"Прызнаюся: амаль тыдзень прымушаў я сябе ўзяцца за раман Уладзіміра Караткевіча "Нельга забыць". Адштурхоўваў загаловак. Ён здаваўся банальным, выцвілым. У той жа час прываблівала прозвішча аўтара, які паспеў палюбіцца за кнігі "Блакіт і золата дня" і "Вячэрнія ветразі".

І вось — першая фраза: "Дарогу на поўнач ад горада кантралявалі інсургенты, ездзіць па ёй было небяспечна". Інсургенты? Так у Расіі звалі польскіх паўстанцаў. Значыць — доўгачаканы раман пра паўстанне 1863 года, стагоддзе якога мы будзем адзначаць праз некалькі месяцаў? Магчыма, пра Каліноўскага?

Аднак гэта раман не пра паўстанне 1863 года. Уладзімір Караткевіч не павёў чытача ў паўстанцкі лагер, не паказаў там Кастуся Каліноўскага. У рамане дзейнічае (і то "па-за сцэнай") толькі яго баявы сябар — Усяслаў Грынкевіч. З першых жа радкоў даведваемся, што ён трапіў у палон да царскіх войск і чакае пакарання смерцю на магілёўскай гаўптвахце. Аўтар засяроджвае сваю ўвагу на тых, хто знаходзіцца, так сказаць, на іншым баку барыкад. Гэта — афіцэры рускай арміі Пора-Леановіч і Юрый Гораў, якія ўзначальваюць ахову на пераправе праз Днепр. Яны вельмі розныя людзі. Жорсткі і самазадаволены цынік Пора-Леановіч прытрымліваецца правіла: "Галоўнае — стаць на той бок, які выйграе". Яму, мясцоваму ўраджэнцу, магіляўчаніну, не вельмі давярала камандаванне арміі. І таму "ў дапамогу" Пора-Леановічу быў прысланы паранены пад Ракавам масквіч Юрый Гораў. У Гораве быццам сабраны ўсё лепшыя рысы, якія былі ўласцівы перадавым прадстаўнікам рускага дваранства. Уразлівы і ўдумлівы Гораў нечым няўлоўным нагадвае талстоўскага Андрэя Балконскага, перанесенага ў іншы час і пастаўленага ў іншыя ўмовы.

І вось наступіла навальнічная вераб'іная ноч. Разліўся Дняпро. У такую буру наўрад ці наважыцца хто пераплыць цераз рэчку. І таму, на першы погляд, здаецца, што Пора-Леановіч мае слушнасць, калі адмаўляецца пераправіць на той бераг жонку паўстанца Грынкевіча. Яна вязе загад графа Мураўёва аб замене расстрэлу пажыццёвай катаргай? Ну што ж, няхай пачакае да раніцы, ад гэтага нічога не зменіцца. Але Пора-Леановічам кіруюць далёка не гуманныя матывы. Ён ведае, што яшчэ надвячоркам памчаўся ў Магілёў (вядома, не з памілаваннем) спецыяльны кур'ер Мараўёва-вешальніка. Ён атрымаў загад затрымаць жонку Грынкевіча на такі час, каб на тым беразе паспелі скончыць з яе мужам.

Дарэмна Гораў спрабуе апеліраваць да сумлення свайго начальніка. Той застаецца няўмольным. Але Гораў не можа не дапамагчы высакароднай, базабароннай цяпер жанчыне. Гэта азначала б, што ўвесь ягоны свет, ягоныя перакананні, усё тое, аб чым гаварылі прафесары ва універсітэце, аб чым піша Тургенеў, любімы пісьменнік Надзенькі, яго Надзенькі, — усё гэта мана і міраж. І тады Гораў прымае рашэнне. Парушаючы загад Пора-Леановіча, рызыкуючы ўласным жыццём, ён перавозіць жанчыну на той бераг у чаўне-душагубцы. Але дарэмна: жонка Грынкевіча спазнілася. Спазнілася на нейкіх дзесяць мінут. Даведаўшыся аб гэтым, Юрый Гораў выразна адчаканіў свайму начальніку: "Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік". У выніку — дуэль. На здзіўленне самому сабе, Юрый Гораў смяртэльна параніў праціўніка, які трыма выстраламі мог з віновага туза зрабіць жалудовы.

