ІV

Кірмашовaя плошча была цалкам забіта натоўпам. Адчувалася агульнае ўзбуджэньне. Людзі паказвалі на мяне, большасьць з радаснымі грымасамі, але былі, якія спачувалі мне.

Пасярэдзіне плошчы ўзвышалася вялікая шыбеніца. У школе я праходзіў старажытную гісторыю і ведаў, што азначае гэткая перакладзіна. У мяне пахаладзелі лыткі. Толькі адна станоўчая думка мільганула ў галаве: «Дзякуй, што ня будуць расьсякаць.»

Мяне правялі паўз жывы калідор, заштурхнулі на пастамэнт, паставілі на ўслончык. Перад маім тварам ціха хісталася пятля, тоўстая капронавая вяроўка нібы абрысоўвала вялікага дохлага апалоніка, падвешанага за хвост да алюміневай бэлькі. Агідны, ён некалькі разоў сьлізгануў па маіх пашчэнках.

За ім гуў натоўп. Сярод якога можна было разгледзець шляхетных жанчын і мужчын з блакітнымі шклянымі званочкамі ў вушах. Іх мілагучнае тонкае дзыньканьне, што выклікала ціхі экстаз у іх уладальнікаў, чым прытупляла сэнс пачутых словаў, для мяне паступова пераўтварылася ў нявыносны шмат разоў узмоцнены камарыны піск.

На пастамэнт выйшаў паліцмайстар, які дапрошваў мяне ў пастарунку. Асабіста пакланіўся бургамістру і ягонай жонцы, якія ў яркіх строях сядзелі на пасярэбраных насілках. Старэйшына гораду трымаў чыста белы плястыкавы скіпэтар з выявай крыжа ў ромбе — сымбаля Зьвязу Цэнтральных Скрыжаваньняў.

— За абразу, нанесеную жыхарам нашага горада, а тым самым і самому Вялікаму Бургамістру, Сьветлы Суд вынес вырак злачынцу, жыхару сутарэньняў Даляшорзаху Ін-Йорму — сьмяротнае пакараньне на шыбеніцы.

Натоўп ухвальна залямантаваў.

Шалёна зазьвінелі званочкі-завушніцы.

— Зараз нам трэба вызначыць ката.

Грымнуў аркестар сурмаў, дудак, трашчотак і бубнаў, што стаяў непадалёк ад аховы бургамістра.

Пад сіпата-хрыпатыя фанфары на пастамэнт выйшлі чатыры коратка падстрыжаныя дзяўчыны. Галава адной зь іх, высокай, зеленавокай, была ўвенчана зробленай з мэталю каронай — пераплеценыя чорныя ружы. Варта паднесла да дзяўчат збаночкі з алеем. Худы, які дапрошваў мяне, сьвяточна прыняў ад зеленавокай мэталічны вянок. Потым усе дзяўчаты хутка зьнялі зь сябе адзеньне, нашмараваліся алеем. Некаторым дапамагала прыслуга.

Іх статныя целы матава зазьзялі пад сьвятлом белай столі.

Захапляльнымі крыкамі падтрымлівалі дзяўчат іх прыхільнікі. Кожная з прыгажунь, па чарзе, падыходзіла да краю сцэны, прадстаўлялася, паказвала сябе.

Публіка рабіла стаўкі.

Бургамістр і яго супруга выбралі сабе дзяўчыну, на якой дагэтуль красаваўся жалезны вянок. Варта паднесла лятэрэйны латок, дзяўчаты цягнулі лёсы.

Пачаліся двубоі. Сэнс барацьбы быў зусім няхітры: дзяўчыне трэба было скінуць сваю спаборніцу з пастамэнта. Хто перамагаў — выходзіў у фінал.

Натоўп вішчэў, калыхаўся, быццам водарасьці ва ўскаламучаным чопе вады, віраваў і ўсьпеньваўся, калі бачыў удалы прыём, выкананы дзяўчынамі.

У фінал выйшла высокая блёндынка, яе глянцавая з-за алею скура зьдзіўляла белізною. Яна была быццам парцалянавая: даўгія ногі — заўсёды напятыя, ад чаго хада яе, здвалася рэзкай, пругкай, і пры кожным кроку ганарліва ўздрыгваліся невялічкія грудкі. У яе былі мужчынскія плечы і моцныя жылістыя рукі. А пранікнёны і неяк знутры, са спазьненьнем пасьля лагоды, востры і чэпкі, як кіпці кошкі, пагляд зялёных вачэй мог запалохаць, зьбянтэжыць ня толькі спаборніцу, але і самага бястрашнага ваяра.

