РАЗДЗЕЛ XVIII. «Апошні наезд»


1. Калоднае


Людовіка судзілі ваенна-палявым судом і прысудзілі катаргу. Стары Бароўскі рады ўжо быў таму, што не павесілі.

З Польшчы прыходзілі неверагодныя навіны. Казалі, што паўстанцы стваралі аддзелы ўласнай палявой жандармерыі. За шпегства, даносы і супрацоўніцтва з расейскімі ўладамі сваіх жа вешалі на тэлеграфных слупах.

У Расеі, наадварот, пачаліся маніфестацыі антыпольскіх настрояў - быць палякам рабілася небяспечным.

Стала вядома, што аднекуль з Валыні прабіваецца на ўсход партыя нейкага Кракаўскага. Царскія войскі пераследуюць паўстанцаў след у след. У мястэчка наехала казакаў, прыбылі дзве роты стралкоў. Берагі Гарыні патруляваліся казачымі раз'ездамі, а два паромы праз раку - у самім мястэчку і ў блізкай Дубровіцы - ахоўваліся ўзмоцненымі атрадамі расейцаў.

Папаўзлі страшныя чуткі - вёскі, жыхары якіх падазраваліся ў падтрымцы паўстанцаў, палілі дашчэнту, а сялян разам з сем'ямі і маёмасцю гналі ў туркестанскія стэпы. З панамі, шляхтай рабілі іншае - арыштоўвалі маладых людзей, абвінавачвалі ва ўдзеле ў інсурэкцыі, а потым патрабавалі хабар за вызваленне.

«Вось ён, расейскі інстынкт», - спамінаючы пра паводзіны Фогеля, думаў Урбановіч.

Нечакана зусім блізка ад мястэчка па балотах з'явіліся паўстанцы Кракаўскага, насамрэч, як стала вядома ад расейскіх афіцэраў, якія часам наведвалі эканомію, гэта і была партыя таго самога Траўгута, які слыў за адважнага і ўдалага камандзіра. Дзіва што, сам вайсковец, удзельнічаў у нядаўняй Севастопальскай кампаніі, кобрынскі абываталь Рамуальд Траўгут ведаў слабыя месцы вайсковай арганізацыі расейцаў, і гэта абумоўлівала ягоныя поспехі. Але, пэўна, не гэта рабіла былога падпалкоўніка расейскіх інжынерных войскаў зманлівай здабычай царскіх сатрапаў. Траўгут за жонку меў унучатую пляменніцу самога Касцюшкі. А гэта ўжо вялікая палітыка.

У мястэчка і ваколіцы прыбывалі ўсё новыя роты расейскіх жаўнераў. З кожным днём іх рабілася болей і болей, і неўзабаве стварылася ўражанне, што ўся Расея атабарылася ў павеце. Пяхота, казакі, жандары, артылерысты, абозы, медычныя фургоны запаланілі дарогі, стаялі ў вёсках, на хутарах. Па лясах безупынна стралялі, штодня ў мястэчка прывозілі на сялянскіх падводах забітых ці параненых расейцаў. Урэшце пад Калодным, зусім блізка ад маёнтка Буевічаў, аблажылі самога Траўгута. У паветры стаяў безупынны трэск стрэлаў, чулася басавае гаханне гармат. Траўгут змог вырвацца з аблогі. У палон расейцы захапілі толькі параненых, якія не маглі самастойна рухацца. Астатнія разбіткі хаваліся ў багнах непралазных Пінскіх балот, у затопленай альховай альсе, сярод мора прыпрыпяцкіх лазовых хмызнякоў.

Урбановіч бачыў, што ягоная жонка прыгнечана самім толькі выглядам расейскіх багнетаў, шабляў, коней, фурманак, афіцэраў, кавалерыстаў, фуражыраў, кварцір'ераў. Ён і сам быў уражаны такой процьмай царскага войска. Здавалася, за кожнай бярозай ці алешынай стаіць узброены да зубоў расеец, як след апрануты і накормлены. Стаіць і ўхмыляецца. Маўляў, якой бы вам, ліцвінам, свабоды ні хацелася, нас, расейцаў, гэтулькі, як кедраў у Сібіры, як вады ў Волзе, - і мы змусім вас рабіць тое, што хочацца нашаму цару-бацюхну, а не вам самім паводле «польских мечтаний».

Адгрымела Калоднае, і войска паменела. Пяхотныя роты расейцаў пайшлі калонамі на захад. Па лясах ужо і не стралялі, толькі зрэдку рэха даносіла аддаленыя, заглушаныя, як бы аслабленыя стрэлы ці то паўстанцаў, што ўсё яшчэ бараніліся, ці то расейскіх жаўнераў, якія палявалі на ўцекачоў.

Аднойчы Аксана ездзіла да бацькоў і вярталася ў эканомію праз мястэчка. Каля карчмы пачула крык, убачыла Яся Кавальца. Юнак нечага цягаў на пастронку свайго ваўка. Уздоўж вуліцы стаялі высокія, у рост чалавека, вазы, у якіх гарадзенскія ганчары звычайна вазілі ўласную прадукцыю: гаршкі, збанкі, макітры... На зямлі каля аднаго воза на расшкуматанай саломе ляжалі пабітыя гаршкі.

Гаспадар, гарадзенец, стаяў на каленках, збіраў чарапок да чарапка і плакаў, прыгаворваючы:

- Я гэтулькі роботы робыв... Гліну копав, морозыв, возыв дохаты, потым мысыв, потым лыпыв, потым в піч ставыв, палыв, кожны горшчочэк выдьмухвав, абгладьвав... А воны?! Воны моі збаночкі павыкыдалы, побылы, патрушчылы... Коб на вас нэмоч, коб вам смолою вочы прочыстыло...

Аксана спыніла брычку. Кіўнула Кавальцу, каб падышоў. Бледны, сам не свой хлопец лупянуў пастронкам Інсургента, падцягнуў яго да брычкі. Воўк, таксама нечым перапалоханы, хаваўся Ясю ў ногі. Ясь так шчыльна заціскаў пастронак, на якім быў навязаны воўк, што той хрыпеў, высалапіўшы доўгі ружовы язык.

- Што тут здарылася? - спыталася Аксана.

- А то і здарылася, - злосна буркнуў Ясь. - А гэтага, - хлопец торкнуў за пастронак, - утаплю. Пачаплю камень на шыю і ў Гарынь...

- Ды што тут адбылося?

- Зайшоў купіць солі, - сказаў Ясь, заікаючыся, - а гэтага, - таўхануў нагой ваўка, - прывязаў да калодкі. Пакуль я тую соль купляў, на халеру яна мне здалася, гэты, - Ясь зноў таўхануў нагой ваўка, - неяк адблутаўся, падбег да воза і давай салому дзерці ў возе з гаршкамі. Яго і тычкай па спіне збабоўчылі, прагналі, а ён праз хвіліну з другога боку прыстроіўся. Тут ужо і дурному ясна, што нешта ў возе ёсць, калі туды лезуць-дабіраюцца. І якраз расейцы былі...

Ясь перадыхнуў, у твары было вялікае шкадаванне.

- І што далей?

- А што далей?! Жаўнеры раскідалі гаршчкі... А пад гаршкамі аж некалькі параненых... І сярод іх Артур...

- Артур? - выдыхнула аканомава.

Яна так уразілася навіной, што доўга не магла агойтацца.

- Дзе ён? Што з ім? - урэшце апанавалася аканомава. - Ён... здаровы?

- А то не... Жывы.

- Дзе ён? Куды яго павялі? - Уся пастава Аксаны паказвала вышэйшую ступень хвалявання.

- Забралі... У каманду ўнутранай аховы павялі... Фогель там, спраўнік... Ён, каб проста ехаў ці ішоў, і прайшоў бы. Не кранулі б... А то ўздумаў хавацца. Як той Тарас Бульба. Гэтая падла і выдала.

Ясь выцяў Інсургента пад зад нагой.

Аксана нацягнула лейцы, крыкнула на каня, стала выварочваць, каб ехаць да будынка, у якім змяшчалася каманда ўнутранай аховы, але спынілася, зноў паклікала Яся. Той падышоў да яе, валочачы Інсургента на вяроўцы, які ўпіраўся ўсімі лапамі.

- Я павешу яго... - ледзь не плачучы, сказаў Ясь. - Завалаку ў бліжэйшы лясок і павешу, гадзіну, здрадніка...

- Не чапай, - спакойна і сурова сказала Аксана. - Ты гэтага не зробіш. Ён не вінаваты. Ён помніць людзей. А цяпер слухай. Нашыя справы застаюцца нашымі справамі. Разумееш?