Аб усім гэтым расказана ў пралогу рамана. Пралог завяршаецца сцэнай апошняга спаткання Юрыя Горава і апранутай у жалобу жонкі Грынкевіча. Герой зразумеў, што тая вераб'іная ноч была водападзелам яго жыцця. Пасля яе засталася туга. Туга па ўзвышаным і прыгожым, па няздзейсненых спадзяваннях. З горыччу думае ён аб нетрываласці чалавечага жыцця і чалавечага шчасця, гледзячы на зеленаваты зорны дождж Леанідаў, якія "тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры".

А потым аўтар пераносіць дзеянне рамана ў наш, савецкі час, расказвае пра нашчадка таго Грынкевіча, які так і не пабачыў дажджу Леанідаў, — пра студэнта, паэта і сцэнарыста Андрэя Грынкевіча. "Пачакайце, — можа сказаць тут чытач, — а я ведаю, што будзе далей: Андрэй абавязкова сустрэнецца з унучкай ці праўнучкай таго Горава і паміж імі ўзнікне каханне. Нашчадкі здзейсняць мары і спадзяванні сваіх продкаў. Так было ў "Паўночнай аповесці" Паўстоўскага, так было…" Што ж, у гэтым выпадку прадчуванні чытача спраўджваюцца. У Маскве Андрэй сапраўды пазнаёміўся з выкладчыцай гісторыі мастацтваў Ірынай Горавай і пакахаў яе тым пачуццём, якое, як кажа другі герой рамана Яніс Вайвадс, "раз у стагоддзе бывае на зямлі". І на нейкі момант у чытача паяўляецца незадавальненне. Твор здаецца зададзеным, сюжэт — запазычаным. Тут праводзіш паралелі з Тургеневым, там — з "нагнятаннем сказаў" Талстога. Літаратурныя рэмінісцэнцыі разбураюць непасрэднасць уражання.

Але адначасова ловіш сябе на думцы: вось так, відаць, гучала б беларуская проза, калі б у нас быў свой Тургенеў і Талстой. Ды і чаму мы павінны адмаўляць права мастака ісці, так сказаць, адметным шляхам: не ад жыцця да літаратуры, а ад літаратуры да жыцця? Права напаўняць старую сюжэтную схему новым жыццёвым зместам? Адштурхоўваючыся ад чужога, як робіць Караткевіч, ствараць уласнае? У сталай літаратуры павінны быць і такія творы.

Што ж новае ўносіць раман "Нельга забыць" у сучасную беларускую прозу? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ўлічыць наступную акалічнасць. У мінулым беларуская нацыя была амаль выключна "сялянскай" нацыяй, і таму беларуская літаратура ўзрастала пераважна на сялянскай тэматыцы. Асноўным героем на доўгі час стаў селянін. Адсюль ідзе і пэўная абмежаванасць, адметнасць нашай літаратуры, скажам, ад рускай ці польскай. А калі ў беларускую прозу прыйшоў рабочы ці інтэлігент, то гэта быў пераважна ўчарашні селянін або селянін па паходжанні. Коласаўскі Лабановіч ці нават героі шамякінаўскіх "Крыніц" не маглі яшчэ перастуквацца паміж сабой тактамі пятай сімфоніі Бетховена і вешаць на сценах рэпрадукцыі з карцін Паўля Клее, як гэта робіць Андрэй Грынкевіч. Іншая справа — галоўны герой рамана "Нельга забыць". Вобраз яго мы па праву можам назваць першым у беларускай літаратуры паўнакроўным вобразам патомнага інтэлігента, інтэлігента ад дзеда і прадзеда. А гэта — яшчэ адно сведчанне сталасці беларускай літаратуры.

