З 1965 года, пасля публікацыі "Каласоў…", Уладзіміра Караткевіча часта сталі запрашаць на розныя публічныя і "неафіцыйныя" вечары і сустрэчы. 27 кастрычніка па маёй ініцыятыве ў Інстытуце літаратуры адбылася першая чытацкая канферэнцыя па гэтым рамане. Прыйшлі гісорыкі, філосафы, мастакі. З Крывічоў прыехала Паўліна Мядзёлка, якая называла Валодзю сваім сынам. Хораша выступілі супраць таго, што мы сёння называлі б нацыянальным нігілізмам, гісторык Міхаіл Біч і стары культурны дзеяч, з пецярбургскай "закваскай", Язэп Сушынскі. Яны гаварылі, што беларусы як нацыя яшчэ не пазналі сябе. На іх словы Караткевіч парываў: гэта мы не пазналі свой народ, пакутліва ідзем да яго. Былі і незадаволеныя, насцярожаныя галасы. А філосаф Я. прама назвала ўсё абмеркаванне "гадзючнікам".

19 лістапада 1966 года разам з іншымі пісьменнікамі маладзейшага пакалення — Юркам Голубам, Алесем Разанавым, Яўгеніяй Янішчыц — Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна запрасілі да сябе студэнты Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута. Сцены былі ўпрыгожаны вытрымкамі з Валодзевых вершаў, сімвалічнымі малюнкамі. На сцэне сядзеў "ганаровы прэзідыум": Рыгор Шырма, Язэп Сушынскі, маці Караткевіча Надзея Васільеўна. У першым аддзяленні студэнты чыталі вершы Жылкі, Родзевіча, Барадуліна, Зуёнка, але найбольш Караткевіча (запомнілася "Трызненне мужыцкага Брэйгеля" ў выкананні Сашы Лабанка). Другое аддзяленне пачалося з майго ўступнага слова, дзе я асцярожна, спасылаючыся на класікаў, апраўдваў цікавасць да мінулага, а значыць, і з'яўленне "Каласоў…". Валодзя чытаў больш "змрочнае". Каб разрадзіць атмасферу, Рыгор Барадулін (пачаў ён з сардэчнага звароту да "ганаровага прэзідыума") стаў згадваць дасціпныя вершы, напісаныя ў час мінулагодняй паездкі на Далёкі Усход (памятаецца, слухачак шакіравала фраза: "Глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятыя таксі").

З вечара ўсе разыходзіліся з прыўзнятым настроем, нібы са свята.

— Аказваецца, ёсць у нас моладзь! — радаваўся Караткевіч. Пасля вечара ён спяшаўся на вакзал, каб сустрэць акцёра Льва Дурава, выканаўцу галоўнай ролі ў фільме "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". — Значыць, стары, варта нам жыць і варта пісаць.

Аднак такія вечары тады здараліся не часта. Ды і арганізатараў іх потым чакалі розныя спагнанні. Таму ў тыя, застойныя, часы літаратурнае жыццё ў многім засяроджвалася на прыватных кватэрах — у Караткевіча, Барадуліна, Гапавай, Крэнь, у інтэрнацкіх пакойчыках Ліса, Прашковіча. Нярэдка збіраліся ў нас. Карыстаючыся гасціннасцю Валодзі, у яго часта адзначалі дні нараджэння сябры і проста знаёмыя. Так на пачатку 1968 года тэатразнавец Сцяпан Міско, чалавек здольны, але беспардонны, справіў у яго свае "халасцяцкія імяніны". На іх выпадкова прысутнічала і Ларыса Антонаўна Геніюш, якой Караткевіч рэдагаваў паэтычны зборнік "Невадам з Нёмана". Падпіўшы, Міско пачаў кідацца фразамі накшталт:

— Ты добрая дзеўка, Ларыса!

Але гэта не дужа бянтэжыла Ларысу Антонаўну. Куды больш трывожыў яе багемны, "ясенінскі" стыль жыцця, якому паддаўся тады Валодзя. Абараняючыся, ён казаў, што вось няма належнага парадку, належнага настрою…

— Для мяне не існуе слова "няма"! — перапыніла гаспадара паэтэса. — Для мяне існуе слова "будзе"! Такая ж вера павінна быць і ў цябе, Валодзечка.

Ларысу Антонаўну горача падтрымала Надзея Васільеўна. Ёй таксама не падабаліся паводзіны сына, але пратэст яе быў больш інтэлігентна-пасіўны. Адчувалася, што яна прытамілася ў сваім ушчуванні.

Неўзабаве, ужо ў новай Караткевічавай кватэры па вуліцы Веры Харужай, наладзіў свой дзень нараджэння Сяргей Панізнік, якога гаспадар, зважаючы на ваенныя пагоны, называў "Лермантавым беларускай паэзіі". Застолле сабралася інтэрнацыянальнае: Чэхаславакію прадстаўляў верны сябар і прапагандыст нашай літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, Польшчу — паэт і даследчык Алесь Барскі (Баршчэўскі), Латвію — сястра Панізніка са сваім знаёмым, якога Валодзя ахрысціў "анёлкам", Беларусь — Барадуліны, Коўтун, Янішчыц, Сіпакоў, яшчэ нехта. Чыталіся вершы. Караткевіч запяваў і хораша вёў "Ой, косю мой, косю", "Ой, расцвіла ружа", "Ад панядзелка да панядзелка", старыя рэлігійныя гімны. Сваёй непасрэднасцю ўсіх, асабліва жанчын, зачароўваў Барскі: кожнай з іх ён адразу ж гаварыў "коціку" і тут жа дадаваў: "То я ўжо паню кахаю"… Але, калі сур'ёзна, то ў той вечар завязаліся новыя творчыя кантакты, умацаваліся старыя. Толькі Вацлаў Жыдліцкі пераклаў тры кніжкі Уладзіміра Караткевіча (у тым ліку раман "Нельга забыць", які ў Чэхаславакіі выйшаў асобнай кніжкай намнога раней, чым у Беларусі).

Ну і, вядома ж, як сапраўднае свята заўсёды ўспрымаўся дзень нараджэння самога Караткевіча — 26 лістапада. Імяніннік апранаў белую кашулю. Рыхтаваліся рэдкія стравы (з дзічыны, з грыбоў) і настойкі ("беларуска-літоўскі крупнік"). Гасцям раздаваліся "буські", чыталіся новыя вершы. На тых днях нараджэння апрача Надзеі Васільеўны нязменна прысутнічалі Барадуліны, Грынчыкі (Люба Грынчык прыходзіла з гітарай), Адамчыкі, Прашковіч. Часам прыязджалі сваякі з Оршы — пляменніца Ляля з мужам Юркам ("сапраўдным казаком"). Набіраўся цэлы стус парадыйна-гумарыстычных віншаванняў. Зачытвалася "газетка", згорнутая ў выглядзе папіруса.

Даволі часта збіраліся на кватэры ў Валянціны Ігнатаўны Гапавай, жанчыны, якая добра ведае і тонка адчувае паэзію. У добрым настроі Валодзя параўноўваў яе пакой з салонам княгіні Валконскай. Сюды прыходзілі супрацоўнікі Акадэміі навук Эльвіра Міхайлаўна і Віктар Уладзіміравіч Мартынавы, якія толькі што пераехалі з Украіны, "касмічны" Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў, былы дацэнт Ленінградскага універсітэта, а тады даследчык беларускага Рэнесансу (а яшчэ ён пераклаў на рускую мову "Османа" І. Гундуліча), часам забягаў Сцяпан Гаўрусёў. Мартынаў іграў на фартэпіяна, Караткевіч падпяваў яму розныя арыі, заводзіў "Сядзеў дзед на пячы", "Истопника", "Парамоновну" (па словах Зайцава, у дзвюх апошніх песнях адбіўся лёс цэлага пакалення), маляваў дэманаў. Чыталіся вершы — свае і чужыя (Ясеніна, Цвятаевай, Еўтушэнкі, Вазнясенскага). Зайцаў пераконваў нас, цытуючы Біблію, што Хрыстос быў прышэльцам з космасу, прадстаўніком вышэйшай, чым зямная, цывілізацыі.

