ХІ

Калідоры-трубы ці трубы-калідоры хісталіся ў такт маёй хады.

Я ішоў.

Кожны наступны крок даваўся мне цяжэй, чым папярэдні. Быццам нябачная рука пасьля чарговага дакрананьня ступні да падлогі накідвала ўсё новыя і новыя кайданы.

Неўзабаве я ня мог рухацца і пляснуўся ў калідорны кут.

Гэтак мне кепска. Я не магу, не хачу ні ісьці, ні варушыцца.

А мая мэта!

Якая мэта! Вар’яцкая і нікчэмная…

Калі няма ЯЕ побач!

Так, Руата жорсткая, бязьлітасная, але да мяне яна ж не такая. Звычаі людзей разбэшчваюць яе душу! Заліваюць камянеючай плястмасай яе сэрца. Зьмяняюць да непазнавальнасьці! Яна ня можа за іх адказваць!

Я наўмысна шукаў для Руаты апраўданьні. Я шукаў іх, каб прымірыць свае думкі са сваімі пачуцьцямі.

Вір каханьня…

Я ж ніколі не кахаў яе!

Падман!

Яе вочы, рукі, вусны лагодныя і шалёныя!

Вір каханьня не адпускаў мяне.

А ці заўважыла яна маю адсутнасьць? Можа сярод сваіх прыхільнікаў ёй усё роўна, дзе я, што са мной?

Мабыць, радуецца: нарэшце вольная…

Апошняя думка балюча працяла мяне.

Я ўскочыў і пабег назад.

* * *

Па гуках музыкі, калі тое можна назваць музыкай, я знайшоў месца пагулянкі. Руата ўзвышалася на чырвоным троне. Яна была сумная, вочы неспакойна аглядалі прысутных. Яны зазьзялі — напаткалі мяне. Руата ўзьнялася мне насустрач. Пры ўсіх мы, не саромячыся, абняліся.

— Дзе ты быў? Я не знаходзіла сабе месца ад хваляваньня!

— Я… я шукаў дарогу далей.

— Праўда?! — Руата адчувала тое, што я хацеў схаваць.

І раптам:

— Ты будзеш на роўных з усімі змагацца за мяне!

Руата ўскочыла на стол.

— Мусім наканаванасьці! — крыкнула яна.

То быў выклік мне.

— Ах, так, — выбухнуў я. — Ты будзеш маёю!

Я біўся, як паранены леў, як зьнішчальная ўсё навокал машына! Ніхто, нават велізарны асілак — тутэйшая знакамітасьць, — ня здолеў мяне спыніць. Каханьне і гнеў дапамагалі мне.

Руата мая!

І калі мы былі ўдваіх, я чуў шэпт яе вуснаў:

— Больш не зьнікай. Я хачу быць заўсёды з табой. Я і ты разам…

Шчасьце — быць разам зь ёй. Можа ў гэтым і ёсьць найгалоўнейшы сэнс жыцьця. А мая мэта, мой народ? Усё аддалялася, рабілася няважным. Узьнікалі думкі: гісторыю нельга спыніць і павярнуць назад. А Шлях? А ці ён увогуле існуе?

Магчыма гэта прыгожая легенда адсталага народа.

— Каханы, а ты можаш быць цалкам маім? — спытала Руата.

— Я і так цалкам твой.

— Не, ты часта зьнікаеш у далёкім закутку розуму. Ты хаваеш ад мяне свае таямніцы. Раскажы мне.

— Ты ж ведаеш, што я з самага нізу, мы людзі долу. У нас свае звычкі…

— Я хачу зразумець.

— Мы капалі дол, каб знайсьці Шлях да зор. Але народ вымірае. Нарадзілася легенда, што ёсьць іншы Шлях, які ляжыць праз вашыя землі.

– І ты яшчэ верыш у гэтую легенду?

— Так. Мая мэта — знайсьці Шлях.

— Шчасьлівы чалавек, які мае мэту, — задумліва сказала яна.

— Але з табой я таксама шчасьлівы!

— Значыць адно шчасьце перашкаджае другому! — у яе на вачах хацелі наліцца сьлёзы.

— Не, не, мы ж ідзем разам.

— Так, ідзем… — яна абняла мяне. — Але ж я ня з вашага народа.

— Знойдзем Шлях, я цябе прывяду да нашых. Мы разам іх вывядзем з долу.

— Я для вас, іх чужая.

— Са мной не!

Гэта быў самы доўгі і самы гарачы пацалунак.

— Каханы, а як ты здолеў тады выжыць?