Андрэй Грынкевіч падабаецца чытачу многімі сваімі рысамі. Ён чалавек складанага інтэлекту, багатага ўнутранага свету. Ён увесь — у імкненні да прыгожага і дасканалага, у прадчуванні нязвычнага. Ён самакрытычны, аналізуе кожны свой крок і, калі трэба, можа сурова асудзіць сябе (дастаткова прыгадаць узаемаадносіны з Марыяй Крат). У Андрэя выпрацавана такая культура пачуццяў, такая ўражлівасць, што ён улоўлівае ледзь улоўнае, адчувае не толькі свядома, але і падсвядома. Так: падсвядома. Вось герой спяшаецца да Ірыны, сэрцам адчуваючы, што з ёю нешта непапраўнае, хаця аб гэтым яму ніхто і не паведаміў. Вось ён, седзячы ля ложка хворай Горавай, прачынаецца заўсёды тады, "калі яна толькі мелася прачнуцца". Нейкім унутраным чуццём Андрэй угадвае, калі Ірына ёсць у горадзе і калі яе няма. Што гэта? Містыка? Даніна модным на Захадзе Джойсу і Прусту, у якіх героі жывуць на мяжы рэальнага і ірэальнага? Не, гэта тая вытанчанасць светаўспрымання, якая паяўляецца ў людзей, багатых інтэлектуальна. У аснове такой "перадачы думак на адлегласці" ў Караткевіча заўсёды ляжыць рэальны, часам вонкава непрыкметны факт (напрыклад, тэлефонныя званкі перад прыступам у Ірыны, на якія Андрэй не адказваў).

Расказваючы пра ўзвышанае і пакутлівае каханне сваіх герояў, аўтар быццам палемізуе з тымі, хто адмаўляе такое пачуццё, спрачаецца са Стаўровым і стаўровымі, якія цынічна заяўляюць: "Каханне, соплі лірычныя распусцілі. У нас, брат, атамны век. Людзям няма часу ні на чытанне доўгіх кніг, ні на шпацыр пад ліпамі, у вашага цнатлівага кахання белая сукня. А час не той. Вакол не ліпы. Вакол машыны і мазут". Караткевіч сцвярджае, што такое ўзвышанае і светлае пачуццё, такое каханне ў "белай сукні" існуе, яно нараджае "кнігі, музыку, гераізм". Яно патрэбна чалавеку як паветра і вада: без яго чалавек становіцца збедненым, спустошаным. Вялікае і непаўторнае, яно не знікае бясследна. Яго нельга забыць.

Магчыма, некаторыя крытыкі папракнуць аўтара за празмерна песімістычны канец: пасля смерці Ірыны Андрэй адчувае, што без яе на яго жыццёвым шляху ўжо не будзе радасці, што для яго засталіся толькі "праца і самота". А што ж, загадаеце, каб у такім выпадку герой станавіўся ў позу і выступаў з бадзёрымі сентэнцыямі?! Чалавек і тыя пачуцці, якія ён выклікае, — гэта не Леаніды. Яны не забываюцца — і ў гэтым сэнсе загаловак рамана аказваецца вельмі дакладным. Смерць ёсць смерць. І, сцвярджаючы, што без Ірыны жыццё Андрэя не будзе па-сапраўднаму поўным і радасным, пісьменнік выказвае вельмі чалавечную, вельмі гуманную думку, палемічна накіраваную супроць легкадумнага аптымізму. Апошнія радкі рамана нібы пераклікаюцца са словамі старадаўняга англійскага паэта Джона Дона, словамі, якія Хемінгуэй узяў эпіграфам для свайго рамана "Па кім звоніць звон": "Ні адзін чалавек не ўяўляе сабой саматойны востраў, кожны з'яўляецца часткай кантынента, часткай сушы. Калі мора змые хаця б грудку зямлі, меншай стане Еўропа, як і ў тым выпадку, калі яно паглыне паўвостраў, зямлю тваіх сяброў ці тваю ўласную. Смерць кожнага чалавека памяншае мяне, бо я звязаны з чалавецтвам. Таму ніколі не пытай, па кім звоніць звон: ён звоніць па табе".