— Вячаслаў Кандратавіч, — пакепліваў Валодзя, — ну прызнайцеся нам па шчырасці! Вы — таксама адтуль?

Зайцаў не пярэчыў: яму падабалася выглядаць выключэннем. Былы асабіст, ён абвострана ўспрымаў многія тагачасныя з'явы і пратэставаў супраць іх, часам экстравагантна. Яго лекцыі "Космас і розум" збіралі вялікую аўдыторыю і заканчваліся "аргвывадамі" (асабліва не цярпеў іх тагачасны акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР Ц. С. Гарбуноў). Караткевіч адносіўся да Зайцава з цікаўнасцю, але многія яго ідэі не ўхваляў:

— Падумаць толькі: чалавек — вынік чыйгосьці эксперыменту, зборшчык інфармацыі для вышэйшай цывілізацыі… Хоць ты ўзвый на месяц, стаўшы ракам!

А калі Зайцаў прывёз у Мінск сваю жонку, чэхістку Наталлю Ашкназі (удваіх яны зладжана спявалі сербскія, македонскія, чэшскія песні), Валодзя, прыглядаючыся да яе каўказска-ўсходняга аблічча, дапытваўся:

— Прызнайцеся, Наталі, вы часам не мурсіяначка? Бо ў зямлянак такіх чорных да сінечы валасоў не бывае.

Потым, калі Вячаслава Кандратавіча за яго крайнія погляды (ён сцвярджаў, што ў Брэжнева ўсяліўся дэман, які раней знаходзіўся ў Мао, што жанчыны не павінны нараджаць, пастаўляючы ваеннаму молаху гарматнае мяса) звольнілі з работы, Караткевіч і Гапава спачувалі яму, часам падкормлівалі. Але "касмічныя" ідэі Зайцава (дарэчы, выкладзеныя ім у фільме Дзёнікена "Успаміны аб будучым") па-ранейшаму выклікалі ў іх іранічную ўсмешку.

На вечарах у Валянціны Ігнатаўны Караткевіч часта разважаў аб законах мастацкай творчасці, называў і цытаваў сваіх літаратурных куміраў.

— Верш у мяне пачынаецца з думкі, — казаў ён. — Потым узнікае фраза — з сярэдзіны, з канца. А ўсё астатняе падганяецца пад яе.

Іншы раз, адказваючы на пытанне, якому памеру верша ён аддае перавагу, Валодзя канкрэтызаваў папярэдняе выказванне:

— Дальбог, ніколі не ведаю, якім памерам пішу. Для мяне важны асноўны радок. Радок-бацька ці маці. Ён цягне за сабой іншыя — спераду ці ззаду. Яны могуць быць лепшыя ці горшыя. Але пачатак, аснова — у тым, першым.

19 снежня 1966 года Караткевіч уголас перачытваў Гапавай урыўкі з "Хаджы-Мурата" Л. Талстога:

— Во, сцярвец! Што я ў параўнанні з ім?! Г… пана бога, парэзанае на талеры!

І доўга спрачаўся з Валянцінай Ігнатаўнай наконт таго, патрэбен ці не патрэбен быў нам тады Каўказ як "заплечча" на потым.

У другі прыход Караткевіч гучна захапляўся Аксакавым, яго апісаннем зімы:

— Проста і здорава! Так не напісаў бы нават Талстой!

На пачатку 1967 года Гапава разам са сваёй сяброўкай Федзюковай завялі Караткевіча на канцэрт вядомага "ўгадвальніка думак" Вольфа Месінга. Апошняму была прапанавана картачка са спісам кніг, з якога трэба было выбраць Караткевічавы творы. Месінг выдатна справіўся з гэтай задачай, толькі прыпыніўся на "Каласах…", бо Федзюкова, складаючы спіс, сама добра не ведала, ці выйшлі яны асобным выданнем. Тут жа дадаў, што мае справу з творамі таленавітага чалавека. І пагадзіўся з прапановай Валянціны Ігнатаўны, каб назаўтра прыняць Караткевіча ў гасцініцы. Гаворка ў нумары працягвалася мінут сорак. Па дарозе на выступленне ў Вязынскую школу (туды ехалі на таксі, а назад, нягледзячы на мароз, у кузаве грузавіка) Валодзя расказваў мне, што Месінг літаральна ашаламіў веданнем самых патаемных ягоных спраў (у тым ліку кіеўскіх), даў некалькі парад. У першую чаргу — пазбягаць частых застолляў, асабліва з ворагамі (уласна кажучы, дзеля такога ўнушэння і старалася Гапава). "Угадвальнік думак" прадказаў, што пасля ўсялякіх выпрабаванняў сітуацыя яго як пісьменніка зменіцца да лепшага, прыйдзе прызнанне ("але будзе ўжо позна"). Расказваў Валодзю, як ён уцёк ад фашыстаў, за што яго неўзлюбіў Сталін… Па словах Валянціны Ігнатаўны, якая чкала канца размовы на калідоры, Караткевіч выйшаў з нумара задуменны. Месінг жа выбег, нібы звар'яцелы, усклікнуў:

— Вы правільна зрабілі, што прывялі яго. Гэта наш геній!

Побач з "салонам" Валянціны Ігнатаўны Гапавай тады быў вядомы "салон" Ірыны Платонаўны Крэнь, дзе збіраліся людзі, якім балеў заняпад усяго беларускага. Муж яе, Мікола Верабей, надрукаваў якраз у "Полымі" артыкул, у якім даказаў блізкасць некаторых публікацый "Нашай нівы" да палажэнняў У. І. Леніна. Гэта выклікала адмоўную рэакцыю Л. Абэцэдарскага і іншых гісторыкаў. З'явіліся разносы ў рэспубліканскім друку. Караткевіч суцяшаў гаспадара:

— Нічога, яшчэ пагледзімо, на чыім баку будзе праўда. Прыйдуць да ўлады разумнейшыя людзі. Не можа быць, каб наша славянская зямля збяднела на моцныя галовы!

12 снежня 1966 года ў Крэнь апрача Уладзіміра Караткевіча былі стрыечная сястра Максіма Багдановіча Ганна Кіпрыянаўна, Алег Лойка, Мікола Прашковіч, літаратуразнавец Лідзія Голубева. Гаварылі дапазна аб розным. Ганна Кіпрыянаўна згадвала абстаноўку ў доме Багдановічаў ("Максім рос у адзіноце, галоўная прычына — эгаізм бацькі"). Успаміналі абставіны смерці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

— Што гэта вы, даражэнькія даследчыкі, спіце ў шапку, — папракаў Валодзя супрацоўнікаў Інстытута літаратуры. — Пакуль жывуць яшчэ відавочцы таго, што здарылася летам 1942 года ў гасцініцы "Масква", сабралі б усе версіі, супаставілі, зрабілі высновы…

У той вечар Валодзя ахвотна гаварыў аб сваіх творчых справах. З рускай літаратуры найвышэй ставіў Чэхава, Льва Талстога і Дастаеўскага. Казаў, што Някрасаву за яго верш, у якім усхваляецца Мураўёў-вешальнік, яшчэ можна дараваць, а вось Бялінскаму за яго нянавісць да Шаўчэнкі — нельга.

