Беларускі тэатральны кааператыў “Полымя” ТБШ у Беластоку і Язэп Драздовіч


У 1927 годзе ў Беластоку быў створаны гурток Таварыства беларускай школы (ТБШ). Як згадвае Кастусь Сідаровіч (зборнік “Лёс аднаго пакалення”, Беласток, 1996. С.10-13), першы сход ТБШ адбыўся ў прыватным памяшканні Язэпа Грагарчука, дзе дэкларацыю аб прынадлежнасці да ТБШ падпісалі 23 чалавекі.

На першым арганізацыйным сходзе, як згадвае Кастусь Сідаровіч, быў выбраны прэзідыум гуртка і сакратарыят. Старшынёю прэзідыума гуртка стаў Федарчук, сакратаром Конкаль. Знайшлося і памяшканне для ТБШ, дзе хутка быў зроблены рамонт і паціху наладжвалася праца. Актыўна запрацавалі ў ТБШ драматычная, харавая, дэкламатарская і літаратурная секцыі. “Праз нейкі час пачалі ставіць беларускія п’есы – ва ўласным памяшканні па суботах, нядзелях і ў святы, а таксама ў Беластоку і ў цэлай акрузе. Беларускае насельніцтва выдатна падтрымала ініцыятыву Таварыства”, -- успамінае Кастусь Сідаровіч.

Калі верыць усё ж таму спадару Сідаровічу, то за сем гадоў дзейнасці ТБШ было пастаўлена 167 спектакляў і беларускіх сцэнічных твораў, у якіх удзельнічаў і хор. Драматычная секцыя налічвала 13 пастаянных акцёраў-аматараў, харавы калектыў – 38 харыстаў. За сямігадовы час існавання ТБШ былі арганізаваны два з’езды Акруговай управы.

Сапраўды, дзейнасць ТБШ у Беластоку ў 1927-1935 гадах была даволі актыўнай. У 1933 годзе ў сакавіку беластоцкія тэбэшоўцы запрашаюць да сябе слыннага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, абяцаючы яму заробак за афармлення стэндаў, плакатаў, тэатральных дэкарацый. “Учора з вечара я атрымаў запросіны паехаць у Беласток на працу. Сягодня большую палавіну дня патраціў на хадню – на агледзіны Лукішскага кірмашу – “Казюка” (Кірмаш у Вільні, прымеркаваны да дня святога Казіміра. – С.Ч.), -- піша ў сваіх “Дзённіках” Язэп Драздовіч (часопіс “Маладосць”, 1991. № 5. С.122-123).

6 сакавіка 1933 года Язэп Драздовіч прыязджае ў Беласток. “Ураджанне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло, не надта даўно перашоўшае ў стан багацеючага горада, у якім адразу кідаецца ў вочы розніца між старымі і новымі будынкамі. Старыя аднастольныя хаты ў перамежку з новымі мнагастольнымі камяніцамі. Па свайму месцу распалажэння Беласток нічым не розніцца ад новаўзбудаваных Баранавіч – ні ракі, ні возера, ні прыгожых узгор’яў ці даліны. Найпрыгажэйшая часць Беластоку – гэта каля гатыцкага касцёлу. Ад т.зв. ратушы да брамы палацу Браніцкіх...”, -- згадвае далей у “Дзённіках” Язэп Драздовіч.

8 сакавіка Язэп Драздовіч ужо малюе шыльду на памяшканне акружной

управы ТБШ. “Усё добра, ды холад, работа з рук валіцца”, -- адзін з першых дзённікавых запісаў Язэпа Драздовіча на новым месцы. Праз пару дзён мастак закончыў вітражныя шыльды для кааператыўна-выдавецкага таварыства “Сяўба”. Затым пачаў па заказу Беластоцкай акружной управы ТБШ маляваць дэкарацыі для спектакляў, якія рыхтавала драматычная секцыя Таварыства. “Вясковую вуліцу” – для прадстаўлення паводле камедыі Уладзіслава Галубка “Суд”, дэкарацыю “Пушча” і яшчэ краявід “марэнна-лясістага характару: наводдалі лес, узгор’е, рэчка, а па іх бярозавыя гаі. На ўзбліжжу – узмёт з альшынкамі і дубамі”. Непадалёк у Супраслі ўжо ставіўся спектакль паводле п’есы Марка Крапіўніцкага “Пашыліся ў дурні” пры дэкарацыях, выкананых Язэпам Драздовічам. Гледачоў на спектаклі было шмат. Дарэчы, як піша Язэп Драздовіч, “супрасляне аказаліся нашмат тэатральнейшымі за беластаччан, якія ідуць на спектаклі толькі дзеля танцаў”.

