Частка трэцяя. ПЛАЧ ПЕРАПЁЛКІ

1.

Паўночнаамерыканскія сузор’і па-сіроцку губляліся сярод нахабнай светлавой рэкламы, што заклікала спажыўцоў жлукціць віскі “Джоні Уокер”, паліць цыгарэты “Кэмэл”, ездзіць на “Пакардах” ды рабіць іншыя бездухоўныя рэчы. Адзіным апірышчам маральнасці ў каменных джунглях Чыкага быў неонавы бел-чырвона-белы надпіс “TUTEJSZYJA”, што ззяў на шляхотным пяцідзесяціпавярховым хмарачосе.

У шкляным гмаху, збудаваным на месцы былых чыкагскіх бойняў, ад рана да рана завіхаліся працалюбныя клеркі. І ці не палова з іх рабіла на чалавека, чыё імя ў бізнесовых колах Уол-стрыта прамаўлялі шэптам і з непадробнай павагай -- “містэр Акула”. Але ж сам бізнесовец, уладальнік тавара-сыравіннай біржы з класічным беларускім назовам, не любіў такога звароту і таму настойліва раіў падначаленым называць сябе “дзядзькам Сямёнам”, або проста, з густам і па-тамтэйшаму: “дзядзькам Сэмам”.

Пэўна, Хросны ўжо і падзабыўся на дурнаваты рогат і аблупленую бейсбольную біту блюзнера Сямёна, з каторым ён і Карла Спагеці сыходзілі з ахопленых полымем бойняў. Але ж дзядзька Сэм заўсёды памятаў свайго духоўнага настаўніка, які паказаў яму шлях у светлую неонавую будучыню. І хаця беларускі блюзнер стаў праўдзівай акулай Уол-стрыта, ён па-ранейшаму не пакідаў па-за ўвагай падзеі на гістарычнай радзіме.

Працоўны дзень дзядзькі Сэма па старой завядзёнцы пачынаўся з чытання газет.

Цёмнаскурая сакратарка ў кароткай вузкай спадніцы паставіла перад босам срэбны спод з прэсай і скасавурылася на каляндар з выявай Маці Божай Вастрабрамскай. Сямён нетаропка расчыніў сандалавую скрынку, абрэзаў даўжэзную цыгару, лянотна закінуў ногі на стол і паказаў вачыма на канапу. З-за спіны акулы Уол-стрыта ў залачонай раме па-бацькоўску пасміхнуўся Франклін Рузвельт. Сакратарка села на доўгую скураную канапу, усклала акуляры і зашаргацела газетай.

-- “New-York Times”, -- афіцыйна абвесціла яна і ўзялася перакладаць загалоўкі, -- “Індэкс Даў-Джонса падняўся ажно на палову адсотка!”, “Унучка Джона Пірпонта Моргана-малодшага ўцякла з лёкаем!”, “Чарговы кіднэпінг на Манхэтане!”, “Галівудская зорка Грэта Гарбо зрабіла ўдалую пластычную аперацыю на цыцках!”

Сямён рашуча ўскінуў далонь:

-- Досыць. Суцэльная бездухоўшчына! Ты нашу… нашу пачытай!

Неадкладна зашамацелі старонкі віленскай буржуазна-нацыяналістычнай газеты.

-- “Як правільна вараць юшку ў нас на Браслаўшчыне. Дробных яршоў і акунькоў дбайна чысцяць, загортваюць у радзюжку і кідаюць у кіпень. Праз гадзіну скрутак выцягваюць і ўкідаюць буйную рыбу. Калі ж панам рыбакам пашэнціць і яны зловяць сома, то ў юшку абавязкова кладуць галаву, пёркі і плёс”.

Містэр Акула дурнавата рагатнуў:

-- А мая маці аднойчы суседцы, да якой бацька ў касцёле заляцаўся, цэлы чыгунок юшкі на сраку плесканула! Во абварыла, дык абварыла! Баба тая, мо, з месяц да імшы не хадзіла! Ці тое зацірка была?.. Гы-гы-гы! -- блюзнер з асалодай зацягнуўся, і водарны дым шляхотнага кубінскага тытуню паплыў ад срабрыстага вентылятара. -- Што Саветы пішуць?

-- З “ЛіМа” пачынаць ці са “Звязды”? -- спытала цемнаскурая сакратарка.

-- Ат! “ЛіМ” і “Звязда” з аднаго гнязда! Лепш “Звязду” пакажы! -- зноў рагатнуў дзядзька Сэм.

-- “Савецкае і германскае кіраўніцтва ўрачыста заключыла дамову аб шчырым сяброўстве і ўзаемным ненападзе, -- саўнаркамаўская кірыліца давалася англамоўнай сакратарцы значна цяжэй. -- Абодва бакі даюць рашучы і катэгарычны адлуп заакіянскім распальнікам вайны, што плявузгаюць пра наяўнасць нейкіх сакрэтных пратаколаў да гэтай дамовы”.

Вентылятар здзьмуваў попел з гаванскай цыгары. Афіцыйны Мінск, як заўсёды, хлусіў. Чытанне бездухоўнай прэсы вельмі дарэчы перапыніла з’яўленне боя ў этнаграфічнай беларускай вышыванцы.

-- Дзядзька Сэм! Тут зноў гэтыя… з Уол-стрыта званяць! -- падлетак працягнуў спод з тэлефонам.

Рука містэра Акулы, аздобленая пярсцёнкам з дыяментам на дваццаць пяць каратаў, пацягнулася да слухаўкі.

-- Хай, бос Сямён! -- трывожна азваўся навушнік. -- На Уол-стрыце плявузгаюць пра вайну! Што рабіць?

-- Хай, брокер Раман! Тэрмінова пераганяй акцыі галівудскіх кінакампаній у актывы авіябудаўнічых і сударамонтных заводаў! Дарэчы, як спрактыкаваны бізнесовец, раю неадкладна скупляць запалкі, соль, макарону, крупы, тытунь, мыла ды іншыя неабходныя пры вайне рэчы. Што яшчэ?

-- А яшчэ нашы хлопцы казалі, што рынак алкагольных напояў на Ўсходнім узбярэжжы абрынуў нейкі “Горкі яблык”…

-- Ну што, скаштаваў? -- рагатнуў містэр Акула. -- Я ж табе казаў, што яны ўсіх ухойдаюць! Тэрмінова перапыняй кантракт з “Джоні Уокер”!

А дрэсіраваная сакратарка ўжо цягнула з лядоўні пляшку “Horki apple for cow-boys”, абкладзеную колатым лёдам.

Гарадзенскі тэлефонны нумар фірмы-вытворцы стаяў на этыкетцы вельмі дарэчы. Злучэнне зацікаўленых бакоў адбылося менш, чым праз хвіліну.

-- How do you do? Mister… -- прывітаўся ў слухаўку дзядзька Сэм.

-- Fine. Thanks... -- і пасля секунднага маўчання пачулася, -- ну здароў, Сямён. Пачакай, кілішак кульну. Як ты там у сваёй Амерыцы маешся?

2.

-- А я лічыў, што блюзнер Сямён вышэй за дробнага гангстэра ніколі не падымецца, -- Хросны асцярожна выбраўся на верхнюю пляцоўку званіцы Фары Вітаўта, -- ён жа шчыра верыў, нібыта канцлер Леў Сапега кіраваў паўстаннем Каліноўскага, а жаночую бялізну называў парфумай!

Беларускі мафіёзі нездарма запрасіў маці, Ісабэль і хлопцаў-янкі на званіцу. Тут, на ўзнёслай вышыні нішто не замінала шчырай сяброўскай размове. Не торгалі тэлефонныя званкі, не сіпелі самагонныя апараты, а мудзілы з хабламі падаваліся з яе такімі дробненькімі, што на іх не варта было і звяртаць увагі. Срэбны бляск Нёмана, смарагдавыя шаты старасвецкіх садоў, старажытная дахоўка палаца Сцяпана Батуры -- усё спараджала трапныя думкі і натхняла на духоўныя развагі.

-- Дзядзька Хросны! Ды мы тую Амерыку “Горкім яблыкам” проста затопім, -- паабяцаў Лабановіч, -- але, калі гувняжны Пярдолэк яшчэ раз падкіне на фабрыку чарговага мерцвяка з Дэфензівы, то справе -- капец.

-- Заб’ю гада! -- Кільмандовіч рассёк паветра рукой, нібыта шабляй.

-- У Саламонавых прыпавесцях напісана, што дабро і любоў не плявузгаюць, не зайздросцяць і не даюць веры плёткам, -- нагадаў Фінберг. -- Чаму ты мяркуеш, што гэта зрабіў менавіта ён?

Іван Брыль паднёс да рота здаравузны кулак і далікатна кашлянуў.

-- Ды якія тут плёткі?! Мае бейсбалістыя хлопцы нядаўна па-таварыску сустрэліся з камандай паліцыянтаў і, натуральна, абставілі іх. Пасля трэцяй скрыні мы нават і пасябравалі… Дык вось, іхняму капітану тэлефанаваў менавіта Пярдолэк. Дакладна. А значыцца, і нябожчыка падкінуў менавіта ён.

-- І нашто яму розную брыду на чужую дзялку кідаць? -- нагадала пра сваё існаванне Эмілія Вастрабрамская.

-- Цётачка Эмілія, хіба не зразумела? -- знізала шакаладнымі плячыма Ісабэль, -- мудзіла ён бездухоўны! Такога не перавыхаваеш!

-- Га! Такому нават горкі яблык не дапаможа, -- Лабановіч удаў, што трымае важкі більярдны кій. -- Каб сястра-кармелітка ў нашай Школе Падставовай вярнулася крыху пазней, не было б цяпер і пра каго казаць. Нічога -- гэтага амаральнага мудзілу мы расціснем, як пацука!

