РАЗДЗЕЛ XVII. На сядзібе птушкалюба


1. Халодная зала


Прапанова жандара агледзець пакоі была фармальнай зачэпкай, каб упэўніцца, што Людовіка ў доме няма і яго лепей пашукаць дзе-небудзь па гумнах. Гаспадар не мог запярэчыць, а жандар і спраўнік не рабілі вобыску гвалтам.

Зала, у якую ўвёў Бароўскі прадстаўнікоў улады, была без падлогі: дошкі ў выглядзе ходнікаў перакідваліся ад адной легары да другой. Але не гэта ўразіла спраўніка і жандара. Зала займала амаль палавіну і без таго малога дома і была ўвешана незлічонай колькасцю клетак: вялікіх, сярэдніх, маленькіх. Зробленых з дроту, сплеценых з лазы, звітых з канапляных вяровачак з устаўленымі драўлянымі калочкамі. І ў гэтых клетках свісцелі, чачакалі, ценькалі, заліваліся на ўсе галасы дзесяткі рознамаітых птушак: вялікіх, сярэдніх, малых, зусім дробненькіх. Некаторыя птушкі павылазілі ці былі выпушчаны з клетак сумысля і пырхалі праз залу, грабліся ў пяску, лёталі пад столлю, скакалі па легарах. І што самае цікавае, не фортка, а нават акно было адчынена, расхлістана насцеж, і некаторыя птушкі то выляталі, то зноў заляталі ў залу... Птушак аж кішэла. Да ўсяго столь у залі непадбітая - звычайны чарнапол, а ў кутку адчынены лаз на гарышча, праз які раз-пораз то заляталі, то выляталі адтуль сініцы, попаўзні, пішчухі, снегіры, чачоткі.

- Вось, панове, і маё шчасце, мая радасць, - з заімглёнымі вачыма пан Бароўскі абвёў рукою залю.

На яе адразу села птушачка, дзюбнула пустую далонь.

- Вось і яна, панове, стракатагрудка. Гэта найбольшая са славак.

Жандар і спраўнік спыніліся ад уражання пры дзвярах. Спраўнік не вытрымаў таптання на месцы, ступіў на сухенькі пясок, усеяны чарвячкамі птушынага памёту. Жандар дастаў насоўку і паднёс яе да носа.

- Вунь, панове, слаўка-гаварунчык, - паказаў Бароўскі на шэра-бурую птушачку з белым горлам. - Прылятае з салаўём, жыве ў жываплотах. Такая вяртлявая. Спявае без флейтавых гукаў, таму і гаварунчыкам празвалі. Гняздуе ў гурбах галля. А ёсць яшчэ, панове, слаўка-млынок. Гэтая птушачка ўпрыгожана самай сапраўднай вуздэчкай - мае плямкі на абедзвюх шчочках. Трымаецца па ельніку, лясных палянах. Шныпарыць па хмазах і часта клёкае, што той млынок. Таму немцы празвалі яе Mülerchen. А вунь, панове, завірушка, яна ж крапіўнік, тынаўка, альшанка. Па-латыні - Accentor modularis. Рыхтык палявы верабейка, ці не праўда? Бачыце, галоўка цёмна-шэрая, хвост кароткі. Падрыгвае хвастом, як верабей, у бакі.

Спраўнік утаропіўся ў завірушку і маўчаў, а жандар сачыў за тым, каб, крый Божа, якое са стварэнняў не капнула яму на блакітны кіцель.

- Там, каля той сцяны, панове, - паказаў Бароўскі, - у мяне пеначкі, або, як у нас на іх кажуць, раплючкі, ці пячураўкі. Пра іх можна гаварыць усё тое, што і пра альшанак. Ёсць раплючкі-вяснічкі, трашчоткі. Усе яны маленькія, зеленавата-шэранькія зверху, белаватыя знізу, з тонкімі, бачыце, панове, просценькімі дзюбкамі і жоўценькай броўкай над маленькімі, харошанькімі і чорненькімі вочкамі. У іх гнёзды з каптурыкам, з бакавым лятком. Адсюль і назоў - пячураўка...

Жандар перасмыкнуў плячыма. Расповеды гаспадара сталі яму надакучаць. Але даводзілася цярпець.

