Гартаючы часопіс „Баявая Ўскалось”


У кнізе Лявона Юрэвіча „Літаратурны рух на эміграцыі” (Мінск, 2002) прачытаў я некалькі радкоў пра паэта з Беласточчыны Анатоля Сумнага (нарадзіўся ў 1912 годзе). З канца 40-х гадоў жыў у Сіднеі (Аўстралія), займаўся грамадскай працаю, быў прыхільнікам Беларускай Цэнтральнай Рады і сябрам літаратурнай сустані „Баявая Ўскалось”.

Сапраўды, сяды-тады пра Анатоля Сумнага згадваецца і на старонках часопіса „Баявая Ўскалось”. Выдаваўся некалі такі часопіс у Заходняй Германіі (1949-1950), рэдактарам быў Міхась Панькоў. А пасля часопіс выходзіў у г. Таронта (Канада), дзе рэдагаваў яго ўжо Сяргей Хмара. Выйшла ўсяго 18 нумароў.

Дык вось, вельмі сціплыя звесткі пра Анатоля Сумнага з дапамогай „Баявой Ускалосі” удалося сабраць. У 1944 годзе беластоцкі паэт знаходзіўся ў Берліне. Ён разам з Сяргеем Хмарам, Васілём Вярбінам, Васілём Вірам спрабуе аб’яднаць беларускіх паэтаў у Нямеччыне. Найперш Анатоль Сумны і яго сябры-паэты падрыхтавалі і вясною 1945 года выдалі літаратурны альманах „Ускалось”. Але англійскія самалёты знішчылі гэтае выданне разам з друкарняю. А паэты раз’ехаліся па розных краінах свету. Так Анатоль Сумны апынуўся аж у Аўстраліі. Ён шчыра сябраваў з Сяргеем Хмарам, нягледзячы на тое, што жылі яны далёка адзін ад аднаго: Хмара — у Таронта, а Сумны — у Сіднеі.

Анатоль Сумны ўваходзіў у рэдкалегію часопіса „Баявая Ўскалось”, перапісваўся з Сяргеем Хмарам. Праўда, сваіх вершаў Сумны друкаваў мала. Мне ўдалося адшукаць толькі адзін, які быў апублікаваны ў № 10 часопіса „Баявая Ўскалось” за 1970 год. Верш мае назву „Маліцьва”, але гэта даволі кволы літаратурны твор-настальгія, твор-просьба і самотны адчай, найперш, па Радзіме. Больш удалай атрымалася першая страфа верша:

Маці сьвятая, заступніца шчырая,

Я Табе душу сваю адчыняю.

Граець у сэрцы цудоўная ліра,

З ёй гэту песьню я сёньня складаю...

Як склаўся лёс Анатоля Сумнага ў Аўстраліі — застаецца загадкай.

Гартаючы часопіс „Баявая Ўскалось” натрапіў я і яшчэ на аднаго малавядомага беластоцкага паэта. Гэта Станіслаў Янушка. Вось што пішацца пра яго ў вышэйзгаданым часопісе: „Беларус з Беласточчыны — Янушка. Маладым ён выпісвае беларускую каталіцкую прэсу, цікавіцца беларусізацыяй. Але кон пакіраваў іначай. Вайна, польская армія Андэрса, польскае, у тым і сямейнае, асяродзьдзе на эміграцыі зрабілі сваё. А тут яшчэ тагачаснае цкаваньне з боку «ультрапатрыётаў» адсунулі чалавека яшчэ далей. І Янушка замест стацца беларускім паэтам, стае польскім. Выйшла ўжо 2 зборнікі ягоных твораў, падобна гатуецца і трэці. Але паэт не выракаецца, што ён беларускага паходжаньня, не забывае свае мовы і роднае Беласточчыны” („Баявая Ўскалось”, № 14, 1974. С. 8-9).

Станіслаў Янушка пісаў не толькі па-польску, але і на роднай мове. Яго вершы друкаваліся на старонках „Баявой Ускалосі”. Яны былі прысвечаны Канадзе, дзе жыў паэт, а таксама пісаў філасофскія вершы-роздумы. Арыгінальнымі атрымліваліся ў паэта і сатырычныя вершы на розныя тэмы:

Жывёлку можна, як вядома:

Карміць і плевай, і саломай,

Бязкарна біць, сячы бічоўцам,

Вясьці, дзе хочам на вяроўцы.

Бо з быдлам хто ж размовы мае?

Найвыжай рыкаць пазвалюяць...

У беларускай прэсе ніколі пра Станіслава Янушку не згадвалася раней. Таму звестак пра яго творчасць і жыццё дужа мала.

Адзін раз напісаў у сваім часопісе Сяргей Хмара яшчэ пра аднаго паэта з Беласточчыны — Віктара Варашыльскага. Але гэты аўтар пісаў па-польску, хоць быў беларусам. Жыў Віктар Варашыльскі ў Гродне. Шмат у яго з’явілася вершаў пра родную Беласточчыну. Урывак аднаго з іх — „Родны Беластоцкі край” быў апублікаваны ў № 7 за 1962 год на старонцы „Баявой Ўскалосі”:

Мой родны Беластоцкі край,

Мур цемры і бяспраўя.

Хоць лоб вось разбівай.

А голад, як абух над чалавекам.

Мізэрныя хаты...

І ўспомніш:

Няма старонкі безнадзейней

На 20 тысяч сялян

Адзін у статыстыцы — ёсьць лекар!..

Верш, відаць, пісаўся па-польску, а гэта, найхутчэй за ўсё пераклад самога Сяргея Хмары.

З 1981 года ўжо не выходзіць часопіс „Баявая Ўскалось”. Тым не менш, на яго старонках захавалася спадчына літаратараў Беласточчыны. Нагадаю яшчэ, што вельмі часта тут друкаваў Сяргей Хмара вершы і празаічныя творы Віктара Шведа, Уладзіміра Гайдука, Сакрата Яновіча, Пятруся Макаля, Алеся Барскага і іншых аўтараў.

2003


Загрузка...