У тыя гады летам Караткевіч звычайна ездзіў да дзядзькі ў Рагачоў, дзе добра пісалася, падарожнічаў па Беларусі (з Брылём і Барадуліным — па іх радзімах, з групай творчай моладзі — на агітцеплаходзе па Прыпяці, да Грынчыкаў — у Бытэнь). Наняўшы аўтобус, аднойчы разам вандравалі па мясцінах Адама Міцкевіча (сам быў сведкам, як Валодзя пераплыў Свіцязь, а тыя, хто рашыў паўтарыць яго ўчынак, — не змаглі). Некалькі разоў і адзін, і з актрысай Б. Караткевіч пабываў на маёй Астравеччыне. Згуляў тут адно сялянскае вяселле (адстаў ад вясельнікаў, каб паглядзець у Зулове, ужо на літоўскім баку, месца, дзе нарадзіўся Пілсудскі). З ахвотай касіў сена і спрабаваў падаіць карову. Любіў хадзіць у Анелін, на месца, дзе стаяў легендарны маёнтачак, і ўсё падбіваў мяне напісаць "нешта такое". Збіраўся нават у Анеліне лакалізаваць апошнія сцэны "Каласоў…" (Марыська мелася тут пакутаваць ад таго, што ненаўмысна, з зайздрасці выдала Каліноўскага).

А аднойчы, калі мы прыехалі ў Гудагай разам сустрэць Новы год, з ім здарыўся такі анекдатычны выпадак. Назаўтра вечарам усе мы пайшлі ў клуб, каб паглядзець купалаўскіх "Прымакоў". Хтосьці з самадзейных артыстаў пазніўся, і Валодзя, стомлены чаканнем і папярэдняй бяссоннай ноччу, ціха прыдрамнуў. Перапоўненая зала гучна выказвала незадавальненне ўсёй затрымкай вядучай вечара, дачцэ гудагайскага ўчастковага міліцыянера Голубева, і яна, даведаўшыся ад маці, удзельніцы ўчарашняй сумеснай сустрэчы Новага года, аб прыездзе пісьменніка, выйшла на сцэну і гучна абвясціла:

— Таварышы! Сярод нас прысутнічае вядомы беларускі паэт Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч! Просьба на сцэну.

Зала заапладзіравала. Хтосьці штурхнуў Караткевіча: цябе! І ён з яўным незадавальненнем выйшаў уперад. Але на сцэну не ўзышоў, а толькі прысланіўся да яе. Пачаў пакрыўджаным голасам:

— Людзі добрыя! Учора быў Новы год, сёння таксама свята. Вы стомленыя, я змораны… То якога ж яшчэ выспятка ад пана бога вам трэба?!

Нейкая развясёлая і дзябёлая жанчына, што сядзела ў першым радзе, рашыла, што чалавек такім чынам крыўляецца, смяшыць публіку. І, каб было яшчэ смяшней, падбегла да Караткевіча, схапіла яго за ногі і кульнула на сцэну. Валодзя ўзняўся і неяк безнадзейна махнуў рукой:

— Калі так, то не трэба! — і вярнуўся на сваё месца.

Праўда, у канцы вечара, каб рэабілітаваць сябе і Голубеву, усё ж прачытаў пару вершаў, у тым ліку пра зайца, што варыць піва.

Назаўтра мы пачалі фантазіраваць на тэму, які цяпер душэўны стан у той жанчыны.

— Разумееш, Валодзя, а раптам яна ўсвядоміла, якога чалавека кульнула. Ці яе разыгралі адпаведна. Пасмяяліся, што ў гісторыю ўвойдзе, пакарана будзе… І яна сёння пакутуе. Думае, канчаць жыццё самагубствам ці не…

— Што ж мне рабіць? — Караткевіч яўна не разумеў жарту.

— Узяць паўлітэрка і пайсці да яе. Вывесці з трансу… Вунь, праз акно відаць яе дом.

І трэба ж такому здарыцца, што, ступіўшы пару крокаў на вуліцу, Валодзя сутыкнуўся з той жанчынай. Разыграная кімсьці, мусіць, участковым, яна ішла да нас "мірыцца з пісацелем", несучы з сабой сумку з прыпасамі… Расчулены Караткевіч спыніўся, пацалаваў яе ў лоб.

Увогуле Валодзя не крыўдаваў за цікавыя розыгрышы. Наадварот, лічыў, што чалавек, асабліва пісьменнік, павінен абрастаць імі ("міфамі"), як карабель "ракушкамі". Не пакрыўдзіўся ён, калі даведаўся, што ніякі не інжынер трэста па азеляненні Ілля Хаданскі, а мовазнавец Арнольд Міхневіч пазваніў яму з "прэтэнзіяй": нібыта яго, сумленнага працаўніка, вывелі як адмоўнага тыпа ў "Каласах…" ("Я вашего романа не читал и читать не стану, но друзья издеваются, поэтому требую сатисфакции"). Не крыўдаваў, калі выйшла, што не для "нявесты" Генадзя Кісялёва, а для касцёла ў Друскінінкай цягаў ён з магазіна да таксі дзевяноста метраў танных дарожак ("гэта, мусіць, мне пакаранне за сцэнар "Хрыста").

Дараваў ён мне і тады, калі я ледзь не падвёў яго "пад дурнога хату". Неяк Валодзя папрасіў мяне знайсці ў якой гістарычнай крыніцы і выпісаць яму старашляхецкае запрашэнне ў госці. Не ведаючы, што гэта для працягу "Каласоў…", я скапіраваў адзін тэкст з гумарыстычнай кнігі Антося з Лепля, выдадзенай у Беластоку, і паслаў яму ў Рагачоў (запомніліся макаранічныя фразы: "А і дужа хто будзе сабраўшысен"; "Будуць а і яблыкі ў клустасці, а і сырнікі з млекам"). Ён перапытаў у лісце: адкуль ты ўзяў такое? Я чыстасардэчна прызнаўся. У адказ атрымаў цэлае пасланне, вытрыманае ў характэрным для Караткевіча іранічна-здзеклівым стылі. Для ўзору прывяду некалькі абзацаў:

"Ты што ж гэта, былы фальварковец з Расолаў, былы местачковец Астравецкі, а цяпер мешчанін Менскі, мне, князю, у мой ціхі зацішак, самоту маю гордую, у стольны град княства майго здзеклівыя лісты пішаш, га? Баніцыі не зазнаў, святы божыя святкаваць на зямлі даела?

Перадаю табе з цыдуляю той, у стылі барока пісанай, высокае сваё незадавальненне, а і не толькі за ліст, а і за тое, што выпісаў ты, пісака, з сувоя, напісанага шляхціцам Антосем з Лепля, запрашэнне на шляхецкае свята, і мне той грымзол твой, як нібыта з акта нейкага выпісаны, нахабна даслаў, і ляпу, прытым, такую ганаровую рабіў, як бы энцыкліку ці булу свентага папы нашага мне дасылаеш.

Пад карэннямі рыеш, нягледзячы ўгору. Прычын не ведаеш, і вынікі схаваныя ад вачэй тваіх. А каб я тое дзе-небудзь ужыў? Якая б то ганьба княскаму гонару майму была!?!

Свае абазнаныя паглядзелі б і сказалі: "крадзёж". Лацінцы зірнулі б і сказалі: "плагіятус вульгарыс".

То якое смеласць маеш мяне ў лаянцы і завушэнні выкрываць? Мала па грахах тваіх, галгане! Хто падбіў, хто падбухторыў на гэта цябе, нешчаслівы!?! Кабеты, пэўна, бо з імі ты нарадзіўся, з імі ты жыў, з імі ў зямлю адыдзеш, а і ў чысцец — ды не, у пекла! — з імі пойдзеш.

О, будзе там табе цемра непрасвяцімая, вогнь нязгасны, скрогат зубоўны! Будзеш ты вісець там за ўсе тыя члены, што грашыў ты імі ў жыцці. За язык і за вочы, за пальцы і за іншае многае. Будзеш круціцца давеку на гаку, як вяндліна, што на сонцы яе варочаюць. Адным ты не грашыў толькі, галавою. То за галаву не павесяць цябе, абяцаю.

За тое ж, што ў замак мой Менскі шалбераў нейкіх з чарамі і гуслямі пусціў і не шкодзіў ім улезці туды і кашталяна майго вернага з невянчанай малжонкай ягонай стуль выперці, біць, мардаваць, ад якога морду сам не ведае, яка жывы будзе, за тое, што "Каласы" на "Калоссе" змяняў, — кару атрымаеш. На суллях распну, агурком салоным зарэжу!

