўсемагутнае, таму што яно вернае! -- пацвердзіў кіроўца.

Таварыш Пранік абапёрся на парэнчы, прыклаў руку брыльком да лоба і задуменна зірнуў на гарадзенскі краявід.

На Раскошы панавала летняя раніца. Спякотнае сонца ламілася ў высокія нябёсы. Уладальнікі кавярняў і рэстарацыяў развешвалі над вокнамі маркізеты. Расчырванелыя ад гарачыні паненкі абмахваліся веерамі, і кавалеры шляхотна распускалі над іх галовамі ядвабныя парасолькі. Двое хаблоў з піўнымі пляшкамі засяроджана лічылі дробныя грошы перад уваходам у платную прыбіральню. Пажарная вежа пагрозліва вытыркалася з-за сінагогі.

-- Значыцца, ты яму грошы на парашуты для пажарных вежаў аддаў? -- удакладніў таварыш Пранік.

-- Так! -- пацвердзіў таварыш Баян.

-- Справядлівае і вельмі своечасовае рашэнне! -- ацаніў старэйшы чакісты.

-- А што цяпер? -- нагадаў пра сваё існаванне кіроўца.

-- Карацей, дарагія таварышы, слухайце ўважліва, -- да камандзіра чакісцкай групоўкі “Халодная галава” нарэшце вярнулася заўсёдная вытрымка. -- З сённяшняга дня выхад у горад толькі па адпускных пасведчаннях. Далёка не адыходзіць, бо спецсігналу не пачуеце. Тры ўдары кавадлам па рэйцы азначае, што вы неадкладна павінны вярнуцца, каб канспектаваць правадыроў і заснавальнікаў. Ужываць спірытусовыя напоі катэгарычна забараняецца. Нападпітку нават чакісты можа пацалавацца з класавым ворагам! Полавых стасункаў з палітычнымі прастытуткамі з Раскошы не мець! Але гандоны насіць з сабою абавязкова!

Чакісты з жалезнымі зубамі зацікаўленым позіркам праводзіў ладную паненку пад балконам.

-- Як жа нашы савецкія людзі памнажацца будуць, калі без полавых стасункаў? -- шчыра разгубіўся ён.

-- Як, як?.. Як камуністыя ва ўсім свеце. Метадам перадавога ленінска-сталінскага вучэння! -- сказаў, як абсёк, таварыш Пранік.

Раптам у распаленых сонцам нябёсах усчаліся жахлівыя вэрхал і гвалт. Чакістыя, як па камандзе, ускінулі галовы, і ў вочы ім неадкладна пасыпалася падазроная чорная церуха.

У бясхмарным валошкавым небе, якраз на тле анёлаў-флюгераў езуіцкага касцёла Францішка-Ксаверыя, панічна кідалася чорная раскудлачаная варона. Над ёй, дзяржаўна распрастаўшы сюррэалістычныя вясёлкавыя крылы, кружляў вялізны папуга. Крылаты хабёл непрыхавана мерыўся ўзбіцца на варону проста ў палёце. Тутэйшая птушка ўцякала ад нетутэйшага гвалтаўніка, бы таварыш Тухачэўскі ад пана Пілсудзкага пад Замосцем. Падраненая варона выпісвала ў паветры такія фігуры вышэйшага пілатажу, што чакістыя на нейкі час нават забыліся на рабога вусача, паўторнага з’яўлення якога яны з жахам чакалі.

Зрэшты папуга злаўчыўся, выкруціўся і дзеўбануў гаротніцу ў галаву. Варона, як той Ікар, кульнулася і ўвайшла ў крутое піке. Крылаты нахабнік даў спрытнага нырца следам.

Загрымела бляха, і аднекуль з-за дахаў панеслася:

-- Пярловіца!.. Духоўнасць!.. Блядкі!.. Матухна-Расія!.. Распуцін -- наша ўсё!..

Дзікі крык вароны пацвердзіў, што гвалтаўнік нарэшце дасягнуў жаданай мэты.

Чакісты з жалезнымі зубамі юрліва каўтануў сліну.

-- А вы, таварыш Пранік, кажаце! Маўляў, ніякіх полавых стасункаў. Гляджу я на неба і думку гадаю: чаму я не сокал? Чаму не лятаю?

-- Ты гэта што маеш на ўвазе? -- нядобра прымружыўся суразмоўца. -- Хіба чакісты і камуністы можа ператварыцца ў драпежную птушку? Такая рэакцыйная тэорыя супярэчыць перадавому вучэнню!

-- Сядзелі на дубе два сокалы: адзін -- Ленін, другі -- Сталін! -- цытатай з Купалы заступіўся за калегу палітычна падкаваны таварыш Баян. -- Гэты папуга, як падказвае мне класавае чуццё, з цырку ўцёк, што ў Гародню прыязджае. Я тут днямі афішу бачыў. Таварышы чакістыя… А можа, раварысты ў цырк прыехаў?

-- Чаму ты так думаеш? -- зацікавіўся таварыш Пранік.

-- Цырк -- самае камуністычнае мастацтва з усіх мастацтваў. Я вось і ў мінскім Доме Чырвонай Арміі нават фільм такі бачыў, таксама “Цырк” называецца. Як Любоў Арлова негрыцёнка ратуе…

-- Пэўна, ад белапалякаў? -- спачувальна ўдакладніў таварыш Пранік.

-- А можа, і ад беланеграў. Не памятаю.

Некалькі хвілін камандзір чакісцкай групоўкі “Халодная галава” нервова грыз мундштук “Беламорыны”, нарэшце спытаўся:

-- Магчыма, яго сапраўды цырк зацікавіў. Прынамсі, я гэтага не выключаю. Дарэчы, дарагія таварышы, вы мне казалі, там яшчэ адзін вусаты правадыр быў. Дык што, яны абодва ў цырк пададуцца?

-- Той жа вусаты дзядзька -- лідэр саюзнай дзяржавы! Хіба такі правадыр у цырку не можа з’явіцца? -- слушна азваўся таварыш Баян.

9.

Вялізны залацісты певень узбіўся на плот, энергічна залапатаў крыламі і закукарэкаў на ўсю Пярэспу. Курыны гарэм неадкладна азваўся з дашчанага буданчыка шматгалосым істэрычным лямантам. Дзверы рыпнулі, і з куратніка выйшаў высокі худы жыд у зашмальцаваным лапсердаку, са сцішэлай куркай пад пахай. Дагледжаныя пейсы, што дробна завітымі спіралькамі звісалі з-пад ярмолкі, разгойдваліся пры кожным руху.

Жыд лоўка падхапіў курку за лапы, страсянуў і спрытна прыціснуў раскудлачаную шыю да пасечанай калоды. Сонечны праменьчык прабегся па нагостраным лязе, і сякера трапна цюкнула. Галава з расчыненай у адчаі дзюбай адляцела на ганак.

-- Кыц-кыц-кыц! -- танюткім, нібыта ў кантара, тэнарком паклікаў курыны кат.

Чорны пархаты кот скаціўся прыступкамі, схапіў здабычу і з хіжым гырчэннем пацягнуў яе пад ганак.

Акно сядзібы, што стаяла на падворку, з рыпеннем расчынілася.

-- Дзядзька Навуме! А, дзядзька Навуме! -- паклікаў з акна хлапечы дыскант.

-- Чаго табе, Сруль? -- жыд з безгаловай куркай у руцэ нават не азірнуўся.

-- А Бог, між іншым, усё бачыць! -- з’едліва папярэдзіў хлопчык. -- Мяркуеш, на Боскім Судзе табе не прыгадаюць, што ты сам курку забіў, мінуючы рэзніка?

-- Ша! -- запярэчыў парушальнік жыдоўскіх законаў, -- я -- Навум Фабрыкант! А, значыцца, мне дазволена не толькі куркам галовы рэзаць.

-- Вось-вось. А яшчэ: трэфныя шынкі для тутэйшых гояў адчыняць, з блаславення папскага легата кантрабандным “віна роса” гандляваць, з мінскімі чакістымі шахер-махер мець.

-- Колькі было дзірачак ува ўсёй мацы, якую габрэі выпеклі са дня ўцёкаў з Егіпту і па мінулы Пейсах -- столькі табе прышчыкаў на язык, Сруль! -- добразычліва пажадаў Фабрыкант пляменніку.