- Адрозніць падвіды раплюкоў цяжка, панове, - як ні ў чым не бывала казаў пан Бароўскі. - Увосень розныя падвіды іх збіраюцца ў чароды і мігруюць на поўдзень. Раплючкоў, як і іншых дробных пеюноў, трымаючы ў клетках, належыць асвятляць лямпай. Бачыце, я не шкадую газы дзеля гэтага. Калі едзеш дадому адкуль здалёк, то якая цудоўная карціна адкрываецца: родны дом, панове, клеткі з птушкамі, побач гарыць лямпа. Вам не сумна, панове?

- Не, - насуплена адказаў спраўнік.

Жандар толькі перасмыкнуў плячамі.

- Хвілінку пачакаем тут, - сказаў гаспадар. - Жанчыны збіраюць на стол, а мы пакуль тут пабавімся, так, панове?!

Пан Бароўскі падышоў да наступнай клеткі. Тут ягоны позірк спыніўся на акне. У ягоным праёме ўбачыў жаўнера. Той стаяў, абапёршыся на стрэльбу, і глядзеў у акно. Бароўскі на некалькі секунд змоўк. Ён зразумеў, што дом абкружаны і ўцячы сыну наўрад ці ўдасца. У галаве ліхаманкава закруцілася - як быць, што рабіць?


2. Адзінае выйсце


Людовік раней бацькі зразумеў, што дом акружаны. Уцячы можна толькі з гарышча на глухую, без вокнаў, сцяну. На гарышча вёў лаз з халоднай залі. Але як зайсці туды, калі там спраўнік і жандар?

Людовік прайшоў у калідорчык перад залай, прыслухаўся да голасу бацькі.

- А ці ведаеце, панове, што ў мяне жыве і нястомная лятуння, што лётам сваім дае насалоду воку далікатнай прыгажосцю сваіх паветраных рухаў, - салаўём заліваўся бацька. - Сапраўдная чараўніца, несумненна, найблізкае сэрцу сялян стварэнне... Ды не толькі сялян...

Як даць зразумець бацьку, каб той вывеў царскіх служкаў прэч?

Дзверы рыпнулі. Людовік азірнуўся - у калідорчык увайшла маці.

- Сыне, навошта табе пісталет?! - спалохана зашаптала яна, убачыўшы ў руцэ сына зброю.

- Ціха, матуля, дзеля Бога, ціха... - Людовік на мігах паказаў, што ворагі побач. - Шапні бацьку, каб вывеў іх з залі... Я пакуль схаваюся...

- Дзе ты, сыне, схаваешся?! - ледзь прытомна прашаптала маці.

- Знайду...

Спалоханая матка пастаяла хвіліну, падумала, зайшла ў залу.

- Прашу прабачэння, панове, - пачуў Людовік ейны голас. - Можна мужа на хвілечку?!

Двух ці трох словаў ёй хопіць, каб бацька зразумеў, што ад яго патрабуецца. Вось маці выйшла, кіўнула сыну, маўляў, перадала. Людовік прыслухаўся да голасу бацькі.

- А на гарышчы, панове, у мяне жыве пячураўка-трашчотка. Яе яшчэ называюць цюкалка. Гэтым летам яна ўпершыню ў мяне адклала яйкі. Пазнавата, праўда. Панове, проша да лесвіцы...

Бацька свядома паказваў гарышча, вёў туды спраўніка і жандара, каб тыя пераканаліся, што на гарышчы нікога няма. Добра, татусь, добра. Тады можна будзе, як жандар і спраўнік выйдуць, пераседзець на гарышчы, нікуды не ўцякаць. Толькі каб пашэнціла.

- Давайце, панове, смялей, лесвіца моцная.

Ага, палезлі. Пэўна, у планы спраўніка і жандара акурат уваходзіла абшукаць і гарышча. Але як знайсці прычыну, каб туды залезці. А тут і галавы не трэба ламаць - гаспадар сам туды вядзе. Людовік пачуў, як над галавой затупалі, бацькаў голас зрабіўся прыглушаным. Цяпер бацька патрымае «гасцей» гэтулькі, што рады будуць уцячы адтуль.