І ўсё ж вобраз Андрэя не можа поўнасцю задаволіць чытача. Сфера яго пісьменніцкіх інтарэсаў здаецца штучна звужанай, зведзенай да аднаго кахання. Хтосьці слушна заўважыў, што ў творы яно не павінна больш займаць месца, чым у жыцці. У Караткевіча ж атрымліваецца наадварот. Хацеў гэтага аўтар ці не, але выйшла так, што амаль адзінай крыніцай паэтычнага натхнення для Андрэя стала Ірына. З навакольнага свету ён успрымае пераважна тое, што так ці інакш звязана з яе асобай. Грамадскі ж кругагляд героя выглядае збедненым. Гэта не значыць, што Андрэй мусіць рвацца ў космас ці разважаць аб выніках культу асобы (такія вонкавыя прыкметы часу ў рамане якраз ёсць). Герою не стае іншага. У яго няма глыбокага філасофскага роздуму аб тым, што адбываецца ў нашай краіне і ва ўсім свеце, аб сэнсе існавання сучаснага чалавека і яго месцы ў грамадстве. Часам здаецца, што Грынкевіч празмерна любуецца сабой, любуецца тым, што ён, як "сапраўдны малады варвар", п'е рыжскі бальзам і "Белавежскую", можа падпісваць аўтографы і чытаць Дантэ, лежачы на кіліме. Часам вытанчанасць Андрэевых пачуццяў пераходзіць у расслабленасць. У свой час герой быў смелым і рашучым: хадзіў у партызанскую разведку, двойчы ўцякаў з дзіцячага дома на фронт, узначальваў аддзяленне ў камсамольскім "атрадзе садзеяння", страляў у ворага. І таму не верыцца, што, стаўшы дарослым, Андрэй настолькі не можа саўладаць са сваімі пачуццямі, што раз-пораз усё навокал "плыве, бы ў тумане", "патанае ў тумане" і нават можа выключыцца са свядомасці на некалькі дзён. Міжволі думаеш: а можа, аўтар хацеў паказаць, што бывае, калі герой "аддае ўсяго сябе жанчыне", хацеў асудзіць яго абмежаванасць? Ды не, на гэта не выглядае. Хаця апавяданне вядзецца не ад першай асобы і вобраз Андрэя "аб'ектывізаваны", тым не менш аўтар настолькі апрабіруе кожны крок героя, настолькі зліваецца з ім, што Андрэевы словы ўспрымаеш як лірычную споведзь самога пісьменніка.

На такую думку наштурхоўвае, напрыклад, наступная акалічнасць. Ва ўсіх у нас у памяці добрыя вершы Караткевіча, навеяныя творамі мастацтва: "Дзіва на Нерлі", "Прарок Геранім Босх", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Архангельскае", у памяці і тое, што яны мелі канкрэтнае прысвячэнне. З рамана ж мы даведваемся, як ствараліся гэтыя вершы. Міжволі ўзнікаюць паралелі, і пачынаеш атаясамляць героя і аўтара (такая ўжо псіхіка чытача…). Магчыма, не трэба было аўтару гэтага рабіць, тым больш што адпаведныя думкі ў вершах выказаны і вобразней, і глыбей. Магчыма, не трэба было паўтарацца і адначасова прыадчыняць сваю творчую кухню. А то чытач адчувае сябе, як госць, якога пасля далікатнага абеду запрасілі на кухню і сталі тлумачыць, з чаго і як прыгатаваны стравы.

Паколькі ўжо гутарка зайшла аб недахопах, трэба сказаць некалькі слоў і аб мове. Вельмі прыкра, што пісьменнік, які так тонка адчувае прыгажосць роднага слова, часам, гонячыся за ўяўнай прыгажосцю, не сочыць за стылем. Гераіня неяк кажа Андрэю: "Вы такі, што вам трэба пісаць аб тым, што вось-вось зашчымела і павярнулася ў душы, не дбаючы пра стыль, а дбаючы аб тым, каб слова найбольш дакладна выяўляла тое, што адчуваеш". І, відаць, па гэтым рацэпце былі пабудаваны фразы, пазбаўленыя якраз гэтай дакладнасці, а то і сэнсу, накшталт: "Дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне", "Дрозд, які вось тут, перад вачыма, у захапленні цалуе куст каліны…", "Яму было балюча ў горле, так ён яе кахаў". У адным месцы аўтар піша, што ў творах Андрэя, нягледзячы на паспешлівасць, "слова было на месцы — абцугамі не выцягнеш". На жаль, гэтага не скажаш пра мову рамана. Адно і тое ж слова няшчадна эксплуатуецца па некалькі разоў на старонцы: "сляпуча блішчаць купалы", "сляпучы снег", "сляпуча-срэбныя аблокі", "сляпуча-белы пакой", "сляпучае святло бліскавіц", "сляпучы агеньчык свечкі". І гэта, відаць, не неахайнасць, а свядомая манера пісьма. Аўтар захапляецца новым "сляпучым" словам, іграе ім, як дзіця бліскучай забаўкай, а потым, калі яно згубіць прывабнасць навізны, кідае яго. Тады на змену яму з'яўляецца іншае слова-пястунчык — "сяйва", "веі". Іншы ж раз такімі настырнымі здаюцца асобныя метафары, вобразы, нават думкі. Асабліва калі яны не першай літаратурнай свежасці: "Масква спала неспакойным сном вялікага, стомленага працай чалавека", "Сабака паклаў яму на калена галаву — і гэта была таксама радасць, бо гэтага сабаку магла лашчыць яна".