-- Дзядзька Навуме, а чаму ты называеш мяне Сруль, а не Ісраэль? -- не здаваўся той. -- Гэта ж ты для мяне такое імя прыдумаў?

-- Скажы яшчэ дзякуй, што Зянонам не назваў! -- пасміхнуўся Навум. -- Не, ну вы толькі паглядзіце на гэтага шлімазла! Імя яму не падабаецца, трэфовыя шынкі вочы муляюць. А маленькі гешэфт, які і я, і Гірша з Моўшам, і нават ты з тых шынкоў маем, таксама не падабаецца?

-- Фуна хазэр гута гор! -- імгненна азваўся маленькі Ісраэль на ідыш, маўляў: ад свінні шчэць мець, і гэта ўжо няблага.

Праз колькі гадзін Навум Фабрыкант заносіў у сталовую ёмістую фаянсавую супніцу. Ён трымаў прыбор урачыста і пераможна, нібы Юдзіф галаву Алаферна. Чароўны пах курынага булёну напоўніў пакой. Навумавы вучні, дваццацігадовыя бейбусы Моўша з Гіршам перазірнуліся, зашморгалі насамі і сінхронна пацягнуліся да лыжак. Маленькі Сруль каўтануў сліну. Пасля кароткай малітвы невялічкі кагал апетытна засёрбаў.

На падворку баязліва забрахаў сабака, бразнуў ланцуг, у акно настойліва пагрукалі.

-- Кушэн тохес! -- сардэчна прапанаваў пацалаваць сваю дупу Фабрыкант-старэйшы. -- Я заняты! Я ем!

Грукат паўтарыўся яшчэ больш настойліва.

-- Можа, гэта паны погромнікі? -- палахліва прыкінуў Моўша.

-- Тады лепш самім адчыніць, -- паспешліва азваўся Гірша.

-- Ісраэльчык! Адчыні, калі ласка, панам пагромнікам, -- загадаў Навум Фабрыкант, у паскораным тэмпе дасёрбаў булён і ўзяўся смактаць косткі.

Ледзь толькі ён зірнуў на бела-русага госця, то зніякавеў. Лыжка дробна зазвінела ў пустой талерцы. Кадык на танюткай шыі заторгаўся параненай птушкай. Спружыны пейсаў ажно выпрасталіся ад жаху. Жоўтыя зубы закусілі губу.

-- Пан Янукевіч... -- прастагнаў гаспадар і зразумеў, што лепш бы да яго завітала хіжая зграя пахмельных чарнасоценцаў, чым гэты страшны чалавек.

Колькі гадоў таму Навум Фабрыкант быў ненадоўга арыштаваны і кінуты ў Гарадзенскі Цэнтрал з-за дробнага непаразумення. Нападпітку ён рабіў абразанне ды крыху перстараўся, і гарадзенскае жыдоўства неадкладна склала на яго скаргу. Жандар Янукевіч, які тады служыў у гарадзенскай вязніцы, здзекваўся з вязня, як толькі ўмеў. Ён падсмальваў яму пейсы, штоноч выводзіў у турэмны двор да шыбеніцы, каб трэніраваўся, а ў апошні дзень нават падсадзіў да яго ў камеру смярдзючага сярлівага кныра.

-- Прывітанне, Навум! -- надзіва спагадліва прывітаўся былы жандар,

-- Ой, каб пан Янукевіч ведаў, як мы тут усе шчаслівыя яго бачыць! -- напружана пасміхнуўся гаспадар. -- Каб пану Янукевічу было сто лят і заможнае жыццё! Хай пан дасць мне свой модны новы капялюшык, я павешу яго на цвік.

Госць без запрашэння падсеў да стала.

-- Як жыццё? Як бізнес? Як твой маленькі Срульчык?

-- Ці ж шмат беднаму габрэю трэба? Кавалак куркі і лусту хлеба! -- Фабрыкант ажно вочы закаціў пад лоб.

Маленькі Сруль, карыстаючыся момантам, без дазволу палез у фаянсавую супніцу.

-- Але ж у цябе ў дадатак да гэтага -- разгалінаваная сетка шынкоў з кантрабандым сіцылійскім “віна роса” і такой жа “крамлёўкай” з Усходу! -- нядобра прымружыўся Пярдолэк.

-- Навуме, а Сруль толькі што скраў дзве нашыя курыныя ножкі з супніцы! -- трагічна залямантаваў Моўша.

-- Ён паводзіць сабе, як праўдзівы гой са Шклова! -- з абурэннем ацаніў Гірша.

-- А я чуў, што ў вашых жыдоўскіх курак ажно чатыры нагі! -- знізаў плячыма Янукевіч, выразна памаўчаў і з храбусценнем укруціў пытанне: -- Дык ты, Навум так і не адказаў мне, нашто табе шынкі? Славянаў спойваць?! На чый млын ваду ліеш, пархаты?! На жмудзінскі?! На бальшавіцкі?!

-- Калі пан жандар сам усё ведае, то нашто пытаецца? -- слушна заўважыў Навум Фабрыкант, -- але справы з кожным годам ідуць горш і горш. Курку цяпер толькі на Шабес і магу сабе дазволіць. І тую крадуць. Цукар стаў несалодкі, вада невільготная, а ў рацэ Нёман звяліся ўсе шчупакі! Я ўжо забыўся, як тая гефельтэ-фіш выглядае! А ў бізнесе дык і зусім усё кепска! Прыходзяць паны асаднікі -- налівай ім задарма! Прыходзяць паны паліцыянты -- плаці ім гатоўкай! А нядаўна нейкая старэча з распаленым прасам прыходзіла, абяцалася мне “рысу аседласці” зрабіць па самыя вокны.

Пярдолэк паблажліва пасміхнуўся. Безумоўна, ён зразумеў, якая “старэча” мелася на ўвазе.

-- Табе яшчэ пашанцавала. Гэта сударыня Соф’я Уласеўна адна, без Манамаха завітала. Той бы табе не толькі пейсы выскуб, але і тое, што ў дзяцінстве не паспелі дарэзаць! А то магу бліжэй пазнаёміць. Хочаш?

Фабрыкант паспешліва заправіў пейсы пад ярмолку.

-- Калі пан жандар прыйшоў, каб тое-сёе з майго гешэфту паймець, то... -- бізнесовец трагічна развёў рукі, -- сам нічога не маю. Хіба, курынага булёну крыху засталося. Калі і гэта не скралі!

-- Я прыйшоў да цябе з канкрэтнай бізнесовай прапановай, -- нечакана прамовіў Пярдолэк.

З гэтымі словамі ён выцягнуў з-за халявы ялавага бота ладны брыкет банкнот па сто злотых. Гэта былі тыя самыя грошы, якія Янукевіч скраў у звяружнага волата-чакістага ў пагромленым шынку “Рыга”.

Навум глядзеў зніякавела. Упершыню яму прапаноўвалі грошы без папярэдніх умоваў. Рука інстынктыўна пацягнулася да златовак.

-- Счакай! -- Пярдолэк апусціў на пачак банкнотаў цяжкую фаянсавую накрыўку супніцы. -- Мы, польскія жандары, грошы проста так не даём.

-- А калі не проста так? -- бізнесовец, як уланскі конь капытамі, біў пазногцямі па накрыўцы.

-- Я прапаную распачаць агульны бізнес, -- нарэшце патлумачыў Пярдолэк, -- давай адчынім з табой рэстарацыю выключна для паноў. Паненкам туды ўваход забаронім, каб нашым крэсовым піякам было дзе ад жонак хавацца. Будзем гандляваць таннай гарэлкай абсалютна легальна і ад рана да рана. У мяне ёсць стартавы капітал, сувязі і імя, у цябе -- досвед і камерцыйныя таленты. Да тваіх запэцканых шмальцам пальцаў грошы самі прыстаюць… Сабакамі не адарваць!

-- Пан жандар пэўна жартуе? -- уздыхнуў уладальнік разгалінаванай сеткі трэфных шынкоў, -- законы Рэчы Паспалітай, халера на яе, не дазваляюць рабіць такое на польскай зямлі. Дзяржаўная манаполія на выраб і продаж моцных трункаў. Амаль напаўсухі закон.

-- Я сам не збіраюся парушаць закон і табе не дазволю, -- павучальна прамовіў былы жандар. -- Толькі хто табе сказаў, што мы будзем гандляваць гарэлкай на польскай зямлі?

-- А дзе? У паветры?

