Раздзел шосты

Мы далі нырца ў смугу за сцяной і неўзабаве згубіліся. І для тых, хто імкнуўся пацэліць у нас брудам, і для саміх сабе. Нам не патрэбны быў Грыбок, каб выйсці да Насамонаў, але я б з асалодай заплаціў бы Грыбку два цынкі, каб выйсці з іх. Каб вярнуцца на ранейшы кірунак. Туман усё робіць туманам: дрэвы праз некалькі крокаў губляюць выразную акрэсленасць галінаў, пераўтвараюцца ў невыразныя слупы, якія нарэшце зліваюцца з навакольным нішто. Людзі робяцца згусткамі вільгаці, дарога праглынаецца бялявай коўдрай, думкі губляюць выразнасць, і ты проста цягнешся, туманна спадзеючыся на тое, што напрамак вывядзе цябе куды-небудзь.

Жыццё ў дарозе адрозніваецца ад жыцця ў горадзе тым, што ўсе сустрэтыя пераўтвараюцца са знаёмцаў у мінакоў. Гэта нагадвае сядзенне ў каруселі: у фокус тваёй увагі на секунду заплывае постаць, і толькі ты паспееш прывітальна кіўнуць, як яна змяняецца чыёйсьці спінай. І ты разумееш, што ў тваёй ветлівасці, красамоўнасці ці добразычлівасці няма сэнсу — карусель забірае ўсё гэта з сабой, а чарговыя фігуркі, што падсоўваюцца ёй, бачаць цябе ўпершыню. На дарозе ў цябе няма аніякай рэпутацыі, акрамя той, пра якую скажа твая вопратка ці ты сам. На дарозе ніхто не можа цябе пакрыўдзіць да глыбіні душы ці парадаваць надоўга, бо ўсё добрае пратрывае толькі той час, пакуль ты не вырушыш. Гэтаксама, як і ўсё дрэннае. То не варта крыўдаваць і сумаваць. Трэба проста ісці — рух каруселі падорыць новыя прыязныя твары і добрых людзей.

Ішлося лёгка. Выглядала, мы паспелі добра адпачыць, пакуль нас не прагналі з вяселля. Нават Герда бадзёранька скакала на трох лапульках. Вочы цынічна бліскалі, на пысу вярнуўся пракудлівы ды крыху здзеклівы выраз. І я нават дапусціў бы, што яна ачуняла, каб не памятаў гук храбусцення костак у ране і не ўсведамляў, што яна ўжо працяглы час адмаўляецца ад ежы. Мы паспелі прайсці прыблізна такую ж адлегласць, якую мела свабодная муніцыпалія ад кальцавой дарогі, як вока зафіксавала цікавы аптычны феномен. Навокал як быццам пачало цямнець.

Як бы гэта лепей апісаць, бялявы непразрысты змрок пачаў змяняцца больш глыбокай чэрню. І не адразу я зразумеў, што гэта мы проста выходзім з густой смугі, што навокал адгадваецца шырокае поле, і вока ўжо амаль можа дастаць да гарызонту. Паветра зрабілася радзейшым, і нават дыхаць стала лягчэй, і тут, на вялікай адлегласці, над пагоркамі ды лясамі, у дымцы цёмных нябёсаў, праявіў сябе трапяткі агеньчык. Ён быў дзіўнага адцення, не падобны да любой з крыніцаў святла ў існым свеце: не бялюткі, не цёпла-памяранцавы, але вельмі халодны, востры, бы зорка, ды пры гэтым — смарагдава-фіялетавы. Нават адсюль, з далячыні, ён выглядаў як нешта такое, што не адносіцца да нашага прымітыўнага наваколля цынку і праснакоў.

Праз колькі кіламетраў я спыніўся папаіць сабуліню, бо яна высунула язык і ўсім сваім выглядам паказвала, што ў Піквікскім клубе цяпер сервіруюць дарджылінскі аранж пекое, а Яе Вялікасць не адмовілася б ужо і проста ад вадзічкі. Дастаючы тэрмас, я перажыў дзіўныя дотыкі да твару. Як быццам яго кранаўся танюткі, нябачны праз сваю лёгкасць, ядваб. Я ўсвядоміў, што такое ж перажыванне адбываецца падчас хуткай хадзьбы. Паветра абцякае скуру, ствараючы адчуванне руху. А цяпер, у нерушы, паветра ідзе само, паўз мяне.

І такое было нормай у мінулым. Прыгадалася і слоўца: вецер. Гэта называлася: “вецер”. Нехалодны ветрык дзьмуў паўз дарогу, авяваючы нас з Гердай. Дзявулька ўзняла нос, прыплюшчыла вочкі, разявіла пашчу і дазволіла гэтаму прыроднаму фену гуляць у поўсці. Гэта было прыемнае адчуванне, дзіва, што ў тым, папярэднім, свеце, мы настолькі прызвычаіліся да яго, што і не звярталі ўвагу.

Я ішоў і млява раздумваў, што азначае вяртанне ветру. І ці прыйшоў вецер у Грушаўку таксама, ці толькі я знайшоў месца, дзе ён ёсць — гэтаксама, як раней я уваходзіў у вобласць туману, якая неўзабаве скончылася. І, калі вецер ёсць толькі тут, дык дзе ён пачынае ды дзе завяршае свой побег? Ці, можа, кружляе па усёй Зямлі і вяртаецца роўна да гэтага месца? А калі ён раптам пачаў дзьмуць па ўсім свеце — дык ці не азначае гэта, што Зямля ажывае, і неўзабаве трэба чакаць узыходу сонца? Кожны крок, зроблены мною, ставіў новае пытанне і прыводзіў да новых думак.

Я глядзеў проста перад сабой, і калі апусціў галаву долу, ледзь не падскочыў: ля маіх ног вілася нейкая чорная дрэнь. Памерам з Герду, яна рухалася, прыціснутая да асфальту, абсалютна бязгучна: ні сапення, ні крокаў. Чорная пляма паўзла з маёй хуткасцю. Я паспеў здзівіцца, што мая нервовая дзявулька не ўзняла лямант ад сутыкнення з нязведаным зверам, калі заўважыў, што падобная чорная трасца прыляпілася і да лапаў псюлі, толькі рухаецца інакш — рывочкамі, з падскокамі. Я не паверыў вачам, і, пачынаючы разумець, задраў галаву дагары. Тое, што я пабачыў у небе, растлумачыла незразумелых істот.

Над намі ззяў раскошны, ярчэзны, нібы толькі што абцёрты сняжком ды высушаны ручніком туману, маладзік. Першая квадра, на мяжы неасветленай часткі бачныя плямкі кратараў. Вось што падсвятляла спод грушаўскіх аблокаў, не даючы Рэйтану спакою. Месяц сядзеў роўна там, дзе быў заўсёды, выглядаў абсалютна ардынарна, і сваім будзённым выглядам адрынаў магчымасць свету, дзе бензінам гасілі вогнішчы, а батарэйкамі плацілі за ежу. Калі Месяц там, значыць недзе і сонца. Бо менавіта ягонае святло і толькі яно можа вымалёўваць гэты светлавы сярпок на абліччы суседняга нябеснага цела. А калі Сонца і Месяц нікуды не зніклі, значыць, Зямля мусіць быць круглай, а Сусвет бясконцым. Значыць, усяму будзе тлумачэнне. Нармальнае, лагічнае тлумачэнне, далёкае ад фантазіяў, апублікаваных у газетах.

Маладзік з’явіўся з-пад пледа нізкіх аблокаў, які надзейна ахутваў геаграфію неба за маёй спінай: Грушаўка, Гара, ферма не маглі пабачыць цуду, сведкам якога стаўся я. Але наперадзе над зямлёй быў аголены космас: там зіхацелі зыркія зорачкі, сярод якіх вылучалася адна, што месцілася куды бліжэй і давала куды ярчэйшыя смарагдава-фіялетавыя промні. З гэтай адлегласці падавалася, што незвычайная крыніца святла лунае проста ў нябёсах, што, можа, гэта падае сігналы зямлянам завіслы ў стратасферы касмічны карабель.

Я заўважыў, што Герда таксама ўтаропілася ў неба, як і я, радавалася маладзіку і глядзела ў далёкія россыпы зіхоткіх дыяментаў. Натхнёныя зорамі, авеяныя ветрыкам, з адбіткамі Месяца ў зрэнках, мы імкнуліся да небакраю, нібы персанажы якой-небудзь дрэннай нямецкай паэмы, калі з цемры ля ўзбочыны выпаўзла чорнае пудзіла на дзвюх распорках. Я запаліў налобнік: гэта быў патрэсканы ліст шыферу, пастаўлены замест зніклага дарожнага знака з каштоўнай нержавейкі. Белым балончыкам мастака, дэбют якога я ўжо назіраў на надмагільным помніку ля фермы, было выведзена:

“Горад Святла — налева Горад Парыж — направа Паўднёвыя пусткі — наўпрост У Парыжы не быў, пра Горад Святла чуў, у пустках ледзь не зарэзалі”

Выключыўшы ліхтар, я заўважыў над пагоркам добра бачны гіганцкі знак “Мерседэса”, пазбаўлены кола, у які ён упісаны ў арыгінале. Так працуе памяць: пабачыўшы тыя тры лопасці, я спачатку прыгадаў лагатып машыны старога свету, і толькі потым усвядоміў, што гэта штосьці пабачанае мной на шахцёравай мапе. Жадання даставаць паперчыну не было, ды і патрэбы таксама. Я і так памятаў, што трохкутнай зоркай быў адзначаны паварот на Горад Святла. Зрабіўшы некалькі крокаў, я заўважыў, што белая трохпромневая штуковіна рухаецца. Велічэзная канструкцыя круціцца вакол сваёй восі, вельмі павольна і важка, і праз гэты гіпнатычны характар яе руху адразу прыгадаліся ветракі. Тое, што я пабачыў унізе, было надзвычайна нават для такога багатага на цуды шпацыру, які здарыўся пасля нашага выхаду з Насамонаў.

Пад вежай ветрагенератара разлеглася бедна падсветленая сапраўдным электрычным святлом аўтазапраўка з вялікай крамай пры ёй. Энергіі ад ледзь рухомых лопасцяў хапіла, каб забяспечыць бляклым святлом неонавую шыльду са словамі “Белнафтах…м”. Набытк… ў дарогу”. Са зніклых літар “І” нехта сканструяваў неонавы крыж, які прыладзіў над уваходам. Крыж, што праўда, зіхацеў няроўна, адна папярэчына мільгала, другая ззяла толькі напалову.

Вёслы ветрака мясілі паветра з сакавітым прыхлёбам. Дзюба, да якой ляпіліся лопасці, выклікала дзіцячыя згадкі пра вентылятарныя амерыканскія бамбардзіроўшчыкі, якія клеілі з пластмасы падчас хуткабежнай, але крыважэрнай Незаўважанай Вайны. У бляклых водблісках святла ад запраўкі я заўважыў, што на кожным крыле ветрака старанна намаляваны вялікі і не заўсёды роўны крыж.

Аўтаматычныя дзверы не распаўзліся, калі мы з Гердачкай наблізіліся да ўваходу: ці то дэтэктары руху даўно зламаліся, ці то электрычнасці не хапала на тое, каб запускаць такія складаныя механізмы. Давялося скарыстацца пластыкавымі дзвярыма побач. Калі я адчыніў іх, усярэдзіне блюмнкуў званочак, апавяшчаючы, што завітаў новы пакупнік.