Ясь цяжка ўздыхнуў:

- Разумею.

- Наша сіла не ў колькасці. Наша сіла - у душы. Разумееш... Слухай далей, я паспрабую ўгаварыць Фогеля... Ведаю, што не адпусцяць, не той час, але пагавару. Ты ж накажы старому Буевічу. Няхай як хутчэй едзе сюды. Мы павінны вызваліць Артура. А Інсургента не чапай.

Аксана сцёбнула каня пужкай.

Ясь падняў Інсургента на вяроўцы, паказаў яму кулак і прамармытаў:

- Доўбень! Не разумееш, што кругом ворагі?

Воўк вінавата махнуў хвастом, міргнуў апуджанымі вочкамі, потым даверліва лізнуў Ясеву руку, маўляў, выбачай, братка, што я ў вашых людскіх справах разбіраюся?!


2. Наўкол вінаваты


Ні ўтапіць, ні задавіць вяроўчынай ваўка Ясь, зразумела, і не збіраўся. Ці можна пазбаўляць жывую істоту жыцця? Тым больш такую даверлівую. Пасля таго як расказаў Буевічу пра тое, што здарылася, стары пан адразу ж загарэўся застрэліць Інсургента. Вінаватага знайшоў! Ясь даў ходу, а дома замкнуў ваўка ў пуні, каб нідзе не бегаў.

Прайшло некалькі дзён. Ні просьбы Аксаны і пана аканома, ні захады бацькі Буевіча, каб вызваліць сына, не дапамаглі. Стары пан загуляў.

Артур тым часам сядзеў пад штыкамі расейскіх жаўнераў у камандзе ўнутранай аховы. За вязніцу быў усё той жа саляны склеп, толькі каля дзвярэй стаяла варта.

Урбановічы - і пан аканом, і Аксана, і нават старая цётка Ўрбановічыха, угаворвалі Фогеля. Нічога не выходзіла. Дабіліся толькі таго, што Фогель не спяшаўся адсылаць арыштанта ў Пінск, быццам вёў следства, допыты.

Ясь, каб нікому не мазоліць з ваўком вочы, хадзіў на балоты паляваць. Звычайна спачатку плыў на чоўне, потым скакаў з купіны на купіну, заходзіў у далёкія, глухія мясціны, дзе, здавалася, не ступала чалавечая нага. Качак тут было мора, і яны зусім не баяліся ні стрэлаў, ні выгляду чалавека. Хмарамі ўздымаліся, хмарамі і садзіліся назад. Гэта тыя, якія маглі лётаць. А колькі іх сядзела без пёраў па хмызах?! Якраз лінялі.

Інсургент, нібы адчуваючы за сабой віну, паказваў сябе спрытным і кемлівым памочнікам. Лепшай паляўнічай сабакі не прыдумаць! Нюх выключны, слых - пазайздросціць.

Як толькі Ясь ускідваў пістонаўку, воўк наструньваўся, каб кінуцца ў той бок, куды ён цэліў стрэльбай. Ведаў, што там абавязкова ў траве будзе акрываўленая здабыча. Праўда, Інсургент ніяк не мог прывыкнуць аддаваць качку цэлай - абавязкова адгрызаў галаву.

Аднойчы на сядзібе Кавальцоў з'явіўся стары Буевіч уласнаю персонай. Ён запатрабаваў аддаць яму Інсургента.

- Воўк здрадліва выдзер майго сына з воза гаршэчнікаў... Мушу паквітацца.

- Няма, пане Буевічу, - зманіў Ясь, адчуваючы, што ўсярэдзіне ўсё пахаладзела, бо Інсургент сядзеў з высалапленым ад гарачыні языком у бочцы ў пуні.

- Дзе ён? - глуха спытаўся пан.

- Я ж кажу, пане, няма, уцёк...

Буевіч цяжка злез з каня, прайшоўся па надворку.

- Цябе бачылі з ім на балотах. І не адзін раз. Ану адчыні пуню, - загадаў свайму чалавеку, які прыехаў з ім.

Пуню адчынілі. Буевіч зазірнуў усярэдзіну, пахадзіў па той пуні, убачыў бочку ў саломе, зазірнуў і ў бочку. Пастаяў, памацаў подсцілку, нечакана рэзка свіснуў. Цішыня.

- Твой воўк будзе застрэлены пры любых абставінах, - сказаў Буевіч, калі выйшаў з пуні. - Я з яго шкуру здзяру!

Убачыў старога Кавальца.

- Калі не выдасце мне ваўка, будзе яму кепска, - яшчэ больш глухім голасам прамовіў пан, тыцкаючы пальцам у Яся.

- Васпане, а пры чым тут Ясь?

- Навошта прыкарміў звера? Воўк і ёсць воўк...

- Злітуйцеся, паночку, - спалохана вымавіў стары Кавалец.

У бацьку накіпала злосць, але сварыцца з панам, тым болей з нейкім яшчэ сваяком не выпадала.

- Будзе так, як я сказаў, - прабурчэў Буевіч.

- Воля ваша, паночку. - Кавалец звыкла ўтупіў вочы ў зямлю.

- Га?! Паламайце граблі! Па лобе б'юцца... - невыразна прамармытаў Ясь.

І яго ятрыла несправядлівасць. Артур такую бучу ўскалаціў, мо і людзей забіваў, а тут вінаваты Інсургент. Крайняга знайшлі.

Пан рэзка абярнуўся.

- Што ты сказаў?

- Гладкай, пане, дарогі...

Буевіч чмыхнуў, тузануў каня. Чалавек дапамог узлезці яму ў сядло.

Як толькі пан паехаў, пайшлі шукаць Інсургента. Адчуваючы небяспеку, воўк пакінуў бочку і глыбока зашыўся ў салому. Ясь пагладзіў Інсургента па лбе.

- Ну, брат, уліплі мы з табой.

Юнак узяў паляўнічую кайстру, пашытую з ласінай шкуры, свае пістонаўку і крамзэлю - крамянёвую стрэльбу, набраў у кашэль хлеба, солі. Па ўсім было відаць, што сабраўся надалёка і надоўга.

- Ты куды, Ясю? - спалохана спытала маці.

- У свет. Далей ад людзей...

- Сынку... - падняла рукі маці. - У лесе поўна жаўнераў. Паўстанцаў шукаюць...

- Я не туды, - махнуў рукой Ясь у бок Калоднага. - Я... на Волхаўскія балоты...

- Глядзі толькі, каб не падстрэлілі і цябе, - прамовіў сваё слова стары Кавалец. - Пакажы, што ты ўзяў?

Ясь раскрыў кайстру. Бацька ўзяў шратоўню, зробленую з бараняга мяшэчка.

- Дзе кулі? Колькі ў цябе куляў?

- Усяго дзве, тата.

- Значыць, крамянёўку бярэш?

- Пістоны ненадзейныя, а я ў лес іду. З крамзэляй надзейней.

- Ты, Ясю, з бунтаўшчыкамі не звязвайся. Ну іх да халеры. Паловяць іх, як рудых мышэй. Яшчэ, сынку, у мяне да цябе просьба: перадай грошы Налёткавым. Збіраюць дачку ў Пецярбург.

У Яся соладка заныла сэрца. Падабаліся яму дзяўчаты аднадворца. Выбірай любую. А тут такая нагода сустрэцца. Асабліва панаравіў Марысю, старэйшую. Разумная, начытаная. Гэтулькі часопісаў прывезла з далёкай сталіцы.

Тое, што ўбачыў на сядзібе Налётак-Чарняўскіх, непрыемна ўразіла яго. Марыся стаяла на мосціку праз равок і нешта весела расказвала... жандарскаму капітану Фогелю.

«Фогель тут. Значыць, праўду людзі кажуць, што ён лёстачкі да яе падпускае... Вось гэта неспадзяванка...»

Ясь падышоў, прывітаўся. Фогель злёгку кіўнуў. Ясь перадаў Марысі ўвязаныя ў хустачку грошы. Дзяўчына ўзяла грошы, злёгку пачырванела. Пастаялі, пагаварылі. Ясь пажаліўся, што змушаны нейкі час жыць у лесе, бо пан Буевіч пагражаў застрэліць Інсургента. Гаварыў ён гэта з тым намерам, каб у будучым не выклікаць у жандарскага начальніка падазрэнняў.

- Навошта табе гэты воўк? - сказаў Фогель, узіраючыся ў Інсургента. - Гэта ж звер... Прагані яго.

- Загіне адзін, зацкуюць сабакамі.

- Выгадаваў на сваю галаву, - уздыхнула Марыся. - Колькі часу ты будзеш у лесе?