-- У горадзе над Нёманам ёсць яшчэ адна стыхія -- вада! -- пасміхнуўся Пярдолэк.

Янукевіч стрымаў сваё слова. Праз колькі дзён на нёманскіх хвалях, якраз пад Старым замкам, ужо пагойдвалася невялічкая спісаная кананерка са знятым узбраеннем. Энергічны Навум Фабрыкант за суадносна невялікі хабар выкупіў яе ў мясцовым гарнізоне. Д’ябльская прадбачлівасць былога жандара сапраўды дазваляла абысці антыалкагольнае заканадаўства Рэчы Паспалітай, якое абмяжоўвала прыватны гандаль “моцнымі трункамі” адно на зямлі; на іншыя прыродныя стыхіі гэтыя нялюдскія законы не распаўсюджваліся.

Да адкрыцця воднай рэстарацыі заставалася некалькі тыдняў, і праца па рэканструкцыі мілітарнай спаруды ў карысную для грамадства ўстанову ішла паскоранымі тэмпамі. Працавітыя слесары з чыгуначных майстэрняў ад рана да рана акупавалі металёвые чэрава карабля і палубу. З капітанскага мосціка раз-пораз несліся характэрныя воклічы Пярдолка “хам-быдла”. Ляскалі кавадлы, ляцелі жарынкі электразваркі, і пах гарачага жалеза лунаў па-над Нёманам.

Грошы выляталі веерам -- пастаноўка справы вымагала выдаткаў.

Навум, Моўша і Гірша з раніцы і да вечара ездзілі па ўсёй Гарадзеншчыне і скуплялі ў збанкрутаваных асаднікаў размаіты спшэнт: ад сталовых прыбораў да габеленаў і мэблі.

На якарнай лапе сядзеў маленькі Сруль. Ён мачаў у вядро з фарбай шырокі флейц і старанна выводзіў па борце спісанай кананеркі назву будучай рэстарацыі. Згодна з задумай Янукевіча, месца, дзе піякі маглі хавацца ад жонак, мусіла мець адпаведны назоў -- “CUD NAD NIEMNEM”. Праўда, меню яшчэ трэба было распрацаваць, але ж Навум дакладна ведаў, што смажаная птушка зойме ў ім пачэсны радок.

10.

Празрыстая алкагольная кропля павольна выкацілася з навюткага меднага змеевіка і завісла, нібы вагалася: сарвацца адразу ці падгадавацца яшчэ. Але яе ўжо падганялі сотні сёстраў-блізнятак. Імгненне -- і струмок зацурчэў у ёмістую жалезную цыстэрну з надпісам “ГОРКІ ЯБЛЫК”.

-- У Ілінойсе беларусы робяць вось так! -- пасміхнуўся Хросны, спрактыкавана адрэгуляваў венціль, і стрэлка манометра знерухомела. -- Ну што, Янка, каўтнеш?

-- Я свае паўлітры ўжо выпіў, -- шчыра прызнаўся Лабановіч, -- хай іншыя пакаштуюць.

Вось ужо колькі тыдняў фабрыка па вытворчасці сельтэрскай і мальвазіі кантралявалася Хросным ды яго маладымі хаўруснікамі. Былы чыкагскі бутлегер узяўся за справу з амерыканскім размахам і беларускай дасціпнасцю. Некалькі тузінаў гіганскіх самагонных апаратаў, выпісаных ад “General Electric”, няспынна працавалі, вывяргаючы пару. Бураковы самагон прызначаўся для мацавання сока горкага беларускага яблыка. Суадносна невялікі градус новага напою гарантаваў законны абыход дзяржаўнай манаполіі на “трункі моцныя”.

Першыя бізнесовыя штудыі пераўзайшлі самыя смелыя спадзяванні. Мацаванае віно “Горкі яблык” адразу набыло ў краі шалёную папулярнасць. У рэстарацыях на Раскошы чароўны напой падаваўся над назвай “Горкі яблык для асаднікаў”, у кавярнях афіцыянты разносілі пляшкі “Горкага яблыка паспалітага”, у шынках прадмесцяў яго палюбілі як “Горкі яблык для беднай басоты”, а ў гандэлках на Пярэспе карысталася попытам танная версія “Горкага яблыка для хаблоў”. Спецыяльна для паняў і паненак вырабляўся “Горкі яблык лайт” са смакам суніц, смуроды і лясной маліны.

Неўзабаве высветлілася характэрная акалічнасць: тыя, хто хоць аднойчы пакаштаваў чароўны бурштынавы напой з вытанчаным яблычна-бурачковым букетам, міжволі цягнуліся па яго ў крамы, рэстарацыі, шынкі і гандэлкі, бы тыя пчолы ў квітнеючы травеньскі сад. Рацыянальна вытлумачыць гэты поспех не мог нават дасведчаны Хросны. Былы чыкагскі бутлегер толькі задуменна чухаў патыліцу, пераглядаў пляшкі на святло і, чытаючы пераможныя бізнесовыя рэляцыі, пасміхаўся няпэўна.

А вось хлопцы-янкі з уласцівай маладосці легкадумнасцю ўспрымалі нечаканы поспех, як належнае. Далейшае жыццё ў Гародні падавалася нядаўнім засцянкоўцам-яблонаўцам чароўным гасцінцам, пракладзеным да светлай будучыні. Ціхая музыка перапаўняла іх, і ў душах квітнеў бэз.

Зрэшты, прычына такога шалёнага поспеху “Горкага яблыка” неўзабаве праяснілася. Музыка, што гучала ў душах хлопцаў, набыла відавочна караімскае паходжанне, а абапал чароўнага гасцінца раптоўна паднялося пустазелле.

Былы ўладальнік вытворчасці, якога літасцівы Хросны пакінуў на фабрыцы тэхнолагам-вінакурам, надта ўразіўся папярэджаннем страшнага беларуска-чыкагскага мафіёзі, што “піць, любіць і чытаць трэба сваё”. Дый абяцанка брутальнага Лабановіча наконт “горкага яблыка” не давала яму спакою. У якасці тутэйшага аналага “экстракта кокі паўночна-амерыканскай” караімчык самахоць узяўся дадаваць у спірытусовы напой настоянку канопляў, якія раслі на Гарадзеншчыне ў неабмежаванай колькасці.

Калі ж Хросны з хлопцамі спахапіліся, пераналадзіць вытворчасць было ўжо немагчыма. Брэнд “Горкі яблык” і яго смак ведалі ва ўсім краі. Калі б гэты танны і чароўны напой знянацку знік з продажу, наступствы былі б абсалютна непрадказальнымі. Дзяржаўны пераварот з далейшым патрабаваннем падсаджаных на канапляную голку піякаў далучыць Гарадзеншчыну да Каралеўства Нідэрландаў пакуль не ўваходзіў у планы янкі.

Апошнюю кропку ў гэтай недарэчнай гісторыі паставіла цётка Эмілія. “Каноплі -- яшчэ не самая страшнае ліха для нашага краю! -- запэўніла яна. -- Беларусы спрадвеку ўжываюць канапляны алей, але, што характэрна, на народную маральнасць гэта аніяк не ўплывае”.

Хросны падумаў і пагадзіўся. Тым больш, што тутэйшы край сапраўды зведаў значна горшыя рэчы.

Ёмістая жалезная цыстэрна хутка напаўнялася перваком, які цурчэў са змеевіка, нібы тая вада ў ярок. Праз доўгія масянджовыя трубачкі самагон сцякаў у вялізны мікшэр са свежым яблычным сокам. У суседнім памяшканні напой разліваўся па пляшках, якія бясконцым шэрагам паступалі на гумовую стужку транспарцёра, і этыкетачная машына нястомна пляскала на бутэлькі адпаведныя наклейкі.

-- Хлопчыкі! -- Ісабэль незаўважна паўстала паміж пукатых самагонных апаратаў, і яе зграбная постаць на некаторы час прымусіла маладзёнаў пазабыцца на тэхналагічны працэс. -- Вы памятаеце, што ў мяне заўтра выступ у цырку? Маю гонар запрасіць! Дарэчы, вы мне дапамагчы абяцалі.

-- Распілаваць цябе бензапілой? -- легкадумна пасміхнуўся Янка.

-- Выдрэсіраваць аднаго мудзілу швайкай! -- сур’ёзна паправіла мулатка.

11.