Карусель нашай дарогі нарэшце зрабіла прыпынак у сапраўды гожым месцы. Памяшканне выявілася хіба не апошнім у свеце музеем старасвецкага спажывання. Спраўджаная мара Мыколы.

Тут было цёпла, працавалі электрычныя абагравальнікі, я не здзіўлюся, калі пры запраўцы знайшліся б і душавыя з гарачай вадой. Люмінесцэнтныя трубкі на столі, хай сабе ледзь падсветленыя, але працоўныя, палічкі з хай сабе аднатыпным, але таварам. Тут я зноўку ператваруся ў складальніка сярэднявечных вопісаў, у лаканічных пераліках якіх часамі адчувалася болей экспрэсіі, чым у шчыра аздобленых прыметнікамі навэлах пазнейшых часоў. Калі фантазія, не засмактаная гаджэтамі, не атрафаваная засіллем вобразаў (якое пачалося ў нашай культуры з рэнесансных часоў) працуе напоўніцу, прыметнікі не патрэбныя: у аўтараў і чытачоў напіналіся струны прыгожага, і асалода лілася ў кроў ад звычайнай паслядоўнасці назоўнікаў.

Дык вось, тут былі лядоўні з “Лідскім” квасам і марожаным “Каштан”! Тут была вадзічка “Дарыда” з араматам яблыка ды лайму, а таксама без яго. Тут былі тры тыпы тушонкі! Кансерваваныя шпроты, печань траскі, салака ў тамаце, кальмары ў алеі! Замарожаныя ракі! Філе крабаў! Пласціны зледзянелага ласасінага філе! Марынаваныя ў воцаце в’етнамскія гурочкі! Чыпсы (на цэны лепей не глядзець, тут я міжволі паглядзеў ды страціў мову: “20 цнк”). Узмоцнены металічнай арматурай стэнд з сапраўдным алкаголем: круглякі “Араспелу”, гранаты “Версаляў”… Ля гэтага стэнду цэтлікаў з цэнамі не было: настолькі дорага, што адпускаецца паводле дамоўленасці.

У бачку месціліся сунічныя шампуні “Беліта”, какосавыя бальзамы “Ліў Дэлана”, абагравальныя крэмы “Белбіяфарму”, ды гелі-крэмы для душа з водарам тых раслін і пладоў, пра смак якіх цяпер папросту не прыгадвалася. Яшчэ далей ішлі вешалкі з вопраткай: навюткай, не паношанай, так званы “first hand”. А ў цэнтральным шэрагу велічны, нібы паганскі камень, узвышаўся аўтамат з кавай. Праз шкляны заднік было бачна сапраўднае зерне: карычневыя крупінкі чакалі, калі іх расцісне кавамолка, каб прыгатаваць “эспрэса”, “рыстрэта” ці “амерыкана”: усе тры кнопкі меню былі падсвечаныя блакітнымі агеньчыкамі. Дзіва было працаздольнае! Шыльдачка наверсе паведамляла, што за эспрэса давядзецца выкласці “10 цнк”. Я заплюшчыў вочы ды прыдаў цягучую духмяную вадкасць у белым керамічным кубку. Два глыткі, толькі два глыткі духмянай карамелі: адзін, каб прачнуцца, другі — каб задумацца. Палец сам націснуў на пімпачку. Аўтамат віскнуў, паказваючы, што вось-вось пачне малоць маю каву, але на маніторчык усплыў подпіс: “Працуе па жэтонах. Жэтоны на касе”.

Тым часам за прылаўкам абазначыўся рух: бамбукавая заслонка, што адгароджвала гандлёвую залу ад прыватнай прыцемненай прасторы адхінулася. Да мяне выйшла сівая жанчына: пастава арыстакраткі, спагадлівыя вочы, маршчыністы твар. Карусель навучыла мяне хутка рабіць высновы: тут — “Мумі тролі” ў дзяцінстве, Джойс у юнацтве, Кафка ў маладосці, першы пацалунак на тле “Маленькага Буды” Берталучы, чаканне “Маленькага Прынца”, няўдалы першы сексуальны вопыт пад Бродскага, каханне з Памукам, сям’я з Бёлем (муж — старэйшы). Але нешта не складвалася. Нейкія страшнавата добрыя вочы. Што там у іх? “Чайка па імені Джонатан Лівінгстан”? Рон Хабард? “Дыянэтыка”? Сан Мён Мун?

Я схіліў перад гаспадыняй галаву ды абраў для вітання нейтральна-красамоўнае: “Кланяюся яснавяльможнай пані …” — з гэткім шматкроп’ем напрыканцы падчас вымаўлення, заахвочваючы жанчыну назвацца. “Яснавяльможнасць”, якая спрацавала некалі з сакратаркай Бурмістра, мегерыстай Магдаленай, мусіла даць плён і тут.

— Бог вам у сэрца. Я — маці Таццяна, — запоўніла яна шматкроп’е. — Маці каго? — найменне было незразумелае, і таму я крыху па-ідыёцку зрэагаваў. Гердачка тым часам клацала кіпцюрыкамі ў аддзеле вопраткі, зацікаўлена абнюхваючы рыбацкія курткі і гумовыя боты. Мая суразмоўніца чула скокі, але сабачку не бачыла. — Маці Таццяна, — мякка паправіла мяне гаспадыня, пільна ўглядаючыся ў шэрагі куртак і вежы мехавых шапак. — Вельмі прыемна! Я — Кнігар! Іду з Грушаўкі на поўдзень.

За Маці Таццянай была бачная галерэя фаўст-патронаў з цёмнага шкла. Яны былі закаркаваныя саматужна: выплаўленай на агні пластмасай. На найбліжэйшых да мяне бутэльках можна было пабачыць амаль аднолькавыя намаляваныя ад рукі этыкеткі. “Чарнілы “Валерыя Восені” 5 цнк за 0,75”, — паведамляла таблічка з цэннікам. Крама пры запраўцы была месцам настолькі цывілізаваным, што тут нават навучыліся брэндаваць брагу.

— Пашчасціла вам з электрычнасцю, — шчыра сказаў я, азіраючыся вакол. — Бог даў нам вятрак, — яна знайшла сваю версію слова “пашчасціла”. — І вецер, які рухае вятрак. І буйны аптовы склад, на маразільнікі якога хапіла энергіі. Паўсюды пануе ціша, а наш генератар не спыняецца. Гэта Божы цуд! — яе вочы зрабіліся яшчэ дабрэйшымі. — Добра, што вас не разрабавалі, — я даволі даўно ўжо не бачыў рэлігійных людзей і таму не ведаў, як паводзіцца, у які дакладна момант пачынаць жагнацца. — Гэта сіла нашай веры, — запэўніла маці Таццяна. — І зусім крышачку аўтарытэт братэрства “Аўтаз”. Яны сочаць, каб Божаму цуду не заміналі. Усе рабаўнікі ў пусташах ведаюць, што браты з намі, то стараюцца нам дапамагаць у імя славы Гасподняй.

Тут з-за адзежы дзелавіта паказалася Гердачка. Вочы гаспадыні запраўкі зрабіліся яшчэ цяплейшымі.

— Як завуць вашага сябра? — запыталася яна. — Гэта — Герда. Мая сабуля. — Нехта здолеў яго параніць? — крышачку незразумела паставіла пытанне маці Таццяна. — Герда трапіла ў пастку. Нейкі гад выставіў у хаце пастку. А мы зайшлі пераночыць. Вось Гердачка і траўмавалася. — Вельмі прыкра, — жанчына пахістала галавой. Яе вочы выпраменьвалі любоў. — І што, у параненым стане ён не можа перакінуцца? — У сэнсе? — яна размаўляла нейкімі загадкамі. — Пакуль на ягонай лапе рана, ён не можа зрабіцца чалавекам. Такім, як вы? Гэты ваш сябар, — яна сцвярджала, а не пыталася. Я быў пачаў сумнявацца, ці Герду мае на ўвазе гаспадыня. — Гэта — мая псюля. З якой я жыў і да Зацямнення. Яе завуць Герда. Самы звычайны сабачка, стараваты, праўда.

Я спалохаўся, што сівая жонка абразіцца ўзгадкай узросту. Складана іх зразумець, гэтых рэлігійных. Але яна выглядала зачараванаю нашай кампаніяй. Не змяняючы выразу на твары, маці Таццяна рассунула мехавыя адвароты свайго кабату, агаляючы вялікі залаты крыж. Зрабіўшы гэта, яна пільна паглядзела на мяне. Мне нават падалося, што яна чакала, што я завойкаю ды задымлюся.

—А што вы вось зараз мелі на ўвазе? — запытаў я, праганяючы павіслую ў паветры нязручнасць. Тая ўзняла бровы, ці то не разумеючы, ці то робячы выгляд, што не разумее. — Мне проста падалося, што вы на мяне гэты крыж агалялі.

Маці Таццяна фыркнула са складаным выразам на твары, які можна было зразумець і як расчараванне маёй праніклівасцю, праяву незадаволенасці тым, што крыж не спрацаваў, так і знак таго, што яна — нармальная верніца, таму глупствамі ў стылістыцы нуар-фільмаў пра вампіраў ніколі не займалася.

— Проста што я хацеў бы сказаць, маці Таццяна, — засакатаў я, бо нязручнасць зрабілася невыноснай. — Я — звычайны чалавек. Іду з Грушаўкі. Тыпу бежанец. А гэта — мая сабулька. І яна не перакідваецца нікуды. Яна не робат-трансформер. То бок, можа быць і перакідваецца, пакуль я сплю, але, прачнуўшыся, я ніколі не бачыў яе ў выглядзе, адрозным ад яго існага. Хаця, можа, і парадаваўся б, каб яна была прыгожай дзяўчынай. Не ў тым сэнсе, што я гатовы кахацца з чатырохногімі, але прыгожая дзяўчына — прыемны суразмоўца, а прыгажосць, гэта… Гэта… — я спрабаваў жартаваць, але твар маці Таццяны быццам застыў, не ўсміхаючыся. — Я зразумела, што вы хочаце сказаць, Чараўнік, — паведаміла яна, абдаўшы цеплынёй са сваіх зрэнак. — Чаму Чараўнік? — канчаткова ўстаў я ў тупік. — Вы ж самі сказалі, што вы — Кніжнік. Кніжніцтва, знахарства — я пра ўсё гэта ведаю. Мне пра гэта ўсё сказаў Бог у Святым Пісанні. — Я не Кніжнік. Я — кнігар. Накшталт бібліятэкара быў у Грушаўцы. — І потым вас людзі прагналі, — дапамагла яна, ветліва падаўшыся наперад. — Не людзі прагналі. Сам пайшоў. А зараз там ужо і рабаўладанне. Карацей, вельмі складана ўсё каротка растлумачыць.

Размова перарвалася. Гаспадыня проста глядзела на мяне з мацярынскай любоўю, а я не мог падабраць словы, каб растлумачыць ёй, што мы — людзі. Адчаяўшыся знайсці аптымальны разварот нашай гутаркі, я перайшоў да справы.