3. На гарышчы


- Я не забаўлю вас, панове, - сказаў Бароўскі, калі спраўнік і Фогель апынуліся пад дахам. - Зазірніце сюды, у гняздзечка. Палюбуйцеся, калі ласка, як па белым тле пушчаны кравяна-чырвоныя, месцамі фіялетавыя плямкі. Гэта яйкі чарацянкі. Яна перасмешка. У ціхія цёплыя ночы другой палавіны чэрвеня і пачатку ліпеня, панове, калі змоўкнуць раскацістыя песні салаўя, панове, чуйнае вуха чалавека, што прывык прыслухоўвацца да галасоў прыроды, з любоўю спыніцца на гуках таямнічых спевакоў, што быццам сабраліся на начны канцэрт: то адна заспявае, то другая. А гэта, панове, усяго адна чарацяначка выспеўвае. Падрабляе слаўку-гаварунчыка, вялікую сініцу, зябліка. Усё ў адной чарацянцы-перасмешніку. Паглядзіце, панове, птушачка сціплая: зверху аліўкава-бураватая, знізу жаўтавата-белая. Мае светлыя палоскі над вачамі. Падобна на пеначак. Але ў іх, панове, выцягнутая ўперад галоўка і хвосцік кліночкам, панове. У пеначак хвост злёгку выразаны...

Спраўнік ні на птушак, ні на яйкі не глядзеў. Зазірнуў за стаякі комінаў, а жандарскі капітан рабіў выгляд, што ўважліва слухае.

- Я вас стаміў, прашу прабачэння, але проста вымушаны паказаць вам яшчэ адзін цуд прыроды. Згадзіцеся, што ў назове «лас-таў-ка» - сама пяшчота і любоў. У ім і сімпатыя і дабрыня, з якой адносіцца просты люд да гэтага мілага стварэння. Беларусы...

- Рускія... - хмура буркнуў Фогель.

- Няхай рускія, - ахвотна згадзіўся Бароўскі, - словам, тутэйшыя кажуць: хто раскідае гняздо ластаўкі, таго паб'е на рабацінне. Так бароняць гэта дзіця прыроды ад няўрымснікаў, якія могуць па неразуменню браць яйкі.

Пачуўся грукат, жандар, спраўнік і бацька злазілі з гарышча.

Бацька не спыняў сваёй мітуслівай гаворкі ні на секунду:

- Ластаўка, панове, любіць гнездаваць у хлявах, стайнях, прылепвае кубачкі гнёздаў да шчытоў, крокваў. Яна так лоўка прашмыгвае праз выбітую шыбу ў шчыце, праўда?

Ціха стукнулі дзверы. Жандар, спраўнік і бацька спыніліся ў калідорчыку. Тут, за шафай, прыкрыты скручаным у трубу старым дываном, сціскаў абедзвюма рукамі зараджаны пісталет Людовік.

- Ці ведаеце вы, панове, што нашая звычайная ліцвінская ластаўка... - пачуўся выразны голас бацькі.

- Руская, - упарта настойваў на сваім Фогель.

- ...руская ластаўка, - паправіўся Бароўскі, - зімуе ў Цэнтральнай Афрыцы? Як гэта міла, што ластаўкі, якія жылі ўсё дзяцінства пад саламяным дахам якога-небудзь селяніна, зімавалі сярод чорных мурынаў? У вачах гэтых Божых стварэнняў ёсць, гэтак сказаць, адбіткі жырафаў, сланоў, ільвоў... Не, панове, ідземце на вуліцу. Вы абавязкова павінны паглядзець на ластавак. Увогуле, панове, я сэнс жыцця ў птушках бачу, яны - маё замілаванне, аздоба сэрцу. Як можна жыць без радасці ў душы, панове?

Людовік у напружанні чакаў, калі спраўнік і жандар пойдуць. І тады адкрыецца шлях на гарышча. Першы страх перад прыхаднямі прайшоў. Цяпер Людовік цалкам валодаў сабой, ведаў, што яму рабіць, ацэньваў небяспечнасць свайго становішча. І страху за жыццё не было.

- Птушкі саграваюць душу, лагодзяць, паверце, нават суцішаюць у цяжкую часіну, - аж распінаўся бацька. - Жыць разам з імі лягчэй. Чаму, да прыкладу, садзяць злачынцаў у турмы? Каб не бачылі неба, травы, птушак...

«Бацька, бацька... - падумаў Людовік. - Колькі замілавання і радасці прыносяць табе гэтыя стварэнні. Не туды пульсуе, ляціць твая, тата, энергія. Пра людзей трэба дбаць, пра незалежнасць краю... А то прыйдзе час, і свае ж, тутэйшыя, выракуцца мовы, і кнігаўкі стануць «чибисами», зязюлі - «кукушками», крыжадзюбы - «клестами». А на плісак стануць казаць «трясогузки». Не рускія, не расейцы, а свае янычары зробяць так, каб ніхто і не ведаў, што за птушка гівал ці задзярыхвост, забудуць назвы - цыранка, свіслук, хахатва... А з таго, хто чайку назаве кірляй, стануць смяяцца».