-- Шано-о-ўныя паненкі, паны і падпанкі! -- сакавітым тэатральным барытонам абвесціў інспектар манежа, -- маем гонар прапанаваць вашае ўвазе смяротны атракцыён! Неўзабаве на вачах яснавяльможнай публікі прыўкрасную і непараўнальную Ісабэль Карвальес без дапамогі чарадзейства, гіпнозу, адвядзення зроку ці якога-небудзь іншага мухлярства бязлітасна распілуюць бензапілой! Апладысменты для нашай прымы, адважнай панны Карвальес!

Капельдынер узмахнуў палачкай, і аркестр грымнуў “парад-але”. Палатняныя сцены цырка-шапіто ажно хіснуліся ад воплескаў. У паўцемры цікаўна заблішчэлі вочы гарадзенскіх паненак, паноў і падпанкаў. Машыністы запаліў пражэктар. Востры сіні прамень слізгануў у партэр, паволі прайшоўся па паўпразрыстых сукенках, набрыяліненых праборах і тонкіх вусіках, на хвіліну спыніўся на двух паліцыянтах у праходзе, але раптоўна заламіў дугу і выхапіў з цемры купала ладную паставу мулаткі на танюткай трапецыі.

Бліскучая цыркавая сукенка Ісабэль люстрылася чароўнымі мішурнымі дыяментамі. Мулатка грацыёзна апусцілася на жоўты пясок манежа, зрабіла кніксен і шчоўкнула шамбар’ерам:

-- Allez!

Чацьвёра уніфармістых спрытна вынеслі агромністую чорную скрыню з адтулінамі для галавы, рук і ног. Неўзабаве падобная да труны скрыня стаяла на крытым ядвабам памосце. Цяжкая накрыўка пагрозліва адшчоўкнулася. Ісабэль паслала яснавяльможнай публіцы гарэзлівы паветраны пацалунак і без ваганняў схавалася ў скрыні. Накрыўка апусцілася. Галава, рукі і ногі мулаткі, што выторкваліся з адтулінаў, не дазвалялі нават падазраваць нейкі падман.

Аркестр сцішыўся. Цяпер над галовамі гледачоў гучала адно трывожнае трэмала бубнаў.

Знянацку гукавое суправаджэнне ўзбагацілася брутальным ровам бензапілы. Публіка здрыганулася: на арэне з’явілася страшная цётка-валатоўка, апранутая ў традыцыйны белы балахон ку-клукс-кланаўца. Драпежны ікласты ланцуг, што круціўся з жахлівай хуткасцю, паволі апусціўся на чорную скрыню. На манеж пасыпалася-паляцела залатое пілаванне.

Двое хаблоў, якія пілі піва на галёрцы, беспамылкова пазналі ў распілоўшчыцы Эмілію Вастрабрамскую.

-- Пэўна, гэтая цемнаскурая дзеўка таксама па чужых пад’ездах сікала! -- здагадаўся хабёл у выцвілай кепі з адарваным брыльком. -- Вось і дасікалася. А я табе гаварыў: лепш пару грошай выдаць, але схадзіць у прыбіральню! Дый увогуле: быць хаблом не заўсёды прыстойна! Я гэта цяпер і сам разумею.

-- Пайшлі адсюль! -- хабёл у начышчаных да бляску ботах баязліва ўзняўся і пасунуўся да выйсця.

Па дарозе маладзёны паспелі разліць піва на скуранку няўсмешлівага волата са звяружным тварам, наступіць на бот дробнаму сухенькаму дзядку ў модным капелюшы “барсаліна” і трапіць лакцямі ў выцягнуты, што той цэпелін, твар тыповага жмудзіласа. Але ж шчырыя прабачэнні сведчылі, што хаблы сапраўды сталі на шлях выпраўлення.

Калі півапойцы выбраліся на свежае паветра, дык заўважылі, як ад уваходу хутка ад’ехаў вялізны грузавік “Студэбекер”. Побач з кіроўцам -- высокім маладзёнам з нахабнымі валашковымі вачыма, -- сядзела нейкая панначка ў капелюшы. Твар незнаёмкі закрываў цёмны вэлюм.

Але ж маладзёны так і не звярнулі на яе ўвагі.

12.

У той самы час, калі Ісабэль Карвальес клалася ў падобную да труны скрыню, Мікола Хапернік меланхалічна жлукціў гарэлку ў сваёй кватэры на Гарадніцы.

Вось ужо колькі дзён у душы былога спецслужбоўцы панавалі туга і безвыходнасць. Адстаўны генерал пазабыўся і на начныя сеансы назірання за планетамі, і на традыцыйную лаянку з вар’яткай-суседкай. Нават зменлівыя карціны ў вокнах пана гінеколага -- і тыя падаваліся яму нецікавымі.

Бліжэй пад вечар астраном-аматар нечакана ўзняўся да духоўных вышыняў. Вышыні гэтыя вымяраліся ў пляшках “Выбаровай”, якія падступны Пярдолэк спраўна выстаўляў са сваёй валізы.

-- Лёс мой не склаўся! -- пан Хапернік каўтануў проста з рыльца і нечакана ўключыў маналог у жанры апошняга слова. -- Усё жыццё я, нібы той леў, біўся з ворагамі Айчызны. Але адчуваю, што загіну бы тая мандавошка.

-- Шмат у якіх спецслужбоўцах загінулі праўдзівыя паэты, філосафы і нават піяністыя, -- Янукевіч паслужліва адкаркаваў чарговую пляшку. -- А чаму пан генерал на гэтую адраджэнку не заявіць у праваахоўныя ворганы?

-- Заявіў. Двух паліцыянтаў да яе прыставілі, каб пільнавалі. Але, адчуваю, усё бессэнсоўна. Яна заўсёды мела і будзе мець алібі!

-- Тады зычу поспехаў! -- крыва пасміхнуўся Пярдолэк і падхапіў пустую валізу, -- ноч наперадзе. Я яшчэ па гарэлку збегаю, а пан няхай за сузор’ямі паназірае. Адчуваю, сёння па-над Крэсамі Ўсходнімі абавязкова ўзыйдзе звышновая зорка!

Пан Хапернік, застаўшыся на самоце, пахмурна круціў пусты келіх у пальцах. Пакойчык з астранамічным рыштункам нечакана падаўся яму камерай смяротнікаў. У душы адстаўнога генерала Дэфензівы загучаў урачыста-жалобны до-мінорны Накцюрн Шапэна.

Знянацку на змрочную музыку ў душы парнаграфістага астранома наклаўся дрыготкі тэнарок вулічнага катрыншчыка:

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,


Светлыя згадкі з сабой прывяла...

Па сценах прабегся яскравы электрычны праменьчык. Ён на імгненне затрымаўся на столі і паволі пасунуўся да расчыненага вакна, быццам запрашаў да нечага цікавага.

З вуліцы па-ранейшаму ляцеў тужлівы спеў:

З гэтай пары я пачаў углядацца


Ў неба начное і зорку шукаць...

Адстаўны генерал падышоў да вакна. Тое, што ён пабачыў, прымусіла вычварэнца сутаргова ўчарэпіцца ў падваконне і знерухомець.

З кабіны вялізнага грузавіка, што стаяў пасярод вуліцы, біла сляпучым святлом фара-шукальнік. Электрычны прамень стромка скіроўваўся на дах супрацьлеглага дома, нібы той цыркавы пражэктар. У жоўтай пляме святла сапраўды красавала звышновая зорка, і мішурны бляск дыяментаў ззяў над ёй зманлівым арэолам.

Зорка была вабная. Электрычнае святло аблівала бездакорныя клубы. Тонкая вертыкальная лінія нябачным люстэркам падзяляла чароўную зорку на сіметрычныя паловы-адбіткі. Ядвабная чорная радзімка, што амаль схавалася між імі, замілоўвала позірк і п’яніла розум. Але самым цудоўным быў колер клубоў.

Кожную ночку на зорку дзівіцца


Буду ў далёкім краю...


Спяваў катрыншчык.

Відовішча прымусіла пана Хаперніка юрліва пусціць сліну. Вочы вычварэнца баязліва заплюшчыліся. Ён падумаў, што бачыць Фата-Маргану. Калі ж ён рызыкнуў расплюшчыць адно вока, дык пераканаўся, што гэта не мроя, і нават здолеў разгледзець карцінку не толькі па дэталях, але і ў сукупнасці.