З-пад магутных сталёвых фермаў моста паказаўся расквечаны гірляндамі нос спісанай кананеркі. Шчаслівыя піякі вярталіся з чарговага алкагольнага круіза. Купка асвінелых хаблоў шалёна раўла на палубе:

Не хадзіце, дзеўкі, ярам,


Не давайце качагарам.


Качагары, як сабакі...

-- Бачылі б матулі сваіх сыноў... -- скрушна прамовіла адраджэнка. -- Як па мне, то трэба ўхойдаць не толькі Пярдолка, а і ўвесь ягоны паскудны бізнес.

-- Слушна, -- падтрымала Ісабэль цётку Эмілію, -- яны жанчын за людзей не лічаць! Суцэльная дыскрымінацыя. Ну проста Ку-Клукс-Клан нейкі!

Янкель задуменна прымружыўся, нібы праглядаў бухгалтарскую справаздачу:

-- Нашто тапіць такі прыгожы вайсковы карабель? Ён жа, напэўна, дорага каштуе! Трэба культурна на яго наехаць.

-- Ды я адзін са сваімі бейсбалістымі таго Пярдолка з яго кагалам пашнурую! -- важка запэўніў Брыль.

-- Пасля чаго ён на сваім бездухоўным караблі ўмомант беларускую школку адчыніць! -- запэўніў былы настаўнік.

-- Так яно так... -- разважліва нагадаў Хросны, -- але рабіць гэта сваімі сіламі пакуль не выпадае. Ці яснавяльможная грамада хоча, каб з-за чарговага наезду сарваўся выгодны кантракт з дзядзькам Сэмам? Паліцыя, пракуратура і Дэфензіва дагэтуль шукае ўлікі, каб засудзіць пераможцаў у бітве пры заапарку і ў закалоце на могілках.

-- Ваш бізнес павінен мець бездакорную рэпутацыю, -- падтрымала сына Эмілія Вастрабрамская, -- а яна, што характэрна, у беларускіх буржуазных нацыяналістаў заўсёды праблемная.

Тым часам Кільмандовіч задуменна глядзеў, як мацяркі, жонкі і сёстры расцягваюць з пірса п’яных, як бэлькі, мужчынаў. Праклёны і галашэнні даляталі ажно да верхняй пляцоўкі званіцы Фары Вітаўта. А на борт падымалася чарговая партыя крэсовых аматараў чаркі.

-- Я ведаю, што трэба рабіць, -- пасміхнуўся былы ўлан, -- рэч у тым, што...

-- Рыбентроп!.. Молатаў!.. Пакт!.. -- знянацку даляцела знізу.

Заінтрыгаваная грамада падступілася да парэнчаў. Па-над самай брукаванкай істэрычна лапатаў крыламі стракаты папуга. Двое вусатых раварыстых, якія шалёна круцілі педалі тандэма, мерыліся злавіць уцекача проста ў палёце. Гідкі рабы вусач руляваў толькі адной рукой, другая драпежна хапала паветра. Псіхапат з тэатральнымі вусікамі, не раўнуючы, як тое каўбойскае ласа, раскручваў па-над галавой металёвую стужку рулеткі.

Публіка з жахам ціснулася да камяніц, каб даць дарогу дзікаму паляванню.

-- Врэдытэль! Амэрыканскі шпыон!

-- Хальт! Цурук! Хэндэ хох!

Зляканы папуга ўцякаў ад раварыстых на злом галавы, нібы тая Бандароўна ад пана Патоцкага.

-- Качагары!.. Сабакі!.. -- агрызнуўся птах і неадкладна паплаціўся за непавагу.

Пракураныя пальцы рабога вусача хіжа схапілі птаха за хвост. Уцякач адчайна таргануўся, з усяе моцы залапатаў крыламі. Імгненне, і папуга ўжо ляцеў да Нёмана. А ў зжаўцелых ад нікаціну пальцах засталіся толькі тры вясёлкавыя пёркі.

Неўзабаве сюррэалістычны птах ужо сядзеў на юце вадаплаўнай рэстарацыі і старанна вывучаў свой хвост.

Хросны праводзіў шалёных раварыстых халодным позіркам:

-- Нашу вытворчасць застрахаваць трэба. Інакш нам усім капец. Спярша з’яўляюцца самалёты без апазнавальных знакаў. Следам -- вусатыя прыхадні ў напаўвайсковых фрэнчах. А потым незаўважна падкрадаецца...

3.

Масянджовы сонечны дыск паволі каціўся да бэзавых аблокаў, што насоўваліся з боку Друзгенікаў. Востракрылыя нёманскія ластаўкі са свістам расціналі паветра па-над імклівай плынню. Лакавыя хвалі разыходзіліся ад носа вадаплаўнай рэстарацыі і белай пенай лашчылі валуны нёманскіх берагоў.

Маленькі Сруль урачыста нёс перад сабой спод з вялікай смажанай куркай. Хрумсткая скарынка спакушала Срулева вока, чароўны водар прымушаў каўтаць сліну.

-- ...ты ніколі не лётала! Павуцінне крылом не ткала! -- пашкадаваў смажаную курку жыдзёнак і пацягнуўся да ножкі.

Навум Фабрыкант з’явіўся перад афіцыянтам-пачаткоўцам сувора і ўрачыста, нібы Майсей перад фараонам.

-- Ты каму гэта нясеш? -- пільна спытаў ён пляменніка.

-- Вунь таму пану асадніку ў сініх галіфэ, -- Сруль паказаў вачыма на столік.

За шыхтом пустых пляшак праглядаўся добра-такі пачырванелы нос праўдзівага пшэцкага асадніка.

-- Колькі разоў той пан ванітаваў?

-- Ужо два! -- неадкладна азваўся Сруль. -- Але ж пасля Ласосны паказчыкі заўсёды ўзрастаюць.

-- Малайчына, -- пахваліў малога спрактыкаваны бізнесовец, -- будзеш потым згадваць старога Навума, ды за навуку дзякваць. А цяпер глядзі, як гэта робіцца!

Фабрыкант-старэйшы забраў курку і знік у камбузе, але неўзабаве вярнуўся. Цяпер на сподку ляжала недарэчна малая засмажаная птушачка -- крыху большая за вераб’я.

Навум з каменным тварам паставіў заказ перад чырвонаносым. Госць вадаплаўнай рэстарацыі адразу накалоў птушанятка на відэлец і прымружаным вокам агледзеў з усіх бакоў.

-- О-о-о, kurcza! -- зароў на ўсю палубу піяка. -- Сo to jest?

-- Яснавяльможны пан мае рацыю, -- з бездакорнай ветлівасцю прамовіў Навум, -- гэта ёсць праўдзівая курка.

-- Taka mała?!..

-- Звычайная. Не велька і не малая. Pan iest wielkim panem, вось таму курка і падаецца яму замалой.

-- Owszem! Wielkim!

Ступень алкагольнай атупеласць вялікага пана не пакідала сумневу, што ён не будзе спрачацца, калі Навум выставіць яму за птушачку рахунак, як за праўдзівую курку. Старэйшы Фабрыкант пільна агледзеў наведвальнікаў, падлічыў выпітыя пляшкі і беспамылкова вызначыў ступень алкагольнага ачмурэння кожнага.

Неўзабаве Навум з маленькім Срулём ужо перабраліся на карму ў загарадку, дзе стаялі клеткі. З-за кратаў вытыркаліся дробныя птушыныя галоўкі. Някідкія шэра-жоўтыя пёркі нагадвалі пра сціплую прыгажосць роднага краю.

-- Вы ж мае, вы ж мае, перапёлачкі... -- замілавана прамовіў Фабрыкант і падхапіў за лапы з тузін фальшывых курак.

Перапёлачкі танютка заціўкалі -- плакалі.

-- Kurcza!.. Духоўнасць!.. Блядкі!.. -- пачулася аднекуль.

Навум злякана агледзеўся, і тут проста яму на плячо апусціўся здаравузны папуга. Нялюдскае зеленкаватае вока глядзела на беларускіх птушачак з непрыхаванай юрлівасцю. У маленькага Сруля адразу адвісла сківіца.

-- Які прыгожы пеўнік!.. -- з дзіцячай непасрэднасцю ўразіўся ён. -- А які разумны! Пэўна, з Палесціны да нас прыляцеў! А дзюба! Рыхтык нос у настаўніка нашага ешыбота!

Пляменнік з дзядзькам перазірнуліся. Навумава рука спрактыкавана схапіла папугу за лапы і страсянула.

Неўзабаве небарака сядзеў у вялізнай клетцы і абзываў усіх запар улюбёнымі слоўцамі з лексікону рускай графіні.

Вадаплаўная рэстарацыя мінула бакен і пайшла ўздож самага берага. З’яўленне на сцежцы страшных раварыстых прымусіла маладога бізнесоўца насцярожыцца. Вусачы шалёна круцілі педалі, гналі ўтаптанай сцежкай уздоўж берага.

-- … аддай птыцу, бэзродны касмапалыт! -- заходзіўся рабы.

Маленькі Сруль неадкладна павярнуўся да берага спіной і красамоўна паляпаў сябе па дупе.

-- Юдэн! Шысэн! -- не стрываў псіхапат.

Фабрыкант спалохана загадаў стырнавому Гіршу паскорыць ход. “CUD NAD NIEMNEM” пакрысе аддаляўся ад шалёных правадыроў. З’яўленне Янукевіча падвяло рысу пад недарэчным інцыдэнтам.

-- Што за лямант, гвалт і гармідар? -- пагрозліва спытаў ён. -- Жыды-хамы-быдла.

