Адначасова з аповесцямі "Чазенія" і "Лісце каштанаў" Уладзімір Караткевіч напружана працаваў над сваім лепшым гістарычным раманам "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". У яго аснову была пакладзена аднайменная кінааповесць. Пасля таго як зняты па ёй фільм "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" безнадзейна, здавалася, назаўсёды лёг на паліцу, аўтар рашыў, што мае ўсе юрыдычныя і маральныя правы ператварыць сцэнарый у самастойны твор. І не памыліўся: талент пісьменніка заззяў у ім новымі і нават нечаканымі гранямі.

Падзеі рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" адбываюцца год на трыста раней, чым у "Каласах пад сярпом тваім" — у далёкім XVI стогоддзі. Падзеі гэтыя нязвычныя, выключныя: у сярэдневяковай Гародні з'явіўся чалавек, Юрась Братчык, які па волі лёсу вымушаны быў выдаць сябе за Хрыста, а потым, увайшоўшы ў ролю, разам з дванаццаццю "апосталамі" вандраваў па Беларусі, усюды наводзіў справядлівыя парадкі. Ад багатых адбіраў ён харчы і грошы, дзяліў іх сярод бедных. Караў царкоўнікаў, магнатаў, гандляроў. Бараніў землякоў ад татарскага нашэсця. Выходзіў цэлым з самых небяспечных і неверагодных сітуацый. Тварыў "цуды".

Галоўны герой рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — не толькі плод аўтарскай выдумкі. У "Хроніцы Белай Русі" Мацея Стрыйкоўскага ёсць некалькі радкоў пра тое, што пры каралі Жыгімонце І і на Гродзеншчыне знайшоўся самазванец, які "собе пріпісаў і прівлашчаў" імя Хрыста. Гэтых скупых звестак аказалася дастаткова, каб абудзіць фантазію пісьменніка. Адштурхнуўшыся ад хронікі Стрыйкоўскага, Караткевіч дадумаў тое, што магло быць з самазванцам. І дадумаў так вобразна і дакладна, напоўніў апавядальную плынь такімі канкрэтнымі рэаліямі, што мы бачым тыя далёкія падзеі, верым аўтару нават там, дзе ён расказвае неверагоднае. Ва ўсёй шматграннасці паўстае перад намі беларускае сярэдневякоўе з яго рэзкімі сацыяльнымі кантрастамі, барацьбой за ўладу, інквізіцыяй, засіллем схаластыкі, праз якую квола прабіваюцца парасткі Рэнесансу і гуманізму. Паміраюць ад голаду сяляне, а побач па дарозе цягнуцца вазы, гружаныя збожжам, якое па Нёмане будуць сплаўляць у Заходнюю Еўропу. Крамольным званам, што клічуць просты люд на барацьбу, вырываюць "языкі", самы ж большы звон хвошчуць бізунамі, уквэцанымі ў гнаі. Касцельны суд выносіць рашэнне выгнаць з горада ў дваццаць чатыры гадзіны ўсіх мышэй, і толькі цяжарным грызунням даецца месячная адтэрміноўка. У падзямеллях катуюць распаленым жалезам ерэтыкоў і ўяўных ведзьмаў. Трагічнае, жахлівае, пачварнае суседнічае з будзённым, смешным, ідылічным.

Чытаючы раман, увесь час здзіўляешся шматграннасці таленту Уладзіміра Караткевіча, яго ўменню пераўвасабляцца. Стыль апавядання ўвесь час мяняецца: то ён па-летапіснаму бясстрасны, то становіцца ўзнёсла-трагічны, экзальтаваны, то шчымліва-сентыментальны, то гарэзліва-пацешны. А то раптам у тэкст уключаецца амаль навуковы, даследчыцкі каментарый. Кожны з дванаццаці апосталаў гаворыць сваёй, адметнай мовай, якая адпавядае яго паходжанню, яго сацыяльнай біяграфіі. Праўда, мова герояў часам празмерна (не ведаю, наўмысна ці міжвольна так атрымалася) асучаснена. З'яўляюцца фразы накшталт: "Па жаданні веруючых цуду не будзе". Або: "Неадменна гэта яны раней часу ад тэорыі да практыкі перайшлі".