На самым карнізе, спіной да генеральскіх вокнаў, стаяла ладная цемнаскурая паненка ў кароткай бліскучай сукенцы. Шакаладныя рукі гулліва падымалі прыпол. Дзіўная стрыптызёрка паволі нахілялася. Неўзабаве паміж шырока расстаўленых ладных ножак гарэзліва бліснулі яе выразныя вочы. Перакуленая дагары белазубая ўсмешка прыцягвала зрок і туманіла свядомасць.

-- Гвязда... чарна! -- малітоўна вымавіў былы генерал Дэфензівы.

Гэта былі яго апошнія словы.

Бліскавічны рух смуклай рукі -- і паміж шакаладных ног, бы метэор-знічка, бліснула нешта танюткае і драпежнае. Вечаровае паветра працяў ледзь чутны свіст -- нібы ў вуха ўбілася нябачная ледзяная голка. Праз імгненне ў вачніцы вычварэнца дробна завібрырваў стрыжань з эстэцкім маціцовым дзяржальнам.

13.

Ісабэль таропка апусціла прыпол бліскучай цыркавой спадніцы і грацыёзна саскочыла з даху на кабіну “Студэбекера”. Неўзабаве яна ўжо сядзела побач з Янкам Лабановічам.

-- Паехалі, пакуль пшэцкія мудзілы не наехалі! -- загадала мулатка і скасавурылася на гадзіннік. -- Мяне ж зараз у цырку бензапілой крояць! Не пазней, як праз тры хвіліны, я мушу паўстаць са скрыні пад воплескі яснавяльможнай публікі.

Нябожчык Хапернік меў рацыю. І цётка Эмілія, і яе цемнаскурая гадаванка заўжды клапаціліся пра бездакорнасць алібі.

Адмысловая сістэма люстэркаў пад скрыняй, у якой распілоўвалі вельмі падобны да Ісабэль манекен, забяспечыла мулатцы магчымасць не толькі незаўважнай выбрацца з цырка, але ж і спраўна крутануцца да Гарадніцы і назад.

Спрактыкаванасць кіроўцы “Студэбекера” дазволіла цыркачцы ўкласціся ў сціслы тэрмін, вызначаны працягласцю смяротнага атракцыёна.

Нагостраная швайка і цыркавы досвед зоркі манежа не пакідалі ахвяры шанцаў на пратунак.

А вычварэнскія схільнасці адстаўнога генерала гарантавалі, што ён не прапусціць з’яўлення новага нябеснага аб’екта па-над дахам пана гінеколага.

Роўна праз дзве хвіліны магутны грузавік спыніўся на задворках палатнянага шапіто. З сярэдзіны ўжо ляцеў голас Эміліі Вастрабрамскай:

-- А цяпер усе разам папросім нашую адважную і непараўнальную прыму Ісабэль Карвальес уваскрэснуць!

Цемнаскурая панначка ўдзячна пацалавала Лабановіча ў шчаку, і гэта прымусілі засцянкоўца густа пачырванець.

-- Мы цяпер з табой адной крыві, -- патлумачыла мулатка на манер Маўглі, -- ты і я!

-- Крывічы! -- перайначыў на свой капыл былы настаўнік.

14.

-- … а цяпер яснавяльможная публіка можа на ўласныя вочы пераканацца: за ўвесь гэты час наша чароўная зорка манежа не праліла аніводнай кроплі крыві! -- сакавіты барытон інспектара манежа разляцеўся пад палатняным купалам. -- Апладысменты!

Чацвёра уніфармістых спрытна ссунулі часткі распілаванай скрыні, што вось ужо колькі часу стаялі па розныя бакі ад уваходнай брамкі. З адтулін па-ранейшаму выторкваліся нерухомыя рукі, ногі і галава Ісабэль Карвальес. Эмілія Вастрабрамская накінула на скрыню барвовае атласнае прасцірадла з залатымі знакамі Задыяка.

-- Але-оп! -- інспектар манежа тэатральным рухам адкінуў чароўнае прасцірадла, і Ісабэль Карвальес грацыёзна апусцілася на жоўтую пляму пражэктарнага святла.

Амфітэатр зайшоўся шалёнымі воплескамі.

Неўзабаве цыркавая імпрэза пакацілася звыклай, шмат гадоў заведзенай каляінай. Традыцыйныя клоўны Бім і Бом, пераапранутыя мудзілам і хаблом, імпэтна валтузілі адзін аднаго за чупрыны. Спраўныя жанглёры перакідаліся бліскучымі булавамі. Цыркавы геркулес бязмэтна цягаў на плячах ладнага бычка-аднагодку. Паветраныя гімнасты бязважкімі вавёркамі пераляталі з адной разгайданай трапецыі на другую. Вершнікі, пераапранутыя дзікунамі-казакамі, з варварскім лямантам дэманстравалі цуды нетутэйшай джыгітоўкі...

Звяружны волат са шнараватым няўсмешлівым тварам, які сядзеў на ніжнім ярусе, торкнуў у бок фацата з жалезнымі зубамі:

-- Во, падла, круціцца… Як той нацдэм на допыце!

-- Сапраўды, цырк -- самае камуністычнае з усіх мастацтваў! -- азартна азваўся суразмоўца. -- Нават мне тут усё зразумела!

А вось дробнаму сухенькаму дзядку ў модным капялюшы “барсаліна” ўся далейшая імпрэза не спадабалася.

-- Хіба, гэта цырк? Гэта ж нейкі бардэль! -- паскардзіўся ён суседу -- тыповаму жмудзіласу з блёклым цэпелінападобным тварам. -- Вось у нас на Сіцыліі бардэль -- гэта праўдзівы цырк! Хіба гэта кабылы? Гэта ж нейкія курвы! Вось у нас на Сіцыліі курвы -- гэта…

-- Наступным разам спецыяльна для вас запрашу ў Гардзінас футбольную каманду “Палермас”, -- лісліва запэўніў цэпелінападобны, -- каб з нашым “Жальгірысам” у мяч згуляла…

-- Гэта для вас, ковенскіх правінцыялаў, баскетбол -- найвышэйшае з усіх мастацтваў! -- імгненна раз’юшыўся сівы, -- а мы, сіцылійскія гангстэры, людзі спрэс інтэлігентныя і гжэчныя.

-- Што пан Спагеціс хацеў бы пабачыць?

-- Вось каб ты мне музыкаў з “Ля Скалы” прывёз… ці хаця б з палермскага “Тэатра Масіма”, -- дзядок у “барсаліне” летуценна закаціў вочы пад лоб. -- Але, баюся, ты нават не ведаеш, што такое опера.

-- Дазнаюся і прывязу! -- не вагаючыся, паабяцаў цэпелінападобны.

-- Гангстэр сказаў -- гангстэр зрабіў! -- імгненна пачулася ў адказ.

Сіні прамень пражэктара паволі прайшоў па амфітэатры і выхапіў з цемры двух паліцыянтаў каля самай арэны. Адзін праваахоўнік сядзеў на кукішках і цікаўна зазіраў у адтуліны таямнічай скрыні. Другі нахабна сунуўся да інспектара манежа.

З паўцемры прагучаў зляканы шэпт інспектара:

-- Не, ані пані Эмілія, ані панна Ісабэль нікуды не выходзілі. Палова Гародні бачыла, як першая распілоўвала бензапілой другую! І што характэрна -- аніводнай кроплі крыві…

-- Зноў бездакорнае алібі! -- сплюнуў паліцыянт і пасунуўся да выйсця.

Тым часам імпрэза набліжалася да фіналу. Капельдынер ускінуў палачку, але аркестр так і не паспеў грымнуць развітальны “парад-але”, пад які ўсе цыркавыя мусілі падзякваць яснавяльможную публіку за ўвагу...

Заслона на ўязной брамцы хіснулася, і на арэну нечакана выкаціўся ровар-тандэм. Руляваў, як заўсёды, немалады вусаты дзядзька з васпаватым тварам у напаўвайсковым фрэнчы і запраўленых у боты галіфэ. Ззаду круціў педалі хударлявы, не стары яшчэ мужчына з псіхапатычным позіркам і нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі пад носам. На роварнай раме мацаваўся землямерчы рыштунак.

Амфетыатр імгненна сцішыўся. У змрочнай цішыні было чутно, як гумовыя колы тандэма злавесна шаргацяць па пясочку. Раварыстыя, абсалютна не зважаючы на публіку, заклалі па арэне кола і выехалі тым жа чынам, як і з’явіліся.

