XXVІІ

Бадзёра падхапіўшы лазовы заплечнік, я рушыў да найбліжэйшых гор. Чым бліжэй я падыходзіў да шчыльнага ланцугу ўздыбленай скальнай пароды, тым выразьней разумеў, наколькі дзёрзкай, калі не сказаць, шалёнай была мая задума. За першай градою больш-менш пахілістых гор паўставала другая, што роўнай стромкай сьцяною ўзвышалася над самім небасхілам. Быццам агромністы глыжак, кінуты ў акіян, выклікаў колцавыя хвалі, якія ў адно імгненьне застылі, зрабіліся жалеза-каменнымі.

Станавілася халадней. Паступова зьнікла ўсялякая расьліннасьць, пад сандалямі час ад часу пракатваліся аплаўленыя жалезныя катылькі, пад’ём станавіўся цяжэйшы. З маіх вуснаў вырывалася белая пара. На піках стромай сьцяны я заўважыў срэбнае зьзяньне, быццам сьцяну зьверху пасыпалі крупінкамі цукру. Я здагадаўся, што гэта застылая вада. Там-сям са сьцяны ў Сад беглі тонкія зьмейкі ручайкоў. «Значыцца ваду ўжо не абавязкова браць зь сабою, яе можна набіраць тут,» — адзначыў я для сябе.

Адсюль, зь вышыні Сад выглядаў смарагдавым возерам, над якім узьнімаліся рознакаляровыя пырскі — райскія птушкі, што ўспырхвалі над вершалінамі дрэваў.

Але ж холад узмацняўся і я павярнуў назад. Я пабег уніз, зразумеўшы, што мая вопратка і абутак зусім не падыходзяць для горнага клімата.

— Сэйна, — крыкнуў я, запыханы, — мне неабходна твая дапамога!

Сонца ўжо сядала. Я мог заблукаць.

— Даляшорзах! Я тут, — пачуў я за сваёй сьпінай.

Мы шчыра і шчыльна абняліся. Хаця ненадоўга, памятаючы пра закляцьце продкаў.

Наступнай раніцай Сад, напэўна, упершыню зьведаў такую бойню. Мне трэба была шкура і мех. Камянямі і палкамі мы забівалі яшчэ ня пужаных чалавекам бурундукоў, выдраў, трусаў.

Тупая праўда — выжыць значыць кагосьці забіць, — не давала нагоды сэнтымэнтам. Калі я палічыў, што для маёй вопраткі — курткі, шапкі, штаноў і мехавых ботаў мы забілі дастаковую колькасьць няшчасных зьвяркоў, я зрабіўся краўцом, а Сэйна поварам — абсмажвала асьвежаваныя тушкі на вогнішчы.

Так прабег яшчэ адзін дзень.

Але адной цёплай вопраткі было не дастакова. Я ўяўляў, якая халодная ў гарах ноч. Я вырашыў узяць зь сабою дровы і алейныя дыні. Перавагай апошніх было тое, што яны доўга гарэлі, хоць цяпла давалі ня шмат. Ноша была непад’ёмнай, і Сэйна пагадзілся дапамагчы мне паднесьці дровы да ўзножжа гор. Там мы павінны былі вызначыць месца, куды яна будзе прыносіць правіянт.

Такое месца мы знайшлі каля невялікага ўцёсу. Паблізу цурчэў раўчук. Лепшага разьмяшячэньня для «базы» знайсьці было немагчыма. Тым больш я стараўся каб дарога ад Саду да «базы» для Сэйны была як мага паспадзісьцей.

Пачаліся настойлівыя пошукі праходу ці перавала цераз горы. Я браў запас ежы і дроваў, уздымаўся да стромай сьцяны і ішоў уздоўж яе, выглядаючы магчымасьць пад’ёму, спрабуючы ўскараскацца па выступах. Калі ўсе шанцы пераадолець сьцяну былі вычарпаны, я рабіў на пэўнай адлегласьці ад асноўнай «базы» дадатковую, і ўжо ад яе рабіў новыя экспэдыцыйныя вылазкі.

На асноўнай «базе», мяне заўсёды сустракала Сэйна. Яна рабіла выгляд, што стрэча адбывалася выпадкова. Хаця я ведаў, што Сэйна вельмі перажывала, ці ня здарылася што са мной, ці змагу я прыйсьці за чарговай порцыяй правіянту. Мне здавалася, што яе жаночая інтуіцыя падказвала дакладны час, калі я спушчуся зь гор, і яна спэцыяльна прыгадвала свой прыход да месца стрэчы. Мне таксама было прыемна бачыць сярод пустынных скалаў жывую душу.

Праз тыдзень я даведаўся як Сэйна вылічвае мой прыход.

Падчас адной такой пяшчотнай стрэчы, яна абняла мяне, дала напіцца са сваёй біклагі. І раптам я заўважыў на яе шчаках, на ілбе і шыі сьвежыя, быццам парэзы, язвачкі, зь якіх вось-вось павінна былі пырснуць кропелькі крыві.

«Значыць зь нас дваіх Сад выбраў мяне», — зь жахам падумаў я.