У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" выразна адчуваецца той жа Караткевіч, што і ў "Каласах пад сярпом тваім". Відаць тое ж характэрнае спалучэнне рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў, тая ж цікавасць да характараў яркіх і выключных, тое ж уменне захапіць чытача напружаным сюжэтам (і нават тыя ж недахопы: меладраматызм, "бесцялеснасць" жаночых вобразаў). Але з'яўляецца і прынцыпова новае. Польскі пісьменнік Тадэвуш Канвіцкі неяк сцвярджаў, што кожны аўтар "капае" пераважна з сябе, не можа выйсці за межы свайго асабістага вопыту, сваёй біяграфіі. І калі да Андрэя Грынкевіча і нават Алеся Загорскага гэтае выказванне ў многім стасуецца, то ў Юрасю Братчыку сам аўтар ужо амаль не адчуваецца. У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Караткевіч дасягнуў той ступені аб'ектывізацыі мастацкага пераўвасаблення, якая ўласціва лепшым гістарычным творам Г. Сянкевіча ці А. Ірасека.

Народны заступнік і філосаф Юрась Братчык — сын сярэдневяковай эпохі, калі панавала рэлігійнае светаўспрыманне. Ён мысліць часта схаластычнымі катэгорыямі. Але адначасова ў ім адчуваецца і челавек Рэнесансу, дзесьці духоўна блізкі да Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага. Братчык думае не толькі пра часовае, але і пра вечнае, пра тое, што складае сэнс быцця ўсіх часоў і народаў. І таму многае ў ім блізкае і зразумелае нам, людзям зусім іншай эпохі. Нас прываблівае ў героі тое, што ён увесь час імкнецца да "ведання", пакутліва шукае сябе, сваё месца ў гістарычнай хадзе. Братчыку хочацца знайсці "зямлю праўды", дзе не будзе галодных і шыбеніц, хочацца бачыць у чалавеку чалавека. Герой Караткевіча безумоўна разумее, што "шчасце не з'явіцца прадчасна", што нельга "выскачыць" за межы сваёй эпохі. Аднак, тым не менш, ён змагаецца за набліжэнне гэтага далёкага, прывіднага яшчэ шчасця. Гуманістычныя погляды Братчыка асабліва поўна раскрываюцца ў яго размове-спрэчцы з Юстынам. "Значыцца, умацуйся ў мужнасці сваёй, — пераконвае лжэ-Хрыстос бургамістра Гародні. — Сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось — вера. А іншай няма. Іншая вера — ад нячыстага, ад сатаны".

У рамане асабліва ўражвае сцэна, калі Братчыка вядуць на распяцце, на Галгофу. Вось дзе напружанасць дзеяння і — ніводнага лішняга слова! Такі ж — сон галоўнага героя, у якім вельмі па-караткевічаўску ўвасоблены сярэдневяковыя сялянскія мары аб роўнасці, справядлівасці і сытасці. У раі, што мроіцца Юрасю, усё так нагадвае зямлю: басаногі пастушок гоніць "па хмарах сытых кароў з прыўкраснымі вачыма", увішна гаспадарыць дзева Марыя, дастае з-пад лавы "бусла" з гарэліцай сам бог Саваоф. Кожная вёска там — як пахучы букет. Палі ўсюды чыстыя, дагледжаныя — па іх можна ісці босаму і не пакалечыць ногі. "Зямля дымела ад сытасці і задавальнення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль — сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук…" Прачытаўшы апісанне гэтага сну, я зразумеў, чаму вядомы ленінградскі літаратуразнавец, член-карэспандэнт АН СССР Павел Навумавіч Беркаў, звычайна скупы на кампліменты, у адным з перадсмяротных лістоў параўнаў раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" з творам Франсуа Рабле.