Апладысменты не прагучалі: і цыркавыя, і гледачы праводзілі вусатых дзядзькаў зляканымі позіркамі. Нават традыцыйныя Бім і Бом задуменна чухалі патыліцы, бо разумелі: гэтыя раварыстыя -- дакладна не клоўны.

15.

Над цёмнай бязлюднай Ласоснай вісеў жоўты месяц. Каменныя руіны былой мануфактыры Тызенгаўза падаваліся ў ягоным святле дэкарацыямі са страшнай казкі. Нізкія ірваныя хмаркі беглі па-над дамкамі з мёртвымі вачніцамі вокнаў. На закінутай грэблі трывожна цурчэла вада. Чорная раскудлачаная варона пагойдвалася на сухой галінцы, рупліва чысціла дзюбай пакамечаныя пёркі і спагадліва касавурылася на малую беларусачку ў этнаграфічнай вышыванцы, якая сядзела на беразе Нёмана. Па рацэ раз-пораз праплывалі купальскія вяночкі, і дзяўчынка праводзіла іх адпаведнымі фальклёрнымі спевамі.

Раптам з-за растрэсканага мура выйшлі двое. Бела-русы фацат у цывільным, але з відавочнай жандарскай выпраўкай, цягнуў на плячы нешта доўгае і цяжкое, загорнутае ў кілім. Дробная бязважкая старэча са зморшчаным, што тая высахлая дуля, тварам, згіналася пад цяжарам грамафона. Слова “Распуцін”, што прагучала з яе вуснаў, прымусіла варону панічна заскавытаць і кінуцца на ўцёкі. Дзяўчынка-беларусачка міжволі сцішылася і з цікаўнасцю азірнулася.

-- Глыбіня тут, вядома ж, не такая, як у Фантанцы, дзе Рыгора Яфімавіча патапілі, -- старэча паставіла грамафон на валун і ўважліва ўгледзелася ў цёмную затоку. -- Няма ў вас, малодшых братоў-беларусцаў, ані нашай рускай велічы, ані нашага рускага размаху!

-- Вось таму мы і хочам жыць у вялікай Расіі, дзе ўсяго да халеры! -- лісліва падхапіў спадарожнік. -- Тайгі, пяскоў, пустэльняў, тундры і лесатундры…

Ён скінуў ношу долу і асцярожна разгарнуў кілім. Ліпкае месяцовае святло легла на збялелы твар нябожчыка. Танюткая шваечка з эстэцкім маціцовым дзяржальнам, што выторквалася з нежывога вока, блішчэла, бы ракаўка-пярловіца. Пакуль старэча накручвала пружыну грамафона, бела-русы лоўка абшукаў кішэні забітага. Здабыча -- ладны пачак банкнотаў, -- прымусіла яго задаволена пасміхнуцца.

-- Гэта табе, Віця, не за голымі дупамі падглядаць! -- звыкла пахваліў самога сябе марадзёр.

У руках старэчы, бязлітасна пакручаных поліартрытам, невядома адкуль з’явілася крышталёвая пляшка ў выглядзе Спаскай вежы Крамля і два гранчакі.

-- Які ні які, а таксама амаль чалавек і амаль славянін! -- напышліва вымавіла яна. -- Трэба хоць неяк з ім развітацца па шчыраму славянскаму звычаю!

Грамафонны раструб неадкладна адгукнуўся пругкімі духавымі акордамі “Развітання славянкі”. Старая абярэжна, каб не расплёхаць, перахрысцілася гранчаком з гарэлкай і зухавата кульнула.

-- Мёртвым не баліць! -- па-свойску азваўся бела-русы і ўдарам бота скінуў загорнутае ў кілім цела з высокага берага.

Гучны пляск наморшчыў люстраную паверхню пукатымі сферычнымі коламі. Нябожчык у кіліме, бы той купальскі вянок, паволі паплыў пад нізкімі вербамі. Неўзабаве плынь падхапіла яго і панесла ў цемру.

Фацат з жандарскай выпраўкай таксама кульнуў гранчак і прымружаным вокам праводзіў мёрцвяка ў апошні шлях. І тут яго позірк зафіксаваў малую беларусачку ў этнаграфічнай вышыванцы.

-- А ну, хуценька да мяне! -- бела-русы пагардліва скасавурыўся на дзяўчынку.

-- Што, паночак? -- дзяўчынка абярэжна адступіла за вербы.

-- Адказвай неадкладна! Што ты тут бачыла?

-- Нічога, паночак! Толькі вялікі-вялікі купальскі вянок…

-- Здагадлівая, тады трымай! -- на бераг паляцела навюткая срэбная златоўка. -- Заслужыла. Цукерак сабе купіш. І нікому не кажы, што ты тут бачыла!

Грамафон змоўк. Старэча старанна склала механічную прыладу і сунула фацату з жандарскай выпраўкай. Неўзабаве начныя вандроўнікі, кранальна абняўшыся, рушылі ў бок шашы.

-- Соф’я Уласьеўна, а чаму б вам не выправіцца па мясцінах баявой славы вашага вялікага продка Міхаіла Мікалаевіча Мурашова?! А потым бы мне расказалі! -- падхаліміста прапанаваў бела-русы, але па інтанацыях было чуваць, што ён пераследуе відавочна іншыя мэты.

-- Сапраўды, як гэта рамантычна! -- пагадзілася старэча. -- Памятаю, калі я была зусім малечай, дык сядзела на гераічных каленях дзеда і бавілася…

-- …вялікарускай нацыянальнай рэліквіяй, што плавае ў шкляным цыліндры?

-- …ягонай медалькай “За усмирение Северо-Западного края». І чысціла яе цаглінай. Нічога, Расейская Імперыя яшчэ паўстане на ногі!

-- На ўсе чатыры, -- шэптам удакладніла малая беларусачка і задуменна паглядзела ў цёмную раку.

Неўзабаве галасы за каменнымі руінамі сцішыліся. Начны спакой зноў апанаваў Ласоснай. І толькі па-над цёмнай стромай плыў пранікнёны дзіцячы дыскант:

Весела была, як дзядзьку хавалі!


Музыка грала, цукеркі давалі.


Доўгія ногі ў кілім не ўлязалі.


Во рагаталі, дык рагаталі!

16.

Тугая манішка сціскала Лабановічу шыю. Чорныя фалды шляхотнага фрака пагойдваліся, бы ластаўчыны крылы. Прахалодны нёманскі ветрык пяшчотна варушыў модна падстрыжаную фрызуру.

Цяпер нават самы дасведчаны шпег Дэфензівы наўрад ці прызнаў бы ў гэтым модным шляхцюку нядаўняга беспрацоўнага настаўніка. Удалы бізнес непазнавальна змяніў яго аблічча і свядомасць. Лабановіч пасталеў у жэстах і палягчэў у хадзе. Яго манеры сведчылі пра непахісную самапавагу і своеасаблівую этыку. Гэта быў выглянцаваны, але дасціпны драпежнік, здольны без ваганняў пашматаваць хоць сотню мудзілаў.

Ён стаяў на Гарадніцы, у старасвецкага тэатра, збудаванага яшчэ за Тызенгаўзам. Натоўп, што абцякаў яго з абодвух бакоў, лашчыў вока моднымі стройчыкамі паноў і глыбокімі дэкальтэ паненак. Паны пазіралі на маладзёна з зайздроснай павагай; паненкі адорвалі гарэзлівымі ўсмешкамі.

Янка паправіў на штрыфелі адмысловую бутаньерку ў выглядзе яблыневай кветкі, зірнуў у люстраную вітрыну і відавочна задаволіўся адлюстраваннем.

У вітрыне адбіліся постаці Ісабэль і Хроснага. Яны былі яшчэ далека, і Лабановіч паспеў забегчы ў квяткарню набыць самы шыкоўны букет ружаў.

-- Ну, проста прыгажун-мужчына, смерць гімназісткам! -- мулатка з задавальненнем агледзела сябру дзяцінства.

-- Гэта ў знак удзячнасці за дзівосную цыркавую імпрэзу! -- Янка шляхотна працягнуў кветкі.

-- Пазнаю гжэчнага засцянкоўца! -- пасміхнуўся беларускі мафіёзі. -- Праўдзівы буржуазны нацыяналіст -- заўсёды джэнтльмен.

-- А джэнтльмен дбае не толькі пра бізнес, але і пра культуру! -- падхапіла Ісабэль. -- Культура -- гэта тое, што адрознівае людзей ад хаблоў… Ну што, дачакаемся хлопцаў -- і ў оперу?