Высока над домам, у густой вяршыні ясеня пяяла туркаўка. Пяяла яна сумна, надрыўна, што аж хацелася плакаць.

Людовік кончыкам пісталета выцер слязіну. Дзверы стукнулі: адны, другія... Пайшлі.

Людовік увайшоў у залю, прысеў, каб яго не заўважыў жаўнер з вуліцы, дайшоў наўскарачкі да лесвіцы. Вычакаў момант, калі жаўнер сышоў з акна - гэта было відаць па штыку ружжа, - узлез па прыступках лесвіцы на гарышча.

Палавіна справы зроблена, але толькі - палавіна. Цяпер дзейнічаць у залежнасці ад абставін: або сядзець як мыш пад венікам на гарышчы, або вылазіць праз слыхавое акенца, скакаць у сад і праз кусты парэчак спрабаваць прабівацца ў лес.


4. Крык ластаўкі


На вуліцы пан Бароўскі на хвіліну замёр, быццам нешта абдумваючы, потым дастаў насоўку, выцер мокры лоб і зноў пачаў расказваць:

- Гляньце, панове, на шчыт. Ластаўка клеіць гняздо з гліны, робіць яго як невялічкую дыньку, шарыкам, з дзіркай у якасці ўвахода. Гэта, панове, гарадская ластаўка.

Фогель і спраўнік недаверліва зірнулі на гаспадара-птушатніка. Арніталагічная лекцыя відавочна зацягвалася.

- Не дзівіцеся, панове. Гарадскім ластаўкам не абавязкова жыць у горадзе, у месце. Ім проста патрэбны сцены, кручы, стромы. Нават на соснах лепяць свае гнёзды, не бачылі? Тут, на франтоне, у мяне вясковыя і гарадскія ластаўкі жывуць разам.

Ластаўкі, як гарадскія, так і вясковыя, якія заляталі праз адчыненае акенца, раптам выскачылі адтуль з трывожным крыкам. Жандар і спраўнік заклапочана перазірнуліся.

- Ведаеце што, панове, давайце паглядзім берагавых ластавак, - занадта паспешліва прапанаваў пан Бароўскі, але капітан Фогель падхапіў шаблю рукой і, не кажучы ні слова, рынуўся ў дом. Пэўна, яшчэ раз праверыць гарышча.

Гаспадар хацеў быў бегчы за ім, але спраўнік падхапіў яго пад руку.

- Пачакайце, - сказаў ён. - Ідзем, паглядзім вашых берагавулек.

У гэты час з акенца зноў з крыкам вылецелі ластаўкі. Потым праз хвіліну са слыхавога акенца, якое выходзіла ў двор, вызірнуў заклапочаны Фогель. Твар у яго выглядаў разгубленым. Неўзабаве ён вярнуўся. Вярнуўся ні з чым.

- Дык што, панове, паглядзім берагавулек? - спытаўся Бароўскі, калі Фогель вярнуўся з гарышча. - Рэчка недалёка... Там ёсць абрывісты беражок. Яны там жывуць - берагавулькі. Берагавулька адрозніваецца ад ластавак тым, што ў яе няма белага надхвосця. Што, панове, цікава, чым далей на ўсход, тым болей берагавулек. У Сібіры іх шмат.

- На што васпан намякае?.. - вырачыўся на Бароўскага Фогель.

- А ёсць яшчэ птушка свіргуль, - пачулася заміж адказу. - Свіргуль па-нашаму па...

- Па-руску, - ледзь не гыркнуў спраўнік.

Яны з Фогелем падпраўлялі гаспадара па чарзе.

- Свіргуль увесь чорны, як умазаны сажай, за выключэннем белаватага горлечка, крылы выгнуты сярпом. Яшчэ свіргуль пранізліва вішчыць, хоць вушы затыкай.

- Свіргуль гэта «стриж»? - спытаўся спраўнік.

- Так. Палёт ягоны своеасаблівы, - распавядаў, быццам чытаў лекцыю, Бароўскі. - Высока лунае, апісвае дугі. А калі нізка ляціць, то нясецца, як учадзелы. Свіргуль найлепшы лятун сярод ліцвінскага птаства...

- Рускага, - ляніва прамармытаў Фогель.