Франсуа Рабле, Шарль дэ Кастэр, Рамэн Ралан, Міхаіл Булгакаў… Безумоўна, гэтыя класікі сусветнай літаратуры былі светлымі настаўнікамі Уладзіміра Караткевіча ў час напісання рамана. І калі б вучань толькі паўтарыў іх на сваім, беларускім матэрыяле, то нават і тады яго праца варта была б ухвалення. Аднак вучань не дужа капіраваў настаўнікаў, пайшоў адметным ад іх шляхам. Яго Юрась Братчык блізкі, як гэта і падкрэліваў сам аўтар, да вечнага і шматпакутнага вандроўніка Тыля Уленшпігеля з аднайменнага рамана Шарля дэ Кастэра, але блізкі пераважна ў тыпалагічным плане — як сын адной і той жа эпохі, як народны заступнік, народны характар. Больш чым на чужыя ўзоры, Караткевіч арыентаваўся на сваё — на старыя летапісы, легенды, казкі. І яшчэ — творча выкарыстаў біблейскія матывы. У рамане ёсць і дванаццаць апосталаў, і грэшніца Магдалена, і пакутнік Лазар, і трыццаць сярэбранікаў Іуды. Аднак усё гэта пазбаўлена арэолу святасці (тыя ж трыццаць сярэбранікаў проста прапіваюць). Самыя разнастайныя крыніцы, выкарыстаныя пры напісанні гэтага твора, дзякуючы багатай фантазіі аўтара зліваюцца ў адно непадзельнае і непаўторнае цэлае.

Адначасова з прозай пісаліся і вершы. Плённасць паэтычных пошукаў Уладзіміра Караткевіча выразна выявілася ў зборніку "Мая Іліяда" (1969). У ім багата твораў ("Беларуская песня", "Землятрус", "Здратаваныя магілы", "Маленне аб чашы", "Чорная балада Гаркушы", "Балада аб трыццаць першым сярэбраніку", "Трасцянец", "Таўры"), якія ўражваюць значнасцю вобразаў і абагульненняў, страснасцю пачуццяў. У вялікім цыкле вершаў "Таўрыда" апяваецца прыгажосць Крымскіх гор і стэпаў, велічны Карадаг, Чорнае мора, у якое Караткевіч любіў хадзіць з рыбакамі. Але часцей за ўсё паэт звяртаецца да роднай Беларусі, уваскрашае яе светлыя постаці ("Скарына пакідае радзіму", "Нявесце Каліноўскага", "Багдановічу"). Мінулае для яго неабходна, каб лепш асэнсаваць сучаснасць і будучыню, каб яскравей выказаць сыноўнія пачуцці да сваёй Айчыны. Патрыятызм Караткевіча страсны і дзейсны, асабліва ў "Беларускай песні":

Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбіцца змрок…

Крытыкі і даследчыкі (М. Барсток, С. Гаўрусёў, Я. Шпакоўскі, М. Ярош) у свой час аднадушна ацанілі "Маю Іліяду" як значнае творчае дасягненне аўтара, як кнігу спелую, маштабную і цэласную, як сведчанне непарыўных сувязей з Купалавай і Багдановічавай традыцыямі і смелага наватарства. Вядома, у рэцэнзіях былі і крытычныя закіды — у празмернай рацыяналістычнасці асобных вершаў, зададзенасці, кніжнасці. І ўсё ж хочацца тут удакладніць, што ўказаныя "недахопы" з'яўляюцца працягам "вартасцей" Караткевіча, тлумачацца асаблівасцямі яго таленту. Кніга, літаратура, не толькі беларуская, але і славянская, еўрапейская, сусветная, былі для яго такой жа крыніцай натхнення, такой жа глебай, што і рэальнае жыццё.

Загрузка...