- Спадзяюся, ты не паспееш выйсці за каго-небудзь замуж! - пажартаваў юнак з намёкам у адрас Фогеля.

Той зразумеў, крыва пасміхнуўся.

- Замуж? - спачатку здзівілася Марыся. - Не збіраюся... - Потым таксама пажартавала: - Вось ты не ідзі ў лес ваўка пільнаваць, а бяры мяне замуж. Возьмеш?

Ясь збянтэжыўся:

- І вазьму... Але ж ты ў Пецярбург збіраешся.

Фогель, як пачуў гэтыя словы, трывожна зіркнуў на Марысю. Тут недзе пырхнуў конь. Павярнуліся, убачылі жандараў. Яны з'ехалі з дарогі, спыніліся каля маладых людзей, прывіталіся з дзяўчынай - паненка ўсё ж, а на Яся не звярнулі ўвагі.

Фогель жа нечакана глухім, нядобрым голасам сказаў:

- Прынясеш у мястэчка ўсю зброю, якую маеш...

- Прабачайце, васпане, - збянтэжыўся Ясь. - А есці што будзем?

- У цябе шмат стрэльбаў. Кажуць, нават і вайсковая ёсць...

- Крыху ёсць, - сумеўся юнак. - Гэтага дабра па лесе хапае.

- Дык ты збіраеш? А потым перадаеш мяцежнікам?

- Не, пане, што вы, - шчыра сказаў Ясь. - Я ў панскія гульні не гуляю.

У гэты час здарылася наступнае. Нечакана каля мосціка з'явіўся Інсургент. Быў недзе прапаў, а тут прыбег, падстаўляўся на вочы. Ясь глянуў на яго. Божачкі, малады воўк трымаў у пашчы... кацяня. Прыдушанае, яно яшчэ варушылася. Воўк з шчырым, даверлівым выглядам падаваў Ясю здабычу, чакаючы адабрэння, чакаючы, што яго пахваляць.

Марыся ўбачыла кацяня, закрычала:

- О, які жах! Гэта маё любімае!

Ясь вынуў з пашчы ваўка кацянё, пахукаў на яго, яно слаба піскнула. Фогель хацеў выцяць нагой ваўка, але Інсургент адскочыў. Тады жандар выхапіў з кабуры рэвальвер, узвёў курок, наставіў на Інсургента. Той прыціснуў вушы, адчайна скокнуў убок. Бахнуў стрэл! Інсургент скавытнуў, кінуўся праз равок прэч. Марыся пляснула рукамі і закрыла імі твар. Жандар хацеў стрэльнуць яшчэ раз, але Ясь падскочыў, тузануў яго за руку.

- Пане жандару, не чапайце. Гэта ж воўк, каты ў яго - хвароба...

- Хвароба? Якая дрэнь! - закрычаў Фогель. - Душыцель, драпежнік. Дажывешся, людзей пачне душыць... Адпусці руку, каму кажу! Не дакранайся да мяне...

- Паночку, не страляйце... Я з ім у лес, у лес пайду...

- Адыдзіся, кажу, - крычаў раз'юшаны Фогель.

Ясь адышоўся, збялелы, пакрыўджаны. Марыся, прыціскаючы прыдушанае кацянё да грудзей, пабегла дахаты.

- Ідзі адсюль, - пагрозліва прабурчэў жандар на Яся. - Ідзі, і каб больш я цябе тут не бачыў...

Фогель ненавідзеў у гэты момант самога сябе, што ўсё тут так здарылася. Ехаў сустрэцца з дзяўчынай, пагаварыць, неяк зачапіцца. І вось такое здарылася. Прыперла гэтага смаркача, ды яшчэ з ваўком!


3. Умець дараваць


Намер Яся падацца на Волхаўскія балоты губляў усялякі сэнс, бо належала шукаць Інсургента. Воўк пасля жандармавага стрэлу знік, і знік бясследна. Ясь абшукаў усё наваколле каля Налёткавай сядзібы, хадзіў усё шырэйшымі кругамі, баючыся натрапіць на ўтрупянелага чатырохлапага сябра. Потым шукаў па тых лясных сцежках, па якіх нядаўна блукалі разам з ваўком, клікаў, свістаў, нават браў вабу і падвываў, каб Інсургент адклікнуўся. Не, хмызнякі, чараты, дубнякі маўчалі.

Вяртаўся дахаты са спадзяваннем, што Інсургент, няхай паранены, падстрэлены, ужо вярнуўся, ляжыць у сваёй бочцы. Прыходзіў, зазіраў у бочку, але бочка была пустой.

Ноччу хлопец чуў, як нешта скрэблася ў сцены, мроілася сумнае скавытанне...

Аднойчы пані аканомава перадала, што хоча бачыцца з ім. Прыйшоў. Сказала, што ў маёнтку з птушніка прапаў улюбёнец пана Ўрбановіча - галандскі когут. Усе ўпэўненыя, што гэта - штукі ваўка. Пан аканом і Мондрык дзяжураць са стрэльбамі і сабакамі, мерацца застрэліць Інсургента.

Ясь не падаў выгляду, што абрадаваўся. Значыць, жывы, значыць, жандарава куля не дастала Інсургента.

- Уночы бегае вакол маёнтка, вые, скуголіць, просіцца да мяне. Адчувае, што яго могуць застрэліць... Забраў бы ты яго неяк, га?

- І што я з ім буду рабіць? - праказаў Ясь. - Ён - звер.

- Так, ён вырас, звярынае ў ім прачнулася. Але... - Аксана ўзрушана прыціснула рукі да грудзей. - Пазаўчора, калі месяц узышоў, прыбег пад самае акно, шкробся... Тут сабакі ляцяць, гляджу, а ён вялікі, і не баіцца сабак, спакойна гэтак уразвалачку патрусіў. Сабакі нават не гаўкаюць. Баялася, што муж яго застрэліць. Добра, што не прачнуўся гэтай ночы. Падыдзі вечарам, ён абавязкова прыбяжыць. Такое ўражанне, што гэта ніякі не воўк, а проста сабака.

Тым жа вечарам Аксана каля старых муроў падманіла Інсургента, начапіла на яго нашыйнік і спрабавала перадаць Ясю. Звер заўпіраўся, вырваўся з Аксаніных рук, адбегся. Памяць ягоная запомніла і дабро, і зло. Не хацеў скарыцца Ясю, не мог дараваць стрэл жандара.

- Інсургент, - злосна прашаптала аканомава, - ідзі да яго, - паказала на Яся. - Ён твой гаспадар. Ідзі...

Воўк апусціў галаву, нерашуча ступіў крок.

- Ідзі, ідзі, - ласкавей праказала Аксана.

Воўк стаў падыходзіць. І ўрэшце ўткнуўся мордай Ясю ў ступакі. У Яся быццам камень з сэрца зляцеў. Потым, днём, пры святле, Ясь агледзеў ваўка. Раны ад кулі, пушчанай з жандаравага рэвальвера, не было. Але вось пярэпалах застаўся.

- Ну, Інсургент, - уздыхнуў Ясь, - давядзецца нам зрабіцца запраўскімі звераловамі, як пішацца ў адной кніжцы, будзем тутэйшымі чырванаскурымі, як у Фенімора Купера. Эх, шкада, што ты не чытаеш... Умееш жа дараваць. Тут не кожны чалавек можа прабачыць, забыць крыўду...


4. Зноў інсурэкцыя?


Праз вёску ляцеў коннік: у высокіх ботах, з шабляй пры баку, на галаве ківер са зламаным плюмажам, пад локцем штандар невядомага войска...

Ляцеў і крычаў:

- Інсурэкцыя! Інсурэкцыя! Матко Ойчызна! За правы, за волю, людзі, - на інсурэкцыю!

Сяляне пазіралі ў акенцы, хрысціліся і шапталіся:

- А Божухна! Зноў старога Буевіча чэрці забралі.

Напраўду, гэта быў бацька забранага Артура Буевіча, пан Купрыян Буевіч. Адбыўся ў ягонай галаве зрух пасля таго, як сына забралі жандары. Спачатку Буевіч фанабэрыўся, памчаўся аж у губерню, да губернатара, а яго нават не пусцілі на парог там, у тым Менску, да ягонага сіяцельства. Пагражаў ехаць на Вільню, да самога Мураўёва, але прапіўся ў нейкай ракаўскай карчме. Мусіў вярнуцца. Добрыя людзі падказалі, што можна адкупіцца. Нават сказалі, колькі пойдзе на гэта грошай. Ды дзе Буевіч возьме тыя грошы, калі панава гаспадарка двойчы ці тройчы закладзеная. Хадзіў, казалі, да манкевіцкага аканома, а той не даў ні гроша. Буевіч, як звыкла, зачаркаваўся з горам-бядою, вось і стаў губляць апошнія глузды. Хапаўся за зброю, садзіўся на каня, аблётваў вёску з канца ў канец, потым, знясілены, вяртаўся. Штандар валачыўся па зямлі, галава апушчана. Праўда, сялян не турбаваў, нікому ні ліха, ні якой крыўды не чыніў, як не робяць гэтага бяскрыўдныя, ціхія вар'яты.