Руку прыклаў, па проразях у дошчачцы абвёўшы, князь Рагачоўскі".

І ніжэй — лацінкай, друкаванымі літарамі: "Влодсімер".

Часам анекдатычныя сітуацыі стварала само жыццё. Караткевіч іх дапаўняў уласнай выдумкай, і ў асобных выпадках цяпер цяжка аддзяліць тое, што было ў сапраўднасці, ад таго, што народжана містыфікацыяй. Для доказу спашлюся хаця б на такі прыклад.

Сёння шырока вядома апавяданне Уладзіміра Караткевіча "Былі ў мяне мядзведзі" (яно нават дало назву польскай анталогіі беларускай прозы). Асновай для аднаго з яго эпізодаў паслужыў рэальны факт: калі на "Беларусьфільме" здымалася беларуска-чэшская стужка "Пушчык едзе ў Прагу", яго галоўнага "героя", маладога мядзведзя Пушчыка, кінаработнікі неяк прывялі да Караткевіча, выкупалі ў ванне, а потым паклалі спаць на тахце і селі абедаць. Тады ж быў зроблены і фотаздымак: Караткевіч гуляе з мядзведзем. Гэты здымак трапіў у газету "Ніва", што выдаецца ў Польшчы, у Беластоку, на беларускай мове. І там яго ў 1965 годзе апублікавалі з прыкладна такім подпісам: "Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч вельмі любіць жывёл; на гэтым здымку вы бачыце яго з уласным мядзведзем, з якім ён любіць прагульвацца…" Пасля той публікацыі не было адбою ад званкоў: а калі можна прыйсці, каб яго паглядзець, а дзе ты яго трымаеш, а чым корміш?

І вось у 1977 годзе Караткевіч быў у Польшчы. У Варшаве яго запрасілі на творчую сустрэчу, дзе той жа мядзведзь усплыў у нечаканым ракурсе. У справаздачы з сустрэчы, надрукаванай у "Ніве", сказана наступнае: "Маючы заўсёды "жартаў поўныя кішэні", як сцвярджаецца ў адным з яго вершаў, Караткевіч пачаў расказваць анекдоты, гумарыстычныя гісторыі, ствараючы вясёлы настрой сярод сваіх слухачоў. Адказваючы на пытанне аб мядзведзі, які жыў на яго кватэры, прыпомніў камічнае здарэнне. Выкупаў я яго — кажа Караткевіч — у ванне, мядзведзь выйшаў у пярэднюю, дзе ў вялікім люстры ўгледзеў свой адбітак. Мядзведзь прыглядаўся сабе хвіліну, потым грымнуў з усяе сілы лапай, і люстра рассыпалася на кавалачкі. Адгэтуль было ў мяне толькі маленечкае люстэрачка да брыцця, каб не гнявіць чатырохногага кватаранта".

…Але ж я добра памятаю, што тое люстэрка ў перадпакоі было разбіта не мядзведзем!

Або прыпамінаецца яшчэ выпадак. Калі Караткевічу ўстанавілі тэлефон, то далі яму нумар, які раней належаў намесніку дырэктара па гаспадарчай частцы Інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Таму ў першыя дні бесперапынна раздаваліся тэлефонныя званкі:

— Фама Фаміч, аплачвайце заказ…

— Фама Фаміч, чакаем машыну…

Спачатку Караткевіч цярпліва тлумачыў, што адбылася памылка, што нумар перададзены іншаму абаненту. Не памагала! За нейкім сотым званком новы ўладальнік пачаў кіпець.

Урэшце аднойчы, позняй ноччу, зноў патрывожылі:

— Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць?

— Так! — узравеў Караткевіч, нібы той мядзведзь. — Абавязкова разгружаць!

З таго выпадку, казаў Валодзя, нібы рукой зняло. Ніхто больш не пытаў Фаму Фаміча.

Але затое Рыгор Барадулін стаў велічаць Караткевіча не іначай як Фамой Фамічом. Потым Фама Фаміч трансфармаваўся ў Хаму Хаміча і проста ў Хаму. Але Валодзю гэта не раздражняла. У адказ ён называў сябра на латышскі лад Рыгарсам Барадулінсам. Дробныя шпількі і шпілечкі не перашкаджалі іх сапраўднай мужчынскай дружбе. Былі ва ўзаемаадносінах і суперніцтва, і зайздрасць, і спрэчкі, і дні адчужэння, і нават, казалі, ледзь не бойка. Але не прыпомню ніводнага выпадку, каб яны дайшлі да непавагі, узаемных абраз. У мяне склалася ўражанне, што яны адзін без аднаго проста не маглі існаваць. Вельмі розныя па характары і мастацкім бачанні свету (Валодзя больш рацыяналістычны, "зададзены", Рыгор больш эмацыянальны, непасрэдны), яны цудоўна сябе ўзаемна дапаўнялі. Адказваючы на вечарах на пытанні, Караткевіч нязменна высока ацэньваў творчасць "ушацкага хлапца" ("Кулінінага сына"):

— У нас цяпер толькі два паэты, якія пішуць натуральна і арганічна, — Вазнясенскі і Барадулін. Яны нібы спецыяльна створаны для гэтага прыродай. Спяваюць, як птушкі на голлі!

Барадулін адплачваў тым жа. Не раз памагаў ён Караткевічу і добрым словам, і слушнай парадай, і грашыма, асабліва калі Валодзю нейкі час не друкавалі.

Такая ж сардэчная дружба, нягледзячы на розніцу ў гадах, звязвала Уладзіміра Караткевіча з Янкам Брылём. У ёй, вядома, былі свае ўзлёты (калі абодва пісьменнікі жылі на адной лесвічнай пляцоўцы) і спады. Да свайго старэйшага сабрата Валодзя адносіўся часам крыху задзірліва ("як малады певень"). Але Янка Брыль нязменна адказваў паблажлівасцю. Памятаецца, 27 лютага 1967 года ў Саюзе пісьменнікаў БССР быў вечар новага верша. Цікава выступалі Ю. Голуб, А. Разанаў. Валодзя ж чытаў нешта са зборніка "Дзень паэзіі". Пасля вечара разам са Сцяпанам Міско і геолагам Віктарам Лапуцем ("бацькам беларускай нафты") пайшлі ў кафэ, што адчынілася ў Доме мастацтваў (з лёгкай рукі Барадуліна яго ахрысцілі "мутным вокам"). Зусім блізка сядзелі Брыль з Карамазавым і нейкім госцем з Сібіры. Міско гучна, каб чувалася за суседнім столікам, правакаваў Караткевіча:

— Хто вышэйшы, ты ці Брыль?

— Вядома, ён.

— А хто таленавіцейшы?

— Вядома, я. Каму ж пахваліць, як не самому сябе?!

На гэта Брыль:

— Самае смешнае, што і я так лічу!

У часы, калі пасля разноснай крытыкі ў Караткевіча апускаліся рукі, Брыль настойліва ўгаворваў яго не паддавацца чорнаму настрою і — пісаць, пісаць, пісаць! На гэта Валодзя агрызаўся:

— Па вашай скуры пісаць бы! Бо хто ж друкаваць будзе?!

У адказ Брыль прывёў словы Хемінгуэя:

— Пішы сумленна, а некалі цябе прызнаюць, хоць пасля смерці, што ўжо сумней.

Калі ў студзені 1980 года ў бібліятэцы АН БССР была сустрэча з Янкам Брылём, ці не найбольш пытанняў было пра яго адносіны да творчасці Караткевіча. Аўтар "Птушак і гнёздаў" адказаў, што цэніць яго вельмі высока, што гэта "самы чытабельны" беларускі аўтар ("нават у Туніс з сабой бяруць"):

— Падумаць толькі: быў час, калі выдаўцам даводзілася даказваць, што "Каласы…" трэба выдаць асобнай кніжкай. І дзякуй Мележу, які тады заступіўся за раман на абмеркаванні, па сутнасці арганізаваў яго.

