Ну і, вядома ж, былі ў тыя часы і творчыя радасці. Караткевіч застаўся задаволены аповесцямі "Чазенія" і "Лісце каштанаў", якія і сёння вельмі папулярныя, асабліва сярод моладзі. Першая з іх асобнай кніжкай выйшла раней у перакладзе на рускую мову (1969) і толькі затым — у арыгінале (1970). Часопісны варыянт рускага перакладу "Чазеніі", апублікаваны ў "Молодой гвардии", сабраў там ці не рэкордную колькасць чытацкіх водгукаў з усяго Савецкага Саюза. "Лісце каштанаў" увайшло ў зборнік "Вока тайфуна" (1974).

"Чазенія" — гэта ўзнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе. Мы выразна бачым і горы, парослыя густымі лясамі, дзе побач з піхтамі і араліямі сустракаецца таямнічае дрэва, што дало назву аповесці, і крынічныя даліны з заблытанымі сцежкамі, на якіх можна сустрэць тыгра. У адной з такіх далін, Тыгравай Падзі, лёс звёў вучонага-атамшчыка Севярына Будрыса і біёлага Гражыну Арсайла. Здавалася б, яны створаны адзін для аднаго. Дык не! Севярын атрымаў значную дозу апраменьвання, яго эксперыменты тояць небяспеку для прыроды. Гражына ж, як будучая маці, сэрцам адчувае і прадчувае гэтую небяспеку. Яна кажа: "Я зямлю люблю, даліны, невысокія, зялёныя, вось такія, горы, цеплыню люблю. У ёй прыгажосць. І сапраўдная вышыня — у ёй. Чорта людзям у вышынях, на якіх нельга жыць… Якая страшная праца!" Таму, у рэшце рэшт, Гражына, шчыра кахаючы Севярына, усё ж пакідае яго.

Як і папярэднія творы Караткевіча, "Чазенія" выклікала рэзкае непрыняцце Я. Герцовіча. У артыкуле "Шукаць у рэальным жыцці", надрукаваным у газеце "Літаратура і мастацтва" 25 чэрвеня 1971 года, ён абвінаваціў аўтара аповесці і ва ўтапічнасці, і ў ігнараванні навукова-тэхнічнага прагрэсу, ядзернай фізікі. Я. Герцовіч рашуча аспрэчваў палымянскую рэцэнзію С. Андраюка, які апраўдваў паводзіны герояў аповесці тым, што іх "мучаць страшэнныя прывіды атамнага выбуху". Аднак гісторыя даказала, што рацыю тут меў С. Андраюк. У наш час, калі мы вядзём паслядоўную барацьбу супраць татальнага знішчэння чалавека і прыроды, калі горкі ўрок нам выдаў Чарнобыль, разважанні Севярына і Гражыны гучаць надзвычай актуальна.

Як страсны пратэст супраць вайны, яе непатрэбных ахвяр успрымаецца сёння таксама аповесць "Лісце каштанаў". Месца яе дзеяння — Кіеў 1944 года. Горад ужо вызвалены ад фашыстаў, але, зразумела, увесь ляжыць у руінах. Фронт адкаціўся кудысьці на захад, і туды ж, у бой, рвуцца героі аповесці — беларус Васілька Стасевіч, ад чыйго імя вядзецца апавяданне (у ім лёгка ўгадваецца сам аўтар), украінцы Багдан Цар і Раланд Дзмітрэнка, напалову малдаванка, а можа, крыху і цыганка Нонка Юніцкая, немец Карл Канецкі. Падлеткі па "чатырнаццаць-пятнаццаць-шаснаццаць год", яны не дагулялі ў сваім галодным дзяцінстве, у эвакуацыі, у партызанах, і цяпер адчайна гуляюць у вайну, выступаюць вуліца на вуліцу. Аднак іх бойкі ніколі не даходзілі да жорсткасці, да расправы: "Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. Так, мы не гулялі ў расстрэл".

І адначасова гэта галодная пара была шчаслівай парой маладосці. "Божа мой, — усклікае апавядальнік, — якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!" Менавіта ў такую пару прыходзіць першае каханне, якое героі сарамліва называюць "дружбай". Хваля гэтага светлага пачуцця захліснула і Васіля Стасевіча, Нонку Юніцкую. Яны акрылены вялікай і светлай марай. Ім хочацца жыць у праўдзе, у справядлівасці — і каб "ніводнай сволачы на свеце". Каб набудавалі новых гарадоў, у кожнага чалавека былі "тысячы кніг". І галоўнае, каб усюды быў мір — "ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін".

Героі аповесці не толькі прагнуць шчаслівага мірнага жыцця. Яны гатовы за яго змагацца — уцячы на фронт або туды, дзе ловяць бандытаў. І не проста так, а з уласнай зброяй у руках. Дзеля гэтага яны пайшлі за горад, у глыбокі яр, і пачалі адкопваць кулямёты і вінтоўкі, кінутыя акупантамі. Нечакана рванулі затоеныя міны… Трое з падлеткаў назаўсёды засталіся спаць "у дняпроўскім пяску і ніколі ўжо не ўбачаць ні сонца, ні сіняй ракі, ні залатой лістоты каштанаў".

Да тых жа, хто застаўся ў жывых, кожны раз, калі аблятае лісце каштанаў, вяртаецца пякучая памяць пра загубленыя рэхам вайны жыцці, пра "знявечанае юнацтва".

Загрузка...