Я ўсьміхнуўся, паглядзеўшы ёй у вочы.

— Чаму ты ўсьміхаесься? Я спытала штосьці забароненае?

— Калісьці даўным даўно жыла прыўкрасная жанчына, якая выведала тайну моцы свайго мужа, і прадала яе яго ворагам.

— Я не такая! — яна вырвалася з маіх абдымкаў.

— Я ведаю.

— Праўда?

— Праўда.

Яна сама абняла мяне.

— У чым жа была тайна яго моцы?

Я занурыў далоні ў яе валасы.

— У валасах.

— У валасах?

— У тваіх валасах таксама шмат моцы, іх бліск асьляпляе ворагаў, робіць мужчын сьмелымі і ў той жа час пакорлівымі…

— А ў чым твая тайна? — я прачытаў гэтае пытаньне па яе вуснах сваімі вуснамі.

Я зноўку ўсьміхнуўся, міжвольна прымушаючы яе губы паўтараць маю ўсьмешку.

— Толькі пабываўшы ў вашых краінах, я штосьці змог сабе растлумачыць. У нас ёсьць старажытны звычай: кожнага нованароджанага аддаюць на тры дні вешчунам-настаўнікам. Яны выконваюць над дзіцём абрад Сьпіральнай Замовы Замоў. У час сьмяротнае небясьпекі ў маёй галаве пачынае раскручвацца тая Замова і цела як бы дранцьвее, робіцца непашкодным. Дзіўныя адчуваньні.

Руата пачырванела ад самага інтымнага пачуцьця — даверу.

— Даляшорзах, я ня выдам твой сакрэт!

— Руата, я кахаю цябе!

* * *

Я зрабіўся самым фанатычным прыхільнікам Руаты. Пасьля перамогі я нёс яе на руках. Мы заўсёды былі разам і, здавалася, шчасьлівейшых за нас не існавала людзей. Мы зрываліся ў каханьне, як птахі зь піку стромкай скалы. І разам разьбіваліся аб пляж зьнясіленьня.

А потым, калі новая хваля моцы прачыналася ў нас, я казаў:

– Ідзем!

— Куды? — пыталася яна.

— Вышэй!

— Пачакай? Тут так хораша… Давай трошкі затрымаемся.

– Ідзем, ідзем! Там мая мэта!

Мы непрыкметна пакідалі горад, каб патрапіць у наступны.

Мы ішлі, ішлі. Цягнуліся лесьвіцы, сьцены, нізкарослыя лясы, штучныя азёркі, вадаспады, вёскі з аранжарэямі, пасёлкі з рамеснымі цэхамі, гарады з шырокімі праспэктамі, запоўненымі электрамабілямі і павозкамі, запрэжанымі карлікавымі восьлікамі.

Але ў самой сталіцы, пасьля цудоўнага трыўмфа Руаты, калі сам Вялікі Канцлер узнагародзіў яе залатым вянком ружаў, яна цьвёрда сказала:

— Я адсюль нікуды не пайду. Я хачу тут жыць! Мы ня можам бясконца бегаць за міражамі.

І я паддаўся ёй.

«Сапраўды, — падумаў, — навошта сьпяшацца. Пойдзем заўтра.»

А назаўтра я зноў сказаў, што пойдзем заўтра.

Бясконцы пусты ланцуг: заўтра — заўтра, заўтра — заўтра…

Мы былі разам, побач, нас ахоўвалі і пакрывалі лаўры славы непераможнай Руаты. І нашыя, цяпер рэдкія падарожжы, залежылі толькі ад спаборніцтваў, дзе жадала браць удзел вялікая чэмпіёнка.

У ружовай бестурботнай імгле праходзілі тыдні.

А як жа мая мэта?! Мой Шлях?

Паўставала вельмі простае пытаньне — навошта?

Яна і я, больш нічога ня трэба! Яе прыгажосьць, адданасьць, каханьне і захапленьне, — і гэта заўсёды побач са мною! Мы на грэбні хваляў задавальненьня і шчасьця! Няўжо гэтага недастаткова?!

А мой народ, што вымірае на самым доле? Я магу яго вывесьці да гэтых узроўняў, але ж ён са сваімі старажытнымі звычаямі ня змог бы ўжыцца з больш разьвітымі народамі. Іх маглі проста зьнішчыць. А легенда пра Шлях пакуль заставалася толькі легендай.

Мэта — амаль недасяжная, мабыць зусім нерэальная, ці патрэбная!?

Імкненьне памірала.

Мэта заплывала тлушчам.

Загрузка...