Па сваёй сціпласці Янка Брыль не сказаў, што ў тым, "пераломным" 1967 годзе і ён нямала прычыніўся да таго, каб "Каласы пад сярпом тваім" выйшлі асобным выданнем (у дзвюх кнігах). Яго рэдагаваннне вельмі зацягнулася. Аўтару прад'яўляліся шматлікія, часам некампетэнтныя і смешныя прэтэнзіі.

У выдавецтве ад Караткевіча патрабавалі, каб ён улічыў прадузятыя заўвагі Я. Герцовіча, які пасля часопіснай публікацыі рамана, нібы палемізуючы з маёй станоўчай рэцэнзіяй, выступіў з артыулам "Лёсы чалавечыя і лёсы народныя", надрукаваным у газеце "Советская Белоруссия" 9 верасня 1965 года (яго меў на ўвазе Валодзя ў працытаваным лісце з Уладзівастока). Побач са слушнымі крытычнымі меркаваннямі (аб празмернай "даросласці" і рытарычнасці слоў і думак галоўнага героя Алеся Загорскага) там былі і шматлікія тэндэнцыйныя пасажы, на якіх ляжаў выразны адбітак вульгарнага сацыялагізму. Караткевічу інкрымінавалася, што ён рэалізаваў задуму толькі часткова, нават "на другім плане" не знайшоў месца для сацыяльных "нізоў", што ён, ідэалізуючы Загорскага, ледзь не пашырае ідэі класавага міру "паміж прыгоннікамі і прыгоннымі". "Аўтар, — гаворыцца ў артыкуле, — зноў прадэманстраваў абмежаванасць свойго гістарычнага бачання, звязаўшы адной вяровачкай буйнога зямельнага магната князя Юрыя Загорскага і прыгоннага селяніна Міхала Кагута і зрабіўшы з гэтага далёка ідучыя вывады". У апошнім абзацы сцвярджалася, што Караткевіч "паспяшаўся з публікацыяй", што яму яшчэ трэба нямала папрацаваць над раманам, "каб у ім зліліся ў адно лёсы чалавечыя і лёсы народныя, загаварыла поўным голасам сапраўдная гісторыя". Такім чынам, у артыкуле Герцовіча ставілася пад сумненне мастацкая і гістарычная вартасць "Каласоў…" увогуле. Ад раманіста патрабавалася, каб ён напісаў новы, прынцыпова іншы твор.

На артыкул Герцовіча рэагавалі па-рознаму. Адны абураліся ім, слалі пратэсты ў рэдакцыю, званілі аўтару артыкула, на што ён не раз публічна скардзіўся з трыбуны (Караткевіч не ўхваляў такіх званкоў). Мы з Барадуліным суцяшалі Валодзю, што ў кожнага Моцарта павінен быць свой Сальеры. Іншыя ж паціралі рукі ад задавальнення. Кіраўнікі выдавецтва ўспрынялі артыкул як прамое ўказанне афіцыйнага органа і паставілі перад раманістам нерэальную задачу — замест палымянскай публікацыі прынесці ім нешта дыяметральна супрацьлеглае. Усё часцей раздаваліся галасы, што ў канфліктную сітуацыю павінен умяшацца Саюз пісьменнікаў БССР. Гарачым прыхільнікам абмеркавання быў Іван Мележ.

І вось 22 лютага 1967 года адбылося сумеснае пасяджэнне сакратарыята СП БССР і секцый прозы і крытыкі. Перш чым адкрыць "баталію", Вячаслаў Адамчык і Янка Скрыган запатрабавалі, каб прадстаўнік выдавецтва, Леў Салавей, прыўзняў "забрала", выклаў прысутным усе контраргументы. І той вымушаны быў зачытаць урыўкі з выдавецкай рэцэнзіі, аўтар якой пачаў за "здравие", а скончыў за "упокой". Аддаўшы належнае таленту Караткевіча, рэцэнзент далей папракаў яго, што ён напісаў не хроніку народнага жыцця, а хроніку князёў Загорскіх. Народны заступнік Корчак дарэмна не выразаў іх. "Добрых" паноў накшталт Загорскіх не было і быць не магло, даказваў рэцэнзент. Абвяргаючы яго спрошчаныя ўяўленні пра гісторыю, Янка Брыль, Іван Мележ, Алесь Адамовіч, Іван Навуменка, Ніл Гілевіч, Генадзь Кісялёў, Алесь Асіпенка, аз грэшны, іншыя гаварылі пра тое, што, як і рускае дваранства, беларускія магнаты і шляхта бывалі розныя — і прагрэсіўныя, і "ніякія", і рэакцыйныя, што трэба пераадольваць ранейшую абмежаванасць нашай літаратуры, калі ў ёй (у Купалы, Бядулі) быў толькі "дрэнны пан". Прагучалі заклікі ўлічваць рэальную расстаноўку сіл у паўстанні 1863 года, спецыфіку тэматыкі, індывідуальнасць аўтара. Крыху скептычна выступіў Адамовіч: вось мы хораша пераконваем тут адзін аднаго, а выдавецтва ўсё роўна не выдасць раман яшчэ гадоў з пяць — пра гэта нават можна біцца аб заклад.

Узровень абмеркавання быў у цэлым вельмі высокі. Слушных аргументаў у абарону Караткевіча выказалі многа, і яны, па вобразнаму выражэнню Янкі Брыля, зваліліся на беднага Льва Салаўя нібы капа сена.

Уладзімір Караткевіч застаўся задаволены вынікамі абмеркавання. З Саюза мы пайшлі да яго дамоў. Былі Генадзь Кісялёў, які яшчэ прыязджаў з Вільнюса, мовазнавец Міхась Сыракваш (Валодзя пакепліваў над яго магутнай постаццю: "Занимает целый пляж изможденный Сырокваш"), рэдактар ашмянскай раёнкі Якаў Карабок. За сталом узнікла спрэчка, ці мелі права супрацоўнікі Дзяржаўнага музея БССР вырваць з памятнай табліцы ў жупранскім касцёле Ашмянскага раёна партрэт Багушэвіча. Караткевіч горача даказваў, што не мелі, што гэта акт вандалізму. Мы тут жа дамовіліся, што напішам пратэст. Ліст такі (у Міністэрства культуры БССР) быў неўзабаве адпраўлены. Але партрэт не вернуты і да сёння (замест яго веруючыя ўстанавілі прыблізны заменнік).

Абмеркаванне рамана ў Саюзе пісьменнікаў, здаецца, не зрабіла на выдавецкіх работнікаў асаблівага ўражання. На рукапісе "Каласоў…" было пастаўлена столькі пытальнікаў і клічнікаў, панапісана столькі здзеклівых заўваг, што Караткевіч схапіўся за галаву:

— Гары яно ўсё гарам! Не буду я правіць ні слова! Няхай ляжыць да сканчэння свету!

Але тут умяшаўся Барадулін:

— Не рабі глупства, Хама. Твой раман патрэбны людзям цяпер! Зрабі выгляд, што сур'ёзна правіш, іначай увогуле выкінуць цябе з плана.

— Не магу, стары, — ледзь не рыдаў Валодзя. — Не магу пагадзіцца з чалавечай дурасцю.

— Дурны і ты, Валодзечка. Не лезь на дыбы з-за дробязей. Папраў нешта другараднае, замяні адзін эпітэт другім. Так, каб можна было сказаць, што ўлічана заўваг працэнтаў семдзесят. А на істотнае махні ім ручкай: маўляў тут другаразраднае глупства, ды і не стану я тут прыхарошваць розных прыгоннікаў… З імі, Хама, трэба ваяваць іхняй жа зброяй.

— Рука не ўзнімаецца!

