ХІІІ

Чалавек ішоў мне насустрач. Вопратка яго адразу кідалася ў вочы сваёй незвычайнасьцю. Чорны, старога пакрою, фрак, жоўтыя ў сінія і зялёныя колцы брыджы, сучасныя лёгкія сандалі пад валасатымі лыткамі, на галаве чалма, што нагадвала скручаную малінавую зьмяю, у руцэ лякіраваны сакваяж. Усе складнікі адзеньня былі прыстойна чыстымі і калісьці з гонарам вытрывалі спробу прасаваньня.

Мы павіталіся.

Ён казаў з правільнай сталічнай вымовай, хаця вопратка выкрывала, што чалавек доўга адсутнічаў у сталіцы і пасьпеў назаўжды адстаць ад тамтэйшай моды.

Яго твар суправаджаў кожнае слова дужа незвычайнай — пакуль не прывыкнеш — тэмпэрамэнтнай мімікай, уздымы махнатых броваў мелі такую вялікую амплітуду, што адразу пераконваесься — перад табой шчыры аптыміст. Пад правым вокам у яго была радзімка ў выглядзе павука, што яшчэ больш ажыўляла яго фізіяномію — быццам шчака, раз-пораз пацопваючы, імкнулася скінуць нахабнага інсэкта.

Мы разгаварыліся.

– І цяпер, бадай, ужо месяц бадзяюся па розных узроўнях, распытваю людзей пра Руату, — скончыў я свой сумны аповед.

— Прыемна пазнаёміцца з вашай інфармацыяй. Я — Оярэт-С Кіфандоарвай-Міц, вольны маг і філёзаф. Апошнім часам жыў на сьметніку і думаў над пабудовай сьвету. Я, бязь лішняй сьціпласьці скажу, што раскрыў тайну стварэньня вас… Мяне. Сусьвету! — пры тым галава яго моцна захісталася, напэўна каб зацьвердзіць справядлівасьць сказанага. — А вы, шаноўны спадару, — працягваў ён, — першы, хто зьвярнуўся да мяне, і я вас узнагароджу…

— Як? Узнагародзеце? — мне вельмі-вельмі спадабалася гэтая ідэя.

— Так, я ўзнагароджу вас сваёй тэорыяй. Вы будзеце першы, хто цалкам дазнае яе! Хай мае здагадкі жывуць у людзях!

Мая радасьць імгненна зачаўрэла. Мне ня вельмі «усьміхалася» слухаць нудныя філязофскія разважаньні, мне трэба было толькі спытаць, ці сустракаў ён на сваім шляху Руату, альбо Ўпляйка, але зь ветлівасьці я ня мог перапыніць яго.

Філёзаф зьняў чалму, раскруціў, дастаў зь яе кавалак хлеба:

— Жуйце, слухайце, разумейце… а падчас жаваньня ўсё запомніце…

Я зьдзівіўся ягоным словам і дзеяньням, але ежу ўзяў.

— Адмаўляць разьвіцьцё проста неразумна, хаця б таму, што раней людзі хадзілі толькі пешкі, потым езьдзілі на конях, а цяпер на элекрааўтамабілях. А раз ідзе разьвіцьцё, то, значыць, безупынна адбываецца працэс формаствараньня матэрыі і абагачэньня душы. Ад простай, беднай інфармацыяй формы да больш складанай і больш багатай інфармацыяй…

Філёзаф яшчэ доўга расказваў мне пра эвалюцыю Сусьвету.

— А што штурхае да разьвіцьця? У чым палягае тая ўнутраная энэргія. Дык вось, матэрыя і душа — гэта набор пэўных інфармацыйных зарадаў. Прасьцей іх можна падзяліць на прысутнасьць і адсутнасьць пэўнай інфармацыі, такія сабе інфачасьціцы «Так» і «Не» альбо «Плюсікі» і «Мінусікі». А іх спалучэньне стварае набор кодаў якія кіруюць усімі працэсамі Сусьвету. І мы таксама плён тых выпадкова складзеных кодаў. Нават вучэньне старажытнай рэлігіі амаль наўпрост даказвае гэта. У сьвяшчэннай кнізе нашых продкаў напісана: «СПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА, СЛОВА БЫЛО Ў БОГА, БОГ — ЁСЬЦЬ СЛОВА.»

— Ну, гэта я таксама чытаў, — сказаў я.

— Так слова — ня што іншае, як код інфармацыі! Вось такі складаны і просты сьвет!

Я з цяжкасьцю разумеў сказанае філёзафам, але адчуваньне, што ўсё залежыць ад кодаў інфармацыі, усё ў Сусьвеце створана інфармацыяй і ёю кіруецца, цьвёрда ўмацавалася ўва мне. Тым больш у маім розуме была закладзена Сьпіральная Замова Замоваў, па тэрміналёгіі дзіўнага філёзафа — сваеасаблівы набор інфармацыйных зарадаў, што мог на час перакадаваць маё цела.

— А якая практычная карысьць ад вашае тэорыі?

— Практычная карысьць… Па-першае, гэта яшчэ адзін крок да запаветнай мары чалавека: усё ведаць і ўсім кіраваць. Фактычна мы можам знайсьці філязофскае слова — той унівэрсальны код інфармацыі, які адкрывае ўсе тайны мінулага і будучага. Па-другое…

Ён дастаў з сакваяжа яйка, паклаў на падлогу і крутануў.

— Бачыш, ня круціцца. Сьвежае.

Пасьля ён дастаў невялічкі бонг, і пачаў далонямі выбіваць дзіўны сінкапаваны рытм. Пры гэтым ён штосьці мармытаў, пыр-ркаў губамі ці пасьвістваў. Рытм паімклівеў. Па скронях старога пацяклі кроплі поту. Празь дзесяць хвілін гэтага напружанага дзеяньня, стары адкінуўся і хвіліну ляжаў нерухома.