— Мне сказалі, што ў вас ёсць медыкаменты. Што могуць адшукацца нават антыбіётыкі. — Вас не падманулі, — яна з гонарам усміхнулася. — У нас найлепшая аптэка сярод пустак. Дзякуючы электрычнасці, мы захавалі ўсё тое, што мусіла даўно сапсавацца. У нас ёсць усе групы антыбіётыкаў, якія могуць спатрэбіцца, адно што цэны, на жаль, нізкімі не назавеш. — І вось, вяртаючыся да маёй сабулі, ёй, як вы бачыце, патрэбна тэрміновая дапамога. То не маглі б вы прадаць нам якіх эфектыўных лекаў? У яе запаленне, я баюся, каб не перайшло ў сепсіс. Ну, і я б яшчэ ежы ўзяў. І, — тут я бездапаможна ўсміхнуўся, — жэтон для эспрэса. — Канечне! — Маці Таццяна горача заківала галавой. — Канечне, дапамагаць людзям і хатнім жывёлам, пазбаўляць іх ад пакутаў, лекаваць іх хваробы ды зажыўляць іх раны — наш абавязак! Але! — яна паглядзела мне ў вочы, і я проста жыватом адчуў, што перада мной — выключна добры чалавек, які знаходзіцца на баку святла. — Але нічога на маёй запраўцы і ніколі — прынамсі пакуль я жывая — не будзе прададзена Чараўніку ды параненаму неўру. — Дзе вы пабачылі неўра? — нервова ўскрыкнуў я. — Ваш сябар — неўр, — канстатавала яна. — І вы — таксама. Неўр Знахар. Гэты — перакідаецца ў чорнага ваўка. Нейкі дабрадзей з Божай дапамогай здолеў параніць яго, хаця звычайна неўры ў ваўчыным выглядзе непаражальныя. І хутка ён здохне, ён ужо ледзь ходзіць. — Вы. Вы… — у мяне нават сеў голас ад крыўды. — Вы нават не ўяўляеце, як вы памыляецеся! Гэта — сабака. Не неўр. І не чорны воўк. Мы жылі ў кватэры на Грушаўцы, дзе я зарабляў здачай кніг у арэнду. У мяне ёсць адмацавальная грамата за подпісам Бурмістра, з пячаткай! — раптам прыгадаў я. Канечне, з майго боку назваць гэты зневажальны дакумент так, было відавочным перабольшаннем. Але патанаючы, ухопішся і за паперу з “дурнем”. — Якая мне карысць ад граматаў, якія вырабляе нячысты? Ад пячатак ягоных і круцельскіх словаў ягоных? — маці Таццяна паціснула плячыма, як бы здзіўляючыся, за якую дуру я — Сатана — яе прымаю.

Трэба сказаць, добра, што Гердачка з нашых словаў не разумела нічога. Паколькі гаспадыня казала спакойна, знешне гэта выглядала як ветлівая размова двух прыязных людзей. Пакуль я падбіраў іншыя аргументы, маці Таццяна, крыху падвысіўшы голас, выракла:

— Набліжаецца час малітвы. І таму я хацела б прасіць вас пакінуць тэрыторыю гэтай крамы.

На спробы залагодзіць гэтую цёцю ў мяне засталіся нават не хвіліны — секунды.

— Чакайце! Чакайце! — я ўскінуў руку і зноўку адчуў на сабе погляд гэтых добрых шэрых вачэй, якія патаналі ў ветлівых зморшчынках. — Чакайце! Вы — цудоўны чалавек, я гэта бачу! Але вы ў сваім разуменні рэальнасці крышачку памыліліся! І давайце згадаем пра Бога! Хіба ён не вучыць вас дабрыні? І літасці? — Канечне! — узрадавана падтрымала жанчына. — Любові да ўсіх стварэнняў Ягоных!

З той паўзы, якая пайшла за гэтым, я зразумеў, што канечне — неўры і знахары да Боскіх дзяцей не адносяцца. Прастора для манеўраў скарачалася.

— Але ж ён добры! Ваш Бог! А вы зараз робіце зло! — Ён — добры і ўславіцца тым назаўсёды! — калі яна пачала разважаць пра Бога, прамяні любові з яе аблічча перайшлі з бліжняга святла на дальняе. — Але Бог бывае не толькі добрым, але і жорсткім, і разбуральным Бог бывае. Ён не толькі лашчыць, не толькі літасцівы, але і выпрабоўвае, і карае, і помсціць. — Бог, які помсціць? — зразумеўшы, што з чалавекам на дальнім святле немагчыма весці гутарку, я аўтаматычна перапытаў, каб лепей разумець, вера ў што дакладна прывяла да нашага выгнання. — І помсціць, і карае, і выпрабоўвае. — Навошта Богу выпрабоўваць? — з сумневам працадзіў я. — Ён што, інструктар па выжыванні? — У Ёвы з зямлі Уц было сем сыноў і тры дачкі, і быў ён самы заможны з усіх сыноў Усходу. І сказаў Сатана Богу, што Ёва праведны толькі праз шчасце зямное. І забралі тады ў Ёвы ўсе грошы, і загінулі ўсе ягоныя дзеці, але Ёва працягваў услаўляць Бога. І захварэў Ёва страшнай праказай, і быў прагнаны з горада, і сядзеў там у попеле ды гноі, саскрабаючы струпы са свайго цела чарапком, і ўсё роўна ўсхваляў Бога. І звярнулася да Ёвы жонка, і заклікала яна аблаяць Бога, і сказаў ёй Ёва: няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а дрэннага не будзем прымаць? І выйшаў тады Гасподзь з буры да яго, і ўзнагародзіў за цярплівасць і адданасць, і нарадзілася ў яго зноў сем сыноў і тры дачкі. І разбагацеў ён удвая ў параўнанні з былым, а Нячысцік пацярпеў паразу.

Я хацеў зазначыць, што Бог, які ў заклад з Сатаной дазваляе забіць дзесяць чалавек, — не той Гасподзь, якому я б маліўся. Але я вырашыў праглынуць рэпліку — гэта яшчэ болей умацавала б яе ў перакананні, што мы — д’яблавы стварэнні. Я моўчкі скінуў з пляча вінтоўку, узвёў куркі ды прыўзняў рулю. Зброя цэліла не ў жанчыну, я наставіў яе на тэракотавую армію пляшак з чарнілам. Тыкаць стрэльбай у бяззбройнага чалавека я не ўмеў і вучыцца гэтаму не збіраўся. Страляць не жадаў нават для дэманстрацыі сур’ёзнасці сваіх намераў. Але нам з Гердай дужа патрэбныя былі антыбіётыкі.

Маці Таццяна сустрэла ўзнятыя рулі яшчэ адной блаславёнай усмешкай. Адчувалася, што калі да гэтага моманту яна і рабіла высілкі, каб трымацца ў рэчышчы сваёй дзівацкай карціны свету, цяпер яе выбар падмацаваўся жэстам агрэсіі, на які добры чалавек ніколі бы не наважыўся.

Гаспадыня выйшла з-за прылаўка, падышла ўсутыч да мяне, узяла рыла дубальтоўкі ў кулак ды ўціснула сабе ў грудзіну, ссунуўшы залаты крыж.

— Давай, Нячысты! Страляй! Я даўно не была на споведзі, бо на зямлі не засталося ніводнага святара, які б яе мог прыняць. Але пакутніцкая смерць даруе ўсе грахі! Страляй, ну! А потым паспрабуй сам знайсці на нашых складах тэтрацыклін і цэфураксім! Тут табе пекла ў дапамогу!

Адступіў на крок і апусціў рулю. Я прайграў гэты бой. Безнадзейным усё зрабілася пасля таго, як я схапіўся за дубальтоўку. Пра што я думаў? Спрабаваў напалохаць? Тую, хто верыць у пекла? І, што самае крыўднае, мае намеры былі незласлівымі. Я шчыраваў не для сябе. Але, як я раптам зразумеў, зло ніколі не дапамагае зрабіць добрую справу. Ніколі.

Чаму, сыходзячы з запраўкі, я не захапіў пару пляшак тушонкі ці хаця б якую салаку ў тамаце? Таму, што прадаць мне прыпасы яна адмовілася. Адбіраць жа сілком было несправядліва — ці акурат не тое ж слова я скарыстаў, каб растлумачыць Цару Гары, чаму не аддам Герду? Калі заклікаць да справядлівасці ў час, як крыўдзяць цябе, і рабіць несправядлівасць, калі нешта патрэбна табе, вартасць гэтага панятку растане ў тваёй галаве настолькі, што наступным разам ты пасаромеешся да яго апеляваць. І хто ведае, што ў цябе адбяруць тады?

Адышоўшы ад ветрака на адлегласць, якая цалкам выключала ідэю туды вярнуцца, я запаліў налобнік і дастаў мапу. Паперчына падказвала, што дарога на Горад Святла справа ад знака “Мерседэса”. Я ж, паверыўшы ўказальніку, пайшоў налева. Мой бацька арыентаваўся ў картах добра, яму дастаткова было кінуць хуткі позірк на атлас аўтамабільных дарог з пальчатніцы нашай машыны, каб зразумець, у які бок выкручваць з Налібок на Стоўбцы. Наша генерацыя спасцігала прастору ўжо метадам дотыку да экранаў GPS-навігатараў. Давялося напружыцца, каб зразумець, што, калі па папяровай мапе ідзеш уніз, твае напрамкі пераварочваюцца.

Калі дзявулька першы раз прысела, я падумаў, што яна проста хоча адпачыць. Я расшпіліў заплечнік, дастаў ейны харч, але яна млява адвярнула пысу. Гердачка хутка дыхала, яе вочы блішчэлі. Я пагладзіў яе па ўзвушшы і прамовіў з педагагічнай інтанацыяй:

— Даражэнькая, калі не будзеш лопаць каціны корм, больш застанецца коцікам. Яны будуць жэрці яго, іхняя поўсць будзе рабіцца болей і болей бліскучай, і аднойчы яны прыйдуць, белыя пухнатыя камячкі пяшчоты, і замуркочуць нас з табой да смерці.

Але сэрца Герды, звычайна чуллівае да ўсяго, што тычыцца знявагі котападобных, не адклікнулася на спробу распальвання міжвідавой варажнечы. Яна глядзела гэтымі сваімі вільготнымі вачыма і як быццам казала: і хай сабе. Я дарую ім усё! Я зноўку пагладзіў яе, і Герда зняможана прылягла жыватом на асфальт. Так, я ўвесь гэты час бачыў, што ёй пагана. Я бачыў, але заплюшчваў вочы на гэта.

Пагладзіўшы яе, даў ёй напіцца цёплай вадзічкі з тэрмасу. Пасядзеў побач, адпачываючы сам. Калі я падхапіўся і паспрабаваў падняць за ашыйнік Герду, яна заскуголіла. Я адмаўляўся верыць, што далей нам не прасунуцца. Мы сядзелі пад зорамі пасярод поля. Ні хаціны, ні адрыны, ні агеньчыка навокал. Для начлегу неабходнае было цёплае месца з ложкам, складзенага не з галінаў і прэлага лісця. Месца, дзе я мог бы перавязаць Гердзіну лапу і прыдумаць, што рабіць далей.

— Гердачка, нам трэба ісці. Да найбліжэйшага жытла, якім бядацкім яно б ні было. Мы не можам сёння ночыць у лесе, — звярнуўся я да яе.

Сабулька гераічна ўзнялася, зрабіла колькі крокаў, спачатку падскокваючы, потым — падвалакаючы лангету. Ды зноўку звалілася, хутка дыхаючы і ўмольна гледзячы на мяне. Я прысеў побач, адной рукой стаў гладзіць яе па баку, другую запусціў пад сваю шапку, накруціў валасы на пальцы, сціснуў пасму ў кулак ды ірвануў так, што на вачах выступіла вільгаць. Далейшы рух быў паралізаваны. Раскручваць павязку тут, сярод бруднага снегу ды талай вады, было б дурасцю. Месца, дзе можна было б гэта зрабіць у адносна спрыяльных умовах у дасягальнасць зроку не трапляла. І ў момант, калі я збіраўся завыць ад роспачы, ззаду пачуўся грукат капыт.