— Тады папрасі Адася, — Рыгор кіўнуў у мой бок. — Чалавек тры гады ў рэдакцыі працаваў, розную дыпламатычную праўку рабіў.

І ў маі 1967 года мы разам заселі за стол. Скарачалі другарадныя фразы. Падкрэсленае рэдактарам слова замянялі другім. Валодзя спачатку быў змрачнаваты і спрабаваў ваяваць нават са мной, ды потым увайшоў у смак і ахвотна прыдумваў адэкватны ці нават больш трапны, але не такі "лабавы" варыянт. У многіх мясцінах работа пайшла раману яўна на карысць.

— Ты глядзі, Адасевіч, — цешыўся ён. — Можа, усё абыдзецца малой крывёю.

А каб у выдавецтве і наогул у грамадскасці склалася ўражанне, што раман сур'ёзна перарабляецца, Рыгор Барадулін прапанаваў "падкінуць" такую "мыслю" ў друк. Я ўзяўся рабіць адпаведнае інтэрв'ю з аўтарам, здаецца, першае ў яго жыцці інтэрв'ю ўвогуле. Неўзабаве, 10 ліпеня 1967 года, яно было надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" пад назвай "Каласы з цаліны":

"Сярод перафразіровак вядомай прымаўкі, відаць будзе слушнай і такая: "Пакажы мне твой рабочы стол — і я скажу, хто ты". На рабочым месцы заўжды адчуваецца адбітак індывідуальнасці чалавека.

Пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча — гэта стол-рамантык. Пасля кожнага чарговага падарожжа гаспадара на ім з'яўляюцца новыя і новыя дзівы: рэдкія каменьчыкі і засушаныя марскія зоркі, цагліны тысячагадовай даўнасці і ўпрыгожанні нашых продкаў. Да стала прыхінулася старадаўняя разнaя прасніца. Аднак галоўнае на ім — наклеены на шэрае палатно велізарны партрэт Кастуся Каліноўскага. Тут жа — каваны ў жалезе свяцільнік. Нібы агромністая кропля крыві, чырванее ў ім падфарбаваны воск. Гаспадар запальвае свяцільнік толькі раз у год — 21 сакавіка, у гадавіну гераічнай смерці таго, хто стаў самай вялікай любоўю Уладзіміра Караткевіча, яго натхненнем і героем яго твораў.

І адначасова — гэта стол-працаўнік. На ім заўсёды грудзяцца папкі з рукапісамі. За гэтым сталом былі напісаны вядомыя ўжо чытачу раманы "Каласы пад сярпом тваім" і "Нельга забыць", аповесці "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" і "Чазенія", шматлікія вершы, рэцэнзіі, артыкулы, сцэнарыі кароткаметражных і доўгаметражных фільмаў. Сотні і сотні старонак, спісаных дробненькім, вуглаватым почыркам, які нельга зблытаць з нічыім іншым.

У дзень, калі вялася наша размова, Уладзімір Караткевіч закончыў праўку першай і другой кніг рамана "Каласы пад сярпом тваім". Рыхтуючы рукапіс да друку ў выдавецтве "Беларусь", аўтар улічыў заўвагі рэдактара, рэцэнзентаў, чытачоў, выкрасліў многія мясціны і дапісаў новыя.

— Прыемна адчуваць, што ўрэшце закончана тое, над чым працаваў амаль дванаццаць год. У параўнанні з тым варыянтам, які друкаваўся ў "Полымі", у рукапіс унесены вялікія змены. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі. Вядома, не з усімі. Сёй-той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана аб паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе. З новых прац рускіх, беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў — для прыкладу назаву прозвішчы Смірнова, Кісялёва, Кяневіча — бачна, што рухаючай сілай у паўстанні ў Беларусі была якраз шляхта. Не мог я згадзіцца і з тымі заўвагамі, дзе мне прапанавалася "абяліць" некаторых прыгоннікаў накшталт Кроера, зрабіць іх менш жорсткімі.

— Значыць, задума "Каласоў…" з'явілася прыкладна дванаццаць гадоў назад? Калі? Пад уплывам якіх абставін?

— Задума з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі, — сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх — паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за "вашу і нашу свабоду". А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя "мосцікі" ў Вільню, Пецярбург, Варшаву.

— У пачатку года "Полымя" абвясціла, што сёлета ў часопісе будзе друкавацца другая кніжка рамана. Значыць, яна таксама ўжо напісана?

— У асноўным, так. Уласна кажучы, гэта будзе не другая, а трэцяя і чацвёртая кніжкі, таму што першую я вымушаны быў падзяліць на дзве. Праўда, работа над імі крыху зацягваецца. Па-першае, паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы. Напрыклад, зусім нядаўна ўдалося знайсці дужа "каларытны" "Указ аб косах". Аказваецца, напярэдадні паўстання царскі ўрад быў настолькі напалоханы, што нават забараняў сялянам купляць і прадаваць косы.

— Значыць, у цэлым "Каласы…" будуць мець каля дзвюх тысяч старонак. Ці не занадта многа гэта ў наш час, калі ў моду ўвайшлі "мікрараманы"?

— Па-мойму, усё гэта — лухта. Чалавецтва працягвае накопліваць інфармацыю. Вядома, яму сёння не патрэбна такое дэталёвае апісанне інтэр'ера або чалавечага аблічча, якое мы бачым у пісьменнікаў і мастакоў ХІХ стагоддзя, напрыклад, у Аляшкевіча. Але чалавецтву вельмі важна ведаць факты, мець іх аб'етыўнае апісанне. Вернецца, скажам, чалавек з Марса — і якой каштоўнай будзе яго падрабязная інфармацыя аб невядомай планеце, яго ўменне перадаць нам натуральны выгляд марсіян. А для нас жа беларуская гісторыя — у многім нязведанае. Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў. І кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым. Па меры магчымасці я і рабіў гэта ў "Каласах…". У выніку — шматлікія апісанні, вялікі аб'ём рамана. Для тоненькіх гістарычных раманаў, такіх, як у Друона, у Беларусі яшчэ прыйдзе свая чарга. А пакуль што… Мне хочацца, каб, чытаючы "Каласы…", чытач адкрываў для сябе мінулае свайго народа і сваёй краіны.

І словы гэтыя не здаліся мне штучнымі ці нясціплымі. Прыгадаліся словы студэнткі, прыведзеныя ў нарысе У. Калесніка "Партрэт друга": "Дагэтуль я думала, што ў нас няма такой гісторыі, як у іншых народаў. А пачытала "Дзікае паляванне караля Стаха", "Каласы пад сярпом тваім" — дык убачыла, што ёсць!" Сказана крыху наіўна, але дастаткова дакладна: найвялікшая каштоўнасць усяго, што пішацца Караткевічам, заключаецца ў тым, што яго творы выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, вучаць лепш разумець мінулае і сучаснае. Для нашага сучасніка вельмі важна мець дакладнае ўяўленне аб усіх тых падзеях, пра якія гаворыцца ў "Каласах…".

— Так, вельмі важна! — пагаджаецца пісьменнік. — Шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ўзнялі паўстанне, рэвалюцыйныя дэмакраты накшталт Каліноўскага былі, калі карыстацца вядомым ленінскім вызначэннем, прамымі папярэднікамі марксізму. Першы Інтэрнацыянал быў утвораны якраз на вечары, прысвечаным памяці ахвяр 1863 года. У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні, тым больш, прыносіць плады.

— А наколькі паказанае ў рамане адпавядае сапраўднасці? Ці існаваў, скажам, рэальны прататып Алеся Загорскага?

