-- Трох ці чатырох збілі… -- збялелымі вуснамі прамовіў Лабановіч.

-- Ды не пераймайцеся, хлопцы, -- спагадліва супакоіў беларускі мафіёзі, -- адным мудзілам больш, адным менш… хто іх, зрэшты, лічыць?

-- Дык нам што -- і далей іх давіць? -- шчыра жахнуўся Янка.

-- А ты перавыхоўваць іх сабраўся?! -- пасміхнуўся Хросны вясёлым д’яблам. -- Тлумачыць мудзілу, што ён мудзіла, усё адно, што танчыць мазурку ў прывакзальнай прыбіральні. Бо мудзілізм рэч непапраўная. Мудзілы прагнуць кіраваць нашым жыццём, не пытаючыся на то нашага дазволу. Насуперак сваёй гістарычнай асуджанасці, мудзілы імкнуцца пазбавіць нас нашай веры, нашай мовы, нашых дзялак і нашай свядомасці, каб падмяніць іх сваімі. Гэта і ёсць мудзілізацыя ўсяго краю. А таму кожны беларускі буржуазны нацыяналіст павінен бараніць свой край, гонар, годнасць і бізнес ад размаітых бездухоўных мудзіл. А для гэтага раз-пораз даводзіцца пераступаць праз кроў. Інакш мудзілы, не вагаючычся, пераступяць праз вашу.

Хлопцы памаўчалі: па іх праясненых тварах было відаць, што жыццёвая пазіцыя новага знаёмага прыйшлася маладзёнам даспадобы.

-- Куды едзем? -- Лабановіч з павагай паглядзеў на Хроснага.

-- У светлую будучыню, -- загадкава пасміхнуўся той. -- Загляне сонца і ў наша ваконца! Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня! Паглядзі, як усход разгараецца, колькі ў хмарках залётных агня!

І сапраўды, у перспектыве гасцінца пад нізкімі свінцовымі аблокамі пяшчотнай чырванню займалася світальная паска. Вільготны ветрык заносіў у кабіну водар лугавых кветак, маладой хвоі і скошанай недаспелай травы. Ранішняя раса дыяментава блішчэла на жытнёвых калоссях.

-- Наша ніва! -- замілавана прамовіў Хросны.

-- Shit наша доля! -- пахмурна азваўся Янка Лабановіч, -- капец нашай садовай грамадзе “Яблонаўшчына”.

-- А зохэн вэй, -- трагічна бліснуў шкельцамі акуляраў Янкель Фінберг, -- што за жыццё без гешэфту?!..

-- Кавальскую ліцэнзію, лічы, ужо адабралі, -- Іван Брыль сціснуў кулакі.

-- І ў войску мне больш не служыць, -- Аянька Кільмандавіч нервова камечыў цямляк на эфесе, -- карацей: ані чаркі, ані шкваркі, ані арабскіх цукатаў з горкага беларускага яблыка.

Хросны з пасмешкай выслухаў скаргі наіўных местачковых маладзёнаў. У ягоных халодных вачах чыталася ўпэўненасць у тым, што кожны, апроч мудзілаў, вядома ж, мае права на ўласнае шчасце. Ён глядзеў на спадарожнікаў-янак па-бацькоўскі прыдзірліва, пэўна, казачны Тата Карла так ацэньваў цурбэлак, перш чым зрабіць з яго Бураціну.

-- Што ні робіцца, усё да лепшага, -- рэзюмаваў ён. -- На Беларусі Бог жыве. А Хрыстос, як вядома, прызямліўся ў Гародні, куды мы цяпер і кіруемся. Я ж, хлопцы, не такі просты, як вы, пэўна, падумалі! Я ж сюды… да родных ніў, да роднай хаты аж з самой Амерыкі вярнуўся!

Кільмандовіч глянуў недаверліва.

-- Ды не з той, дзе сала нясмачнае і бульба дробная, -- патлумачыў дзядзька. -- З амерыканскай Амерыкі! З Ілінойсу! З Чыкага!