Яму надакучыла рабіць заўвагі. А Бароўскі ўжо і не папраўляўся.

- Ён не можа ўзляцець з зямлі, бо не дазваляюць пальцы. Узлятае толькі тады, як кінецца з якога прадмета ўніз. Ну, панове, калі не хочаце на бераг, тады зойдзем у клуню. Тут у мяне ляляк жыве і, самае галоўнае, - пугач! Па-маскоўску, па-руску - хвілін.

- Гм... Ф-ф-филин, - ледзь не прысвіснуў Фогель. Што-што, а ўласнае прозвішча з пачатковым «ф» ён па-руску ўмеў вымаўляць.

- Пугач, панове, - дзівосная драпежная начная птушка... - працягваў лекцыю гаспадар.

Выраз твару ў Фогеля з раўнадушна-скамянелага памяняўся на змрочна-ўнурысты. Амаль атупелы.


5. Уцёкі


Людовік праз шчылінку глядзеў з гарышча, як бацька завіхаецца каля жандара і спраўніка. А ці ходзіць жаўнер каля глухой сцяны? Людовік пайшоў да процілеглага франтона, нечакана страціў раўнавагу, пахіснуўся, узмахнуў рукамі. Апуджаныя лаўстаўкі закрычалі і з пранізлівым шчэбетам паляцелі прэч. Людовік прысеў.

«Прымчаць сюды...» - мільганула думка. Стараючыся не грукаць, Людовік сягнуў да слыхавога акенца, якое выходзіла ў сад, глянуў уніз... Жаўнер якраз пры вугле дома стаіць. Чаго не ідзе? Унізе, у доме, нехта стукае дзвярамі. Ці не дабіраецца жандарскі афіцэр да залы? Чаго ты стаіш, жаўнер, ідзі прэч. Вось нехта ўвайшоў у залу, дайшоў да лесвіцы, яна дрыгнула пад цяжарам ягонага цела. Штык жаўнера бліснуў на сонцы і знік за вуглом дома. Людовік засунуў рэвальвер за пазуху, шырэй расчыніў створкі франтоннага акенца, перакінуўся праз яго, прысеў, каб не было відаць з гарышча, зачыніў створкі. Цяпер скакаць! Высакавата... З параненай нагой не скокнеш. Але выхаду няма. Людовік лёг на паддашак жыватом, спусціў ногі, з'ехаў уніз, учапіўся рукамі ў паддашак... рукі саслізгнулі, паляцеў і цяжка гэпнуўся. Так цяжка, што не ведаў, ці ўстане. Але нельга было затрымацца ні на міг, бо на шум вызірне жаўнер... Ускочыў, адчуў, як кальнула ў ране, змог зрабіць дзесяткі два крокаў, каб забегчы за кусты парэчак.

І як толькі схаваўся, зірнуў на франтон. У акенцы з'явіліся вусікі Фогеля. Эйш, даходлівы!.. Капітан пакруціў галавой, знік, потом зноў высунуўся. З-за вугла паказаўся жаўнер.

- Не было тут нікога? - спытаўся капітан.

- Січас нет, ваша благародзь, кто тут будзя?! - адрывіста, весела адказаў жаўнер.

Спацелы твар капітана знік, жаўнер прайшоўся паўз сцяну, пастаяў каля вугла, пайшоў назад, на сярэдзіне сцяны спыніўся і стаў глядзець на кусты парэчак, за якімі хаваўся Людовік.

«Чаго стаў? Няўжо прыйдзецца страляць?» - мільганула думка. Жаўнер мог і не бачыць Людовіка, пэўна, яго ўвагу прыцягнулі светла-чырвоныя гронкі яшчэ зусім няспелых парэчак. Вось ён падышоў да першага, бліжэйшага куста, стаў абіраць ягады, закідваць у рот, з задавальненнем чвякаць. Рабіў гэта ён так доўга, аж у Людовіка набегла ў рот сліны. Людовік асцярожна памацаў рэвальвер, бязгучна дастаў яго з-за пазухі.

Раз-пораз жаўнер азіраўся, каб не засталі знянацку. Ад яго да Людовіка было не больш пяці метраў. Зараз ён пойдзе, здаволіцца і пойдзе, не будзе ж ён абіраць усе парэчкі?

Нечакана жаўнер знерухомеў. Ён глядзеў у глыбіню кустоў парэчак і, пэўна, бачыў Людовіка. Нават жаваць перастаў. Вось ягоная рука папаўзла па ружжы, каб у выпадку чаго зручней перахапіць яго, наставіць на незнаёмца, а гэта значыць - ворага.