16 красавіка мастак з радасцю дапамагаў усталёўваць дэкарацыі ў арэндаваным на спектакль памяшканні на вуліцы Ружанскай у Беластоку. “Ставілася п’еса М.Крапіўніцкага “Пашыліся ў дурні”. Сыгралі як найлепей. Сама сцэна з маімі дэкарацыямі, -- цешыўся мастак, -- мела выгляд надта прыстойны. Ды на вялікі жаль, цаніцеляў на ўсё гэта не хапала. Публікі было шмат. Моладзь уборная, франтаватая, ды эстэтычна слаба развітая”.

У 1933-35 гадах Беластоцкая акружная ўправа ТБШ пачала адчуваць фінансавыя праблемы. Адзінай крыніцай папаўнення бюджэту была выручка ад спектакляў. Але аматарскія спектаклі рэдка давалі добрыя касавыя зборы. Неўзабаве Язэп Драздовіч зразумеў, што ў Таварыстве не толькі на ганарар, але нават на фарбы няма грошай: “Прыйшоў на Купецкую, 44 у ТБШ, каб закончыць абраз-дэкарацыю “Пушча”, ды на вялікі жаль прыходзіцца сядзець і нічога не рабіць – пакосту, клею і некаторых фарбаў не хапіла, а ў Таварыстве, аказалася, няма грошай на дакупку”.

Праз пэўны час ТБШ у Беластоку знайшло дваццаць пяць залатовак для Язэпа Драздовіча, за якія радасны мастак паехаў у Вільню. З таго часу сама дзейнасць ТБШ у Беластоку пачала паціху патухаць. І ў 1935 годзе пастановай гарадскога стараства Таварыства беларускай школы было забаронена, а ўсе яго дакументы канфіскавалі.

Як разгаралася і патухала “Полымя”

Пасля ліквідацыі ў Беластоку ТБШ, мясцовая беластоцкая моладзь у 1937 годзе спрабуе заснаваць Беларускі тэатральны кааператыў “Полымя”. Як успамінае ўсё той жа Кастусь Сідаровіч, за арганізацыю кааператыва ўзяліся 12 чалавек – Ігнат Бакуновіч, Аляксандр Андрайчук, Лявон Богуш, Сяргей Крывец, Антон Кавальчук, Кастусь Сідаровіч, Базыль Лукашык, Пятро Дзямідовіч, Ганна Абуховіч, Уладзімір Маеўскі, Іван Гургэнбэнаў. Хлопцы і дзяўчаты сабраліся на маёўцы ў Юраўцах. Там яны разам падрыхтавалі статут кааператыва, абгаварылі пытанні наконт стварэння хору, драмгуртка і аркестра народных інструментаў. Сядзіба кааператыва павінна была месціцца ў Беластоку на вуліцы Надрэчнай, 9.

Але перш, чым тэатральны кааператыў “Полымя” пачаў сваю дзейнасць, яго неабходна было зарэгістраваць. Дакументы на рэгістрацыю хутка былі падрыхтаваныя. Як паведамляе часопіс “Беларускі летапіс” № 5 за 1937 год, “акружны суд у Беластоку падаў да публічнага ведама ў органы польскай коопэрацыі „Spolnota pracy” № 7 з дня 1.IV.1937 году аб зарэгістраваньні 5 лютага г.г. беларускага коопэратыву пад назовам „Аб’еднаньне Працаўнікоў Беларускага Тэатру „Полымя”, Коопэратыў Працы з адказнасьцю паямі”.

У Статуце кааператыва паведамлялася, што сябры ў кааператыўным аб’яднанні тэатральных працаўнікоў будуць мець заробак, будуць пашыраць тэатральную культуру сярод беларускага насельніцтва, наладжваць тэатральныя мерапрыемствы, плаціць за арэнду памяшкання, прапагандаваць тэатральнае мастацтва і г.д. Старшынёю Управы тэатральнага кааператыву “Полымя” была абрана Ганна Абуховіч.

Але не так усё проста складвалася ў тэатра “Полымя” пасля яго рэгістрацыі. Бо адной рэгістрацыі для дзейнасці гэтага творчага калектыва было мала. Як паведамляла беластоцкая прэса, у прыватнасці, “Dziennik Bialostocki” № 107 ад 19 красавіка 1937 года, старшыня Управы таварыства “Полымя” Ганна Абуховіч была пакарана штрафам 200 злотых за арганізаванае таварыства працаўнікоў беларускага тэатру “Полымя” без адпаведнага паведамлення адміністрацыйных уладаў. З гэтай прычыны беластоцкі гарадскі стараста не даў дазволу на канцэрт, які таварыства мелася наладзіць у Беластоку ў зале тэатра “Рalace” 4 траўня 1937 года.