Так, гэта было неабачліва, але я запаліў налобнік і выйшаў на сярэдзіну гасцінца, маючы намер спыніць вершнікаў любой цаной. У галаве заварушылася ваганне, ці не зняць з пляча дубальтоўку і ці не сустрэць коней са зброяй у руках, бо гэта паскорыць камунікацыю. Але пасля здарэння на запраўцы штосьці ўкалола перасцярогай. Не варта кранаць стрэльбу, калі не гатовы з яе страляць. Прылада забойства не дапамагае размаўляць. Гэты ручаёк думак захаваў мне жыццё. Бо, калі б я цэліў у абоз, мяне б завалілі, не збаўляючы хуткасці.

Неўзабаве па гуках я разабраў, што коні ідуць галопам, што іх чатыры, а пабачыўшы ў месяцовым святле чорную пляму, што імкліва неслася мне насустрач, зразумеў, што чэшуць не вершнікі, а дзіўнаваты тарантас.

— Стойце! Спыніцеся! — залямантаваў я. — Прэч! Страляцьмем! — крыкнулі мне ў адказ. Я пабачыў рулю “Калашнікава”, скіраваную мне ў лоб. Другі голас крыкнуў: — Зважай, ён бяспечны! Стрэльба за спінай!

Павозка пранеслася міма, рэзка ўзяла ўправа і спынілася. Скінуўшы са спіны заплечнік і дубальтоўку, я з узнятымі дагары рукамі рушыў да карэты. Тарантас быў зроблены задняй часткай антыкварнага “Гольфа”. Капот з рухавіком, пярэдняя вось з трансмісіяй, сядзенні былі акуратна знятыя з кузава. Ад машыны застаўся толькі кумпяк з задняй воссю, крэсламі ды багажнікам. Калісьці гэты “Гольф” быў двухдзверным, што дазволіла прыварыць да металу пад пасажырскімі вокнамі раму, на якую чапляліся аглоблі. Канструкцыя выглядала зухавата, але надзейна. Хай сабе пад вагой сядзельцаў, яна прасела на амартызатарах амаль да зямлі.

Наперадзе адфырквалася чацвярня коней. Пуга фурмана тырчала побач з пасажырамі на канапе над задняй воссю.

— Вырубі святло! — загадалі з салона і, як толькі я падпарадкаваўся, заляпілі мне ў твар адразу двума светлавымі струменямі. — Гэта ж Кніжнік! — кракнуў з салону хрыплаваты галасок, які падаўся мне дужа знаёмым. — Падобны, — з сумневам адказаў яму другі, маладзейшы і суровейшы. — Што, Кніжнік, мусіў-такі ў скіфы падацца? — з незласлівым здзекам запытаў першы.

У арбе запаліўся дыёдны ліхтар. Ён раскінуў плямы мёртвага бялюткага ззяння па тварах ды адзенні самай дзіўнай кампаніі, якую толькі можна было сустрэць пасярод поля на мяжы паўднёвых пустак, на шляху да Горада Святла. Пасярэдзіне, заціснуты ды скурчаны, сядзеў Бурмістр. Ягоны твар змяніўся з той пары, калі мы бачыліся. Тады ён нагадваў выяву неапазнанага князька з медзяка дзяржавы Ганзейскага саюза. Цяпер аблічча больш нагадвала старызніка, які прыгандлёўвае медзякамі эпохі Ганзейскага саюза на флюмаркеце вестфальскай вёсачкі. Ці нават да аптавіка, які пастаўляе старызніку адціснутыя на найбліжэйшым шроце ды штучна акісленыя мядзяныя манеты для падману турыстаў. Веліч, якой і не было зашмат на гэтым твары, канчаткова развіталася з Бурмістрам. Цяпер я глядзеў у твар камічнага акцёра, які спрабуе сябе ў драматычным амплуа. За Бурмістрам сядзела жанчына, а бліжэй да мяне, з пугай фурмана і “Калашнікавым” — Манька. На ягоным твары было некалькі свежых кровападцёкаў.

— Якія людзі! — я шырока ўсміхнуўся і апусціў рукі, пабачыўшы, што Манька схаваў аўтамат за спіну. — А я прачытаў, што вы ў турме!

Зрабіўшы крок да машыны, я заўважыў, што крышка багажніка ўзнятая, падпертая бліскучымі цыліндрыкамі, якіх было напхана ў кумпяк “Гальфа” вельмі шмат. Выглядала, карэта прасела не толькі праз пасажыраў, але і праз важкі груз. Плямка ліхтара лягла таксама на клятчастую торбу, якая мне падалася вельмі знаёмай.

— Пераварот у нас здарыўся, — прыніжана ўсміхнуўся Бурмістр. — Я думаў, што ўсе людзі за мяне. А яны, аказваецца, увесь гэты час хацелі не дэмакратыі, а моцнай рукі.

Ён кінуў хуткі позірк сабе за спіну, туды, дзе над багажнікам блішчэў нагружаны цынк.

— У людзей ніхто не пытаў. Была дэмакратыя — хацелі дэмакратыю. Настала дыктатура — хочуць дыктатуру, — растлумачыў сваё бачанне падзеяў Манька. — У каго зброя, той жаданні народа і вызначае. — Але свабода! Я думаў, яны будуць біцца за свабоду! — бурмістр няўлоўным жэстам падціснуў крышку, але тая ўсё роўна працягвала сядзець коса, дазваляючы пабачыць груз. — Мусім ехаць, — каротка распарадзіўся Манька. — За свабоду б’юцца толькі тыя, хто яе ўсвядоміў, — сказаў я. — Прыгадайце Касандру. Мабыць, замала свабоды было пры вас, пан Бурмістр. Ці гэта толькі называлася так – “свабода”.

Я паглядзеў на вартага жалю старога за шклом, ды пашкадаваў пра свае жорсткія словы. Як асоба ён склаўся яшчэ ў тым свеце. Пасярод хабараў, дзяржплана ды “пяцігодак”. Ён спрабаваў быць лепшым за папярэднікаў. І зрабіў усё, што мог, сваім наменклатурным мозгам. А свабода – гэта не валасы. Яна хутка не вырастае.

Бурмістр замест таго каб тлумачыць сваё разуменне свабоды, проста адхіліўся ў бок. І я пабачыў твар жанчыны, і то была зусім не сакратарка Магдалена.

— Гэта вы? — выкрыкнуў я, але Касандра не пажадала зірнуць у мой бок. — Вельмі нам дапамагла, — пахваліў яе Бурмістр. — Па ўласным жаданні зрабілася нявольніцай Намесніка, скрала ключы ад турмы. А ты кажаш: “свабода”.

Я міжволі зыркнуў на цынк у багажніку.

— Трэба ехаць. За намі пагоня, — падганяў грамаду Манька. — Мы як ад фермы выехалі — увесь час нервуе, — рагатнуў Бурмістр. Усё яму нейкія коннікі мрояцца. — Маю да вас заклік. У мяне паранены сабака. Ён не можа крочыць далей. Калі ласка, падкіньце да бліжэйшай вёскі! — я малітоўна склаў далоні ля грудзей.

Яны пераглянуліся. Першым адмоўна пахістаў галавой Манька. Ён нават не стаў нічога тлумачыць. А Бурмістр узняў рукі і маляўніча развёў іх па баках. Інакш гэты жэст не атрымаўся б эфектным — ягоныя локці былі заціснутыя іншымі пасажырамі.

— Ну, ты сам бачыш! — сказаў ён. — Мы ўтрох тут сядзім. Ледзь уціснуліся. Я нават удыхнуць як след не магу. Еду падціснуўшы жывот. Няма месца, хлопча. Проста ну аніяк! — Сабака памрэ! — не стрымаўшыся, крыкнуў я. — Гердзе вельмі блага! Можа, мы хаця б на каня спераду неяк ускараскаемся! — Ды ты што! Без сядла! — завойкаў Бурмістр. — Немагчыма! — Імчым хутка. Каб рыссю яшчэ. А ў нас галоп. Праз тры крокі заб’яцеся, — Манька ўжо прыняў рашэнне і не збіраўся яго пераглядаць. Ён павярнуўся да мяне, і я адзначыў, як змянілася ягонае аблічча. Праз перанесенае выгнанне, ён як быццам падурнеў: бровы ўвесь час былі наверсе, і пабоі толькі падкрэслівалі гэты прасцецкі выраз. — За намі выйшлі. Я чую. Хутка нагоняць. Ты з дарогі збочвай лепш. Ідзі па сцежках. А то і цябе раздзяруць, і сабаку разбяруць.

Касандра нічога не адказала на мой запыт, працягваючы ўзірацца ў цемру. Расшпіленая шубейка, футраны кафтан. Белыя валасы, чорныя бровы. Бедная, бедная Касандра.

— Болей чакаць не можам! Да пабачэння! — ён шчоўкнуў хлыстом у паветры, і коні ірванулі з месца ў алюр.

Я пастаяў пад зіхоткім небам, звыкаючыся з думкай, што дапамогі чакаць больш няма адкуль. Што нават deus ex machina, узняты на сцэну рукой нябачнага рэжысёра, толькі што знік наперадзе, вырашыўшы не дапамагаць мне. Таксама я адзначыў, што калі Манька выпраўляў мяне, бяззбройнага, у пусткі на смерць, ён вырашыў не казаць мне “да пабачэння”. Зараз жа, упэўнены, што на смерць ляціць ужо ён сам, вырашыў кінуць гэтае ветлівае развітанне. Як быццам яно магло прывязаць яго да свету жывых. Як быццам бы яно ад чагосьці наогул аберагала. Я пастаяў ля Герды — яна сапла, лежачы на баку. Калі я крануў яе — адкрыла вока і жаласліва віскнула, паказваючы, што нікуды ісці не здатная. Тады я накінуў заплечнік на спіну, асцярожна падняў сабулю і паклаў яе на плечы, нібы ягня. Потым паспрабаваў узняцца, абапіраючыся на дубальтоўку. Выйшла не адразу.

Герда не была вялікім сабакам. Але важыла роўна тыя дваццаць кілаграм, што, накладзеныя на ўжо нагружаную спіну, рабілі рух наперад фізічна немагчымым. Я збочыў з дарогі і ледзь перастаўляў ногі, цягнучыся па ледзь бачнай у месяцовым святле сцежцы. Але я ўсведамляў, што далёка так не прасунуся. Вага ўціскала мяне ў зямлю, падымаць ногі было складана, нават абапіраючыся на прыклад вінтоўкі. Страшэнна балела спіна і чамусьці калены, якія не вытрымлівалі нагрузкі. Я прысеў на паваленае дрэва адпачыць, адолеўшы менш за кіламетр. Надраў яловых лапін, паклаў сабулю на зялёную падушку. Вады ў тэрмасе заставалася на два глыткі, і я ўліў іх у гарачую Гердзіну пашчу.