Людовік улавіў гэты рух, падняўся на каленях, наставіў рэвальвер на жаўнера і гучна прашаптаў:

- Стой і не рухайся.

Жаўнер перахапіў ружжо.

- Каму кажу! Варухнешся, стрэльну! Уб'ю!

Жаўнер застыў. Немалады, з шырокім, пляскатым славянскім тварам, плячысты і высокі, ён стаяў пад рэвальверам, разгублены, прыгорблены, лыпаў, не ведаючы, што рабіць.

- Стой і не рухайся, разумееш? Не шавяліся, а то стрэльну.

Людовік стаў адыходзіць, выцягваючы ў бок жаўнера рэвальвер, не зводзячы з яго вачэй. Варта было страціць ягоны позірк, як ваяка падасць сігнал сваім. Вось за адну яблыню зайшоў, вось другая... Калі ж будзе плот, за які можна заскочыць, каб схавацца, не стаць мішэнню?! Вось нарэшце і плот, які адгароджвае сад ад невялікай пусткі, за якой дарога, а там густы хмызняк - бярозкі, асінкі і ракіта да балотца. А за балотцам - лес. Людовік пераскочыў плот, азірнуўся. Жаўнер усё яшчэ разгублена стаяў, потым ускінуў ружжо наперавес і рынуўся наперад. Людовік кінуўся бегчы. Жаўнер нешта крыкнуў, але так слаба, што голас яго ледзь чуваць. Вось і дарога, за прыдарожным ровам - хмызняк, там балотца, а там - лес-ратаўнік! Але раптам з прыдарожнага рова паказаліся дзве галавы. І два штыкі тырчаць. Жаўнеры! Божа, сядзіба акружана! Ды яшчэ двойчы - двума ланцугамі.

Кінуўся ўбок, пабег проста па дарозе. Але з-за дрэва, здалёк яшчэ, выйшаў жаўнер. Людовік ускінуў руку з рэвальверам, накіраваў яго на чалавека і, разумеючы, што робіць глупства, і глупства непапраўнае, - яго ўсё-роўна дагоняць і арыштуюць, - націснуў на спускавы цынгель. Не націснуць не мог - невядомая сіла, быццам наканаваны на гэта, - кіравала ім.


6. Райскі падарунак


Глядзець пугача ні спраўнік, ні жандар не пайшлі. Адышлі ўбок і сталі нешта раіцца. Тады Бароўскі распарадзіўся, каб прынеслі на вуліцу тацу з пачастункам. Прыйшла са сподам Лёдзя. Цяпер яна абутая ў старых чаравіках.

- Панове, - гаспадар падняў малюсенькую чарку, - а ці ведаеце, што шпакі зімуюць у Італіі і на поўдні Францыі? Уяўляеце?! Нашыя шпакі зімуюць у гэтых краінах.

- Ці не намякаеце вы на польскую эміграцыю? - з усмешкай сказаў капітан. - І што туды ўцячэ ваш сын...

Бароўскі спалохана адхіснуўся ад Фогеля.

- Якія палякі, васпане, якая эміграцыя?! Мы - каталікі, гэта так, але да палякаў, гэтых спаконвечных бунтаўшчыкоў і ўзмуціцеляў дзяржаўных асноў, не маем аніякага дачынення. Ведаеце што, панове, запрашаю восенню на вальдшнэпавую цягу...

- А хіба на вальдшнэпа палююць восенню? - здзівіўся Фогель.

- Здараецца, што і восенню, - сказаў гаспадар. - Вальдшнэп, ён жа слука, вальшня, яшчэ і слонка. На слонак, панове, самае паэтычнае і хазардовае паляванне.

- Во, зноў польскае слова праскочыла... - адзначыў спраўнік і безнадзейна махнуў рукой.

- Вясной паляваць на слонак лепей. Але і восенню, бывае, слонкі высыпаюць у якім-небудзь лесе, сядзяць, жыруюць. Можна тады са стрэльбачкай і пахадзіць...

У гэты час прагучэў дзіўны гук. Быццам нешта гучна лопнула. Спраўнік і жандар перазірнуліся. Ці падобны гук на прыглушаны стрэл? Не з армейскага ружжа, але з рэвальвера. Бароўскі не падаў выгляду, што нешта пачуў. Толькі ў каторы раз пабялеў.