Можна было б гаварыць і пра іншыя мастацкія хібы. Але не яны вызначаюць аблічча рамана. У цэлым свежая, асацыятыўная проза Караткевіча чытаецца з сапраўдным эстэтычным задавальненнем. Аўтар і тут застаецца паэтам. Ён умее ў звычайным убачыць незвычайнае, у будзённым — узнёслае, прыкмеціць на ботах Юрыя Горава, які ідзе на дуэль, пялёсткі пераспелых кветак.

Я далёкі ад думкі, што раман "Нельга забыць" спадабаецца ўсім. Ён разлічаны на пэўнага, адпаведна падрыхтаванага чытача. Калі мы сцвярджаем, што нашы пісьменнікі павінны быць рознымі, то чаму, будучы лагічнымі, не дапускаем, што рознымі павінны быць і чытачы? Чаму мы апеліруем да нейкага уніфікаванага, стандартызаванага чытача? Ды ён жа на самай справе розны! Адны сур'ёзна ставяцца да мастацкага слова, другія адносяцца да кнігі як да забавы пасля работы, чытаюць толькі аблегчаныя дэтэктывы. І нават сярод тых, хто глядзіць на мастацкі твор як на крыніцу прыгожага, існуе падзел, прадыктаваны асаблівасцямі чалавечай натуры. У аднаго бярэ верх пачуццёвы пачатак, у другога — разумовы, у трэцяга ўсё гэта спалучаецца ў адпаведнай прапорцыі. І кожны шукае ў няабсяжным кніжным моры тое, што яму найбольш адпавядае. Апрача таго, трэба ўлічваць і тое, што чытачы розныя і па адукацыйнаму ўзроўню. І прыходзіцца паўтарыць банальную ісціну: мастак не мае права арыентавацца на тых, хто утылітарна ставіцца да літаратуры, спускацца да іх узроўню. Мастак павінен заўсёды апераджаць час, разлічваць не толькі на сённяшняга, але і на заўтрашняга чытача. Вось чаму трэба пагадзіцца з думкай Максіма Рыльскага, які ў артыкуле "Музы і моды" адстойваў на старонках "Литературной газеты" права пісьменніка тварыць для акрэсленага кола чытачоў (для акрэсленага, а не для "выбраных"). Такім пісьменнікам і з'яўляецца, на маю думку, Уладзімір Караткевіч.

Раман "Нельга забыць" прынясе карысць чытачу, таму што ён абуджае багатыя думкі і пачуцці. Не, ён не "мабілізуе" на выкананне нейкай канкрэтнай, вузкай задачы. Раман робіць большае: выхоўвае культуру пачуццяў, абуджае роздум аб сэнсе жыцця. Так, нельга забыць пра тое, што ў жыцці ўсё ўзаемазвязана, што мінулае цесна пераплятаецца з сучасным і будучым. Нельга забыць ні Усяслава Грынкевіча, які аддаў жыццё "за вашу і нашу свабоду", ні таго асколка ў калясэрцавай сумцы Ірыны Горавай, які застаўся з часу вайны. У жыцці кожнага з нас можа быць такая вераб'іная ноч, кожнаму з нас, магчыма, прыйдзецца дапамагчы некаму, каб той не спазніўся на жахлівых дзесяць мінут.

Уражанні, якія ўзнікаюць, калі дачытваеш апошнюю старонку рамана, хочацца выказаць словамі самога ж Караткевіча: "Вось, здаецца, і нічога не здарылася, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі".

Загрузка...