Насупраць яе стаяла зусім юная дзяўчынка, аднак яна ніколечкі не саромелася сваёй галізны, хаця столькі вачэй сачылі за ёй. Ня ведаю, ці падалася яна мне прыгожай, але незвычайная абаяльнасьць сыходзіла ад яе рухаў і паставы, нягледзячы на дзёрзкасьць, сьмеласьць у пякучых чорных вачах. Смуглявая брунэтка была ніжэйшая за блёндынку, затое па тэмпэрамэньце яна нашмат пераўзыходзіла сваю спаборніцу, без згрызот сумленьня магла імкліва разьвярнуцца да нахабнага мужлана з публікі і адпусьціць такое салёнае слоўка, што палова натоўпу пакотвалася ад рогату.

Бургамістар махнуў рукавом, і барацьба пачалася.

Чарнявая першая рынулася ў бойку.

Яна хутка падляцела да зялёнавокай «жардзяйкі», пачала штурхаць яе ў плечы, грудзі, жывот. Але блёндынка, больш дасьведчаная, адыходзіла на спружыністых нагах ці проста выстаўляла наперад, нібы пяцівострую дзіду, доўгую руку. Смуглянцы даводзілася нахіляцца, спрабаваць атакаваць з-пад нізу.

Столькі эмоцый выяўлялася і імгненна зьмяняліся ў яе на твары — вялікія вочы ўспыхвалі радасьцю маленькай перамогі і тут жа хмурнелі ў роспачы з-за прыкрай прамашкі, што дужа весяліла публіку.

І, наадварот, камень… ніводнае брыво падчас бойкі не зварухнулася на твары блёндынкі. Толькі зялёны позірк настойліва працінаў і гасіў, гасіў агонь у чорных зрэнках смуглянкі. Кожны рух зеленавокай дзяўчыны быў дакладны, вывераны.

Смуглянка кінулася ў новую атаку, але ногі «адспружынілі» блёндынку трохі ўбок. Смуглянка прамахнулася і па інэрцыі падалася далей — у гэты момант доўгая рука блёндынкі падштурхнула яе ў напрамку руху. Смуглянка паляцела за сьпіну сваёй спаборніцы і перад самым краем пастамэнта, спрабуючы прызямліцца на ногі, устояць, спатыкнулася, упала на плястыкавую падлогу.

Блёндынка разьвярнулася, падскочыла да смуглянкі і ўсей вагой цела навалілася на яе, сантымэтар за сантымэтрам выціскаючы на краёк.

Нечакана магутны рогат пакаціўся па натоўпу.

Смуглянка злаўчылася, перавярнулася пад даўготным тулавам блёндынкі, і, дзякуючы алею, выпаўзла між нагамі сваёй спаборніцы.

Відовічша публіцы падабалася. Неверагодны гоман, сьвіст, рогат сатрасалі горад.

Толькі мне тая бойка не прыносіла радасьці. Я стаяў на ўслончыку, трошкі далей ад разьюшаных дзяўчат, у глыбіні сцэны-пастамэнта, праваруч і леваруч ад мяне знаходзілася ўзброеная п’езапісталетамі варта. Мае ногі стаміліся, зацяклі, але — я сумна ўсьміхнуўся — вісець ім усё роўна не жадалася.

Дзяўчаты ў моцных абдымках перакаціліся на самы край пастамэнта. Яны цяжка пыхкалі і з апошняй моцы намагаліся выціснуць за край іншую.

Але іх целы былі настолькі шчыльна пераплецены, што здавалася зрослымі, як у сіямскіх блізьнятаў, і толькі па тоненькай рысцы — мяжы перамены колеру, можна было здагадацца хто ёсьць хто.

Дзяўчаты яшчэ пару разоў хіснуліся і разам паляцелі на зямлю, і разам застагналі.

Да іх падбег худы паліцмайстар, што выконваў ролю арбітра, агледзеў, узьняў крыжом рукі над сабой — пераможцы няма!

У выпадках, калі спаборнікі разам падалі з пастамэнта, перамога прысуджалася таму, хто знаходзіўся зьверху.

А цяпер смуглае і белае плячо аднолькава дакраналіся зямлі.

Нічыя — даволі рэдкі выпадак!

Загрузка...