Пачакайце, скажа тут дасведчаны чытач: вось вы разважаеце пра рамантызм у творчасці Караткевіча, а сам пісьменнік яго адмаўляў. Скажам, у інтэрв'ю для Таццяны Шамякінай. І асабліва настойліва — у сваіх запісных кніжках ("Я не рамантык, і не сентыменталіст, і не які-небудзь "іст").

Сапраўды, парадокс.

Аднак вытлумачыць яго можна даволі проста. У часы, калі пісаліся і публікаваліся асноўныя творы Уладзіміра Караткевіча, рамантызм — і як мастацкі напрамак, і як стыль — меў адмоўную афарбоўку. Загорскага, Грынкевіча, Беларэцкага крытыка ўпарта называла прыдуманымі, нерэальнымі, нежыццёвымі. Карацей — рамантычнымі. І ў пісьменніка выпрацаваўся стойкі "імунітэт" супраць гэтага слова, яго непрыняцце ("лепяць і лепяць ярлыкі" — у запісной кніжцы). Ён упарта даказваў: не, у мяне ўсё так, як было, як магло быць у жыцці, я пішу ў адпаведнасці з праўдай гістарычнай, праўдай мастацкай… "Я проста ёсць я, Караткевіч, з двума нагамі (пакуль), двума вачыма і вушамі, адным носам і адным сэрцам, з 5 дадатнымі якасцямі і 95 недахопамі. Такім вы мяне і прымайце, калі вам хаця крыху цікава тое, што я кажу вам" (з запісной кніжкі). Ён казаў: я нармальны, а яму доўга не верылі. Доўга яго не чулі.

Што жыццё Уладзіміра Караткевіча было нялёгкім — гэта святая праўда. Аднак ён ведаў, на што ідзе. Пісьменнікаў, відаць, можна ўмоўна падзяліць на тры групы: тых, хто апярэджвае свой час, тых, хто добра крочыць з ім у нагу, і тых, хто ад яго адстае, часам безнадзейна. Караткевіч адносіцца да першых. Іншыя лягчэй або цяжэй прыстасаваліся да застойнага перыяду. А ён — не. Ён горда, нібы Юрась Братчык крыж на Галгофу, нёс цяжкую ношу "заступніка" беларускай гісторыі і беларускай культуры. Быў прапаведнікам і прарокам. Нехта ж мусіў ім быць, а выбар паў на яго. Усведамляў ён гэта? Безумоўна. Інакш не напісаў бы: "Быў. Ёсць. Буду".

Загрузка...