КЛЮБ АМАТАРАЎ АДЗІНОТЫ


ЛЮБІ

Любіш катацца? - любі вазіць саначкі.

Любіш кахацца? - любі крывавыя плямачкі.

Любіш быць першым? - усіх астатніх забі.

Любіш чытаць вершы? - любі, любі...


ПЛЯГІЯТ

Арцюр Рэмбо нацягнуў між дахаў вяроўкі,

Між зор нацягнуў жалезныя тросы,

Я прыйшла і скрала ўсё гэта.

І вось я танчу.


***

Дзеўка купіла вяроўку і мыла.

Раптам вяровачка загаманіла:

“Мыла - каб мыць,

а вяроўка - сушыць,

а не дзявочыя шыя душыць.

Мы - не для сьмерці, а для

чысьціні.

Лепей атруту ты праглыні!”


ЭЛЕГІЯ № 1

Я зусім яшчэ маладая,

Але ўпала на галаву

I нікога больш не кахаю

I наогул больш не жыву.


* * *

Яны ад’язджалі па альфабэце

І па годзе нараджэньня.

Гэтыя пасьлядоўнасьці супадалі.

Апошнім зьехаў самы малодшы на “я”.


* * *

Мой голас лунае ў прыгожай магільні

У цемрадзі, што касуе час.

Вы можаце слухаць старанна і пільна,

Ды я ўсё адно не пачую вас.


* * *

Яна ведала, чым усё скончыцца.

Рамантычныя казачнікі пішуць ману.

Яна памылася, апранулася, заплюшчыла вочы

І паклалася ў труну.

І прыйшоў Голад. І прыйшла Смага.

Захацелася “Прымы”. Захацелася каньяку.

І прыйшлі дзеці: “Ма, табе блага?”

А муж усьміхнуўся і паціснуў руку.

У яго за сьпінай даўно былі крылы,

З нагавіцы раз-пораз вызіраў белы край...

І яны жылі яшчэ доўга і міла,

І ён штоночы вадзіў яе ў рай.


***

Навошта мне маё жыцьцё бяз

Слова,

Калі Яно і ёсьць маё жыцьцё?

Вазьмі жыцьцё. Пакінь мне

толькі Слова.

Яго я буду мёртвая казаць.


***

Калі было мне тры гады -

я браў з налёту гарады.

А з тых часоў, як пасталеў,

ніяк не заваюю хлеў.


НА МАСТАЦКАЙ ВЫСТАВЕ

Разьбягаюцца вочы -

я хутка зраблюся

касым.

Разьбягаюцца вочы -

баюся,

каб ня зьбеглі зусім.


***

на дне

дня

асадак

згадак


***

Ёсьць людзі блізкія,

а ёсьць і проста недалёкія.

Але найгорш -

калі два ў адным.


***

У цяжкім змаганьні зь лянотай

перамагло сяброўства.


* * *

Думаў: зараз прыляціць натхненьне,

а яно прыпёрлася на мыліцах.

Атрымаць хацеў задавальненьне,

а задавальненьня не атрымліваецца.


* * *

Рэчаіснасьць мне заткнула рот,

загадала тэрмінова ўніз ісьці

(А магло б жа здарыцца наадварот:

пайшоў бы ўверх,

сам заткнуў бы пашчу Рэчаіснасьці!)...


АБ МЕСЦЫ ЧАЛАВЕКА Ў СУСЬВЕЦЕ

Кожны павінен займаць сваю нішу:

Машыну - Маша, а Мішаву - Міша.

Жора і Лора, Галя і Толя -

кожны сваю адыграць мусіць ролю.

Толькі ня блытайце нішы, бо можа

ў Грышу тады закахацца Сярожа.

Дзіма з Антонам і Таня са Сьветай

разам парушаць законы сусьвету...

Вой, паглядзеце: Сёма і Гога

лаюцца матам адзін на аднога,

лупяць адзін аднаго і мяцеляць -

нішу, напэўна, ніяк не падзеляць.


Загрузка...