Пра тое, як складвалася жыццё Уладзіміра Караткевіча ў першыя трыццаць год, даволі падрабязна і вельмі эмацыянальна расказаў ён сам у аўтабіяграфіі "Дарога, якую прайшоў", напісанай у 1964 годзе і апублікаванай у 1966 годзе ў зборніку "Пра час і пра сябе". Таму я не буду тут падрабязна апісваць часы, калі мы яшчэ не былі знаёмы. Таго, хто цікавіцца імі, адсылаю да ўказанай кнігі. Тут жа, каб потым не вяртацца назад, зраблю толькі некалькі ўдакладненняў і дапаўненняў. Некаторыя з іх унесены самім Караткевічам у мой экземпляр зборніка "Пра час і пра сябе". Іншыя ж узяты з нашых пазнейшых размоў, з успамінаў і лістоў ягоных сяброў.

Радавод. Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы. У зборніку "Пра час і пра сябе" ў адпаведным месцы дапісана чорным чарнілам: "Род падстарасты Бабруйскага і Пінскага, захудалы да ўсёру". Пра даўнасць Караткевічаў сведчыць і выпіска з кнігі В. Манкевіча "Беласток і ваколіцы" (1986), нядаўна прысланая з Кракава сябрам пісьменніка Здзіславам Нядзеляй. "У перыяд шведскага патопу (восенню 1655 г.), — гаворыцца там, — у Беластоку знаходзіліся літоўскія харугві, падпарадкаваныя Радзівілам. Узнялі яны, аднак, бунт супраць шведаў, пасля чаго пад кіраўніцтвам Караткевіча далучыліся да войскаў, якімі камандаваў Павел Сапега". Відаць, таго ж Караткевіча, робіць заключэнне Нядзеля, згадваў у сваім дзённіку князь Багуслаў Радзівіл.

Ганарыўся Караткевіч і сваімі "прашчурамі па кудзелі" — з боку маці, Надзеі Васільеўны. У тым жа збоніку, у фразе "Дзед, бацька маёй маці (ён памёр у вайну), даслужыўся да павятовага казначэя, і прытым быў атэіст і спачуваў марксістам", Валодзевай рукою ўпісана: пасля слова "павятовага" — "а затым губернскага", а перад словам "марксістам" — "легальным". Апрача таго, канкрэтызавана мясціна, дзе гаворыцца пра "сваяка з боку маці і яе радні", які ў паўстанні 1863 года камандаваў атрадам і быў расстраляны па загаду Мураўёва. Караткевіч тут удакладніў: "прадзед". Праўда, зрабіў гэта толькі пасля таго, як у Вільнюсе, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР, Генадзь Кісялёў знайшоў і паказаў яму дакументы пра гэтага прадзеда — Тамаша Грыневіча.

А як узрадаваўся Караткевіч, калі потым, у час камандзіроўкі ў Польшчу, я знайшоў у Варшаве рукапісныя "Нататкі паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме". Сярод іншых прозвішчаў там упамінаўся і той жа Тамаш Грыневіч. Больш таго, прыводзіўся напісаны ім верш "Песня прыгаворанага да смерці…", дзе выказана цвёрдая ўпэўненасць у тым, што справа свабоды не загіне, "пакуль жыве славянскае племя". Дзеля вызвалення, гаворыцца ў вершы, трэба паказаць народу прыклады гераізму і самаахвярнасці. Перамога не прыйдзе сама сабой: "Полымя раптам не ўспыхвае — яно пачынаецца з іскры". А далей у запісной кніжцы ішоў верш, прысвечаны ўдаве Грыневіча, якая, падобна гераіні рамана "Нельга забыць", спазнілася на некалькі трагічных мінут з весткай аб "памілаванні". Невядомы аўтар верша захапляецца яе мужнасцю, якая будзе па-сапраўднаму ацэнена і ўзнагароджана, калі "краіна вызваліцца з няволі".

Такім чынам, крыху нечакана для самога Караткевіча было дакументальна пацверджана тое, што дагэтуль цьмяна жыло ў сямейным паданні, што ўзнёсла было апісана ў пралогу да рамана "Нельга забыць" (паралелі паміж Тамашом Грыневічам і Усяславам Грынкевічам відочныя). Гэта дало аўтару дадатковыя аргументы супраць тых, хто бачыў у рамане адну "выдумку".

А яшчэ Уладзімір Караткевіч неяк сказаў, што ўсе з яго роду, з яго сям'і годна трымаліся ў 1937 годзе. Даносчыкаў сярод іх, на шчасце, не аказалася.

Ваенныя гады. Яны балюча ўвайшлі ў свядомасць Караткевіча. Бачачы сытую закусь, ён не раз успамінаў, як галадаў у час эвакуацыі, калі разлучыўся з бацькамі. Вайна не палохала яго: наадварот, некалькі разоў з інтэрната ўцякаў на фронт. А калі знаходзіўся ў Маскве і пачыналася бамбёжка, то не бег, разам з іншымі, у сховішча, а зганяў ката са скрыні, дзе ляжалі старыя часопісы, усядаўся на ёй і чытаў "Вокруг света" — прывязанасць да гэтага выдання засталася на ўсё жыццё.

Кіеўскі перыяд. Пра яго мне двойчы расказваў Фларыян Няўважны, вядомы польскі літаратуразнавец і перакладчык. Ён вучыўся ў Кіеўскім універсітэце разам з Караткевічам, сябраваў з ім. Некалькі разоў яны разам прыязджалі на канікулы ў Оршу.

— Мяне, наіўнага шчанюка, — згадваў Няўважны, прыехаўшы ў Мінск у 1974 годзе, — Валодзя здзіўляў тады яўным антысталінізмам. У дзень смерці Сталіна ўстроіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле. Потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора… Караткевіча вельмі любіў і заўсёды бараніў акадэмік Бялецкі. Ён хацеў узяць Валодзю ў аспірантуру, нават тэму падабралі — пра паўстанне 1863 года ў славянскіх літаратурах. Але будучы "клясык" зрэзаўся на экзаменах — на пытанні пра Берыю. Праўда, выпіскі для дысертацыі працягваў рабіць. Потым яны прыдаліся для "Каласоў…".

Па словах Фларыяна Няўважнага, у Кіеўскім універсітэце Караткевіч быў душой курса, яго сумленнем. Адны яго вельмі паважалі, іншыя ненавідзелі, пабойваліся, бо маглі атрымаць здачу. Пра сілу, мужнасць і прынцыповасць Валодзі хадзілі ва універсітэце легенды (напрыклад, як уратаваў ад хуліганаў Бялецкага).

Загрузка...