- У нас, на Магілеўшчыне, - сказаў Фогель, каб разрадзіць напружанасць, - шмат казадояў.

- Казадой, панове, гэта па-руску. Тут я спрачацца не буду. Па-нашаму, скажам так, - лагодна гаварыў тым часам пан Бароўскі, - па-нашаму, па-ліцвінску, ляляк, або лежань. Я ж казаў вам... У клуні ёсць... Ляляк і пугач... Птушка гэтая, панове, велічынёй з зязюлю. Мякка так лётае, слізгае і гуляе ў паветры, быццам ластаўка. У немцаў нават называюць начной ластаўкай - Nachtschwalbe. Рот, панове, у леляка да вушэй, з жорсткімі шчацінкамі. Хапае бамбавозаў, хрушчоў і ўсялякіх начных матылькоў.

- Мы паедзем, - раптам сказаў чымсьці абрадаваны Фогель.

- Выпіце на дарожку і едзьце, панове, - сказаў Бароўскі і прадоўжыў, ад нервовасці не могучы стрымацца, сваё гаварэнне пра птушак: - Ляляк адлятае ў вырай у верасні. Само сабой, ляціць толькі вечарам. Птушка карысная. Але, на жаль, маладыя і дурнаватыя паляўнічыя любяць стрэльнуць па леляку. Ці ж гэта вялікая атэстацыя стралка?

- Згодныя і мы, што не вялікая, - сказаў Фогель. - Дзякуй, васпане, за гасціннасць. Паедзем, час. Дык, пане Бароўскі, кажаце, няма вашага сына ўдома?

- Не, што вы. Казаў яму і казаць буду: навошта табе, сыне, тая Польшча, тая свабода, тая Беларусь ці тая Літва? Жыві спакойна. Ці варта жыццё класці дзеля нейкага дзяржаваўкладання... На гэта Бог ёсць! Адумайцеся, казаў, ачомайцеся... Расея такая вялізазная, гэтулькі жаўнераў мае. Але, ведаеце, панове, молада-зелена. Ім адразу ўсяго хочацца... Эўропы, незалежнасці, хлопам волю даць. Словам, ім захацелася пагуляць у Гарыбальдзі. І калі ён, панове, мой сын, там нешта нарабіў, то ёсць губернатар, на літасць якога можна спадзявацца.

Фогель і спраўнік падышлі да коней, узлезлі ў сёдлы.

- А ці ведаеце, панове, што слонкі, вальдшнэпы значыцца, вельмі любяць птушанят, - сказаў, як бы не да месца, Бароўскі, трымаючыся за стрэмя каня, на якім сядзеў спраўнік. - Слонкі нават носяць дзетак сваіх у дзюбах або зашчэмліваюць паміж нагамі.

- Ды ну? - здзівіўся спраўнік.

Яму ўжо некалькі разоў падміргваў Фогель, даючы зразумець, што ўсё ў парадку, сын Бароўскага злоўлены.

Спраўнік нокнуў на каня.

- Панове, - раптам ледзь не ўзмаліўся Бароўскі, - вазьміце па птушцы. Нельга без падарунка. Вазьміце.

Спраўнік узяў вучонага шчыгла. Жандар адмовіўся.

- Я вам падару, пане капітан, самае дарагое, што ў мяне ёсць... Ведаеце залацістую шчурку? Мне адзін ахвотнік злавіў нядаўна перамётам... Настолькі рэдка сустракаецца... Сваячка райскай птушкі. Зрэшты, гэта і ёсць райская птушка, бо зімуе аж у Індыі. Звычайна паўночней лініі Кіеў - Пулавы не залятае. Сустракаюцца адзінкавыя экземпляры. Вельмі прыгожыя... Палётам падобныя на ластаўку, а з выгляду - маленькі ястрабок. Ну такая прыгожая. Па-наску яшчэ называюць пчалаедкай. Спявае «юр-р», «юр-р»... Вазьміце, прашу вас...

Каб не крыўдзіць гаспадара, жандар змілажаліўся і загадаў аднаму з падначаленых узяць клетку з жоўценькай птушачкай.


7. Шлях на волю


У вярсце ад маёнтка на дарозе стаялі жаўнеры з ачаплення і чакалі начальства. Паўротны падбег да Фогеля, адрапартаваў, што небяспечны бандыт злоўлены і арыштаваны.

- Дзе ён? - спытаўся Фогель.