Але ў той дзень убачылі сяляне, што нешта не тое з панам адбываецца. Перад тым як пан загалёкаў па вёсцы, заўважылі сяляне, што ад дома Буевіча ў розныя бакі конна і скараходна разбегліся ганцы: да Бароўскіх, да Пратасавіцкіх, на дальнія двары-хутары да аднадворцаў, якія былі і сваякі і прыяцелі Буевіча. Ці не задумаў што пан больш сур'ёзнае, чым проста гарладзёрнае бушаванне? І насамсправе інсурэкцыя якая, ці што? Мо надумаў наляцець збройна на мястэчка, выдзерці з лапаў жандараў свайго сына? Тут ужо трымайся, глядзі, каб не сталі склікаць і саміх сялян у хеўру.

Так яно і адбылося: Буевіч пачаў выклікаць сялян з хатаў і казаць ісці на фальварак. З сабой браць сякеры і косы.

Пад абед з'явіліся паны - ваколічная шляхта: бацька і сын Вярэнічы, пан Некрашэвіч з тузінам дваровых, браты Вабішчэвічы, браты Апанасовічы, усе Бароўскія - дзядзькі з пляменнікамі, пан Казлякоўскі, Пратасавіцкія, Квяткоўскія, Налётка... Прыбыў нават здаля адзін з апошніх Палюховічаў, стары дзед Магнусь.

Пад'ехалі да маёнтка Буевіча, спешыліся, стаялі, нечага чакалі. Раптам загудзела ці то дуда, ці то рог. Усе абярнуліся, доўга прыглядаліся, адкуль ідзе гук, а потым пачалі смяяцца. З-за павароту паказаўся гарбаты конь, стары, як шкілет. На кані, у праржавелай кірасе, сядзеў пан Шаламіцкі. Пану Шаламіцкаму было мо пад дзевяноста гадоў. Пачуў, што шляхта ідзе на вайну, таму, згодна звычаёваму праву, і ён вылез. За старым панам ехаў на коніку ягоны палясоўшчык Ахрэм і дудзеў у паляўнічы рог.

- Эй, - закрычаў Шаламіцкі, - чаго, панове, сабраліся? Польшчу ці Расею ваяваці?! Ці між сабой біцца?

Зноў зарагаталі. Тут з дому паказаўся Буевіч. Паголены, у паляўнічым казакіне, шчытна аперазаны, пры шаблі, з дубальтоўкай. Яму падвялі каня. З непрывычнай для таўстуна жвавасцю ўзляцеў у сядло, крануў каня, пад'ехаў да шляхты.

- Панове, - сказаў нягучна. - Чаго я вас склікаў?! Вас, панове, чакае вельмі далікатная справа. Толькі, панове, entre nous - паміж намі. Вы, пэўна, памятаеце, як тры гады назад, калі яшчэ быў прыгон, Бог кінуў нам з неба нябесны камень, метэарыт*. Камень упаў у балота на памежнай грані між маёй зямлёй і зямлёй паважанага пана Дубойскага. Удакладняю - упаў у маё балота! Хлопы пана Дубойскага тады прыбралі гэты камень з балота і паклалі яго роўна на мяжу. Затым пан Дубойскі зацёг метэарыт у свае харомы, хваліўся ўсім, паказваў, сцвярджаючы, што камень упаў на ягонай зямлі. Але гэта не так, бо нябесны камень, або, як яшчэ кажуць, перуновік, упаў, паўтараю, у маё балота!

* Гутарка ідзе пра так званы Цменскі метэарыт. Упаў ён у жніўні 1858 года каля сяла Цмень (або Жмень) тадышняга Пінскага павета (цяпер в. Цмень Столінскага р-на). Кавалкі гэтага метэарыта захоўваюцца ў Венскім нацыянальным натуразнаўчым музеі, у калекцыі Расейскай акадэміі навук, у Амерыканскім музеі натуразнаўчай гісторыі.

Буевіч перавёў дых.

- Дык вось, панове, нядаўна прыязджалі запрошаныя панам Дубойскім вучоныя. Яны раскалолі метэарыт на дзве палавіны. Адну забралі ў Віленскі музеюм. Адпаведна, панове, другая палавіна засталася. Яна ляжыць у кабінеце пана Дубойскага...

І шляхта, і сяляне слухалі як зачараваныя. Зразумела, усе памяталі, як з грукатам і громам сярод яснага дня з чыстага неба ў балота ўпаў той нябесны камень. Гэтулькі пярэпалаху тады нарабілася! А потым той камень ляжаў сабе на мяжы, нікому не патрэбны. Да пары да часу.

- Панове, я лічу, панове, што тая палавіна метэарыта належыць мне. Па справядлівасці, панове.

І ўжо бочачку з гарэлкай насіў паміж паноў Цімох, наліваў, хто хацеў пачаставацца. За Цімохам хадзіла Хрысця са сподам, каб паны закусвалі.

- А што? Пан Дубойскі не аддае? - спытаўся стары Шаламіцкі.

- Я цаню высокія маральныя якасці свайго суседа, але сабраў вас, каб адбіць той камень, той пяруннік, у пана Дубойскага збройна, бо, зараза касмалобая, не аддае.

- Навошта, пане Буевіч, вам тая камянюка? - спытаўся пан Пратасавіцкі.

Ён пільна сачыў, як Цімох абходзіць шляхту - спачатку да больш паважаных, потым - да меней. Пратасавіцкаму выпадала частавацца апошняму. Гэта яго, зразумела, крыўдзіла, але што паробіш?

- Сапраўды, - падтакнуў пан Кудліцкі, - думаю галавой, а на халеру вам той камень?

Кудліцкі таксама сачыў на Цімохам. Яго цікавіла адна думка - да каго першым прыйдзе прыслугач - да яго ці да пана Пратасавіцкага.

- Кажуць, што пану Дубойскаму за тую палавіну заплацілі немалыя грошы, - сказаў на гэта Налётка-Чарняўскі.

- Іменна так, - кіўнуў галавой Буевіч. - У Віленскім музеюме камень паказваюць за грошы... Але грошы тут ні пры чым. Гонар, панове, у першую чаргу.

- А ці не прасцей дамовіцца? - паныла спытаў пан Вабішчэвіч.

Аксаніна вяселле ў свой час абабрала яго да ніткі, і ён вінен усім, у тым ліку і Буевічу, і ніяк не мог разлічыцца з даўгамі, хоць ты чорту душу аддавай у заклад.

- Як можна дамовіцца з шайтанам? - абурыўся Буевіч. - Спрабавалі... Нават ваш зяць, пане Вабішчэвіч, манкевіцкі аканом, шаноўны пан Ежы Ўрбановіч, хадзіў да Дубойскага. Прасіў толькі палавіну грошай, якія Дубойскі выручыў за кавалак таго метэарыта. І нічога не выпрасіў.

- Во, жыла, сквапень! - абрадавана казаў пан Пратасавіцкі - да яго нарэшце падышоў Цімох.

- Так што, панове, думаю, наезд непазбежны.

- Непазбежны! - закрычала-загула шляхта, бо пяршак-гарэлка адразу біла ў галаву.

- Зразумела, яшчэ будуць ужыты ўсе сродкі, панове, - казаў далей Буевіч, - каб пазбегнуць... кровапраліцця, але, думаю, не такі пан Дубойскі чалавек, каб аддаваць проста так тое, што прыгрэблі ягоныя, выбачайце, граблі.

- Так, так, - загудзела шляхта.

- Пан Дубойскі змоладу не быў раскідакаю, - сказаў Вабішчэвіч, - і рабіўся з часам усё прыжымісцей ды прыжымісцей, а пад старасць грош не пазычыць...

- Неба паслала нам падарунак, дык то яму адному? - нагнятаў жарсць Буевіч. - Але не гэтае самае крыўднае, панове. Мне расказвалі, панове, што на шыльдачцы ў тым музеюме пазначана - метэарыт з зямлі пана Дубойскага.

- Дык ён і гонар увесь прыбраў сабе? - закрычала шляхта. - Можа, панове, выстарчыць нам балбатаць, пап'ём якога квасу ды паедзем.

- Квас будзе, - адазваўся Буевіч. - Будзе і да квасу. Рушма!

