Аднак вернемся ў "год Караткевіча". Пачаўся ён для Валодзі "нефартунна" — новымі прыступамі. Спачатку хворы ляжаў дома, потым ў лечкамісіі, у Аксакаўшчыне, казаў, што яму пагоршала, калі схадзіў у Саюз, каб дабіцца маральнай і матэрыяльнай падтрымкі для Вацлава Жыдліцкага, і сустрэў там поўнае неразуменне. Скардзіўся, што мы ўсе рэдка яго наведваем ("хаця б перакінуцца ў дурня"). А калі я аднойчы зайшоў да яго, каб расказаць, як яго ведаюць і любяць студэнты універсітэта (на кніжным "аўкцыёне", які я там вёў, на пытанне, хто з герояў беларускай літаратуры найбольш падабаецца, многія адказалі: Алесь Загорскі), двойчы паўтарыў, што едзем мы ўжо не на вяселле, а з вяселля, што пара зарубіць на носе лацінскае "memento mori" ("памятай аб смерці"). На гэта я адказваў, што шлях з вяселля таксама можа быць доўгі, а на ім, напэўна ж, сустрэнуцца прыемныя і гасцінныя корчмы. Валодзя тут крыху ажывіўся:

— Раней, здаецца, корчмы былі кожныя пяць вёрст… Аднойчы мужыкі завялі спрэчку: колькі вёрст да неба? Адзін адказаў: менш пяці, бо інакш была б відаць і карчма.

Каб яшчэ больш падбадзёрыць яго, я дастаў з партфеля выразку з артыкулам Ганны Далінскай, надрукаваным у польскай "Політыцы". Уладзімір Караткевіч, Аляксей Кулакоўскі і Алесь Жук там былі названы песнярамі дабрыні і талеранцыі.

— Хочаш, і я табе нешта пачытаю, — сказаў ён нібы ў адказ. І выцягнуў з-пад стуса рукапісаў сваю своеасаблівую рэцэнзію на выказванні аб сітуацыі з беларускай мовай, сабраныя філосафам Алегам Бембелем. Зачытаў урыўкі з яе, а потым — з надрывам, на адным дыханні — і некаторыя выказванні.

— Вось бачыш, — закончыў, — і адзін чалавек многа можа… Кожны павінен з годнасцю несці свой крыж — ці то едучы на вяселле, ці то з онага… Вядома, ніхто цяпер усяго гэтага не надрукуе. Ды і сырое, сумбурна зроблена — рэдагаваць трэба. А так — карысную работу зрабіў хлопец…

Караткевіч яшчэ хварэў, калі на экраны выйшаў фільм "Дзікае паляванне караля Стаха". Тым, хто не чытаў аповесць, ён падабаўся. Ля білетных кас, ці не ўпершыню за гісторыю беларускага кіно, выстройваліся вялікія чэргі. Але гэта не пахіснула майго ранейшага крытычнага стаўлення. І я аднёс у "Літаратуру і мастацтва" рэцэнзію, якая пад назвай "Яшчэ адзін "добры сярэдні"?" была надрукавана 23 мая 1980 года:

Загрузка...