Паўротны ўзмахнуў рукой у бок купы жаўнераў. Там, абступлены жаўнерамі, у густым цяні прыдарожнай алешыны сядзеў на зямлі малады чалавек у распоратым па шву сурдуце. Фогель глянуў на ягоны скрыўлены, незадаволены твар. Так, гэта сын Бароўскага - Людовік.

- Ён? - паказаў нагайкай на Людовіка спраўнік, пытаючыся ў задыханага Максіма Дзеркача.

Селянін моўчкі кіўнуў.

- Ён страляў? - зіркнуў Фогель на паўротнага.

- Так точна, палячок стрэльнуў. Вось зброя гэтага бандыта. - Паўротны падаў рэвальвер. - У Гулевіча ледзь не патрапіў...

Сярод жаўнераў адзін, голы па пояс, трымаў кашулю ў руках. Пэўна, гэта і быў Гулевіч, бо засоўваў у дзірку ў палатне палец і казаў:

- Палячок стрэльнуў, кашулю прабіла, а я цэленькі, цэленькі, як маці нарадзіла.

- Дайце яму гарэлкі, - загадаў Фогель, паказваючы вачыма на Гулевіча.

- Ваша благародзь, - ажывіўся небарака, - нашыя палячка разы са тры лавілі. Зловяць і адпусцяць. Каб, значыцца, потым зноў злавіць... А як зловяць, то ўжо і прыкладуцца як след... Тры разы лавілі: палячок у жывога мяне страляў, а я цэленькі, цэленькі; толькі кашульку латаць давядзецца...

Жаўнеры паднялі схопленага за звязаныя за спінай рукі. Падштурхнулі, маўляў, ідзі. Людовік выйшаў на святло з ценю алешыны. Ускудлачаны, умазаны ў пясок, памяты, з падбітым вокам, якое набрыньвала ліловай крывёй, аблізваў перасохлыя, разбітыя на грыбы вусны.

Фогель і спраўнік разглядвалі арыштанта.

Людовік нягучна, слабым голасам, як быццам баючыся, што яго за гэтыя словы ўдараць, выкрыкнуў:

- Жыве вольнасць, жыве свабода!

Жандар і спраўнік паморшчыліся, капітан махнуў рукой, даючы знак ісці.

- Тыповая польская фанатычнасць... - ціха праказаў спраўнік, але юнак пачуў, павярнуў твар ужо з амаль чорным вокам і сказаў:

- Я не паляк... Мы - не палякі!

- Ага, ліцвіны ці мо - беларус? - не хаваючы сарказму, праказаў Фогель. - Чулі, ведаем... Тут была і будзе Расея! І дзесяць, і дваццаць, і пяцьдзесят гадоў...

- А хоць і сто! Усё роўна народ, які тут жыве, пераможа!

- Не пры нас, не пры нас. А вы, малады чалавек, з вашай зацятасцю і да Сібіры не дацягнеце... Прывяжыце яго да ружжаў!

Фогель нацягнуў повад, спыніў каня, павярнуўся да спраўніка.

- Што з птушкамі рабіць будзем? Не хацеў я браць. Непрыгожа.

Спраўнік нічога не адказаў. Рота з арыштаваным рушыла па дарозе наперад.

Спраўнік цяжка ўздыхнуў, адчыніў клетку і кінуў яе разам з птушкай на абочыну. Жандар загадаў жаўнеру, які нёс ягоны падарунак, паставіць клетку пры дарозе і расчыніць дзверцы.

Залацістая шчурка, або пчалаедка, якую пан Бароўскі атэставаў ледзь не як райскую, як толькі жаўнер адчыніў дзверцы, адразу выпырхнула, узнялася высока ў неба, зрабіла невялікі, нібы развітальны, круг і роўненька, як па шнурку, падалася на поўдзень.

Вучоны шчыгол не хацеў вылазіць з кінутай клеткі. Жаўнер засунуў руку ўсярэдзіну і спрабаваў злавіць птушку. Шчыгол балюча ўшчыпнуў жаўнера за палец. Фогель загадаў бегчы да сваіх.

Рота пайшла далёка наперад, жандар і спраўнік падаліся следам. Вучоны шчыгол насіў пустое вядзерца, чэрпаў і чэрпаў з пустога карытца, пераносіў і пераносіў паветра з аднаго кутка клеткі ў другі, хоць дзверцы на волю былі адчыненымі.


Загрузка...