Відаць, у чалавека ўсё ж ёсць нейкія не згадныя ў падручніках анатоміі органы пачуццяў, бо, калі я зноў пачуў цокат капытоў па асфальце, штосьці ўтрымала мяне ад таго, каб ажывіць налобнік ды выйсці на дарогу. Замест гэтага я выхапіў стрэльбу ды, хаваючыся паміж хвояў, наблізіўся да прагалаў, адкуль быў бачны асфальт. Асцярожна клацнуў рычажком, пераламаў рулю, пераканаўся, што ў кожны ствол забіта па патроне. Пасля схаваў бялявыя плямы далоняў глыбей у рукавы ды прыхінуў цёмны каўнер да твару. Суцішыўся і пераўтварыўся ў слых: рухалася не павозка, а асобныя коннікі. І іх было шмат — такі цокат магло ствараць цэлае войска.

Першая двойка пранеслася паўз мяне хутчэй, чым я мог паспець разглядзець іх постаці. Яны імчалі наперад, бы чорныя вялізныя птахі, — значна спрытней за гружаную цынкам ды трыма пасажырамі арбу. За імі разыходзілася хваля патрывожанага ляснога паветра, і я ўнюхаў моташлівы смурод. Гэты водар не зблытаеш ані з чым: так смярдзіць толькі мярцвячына. Я ўпершыню адчуў гэты пах, калі прыйшоў на пахаванне тапельца, які за тыдзень да таго быў маім аднакласнікам. Яго знайшлі позна, таму клас не вытрымаў доўга каля труны. Пасля ягоная маці старанна клікала нас на жалобную вячэру і, здурнелая ад гора, абяцала нейкія “калдуны з мясам”, але я яшчэ тры дні мог піць толькі ваду. Зараз гэты пах быў побач, і прынеслі яго гэтыя чарнявыя птахі, што несліся наперад.

За першай двойкай пайшла другая, і тады ў маладзіковых водблісках я выразна разглядзеў іх абрысы. Галовы — у два разы большыя за чалавечыя, вянчаліся вострымі трохкутнымі вушкамі, як у свіней. Абледзянеўшы ад жуды, я ўглядаўся ў наступныя пары вершнікаў, і вока выхоплівала ўсё болей падрабязнасцяў: разяўленыя лычы з частаколам няроўных зубоў, крывыя зморшчаныя пятакі, з некаторых пашчаў высунуліся языкі, што рухаліся ў такт падскокам.

Смярдзючая працэсія ўсё цягнулася: нежывыя ішлі парамі, і было іх некалькі тузінаў. Яны не перамаўляліся і не азіраліся. Не соўгаліся ў сёдлах. На спінах некаторых блішчэлі перакладзіны двухручных мячоў ды рукаяці вялікіх секачоў для разбірання туш. Некалькі галоваў былі звернутыя ўбок і ўніз, як быццам іх часткова адсеклі ад целаў. Гэта выглядала надзвычай непрыемна. Мяркуючы з памераў галоваў, кноразы былі здаравенныя: форма целаў скрадвалася плашчамі, шырокімі накідкамі ды цемрай. Падалося, у некаторых было нешта кшталту чалавечых ног. Бо коні былі азначаныя страмёнамі, у якіх штосьці было прасунутае. Але капыты я не разглядзеў, як ні ўзіраўся.

Можна было б сказаць, што я не ўзняў рулю, не пацэліў ды не стрэліў наўздагон аднаму з свінюкоў праз тое, што ў мяне было толькі два набоі з карцеччу. Толькі тое, што ў патронніках. Апошні прыпас ляжаў у заплечніку. І, нават калі б я пацэліў у аднаго ці двух вершнікаў, за час, які спатрэбіўся б мне, каб дабегчы да плецака, расшпіліць яго, дастаць патроны, зарадзіць ды працягнуць бой, мяне б пакрышылі на шопскую салату. А адразу за мной — яшчэ і ні ў чым не вінаватую Герду. І я б не толькі не дапамог тым, каго пераследавала моташлівая пагоня, але і спрычыніўся б яшчэ да дзвюх смерцяў. Гэта прыгожае, але вельмі ліслівае для мяне тлумачэнне.

Я не пачаў страляць проста таму, што быў страшэнна, да здзервянення, перапалоханы. Мне было млосна — і ад паху, і ад відовішча. Я зніякавеў настолькі, што, нават захацеўшы, не здолеў бы ўзняць стрэльбу ды трымаць яе роўна. Да таго ж, акрамя разважання пра адсутнасць прыпасаў, тут было яшчэ інтуітыўнае пачуццё марнасці страляніны па нежывым. Тое, што памерла, немагчыма забіць — гэта ўжо не логіка, гэта інстынкт. Яны зніклі, і тупат сціх, а я стаяў, прытуліўшыся да хваіны і дыхаў праз раз, ціха-ціха, толькі каб яны не пачулі. Потым адхіліўся ад дрэва, з якім ужо быў зросся, ды, намагаючыся не шумець ламаччам пад нагамі, вярнуўся да Герды. Яна сустрэла мяне трывожна ўзнятай галавой. Сабуля ўзіралася ў цемру вільготнымі ад ліхаманкі вачыма, я пагладзіў яе і супакоіў: “Не бойся, гэта аптавікі павезлі на Горад Святла сапсаваныя каціныя кансервы, якія ты не ясі! Вось і смурод”. Пасядзеўшы крыху і ўпэўніўшыся, што цокату болей не чутно, я зноўку асцярожна ўсклаў сабулю на плечы паверх плецака і пакрочыў, абапіраючыся на ружжо.

Я паспеў заўважыць, што праз даўгія пераходы пад цяжарам на маім паліто пачалі распускацца швы. Падпахамі — там, дзе былі лямкі заплечніка, — з’явіліся дзюрачкі. Я думаў, што трэба знайсці голку з ніткай, ці нават не так: што, дацягнуўшыся да паселішча, варта на гэтую драбязу не забыцца.

І тут наперадзе пачуліся раскаты аўтаматных чэргаў. Над лесам узляталі светлавыя адрэзкі трасераў, асядалі плаўнымі дугамі, паспяваючы згаснуць у паветры да сутыкнення з зямлёй. Гэта нагадвала святочны феерверк у гонар дня народзінаў. Але праз паўхвіліны далятала буханне аўтаматных стрэлаў ды змяінае сакатанне, якое ўтварала куля, разрываючы паветра. І рабілася ясна, што там, наперадзе, не петарды ў неба запускаюць, што там адбываецца нешта адваротнае святу дня нараджэння. Бой цягнуўся з хвіліну. Чэргам “Калашнікава” адказвала моўча. Пасля запанавала мёртвая цішыня.

Я сцішыўся, намагаючыся рабіць лягчэйшыя крокі, у чаканні, што зараз хеўра казлакапытых вернецца, каб пранесціся паўз нас у кірунку да ўваходу ў пекла, з якога з’явілася. Але свінагаловыя зніклі. І тут было хіба тры варыянты: ці то Манька перастраляў іх, ці то яны вярталіся праз іншы гасцінец, ці то засталіся пры целах забітых, каб банкетаваць чалавечай свежанінай. У любым выпадку трэба дбаць пра асцярожнасць і не набліжацца да дарогі. Я зрабіў тры прыпынкі, штораз не адольваючы і кіламетра, калі адчуў, што мой завод скончыўся. Што ўсё, болей я не здольны зрабіць ні кроку. Спатыкаючыся, надраў сухой папараці, накідаў яе горкай на сфагнум і прылёг побач з сабуляю, адразу праваліўшыся ў хуткі сон зняможанага жаўнера.

Прахапіўся з разуменнем, што маё маруджанне забівае Герду, што я папросту не маю права на адпачынак, пакуль не адшукаю дах над галавой, ложак і чыстую ваду.

Але ў сне, як гэта бывае, адшукалася выйсце з сітуацыі, што падавалася тупіковай.

Расшпіліўшы пляцак, я пачаў жменямі выграбаць цынк. Скідваў сотні патрончыкаў — запас, які гарантаваў бы ложак у паселішчах на многія сненні, — у бруд пад нагамі. Будзем як птушкі нябесныя, якія не сеюць, не жнуць і не збіраюць у жытніцы. Хай дарога корміць нас. Грошы правальваліся ў мох, каціліся ў зарасці папараці, збіраліся ля сухога голля, пераўтвараліся ў срэбнае азярцо на сцяжыне. Вось жа пашчасціць камусьці! Я пазбаўляўся таго, што так дбайна збіраў, рыхтуючыся да дарогі. Збіраў, думаючы, што без цынку ісці праз цёмны свет немагчыма. Расставацца з багаццем трэба хутка, каб не паспець пашкадаваць. Я выкінуў болей за палову запасаў, зрабіўшы заплечнік лягчэйшым на дваццаць кілаграмаў. У невялічкім ляску пры дарозе засталося блізу дзвюх тысяч батарэек. Пакінуў каля тысячы: мусіць хапіць на самае неабходнае.

Пасля закінуў аблегчаны пляцак на спіну, далікатна паклаў на плечы сабулю і пругкай хадой пакрочыў наперад, ні разу не азірнуўшыся. Па ходзе ўзняў дубальтоўку, абцёр прыклад крысом паліто, збіваючы бруд і наліплае ссохлае лісце, і закінуў зброю за спіну — больш няма неабходнасці абапірацца на гэтую мыліцу. Герда трымалася малайчынкаю, балансуючы пры кожным руху, як парны цыркавы эквілібрыст. Але ад яе лапы, што маячыла каля майго носа, патыхала хваробай. Зараз мы куды-небудзь дойдзем.

Выбраўшыся з лесу, сцежка павяла праз поле, дзе снегу амаль не засталося, бо ён споўз у лагчыны. Коўдра аблокаў перасунулася за маю спіну, агаліўшы Арыён. Сузор’е нагадвала вялізнага пакемона Пікачу, які бяжыць наўскач, раскінуўшы свае канечнасці, вушы і хвасты. Гледзячы на зоры, я ледзь не спатыкнуўся на бялявы шар, што трапіўся пад ногі. Я прыглядзеўся да яго і пабачыў вуха. Чалавечае, злёгку адтапыранае. Яшчэ не разумеючы, з чым маю справу, я, пераварочваючы яго, паддзеў мяч нагой і пазнаў у ім адсечаную галаву Манькі. Адно вока ваяра было заплюшчанае, другое з цікаўнасцю ўзіралася ў нябеснага Пікачу. Я не адразу намацаў пстрычку ўключэння налобніка. Крыві вакол не было, яна вылілася ў палёце. У раскрыты рот набіўся бруд, да шчакі прыліп стары недапалак са збялелым фільтрам — з тых часоў, калі вандроўнікам яшчэ было што паліць. Я праціснуўся праз нізенькі хмызняк на асфальт побач са сцяжынай.

Пабачыўшы россып бліскучых цыліндрыкаў, я спачатку падумаў так: хто гэта паспеў перанесці рассыпаны мной цынк ажно сюды? Потым, прыглядзеўшыся, зразумеў, што гэта не батарэйкі. Гэта стрэляныя гільзы. За некалькі крокаў ад узбочыны ляжала абезгалоўленае цела ў чорным, каля яго — “Калашнікаў”. Я павольна, каб не турбаваць Герду, нахіліўся, падабраў аўтамат і вышчаўкнуў магазін — пусты. Пацягнуў на сябе скабу — у патронніку нічога не засталося. Манька абараняўся да апошняй кулі і загінуў стоячы.