Сябры “Полымя” палічылі несправядлівым тое, што Ганну Абуховіч аштрафавалі. Яны пачалі пратэставаць супраць гэтага і даказалі ў судзе, што “Полымя” мае права на сваю дзейнасць, бо яно зарэгістраванае. І свайго дабіліся. Часопіс “Беларускі летапіс” за 1937 год (№ 6-7) надрукаваў такую зацемку: “Беластоцкі суд звольніў ад штрафу, якім пакарана была гарадскім судом у Беластоку старшыня Беларускага тэатральнага кааператыву гр. Абуховіч”.

І хоць “Полымю” было нялёгка, усё ж яго дзейнасць разгаралася на ўсю Беласточчыну. Сябры тэатра ставілі п’есы, выступалі з канцэртамі, а таксама самі наладжвалі розныя вечары, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, артыстамі, спевакамі. Пра ўсе добрыя справы і праблемы “Полымя” паведамляў у заходнебеларускім друку сябра тэатральнага кааператыва паэт Сяргей Крывец.

Сяргей Крывец (1909-1945) у Беласток прыехаў з Мастоўшчыны ў 1933 годзе. Ён адразу далучыўся да сяброў ТБШ, а потым быў адным з арганізатараў “Полымя”. І хоць ён не меў адукацыі (паступіў на першы курс Беластоцкага педінстытута толькі летам 1940 года), Сяргей Крывец мог гадзінамі распавядаць усім пра рускую, польскую, беларускую літаратуру. Як згадвае Рыгор Шырма, Сяргей Крывец ведаў літаратуру і любіў яе. Прыемна было весці з ім гутаркі на літаратурныя тэмы, чытаць жывыя, вострасатырычныя яго апавяданні. Бывала, цэлымі начамі хлопцы хадзілі па ўскраінах Беластока і ў гутарках пра Горкага і Чэхава, пра Пушкіна і Міцкевіча, пра Купалу і Коласа, пра савецкую і заходнееўрапейскую літаратуры не заўважалі, калі “ўсход разгараўся пурпурнай палоскай”. Просты вясковы хлопец з адукацыяй два класы пачатковай школы меў багатую літаратурную эрудыцыю.

У тэатральным кааператыве “Полымя” Сяргей Крывец быў, мяркуючы з сённяшняга пункту гледжання, загадчыкам літаратурнай часткі тэатра. Ён рэдагаваў сцэнарыі, пісаў сам шмат для тэатра вершаў, прадмоў, выступленняў, тэксты афіш, прапагандаваў тэатр у беларускай прэсе, распавядаў пра ўсе поспехі і праблемы “Полымя”.

6 чэрвеня 1937 года, дзякуючы тэатру “Полымя” у Беластоку, быў наладжаны канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага. Вось як успрымалі беларусы Беластока канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага: „Трэба было бачыць на канцэрце, як публіка рэагуе на кожны паварот, на кожны пераход чароўнага голасу нашага мастака, які з першых тонаў апаноўвае душою публікі і з асаблівай лёгкасцю вядзе яе праз лабірынты далікатных перажыванняў. Іменна, трэба бачыць і адчуць, як саля замірае з журбой «Маладога дубочка», як дрыжыць, згарае агнём юнацтва з песняй «Ці грэх цябе любіць?» У людзей старых, адарваных ад народнага грунту, у каторых усякая сувязь з нашым жыццём здаецца занікла, мы бачылі слёзы. Гэта былі слёзы шчасця і радасці. Так было на канцэрце ў Беластоку 6 чэрвеня...”. Акампаніраваў у Беластоку спеваку прафесар Урштэйн з Варшавы.

Вось так апісваў Сяргей Крывец у сваім допісе канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага. Гэты допіс быў змешчаны ў часопісе “Беларускі летапіс”, № 6-7 за 1937 год.