Ён ударыў нагамі ў бокі каня, пусціў вуздэчку. Шляхта палезла на свае коні, трухам прыстроілася за Буевічам.

Некаторы час ехалі моўчкі. На раздарожжах да шляхты далучаліся мужыкі. З доўбнямі, з кіямі.

- Эйш, - сказаў Казлякоўскі, таўсцюрны пан з круглай, як рэпа, галавой. - Памятаеце, як дубойскія і вулька-арыянскія мужыкі за Церахоўскія лужкі біліся? То, панове, выбачайце, з сякерамі адзін на аднаго наскоквалі. А як за панскае біцца, то, выбачайце, з кіямі ідуць.

- Брыдоцце тыя лужкі. Як залье, то нічога не вырасце, а, бывае, засушыць, то косіш, косіш, а з гулу накосіш. Раз у тры гады трава, - стаў гаварыць Налётка-Чарняўскі. - От як гэтым годам. Косіш-косіш, а як высахне - грабці няма чаго. Мая пані сама і зграбе.

- Ты там косіш? - спытаўся Казлякоўскі.

- А дзе ж мне касіць, панове, - адказаў Налётка-Чарняўскі. - Яны, браткі вы мае, нічыйныя, тыя Церахоўскія лужкі. Нават не казённыя! Бо казна лапу на добрае што налажыла, а дрэнь усялякая, выбачайце, на халеру казне, праўда?!

Выехалі на мяжу. Там стаялі коннікі: Бут-Гусаім, Бурда... Плойма паноў Пратасавіцкіх, за імі - усе тутэйшыя Ліпскія. Гэта была партыя пана Дубойскага.

- От род, дык род, гэтыя Пратасавіцкія. Як уюноў, - сказаў Налётка-Чарняўскі. - Так шмат, што адныя Пратасавіцкія за Буевіча, іншыя - за Дубойскага. Адныя - каталікі, другія - праваслаўныя, а трэція ўвогуле ў Бога не вераць, а карчам пакланяюцца... Гэй! Галота, скажыце вашаму пану, што ён злодзей!

- Ты сам злодзей. Пабірушка! Маскаль зубаты, - пачулася ў адказ.

- Палякі надзьмутыя! - выкрыкнуў Кудліцкі. - Аддайце перуновік ды паедзем да Бэрка піва піць...

- Грэц вам! Тут вам не Масковія якая! Тут Эўропа! - закрычаў пан Ліпскі, які гарцаваў на дэрашаватай кабылцы. - Сваволя не пройдзе... Бачыш, сілай хочуць адабраць, маскалі праклятыя... Тут вам і цар ваш не паможа!

- Ён такі наш, як і ваш... Вязіце камень па-добраму! Ён на мяжу, на грань упаў!

- Не аддадзім перуновік! - закрычаў адзін з паноў Пратасавіцкіх - Ян Ксаверы. Быў гарачы і такі свавольны, што на яго, як казалі сяляне, нават не сядалі мухі. - Тут ніякай няма мяжы. Недалёка гарадзішча, дзе трыста гадоў жылі Пратасавіцкія, а таму камень, уласна, належыць роду Пратасавіцкіх...

- Трыста трасцаў тут вы жылі... Тут усе жылі... Колісь, да трыццатага году, як расейцы выпалілі Церахоўскі бор, выкурваючы закалотчыкаў... - закрычаў у сваю чаргу і Налётка-Чарняўскі. - Давайце камень дзяліць. Расколем і палавіну пану Дубойскаму, палавіну - пану Буевічу.

Стаялі, перакрыкваліся, перагукваліся, быццам нечага чакаючы. І тут убачылі, што па дарозе, якая ішла па мяжы зямлі пана Дубойскага і пана Буевіча, з'явіліся коннікі. Шляхта пастаяла, пачакала, калі коннікі, а з імі нейкія вазы пад'едуць бліжэй. Урэшце ўгледзелі, што гэта былі конныя жандары. Яны суправаджалі вазок, у якім сядзела некалькі чалавек.

- Ого, пан Налётка! - крыкнуў нехта з партыі пана Дубойскага. - Зяцёк твой пхаецца.

- Які ён мне зяць, - абурыўся Налётка. - Мая Марыся яму гатова ў любы момант гарбуз вынесці.

Налётка-Чарняўскі казаў няшчыра - яго цешыла, што да ягонай дачкі падбівае лёстачкі начальнік жандараў. Праўда, з гэтага падбівання нічога не выходзіла, Марысю нельга прымусіць быць ласкавейшай - замуства ў яе планы пакуль не ўваходзіла.

Капітан Фогель таксама ўбачыў збройную шляхту, раздзеленую дарогай, натоўпы мужыкоў з аднаго боку мяжы і з другога. Падшпорыў каня, пад'ехаў да партыі Буевіча.

- Што за маніфестацыя? - спытаў. - Навошта зборня?

- Я і спраўніку скардзіўся, і ў вас, пане капітан, прасіў разабрацца як след з маёй скаргай на пана Дубойскага.

- На гэта ёсць суд, пане Буевічу. Суд вырашае. Я гэтым не займаюся... Тут цывільная справа...

- Калі не вы, то мы, згодна звычаёвага права, самі разбярэмся... - У голасе Буевіча прагучэла рашучасць.

- Якое звычаёвае права! - абурыўся жандар. - Калі што здарыцца, будзеце адказваць па ўсёй строгасці ваеннага часу.

- Якога ваеннага? - здзівіўся Буевіч. - Хто з кім ваюе?

- Не прыкідвайцеся, пане Буевічу, дурнем, прашу мяне выбачыць за рэзкае слова. Каб на маім месцы быў больш строгі, больш няродны гэтай зямлі чалавек, я загадаў бы жаўнерам даць залп і расчысціць дарогу.

- А вы паспрабуйце даць залп! - чамусьці ўхмыльнуўся Буевіч. - Паглядзім, што з гэтага выйдзе. Зрэшты, дарога свабодная - едзьце сабе. Вы рабіце сваю работу, а мы будзем рабіць сваю. Не ўмешвайцеся, не ўлазьце.


5. Гуртом і бацьку добра біць


Фогель не ўбачыў, як Буевіч даў знак сваім рушыць на шляхту Дубойскага. Тым часам вазы з асуджанымі ўцягваліся паміж двума коннымі атрадамі шляхты. Сяляне, падбухтораныя сваёй шляхтай, зараўлі, паднялі кіі і, мякка тэпаючы лапцямі па зямлі, кінуліся на такіх, як самі, сялян, толькі належных іншай шляхце. Тыя сяляне таксама ўсхваляваліся, закрычалі і таксама пабеглі ў наступ.

- Спыніце іх, - закрычаў Фогель. - Зараз жа спыніце!

Конь пад ім круціўся, узбуджаны крыкамі і гвалтам. Жандар выхапіў рэвальвер, даў стрэл у паветра. І гэта быў знак атакі ўсутыч.

- Як ты іх спыніш?! Гэта віхура! - крыкнуў Буевіч, падняў плётку. - Выбачайце, пане афіцэр, у нас свае парадкі. Гэй, шляхта, рушма!

Ягоны конь скокнуў, як сабака, з месца. Шляхта зараўла, загігікала, ірванула з месца. Нечы конь апудзіўся, сядок паляцеў старчма.

- Я буду страляць! Я вас арыштую! - ашалела закрычаў Фогель.

Ён размахваў рэвальверам, але было позна - шыхты проціборцаў сышліся. Застукалі, заляскалі ўжо разам з кіямі і шаблі. Шляхта з жарсцю фехтавала; хто быў спрытнейшы, лупіў супраціўніка плазам. Сяляне сцягвалі вершнікаў з коней, адбіралі шаблі. І так выйшла, што вазкі з арыштантамі апынуліся пасярод бойкі, у самай яе гушчыні. А тут яшчэ зусім нечакана пачалася страляніна, усё больш угору. Паваліў дым. Залёталі ў паветры ахлапкі ад набояў. Фогель вачэй не спускаў з арыштантаў - там жа сядзеў сам Артур Буевіч. І тут капітан адчуў, што нечыя дужыя рукі ўхапілі яго ззаду, звалаклі з каня. Глянуў - барадатыя, касматыя, як дзікуны, людзі накінуліся на яго, адабралі рэвальвер, сталі круціць, вязаць рукі, насоўваць на галаву мех. Спрабаваў бараніцца, дык атрымаў такога грымака ў спіну, што ажно ў носе зашчыпала. Нейкі час яго трымалі, потым, звязанага, кінулі. Круціўся на зямлі, поўзаў на каленях, спрабуючы скінуць з галавы смярдзючы мех. Як скінуў - убачыў, што ягоныя падначаленыя люта сякуцца плёткамі з сялянамі, якія насядаюць на іх з косамі і віламі.

