“Творы” Хведара Ільяшэвіча


У Маладзечне выйшлі з друку асобнаю кніжкай творы Хведара Ільяшэвіча. Вялікая заслуга ў гэтым Міхася Казлоўскага — бібліяфіла, літаратуразнаўцы і калекцыянера. Гэта Міхась парупіўся сабраць лепшыя паэтычныя творы Хведара Ільяшэвіча пад адну вокладку. У кніжку складальнік уключыў таксама і апавяданне „Танго «Нактурно»”.

Папулярны заходнебеларускі паэт 30-х гадоў Хведар Ільяшэвіч меў Божы дар. Ён скончыў Віленскую беларускую гімназію і гістарычны факультэт Віленскага універсітэта. У 26 гадоў стаў магістрам філасофіі за дысертацыю „Друкарня дома Мамонічаў у Вільні”. Вершы і празаічныя абразкі пачаў пісаць рана. Друкаваў іх у „Студэнцкай думцы”, „Беларускай ніве”, „Крыніцы”. У 1922 годзе ў Вільні выходзіць яго першы паэтычны зборнік „Веснапесьні”. Пасля свет пабачылі яшчэ два — „Зорным шляхам” (1932) і „Захварбаваныя вершы” (1936). Пры жыцці ў Хведара Ільяшэвіча выйшла яшчэ адна кніжачка пра жыццё і літаратурную творчасць Ядвігіна Ш. Вось і ўсё, што паспеў зрабіць за свае 38 гадоў (загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў Германіі ў 1948 годзе). Я, вядома, не лічу ягоных шматлікіх апавяданняў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій і перакладаў.

Шэсцьдзесят гадоў у Беларусі не выдаваліся творы Хведара Ільяшэвіча, асабліва яго паэзія. А гэта быў здольны паэт, шчыры лірык:

Шырыня-прастор!

Добры вечар!

Я твой сын-арол,

Буйны вецер.

Шыбану да зор

Ўбесканечнасць!

Шырыня-прастор,

Добры вечар!

У кнігу „Творы” Хведара Ільяшэвіча, што выйшла ў Маладзечне, складальнік яе Міхась Казлоўскі ўключыў лепшыя вершы паэта з трох паэтычных зборнікаў, а таксама некалькі твораў другой паловы 30-х гадоў і эміграцыйных вершаў. Эміграцыйны цыкл — вельмі сумны, у ім адчуваецца туга, якую перадаў паэт вершамі аб прыродзе, аб раскіданай маладосці, аб сябрах і сваяках:

Усё часьцей я цябе ўспамінаю,

мой родны, мой мілы браце.

Ці і мне не пара ў вырай,

ў краі светлыя выбірацца.

Як жывы, устаеш ты часта —

і ў дажджлівай асеньняй вуліцы

Капялюша крыло намоклае

і ўсмешка нейкая сумная.

Мне цяпер яна так зразумелая,

я і сам усьміхаюся гэтак.

Можа мы былі нешчасьлівыя,

Што сталіся інтэлігентамі.

Усё часьцей я цябе ўспамінаю,

мой родны, мой любы браце.

Ці ня знак гэта мне, што болей

Я з табой не змагу спаткацца.

Адначасова ў эміграцыйных вершах ёсць іскрынкі надзеі на светлую будучыню, надзея, што ў Беларусі „зацвіце заўтра новая маладосць”. Дарэчы, роднай Беларусі Хведар Ільяшэвіч прысвяціў шмат сваіх паэтычных радкоў. У адным паэт не баіцца за сваю Радзіму, бо „яна, працоўная, прачнулась”, у другім — „зноў, Беларусь, у тваіх безьбярэжжах восень элегію ціха складае”, у трэцім — „з-над палёў, дзе дым сьцелюць Беласток і Супрасьль, аж да слуцкіх пшаніцаў калосьсе шуміць”, у чацвёртым — „жніўнёвая ўжо Беларусь адцьвіла у кустох счырванелых”, а ў пятым ужо — „доля твая — недацьветы, Беларусь дарагая мая!”

У гады вайны Хведар Ільяшэвіч узначальваў Беларускае аб’яднанне ў Беластоку, супрацоўнічаў з газетай „Новая дарога”. Але пісаў ён значна менш, чым у 20-30-я гады. У „Новай дарозе” з’яўляліся сяды-тады яго артыкулы пра М. Забэйду-Суміцкага, Ф. Аляхновіча, Ул. Жылку і іншых беларусіх дзеячаў культуры. Але і пад імі ён не ставіў свайго прозвішча, а падпісваў крыптанімам М. Д. У 1944 годзе Хведар Ільяшэвіч назаўсёды развітаўся са сваёй Радзімай, пераехаўшы жыць у Заходнюю Германію, дзе праз чатыры гады яго не стала.

Выхад у Маладзечне маленькай кніжачкі „Твораў” Хведара Ільяшэвіча — гэта даніна яго светлай памяці.

2000


Загрузка...