-- Хлопцы з хвіліны на хвіліну мусяць з Рыгі вярнуцца. Не з шынка, вядома. Калі мы ўсе не патрапім на спектакль “Ля Скалы”, гэта будзе ненатуральна! -- азваўся Лабановіч.

Словы пра “Ля Скалу” былі праўдай: на ўсіх вулічных тумбах стракацелі аб’явы пра імпрэзу знакамітых італьянскіх музыкаў. Невядома, што прымусіла іх прыбыць у Гародню ажно з Мілана, але ж тутэйшыя гастролі мусілі доўжыцца ажно цэлы тыдзень.

Вакалістыя ўжо распяваліся. З адчыненых вокнаў грымёрняў плыло салодкагалоснае “bell canto”. Струннікі паціху наладжвалі інструменты. Духавікі рэпетавалі найбольш складаныя рулады. Чароўныя гукі арфы нібы нябачнай гукавой сеткай накрывалі аркестравую какафонію.

Лабановіч зашаграцеў тэатральнай праграмай.

-- Так. А што сёння даюць? “Чароўны напой” Даніцэці. А што ў нас заўтра? “Тоска” Пучыні.

Хросны прымружана глянуў на васільковае неба па-над ацынкаваным тэатральным дахам, задуменным позіркам праводзіў хуткакрылую ластаўку і глянуў на Янку з нечаканай суворасцю:

-- Што значыцца “даюць”? Даюць непрыстойныя дзеўкі да касцёльнага шлюбу. А славутыя музыкі з “Ля Скалы”, як я разумею, нармалёвыя буржуазныя нацыяналісты.

Лабановіч зірнуў непаразумела прымружыўся.

-- Хіба буржуазныя нацыяналісты не могуць нешта даваць?

-- Нешта -- могуць. Паненкам -- ружы, мудзілам -- на горкі яблык. Але плён сваёй працы правільна не даваць, а прадаваць за грошы. Буржуазны нацыяналізм -- гэта найперш павага да зямлі, якую табе Пан Бог вызначыў, каб ты з яе лусту хлеба меў, -- цярпліва ўцямяшваў Хросны, не раўнуючы, як той Тата Карла павучаў Бураціну, чаму трэба хадзіць у школу. -- І павага да зямлі твайго суседа, як ты хочаш мець адпаведныя пачуцці ў адказ. Не бывае надвор’я без тэмпературы, гарэлкі без градусаў і нацыяналізму без сваёй зямлі. Тэатр для міланскіх паноў музыкаў -- іх ніва, з якой яны жывуць. Як грады для дбайнай вясковай кабеты, вятрак для млынара ці фабрыка сельтэрскіх водаў для ўсіх нас. А таму яны не “даюць” нам імпрэзу, а прадстаўляюць сваё вышкталцонае мастацтва менавіта за грошы.

Крышталёвая логіка беларускага мафіёзі не выклікала жадання спрачацца. І ўсё ж Ісабэль не стрывала:

-- Дзядзька Хросны, а калі чалавек без дзялак, без уласнасці, без зямлі… ну, у міжзорнай прасторы?

-- І з голай дупай? -- пасміхнуўся той. -- Калі чалавек не мае сваёй зямлі і сваіх дзялак, тады яму застаецца адно чакаць на чыюсьці ласку. Што яму ўсё “дадуць”, як у той бэ-эс-эс-эрыі. Тамака і даюць: сняданкі на фабрыках-кухнях, панчохі ў “Таргсіне”, мануфактуру ў спецразмеркавальніках і камунальныя пакойчыкі па чарзе. І працаваць не трэба! Жыві абібокам, удавай, нібыта штось робіш і мрой пра дурніцу. А табе яшчэ пернікам перад носам пакруцяць. Давай, хлопча, усё вышэй, вышэй і вышэй за тым пернікам караскайся, да светлай будучыні. А там, маўляў, і зоркі побач. І караскаюцца дурні, і мрояць. Але рана ці позна рука, што пернікам маніла, складаецца ў ладна складзеную хвігу. Бо пернікаў на ўсіх нестае. І лятуць тады дурні ў прорву. Ды што дурні?! Цэлыя народы лятуць са свістам і паскарэннем, ажно вушы закладае! І ляжаць потым у крывавай калюжыне з пераламанымі храбцінамі і прабітым галовамі, ды згадваюць: як жа добра было ляцець! Ані дзялак, ані працы, ані крывавых мазалёў. Ізноў хочацца караскацца за пернікам.

На плячо тэарэтыка буржуазнага нацыяналізму нечакана легла вялізная далонь Івана Брыля.

-- Дзядзька Хросны! Нешта ты сёння занадта пафасны! -- пасміхнуўся ён.

-- Як малады Ізя Харык на вечарыне ўласнай паэзіі! -- з-за магутнага пляча баксёра выткнулася галава Янкеля Фінберга.

-- Тым больш, што нас, скончаных нацыяналістаў, ніякімі дурніцамі ў зорную вышыню не завабіш! -- падвёў лагічную рысу Аянька Кільмандовіч. – Галоўнае, рабіць усё саматугам. Дарэчы, наконт продажу нашага тавару па той бок Атлантыкі мы ў Рызе дамовіліся. Нядорага і каштавала. Я спакусіў жонку тамтэйшага мудзілы-мытніка, і яна націснула на свайго мужыка, каб наладаваныя “Горкім яблыкам” транспарты без перашкодаў выходзілі з рыжскага порта.

-- А я пры дапамозе чатырох арыфметычных дзеянняў давёў яму, што і ён будзе мець з гэтага свой невялічкі гешэфт! -- Янкель добразычліва бліснуў акулярамі местачковага гуманітрыя.

-- Ну, а я ў сваю чаргу, папулярна растлумачыў таму мытніку, як кепска яму будзе, калі ён паспрабуе нас ашукаць! -- важка запэўніў Іван. -- Так што неўзабаве “Горкі яблык” будзе прадавацца і ў горадзе Вялікага Яблыка.

-- Што мне, хлопцы, у вас падабаецца, дык гэта тое, што ў “Янках” галоўнага персанажа няма! -- падвёў лагічную рысу Хросны. -- Усе героі, усе вытворцы, усе паэты! Ну што, спадарства, надышоў час высокага мастацтва!

Вуліца абязлюднела, і з сярэдзіны тэатра данеслася прывітальнае “tutti” уверцюры. Паліцыянт-рэгуліроўшчык, які самотна стаяў на скрыжаванні, апусціў сваю палачку і замілавана прыслухаўся. У гарадзенскім заапарку, шаты каторага ўзвышаліся непадалёк, адразу сцішыліся юрлівыя малпы.

Неўзабаве з-за агароджы Батанічнага сада нетаропка выйшаў бела-русы фацат у цывільным, але з відавочнай жандарскай выпраўкай. Урачыстая музыка Даніцэці аніяк не ўздзейнічала на ягоную псіхіку. Затое “Студэбекер”, што стаяў непадалёк ад тэатра, адразу прывабіў увагу. Бела-русы фацат пастаяў побач з машынай, глянуў на нумары і цікаўным пацуком зазірнуў у кабіну…

-- Здаецца, не янкі, -- з палёгкаю ўздыхнуў ён.

17.

Пярдолэк таксама не марнаваў час. Соф’я Уласьеўна Мурашова была выпраўлена ім у падарожжа па мясцінах баявой славы вялікага дзеда-вешальніка. Янукевіч нават уласнаручна зрабіў вяночак у выглядзе маленькай прыгожай шыбеніцы. Графіня мусіла ўскласці яго на капцы рускіх вызваліцеляў “Северо-Западного края” ад няўдзячных беларусцаў-бунтаўшчыкоў. У вандроўку Мурашова ўзяла толькі дзве самыя дарагія яе сэрцу рэчы: клетку з нахабным папугам Манамахам і вялікі шкляны цыліндр, у якім плавала нешта доўгае і агіднае.

Падступнасць былога жандара, памножаная на вялікадзяржаўніцкія інстынкты графіні, неадкладна далі плён. Адразу пасля ад’езду Мурашовай сіротка пісьменна абшукаў яе пакоі. Здабыча -- ладны мех бялюткага, што калядны снег, парашка, -- прымусіла яго задаволена пасміхнуцца.