- Перамога! - крычалі адны.

- Наша ўзяла! - крычалі другія.

- Усё, кідай дрыны, замірэнне! Замірэнне, - прагучэлі крыкі. - Пан Дубойскі аддае перуновік, аддае! Гэй! Хто там яшчэ дубасіцца?!

Фогель стаў развязвацца, вызваляцца ад вяровак, азірнуўся, аж вазкі - і адзін, і другі, і трэці - пустыя. Некалькі жаўнераў ляжалі, яшчэ аблытаныя вяроўкамі, некаторыя ўжо разблыталіся. Спешаныя жандары бегалі за сваімі коньмі, разганяючы плёткамі сялян, а тыя ўжо і не таўклі адзін аднаго, не насядалі на жандараў, разбягаліся хто куды; хто ўцякаў дахаты, смялейшыя стаялі купамі, глядзелі, як пан Дубойскі абдымаецца з панам Буевічам.

Адзін з Пратасавіцкіх скінуўся з каня і ад радасці пусціўся ўпрысядкі.

- Замірэнне! Згода!

- Стаўлю бочку піва! - закрычаў пан Дубойскі.

- Дзве бочкі піва! - раўнуў пан Буевіч. - Гэй, шляхта, да Бэрка, конна, рушма! Мужыкі - следам! Дармавое саладчэй заробленага!

Фогель кінуўся да фурманак. Ён даўно зразумеў, што да чаго. Тут і дурань зразумее. Сярод арыштантаў не было Артура Буевіча.

Ад злосці стаў біць аднаго з жаўнераў па твары.

- Каго запомнілі? Хто быў? Чаму не стралялі?!

- Пане афіцэр, каго тут запомніш, калі іх гэткая процьма?! У каго страляць? Каманды не было... - адказваў жаўнер, закрываючыся рукамі.

- Куды ўцяклі?

- Туды ўцяклі. - Жаўнер паказаў рукой у бок лесу.

- Хто? У твар запомніў? - роў Фогель.

- Калматыя ўсе, ваша благароддзе, як чэрці!

- Напраўдачкі, як чэрці!

Пускацца ў пагоню было і позна, ды і небяспечна. Але Фогель злавіў свайго каня, узляцеў у сядло, кінуўся наўскапыты да лесу. Потым да яго далучыліся іншыя жандары. Паехалі да лесу, але так нікога і не ўбачылі. Пры лесе - вёсачка. Пад'ехалі, паглядзелі на дарогу - нават слядоў не відаць. Як скрозь зямлю праваліліся. Яно і зразумела - лес вакол. За вёскай, на ўзлеску, царква. Невялікая, капліца, а не царква. Адтуль насустрач селянін прастуе, зняўшы шапку.

Фогель ведаў селяніна. Як не ведаць Максіма Дзеркача! Вось ён паслужліва падбег да стрэмені, прашаптаў:

- Трое... На конях... Вунь туды, па той сцежцы... У лес вядзе... Але, ваша сіяцельства, - селянін зрабіў змоўніцкі выгляд. - Тут на брычцы спраўнік надоечы ездзіў... Ці, паночку, не з імі ён у хаўрусе?

- Не тваё, хлопе, дзела! - замахнуўся на яго капітанскі жандар.

У лес ён не паехаў. У гушчары гэтак лёгка злавіць кулю.


6. Карчма на Пінскім тракце


Калі паважаны чытач лічыць вышэйапісаныя падзеі неверагоднымі, ён не памыляецца. Усе сумненні, што гэта прыдумкі, нацяжкі, незацугляная фантазія аўтара, - абсалютна правільныя. Так не было і не магло быць. Усё было зусім па-іншаму.

Стары пан Буевіч, як дачуўся пра арышт сына, перастаў і кроплю браць. Кінуўся шукаць грошы і сувязі. Напісаў не адзін дзесятак лістоў і прашэнняў. Знайшліся і грошы, знайшліся і сувязі. У Менску яго ў губернатарскі дом напраўду і на парог не пусцілі, але толькі каб пазбегнуць кампраметацыі. Пра карчму ў Ракаве Буевіч сам пусціў чутку. А раптам хто стане вышукваць - было гэтулькі грошай і зніклі. Куды?

Далей. Можа, спраўнік і хацеў атрымаць куку ў руку за Буевічавага сына. І пэўна хацеў. І намёкі рабіў. Але ў ягонай кампетэнцыі было толькі следства, пошук таго самага corpus habeat, гэта значыць складу злачынства, ад якога залежала мера пакарання: вісельня, Сібір ці высылка. Ужо адно тое, што справу Артура Буевіча выдзелілі асобна ад іншых спраў і не перадалі ў ваенна-палявы суд, каштавала неверагодных высілкаў.

Карацей, спраўнік здзівіўся, калі давераныя асобы перадалі яму неафіцыйнае пажаданне вышэйшага начальства: як мага мякчэй абысціся з арыштаваным мяцежнікам па прозвішчу Буевіч - аж да вызвалення яго з-пад варты.

Спраўнік яшчэ болей быў здзіўлены, калі капітан жандармерыі Фогель прызнаўся, што і яму паступіла «негласное указание» як-небудзь вызваліць з-пад следства былога «тутошнего предводителя банды мятежников». Адкуль такія заступнікі? У якія негацыяцыі кінуўся стары Буевіч, каб сабраць грошы і так спрытна падмазаць губернскае чынавенства?

Тлумачэнняў гэтаму не знаходзілася. Але пажаданні начальства належала выконваць. Вось і заселі спраўнік і капітан Фогель у карчме на Пінскім тракце пісаць паперы пра ўцёкі арыштанта. Перад гэтым аб'ехалі ўжо вядомае чытачу поле і ўявілі, як магло здарыцца, што арыштаваны Буевіч выкарыстаў сумятню падчас цывільнай бойкі і бясследна знік.

Рэч была ў тым, што бойка паміж партыямі Буевіча і Дубойскага за метэарыт сапраўды, як кажуць, мела месца. Але гэта даўно было, і судовая справа пакрылася пылам, прыкрытая з-за палюбоўнага замірэння. Спраўнік выцягнуў гэтую справу, атрос яе ад пылу і на ўсялякі выпадак насачыняў розных пратаколаў заднім чыслом. Ды такім чынам, быццам усё адбывалася толькі што.

- Уга, спадар капітан, - казаў ён. - Хабар і жанчыны - вось два асноўныя рухавікі гісторыі. Менавіта яны стымулююць развіццё чалавецтва.

У карчме было поўна людзей, у асноўным той самай шляхты, якая і ўдзельнічала ў «апошнім наездзе». Шляхцюкі падпісвалі адрас расейскаму імператару ў вернападданстве: ездзілі дэлегацыямі па фальварках, не прамінаючы ніводнай карчмы на дарогах.

У гэтай карчме за колца, ушрубаванае ў сцяну, быў прывязаны аблезлы мядзведзь. Яго кармілі размочаным у гарэлцы хлебам, і ён качаўся па падлозе, чым і цешыў публіку. Тут і там чуліся шчырыя гутаркі.

- Што, зноў Бэрку шаблю ў заклад аддасі, пане дабрадзею? - казаў пан Пратасавіцкі, звяртаючыся да Налёткі-Чарняўскага.

Паны зарагаталі. Калі Налётка хацеў выпіць, а пані Чарняўская не давала дома гарэлкі, ехаў з шабляй да Бэрка. Потым жонка выкупляла тую шаблю.

- Ты сваю аддай, - прабурчэў Налётка. - Твая са смарагдам, хто не ведае тваёй шаблі?! За яе Бэрка вядро гарэлкі паставіць... За маю мала дае...

- Маёй шабляй таргавіцкія канфедэраты бітыя былі яшчэ за Кацярынай. Касцюшка...

- Цыц! Пра Касцюшку не ўспамінаць... Глядзі, Фогель вухі наставіў...

Фогель адвярнуўся.

Ад іншага стала данеслася:

- Які ён маскаль! Наш, недзе з-пад Магілева...

- Вядома, пасада... Цар добра плаціць за пасаду. Гэтага не адабраць.

- Параненых хавалі, хто куды прыдумае, бо жандары шукалі. Валасевіч, каб яму праз рэбры козы траву скублі, хадзіў і паказваў, дзе ў каго паранены хаваецца... А свой жа чалавек... Са шляхты, ягоная сястра ў Пінску за каталіка выйшла... Нічога, трэцяе дзіця нарадзіла.

- Кажуць, новая каманда прыйшла... З сабакамі стануць шукаць...

