Вясной 1979 года Караткевіч сапраўды акрыяў і па маёй просьбе прыйшоў на сустрэчу з аматарамі кнігі, якая адбылася 22 мая ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР. Зала была паўнюткая. Валодзя трымаўся добра, вершы чытаў натхнёна (па просьбах з залы — "Дачу ў Тарусе" і "Дзіва на Нерлі"), на пытанні адказваў удумліва і дасціпна. Праўда, прадстаўнік рэспубліканскага праўлення Таварыства аматараў кнігі, які сядзеў побач са мной у прэзідыуме, не раз, слухаючы адказы, устрывожана круціўся на крэсле. Але Валодзя, не зважаючы на яго прысутнасць, гаварыў адкрыта, шчыра.

Найбольш пытанняў (трывожных, вядома) было пра стан беларускай мовы. Караткевіч адказаў, што тут ён аптыміст:

— Пакуль беларуская баба стаіць каля печкі ці пліты, смерць мове не пагражае. Паедзьце ў Ракаў, у вёску — беларускую мову пачуеце там і з вуснаў інтэлігентных людзей. Пытаецеся, ці знікае разам з мовай душа народа? Відаць, не. Прыклад — Ірландыя. Гавораць па-англійску, апрача дальняга ўзбярэжжа. Але ж змагаюцца, спяваюць старыя песні… Дарэчы, у рускай мове становішча таксама трывожнае. Карыстаюцца ёю няўмела — нібы мікраскопам забіваючы цвікі.

Пытанняў задавалі многа. Запіскі клалі на трыбуну, на стол. Караткевіч "глытаў" іх нецярпліва, без аніякай паслядоўнасці. Я меў мажлівасць натаваць адказы адразу ж і цяпер падаю іх у такой паслядоўнасці, як яны гучалі на вечары.

— Калі завяршацца "Каласы…"?

— Працуецца цяжка. Не хочацца забіваць любімых герояў.

— Як вы прыйшлі ў літаратуру?

— Ад думкі: усе пішуць, а чаму я не магу?! Пісанне — гэта збор у калекцыю сваіх перажыванняў.

— Як вы адносіцеся да дзіцячага чытача?

— Станоўча. Напісаў чатыры казкі. Вазьмуся яшчэ…

— Чаму малыя тыражы вашых кніг?

— Не ад мяне гэта залежыць. Часта нават пісьменнікі просяць у мяне: прышлі кніжку з аўтографам. А адкуль прышлеш, калі аўтарскіх даюць толькі дзесяць экземпляраў, а з іх адзін яшчэ трэба ахвяраваць у выдавецкую бібліятэку.

— Калі ў вас нарадзілася задума "Дзікага палявання караля Стаха"?

— Дзесьці ў дзевятнаццаць год, на вышках гумна. Не памятаю дакладна. Адкуль бярэцца сюжэт — ніхто не адкажа. Напрыклад — пачуў чалавек асірыйскую легенду аб тым, што розум чалавека — у вушах: чым яны даўжэйшыя, тым больш розуму. Абсеклі вушы — і тут сапраўды паразумнеў чалавек, ды позна…

— Што вам блізкае ў Багдановіча?

— Усё! Безагаворачна прымаю яго — нават у слабасцях. Ніхто так не ўрос у Радзіму, як ён. Часам нават здзіўляешся: адкуль толькі магло такое брацца?!

— Адкуль узялася ідэя "Хрыста"?

— З "Хронікі" Стрыйкоўскага. Стопрацэнтна гістарычных твораў у мяне няма, — тут Чамярыцкі кінуў рэпліку з залы: "У нікога няма". — Правільна. У Вальтэра Скота, да прыкладу, — дзесяткі анахранізмаў. Ёсць яны і ў мяне. Ніхто не заўважыў, што ў "Ладдзі Роспачы" Сапега ўжо год як памёр да падзеяў. Цень Івана Грознага, на якой вісіць дзевяць закатаваных жонак, таксама не магла з'явіцца ў часы Боны, таму што ён тады толькі што нарадзіўся. Мяне цікавіла іншае: два тыпы дэспатызму — італьянскі (вытанчаны, з атрутай) і рускі. Які лепшы? І хто сутыкнуў іх ілбамі? Гервасій Выліваха, звычайны чалавек. Чалавек — не вінцік. Ён — цвік у рыштаванні, якое ўзводзіцца вакол будынка гістарычнага прагрэсу. Стопрацэнтная праўда нікому непатрэбная. Мяне цікавіць не гісторыя-сапраўднасць, а гісторыя-анекдот, гісторыя-прытча. Кожны бярэ з яе тое, што яму трэба.

— Якая задача літаратуры?

— Быць сумленнем сваёй эпохі. Не хлусіць! Калі чалавек заблуджаўся шчыра, гісторыя прабачыць, калі хлусіў — не! Акрамя ж літаратуры, ніхто не скажа чалавеку, як жыць. Літаратура адлюстроўвае не столькі жыццё, колькі адносіны паміж людзьмі.

— Што рабіць пісьменніку, калі такая складаная сітуацыя з мовай, як у нас цяпер у рэспубліцы.

— Працаваць! Каб не сорамна было б у канцы, перад смерцю.

— Які жанр для вас самы цяжкі? Як вы пішаце?

— Усе — і лёгкія, і цяжкія. Калі ёсць канцэпцыя, пішацца лёгка. Цяжка складаецца план. Калі ж ён ужо ёсць (аж да рэмарак), пішу амаль без памарак.

— Што з напісанага вам найбольш падабаецца?

— "Ладдзя…", "Каласы…".

— Што самае галоўнае ў чалавеку?

— Суперажыванне, супакутванне з няўдачнікам. З Каліноўскім, напрыклад.

— Хто ваш любімы настаўнік?

— Як пчала бярэ пыльцу з розных кветак (але не з усіх), так і пісьменнік. Праўда, ёсць кветкі, да якіх ляцець мне не хочацца: Гамсун, Кафка, з трыццаць нашых. Ад сапраўднай прачытанай кніжкі з'яўляецца сверб — хочацца пісаць. Люблю Віцьку Астаф'ева.

— Якая мэта вашых гістарычных раманаў?

— Прышчэпка супраць памылак. Да прыкладу, задоўга да фашызму ў Кітаі было нешта падобнае, — тут Караткевіч пераказаў легенды і гістарычныя рэаліі пра Шань Яна, выкарыстаныя ім у аповесці "Вялікі Шань Ян". — Гісторыя — яна павучае!

— Ці не вы напісалі паэму пра Лысую гару?

— Я напісаў бы яе больш злосна. Ды і дачы ў мяне на Лысай гары і наогул нідзе няма.

— Ці пішаце вы надалей вершы?

— Забыў узяць з сабой. Набралася ўжо на зборнік. Трэба падгатовіць яго да друку. Але да ўсяго рукі не даходзяць.

У канцы вечара Караткевіча акружылі аматары аўтографаў. Ставіў ён іх сур'ёзна. У кожнага выпытваў факты біяграфіі. Кожнаму знаходзіў нейкае адметнае слова.

Загрузка...