-- А кім ты там працаваў, дзядзька Хросны? -- зацікавіўся Фінберг.

-- Гангстэрам. Бандытам па-тутэйшаму. Сваю дзялку меў, добра быў, разгарнуўся, -- былы лідэр бутлегерскай сеткі “Тутэйшыя” з замілаваннем прыгадаў маштабную перастрэлку на старых чыкагскіх бойнях.

“Студэбекер” ехаў пагоркам. Сонца ўжо буяла па-над лесам. Вецер канчаткова знёс хмары. На чыстым ясным даляглядзе ўрачыста прамалёўваліся званіцы гарадзенскіх храмаў. Акуратныя старасвецкія дамкі патаналі ў шчыльнай зелені садоў.

Былы настаўнік беспамылкова пазнаў высокую вежу Фары Вітаўта і перажагнаўся па-каталіцку. Баксёр згледзеў па-над Нёманам старажытную Каложу і перахрысціўся па-праваслаўнаму. Скрыпач адшукаў вачыма харальную сінагогу і пакрыў галаву ярмолкай. Улан скіраваў позірк на паблеклы ў ранішнім небе танюткі маладзік і пасуворыў.

-- Прыгожа, як у кіно! -- ацаніў краявід Лабановіч, -- але ж мудзілы ў гэтым горадзе яшчэ зласнейшыя за нашых… Не люблю я места, па-расейску “горад”, надта там цяснота і вялікі сморад! -- прыгадаў Багушэвіча былы настаўнік.

-- Але ж вялікія грошы адно ў гарадах і вядуцца. Светлую будучыню без грошай не збудуеш, -- слушна запярэчыў былы бутлегер.

-- А як тыя грошы зарабіць? Хіба нам польскія банкі рабаваць? -- прыкінуў Іван Брыль.

-- Што за бездухоўнасць такая! -- шчыра абурыўся беларускі мафіёзі. -- Ёсць шмат іншых прывабных і карысных заняткаў. Тутэйшы люд павінен атрымаць тое, чаго прыхадні яго свядома пазбаўляюць. Без чаго, напрыклад, не можа абысціся праўдзівы беларускі буржуазны нацыяналіст?

-- Ну… шмат без чаго, -- Лабановіч узяўся загінаць пальцы, -- без сваёй школы, свайго тракту і свайго касцёла…

-- …без сваёй кніжкі, сваёй гаспадаркі і сваёй царквы, -- запэўніў Іван Брыль.

-- …без свайго гешэфту, сваёй скрыпачкі і сваёй сінагогі, -- вызначыў Янкель Фінберг.

-- …ну і, натуральна, без сваёй Пагоні, свайго войска і сваёй мячэці, -- імпэтна скончыў Аянька Кільмандовіч.

Былы чыкагскі бутлегер цярпліва даслухаў пералік традыцыйных тутэйшых каштоўнасцей:

-- Хлопцы, вы ж на галоўнае забыліся! Хіба беларускі буржуазны нацыяналіст можа жыць без чаркі і шкваркі -- для каго свінскай, для каго гусінай?

Логіка Хроснага была жалезнай. Спрачацца не мела сэнсу.

-- Прапануеш нам самім моцныя трункі вырабляць? Дык у Рэчы Паспалітай такое закон забараняе! -- расчаравана ўздыхнуў Лабановіч.. -- Дзяржаўная манаполія на вытворчасць спіртнога. Пілсудзкі, трасца ягонаму бацьку, прыдумаў.

-- Закон для таго і існуе, каб яго абыходзіць, -- слушна нагадаў беларускі мафіёзі. -- Не пераймайцеся, хлопцы! Усё толькі пачынаецца!..

-- Ну, добра, -- нібыта пагадзіўся практычны Янкель. -- А з чаго тыя трункі рабіць? Сыравіну ў вяскоўцаў скупляць? Жыта, бульбу, буракі. Так?

-- Ёсць яшчэ горкі яблык, -- загадкава пасміхнуўся Хросны.



Загрузка...