-- За намі нейкія вар’яты па беразе ўвязаліся, -- азваўся Фабрыкант і, як заўсёды, не здолеў паўстрымацца ад хлусні, -- абяцаліся рэстарацыю нацыяналізаваць!

-- А я-такі іх перамог! -- пахваліўся Сруль і асцярожна пачухаў дупу.

Пярдолэк ачмурэла зірнуў на палоннага папугу:

-- Во, стары знаёмец! -- здзівіўся ён. -- А карга твая дзе?

-- Чамадан, вакзал, Расея, -- Манамахава дзюба трагічна расчынілася.

-- Карацей, мы з табой абодва сіроткі, -- паспачуваў былы жандар і надзейна закруціў засаўку дротам. -- Гаротныя, без сцяга і без Радзімы.

4.

Ягамосць Жыгімонт Аўгуст нерухома сядзеў у вільготнай паўцемры замкавай залы. Скразняк варушыў шытыя золатам адраджэнцкія габелены з выявамі “Пагоні”, “Калюмны” і “Дайновы”. Жыгімонт Стары нядобра касавурыўся з партрэта на “Бялага Ожэла”. Дрыготкае святло паходняў памнажалася ў залачоных рыцарскіх шаломах, нагрудніках і тарчах.

Хударлявы прайдзісвет у дарагім кунтушы імпэтна зняў перад манархам капялюш са стравусіным плюмажам і годна схіліў голаў.

-- А цяпер я, самы знаны ў Еўропе чарнакніжнік, алхімік, астролаг і некрамант, без аніякакага шалберства, махлярства і адвядзення зроку выклічу з чыстца каралеву Барбару з роду Радзівілаў!

Дужыя пальцы Жыгімонта Аўгуста ўчарэпіліся ў парэнчы залачонага фларэнтыйскага фатэльчыка, ажно суглобы храбуснулі. Чарнакніжны пан Твардоўскі распрастаў і высока падкінуў у паветра вэлюм, шыты срэбнымі зоркамі і кабалістычнымі пісьмёнамі. Прасцірадла дзіўным чынам затрымалася ў паветры, краі яго паволі апусціліся, і пад танюткім ядвабам таямніча азначылася зграбная жаночая постаць.

Высакародны твар Жыгімонта Аўгуста збялеў, залачоны фатэльчык жалобна рыпнуў.

-- Гэта дакладна яна? -- недаверліва запытаўся манарх.

-- Князь Цемры літасціва пагадзіўся адпусціць яе да світанку, -- пан Твардоўскі пакрысе сцягваў паўпразрысты вэлюм.

Калі з-пад краю ядвабнага прасцірадла паказалася вытанчаная лытка, апошні з Ягелонаў разгублена захаўкаў шырока разяўленым ротам. Спірытычны сеанс пераўзыходзіў самыя смелыя спадзяванні няўсцешнага ўдаўца.

Пан Твардоўскі ўскінуў руку і нашаторыў вушы, нібыта прыслухоўваўся да трансцэндэнтных галасоў.

-- Яго ягамосць Люцыпар папярэджвае манарха, каб той не мацаў прывід. Дазволена толькі глядзець і ставіць пытанні, -- з гэтымі словамі знакаміты некрамант эфектна сашморгнуў тканіну.

Барбара Радзівіл выглядала па-ранейшаму вабна, пэўна, у чыстцы яна таксама карысталася каралеўскімі прывілеямі. І толькі моцна сцямнелы твар сведчыў пра яе ачышчальныя пакуты. Чорная Дама загадкава пасміхнулася. Жыгімонт Аўгуст не стрываў. Залачоны фатэльчык перакуліўся, і Ягелон кінуўся да каханай з крыкам:

-- Басенька!.. Мая Басенька!..

Як толькі дрыготкія пальцы манарха крануліся пляча Барбары, здань бездапаможна ўскінула рукі і знікла ў таямнічым дымку…

І тут на здымачную пляцоўку выбег галівудскі рэжысёр у шчыгрынавым пінжаку і каўбойскіх ботах.

-- Знята! -- задаволена канстатаваў ён, падміргнуў акцёру, які выконваў ролю Жыгімонта Аўгуста, і па завядзёнцы ўсіх рэжысёраў не стрымаўся ад самаадзнакі, -- а знята -- геніяльна!

Здымачны дзень быў скончаны. Аператарскі кран паволі апусціў кінакамеру долу. Стары гарадзенскі замак, дэкараваны пад нясвіжскую рэзідэнцыю Радзівілаў, асвятліўся сляпучымі сафітамі. Грымёрка збірала свае транты. Асвятляльнік гасіў паходні. Крэсовыя хаблы, якія ўдавалі магнатаў і шляхту, пасунуліся па піва.

Вось ужо колькі тыдняў старажытныя муры, што памяталі Вітаўта і Баторыя, акупавала кіназдымачная група з Галівуду. Чараўнікі “фабрыкі мрояў” здымалі гістарычны блокбастар “Чорная Дама”. І калі на ролі слыннага ліцвінскага манарха, ягоных сваякоў і паплечнікаў былі запрошаны выключна галівудскія зоркі, то на ролю Чорнай Дамы лепшай акцёркі за тутэйшую мулатку Ісабэль Карвальес не знайшлося.

Праўда, рэжысёр вось ужо колькі дзён паглядаў на мулатку крыху больш юрліва за належнае. Відавочна, яго не абцяжарвалі расісцкія комплексы -- гэта быў прагрэсіўны рэжысёр. Вось і цяпер, пасля насычанага працоўнага дня кінатворца ў чарговы раз спытаў, дзе Ісабэль сёння вячэрае. І ў чарговы раз пачуў, што акцёрка ўвечары занятая.

І сапраўды, за замкавай брамай мулатку ўжо чакаў “Студэбекер”.

Прафесіяналізм пераважыў мужчынскія рэфлексы, кіно, як і мае быць, з’яўлялася для рэжысёра самым галоўным з усіх мастацтваў.

Ён нават стрымана прывітаўся з Лабановічам:

-- Ні!

Былы настаўнік шляхетна прыўзняў капялюш:

-- How are your?

-- Thanks!

Ісабэль пацалавала сябра дзяцінства ў шчаку. Янка кінуў на развітанне:

-- Good by!

Знянацку з-пад самай нёманскай стромы пачуўся доўгі густы гудок. Усе, хто яшчэ заставаўся на здымачнай пляцоўцы, зацікаўлена паглядзелі на дзіўную вадаплаўную спаруду, што нахабна рассякала пяшчотныя срабрыстыя хвалі. Ані дым, што валіў з трубы былой кананеркі, ані хаблы, якія п’яна гарлалі на юце, абсалютна не ўпісваліся ў сцэнарый касцюмаванага фільма са слыннай стараліцвінскай гісторыі.

Твар кінатворцы сказіла грымаса незадаволенасці, але Ісабэль прадбачліва апярэдзіла рэжысёрскае “Fuck you!”

-- Не пераймайцеся, пан рэжысёр! -- белазуба пасміхнулася Чорная Дама. -- Неўзабаве гэтая бездухоўшчына назаўсёды знікне з градзенскага краявіду. І, што характэрна, без усялякага шалберства, махлярства, ашуканства і адвядзення зроку!

5.

-- … прапаганда гвалту!.. Кіч-культура!.. Бездухоўнасць!.. -- папуга Манамах прыклаўся дзюбай да какаінавай дарожкі і нядобра скасавурыўся на кінематаграфічную галеру, што стаяла па другі бок пірса.

Дасціпныя галівудскія дэкаратары наводзілі апошні марафет перад заўтрашнімі здымкамі. Золатам ззяла цыцкатая наяда на бушпрыце. Ляніва варушыўся ветразь з чырвоным шасціканцовым крыжам. Даўжэзны шэраг вёслаў паралельнымі рыскамі штрыхаваў пукаты борт. З адчыненых портаў з тэатральнай пагрозай тырчэлі сярэднявечныя гарматы, і каля іх завіхаліся спраўныя піратэхнікі.

Нязвыклае для Гародні відовішча абсалютна не цікавіла былога жандара, які з крылатым хаблом атабарыліся на карме вадаплаўнай рэстарацыі ў загарадцы для перапёлак.

-- Не туды глядзіш! -- Пярдолэк ані на секунду не выпускаў з пальцаў вяроўку, другі канец каторай мацаваўся да лапы Манамаха.

-- Курвы! -- прагна заенчыў на кінавытворцаў вясёлкавы пажадлівец і юрліва паглядзеў на сціплых беларускіх птушачак.

-- І не туды, -- нялюдска гыркнуў сіротка, -- сюды глядзі! Доза наркотыка не горш за курваў!

На дашчаным памосце ўзвышаўся дасціпна зроблены макет фабрыкі па вытворчасці “Горкага яблыка”; адчыненае вакно цацачнай залы пасяджэнняў пазначаў чырвоны крыж. Менавіта да яго і вяла какаінавая дарожка, добрую палову якой птах ужо здзёўб.

Падступны дрэсіроўшчык не дарма марнаваў час і какаін. Ужо цэлы тыдзень ён вучыў папугу беспамылкова знаходзіць шлях на фабрыку хлопцаў-янак і прасоўваць дзюбу ў акно залы пасяджэнняў.

-- А нашто тады какаінавая дарожка, калі яна не вядзе да фабрыкі? -- пафасна дакляраваў Янукевіч і выцягнуў кісет з парашком, каб паднавіць тое, што здзёўб выхаванец.

Сеанс дрэсуры перапыніў Навум Фабрыкант.

-- Пан Янукевіч! Тут новыя піякі з’явіліся! -- рэстаратар задаволена цёр далоні. -- Маладыя, а значыць, прагныя і да халеры вып’юць.