-- Гэта табе, Віця, не за сёстрамі-кармеліткамі ў сарціры падглядаць! -- звыкла пахваліў самога сабе крадун.

Пярдолэк ужо ведаў, як скарыстаць нетутэйшы наркотык. Галоўную ролю ў яго распаўсюджванні павінна была адыграць водная рэстарацыя “CUD NAD NIEMNEM”.

Спісаная кананерка па-ранейшаму стаяла пад Старым замкам, і нёманскія хвалі размывалі яе мілітарны адбітак. Асноўныя працы на караблі ўжо скончыліся.

Моўша і Гірша расстаўлялі мэблю ў кают-кампаніі. Маленькі Сруль цягаў у лядоўню курыныя тушкі. Дасведчаны Навум Фабрыкант рупліва адладжваў зубчаты механізм таварна-грашовых адносін: складаў меню, прыдумляў для крэсовых піякаў рабаўнічую сістэму крэдытаў і імпэтна лаяўся з гуртовымі пастаўшчыкамі.

-- Дарэчы, а якімі трункамі моцнымі мы будзем тут гандляваць? -- пацікавіўся Янукевіч. -- “Крамлёўкай” ці “віна роса”?

Рабі-бізнесовец выставіў на барную стойку пляшку цёмна-зялёнага шкла.

-- Цяпер у нашым краі -- самы модны напой, -- сур’ёзна патлумачыў ён. -- Па-за ўсялякай канкурэнцыяй. І заходняе віно, і ўсходнюю гарэлку ўхойдаў.

Былы жандар ляніва ўзважыў у руцэ пляшку і зірнуў на этыкетку.

-- “Горкі яблык”, -- прачытаў ён. -- Выраблена выключна з айчыннай сыравіны гарадзенскай прамысловай грамадой „Janki”… Як?!

З хвіліну Пярдолэк стаяў, нібы агламошаны і слухаў, як танютка гудзе ў ягоным чэрапе. У вачах імклівым калейдаскопам змяняліся паўзабытыя карцінкі: Школа Падставова пры кармеліцкім кляштры, суворыя мудзілы ў чакісцкіх скуранках, пагромлены шынок “Рыга” і жахлівы Янка Лабановіч з більярдным кіем…

Янукевіч запаліў папіроску, падумаў, зацягнуўся дымам, падумаў, зноў паглядзеў на пляшку, падумаў і хрыпла спытаўся:

-- Дзе ўзяў?

-- Дзе ўвесь горад бярэ! -- знізаў плячыма Навум і глянуў на кампан’ёна крыху здзіўлена. -- І я, і Моўша, і Гірша, і нават маленькі Сруль… У гуртоўнях на фабрыцы мальвазіі і сельтэрскіх водаў. Вялікая стадола на старым віленскім гасцінцы. Тамака паабапал гасцінца заўсёды процьма піякаў адпачывае… Факт, а не рэклама!

-- Сам там быў ці каго пасылаў? -- Янукевіч нервова грыз мундштук папіросы.

-- Вядома ж, сам. Хіба такое можна каму даверыць? І нават пазнаёміўся з гэтымі янкі. Чацьвёра даволі сімпатычных маладзёнаў. Там нават адзін аід ёсць. І ўсе такія фацэтныя. Шампан п’юць, цыгары паляць, на амерыканскім самохудзе ездзяць! А кіруе імі нейкі сталы і вельмі сур’ёзны мужчына. Яго тамака ўсе паважаюць і называюць… м-м-м… „дзядзька-бацька”, здаецца…

-- Можа, дзядзька Хросны?

-- Во-во. Дарэчы, я ўчора таго Хроснага бачыў! -- прыгадаў Фабрыкант. -- У нейкую італьянскую оперу абанемент купляў, ажно на тыдзень. Не, вы толькі паглядзіце, як людзям няма куды грошы падзець!.. Музыкам кожны дурань можа стаць. Мне вось нядаўна стары Шлёма з Хацапетаўкі пераказваў па тэлефоне, як Яша Хэйфец на скрыпцы грае. І што вы думаеце? Пераказаў!

-- Чакай, чакай… Нейкі “Студэбекер” я ўчора каля тэатра бачыў. Думаў, простае супадзенне, -- злосна звузіў вочы Пярдолэк. -- Так. Значыцца, опера. Значыцца, фабрыка мальвазіі і сельтэрскіх водаў… А я быў проста ўпэўнены, што тых янкі паліцыянты акурат перад Гародняй перахапілі. Я ж сам паліцыянтаў на янкі і нацкаваў!

-- Хіба пан Янукевіч тых янак добра ведае? -- не паверыў Навум.

-- Добра. Але ж з надта нядобрага боку.

Былы жандар выйшаў на палубу і задуменна пачухаў патыліцу. Ненавісныя з маленства хлопцы зноў нагадалі пра сваё існаванне. І пэўна ж не ў добры час. Жаданне адпомсціць віравала ў змрочнай душы Пярдолка. Але ж ён разумеў, што помсціць саматугам надта ўжо небяспечна.

Маленькі Сруль, які грыз на юце смажаную курыную ножку, патрапіўся на вочы вельмі дарэчы.

-- Ісраэль! -- гучна паклікаў Янукевіч. -- Ці можна паніча-кураеда на колькі словаў?

-- А што мне за гэта будзе? -- Сруль апетытна абсмактаў костку і выцягнуў з кішэні загорнуты ў газетку фаршмак.

-- Тры аплявухі, калі будзеш занадта цікаўным, -- паабяцаў сіротка. -- Але ж калі пан Фабрыкант-малодшы жадае зарабіць на самую вялікую смажаную курку…

Сруль паважліва глянуў на суразмоўцу і каўтнуў сліну. Пярдолэк працягваў:

-- …трэба, каб малады і галодны паніч напісаў ананімку і даслаў яе па пэўным адрасе. За паперу, атрамант і капэрту з маркай плачу асобна. Можа такое быць?

-- А што такое ананімка? -- разважліва ўдакладніў аматар куркі.

-- Ну, гэта такі ліст, дзе людзі пішуць пра самае інтымнае. Пра тое, што ў іх на душы набалела. Спярша напішаш, што на маёй душы набалела, а потым, што на тваёй. Пра сваю душу я сам надыктую. Згода?

-- Калі пра дзве душы, то такое каштуе даражэй! -- сур’ёзна запярэчыў Навумаў пляменнік. -- Акрамя куркі, пан жандар мусі купіць мне і чатырнаццаць варшаўскіх пірожных.

Праз паўгадзіны Пярдолэк трымаў у руцэ ліст наступнага зместу:

АНАНІМКА

Шаноўныя паночкі чакістыя! Даводжу да вашага яснавяльможнага ведама, што так званыя янкі, каб ім не дажыць да сусветнай рэвалюцыі, атабарыліся на фабрыцы сельтэрскіх водаў, якую яны несправядліва прыватызавалі ў будучых пакаленняў рабочых і сялянаў. З раніцы яны эксплуатуюць пралетарскую класу, а ўвечары п’юць французскі шампан, паляць кубінскія цыгары і ездзяць на вялікай амерыканскай машыне “Студэбекер” у бездухоўную буржуазную оперу, якая прыбыла да нас з фашысцкай краіны “Італія”.

Такія паводзіны не толькі маральна пэцкаюць працоўнае насельніцтва нашага краю, але і прапагандуюць такія нездаровыя з’явы ў грамадстве, як беларускі буржуазны нацыяналізм, нізкапаклонства перад Захадам і зайздрасць некаторых няўстойлівых элементаў да гэтых дробных гаспадарчыкаў. А іх любоў да італьянскай оперы, якая, як вядома, існуе на падачкі пана Мусаліні, красамоўна сведчыць пра сталыя кантакты беларускіх нацыяналістаў з сусветным фашызмам.

А яшчэ паведамляю, што добра вядомы вам Навум Фабрыкант, каб яму саснілася Адзінаццатая кара Егіпецкая, на мінулую Хануку насмактаўся, як трафная свіння, і нават не дазволіў мне даесці цымус, хаця сам ён з Моўшам і Гіршам жлукцілі “крамлёўку”, і заядалі, каб ім пуста было, хрумсткімі гусінымі шкварачкамі і смачным яблычным цымусам.

Недкладна прыміце меры супраць вышэйзгаданых янкі. І хай іх спасцігне суворая кара ўсяго прагрэсіўнага пралетарыята.

Загрузка...