Беларускі тэатральны кааператыў “Полымя” у канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя быў на Беласточчыне даволі вядомым сваёй беларускай нацыянальнай дзейнасцю і актыўнасцю калектывам. Іншая справа, што мясцовыя ўлады пастаянна перашкаджалі яму. Напрыклад, 16 і 17 кастрычніка 1937 года ў Гарадку “палымянцы” хацелі паказаць дзве пастаноўкі -- «Пакой у наймы» і «На вёсцы», а таксама канцэрты струннага аркестра і хора. Падалі просьбу аб дазволе на выступленне, але беластоцкі павятовы стараста прыслаў адмову, матывуючы тым, што ў гэты час і ў тым жа месцы «прамышляюць» ужо іншыя арганізацыі”.

Каля двух гадоў працаваў у Беластоку гэты творчы калектыў. А ў лютым 1938 года прадстаўнікі мясцовых уладаў уварваліся ў памяшканне “Полымя” і забралі ўсю яго дакументацыю – акты, архівы, фотаздымкі, творы. Далейшая праца была часова спынена. А ў 1945 годзе беластоцкія ўлады поўнасцю забаранілі дзейнасць “Полымя”.

Тэатральныя ўзаемаадносіны

Беларускія тэатральныя традыцыі і сувязі Беластока і Беларусі, закладзеныя ў ХХ стагоддзі, працягваюцца і сёння. Дарэчы, яшчэ ў 1929 годзе ў Беластоку выступаў аматарскі драматычны гурток Віленскай беларускай гімназіі, які паказаў спектакль “Апошняе спатканне” па п’есе Уладзіслава Галубка. А праз 10 гадоў у Беласток прыехаў на гастролі Беларускі драматычны тэатр-1, які паказаў беластаччанам спектаклі “Партызаны” па п’есе Кандрата Крапівы і “Падзь Сярэбраная” па п’есе М.Пагодзіна.

У 1955-м і 1975-м гадах у Днях беларускай культуры ў Беластоку прымаеў удзел і Беларускі тэатр імя Янкі Купалы (цяпер Беларускі Нацыянальны Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). У Беластоку беларускія артысты паказалі спектаклі “Канстанцін Заслонаў” А.Маўзона, “Пяюць жаваранкі” Кандрата Крапівы, “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы, “Зацюканы апостал” і “Трыбунал” Андрэя Макаёнка і іншыя.

З 1967 года наладжаны кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.Венгеркі і Гродзенскім абласным драмтэатрам, якія актывізаваліся ў другой палове 1980-х гадах, калі кіраўніцтвы тэатраў заключылі ўзаемавыгаднае творчае пагадненне. З таго часу існуюць пастаянныя абменныя гастролі тэатраў, двухбаковае запрашэнне пастановачных груп і г.д. У 1987 годзе быў здзейснены першы эксперымент, калі польскія і беларускія акцёры ўдзельнічалі ў спектаклі “Выбар” па п’есе рускага драматурга Юрыя Бондарава на гродзенскай і беластоцкай сцэнах.

Выступаў шмат разоў у Беластоку і Брэсцкі абласны драматычны тэатр. У 1958 годзе тэатр з Брэста ўпершыню прывёз у Беласток спектакль “Брэсцкая крэпасць” па п’есе Кастуся Губарэвіча.

У 1993 годзе абмяняліся пастановачнымі групамі Беларускі Нацыянальны Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Беластоцкі драмтэатр імя Венгеркі. Яны паставілі “Рэвізора” М.Гогаля і “Дом на мяжы” С.Мрожака. У 1991 годзе купалаўцы гастралявалі ў Беластоку са сваім новым рэпертуарам. Найбольш спрэчак выклікаў у беластоцкіх гледачоў спектакль “Страсці па Аўдзею” па п’есе Уладзіміра Бутрамеева ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага. Нехта В.Хрысцінін 21 ліпеня ў “Ніве” пісаў, што “драма пастаўлена з размахам і быць можа на высокім мастацкім узроўні, але падзеі на сцэне ствараюць вобразы недакладнай алегорыі”.

У 2000 годзе была падпісана дамова аб узаемным супрацоўніцтве паміж Гродзенскім і Беластоцкім тэатрамі лялек. Гродзенскі тэатр паказаў у Беластоку спектаклі “Тутэйшыя” па п’есе Янкі Купалы, “Трагедыя аб Макбеце” У.Шэкспіра, “Неверагодны ілюзіён” А.Жугжды. А артысты з Беластока ў 2001 годзе парадавалі гарадзенцаў пастаноўкай “Сям’я Файнацкіх” Ф.Шаляхоўскага, прымалі ўдзел у сумеснім тэатральным капусніку. Наогул, пра тэатральнае супрацоўніцтва беластоцкіх тэатраў з беларускімі, можна распавядаць доўга. І галоўнае, што яны ёсць і будуць доўга працягвацца.

2008


Загрузка...