Два цёмныя мяхі на зямлі непадалёк я апазнаў як цела Бурмістра. Разарванае надвое. Два даўгія крывавыя кавалкі, накрытыя вопраткай. Твар меў такі выраз, быццам смерць заспела Бурмістра за пераконваннем набыць фальшывыя ганзейскія медзякі па надзвычай выгоднай цане. Вусны выцягнутыя трубачкай — я не здзіўлюся, калі ён напраўду спрабаваў дамовіцца з поскуддзю, што напала на бяззбройнага ў цемры. Я не хацеў бачыць, што яны зрабілі з Касандрай, але трапіў на яе міжволі, калі ішоў назад да сцяжыны. Яе забілі адным ударам у сэрца, і яна канала напаўседзячы, на кусце ядлоўцу. Расшпілены футраны кафтан. З барвовай ружай, што распусцілася пад прыгожымі грудзямі. Твар захаваў той крыху абыякавы выраз, з якім яна аглядала маю кватэру ў Грушаўцы. Яна не спрабавала ўцячы ад нападнікаў, сустрэўшы свой кон гэтак жа скорана, як сустракала чарговага гаспадара свайго цела. Я не мог спыніцца, каб арганізаваць развітальнае вогнішча для памерлых, бо мусіў дапамагаць жывому.

Іх тарантас знік, што не дзіўна, бо інакш транспартаваць той вагон цынку, які вывезлі з сабой уцекачы, было б немагчыма. Дзіўна было, што пякельным стварэнням, якія смярдзелі мярцвячынай, у прынцыпе спатрэбіўся цынк. Што яны збіраліся купляць? Нявінныя душы? Зброю для войска зомбі?

Неўзабаве давялося паскорыць хаду, бо я пабачыў наперадзе спачатку шыферныя дахі сялянскіх хацін, а потым — вось цуд! — яшчэ і далёкія агні жывога паселішча. Стала зразумела, чаму вока так узрадавалася, у першы раз угледзеўшы вызваленыя з-пад аблокаў зоры і маладзік. Для таго, хто вандруе скрозь цемру, плямкі святла азначалі хуткую сустрэчу з людзьмі. Ці не адсюль узнікла спрадвечнае хваляванне, з якім старажытныя людзі прыглядаліся да цёмных нябёсаў? Калі нешта свеціць, значыць там нехта жыве. Хтосьці чакае нас, заблукалых у космасе.

Дарожны знак ля вёскі быў традыцыйна скрадзены, затое пад указальнікам быў масіўны камень. Клапатлівая рука старадаўняга мастака намалявала на ім хваіну (рудая палка з зялёнай шчоткай наверсе), бярозку (белы ствол з чорнымі рысачкамі), вожыка (яго апісаць складана, але гэта дакладна быў вожык) ды бусла, пазнаць якога можна было па чырвонай дзюбе, якая атрымалася настолькі даўгой, што выходзіла за плячо каменя. Пад усім гэтым хараством быў слоган:

“Не дапускайце ў лесе пажар: тушыць агонь – дзяржаве цяжар”.

Ужо знаёмы нам з Гердай аматар радыкальнага экспанавання і дасціпных тэгаў дамаляваў буслу белы чубок, адным росчыркам балончыка ператварыўшы яго ў чаплю. Не ведаю, якая ў гэтым была задума. Паверх пейзажу ён вывеў назву паселішча, якая гучала па-індуісцку:

“Элеватары”

Вёска была мёртвая. Спарахнелыя драўляныя хаціны, крывыя стрэхі. Адзіная прыкмета заможнасці — на дамах дбайных гаспадароў замшэлы шыфер пафарбаваны чырвоным, “пад дахоўку”. Паедзенае шашалем бярвенне, з якога складаліся і хлявы, і жылыя дамы. Крывыя лавы, паваленыя драўляныя платы. Драты электрычнасці правіслі паміж слупамі, як аснастка на закінутым галеоне, што блукае па бязмежным акіяне, а заселены толькі прывідамі. Разруха сюды, на ўсход, прыйшла задоўга да Зацямнення. Да ліхтарнай мачты на рагу быў прыкручаны ліст пластыку. Я запаліў ліхтар, каб прачытаць:

“Аўталаўка 13:00-13:15 кожны. другі аўторак месяца”

Значыць, уласнай крамы ў вёсцы не было, і час ад часу сюды заязджаў грузавік, прывозячы самае неабходнае. Цікава, ці заўважылі жыхары Элеватараў прыход апакаліпсісу? Альбо для іх усё засталося гэтак жа, як і было? Раней у іх не ставала грошай, потым — цынку. Раней харч не было на што набыць у вандроўнай аўталаўцы, пасля — у караваншчыкаў.

Тут было вільготна: паўсюдныя лужыны, узбочыны ўздоўж дарогі складаліся з набрынялай вадой гліны, у каляінах — ручаі, быццам снег толькі растаў і не паспеў усмактацца. Я не хацеў нават спрабаваць лезці ў якое-небудзь жытло счарнелай вёскі, каб не спазнаць на ўласнай скуры, як выбудоўвалі абарону сваіх халуп людзі, здольныя жыць у такіх умовах. Да таго ж, частка хацінак дагэтуль магла быць заселенай: павінныя ж дзесьці ночыць людзі, якія гуртаваліся ля агнёў, што зіхацелі за весніцамі. Адтуль даносілася гітарнае брыньканне. Тры акорды паўтараліся зноў і зноў. Яны, падавалася, настолькі добра пасавалі гэтай рэчаіснасці, што ўзнікала падазрэнне, ці не стварае іх сама тканіна сусвету шыферных дахаў і занядбаных слупоў. Смагарадавая зорка пульсавала ў нябёсах, як страбаскоп на дыскатэцы, часам трапляючы ў такт акордаў, часам не.

Тры акорды — гэта адначасова і мелодыя, і рытм, і стрыманая весялосць, і мужчынская невымоўная туга. Пад гэткі акампанемент я прашпацыраваў па вулачцы, прамінуў колькі цагляных дамкоў аграгарадка, разрабаванага сялянамі яшчэ тады, калі рабаваць не было трэндам, і наблізіўся да бетоннай агароджы, што хавала за сабой і музыку, і агні.

Я думаў пабачыць узмоцненую браму з узброенымі ахоўнікамі, але плот можна было пералезці ў любым месцы. Уваходу як такога не было, як і вартавых. Там-сям з боку вуліцы бетонныя блокі былі паваленыя, і ў прагалы свабодна мог заехаць запрэжаны коннай парай воз. Ля кожнага з прагалаў быў подпіс вугалем: “Млын”, “Сілас”, “Лесапілка”, “Пякарня”, “Вагавая”, “Сушылка”. За агароджай — шырокі двор, пасярод якога палала вогнішча. Па цэнтры была высачэзная пабудова, якая болей нагадвала драўляны палац, падпёрты шарэнгай срэбных купалаў вышынёй з пяціпавярховы дом. На палацы і гаспадарчых прыбудовах мітусіліся налобныя дыёднікі працоўных, акно над уваходам было асветленае зіхоткімі пробліскамі свечак. Структура нагадвала калгасны мехдвор, што ператварыўся ў феадальнае паселішча.

Я зрабіў колькі крокаў усярэдзіну, чакаючы, што мяне аклікнуць, патрабуючы заплаціць за ўваход ці назваць мэту візіту. Але ніхто не звярнуў на мяне ўвагі. Ля вогнішча сядзела некалькі мурзатых хлапцоў і дзяўчат у хустках. Чорт с запэцканым сажай тварам граў на гітары. Мажны дзядзька запякаў на бляшаным падносе свежыя праснакі. Яны пахлі так, што мой жывот адразу пачаў падпяваць тым тром акордам. І спяваў ён “Авэ Марыя”, не інакш. Калі я быў за некалькі метраў ад грамады, гітарыст адкашляўся і пачаў раўці хрыплым голасам, які, падавалася, быў гэтак жа разладжаны, як і гітара:

Танечка ішла ў поўнай цемры, Дзімон яе сантэхнікам рабіў, Сёння так спяшаўся на свіданне, Люк калізацыйны не закрыў.

Кухар зняў з бляшанкі праснакі і раскідаў іх слухачкам. Спявак працягнуў хрыпець, хлопцы слухалі з ухвальнымі тварамі:

Цокалі абсцасы па панэлі, Мазала памадаю вуста, Месяц ён чакае сваю Таню, Дзімка, завядзі сабе ката!

Усе зарагаталі. Прыглядаючыся да абліччаў, я не пабачыў нічога, датычнага майго свету. Ні Тома Соера. Ні О’Генры. Ні Ільфа з Пятровым. Іх не закранулі кніжныя веды, і менавіта таму яны ўсе былі абсалютна не зразумелыя для мяне.

— Вунь, глядзіце, які красавец да нас прыйшоў! — дзяўчына зрабіла націск на “е” — А што гэта ў цябе за тыгра на грудзях? — спытаў мурзаты хлопец, і ўсе зноў зарагаталі. — Яркага Месяца, — манерна павітаўся кухар. Пярэдняга зуба ў яго не было. — Добрай ночы! — нахіліў галаву я. — Я — вандроўны, мне трэба адпачыць і набыць лекаў. Я не сустрэў аховы, то прабачце… — Няма ў нас аховы! — засмяяўся той, што з гітарай. — У нас Зінка ахова! — падхапіў другі. — Брыкае горш за каня! — Хочаш хлеба? — кухар трымаў на лапатцы свежаспечаны праснак.

Я заківаў галавой, асцярожна зняў сабулю, паклаў на цёплы, прагрэты вогнішчам камень. Вяскоўцы ўважліва сузіралі мае маніпуляцыі. Яны бачылі, што сабачка хворы, але ўсё ж знайшлі і тут нагоду для кпінаў і весялосці.

— Што, Зінка, Пятрок гэтак цябе на плячах не носіць? — Не зайздросці, Зінка! — Зінка, найміся да Петрака сабачкам! — Вось дазвягаецеся ў мяне зараз. Брыкну так, што зубы пасыплюцца! — весялілася Зінка.

Грамада зноўку выбухнула смехам. У маіх далонях апынуўся кубачак з салодкай гарбатай і духмяны хлябец. Чаўкаючы, я спытаў:

— Я з Грушаўкі іду. На паўднёвы ўсход. А што тут за месца? — Былы раённы элеватар, — я быў занадта заняты ежай, каб заўважаць, хто з іх адказвае. — Дваццаць тысяч тон зерня. — Мы — хлебаробы. — Хлебападробы! Бадзяжым муку з апілак! —зрабілася зразумелым, навошта ў плоце быў асобны праезд на “лесапілку”. — Не слухайце дурня! Рабіць эрзац — складаная навука! — Картапляныя лушпайкі ты забыў? А расцярушаную грэчку? — Мы кормім цёмны свет! — У нас таму і аховы няма, што нас захопліваць няма сэнсу, — кухар быў найбольш самавіты з іх. — Не перавернеш зерне ў час — згніе, ці перасохне, ці завядзецца спарыння, дык патруціш усіх, хто набывае муку.

Я прыкончыў праснак настолькі хутка, што ўсе аж прымоўклі. Я чакаў, як да забавак будзе павернуты мой апетыт.

— Колькі ж ты не еў, хлапец? — спытаў гітарыст. — Зінка, глядзі, які згаладнелы! Уяві, як кахацца будзе! Не тое што Пятрок! — жартаўніку нарэшце прыляцела. “Брыкалася” Зінка наводмаш цяжкай жменяй ды адразу па храпе. Гумарыста адкінула ад тых, хто сядзеў ля вогнішча, але ён узняўся з шырачэзнай ухмылкай, якая паказвала, што на гвалт над аўтарамі сальных жартаў тут крыўдзіцца не заведзена.