-- Запрашай! -- Пярдолэк абачліва сунуў папугу ў клетку, закруціў дроцікам дзвёрку і звыкла падаўся на мосцік.

Сапараўды, у натоўпе чырвонаносых заўсёднікаў, якія падымаліся на “CUD NAD NIEMNEM”, мільгацелі незнаёмыя твары. Нягледзячы на цёплы жнівеньскі дзень, маладыя піякі-неафіты былі ў капелюшах, насунутых на самыя вочы. У сваіх аднолькавых навюткіх стройчыках гэтыя госці глядзеліся крыху каструбавата, відавочна, маладзёны не былі прызвычаены да падобнай вопраткі. Бязвусыя твары хаваліся за газетамі і насоўкамі. Так звычайна паводзяць сябе цнатлівыя гімназісты пры першым наведванні бардэля.

Алкагольны круіз меўся стаць самым масавым за ўсю гісторыю вадаплаўнай рэстарацыі.

-- Курвы!.. Лярвы!.. -- прароча выгукнуў Манамах.

Але яго ніхто не пачуў…

Загрукацела машына, заплёскалі хвалі ўздоўж бартоў. Карабель упэўнена рушыў нёманскім фарватарам у бок Друзгенікаў.

Моўша прыцягнуў на палубу дадатковыя столікі. Гірша выставіў удвая больш пляшак, чым звычайна. Навум Фабрыкант загадаў занесці на камбуз клетку з тузінам самых дробных перапёлак. Маленькі Сруль спрактыкавана прыглядаўся -- вызначаў, хто з піякаў-пачаткоўцаў першым кінецца да парэнчаў.

Вадаплаўная рэстарацыя мінула былую летнюю рэзідэнцыю Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Маладыя піякі сціпла замовілі па кілішку віна, і дасведчаныя заўсёднікі адразу ўзяліся навучаць іх спрадвечным мужчынскім каштоўнасцям. Ініцыяцыя неафітаў праходзіла пад меладычнае бомканне келіхаў і разняволеную лаянку паноў і падпанкаў.

-- Усе бабы -- курвы! -- пераканана тлумачыў чырвонаносы піяка ў сініх галіфэ, а бязвусы пачатковец у глыбока насунутым на бялюткі вытанчаны твар капелюшы слухаў яго з усмешкай. -- Бяры прыклад з мяне! Я кепскаму не навучу. Калі закрэнціць да каханкі на Пярэспу ці тутай напіцца да ўсрачкі, я сябру ў Вільню тэлефаную, а ён мне тэлеграму адбівае. Маўляў, тэрміновая камандоўка. А мая дурная курыца і верыць! А ведаеш, чаму? Таму, што ўсе бабы не толькі курвы, але і дуры! А за гэта трэба неадкладна выпіць, -- чырвананосы зухавата кульнуў шклянку.

Малады суразмоўца з’едліва пасміхнуўся, жэстам фокусніка скінуў маскіровачны капялюш і расшпіліў пінжак. Калі піяка ў сініх галіфэ зноў паглядзеў на суседа па століку, непраглынутае пацякло са скрыўленага роту. Шклянка ляснулася на палубу і пакацілася да борта.

-- От, курва! -- выдыхнуў зніякавелы аматар чаркі.

Маўклівы маладзён аказаўся той самай “курыцай”, якая, з ягоных словаў, была такой дурной і даверлівай. Рачны вецер бухмаціў белыя вядзьмарскія валасы. Пругкія цыцкі пад мужчынскай кашуляй надзімаліся лютай нянавісцю. Зялёныя вочы блішчэлі прагай помсты.

-- Ну што -- скаштаваў, стары казёл?! -- доўгія нафарбаваныя пазногці звярынымі кіпцюрамі ўбіліся ў расчырванелы твар.

За суседнімі столікамі адбывалася прыблізна тое самае, але з той розніцай, што замест кіпцюроў “піякі-пачаткоўцы” ўжывалі патаўпешкі, прыхваты, патэльні, кантары, каталкі, качэргі ды іншы кухонны рыштунак.

Дэмаралізаваныя мужчыны відавочна не чакалі арганізаванага нападу на “выспе свабоды”. Да таго ж, люднае места і п’яныя згрызоты сумлення не дазвалялі даць адлуп раз’юшаным жонкам.

-- Певень не птушка, мужчына не чалавек! -- кінула вокліч зеленавокая вядзьмарка-феміністка. -- Біце ў сэрцы іх!

-- Бабы на борце! -- з жахам залемантаваў Навум Фабрыкант, але было ўжо запозна…

Азвярэлыя фурыі з інфернальным рогатам лёталі па палубе -- помсцілі паскудным мужчынам за гады пакутніцтва, падману, знявагі і алкагалізму. Яны з радасным віскам выдзіралі валасы і гострымі абцасамі тапталі тых, хто ўжо не мог падняцца. Метадычны грукат калатушак акампаніраваў салодкаму акту адплаты.

Моўша з Гіршам абачліва зачыніліся ў машынным аддзяленні. Зляканыя Навум і маленькі Сруль вужакамі запаўзлі ў ратаўнічую шлюпку і накрыліся брэзентам. Сямейка Фабрыкантаў зведала нямала пагромаў, але пра такі гвалт і вэрхал не расказвала нават старая Цыля. Пярдолэк быў кінуў стырно, але некіруемы карабель неадкладна панесла на страшныя прыбярэжныя валуны. І ён, як прыкаваны галернік, мусіў застацца на мосціку.

Пляшкі, кілішкі, гранчакі ды іншыя сімвалы мужчынскага панавання ў хаце і ў свеце бязлітасна вынішчаліся. Іх скрынкамі і кошыкамі выкідалі за борт. Кроў, змяшаная з віном і гарэлкай, пенілася ў кільватары. Калі ж піяцкі рыштунак скончыўся, сп’янелыя ад мужчынскай крыві жанчыны згадалі і пра галоўнага віноўніка сямейных няшчасцяў.

Даўгавалосая зеленавокая вядзьмарка хіжа ашчэрыла бялюткія іклы і крывава-чырвоным пазногцем паказала на капітанскі мосцік.

-- Ачысцім свет ад смярдзючых мужчын! -- імпэтна выгукнула яна.

Дзве дзябёлыя амазонкі-маладзіцы ўжо прыстаўлялі да рубкі перасоўны трап. У руцэ трэцяй пагрозліва пабліскваў сякач. Чацвёртая гучна кляцала каміннымі шчыпцамі.

Былы жандар схапіўся за сэрца, бо зразумеў: гэта -- канец усяму.

6.

Лёгкі дзюралевы кацярок, што вылецеў на нёманскі прастор з ціхай затокі, імкліва рассякаў зеленкаватыя хвалі. Кільмандовіч упэўнена трымаўся за румпель і з усмешкай каментаваў свой падступны план сябрам:

-- А цяпер яснавяльможная мужчынская грамада на ўласныя вочы пабачыць, што нават дурныя пані, калі іх добра зарганізаваць, здольныя-такі пазмагацца за духоўнасць!

-- Гэта, напэўна, дорага каштавала? -- дапусціў Фінберг.

-- Паскуднаму Пярдолку гэты круіз абыдзецца значна даражэй! -- Кільмандовіч варухнуў румпелем.

Кацярок паслухмяна скіраваў да размаітага смецця, што бязладным шлейфам укрывала фарватар і знікала за паваротам ракі. Імклівая нёманская плынь цягнула пашкамутаныя абрусы, коркі, недапітыя пляшкі, вокладкі меню, паламаныя крэслы і столікі. Сярод гранчакоў, што цудам трымаліся на вадзе, целяпаліся падраныя сінія галіфэ.

-- Супраць цячэня вады можа толькі жывое паплыць, хвалі ж ракі заўсягды цягнуць тое, што скончыла жыць! -- задаволена пасміхнуўся Лабановіч. -- Капец Пярдолку!

-- І якім жа гэта асілкам трэба быць… -- уразіўся маштабам знішчэння баксёр Брыль.

-- Асілкам быць не абавязкова. Гэты пагром учыніў мой бабскі батальён. Я сваім жанчынкам загадзя колькі фемінісцкіх брашурак падсунуў, капелюшы і стройчыкі купіў. Ну і яшчэ… -- былы ўлан сарамяжліва апусціў позірк, -- пакуль адзін мудзіла ў Вільню ездзіў, я тры начы ўзапар ягоную зеленавокую жонку вучыў спрадвечным жаночым каштоўнасцям. І, здаецца, недарма!

Тым часам наперадзе паказалася і сама вадаплаўная рэстарацыя. З трубы шматамі ляцеў жалобна-чорны дым. Адчайна раўла сірэна. На флагштоку трымцеў сцяжок -- знак бедства.

-- І, што характэрна, ніхто не зможа давесці, што мы да гэтага спрычыніліся, -- патлумачыў Аянька. -- Спадзяюся на вартае ўвагі відовішча.

Цяпер дзюралевы кацярок ішоў паралельным з рэстарацыяй курсам. Мосцік былой кананеркі быў надзейна абложаны бязлітаснымі валькірыямі. Узброеныя кухонным рыштункам амазонкі караскаліся па драбінах, не раўнуючы, як тыя янычары на муры Хоцінскага замка. Светлыя мужчынскія стройчыкі толькі ўзмацнялі падабенства. Праўда, былы жандар мала чым нагадваў мужнага гетмана Хадкевіча і найперш -- паводзінамі.

Пярдолэк панічна матляў над галавой белай фіранкай і крычаў янкам на кацеры:

-- Хлопцы! Сябры мае! Мы ж з вамі ў адной школцы вучыліся! Я, можа, і не такі свядомы, як вы! Але ж таксама чалавек і таксама беларус!

