ХІV

Авальная пустэльная заля. Чыстая, бліскучая. Тут раней была ўсекраінная звалка. Чаму была? Яна і ёсьць, толькі яе добра пачысьцілі. Пад адтулінамі сьмецьцеправода ўжо зьявіліся новыя, малыя яшчэ, гурбы адкідаў.

Жоўтаскуры гарбун уважліва разварушваў іх крывым кіем.

— Добры дзень.

Гарбун спалохаўся, замахнуўся сваёй прыладай на мяне.

— Што трэба? — прашапялявіў ён бяззубым ротам.

— Я шукаю атрад асэнізатараў.

Востры канец кія ўдарыўся аб падлогу ў пяці сантымэтрах ад мяне. Добра мець хуткую рэакцыю.

Я імклівым выпадам выхапіў кій:

— Гэй, дзеду, так не жартуй. Лепей па-добраму скажы, і мы разыдземся.

Ён паглядзеў, як мой кулак сьціскае яго кавеньку. Выгляд сьцятых да белі пальцаў, што надзейна трымаюць дрэўка, падзейнічаў на яго.

— Там, за аркай, са сваёй чортавай машынай палезьлі ў шахту.

— А смуглявая дзяўчына была зь імі?

Ён выплюнуў каскад лаянкі, што ў ягонае мове азначала «так».

— Дзякуй, — я кінуў яму кій.

За аркай была глыбокая круглая шахта. Я чуў пра такія, яны служылі для хуткага паветранага спуску.

Я стаў ля краю.

Зноў мільгануў маяк маёй мэты. Я столькі падымаўся, ішоў, а зараз павінен прымусіць сябе перакрэсьліць свае намаганьні — кінуцца долу.

І я зразумеў. Я перакрэсьліў сваю мэту ўжо тады, калі пакахаў Руату!

Яна мой кат, мой лёс.

Я ступіў у бездань.

Загрузка...