— Перш за ўсё я імкнуўся праўдзіва перадаць дух таго складанага і супярэчлівага часу. Узнавіць дэталі мне дапамаглі архіўныя дакументы. Часам яны пацвярджалі тое, да чаго я ўжо раней дайшоў інтуіцыяй. Прывяду адзін прыклад, але не з "Каласоў…", а з "Нельга забыць". У пралогу да рамана расказваецца аб трагічнай гібелі паўстанца 1863 года Грынкевіча. Пісаў я гэтыя старонкі, пераважна абапіраючыся на мясцовыя паданні. Потым жа, на маё ўласнае здзіўленне, Генадзь Кісялёў паказаў мне ў Вільнюскім архіве дакументы пра рэальнага Грыневіча, расстралянага пры тых жа акалічнасцях, што і апісаныя мною ў рамане. Што ж датычыць "Каласоў…", то ў іх ёсць некаторыя прыватныя адступленні ад сапраўднасці. Напрыклад, тры важныя для лёсу паўстання пасяджэнні царскага дзяржаўнага савета зліты ў адно. У адно зліты вобразы некаторых рэальных людзей. Так узнік Алесь Загорскі. Іншыя ж вобразы — Біскуповіч, стары Вежа — узяты з мінулага цалкам. Зразумела, што зусім інакш узнікалі ўсе жаночыя вобразы…

— Аднак хопіць пра тое, што ёсць у рамане. Некалькі слоў аб тым, што будзе ў апошніх дзвюх кнігах. Які фінал рамана?

— Крах усіх спадзяванняў, усіх ілюзій і — нават у гэтых абставінах — чалавечая нязломнасць! Паўстанне пацярпела паражэнне, але мужнасць — засталася. А значыць, засталося і спадзяванне, што чалавек, свабода і народ — выжывуць! Найбольш поўна гэтая думка праведзена на прыкладзе Алеся Загорскага.

— Раман закончыцца паражэннем паўстання 1863 года ці — па ўзору "Нельга забыць" — падзеі будуць даведзены да нашых дзён?

— Давесці падзеі да нашых дзён будзе вельмі цяжка. Магчыма, потым і прадоўжу сюжэтныя лініі рамана. Хацелася б паказаць нарадавольцаў, першыя марксісцкія гурткі, сялянскі рух. Але гэта — потым. Цяпер жа абмяжуюся невялікімі лірычнымі ўстаўкамі. У іх будзе ацэнка падзей 1863 года з пазіцый нашых дзён. Будзе роздум аб тых часах — мой і маіх сяброў. Да кніжнага выдання дапісаны некалькі ўстаўных навел, якіх не было ў часопісным варыянце.

Нашу размову увесь час перапыняюць тэлефонныя званкі. Звоняць з "Беларусьфільма", дзе па сцэнарыі У. Караткевіча здымаецца поўнаметражны фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", з кінастудыі дакументальных фільмаў, дзе толькі што закончыліся здымкі кароткаметражкі "Будзь шчаслівай, рака…", прысвечанай роднай рацэ пісьменніка — Дняпру. Звоняць з гаркома камсамола, каб дамовіцца аб сустрэчы з моладдзю. Прыходзіць пошта: балгарскі паэт Найдан Вылчаў паведамляе, што ў "Анталогію сучаснага беларускага апавядання", якая выходзіць ў Сафіі, уключаны пераклады караткевічаўскіх апавяданняў; аб выданні зборніка перакладаў на ўкраінскай мове пішуць са Львова. І зноў званок з кінастудыі: у вядомага літоўскага акцёра Баніёніса не "кладзецца" фраза, трэба перарабіць дыялог… І наша размова таксама пераключаецца на тэмы кіно.

— Ці задаволены я здымкамі "Хрыста"? Ці няма небяспекі, што з філасофскага твора зробяць звычайны прыгодніцкі фільм? Што ж, здымаюць "Хрыста" людзі таленавітыя. Але ў сцэнарыі — а ён перастаў ужо быць маёй рэччу — адбыліся змены. Вобразна кажучы, перавагу над Уленшпігелем атрымаў Лама Гудзак. Ці дапамагае пісьменніку работа ў кіно? Хутчэй шкодзіць, бо адбірае страшэнна многа часу. Сапрўдны пісьменнік цалкам сябе кіно ніколі не аддасць, таму што кіно — мастацтва групавое, дзе індывідуальнасць аўтара нібы раствараецца. З другога ж боку, кіно аказвае станоўчы ўплыў. Яно дае штуршок думкам, робіць больш сучасным мысленне. У чым гэта заключаецца? Дастаткова параўнаць "На Быстранцы" і "Птушкі і гнёзды" Янкі Брыля. Абодва творы сучасныя па сваёй тэме. Аднак яны розныя па мастацкіх сродках. "Птушкі і гнёзды" — твор вельмі кінематаграфічны. Дастаткова прыгадаць сцэну допыту Руневіча…

На стале з'яўляюцца кадры з будучага кінафільма: сярэдневяковая Гародня, беларускі Уленшпігель — Юрась Братчык, якога па збегу акалічнасцей прынялі за Хрыста, каларытныя твары людзей той даўняй эпохі. Старонкі народнай гісторыі, даўно забытыя і цяпер узноўленыя фантазіяй і талентам мастака. І іншыя старонкі гісторыі — здымкі беларускіх архітэктурных помнікаў. Гэта кадры з кароткаметражнага фільма "Памяць", які нядаўна выпушчаны на экраны Беларусі. Гродзенская Каложа і стары драўляны лямус, Полацкі Сафійскі сабор і руіны віцебскага храма Благавешчання, замкі у Нясвіжы і Міры, Ружанах і Навагрудку. З гэтых здымкаў мог бы выйсці цудоўны альбом аб здабыках нашай архітэктуры, аб сівых сведках мінулага.

— Калі мы з Юркам Цвятковым здымалі гэты фільм — сэрца балела. Многія цудоўныя палацы і замкі стаяць у запусценні, разбураюцца. А пры жаданні ў іх можна было б размясціць пансіянаты, дамы адпачынку, санаторыі. Можна было б атрымліваць валюту ад зарубежных турыстаў. Узяць хаця б замак у Міры… Мала ў нас беражнага стаўлення да гістарычных помнікаў. Нашто, скажам, было работнікам Беларускага краязнаўчага музея вырываць са сцяны жупранскага касцёла дошку ў гонар Багушэвіча.

Раман, аповесць, апавяданне, кінасцэнарый, п'еса ("Торшкі далей ад месяца" і "Смерць і неўміручасць Кастуся Каліноўскага" ў свой час былі перададзены Беларускаму тэатру імя Янкі Купалы), нарыс, рэцэнзія… Здаецца, няма такога літаратурнага жанру, у якім бы не спрабаваў свае сілы Уладзімір Караткевіч. А як справы з жанрамі паэтычнымі?

— У выдавецтве "Беларусь" ужо ляжыць вершаваны зборнік "Мая Іліяда". Пасля "Вячэрніх ветразяў" у мяне набярэцца нямала новых вершаў. Нядаўна прывёз з Крыма новы цыкл "Таўрыда". Некалькі вершаў напісаў, пабываўшы на магіле Багдановіча.

— З чаго пачынаецца звычайна верш? З думкі? З настрою?

— У мяне ён пачынаецца з радка. З аднаго або двух-трох. Вядома, радок немагчымы без думкі. Радок нясе зерне думкі. Напрыклад, верш "Паўлюк Багрым" пачаўся з радкоў: "Нельга верыць у бога, калі ён такое дазволіў…" Потым усё астатняе "падганялася " пад гэтыя радкі. Праўда, часам бывае наадварот — калі ідзеш ад агульнай ідэі. Але гэта — рэдка.

— А ў прозе?

— У прозе ўсё пачынаецца з настрою. Настрой нараджае адпаведную думку. Разам узятыя, яны і даюць той ключ, у якім будзеш весці апавяданне, якім "адамкнеш" тэму…

На хвіліну гаспадар устае, каб узяць з кніжнай паліцы чарнавікі сваіх "Каласоў…".