Хлопцы-янкі, як і мае быць, не зважалі на крыкі, а замілавана ўглядаліся ў наднёманскія краявіды.

Тым часам зеленавокая вядзьмарка нарэшце ўзбілася на мосцік.

-- Прэч ад мяне, хамка-быдла-баба! -- істэрычна заверашчэў Пярдолэк.

-- …ба!.. ба!.. -- адбілася рэхам ад камяністых берагоў.

Вядзьмарка выкалупала з-пад пазногця кавалак скуры з густой кучаравай шчэццю і чаратовай коткай кінулася на здабычу.

Але тут адбылося тое, чаго не чакалі ані шалёныя амазонкі, ані хлопцы, ані Пярдолэк…

Раптам з-пад палубы жыватворнай крыніцай забруіў пругкі струмень вады. Моўша ледзь стрымліваў рухлівую змяюку напятага пажарнага рукава, а Гірша ўжо кіраваў брандспойт на зеленавокую. Магутны струмень імгненна збіў драпежніцу, і яна паляцела на галовы паплечніцам. Вада з брандспойта адразу ахаладзіла вядзьмарскія галовы і спыніла далейшы штурм мосціка.

Водны дывізіён дбайна ачышчаў палубу, нібы той Геракл -- Аўгіевыя стайні. Пабітыя, падрапаныя піякі збіліся ў гурт за спінамі мужных абаронцаў вадаплаўнай рэстарацыі. Крыху асмялелыя мужчыны на мігі паказвалі жонкам, што цяпер будуць не толькі піць ад рана да рана, але і непрыхавана цягацца да каханак і палюбоўніц.

Мокрыя фурыі вішчэлі, сыпалі праклёнамі, чапляліся за парэнчы і адчайна шкрэблі палубу пазногцямі, але флоцкая сістэма вогнегашэння нарэшце перамагла крэсовы фемінізм.

Паміж нёманскіх хваляў мячыкамі замільгацелі бландзіністыя, брунэцістыя і шатэністыя галовы.

Маленькі Сруль выткнуў нос з-пад брэзенту:

-- Людзі за бортам! -- жахнуўся ён.

-- Хіба гэта людзі? -- нядобра ашчэрыўся Навум Фабрыкант. -- Кожны, хто замінае нам рабіць грошы, не чалавек!..

Над нёманскім прасторам паляцеў пераможны крык Пярдолка:

-- Плыві, эпохі ледакол! А вы, хамулы-быдла, каціцеся да такой-та мацеры на лёгкім кацеры!

Вадаплаўная рэстарацыя на ўсіх парах уцякала з месца катастрофы. Дзюралевы кацярок мужна дрэйфаваў між амазонак.

-- Аянечка!.. Любы!.. Я ведала, што ты мяне не кінеш!.. -- задыхана вымавіла зеленавокая і ўчапілася за дзюралевы борт.

Вядзьмаркі русалчынай зграяй памкнуліся да кацярка. Хлопцы ва ўсе вочы глядзелі, як борт абчарэпілі шматлікія жаночыя рукі.

-- Аянька! Тут так халодна! Дык цягні ж мяне! Сагрэй хутчэй! -- ледзь не па сцёгны выскоквала з вады, высільвалася зеленавокая.

Мажная маладзіца з атлетычнымі плячыма спартоўкі таварыства “Sokoł” і дупай на дзесяць Іванавых кулакоў схапіла яе за валасы і занурыла ў ваду.

-- Маўчы, курва! Аянечка па мяне прыплыў!

У адказ па паверхні толькі разбегліся дробныя срабрыстыя бурбалкі.

-- Не сварыцеся, дзеванькі, мяне на ўсіх хопіць! -- прымірэнча паабяцаў Кільмандовіч, -- а калі што якое, то хлопцы заўсёды дапамогуць!

Зялёныя вочы лыпалі ўжо па-над вадою.

-- Каціся да свайго мужыка! Феміністка дурная! Мой уланчык нікому з вас не дастанецца!

-- Брэшаш, таўстадупая! -- раз’юшылася яшчэ адна маладзіца, але чамусьці кінулася на зеленавокую.

І тут ва ўсёй красе выявілася жаночая салідарнасць -- пырскі і выдраныя валасы паляцелі ўва ўсе бакі. Аянькавы каханкі і палюбоўніцы вішчэлі, брыдкасловілі і мерыліся выдрапаць адна адной вочы.

-- Не тапіце яе, не тапіце! Бо каханне -- для дурняў сымболь! -- паспеў крыкнуць Кільмандовіч, але запозна: разгайданы кацярок добра-такі чарпануў вады і перакуліўся.

7.

Смарагдавая яшчарка порстка выскачыла на сагрэты сонцам прынёманскі камень і з цікаўнасцю паглядзела на чатырох хлопцаў, якія развешвалі мокрую вопратку на прыбярэжных хмызах.

Ніжэй, на дзікім пляжы атабарыліся жанчыны ў негліжэ. Яны абачліва трымаліся паводдаль адна ад адной. Ад маленькіх касметычных люстэрак па пясчаным адхоне бязладна скакалі сляпучыя сонечныя лапікі: амазонкі, як і мае быць, старанна паднаўлялі макіяж.

-- А ўсё-такі перамагла бездухоўнасць! -- злосна вымавіў маладзён з нахабнымі валошкавымі вачыма, і гэта прымусіла яшчарку зноў схавацца паміж камянёў.

Кільмандовіч прысаромлена маўчаў, хаця вялікай віны за ім і не было.

-- Не пераймайся, Аянька, -- Іван Брыль па-сяброўску паляпаў яго па плячы, -- нават у казках дабро не адразу перамагае ліха!

-- Але ж рэпутацыю Пярдолкавай рэстарацыі мы моцна падпсавалі, -- падбадзёрыў грамаду Янкель Фінберг, -- а ў бізнесе рэпутацыя -- ці не галоўнае.

-- Я так думаю, што цётка Эмілія і Ісабэль мелі рацыю, -- самакрытычна прызнаўся былы настаўнік, -- тапіць гада трэба разам з караблём!

-- І разам з піякамі? -- здзівіўся Кільмандовіч.

-- Шкада. Якія ні якія, а ўсё ж людзі, -- абурыўся Брыль.

-- Да таго ж -- нашы людзі, -- слушна нагадаў Фінберг. -- Кожны з іх за тыдзень, мо, скрыню “Горкага яблыка” выпівае!

І тут з-за рачнога павароту паказалася ладная лакіраваная байдарка-двойка. Востры, як у рэзніцкага нажа, нос бязлітасна працінаў пругкія нёманскія хвалі. Паперадзе веславаў гідкі рабы вусач з люлькай у зубах, за ім сінхронна працаваў вяслом хударлявы псіхапат з тэатральнымі вусікамі. Хлопцы-янкі на ўсе вочы глядзелі, як дзіўны тандэм кіруецца да іх.

Рабы вусач паказаў кароткім вяслом на жанчын у негліжэ:

-- Раскрэпашчэнніе жэншчын, таварыш Адзік! Нада адной з ных вэсло в рукы даць і в мінскім парке Чэлюскінцэв на пастамент паставіць!

-- Найн, геносэ Юзік! -- не пагадзіўся псіхапат і істэрычна залемантаваў да амазонак: -- шнэллер! Фрау -- драй “К”: кіндэр, кюхэн, кірхэн!

Зляканыя жанчыны пахапалі мокрыя апранахі і пабеглі ад страшных дзядзек на злом галавы.

А рабы вусач з нечаканай прыязнасцю пасміхнуўся хлопцам.

-- Прывітанне, шаноўныя таварышчы беларускіе буржуазные нацыаналысты! -- пыхнуў ён люлькай. -- Мы з таварышам Адзікам мірные арнытолагі. Правда, таварыш Адзік?

-- Я-а, я-а, геносэ Юзік! -- міралюбна пацвердзіў псіхапат. -- Ды фёгель -- юбер аллес!

-- Мы тут ішчым рэдкую птыцу “папугаіс вульгарыс”, -- нос байдаркі мякка тыцнуўся ў камень, на якім сядзелі хлопцы.

-- Я-а, я-а... “вульгарыс”, -- згодна азваўся псіхапат.

Янка намацаў ладную камянюку і задуменна прымружыўся, прыкідаў, каму шпульнуць яе ў галаву. Аянька асцярожна пацягнуўся па стэк-похвы. Брыль нетаропка падаўся да вады, каб перакуліць байдарку адным рухам. Янкель падступна сціснуў у кулацэ сухі пясок, каб, калі што якое, неадкладна зацярушыць прыхадням вочы.

Але гідкі рабы вусач нечакана ўлагодзіў беларускіх буржуазных нацыяналістаў:

-- Вы зра счытаеце нас паліцічэскімі двурушнікамі. Правда, таварыш Адзік?

-- Іх бін дойчэ юбэрмэнш! -- шчасліва выскаліўся псіхапат.

-- Мы прадлагаем вам в абмэн на рэдкую птыцу настаяшчый суверэнітэт Беларусі. Правда, таварыш Адзік?

-- Я-а, я-я, геносэ Юзік! -- тэатральныя вусікі псіхапата пагрозліва нашаторыліся. -- Рыхтышэ суверэнітэт!

-- Гдэ будэт імэць мэсто дажэ беларускі буржуазны нацыаналызм! -- дадаў рабы вусач. -- Папытайцеся нам эту птыцу спаймат. Папытка -- нэ пытка. Правда, таварыш Адзік?

-- Арбат махт фрай! -- павучальна азваўся псіхапат.

Хлопцы перазірнуліся і паразумеліся без словаў. Гэта была прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца.