Кухар ужо працягваў мне новы праснак.

— Не крыўдуй на іх. У гэтай змены першы абедзенны перапынак. Вось і жартуюць. Жаданне пасмяяцца пасля цяжкай фізічнай працы — гэткая ж трывалая рэч, як фаза ў Месяца.

Я грыз духмяную хлебную аладку ды спрабаваў суаднесці гэтую метафару з уласным досведам. Маё разуменне Месяца прадугледжвала, што фазы ўсё ж не трываюць, а хутка змяняюць адна адну.

— Чакайце, — я вырашыў усё ж удакладніць, — а што, там наверсе, увесь час маладзік? Ні ветаху, ні поўні, ні сходу?

Грамада сцішылася, я зразумеў, што з мяне зараз будуць смяяцца, таму вырашыў дадаць для яснасці:

— У нас у Грушаўцы неба зацягнутае аблокамі. Зоры толькі пасля Насамонаў агаліліся. — Ён ішоў праз Насамоны! — гэты выбух вяселля быў прадказальным. — Зінка, адбой! Хлопец табе ўжо не цікавы! Яго там мясцовыя нявесты памялі! — Зінка зноўку занесла вясло сваёй рукі ад пляча, абяцаючы ладную поўху. Але жартаўнік ускочыў ды адбег. — Як сцямнела, Месяц на небе ў адной стадыі, — уступіў голас кухара. — Першая квадра. — Хлопцу адпачыць трэба, — з матчынай інтанацыяй перабіла бадай што самая маладая з кампаніі. — Хай паспіць з дарогі. — Дзе пакладзем? — адразу ж перавёў усё ў практычную плоскасць адзін з хлебаробаў. — Да Зінкі? — запытаў жартаўнік, ды адразу ж атрымаў выспятка ад Петрака. — Грынька-пекар пайшоў на Горад Святла з караваншчыкамі. У яго зараз ложак пусты. — Вось там, пры зернясховішчы, — гуртажытак. Грынькавы дзверы — другія злева. Пакойчык маленькі, але цёпла, — растлумачыў мурзаты. Прафесійную прыналежнасць чальцоў змены было разабраць проста: тыя, што былі ў вугалі, — пекары, тыя, што ў мучной пасыпцы, — млынары, тыя, што ў зерневай пацярусе, працавалі з жытам. — Па лекі да Старшыні зайдзі! — параіла мне маладая дзяўчына. — Вунь уваход, — Пятрок паказаў на зіхоткі праём па цэнтры драўлянага церама. Да яго вялі крута ўзнятыя ўверх драбіны. — Старшыня — на другім паверсе палаца? — удакладніў я, выклікаўшы новы прыступ смеху. — Замка, ага! — Палаца! — Гэта былы КЗС. Комплекс зернесушэння. Адміністрацыйная частка, — растлумачыў кухар. — Сапраўды, выглядае як драўляны палац. — Але адпачні спачатку! — параіла маладая. — Прасначыну яшчэ заглынеш?

Я з’еў бы яшчэ і дзве, але мне было сорамна рабаваць гэтых людзей, занятых цяжкай працай дзеля таго, каб такім ёлупам, як я, было што есці. Таму я падняўся, улез пад заплечнік і акуратна падняў Герду. Ні адзін з іх нават не заікнуўся пра плату за праснак і ложак.

— Колькі я вам вінны? — спытаў я.

Мая фраза выклікала новую хвалю весялосці.

— Навучы Петрака Зінку на гарбе насіць! — Падмяні мяне на змену ў элеватары! — Нічога ты нікому не вінны, — абсек жарты кухар. — Калі да цябе прыйшоў вандроўны — да цябе прыйшоў Бог. Ты мусіш яго накарміць, даць ложак і хлеба ў дарогу.

Ідучы да інтэрната, я думаў, што іх Бог мне падабаецца болей, чым Бог гаспадыні аўтазапраўкі.

Уласна, сам інтэрнат быў прыбудовай да вялікага драўлянага свірна, за якім і змяшчаліся купалы зернясховішчаў. Дошкі тут былі цёплыя, відаць, праз тое, што пад падлогай была жароўня, што высушвала жыта. Калідорчык быў з дзвюх хісткіх сценак. Яны не даставалі да столі, умоўна падзяляючы прастору на аднолькавыя жылыя пакойчыкі. Усе клеці былі незамкнёныя — тут сапраўды жылі грамадой, давяраючы адно аднаму. Адкрыўшы Грынькавы дзверы, я пабачыў невялічкі стол, просты ложак з саламяным матрацам ды рукамыйнік, пад якім замест каналізацыі было пластыкавае вядро. Тут панавала сутонне, а святло адзінага дыёдніка, што асвятляў увесь свіран, ішло зверху, праз адсутную столю. На палічцы над ложкам можна было пабачыць некалькі асабістых рэчаў гаспадара: пластыкавы партрэт прыгажунькі Вівьен Джолі-Сміт яшчэ да другога шлюбу, фанцік ад “Снікерса”, загорнуты так, быццам там быў сапраўдны “Снікерс”, ды фігурку трансформера Мегатрона, што нагадвала пафарбаваны ў чорны камбайн “Гомсельмаш”. У суседняй клеці нехта надрыўна хроп. Ды так, што партрэт кіназоркі тросся. Калі б побач нехта вырашыў завесці камбайн “Гомсельмаш”, храп з-за сценкі дакладна заглушыў бы і рухавік. Мне падалося, што істота, здольная так храпці, мусіць быць памерам з невялікага кіта. Яна не можа змяшчацца на такім вось ложачку.

Я паклаў Герду на коўдру, распрануўся, памыў рукі і, запаліўшы налобнік на максімум, пачаў расшнуроўваць перавязку. Стан сабулі быў сярэдні паміж моцным сном і хваравітым забыццём. Яна рэагавала на дотыкі, але расплюшчвала вочы неахвотна, скуголячы кожны раз, калі я неасцярожна дакранаўся да лангеты. Ад раны смярдзела, і я быў падрыхтаваны да таго, што давядзецца зноўку выціскаць гной. Але сітуацыя была горшая. Поўсць на ступаку зрабілася светла-рудой, адсечаная частка як быццам зменшылася ў памерах. Адмерлыя тканіны ссохліся і счарнелі, запаленне перакінулася на жывую нагу. Некроз агаліў костку, на якой былі заўважныя трэшчыны ад зубцоў капкана. Нават дылетанту было зразумела, што неабходная тэрміновая аперацыя. А пасля — курс антыбіётыкаў. Я сцёр халодны пот з ілба, падклаў пад параненую лапу швэдар, каб не забрудзіць гаспадарскі матрац. Рана, што праўда, ужо не крывавіла: усе вены дэградавалі ці запякліся.

Пакінуўшы стрэльбу ды заплечнік пры ложку, я, прыгаломшаны, выйшаў з клеці. Зрабіў колькі крокаў і вярнуўся за сваім цяжарам са шлейкамі: трэба будзе разлічыцца за лекі са Старшынёй. Я ўяўляў яго негаваркім барадатым мужчынкам у тулупчыку. Імправізацыяй на тэму сустрэтага пры сметніцы Мазая. У Грушаўцы людскія тыпажы паўтараліся, але кожны выгін дарогі вучыў мяне, што ў вандроўцы досвед не мае значэння, чалавечыя заганы і адметнасці не паўтараліся, кожны сустрэты быў нечым адметны.

Прыняты за вежу драўляны дамок з двухскатным шыферным навершам быў збіты з аднаго слоя дошак. Паводле дбайнасці пабудовы ён нагадваў пацешныя зімовыя церамы, што будаваліся падчас Незаўважанай вайны на мікрараёнах для таго, каб дзеткам было дзе пашпурляць снежкамі. Да прыходу красавіка яны рассыпаліся самі, а парэшткі імгненна расцягваліся прагнымі да будматэрыялаў месцічамі. Здавалася, трэба толькі чхнуць як след, і вазоўня перакуліцца. Таму, ідучы і адчуваючы, як хістаюцца пада мной падгнілыя драўляныя прыступкі, я намагаўся не рабіць рэзкіх рухаў, нават не дыхаць надта.

З пакояў Старшыні святло свістала праз дрэнна прыгнаныя штыкеціны. Мабыць, зерняток і сушылкі на першым ярусе “палаца” стваралі дастаткова сухога цяпла, каб Старшыня не апекаваўся ўзвядзеннем больш грунтоўнай хаты. Але было ва ўсім гэтым паселішчы адчуванне часовасці, нетрываласці. Дваццаць тысяч тон зерня — лічба велізарная, але канечная, калі ўзнаўляць яе няма чым. Нешта падобнае я бачыў у пастуховых лагерах качэўных язідаў на гары Арагац у Арменіі. І было гэта тады, калі ў маім жыцці ўсё было ўладкавана і шчасліва, таму зменлівасць іх намётавага побыту кантраставала з маімі завядзёнкамі.

У прыцемках за сталом сядзела сакратарка. Яна шчоўкала касцяшкамі на антыкварным абаку і заносіла лічбы ў таўшчэзную канторскую кнігу. Твар засяроджаны, тонкія вусны рухаліся. Пярэстая хустка, хаваючы валасы, разам з залатой завушніцай няўлоўна надавала гаспадыні пірацкага шарму. Я падумаў, што маючы такую залатую лэдзі ў прымальні, Старшыня можа быць такім жа расцяпам, як і Бурмістр. Караля робіць світа, кіраўніка — сакратарка.

— Вітаю вас, даражэнькая пані! — перасцярога перад выглядам сакратаркі вымусіла мае ногі зрабіць прысядальны рух накшталт кніксэна.

Яна агледзела мяне крытычна, быццам узважваючы, на якой дакладна рэйцы, з улікам вагі і росту, будзе лепей мяне павесіць. — Яркага Месяца, — рытуальна кіўнула яна. — Уладкоўвацца на працу? На зерняток? — яшчэ раз прасканаваўшы мой кашчавы выгляд, сакратарка выправілася: — Мабыць, усё ж у пякарню? Пекар? Досвед ёсць? — Скажыце, калі ласачка, як чынам такому бадзягу, як я, сустрэцца з таварышам Старшынёй? — зноўку прысеў я. Я пашкадаваў, што не маю з сабой цукеркі. Што праўда, для такіх лэдзі цукеркі мусяць быць хіба ромам, інакш наменклатурная магія не падзейнічае. — А я за старшыню не канаю для цябе? — жанчына насупілася, і я зразумеў, што вешаць мяне, відаць, будуць на бушпрыце. Прычым, верагодна, не за шыю. — Даруйце маю баўдзілаватасць! — ад няёмкасці мая мова рабілася куртуазнай, і я не мог нічога з гэтым зрабіць. — Нягоды доўгага шляху змусілі вашага суразмоўцу стаць дурнейшым, чым ён быў выхаваны бацькамі і адукацыяй. Пабачыўшы перад сабой такую мілавідную кабету, я не мог і дапусціць, што… — До! — рэзка абарвала яна. — Гавары хутка, што трэба. Бо падлікаў у мяне да халеры. — Мне сказалі, што ў вас могуць быць лекі. — Ты не выглядаеш хворым. Хіба што на галаву крышачку. — Мой сябра. Ён патрабуе тэрміновай аперацыі. — Аперацыі? А чаму на запраўцы ўсё не набыў? — У нас з маці Таццянай узніклі рэлігійныя разыходжанні, — я змакрэў пад позіркам Старшыні. — Што будзеш рэзаць? — каротка спытала яна. — Трэба адняць ступак нагі. Я не доктар, але здагадваюся, што патрэбна абязбольванне. Бінты. Антыбіётыкі. Многа антыбіётыкаў. — Адняць ступак? — ейны твар выявіў скрайнюю ступень здзіўлення. Ад звычайнага выразу гэтая ступень адрознівалася на міліметр ускінутым левым брывом. — Ну-ну.