— А цяпер пакруці, — сказаў філёзаф, калі адкрыў вочы.

Я крутануў яйка — яно было гарачым і хутка круцілася.

— Ну як. У крутую!

Я паглядзеў на зьняможанага старога:

— Навошта так мучыцца, калі на кожным рагу ёсьць мікрахвалёвыя печкі.

— Ня ўсё на сьвеце павінна мець практычную карысьць, — сказаў стары. — Яйка — дробязь. Калі трэба, можна прыдумаць вялікую сурму, у якую як сьлед падзьмеш, і разваляцца гарадзкія сьцены! А ўзьдзейнічаць на коды чалавека можна робячы напоі з траваў, можна вырошчваць спэцыяльна замоўленыя фруктовыя плады і даваць іх зьесьці, можна абкурваць чалавека адмысловым дымам — гэтым усім карыстаюцца розныя ведзьмакі і клерыкалы, а можна проста складваць песьні ці вершы, пра гэта добра ведалі старажытныя трубадуры. Сілай паэзіі яны ўнушалі каханьне жанчынам. Трэба толькі ўкласьці свой набор інфачасьціцаў «Так» і «Не» такім чынам, каб яны траплялі ў рэзананс зь інфачасьціцамі абранай асобы. Трэба вялікае майстэрства і талент. Хочаш, зараз я засьпяваю прыдуманую мной песьню, і твая правая нага будзе танчыць?

— Не, не!

— Ой-ля-па-та-ну-ра-ко-о-о-са… — зацягнуў тонкім рыпучым голасам стары.

Я адчуў як у мяне дранцвее левая каленка.

— Ай, — я хлопнуў далоняй па левай назе.

— Так, трэба песьню падрэдагаваць і яшчэ пераправерыць… — сказаў філёзаф і ўсьміхнуўся. — А вам я скажу: пішэце вершы, мой малады сябру, і йдзеце сваім шляхам.

Вершы? Я ніколі не пісаў вершаў і нават ня ведаў для чаго людзям патрэбны гэты занятак. Аднак мне падалося, што стары філёзаф добра ведае маю гісторыю. Яго словы распалілі ў мяне, пацьмянелы было, далёкі пульсар мэты. А потым яго захіліў твар Руаты. Я знайду яе, і мы разам адшукаем легендарны Шлях!

— Шаноўны Оярэт-С, а вы ня бачылі юную, прыгожую дзяўчыну, — я апісаў Руату, — і статнага блакітнавокага мужчыну.

Філёзаф падумаў:

— Ах, так, я помню, такі чалавек быў на сьметніку.

— На сьметніку?

— У атрадзе асэнізатараў. Ён у іх кіраўнік, здаецца. Так, так, а дзяўчына сядзела ў ягоным электрамабілі.

— На сьметніку!

Не, мне нешта зусім ня верылася. Упляйк служыў у гарадзкой паліцыі і раптам асэнізатар на сьметніку… Руата на сьметніку! Шаноўны філёзаф зьехаў з глузду!

— Асэнізатары абслугоўвалі пераапрацоўчую машыну! І калі блакітнавокі і яго людзі зьявіліся там, зусім нядаўна, жыхароў сьметніка разагналі. Праўда самога сьметніка таксама, здаецца, ужо няма. За той час, пакуль я іду, яго, мабыць, пасьпелі ліквідаваць.

— Не, вы гаворыце праўду?! — я ўважліва паглядзеў у карыя вочы стомленага сталага чалавека.

Ні ценю падману. Спакойны, трохі насьмешлівы погляд.

— А навошта мне хлусіць? Вы, спадару, мне грошы ня плаціце.

— Калі ласка, скажыце, дзе той сьметнік?

— Далёка на паўднёвым усходзе.

— Дзякуй! — я схапіў яго руку і моцна патрос. — Мяне вельмі ўзрушыла ваша тэорыя! Я абавязкова запомню яе.

О-гэй! Я іду на паўднёвы ўсход!

Філёзаф па-сяброўску таргануў мяне за плячо.

— Посьпехаў табе, юны дружа… Помнеце пра коды.

Я абняў дзіўнага чалавека.

— Паслухайце, Даляшорзах, апошняе пытаньне, вы, выпадкова ня ведаеце іншага прыстойнага сьметніка, ці яшчэ нейкага даволі ціхага месца, каб можна было пажыць і падумаць старому, змучанага сэнсам жыцьця чалавеку.

— Ціхага месца?…

І я ўспомніў закінутую, жудасную турму, дзе была агідная жаба.

— Турма! О, гэта тое, што патрэбна прафэсыйнаму філёзафу! — узрадаваўся Оярэт-С.

— Толькі асьцярожна, жаба можа стрэльнуць.

— Нічога, мы зь ёй дамовімся, тым больш у мяне будзе цярплівы слухач.

— Яшчэ просьба: пахавайце вязьняў.

— Не турбуйцеся. Я знайду спосаб прымусіць яго зрабіць усё як сьлед.

— Добра. Калі я выканаю сваю мэту, я знайду вас там і пазнаёмлю з нашымі Вешчунамі. Вам ёсьць аб чым зь імі паразмаўляць.

— Ах, так, ледзь не забыў, — ён дастаў з сакваяжа стос паперак, пакорпаўся ў іх, нарэшце выбраў невялікі папяровы пакунак, — за тое што ты мяне цярпліва выслухаў, я падарую табе адну рэч. Калі табе будзе вельмі самотна, разгарні гэта.

Мы цёпла разьвіталіся. Кожны пайшоў у свой бок.

Загрузка...