-- Зэр гут! -- узрадваўся псіхапат.

-- Птыца, суверэнітэт, граныца, -- падхапіў гідкі вусач.

Байдарка крутанулася. Вёслы заплёскалі, і чароўныя крышталёвыя пырскі імгненна асляпілі маладзёнам вочы.

8.

У туевым жываплоце бесклапотна старакаталі конікі. Белыя і чорныя лебедзі ляніва плавалі па люстэрку стаўка. Ад магутных кіпарысаў плыў густы смалісты водар.

Уся грамада нетаропка шпацыравала паэтычнымі алейкамі батанічнага сада. Хросны выслухаў Лабановіча з каменным тварам.

-- З мудзіламі ніколі нельга дамаўляцца. Кінуць! -- пераканана засведчыў ён. -- А з вусатымі мудзіламі -- і пагатоў, нават размаўляць не варта!

Слынная адраджэнка звыкла запярэчыла сыну:

-- Яны маладыя, ім далей жыць. Хай за сябе і вырашаюць. Горш, чым цяпер, усё адно не будзе.

-- Да таго ж, папуга, як я высветліла, у палоне на вадаплаўнай рэстарацыі. Яго Пярдолэк нейкай дурні навучае. Праўдзівы цырк на дроце: там і наркотыкі, і перапёлачкі, і нейкая зброя… -- прыгадала Ісабэль.

-- Мо, ён Манамаха з “хабла вульгарыса” на “мудзілу грандыёзуса” перавыхоўвае? -- дапусціў Аянька.

-- Ягоную паскудную рэстарацыю ўсё адно трэба знішчыць, -- нагадаў Іван. -- Чаму б не ўратаваць папугу? Калі за яго святое абяцаюць…

-- Наш вораг адно Пярдолэк, -- слушна нагадаў былы настаўнік. -- А як жа людзі?

-- Старых кліентаў, як я дакладна ведаю, жонкі з хатаў не выпускаюць, -- са скрухай запэўніў Кільмандовіч, -- а новыя пакуль што нават да пірса падыходзіць баяцца!

-- А Фабрыкант са сваімі паскуднымі вучнямі па суботах шабас спраўляе, -- прыгадаў Фінберг, -- так што, ад пятніцы і да нядзелі ў вадаплаўнай рэстарацыі апроч амаральнага Пярдолка, бездухоўных паліцыянтаў з жандарамі ды папугі нікога больш і не будзе.

Ісабэль гарэзліва сарвала прыўкрасную ружу. У васкавых пялёстках клейнотамі зіхацелі кропелькі расы.

-- Пэўна, Чорная Дама мерыцца аздобіць пахавальны стройчык Барбары? -- пасміхнуўся былы настаўнік.

-- Не. Гэта -- на магілу Пярдолка. І плыць гэтай кветцы па нёманскай плыні, -- паэтычна запэўніла мулатка.

9.

Імклівая нёманская плынь несла ірваныя шматкі шуму, заўчасна зжаўцелае лісце і дробныя белыя пялёсткі. Янукевіч засяроджана скуб вялікі садовы рамонак і прыгаворваў:

-- Гахне?.. Не гахне?.. Гахне?.. Не гахне?.. Гахне!.. -- радасна выгукнуў ён і пасунуўся да клеткі з крылатым хаблом.

Вялізная клетка стаяла перад тым самым макетам, які па-майстэрску ўдаваў фабрыку па вытворчасці “Горкага яблыка”. Знаркаманены Манамах па-жабрацку заенчыў:

-- Какаін… доза…

-- Вяроўка -- граната, -- павесялела азваўся сіротка і адчыніў краты.

Папуга цяжка порхнуў на стол і пытальна паглядзеў на муляж гранаты каля вуснаў настаўніка.

-- А цяпер уяві, што ты ў зале пасяджэнняў. А вакол цябе -- янкі, янкі, янкі! -- даў уводную былы жандар, -- табе трэба неадкладна рабіць так, -- Янукевіч таргануў засцерагальнік, -- не зважай на кепскую дыкцыю -- у мяне ў зубах колца.

-- Смерць янкі! -- пацвердзіў папуга і заенчыў: -- Доза!.. Доза!..

-- Паўтары! -- падступны Пярдолэк паматляў перад птушынай дзюбай кісетам з какаінам.

Манамах спрытна вытаргнуў драцяное колца з запалу. Спружына пагрозліва шчоўкнула.

-- Заслужыў! -- Пярдолэк ашчадна адмераў пазногцем бялюткі парашок. -- І ніякіх перапёлак, беражы сілы. Ляцець давядзецца з гранатай на шыі.

Крылаты наркаман імгненна здзёўб узнагароду.

Янукевіч звыкла слізгануў позіркам па сталах, пад якімі ў размаітых позах валяліся асвінелыя з перапою паліцыянты з жандарамі, і паглядзеў на раку. З-за каменнай апоры моста няспешна сунулася вялізная залачоная баба. Пыхліва напятыя цыцкі адбіваліся ў вадзе. І тут танюткі зухаваты свіст рэзануў Пярдолка па вушах.

-- Дупа! -- прагна прастагнаў сіротка, і недарма...

10.

Дупа была вабная. Тонкая вертыкальная лінія нябачным люстэркам падзяляла клубы на сіметрычныя паловы-адбіткі. Ядвабная чорная радзімка амаль схавалася між імі. Але самым цудоўным быў колер клубоў -- шляхетна-шакаладны, рыхтык, аббіўка трона Ягелонаў.

Каралеўская галера ўрачыста выплывала з-пад моста. Мерна падымаліся і апускаліся вёслы, свістаў бізун па скаваных ланцугом веслярам, і палонныя маскалі дурнымі галасамі раўлі “Дубинушку”.

Камера аператара хіжа наехала аб’ектывам на крывавы пісяг на спіне весляра. Галівудскі рэжысёр засяроджана гартаў сцэнарый. Жыгімонт Аўгуст схаваўся на карме і з-пад крыса каралеўскай мантыі прагна жлукціў сваё ранішняе піва.

Скарыстаўшыся момантам, Чорная Дама з падвялай ружай у валасах узбілася з нагамі на трон пад геральдычным балдахінам і бязгучна танчыла буржуазны канкан. Аксамітны, шыты перлінамі прыпол сукні высока ўзлятаў то спераду, то ззаду. Бездакорныя клубы дрыготка адгукаліся на кожны рух.

Сіротка з кармеліцкай Школы Падставовай прагна захаўкаў ротам і залыпаў вачыма, а таму і не заўважыў, што адбывалася ў яго за спіной…

11.

“…ты ж мая, ты ж мая перапёлачка…”, -- тужліва выводзіла Янкелева скрыпачка.

З дзесятак гладкіх перапёлачак маляўніча атабарыліся на пірсе, шматабяцальна квахталі і сукалі зграбнымі лапкамі. З папяровага пакета ў руках цёткі Эміліі шчодра церушыўся бялюткі парашок.

Папуга, які сядзеў на стале за спіной Пярдолка, якраз паміж клеткай і гранатай, -- замілавана расчыніў дзюбу. Яму рабілі прапанову, ад якой відавочна нельга было адмаўляцца.

-- Пулі, пулі, пулі, Манамашанька! -- з фальклёрнымі інтанацыямі загукала з пірса адраджэнка, -- Orzeł Biały, прыляці, людзям шчасце прынясі!

-- Курвы!.. Доза!.. -- неадкладна адгукнуўся какаіністы папуга, шчасліва распрастаў крылы і паляцеў да прынады.

Імгенне -- і вясёлкавыя крылы ўжо лапаталі сярод зляканых беларускіх птушачак. З-за магутнай спіны цёткі Эміліі выляцеў прымацаваны да стэка сачок і прыціснуў папугу да дошак.

-- Гатовы! -- задаволена канстатаваў Кільмандовіч.

Брыль асцярожна ўзяў птушку, баяўся расціснуць. Фінберг ужо адчыняў краты навюткай клеткі. Хросны пасміхнуўся і пераняў ад маці папяровы пакет:

-- Гэта ж столькі белай мукі змарнавалі!

Лабановіч радасна гукнуў:

-- Гэй, Пярдолэк, мудзіла бездухоўны! Паглядзі на свайго гадаванца! Скаштаваў? Зараз і не такое скаштуеш!..

12.

Янукевіч азірнуўся і адчайна заенчыў:

-- Мужыкі-хамы-быдла! Гаротнага сіротку пакрыўдзілі! -- ён зляканым пацуком кідаўся па палубе, -- паночкі паліцыянты! Паны жандары! Пшэкі! Дайце рады! Свядомыя нашых б’юць!

Былы жандар бязладна перабягаў ад аднаго непрытомнага піякі да другога. Але ўсё было дарэмна, ніводзін суботні заўсёднік вадаплаўнай рэстарацыі нават павекі не расплюшчыў.

Янукевіч учарэпіўся за парэнчы і завыў, нібы той піліпаўскі воўк. Позірк Пярдолка, затуманены слязьмі і смяротнай крыўдай, выхапіў ружовую пляму ў валасах Чорнай Дамы, дрыготкі агеньчык паходні ў яе руцэ і тоўстую, як бервяно, рулю ў адчыненым карабельным порце…

13.

Сярэднявечная гармата каралеўскай галеры грукатнула з важкай упэўненасццю, ажно дашчаная палуба здрыганулася. Каменнае ядро са свістам пракрэсліла дымны след і цяжка вухнула ў машыннае аддзяленне былой кананеркі. Чорная Дама згасіла паходню.

“CUD NAD NIEMNEM” імкліва хіліўся на правы борт. Густая пара свістала з расколатага катла. Страшна сычэла вуголле ў раскурочанай топцы. Бязладна круцілася стырнавое кола.