Шляхта п'янела на вачах. Вунь ужо і абдымаюцца, цалуюцца, шапкамі сталі мяняцца.

«Божа мой лістасцівы, - падумаў Фогель. - У якім я стагоддзі? У свеце будуюцца чыгункі, праводзяцца тэлеграфы, а тут, пасярод гэтых балотных пустак, жыццё адстала на сто, ды дзе там, на дзвесце гадоў... Нашто Расеі гэтыя жывыя выкапні? Пра іх жа камедыю пісаць можна...»

- Напішу, што вас з каня сцягнулі? - падняў галаву спраўнік. - Сцягнулі і абяззброілі...

- Пішыце, што хочаце... - адмахнуўся Фогель, выпіў кілішак смярдзючай гарэлкі, захрумстаў гурком.

«А мо падысці да пана Налёткі і папрасіць рукі ягонай дачкі? - узнікла ў капітана зманлівая думка. - Пад чаркай згодзіцца...»

Фогель падняўся, злавіў позірк Налёткі. Той падміргнуў яму.

«Не, рана яшчэ... - варухнулася думка. - А раптам Марыся занатурыцца і не згодзіцца?»

Не пайшоў да шляхціца, падаўся да дзвярэй. Спраўнік увішна перапісваў паперы і нават не падняў галавы, не паглядзеў услед.

На ганку Фогель сутыкнуўся з чалавекам. Нізенькі, плюгавы, ён адразу сарваў шапку, паказваючы вузкі, як у малпы, лоб, хацеў шмыгнуць пад руку, але Фогель цопнуў селяніна за плячо.

- Куды? Чый ты? - спытаўся, пацяшаючыся, што наганяе на селяніна такі страх.

- Паночку, - узмаліўся селянін, - вінаваты, прапіць хацеў не сваё... Чужое...

У працягнутай нямытай руцэ Фогель убачыў медальёнчык на ланцужку.

- Аддаць хацеў, ды саромеўся, паночку... Злітуйцеся...

- Чыё гэта?

- Паніча Артура, арыштаваны ён... Злітуйцеся, паночку...

Фогель, не адпускаючы селяніна, каб не ўцёк, расчыніў вечка медальёна. Усярэдзіне - партрэцік жанчыны.

- Гэта хто?

- Матка ягоная... Нябожчыца жонка васпана Буевіча.

«Добры падарунак маладому Буевічу на развітанне... - падумаў Фогель. - Праз Марысю перадам, ласкавейшая будзе...»

Жандарскі афіцэр адпусціў небараку, пакапаўся ў кішэні:

- На, вазьмі на кручок. Слухай, кажуць, ты ведаеш месца, дзе ў Графскай пушчы звяры збіраюцца. Не пакажаш?

- О не, паночку, не ведаю. Далібог, не ведаю. Грэшны стаў, а грэшнаму не дадзена. Нікому не дадзена, а як пасвяцеюць людзі, то і адкрыецца месца, а пакуль, паночку, грашаць, то закрытае гэта месца, не відаць і знаку... - забалбатаў селянін, абрадаваны, што яго не толькі не б'юць за крадзеж, прысваенне чужога, але яшчэ і капейчыну на гарэлку далі. - Я, паночку, і хацеў бы ўбачыць, і шукаў, ды заблудзіўся. Ледзь не прапаў...

- Ідзі, - махнуў рукой Фогель. - Ідзі і больш не крадзі.


7. Дурны сон аканома


Пан Ежы паціраў рукі - эканомія квітнела. З інсурэкцыяй таксама выйшла гладка. Напачатку пабыў сярод завадатараў, потым - адышоў, адстаў, заняў месца нейтральнай апазіцыі. Дзякуй спраўніку, не выдаў. Цяпер галоўнае - быць заадно з уладай. Надышоў час праявіць сябе. З Аксанай таксама няма асаблівых клопатаў - штодня пераконваў, што лепей, зручней, выгадней жыць ціха-мірна, бо глядзі сама, як усё абярнулася з гэтым паўстаннем. Нічога, акрамя крыві, Сібіры, разарэння цэлых родаў. Хочуць палякі - няхай бунтуюцца. Аксана хадзіла засмучоная, але разумела ўсё, бачыла і паспакайнела. Асабліва пасля таго, як разабраўся з гэтым Артурам. Лічы - выкупіў. Няхай нават стары Буевіч грошы і не верне - а што не верне, аканом не сумняваўся, - усё роўна ёсць выгада толькі ад таго, што гэтага бунтача няма тут. Няхай едзе хоць куды - у Варшаву, у Парыж. А па гэтай зямлі будзе хадзіць разам з Аксанкай ён - пан Ежы Ўрбановіч.

Праўда, пан Урбановіч разумеў, што служыць, як кажуць, і вашым, і нашым, не зусім добра. Яму абрыдла выкручвацца, маніць, падстройвацца то да адных, то да другіх. Але ўсё ягонае жыццё было такое. Мусіў быць слізкім, як лін, іначай даўно прапаў бы. Не, яшчэ не было доўгачаканага спакою ў ягоным жыцці... І сны нейкія дурныя, дзіўныя стаў сніць. І ўсё д'ябла гэтага шэрага сніў, Інсургента. То сасніў, як на паляванні дзік напаў. Ухапіў за нагу, звалок з каня пад куст... Ляжаў пад кустом, а яго не маглі адшукаць. Крычаў, але крыку не было. Конь прыбег у стайню. І тады Інсургент па конскім следзе дапяў да яго, прывёў людзей.

Цётка Цэцыля патлумачыла, што гэта добры сон, бо не было крыві. Крыві ў сне сапраўды не бачыў.

Потым навязліва сніў натоўп хораша апранутых людзей. Нейкія чыноўнікі ў сурдутах, афіцэры пры парадзе, шмат пань і паненак у раскошных уборах. Вакол - сосны з чырвонай карой, нейкі звярынец. У звярынцы каля клеткі з таблічкай: «Lupus vulgaris» - купка паненак. У клетцы, каля задняй сценкі, - воўк. Ляжаў галавой на тоўстых лапах і не звяртаў увагі ні на людзей, ні нават на муху, якая поўзала па носе. Здавалася, што за жалезнымі прэнтамі быў не ён, а людзі, увесь свет. Погляд меў адсутны, без жыцця. І быццам ён, пан Ежы Ўрбановіч, у парадным мундуры, з нейкім бліскучым ордэнам на стужачцы, падыходзіць да той клеткі, прасоўвае руку праз прэнты і гладзіць ваўка па галаве. А людзі наўкола дзівуюцца ягонай смеласці...

Што гэты сон значыў, пан Урбановіч ніяк не разумеў. Жыццё ішло сваім ходам, праз Манкевічы і мястэчка праходзілі рэгулярныя вайсковыя часткі, у госці завітвалі расейскія афіцэры, якія гаварылі па-французску, добра ігралі на гітары і выдатна - у карты. Потым наступілі нудныя асеннія дні, з'яўляліся ўсё новыя і новыя гаспадарчыя клопаты, і нехарошыя сны адышлі, забыліся.

Былі і добрыя навіны. Жандарскі афіцэр Фогель сватаўся да Марысі, дачкі Налёткі-Чарняўскага, і атрымаў згоду. Таксама і Мондрык заручыўся з Ганнай.

Часам, каб развеяцца, аканом прагульваўся на свежым паветры. Асабліва любіў хадзіць па пустым парку, у якім зелянелі яліны. Дубы стаялі ў шэра-жоўтых апранахах, падрыхтаваныя да зімовага сну. Клёны, грабы і вязы распрасціралі свае голыя галіны ў неба. Парк падчышчаны, ружы ў кветніках абкладзены гноем. Бярозавае і кляновае лісце чысценька падгрэблена ў гурбы.

«Так і ў жыцці мусіць быць усё чысценька, падмецена, правільна, - думаў аканом. - Усё на сваіх месцах, да ладу... Любыя рэзкія рухі прыводзяць да беспарадку... Рэвалюцыя, бунт ёсць зменлівая форма хаосу... Эт, глупства. Толькі б здароўе. А то нешта Аксанцы ўсё нездаровіцца...»

Аблушчаныя гіпсавыя і алебастравыя фігуры аголеных наядаў, русалак, рымскіх і грэцкіх міфалагічных персанажаў, здавалася, мерзлі ад дабраватай золі. Хацелася зняць сурдут і накінуць якой бязрукай Венеры на алебастравыя плечы.