Яна пляснула канторскай кнігай з такім выглядам, быццам я не выканаў квартальны план па цэнтнерах з гектара, адышла да кутка і адамкнула канторскі сейф. У ягоных вантробах мільгануў невялікі запас цынку, пляшка чорнага “Джоні Уолкера” ды скрыначка з чырвоным крыжам на баку. Пакорпаўшыся там, піратка вярнулася да стала з дзвюма шкляначкамі, меншай і большай, жгутом, ніткай, іголкай, храмаванымі нажніцамі і некалькімі аднаразовымі шпрыцамі.

— Вось усё, што спатрэбіцца. Дапамагаю табе, бо ў мяне таксама рэлігійныя разыходжанні з курвай з запраўкі. Па-першае, навакаін. Нічога мацнейшага няма. Зробіш ін’екцыю ўнутрымышачна, набярэш праз корак вось да гэтай рыскі. Толькі пратры корак гарэлкай. Колькі твой сябра важыць? — Дваццаць кіло. — Тады траціну ад таго. Стоп. Дваццаць кіло? Бадзяга вандруе з карузлікам? — зноўку ўскінула яна брыво. — Гэта сабуля. Яна памрэ, калі я ёй не дапамагу. — Сабака? Даражэнькі, нашы лекі для людзей! — яна раптам накрыла прыпасы далонню. — Яна — чалавек. Проста перакінуўся ў сабаку, — мяне панесла: сутыкнуўшыся з перспектывай страціць лекі, я пайшоў ва-банк. Калі зразумеў, што менавіта ляпнуў, вяртацца было позна, заставалася толькі несціся наперад, зажмурыўшыся. — У нас у Грушаўцы ўсе так робяць. Мы навучыліся гэтаму ад неўраў.

Далей адбылося нешта незразумелае. Цэльнаметалічная лэдзі, якая мусіла засмяяцца мне ў твар і спусціць мяне з драбін ударам нагі, раптам зацікаўлена сабрала бровы ля пераносся ды сур’ёзна спыталася:

— І складана гэта? Можаш навучыць?

Я не ведаў, як адказаць. Розум настойваў, што трэба даць задні ход і растлумачыць, што я выказаўся фігуральна, і Герда проста такая ж важная для гэтага свету істота, як і чалавек. Але досвед, падораны дарогай, нашаптаў, што варта трымацца версіі, якая падзейнічала.

— Я сам не ўмею. Але калі сабуля выкараскаецца, яна вас навучыць. — Ну, тады добра, — Старшыня кіўнула. Мне падалося, яна пачала паважаць мяне болей пасля той бздуры, якую я ёй сказаў. — Нож у цябе, думаю, ёсць, не зусім жа ты дурны. Нажніцамі прыбярэш лахманы мяса з касцей. Перад пачаткам зацягні вены жгутом. Костку пілаваць — ці ёсць патрэба?

Ад аднаго пытання мне зрабілася млосна, я пахістаў галавой. Будзем лічыць, што патрэбы пілаваць костку няма. І ніколі не ўзнікне.

— Пасля аперацыі пачнеш калоць цэфазалін. Тая ж доза, што з навакаінам. Ін’екцыі ўнутрымышачна, кожныя шэсць гадзін. Хопіць на поўны курс. — Слухайце, — я глядзеў на шпрыц, нажніцы ды пляшачкі лекаў. — Я разумею, вы вельмі занятая. Але ці не маглі б вы дапамагчы мне? Бо вы, я гляджу, дасведчаны медык. — Гэта я дасведчаны медык? — Старшыня вагалася літаральна секунду. — Проста я мушу тут кіраваць усім. У аднаго з нашых зуб забалеў, трэба было вырваць. Не вельмі атрымалася. Яміна загнаілася, дык да цэфазаліну інструкцыю давялося чытаць. — Ну вось! Вы хаця б абязбольванне зрабілі б! — Ты не зразумеў, бадзяга! — яна сціснула зубы, і яе скулы напяліся. — Я стварэнням са звышздольнасцямі аперацый не раблю. Бо можа быць балюча. Той, з зубам, дык дагэтуль мяне баіцца. Не хачу, каб мяне твой сябар у сабачы кал пераўтварыў.

Мае хітрыкі абярнуліся супраць мяне. Чакана.

— Добра. Колькі гэта будзе каштаваць? — Паўтары тысячы зарадаў, — яна адказала так, быццам папярэдне зверылася з друкаваным меню. — Задатак не менш за тысячу, астатняе можаш данесці пазней. — Колькі? — выдыхнуў я агаломшана. — Паўтары тысячы. Гэта сабекошт, калі набываць на запраўцы. А што такое? — яна пакрыўджана выпрасталася. — Ты думаеш, я нагрэцца хачу? На леках?

Я скінуў пляцак, такі лёгкі цяпер, і стаў вытрасаць запасы цынку, што засталіся ў ім. Старшыня збірала іх у кубы па сто “зарадаў” (так яна называла батарэйкі) і ссоўвала да краю стала. Падлік не заняў шмат часу, бо этап, на якім я быў невымерна багаты, даўно мінуў. Тысяча трыста дваццаць дзве адзінкі. Старшыня глядзела на мяне з жалем.

— І далёка ты з такім запасам ісці надумаў?

Мае планы ўжо даўно сталі выглядаць настолькі па-дзівацку, што паведамляць пра іх людзям, якія надзейна стаяць на зямлі, не выпадала. Я сумна пачасаў падбароддзе:

— Добра. Давайце я вазьму толькі навакаін і палову антыбіётыкаў. — І як ты без грошай пацягнешся? — Не маю патрэбы ў цынку. У Горадзе Святла жыве чалавек, які вінны мне капітал, — я зноўку збрахаў, бо баяўся, што яна забярэ навакаін. — Бяры ўсе лекі, бадзяга. Бяда антыбіётыкаў у тым, што яны не дзейнічаюць, калі не ўвесь курс спажывеш, — яе вочы свяціліся амаль злосцю, калі яна агучвала гэтае добрае рашэнне. — Калі-небудзь вернешся да нас у элеватар і навучыш мяне перакідацца. Як навучышся сам. Лячы свайго сабачку!

Я спускаўся разгублены. Дабро ў людзях заўжды ўражвае больш, чым зло. Яго неяк меней чакаеш.

Тое, што было далей, нагадвала дурны сон — так бывае з непрыемнымі рэчамі, якія лёс вымушае цябе зрабіць толькі адзін раз. Герда спала з напаўадкрытымі вачамі — будзем называць гэта сном, хаця, магчыма, словы “непрытомнасць” ці “ліхаманка” пасавалі б лепей да бельмаў закочаных зрэнак. Я памыў рукі. Памыў нож і нажніцы, змазаў іх рэшткамі “Тычэрсу”. Заслаў ложак цэлафанавым пакетам, у якім насіў запасныя майкі. Дастаў шпрыц. Зрабіў дзве ін’екцыі ў тканіны вакол меркаванага адрэзу. Затуманены розум задаўся пытаннем, ці варта калоць навакаін у ссохлы ды зжаўцелы ступак, ад якога смярдзела гніллю, але я своечасова ачомаўся, зразумеўшы, што нерваў там ужо не засталося.

Пасля надрэзаў скуру па коле — гэта нагадвала аддзяленне кавалкаў пухнатага кіліма. І вось за гэтае неадушаўлёнае ўспрыманне і варта трымацца. Дык вось, пад кілімам агаліліся сухажыллі, яны нагадвалі танюткія рознакаляровыя стужачкі, адны — ружавейшыя, іншыя — бялейшыя, далей, за імі, была электраправодка — сіняватая ізаляцыя, зробленая хутчэй за ўсё з пластыку, ці з чаго там раней выраблялі ізаляцыю да правадоў. Як толькі я ўскрыў адзін з правадкоў, адтуль лінула — не, не мядзянымі правадамі, а гарачай, пульсуючай, чорнай згушчонкай, і запахла, як на рынку, — там, дзе гандлююць тушамі, і адбылося гэта праз тое, што я забыўся пра жгут. Слізкімі ад крыві рукамі я намацаў гумку ды з трэцяга разу здолеў абвязаць ёй лапу, але зацягнуць было складана, пальцы коўзаліся па ліпкім ад крыві жгуце, а крыві рабілася ўсё болей, добра, што заслаў чужы ложак цэлафанам, і вось пульсацыя з проваду спынілася, я разануў далей, там было фарфоравае донца, пабітая ступка з белай керамікі, я счысціў аскепкі ды, паддзеўшы нажом, вышчаўкнуў сапсаваную рэшту — і Герда раптам гучна заскуголіла, не прыходзячы ў прытомнасць, і вось менавіта ў гэты момант, калі ссохлы, мёртвы ступак, павіс на маім нажы, мне нарэшце зрабілася блага.

Ніякіх там танных штук з кружэннем галавы ці пацямненнем ў вачах. Проста ў пакоі зрабілася занадта душна. Не горача, а менавіта задушна. Я ўдыхаў, удыхаў на поўныя лёгкія, але гэтага не хапала, каб падлога перастала сыходзіць з-пад ног, а ком знутры растаў. Калі насланнё скончылася, я ачомаўся седзячы, з выцягнутымі ўверх рукамі — нават непрытомны, я баяўся дарэмна дакрануцца да чагосьці і страціць умоўную дэзінфекцыю на далонях. Ачуняўшы, я нечакана спрактыкаванымі рухамі завязаў вены, зашыў скуру, сфармаваўшы вакол косткі акуратную куксу. Нарэшце, я зняў жгут, укалоў цэфазалін, зрабіў зберагальную перавязку.

Памыў рукі і сеў побач з сабуляю. І не заўважыў, як вось так, седзячы, заснуў. Прачнуўся з адносна свежай галавой, але не здолеў разбудзіць яе. Герда дыхала каротка і была такая ж гарачая, як і да аперацыі. Як я ні чухаў загрывак, як ні клікаў — дзявулька не прыходзіла ў прытомнасць. Я зрабіў яшчэ адну ін’екцыю цэфазаліну, пачынаючы разумець непазбежнае.

Я гладзіў Герду па галаве і распавядаў пра цуды, пабачаныя ў папярэдніх вандроўках, пакуль яна не памерла. Калі б я не выйшаў з Грушаўкі, Герда пражыла б значна даўжэй. Я быў вінаваты ў ейным заўчасным сконе, прычым, вінаваты шмат разоў: мая віна была ў тым, што яна трапіла ў пастку, што я не дапамог раней, здабыўшы неабходныя лекі на запраўцы.

Пра што я думаю, калі ўсведамляць усё вышэй згаданае робіцца невыносна?

Пра тое, што Герда пабачыла зноўку Месяц і зоры. Пра тое, як яна падымала нос і прымружвала вочкі, упершыню адчуўшы ветрык на сваёй поўсці. Бадай, сам я памяняў бы на гэта некалькі гадоў свайго жыцця.

Загрузка...