-- Дапамажыце! Што за народ такі?! -- капітанская фуражка паляцела ў бок каралеўскай галеры.

-- Вядома ж, землякі! -- Чорная Дама выцягнула з валасоў ружу, і падвялая кветка паляцела ў нёманскія хвалі.

А вада ўжо плёскалася на палубе, і шэрыя хвалі сцягвалі непрытомных піякаў. Пярдолэк спрытным пацучком узбіўся на машту, і толькі раскрыў рот, каб крыкнуць “ратунку!”, як з жахлівым грукатам разляцеўся кацёл карабельнай машыны…

Вадаплаўная рэстарацыя з грукатам развалілася напалам. Карма і нос сталі дыбкі. У фантанах пары і пырскаў вады мільгануў перакошаны адчаем твар былога жандара.

Неўзабаве толькі дым, што лесвіцай узнімаўся да неба, сведчыў пра трагедыю на нёманскіх прасторах. Імклівая плынь зносіла з горада перацягнутых партупеямі мудзілаў, паламаную мэблю, пашматаваныя фіранкі, кухонны рыштунак ды іншае смецце.

Але бела-русай галавы Віктара Янукевіча сярод яго не было…

14.

Бялюткія ветразі з вялікімі шасціканцовымі крыжамі ганарліва разгарнуліся. Жнівеньскае сонца абліло ўсмешлівы твар залачонай наяды. Крэсовыя хаблы, скаваныя адным ланцугом, стаялі на палубе лупілі вочы і хаўкалі на парэшткі вадаплаўнай рэстарацыі.

Асістэнт прыклаў да вуснаў бляшаны рупар і данёс да масоўкі волю галівудскага рэжысёра:

-- Назад да вёслаў, сукіны сыны! Ніхто не даваў каманды “Знята!”

А сам рэжысёр ужо пытальна глядзеў на Ісабэль Карвальес.

-- Пан рэжысёр, -- белазуба пасміхнулася Чорная Дама, -- я абяцала назаўсёды пазбавіць градзенскі краявід ад бездухоўшчыны. І, што характэрна, адбылося гэта без усялякага шалберства, махлярства, ашуканства і адвядзення зроку!

15.

Шарая гадзіна апанавала Ласоснай, размыла абрысы прыбярэжных дрэваў. Згаслі колеры, сцішыліся птушкі, і вада счарнела, рыхтык атрамант. Ад пашы далятала ціхае блямканне званочкаў, бляянне авечак, і пастаральны дзіцячы дыскант кранальна ўлагоджваў змрочную паэтыку краявіду:

Ой Нёман, ты бацька наш, Нёман,

Як сонца, як дзень дарагі!

Касцямі звяругаў шалёных

Усланы твае берагі…

Двое паліцыянтаў крочылі сцежкай нага ў нагу, патрулявалі ўзбярэжжа, меланхалічна лузалі семкі і ўслухоўваліся ў кранальны спеў. Шлейф з гарбузовага лушпіння цягнуўся за імі ажно ад самой Гародні.

-- …а я, як дазнаўся пра цуд над Нёмнам, то адразу ж свечку перад Маці Вастрабрамскай і запаліў! -- шчарбаты паліцыянт падзяліўся семкамі таварышам.

-- Нас, зрэшты, гэта не тычыцца, -- ляніва азваўся клышаногі напарнік.

-- Хлопцы ў пастарунку казалі, што колькі мерцвякоў ажно ў Друзгеніках на пляж вынесла!

-- Хай цяпер Генік з Друзгенік імі і займаецца! Вада -- не нашая тэрыторыя. Законы Рэчы Паспалітай на беразе канчаюцца. Мы грошы дастаём за тое, што зямлю патрулюем.

-- Ды хіба гэта грошы?!

І тут ад берага даляцела хваравітае трызненне. Паліцыянты перазірнуліся, ссыпалі семкі ў кішэні і расправілі плечы.

Неўзабаве яны ўжо стаялі каля самай вады. На водмелі ляжаў бела-русы фацат з ратаўнічым колам на шыі. Скрываўлены пусты рукаў светлага кіцеля пяшчотна краналі шэрыя нёманскія хвалі.

Шчарбаты задуменна пачухаў патыліцу:

-- Во! А ты кажаш -- Генік!.. Вось і сурочыў!

-- Давай, яго дручком сапхнем! Няхай у Друзгеніках разбіраюцца!

Хвалі мерна накатваліся на аднарукага. Зсінелыя вусны ледзь варушыліся.

-- Гля, апрануты прыстойна, -- ацаніў клышаногі.

-- Мо, па кішэнях пашныпарыць? -- прымружыўся шчарбаты. -- Рыбам і ракам златоўкі без дайпатрэбы.

Здабыча ўразіла: набрынялы пачак банкнотаў і цяжкі залаты партцыгар з зацёртым надпісам.

-- Вось гэта -- грошы! -- клышаногі са шкадаваннем распалавініў пачак.

-- А партцыгар, давай, разам на Раскошы і прагуляем! -- з напружанай усмешкай прапанаваў шчарбаты.

-- Маеш рацыю. Людзям -- чарка, ракам -- шкварка, -- дручок упёрся ў плячо непрытомнага калекі, -- і што характэрна: ніхто і ніколі не давядзе, што гэты тапелец тутай быў!

Бела-русы расплюшчыў вочы і надзіва роўна вымавіў:

-- Быў… Ёсць… Буду...

-- Гля, трывушчы! -- здзівіўся клышаногі.

-- Як гэта -- будзеш? -- не зразумеў шчарбаты.

-- Такія, як я, кожнай уладзе патрэбны. Я і польскім жандарам служыў, і ў НКВД пайду, як запросяць, і ў Гестапа, калі што якое…

Твары патрульных паліцыянтаў пасуворылі: непахіснасць у светаглядзе ўразіла іх замоцна.

-- Наш хлопец! -- ухваліў шчарбаты.

-- Шкада, як падохне, -- злітваўся клышаногі.

Паліцыянты асцярожна выцягнулі бела-русага калеку на бераг.

-- Пільнуй тут! А я пайшоў транспарт шукаць. Трэба ў шпіталь завезці, -- клышаногі пашыбаваў да горада, і неўзабаве яго перацягнутая партупеяй постаць распусцілася ў вечаровым сутонні.

16.

Эфектна прагучала віртуозная кода, бадай, самага знакамітага твора Ніколы Паганіні. Янкель апусціў скрыпку і з надзеяй паглядзеў на Карла Спагеці. Сівы, як лунь, сіцыліец кранальна прыклаў насоўку да вачэй. Геніяльная “Campanella” нязменна кранала сентыментальныя струны ў душы старога гангстэра.

Хросны і хлопцы ўзнёсла маўчалі.

Нагода сабрацца за даўжэзным сталом у зале пасяджэнняў была не абы якой. Слынны па абодва бакі Атлантыкі мафіёзі Карла Спагеці нарэшце вяртаўся на радзіму. Ачышчальная ціша постмузычнага катарсісу панавала з хвіліну. Нарэшце Карла сутаргова скамечыў вільготную насоўку і пранікнёна выгукнуў:

-- Bravo! Bravissimo!

І тут з другога канца стала недарэчным дысанансам прагучала:

-- Кіч-культура! Доза! -- і папуга патрабавальна дзеўбануў у паліраваную стальніцу.

Хросны перахапіў позірк Лабановіча і зразумеў: калі б не абяцаная вусачамі незалежнасць Беларусі, былы настаўнік неадкладна б адкруціў бездухоўнаму птаху галаву.

Брыль вінавата патлумачыўся перад госцем:

-- Дзядзька Карла, а калі б Бенік Мусаліні паабяцаў незалежнасць Сіцыліі ў абмен на такога крылатага мудзілу?

Спагеці пагадзіўся не адразу, маўляў, з мудзіламі весці справы небяспечна, хаця, у такім выпадку, можа, і варта паспрабаваць.

Перш чым падняць свой келіх з шампанам, сіцыліец паведаміў, што жадае зрабіць шаноўным беларускім сіньёрам сціплы, але карысны падарунак і паставіў на стол пукаты віяланчэльны футарал. Сухія пальцы адшчоўкнулі срэбныя замочкі.

У ядвабным барвовым чэраве цьмяна паблісквалі пісталеты, рэвальверы самых размаітых памераў, канструкцый і прызначэння. Ладны аўтамат сістэмы Томпсана адразу нагадаў Хроснаму пра славуты закалот на чыкагскіх бойнях. Гранаты, падобныя да пукатых пляшачак, пашыхтаваліся ў кішэнях для нотаў, струнаў і каніфолі.

Прысаромлены папуга зацікаўлена скасавурыўся на класічны гангстэрскі рыштунак, але гэтым разам нічога не сказаў.

-- Біце ў сэрца іх, біце… -- пафасна прамовіў Спагеці, -- не давайце мудзіламі быць!.. І няхай у гэтым вам дапамогуць усе вашыя нябёсныя заступнікі!

Келіхі сышліся з празрыстым крышталёвым звонам. Але ніхто не паспеў нават прыкласціся да шампану…

Нешта шпокнула, і ад віяланчэльнага футаралу даляцела шапялявае:

-- Не зважайце на кепскую дыкцыю, у мяне ў зубах колца!..

Планка засцерагальніка кулялася ў паветры, па стале пагрозліва грукацела-кацілася граната. А крылаты наркаман з колцам у дзюбе радасна паглядаў на прысутных, чакаў узнагароду.

Першым, як і мае быць, зрэагаваў Хросны:

-- Цікайма!!! -- выгукнуў ён, трапным ударам нагі высадзіў шыбу і скочыў з другога паверха на клумбу.