Праз некалькі дзён мароз укаваў зямлю, а снегу не было. Пазамярзалі лужыны, сажалкі, раўкі. Аксана выходзіла на сажалку, на якой усё яшчэ заставаліся лебедзі. На лёдзе вялізныя птушкі выглядалі няўклюднымі, хадзілі па лёдзе, спрабавалі яго дзяўбці, глядзелі пад лапы, не разумелі, чаму вада раптам скамянела.

Лёд празрысціўся, промні сонца асвятлялі дно, рэшткі водарасцяў, таямнічых рыбаў. У бацькі на сядзібе таксама была сажалка, у якой трымаў рыбу. Зрэшты, у кожнага з шляхты была свая такая сажалка. Рэдка, але бывала, замярзалі менавіта вось так, калі лёд быў празрысты, без снегу. І тады якая раскоша глядзець на шчупакоў, карасёў або на таўсталобых, з бурачковымі колцамі-абадкамі вачэй чырвона-мядзяных лінёў. Шляхта лічыла, што лінь самая смачная рыба - без тлушчу смажыцца.

І ў гэтай паркавай сажалцы пад лёдам плавалі важныя ліні, хітрыя шчупакі, драбнейшыя і шустрэйшыя акунькі. Усё відаць было, як у акварыуме. Лебедзі тапталіся па лёдзе, падбіралі кавалачкі хлеба, якія кідала ім Аксана.

Прыйшоў Урбановіч, спытаўся пра здароўе, паглядзеў на лёд, на лебедзяў, сказаў, што належыць распарадзіцца высечы палонку, а каля палонкі паставіць карытца з кормам.

Аксана маўчала. Люты холад няволі скаваў край, лёд нядолі. Хто, калі і як высеча ў гэтым лёдзе палонку, растопіць, знішчыць гэты лёд?! Каб была свабода, воля... Знойдуцца людзі, прыйдзе час. Але заўсёды будуць і такія, як яе муж. З тых, хто ведаюць, дзе і калі самы час паставіць карытца...

- Фогель падаў у адстаўку, - раптам сказала яна мужу.

- Вось як! - ажывіўся аканом. - І дарэмна, любачка. За што яны жыць будуць?

- Марыся паставіла такую ўмову... - адказала на гэта Аксана. - Я б таксама не хацела мець мужа-жандара.

Аканом зразумеў намёк.

- Ну, раз гэтак, дык і добра... Маладыя, што-небудзь прыдумаюць, з чаго жыць. Але ўсё роўна неразумна...

- Неразумна лавіць няшчасных, рэзаць, секчы, біць бізунамі, страляць у равах, вешаць на грушах, цэлымі сем'ямі ссылаць у Сібір толькі за тое, што не хочуць жыць пад расейскім арлом, у вэрхале хлестакоўшчыны! - запальчыва ўсклікнула жонка.

Апуджаныя яе голасам, лебедзі замахалі крыламі, разагналіся па лёдзе, пры гэтым смешна коўзаючыся і падаючы белымі грудзінамі на лёд, паляцелі на раку, на балоты і гэтак пару разоў крыкнулі трубна, пранізліва, што ад шчымлівага болю сціснулася сэрца. Вось яны завярнуліся, нібы зрабіць развітальны круг над паркам. Паляцелі над шапаткімі вершалінамі дубоў з засушаным лісцем на галінах, вось звярнулі зноў на раку, закалываліся над прасторай халоднай ракі, якую мароз не здолеў скаваць...

- Паглядзі, якое неба - сінюткае, чыстае, - сказаў пан Ежы. - Пайду клікну людзей з сякерамі... А лебедзям карытца паставім, любачка, і распаранага зерня насыплем...

«Лебедзям... карыта?!» - падумала Аксана і злавіла сябе на гэтай думцы. Так, жыццё было грубым, нізкім; з карытамі, крывёю, здрадай, падлегласцю. Няўжо няма нічога іншага, як змірыцца з такім жыццём, жыць, проста жыць?


Заміж пасляслоўя


І вось, праз паўгода пані Цэцыля Ўрбановіч з Буевічавым Стасікам, пан аканом з жонкай Аксанай апынуліся ў Друскеніках. Добра ім было: ніхто не ведаў іх, лячыся сабе вадой, адпачывай, дзівіся выгодам, якія тут пароблены дзеля курортнікаў.

Кожную раніцу хадзілі піць тую ваду. Аднаго разу пан аканом і Стасік пайшлі глядзець, як кормяць драпежнікаў: рысяў, мядзведзяў, ваўкоў. Ваўкоў было некалькі. Звярнулі ўвагу на ваўка, які, як казалі, з'явіўся ў звярынцы нядаўна. Не надта вялікі, сухарэбры, адно званне, што воўк. Яго прывезлі аднекуль з глыбіні краю, з поўдня. Казалі, воўк прыручаны, але шмат рабіў шкоды, таму запраторылі ў клетку.

- Ваўчыца, паводле чэчэнскага падання, уратавала дзяцей ад буры... - балбатаў Стасік. - Расея заваявала Каўказ... Як і нашу радзіму... Волю забралі, незалежнасць... Так, грамадзянкі?

Зваротак «грамадзянкі» ўзварухне сэрца любой дзяўчыны. Гэтак жа звярталіся адзін да аднаго паўстанцы...

- Стасю, ці варта гэтак казаць? - зрабіў заўвагу аканом.

Напраўду, час гаварыць пра радзіму, пра вольнасць неспрыяльны. Толькі што прыдушана паўстанне, вясной недзе ў віленскіх мурах павешаны Каліноўскі, сотні, калі не тысячы расстраляны, адпраўлены ў Сібір, пазбаўлены маёмасці, правоў шляхецтва, а Стасік распускае язык, каб заваяваць прыхільнасць дэвотак, у якіх невядома што ў галаве. А раптам каторая з іх - дачка дзяржаўнага службістага.

Стасік паслухмяна змоўк, стаў глядзець на звера.

Воўк у клетцы падняўся, не паварочваючы галавы, усім тулавам павярнуўся да паненак. Ноздры яго варухнуліся, ён пацягнуў да сябе паветра.

І раптам пан аканом збянтэжыўся. Яму падалося, што воўк у клетцы - той самы, якога восенню назад аддалі фактару Ёселю. Ды яшчэ трыма рублямі грошай падмазалі, абы каб толькі забраў нягоднага звера.

- О! Ён чуе, ён разумее, што мы пра яго гаворым! - усклікнуў Стасік.

Воўк тым часам матлянуў хвастом.

- Пан Ежы! - усклікнуў маладзейшы Ўрбановіч, зварочваючыся да пана аканома. - Далібог, гэта наш ручны воўк. Паглядзіце, гэта ж выліты Інсургент!

Воўк тым часам яшчэ раз матлянуў хвастом, схіліў, рыхтык сабака, галаву набок. У жоўценькіх, чыстых вачах свяціліся даверлівасць, радасць. Паненкі завойкалі ад здзіўлення: люты драпежнік, пагроза лясоў, зацяты вораг чалавека, ператварыўся - ці не фантастыка - у свойскую, добрую сабачыну.

Стасік падступіўся да прэнтаў.

- Інсургент! - паклікаў ён з выглядам вопытнага сабакара. - Цю-цю, на!

Малады пан яшчэ не адважваўся працягнуць руку за прэнты, але воўк радасна забіў хвастом па баках, рыхтык свойскі сабака. У ягоных вачах мільгнула нешта накшталт радасці пазнавання. Ён глытнуў сліну, аблізаўся.

- Brawo! - запляскалі паненкі ў ладкі. - Brawo panu!

Маладыя, прыгожыя дзяўчаты, самі таго не разумеючы, пад'юдзілі паніча на непапраўнае. Як не адважыцца працягнуць да дзікага звера, ваўка, руку; выступіць гэткім утаймавальнікам, дрэсістаю, каб толькі яшчэ раз сарваць апладысменты...

- Не руш! - усклікнуў пан аканом, але было позна.

Стасік працягнуў руку паміж прэнтаў, дакрануўся да пукатай лабаціны звера, паспеў нават пагладзіць, а воўк вазьмі і цапні яго за руку. Хапянуў яго воўк, немалады пан кінуўся ратаваць маладога, і вось тады воўк выпусціў руку паніча і з жарсцю ўчапіўся ў руку старога пана, нібы помсцячы яму, чалавеку, зрэшты, усяму роду людскому, што вырвалі яго з нетраў прыроды, засунулі ў клетку, пазбавілі волі, свабоды...

Нарабілася вэрхалу, гвалту, адбілі пана ад ваўка; кроў свішча, рука акалечаная, але пан трымаў сябе як мужчына. Збялеў толькі, рыхтык ведаў, што так і трэба, каб было, быццам яго віна, што народжаны свабодным воўк мусіў пухнуць за жалеззем.


2000-2003


Загрузка...