— Хтосьці ў свой час пусціў чутку, што пішацца мне лёгка і што напісанага я амаль ніколі не праўлю. Гэта няпраўда. Калі гаварыць ужо аб нейкай "творчай кухні", то працэс пісання выглядае прыкладна так. Спачатку з'яўляюцца запісныя кніжкі. У іх — думкі, назіранні, выпіскі. Потым нараджаецца кароткі план. Паміж яго радкамі ўпісваюцца ўсё новыя і новыя кавалкі. Такі план перапісваецца разоў пяць. А потым, калі ўсё адстаялася і адшліфавалася ў галаве, — перапісваю начыста. Лёгка і без асаблівых правак. Я згодзен са словамі Буніна, якія прыведзены ва ўспамінах Катаева, што нельга з нічога зрабіць нешта шляхам бясконцых перакрэсліванняў. Вядома, калі ўжо нешта ёсць, тады праўкі дазваляюць палепшыць твор…

Для ілюстрацыі сваіх думак гаспадар паказвае запісную кніжку, з якой пасля вырасла "Чазенія" — аповесць аб рамантычным і чыстым каханні нашых сучаснікаў, унукаў тых жа паўстанцаў 1863 года. Вось запісы аб тым, якія рыбы водзяцца ў далёкаўсходніх рэках, якой вышыні дасягае цунамі, якія дрэвы растуць на берагах Амура. Вось малюнкі бурундука, Кедравай падзі, схема маршруту, па якому спачатку прайшоў сам аўтар, а потым — яго герой.

— Гэты маршрут мне хацелася б паўтарыць. Хочацца зноў пабываць на Далёкім Усходзе, пабачыць Камчатку. Не менш вабіць Сярэдняя Азія, Каўказ, нашы беларускія дарогі. Планы вялікія, на гады хопіць.

— А як з планамі творчымі? Калісьці, памятаю, Янка Брыль прапанаваў табе напісаць раман пра Багушэвіча…

— Што ж, расце папка з матэрыяламі і пра Багушэвіча. Расце папка пра таямнічага аўтара "Тараса на Парнасе". Думку напісаць раман на гэтую тэму падаў мне Юльян Пшыркоў. Але дзевятнаццатае стагоддзе больш-менш распрацавана. Не напішу я — напішуць іншыя. А вось Давыд Гарадзенскі, які на крыжаносцаў хадзіў, або полацкі князь Вячка, які бараніў ад ворага латышоў і эстонцаў… Пра гэтых пакуль што не напіша ніхто. А трэба! Трэба зберагчы народную памяць аб нашых слаўных продках, аб лепшых старонках сваёй гісторыі!

…У 1936 годзе Максім Танк запісаў у сваіх "Лістках календара": "А пакуль што некранутай цаліной у нас ляжыць гістарычная тэма, чакаючы свайго Вальтэра Скота, Сянкевіча…" Сёння, калі з'явіліся гістарычныя раманы і аповесці Уладзіміра Караткевіча, падстаў для такога катэгарычнага сцвярджэння ўжо няма".

Сёння, праз дваццаць з лішкам год пасля таго інтэрв'ю, я часта задумваюся, чаму тады Караткевіч сказаў мне, што трэцяя і чацвёртая кнігі рамана "ў асноўным" закончаны. Мы ж, члены камісіі па спадчыне пісьменніка, з надзеяй шукалі іх у яго архіве і расчароўваліся, знайшоўшы там толькі чарнавыя фрагменты, толькі накіды-"загатоўкі" ў запісных кніжках. Сказаў няпраўду ў тым, 1967 годзе з нейкіх тактычных меркаванняў? Наўрад ці. Бо хлусні ён не любіў. Ды і не дазволіў бы ў адваротным выпадку анансаваць заканчэнне рамана ў "Полымі". Пра існаванне трэцяй і чацвёртай кнігі "Каласоў…" Караткевіч гаварыў не толькі мне, але і Міхалу Фёдаравічу Дубянецкаму, былому дырэктару выдавецтва "Мастацкая літаратура" — яны нават дамовіліся, на які год паставіць іх у план. Усе сябры Валодзі ведалі, што ён рыхтуе заканчэнне рамана да друку: вывучае дадатковыя матэрыялы, цікавіцца далейшымі лёсамі паўстанцаў 1863 года. Праўда, не раз, адбіваючыся ад нашых патрабаванняў не займацца "кінаглупствамі", а хутчэй закончыць раман, ён стагнаў:

— А вы думаеце, мне гэта лёгка?! Любімых герояў — пад кулі, на вісельні, на катаргу, у ссылку… Вы ж ведаеце, чым скончылася паўстанне — суцэльным разгромам. Гэта ўсё роўна, што пад меч — уласных дзяцей… Неяк прыйшлі да мяне гуртам школьнікі і просяць: не забівайце Алеся Загорскага. І што я мог ім адказаць?!

Мы бачылі, што пасля баталій вакол рамана 1965–1967 гадоў Караткевіч паастыг у дачыненні да "Каласоў…". Балюча рэагаваў на пытанні пра іх. Пазбягаў гаворкі. Шукаў самаапраўданні (накшталт шкадавання герояў). Чаму? Адбілі ахвоту наскокі вульгарнай крытыкі? Адчуваў, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма будзе апублікаваць заканчэнне рамана ў такім выглядзе, як дыктавала творчае сумленне? Відаць, усё гэта таксама ўплывала. Ва ўсякім выпадку толькі на пачатку васьмідзесятых гадоў Караткевіч асмеліўся апублікаваць аповесць "Зброя", якая спачатку пісалася як адзін з раздзелаў рамана, а потым стала яго самстойным "адгалінаваннем". Стылёвыя асаблівасці сведчаць, што стваралася яна яшчэ ў гадах шасцідзесятых. Але Караткевіч ніколі пра яе не ўспамінаў, не спрабаваў друкаваць, разумеючы, што не той яшчэ час: апісанні маскоўскіх нораваў маглі быць успрыняты крытыкай як абраза ўсяго рускага народа.

Аднак вернемся да пытання, куды мог знікнуць чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг "Каласоў…". Неяк у галаву прыйшла думка, што аўтар знішчыў яго, як гэта зрабіў Гогаль з другой часткай "Мёртвых душ". Аднак адразу ж здалася яна недарэчнай. Бо такія экзальтаваныя ўчынкі проста не адпавядалі б натуры Караткевіча. Не знішчыў жа ён рукапіс першай аповесці "У снягах драмае вясна", хоць бачыў немагчымасць яе апублікавання ў застойны перыяд… Наўрад ці мог знікнуць рукапіс і ў першыя месяцы пасля смерці пісьменніка: яго сястра, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, адразу зрабіла захады, каб да рэчаў пісьменніка — кніг, архіва, памятак — не мелі доступу пабочныя асобы.

Узважыўшы ўсе акалічнасці, я прыходжу да вываду, што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі. Тады на гастролях там знаходзіўся віцебскі тэатр імя Якуба Коласа. Яго рэжысёр, Валерый Мазынскі, пасля "Званоў Віцебска" і "Кастуся Каліноўскага" збіраўся паставіць "Маці ўрагану". Караткевіч вылецеў туды з жонкай, Валянцінай Браніславаўнай, каб пазнаёміць трупу са сваёй новай п'есай. Але яна здалася акцёрам задоўгай, несцэнічнай, і Валодзя вяртаўся адтуль у дрэнным настроі. А тут яшчэ аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята:

— Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!

Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся, пераводзіў гаворку на іншае, на Рыгора Семашкевіча, амаль суседа па кватэры, чыё жыццё недарэчна абарвалася, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі:

— Я ўсе транты аддаў бы, абы Рыгор быў жывы… З дакорам думаю, што ўжо больш не пабачу яго вінаватай усмешкі.

У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут "класныя спецыялісты", што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны "Каласоў…"). Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне "Каласоў…" як пра нешта рэальнае.

Хто мог зрабіць? Дзеля чаго? Рознае думаецца. І цепліцца надзея, што рукапіс недзе ўсплыве, што злачынства веку (пішу без іроніі) будзе калісьці раскрыта.

Загрузка...