Спагеці і хлопцы пасыпаліся следам. Магутны выбух скалануў будынак. Шуганула полымя. Вадаспадам абрынулася шкло. На паламаныя вяргіні клумбы цяжка гупнулася абсмаленая тушка. У сціснутай дзюбе тэрарыстага камікадзэ чарнела колца.

-- Капец нашай незалежнасці! -- разгублена вымавіў Лабановіч.

-- Вусатыя дзядзькі цяпер нас саміх падсмажаць! -- уздыхнуў Брыль.

-- Мо, якога глушака ім замест папугі падсунуць? -- прапанаваў Фінберг. -- Анілінам расфарбуем. Не адрозняць!

-- Ага! І праз колькі гадоў ты таго глушака паскуднай маскальскай лаянцы навучыш? -- Кільмандовіч грэбліва кратаў стэкам раскурочанага птаха.

-- Яшчэ невядома, нашто ім папуга спатрэбіўся. Ці шпегаваць, ці гранаты кідаць… -- Хросны прысеў на кукішкі і ўважліва прыгледзеўся да пашматаваных птушыных вантробаў. -- Хлопцы, што гэта?..

Праз гадзіну мікрафільмы былі выцягнуты з гумовых капсул і раздрукаваныя. Сакрэтны дадатак да пакта Молатава-Рыбентропа непрыемна ўразіў хлопцаў.

-- Я ж казаў, з мудзіламі нельга мець справу, а з вусатымі -- і пагатоў! -- слушна нагадаў Хросны.

-- Si! -- пагадзіўся Спагеці.

-- І што нам усім рабіць? -- канчаткова разгубіўся Янкель. -- Можа ў Амерыку якую з’ехаць? Ці ў Палесціну?

Хросны яшчэ раз пераглядзеў фотаздымкі і вырак:

-- Вусатых прыхадняў насамрэч цікавіла не паскудная птушка, а гэтыя мікрафільмы. Як яны хочуць іх атрымаць -- калі ласка. Нам усім абяцалі незалежную Беларусь. Але вы не абяцалі, што пра фільмы ніхто не дазнаецца.

17.

Вецер, што далятаў з Мічыган-возера да сорак восьмага паверха хмарачоса “TUTEJSZYJA”, варушыў бел-чырвона-белае прасцірадла сцяга. Белыя зоркі на сінім тле то паказваліся, то хаваліся ў цяжкіх складках. Бліскучыя скураныя падэшвы чаравікаў містэра Акулы блюзнерскі ўзвышаліся па-над пісьмовым сталом.

Дзядзька Сэм крычаў у тэлефонную слухаўку:

-- … ты кажаш -- Юзік з Адзікам абяцалі Беларусі незалежнасць даць?.. І нават дазволіць буржуазны нацыяналізм?.. Гы-гы-гы! -- Сямён гучна зашморгаў носам, -- а я кажу: скаштуеце вы яшчэ ад іх праўдзівай залупы!.. І на варшаўскіх мудзілаў у такой справе няма чаго спадзявацца!.. Як гэта што рабіць?.. Ёсць у мяне колькі добра прыкормленых хаблоў у Кангрэсе!.. Я разумею, і там мудзілаў не бракуе. Але ж, як кажуць у нас на Уол-стрыце: на кожнага хітрага Адзіка з Юзікам знойдзецца свой Франак з бейсбольнай бітай, а то і з вінчэстэрам!..

18.

Хросны акуратна паклаў тэлефонную слухаўку. Хлопцы-янкі глядзелі на яго з надзеяй.

Цётка Эмілія апусціла навушнік у эбанітавую кішэнь:

-- Вось і дзядзька Сэм перакананы, трэба рабіць так, як я вам усім казала!

Святло фатаграфічнага ліхтара трывожнымі чырвонымі плямамі прабеглася па гасцёўні. З-за дзвярэй бакоўкі выслізнула Ісабэль:

-- Праз гадзіну будуць гатовыя. Як вы, цётачка Эмілія, і хацелі. Іх дзядзьку Сэму галівудскі рэжысёр перадасць.

Былы настаўнік выцягнуў насоўку і выцёр лоб:

-- Нарэшце можна тэлефон адключыць, а то ад самай раніцы верашчыць.

-- І адно мудзілы! -- Брыль красамоўна скасавурыўся на баксёрскія пальчаткі, што віселі на адным цвіку з падковай.

-- То Адзік, то Юзік! То Юзік, то Адзік! -- Кільмандовіч паляпаў па халяве бота стэкам, -- свае мікрафільмы патрабуюць!

-- Хай сабе тэлефануюць, -- знізаў плячыма Фінберг, -- яны ж за размовы плоцяць.

Янка мройліва прымружыўся:

-- Хлопцы, вось што я падумаў… а, можа, і не кінуць нас з незалежнасцю Беларусі? Хоць яны і мудзілы, але ж -- народныя правадыры!

-- Не дай Бог свінні рог, а мудзілам панавання! -- упэўненым тэнарам азвалася Эмілія Вастрабрамская. -- А цяпер, хлопцы, рыхтуемся да сустрэчы.

19.

Нёманскія хвалі трывожна ўздымаліся, дыбіліся і каціліся на валуны. Сіверны вецер гнаў пашматаваны перадсвітальны туман. Пагрозліва дрыжэлі сталёвыя фермы чыгуначнага моста. Тонка звінелі напятыя тэлеграфныя драты.

Малая беларусачка ў васільковым вяночку мыла ручнікі ў неспакойнай халоднай вадзе і тужліва спявала:

Купалінка , Купалінка,


Цёмная ночка…

Раптам з другога берага даляцела нізкае гудзенне аўтамабільнага рухавіка. Бляклымі жарынкамі бліснулі і згаслі фары. Дзяўчынка паскідала мокрыя ручнікі ў кошык і спалохана сцішылася. Неўзабаве над самай галавой нешта іржава прарыпела, і мерна прагрукацелі цяжкія сталёвыя колы…

20.

Сустрэча са страшнымі вусатымі дзядзькамі мусіла адбыцца на чыгуначным мосце. Хросны са сваімі хлопцамі крочылі хісткім металёвым насцілам, што ішоў уздоўж рэек. Тонкія сталёвыя парэнчы густа ўкрывала раса. Пад шпаламі іртутна блішчэлі ўспененыя нёманскія хвалі.

А насустрач з механічным іржавым рыпеннем насоўвалася ручная дрызіна. Вусатыя дзядзькі з бяздушным аўтаматызмам гайдалі рычаг руху. Роўна на сярэдзіне моста дрызіна спынілася.

-- Хальт! -- злобна папярэдзіў псіхапат з тэатральнымі вусікамі.

-- Мыкрафылм! -- агрэсіўна загадаў рабы вусач.

Хросны нядобра прымружыўся і слушна запатрабаваў:

-- Незалежнасць!

Дзядзькі перазірнуліся і пасміхнуліся падступна.

-- Кажды народ імэет права на самаапрэдылэніе! -- запэўніў рабы.

-- Бітэ! -- псіхапат раскатаў аркуш крэйдаванай паперы з дзвюхмоўным тэкстам Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі, пахукаў на пячатку і прыклаў яе да дакумента.

Пад адбіткам арла са свастыкай ён старанна вывеў “A. Hitler”.

Рабы таксама пахукаў на пячатку і пад адбіткам герба, падобнага да пахавальнага вянка, паставіў “И. Сталин ”.

-- Дзякуй, панове, за волю і долю! А тое мы ўжо падумалі, што падма… -- Лабановіч змоўк, як абцяла.

Хросны балюча наступіў яму на нагу.

-- Калі ласка, -- дыпламатычна прамовіў старэйшына беларускай дэлегацыі, і абедзве гумовыя капсулы з мікрафільмамі перайшлі да законных уладальнікаў.

-- Партыя вас нэ забудэт!

-- Едэр хабэн зайнэ!

Зашаргацеў гравер пад коламі грузавіка.

Ржава зарыпеў рычаг дрызіны...

21.

Дзяўчынка ў васільковым вяночку палахліва хавалася паміж вялізных камянёў і прыціскала да сябе цяжкі кошык з мокрымі ручнікамі. На другім беразе запаліліся, зрушыліся і зніклі фары грузавіка. Над самай галавой прарыпела, прагрукацела і сцішылася ў тумане дрызіна.

Дзяўчынка з палёгкаю ўздыхнула і нясмела заспявала:

Купалінка, цёмная ночка,


А дзе ж твая дочка?

І тут з адхону пасыпаўся жвір, дробна зашаргацелі каменчыкі, і з бялёсых шматкоў тумана вытаркнулася люлька васпаватага вусача.

-- Нам пэсня строіт і жыт памагает! А ў твоём возрастэ ўжэ нада благадарыць велікага Сталіна за сваё шчаслівае дзетства!

-- Найн, майнэ лібэр мэдхэн, -- псіхапат з нетутэйшымі вусікамі драпежна скочыў на камень, -- Гітлерюгенд -- юбер аллес!

Малая беларусачка нават адказаць не паспела. На дзіцячай шыі бязлітаснай пятлёй зашморгнуўся мокры ручнік. Стаптаны вяночак адляцеў на жвір. Цяжкі кошык пакаціўся ў ваду.

Гідкі васпаваты вусач з асалодай цягнуў край вышыванага ручніка на сябе, другі край з усяе моцы -- істэрычны псіхапат. Правадыры метадычна душылі дзіцёнка ў чатыры рукі і кпліва пасміхаліся…

Стала ціха-ціха на ўсёй Зямлі.

Шаргацеў гравер, плёскалі хвалі, у тумане ржава рыпела дрызіна.

Па рацэ далёка ручнікі плылі…



Загрузка...