ХVІІ

Руата адхілілася і… пачала вырывацца.

— Што ты, супакойся, гэта я.

— Не той! Не той! Людзі, сюды! Усе сюды!

— Цішэй. Я — твой Далік!

— Ахова, сюды.

Яна адштурхнула мяне і скокнула ў кут шатра.

— Што з табой, Руата!

Каля выйсьця паказаўся чалавек.

Упляйк!

Я націснуў гузік на цяўе корціка, зь ляза стрэліў прамень. Упляйк адхіліўся і прамень трапіў у кадык вялізарнага ахоўніка, што ішоў за ім. Той з глухім стогнам паваліўся на зямлю. Упляйк кінуўся да мяне і лоўкім ударам нагі выбіў з рукі зброю:

— Гэй, там, рэжце шацёp, — гучна загадаў ён.

Я паспрабаваў кулаком трапіць яму ў сківіцу, але не дастаў.

З двух бакоў у тканіне паказаліся чырвоныя язычкі — лёзы лязэрных корцікаў, — якія ў момант разадралі шацёp. За ім паказаўся тузін узброеных мужчын.

Я адчайна супраціўляўся. Але ворагаў было вельмі шмат. Яны скруцілі мне рукі.

— Цябе папярэджвалі, забудзь Руату! — прарычаў Упляйк.

Я паглядзеў на сваю каханую і боль клінком упіўся ў сэрца.

Яе вочы, калісьці бяздонныя, цяпер нагадвалі чорныя шкляныя катылькі. У іх не было таго, агня, што калісьці апальваў мяне! Аднак не было і невыноснага холаду, якім яна адорвала сваіх ворагаў. Звычайны, «пакаёвай тэмпэратуры» пагляд без усялякай спагады ці крыўды, быў, нібы намаляваны цьмянаю фарбаю на яе зрэнках.

Яна нават не адводзіла яго, а глядзела на ўсё, абыякава, як на нецікавае непаразуменьне.

— Руата, ты ж кахала мяне! Ты ж казала, што заўсёды будзеш са мной!

Яна маўчала.

— Руата, што яны зрабілі з табой! Дзе ты?

Я падаўся наперад, але рукі моцна трымалі мяне.

Яна маўчала, ні пагарды, ні жалю, ні подыху ўспамінаў (а я спадзяваўся, што яна таксама ўспамінае нашыя словы, нашую блізкасьць, радасьць).

— Руата, я кахаю цябе! Я рвануўся з апошніх сілаў… І апошніх сілаў не хапала, каб вызваліцца.

Раптам голас, голас той, але не маёй Руаты дасягнуў сьвядомасьці.

— Ведаеш, Даляшорзах, я не люблю мужчын, мэта якіх заплывае тлушчам.

Загрузка...