— Скажы мне — сказаў я Сэйне, — Што ты адчуваеш, калі я спускаюся сюды?

Яна закруціла галявой.

— Скажы!

Яна моўчкі ўсьміхалася. Кроплі крыві ў язвачках наліліся.

— Табе баліць!

— Не!

— Не хлусі мне!

— Не, не баліць!

— А што ў цябе на твары.

Сэйна спалохалася, адскочыла, закрылася далонямі:

— Ужо вельмі заўважна?

— Не, але…

Яна заплакала.

— Ты ніколі ня будзеш мяне кахаць! Ты ня зможаш кахаць такую страшную!

Яна пабегла ўніз.

Я спалохаўся за яе, вялікімі крокамі дагнаў.

— Я кахаю цябе, Сэйна! — прашаптаў, пацалаваў шчокі, рукі.

— Гэта праўда? — таксама шэптам спытала яна.

— Так, — адказваў я. — Так!

Яна паглядзела мне ў вочы, доўга, у самую глыбіню, і стараючыся як мага сур’ёзьней, па-даросламу сказаць (але адчувалася як у яе шалёна б’ецца сэрца):

— Будзь маім!

— Не, — спалохаўся я.

– Іншага разу ня будзе!

— Трывай! Мы пераможам!

— Ты жорсткі! — яна адхілілася. — Заўтра мяне ня будзе, — халодна і страшна роўна прамовіла яна.

— Не кажы так.

— Я ведаю. Я адчуваю!

— Не кажы так.

Яна маўчала.

Ці мог я насамрэч ведаць, што яна адчувае, які боль, якую пакуту ўтойвае ад мяне?

Я раскрыў яе рукі.

— Паслухай… — пачаў я, але словы, якія я хацеў сказаць зьніклі, замест іх, я падняў яе на рукі — яна была такой лёгкай!..

* * *

Мая горная вопратка сталася нам пярынай. Адзін боль на кароткую, але бясконцую хвілю замяніў іншы боль. Каханьне прамчалася залатым метэорам над краінай зялёнай сьмерці…

Сэйна выглядала вясёлай, шчасьлівай, яна жвава зьбірала пажыткі ў мой кош.

«Можа гэта найлепшы сродак супраць пракляцьця? Колькі ліхіх чараў разьбіла моц каханьня, — падумаў я.»

Раптам зь рук Сэйны выпаў плод хлебнага дрэва, яе ногі падкасіліся. Яна пабялела, па яе спалатнелым твары ад лопнуўшых язвачак пабеглі чырвоныя струмяні.

Я пасьпеў падхапіць яе.

Сэйна была ў прытомнасьці, сінія вочы, як два нябесныя келіхі, глядзелі на мяне, кажучы, даруй, я не змагла прыхаваць слабасьць.

Я паклаў яе на зямлю.

— Ніколі! Чуеш, ніколі не сустракайся са мною! Я не падыду, пакуль ты будзеш тут!

Я падхапіў кош і хутка, як мог пабег да гор.

* * *

Прайшоў тыдзень. Маё сэрца кожнага разу балюча сьціскалася ў грудзях, калі я падыходзіў да «базы». Я жахліва баяўся — раптам там ня будзе новай порцыі дроваў і ежы.

Але пакуль, слава Богу, правіянт спраўна зьяўляўся на ўмоўленым месцы.

Яшчэ праз тыдзень, у некалькіх днях шляху ад асноўнай «базы» я нарэшце знайшоў на сьцяне расколіну, па якой магчыма было ўзьняцца і перабрацца на той бок, за мяжу Саду.

Я, насьвістваючы вясёлую песеньку, бадзёра спускаўся да «базы». Ад радасьці і новай надзеі я ледзь не запамятаваў прытрымацца на горнай сьцежцы, трошкі паназіраць за тым што адбываецца ўнізе, каб незнарок не спаткацца зь Сэйнай.

Ад убачанага я рэзка спыніўся. Сэйна, мая бедная Сэйна! упіраючыся локцямі, як чалавек зь перабітымі нагамі, марудна паўзла ўверх да «базы». На доўгай лямцы, перакінутай праз плячо яна цягнула цяжкі кош. Да вялікіх чырвона-чорных струпоў на яе твары, на яе руках і нагах, на круглых як дзіцячая галоўка каленках, дадаліся парэзы ад гострых камянёў. За ёй па зямлі цягнулася шырокая чырвоная стужка. Чырвонымі былі пасмы яе валасоў. Яна задыхалася, але ўпарта, мэтар за мэтрам уздымалася.

Я адразу рвануўся быў ёй на дапамогу, але са сьлязамі злосьці і жалю разьвярнуўся і штосілы пабег назад, у горы — як мага далей, бо я, сваёй блізкай прысутнасьцю мог забіць яе.

Без супынку бег пакуль не пацямнела, і толькі ў поўнай цемры, крадучыся, я дазволіў сабе спусьціўся да базы, забраў увесь прывіянт.

Я цвёрда вырашыў сюды больш не вяртацца.

Загрузка...