Ужо ўздымалася ў дзённы паход зара, калі ўсіх нас, апроч Аса, якога ў каршэнь выштурхалі з пастарунку, перавезлі з вуліцы Чырвонай на вуліцу Інтэрнацыянальную ў двор з тылу галоўнай будыніны КДБ. Двор утвараўся некалькімі дамамі і сцяной, аточанай калючым дротам, за якой віднелася “амерыканка”: унутраная турма КДБ. Машына, на якой нас прывезлі, развярнулася і, здалося, ашчэрыўшы пашчу, зноў рушыла ў горад. За ёю, іржава парыпваючы, зачыніліся жалезныя вароты.
— Да сцяны! — скамандаваў адзін з вартавых, прымаючы нас ад канваіраў, і мне ўпершыню з таго моманту, як нас забралі на Круглай плошчы, стала страшна. Я не падумаў, што нас расстраляюць, але раптам нечага забаяўся. Дый не я адзін забаяўся. Віл спытаў здушана, калі вартавы падпіхнуў яго: “Чаго да сцяны?..” — і той вылаяўся: “Расстраляем на х…”
Сцяна, за якой віднелася турма, была ў шчарбінах і чырвоных пырсках. Хутчэй за ўсё, яна была ў фарбе, якой пырснулі, калі фарбавалі вядро, што адзінотна вісела на пажарным шчыце пры варотах. Нічога страшнага тут быць не магло, і ніхто пра страшнае і не падумаў бы, калі б пырскі тыя былі зялёныя, жоўтыя ці сінія. Але яны былі чырвоныя…
Як Ася сказала: гэта цяпер смешна. І то не надта. А тады з часу смерці Сталіна не прамінула і дзесяці гадоў, і амаль у кожнага з нас, апроч амерыканца з канадцамі, нехта з радні быў аднойчы забраны, патрапіў у гэткі самы, можа быць, двор — і не вярнуўся.
Уздоўж турэмнай сцяны і дома насупраць яе стаялі лаўкі — звычайныя дошкі на калодах. Не ведаю, чаму, але Амерыканец з канадцамі селі на “турэмную” лаўку, а мы ўсе — насупраць. І стараліся адзін на аднаго не глядзець.
Першым паклікалі Палкоўніка… І пасля доўга, гадзіны дзве, не клікалі нікога. Увесь гэты час раз за разам адчыняліся вароты: на машынах прывозілі ўсё новых і новых людзей. Амаль усіх іх — ці праз Косцю, ці праз Віла, а найбольш праз Палкоўніка — я ведаў. Любімчык Палкоўніка Гарык Клябанаў… Эдзік Гарачы і Эдзік Зельдовіч… Рыжык, Ося Рыжыкаў… Слава Буйнікоў… Лёня Макаранка… Валера Высоцкі… Віктар Лібенсон, вілаянчэліст, скрыпач, Ілля Фраўчы, піяніст… Толя Пястрак з мянушкай Піля, сын пісьменніка Піліпа Пестрака… Вадзім Някрасаў… Сергей Будкевіч… Шыдляк, Генік Шыдлоўскі… Віця Шульман, сын знакамітага рэжысёра, які зняў кіно “Чалавек не здаецца” і якога праз сына пагналі з партыі, а значыць, з кінастудыі, з работы, з самога жыцця — і ён памёр урэшце недзе ў Канадзе… Амаль усе, за выключэннем Лібенсона і Фраўчы, — студэнты ўніверсітэта. Яны абміналі амерыканца з канадцамі, падыходзілі да нашай лаўкі, месца на якой ужо не хапала, і ставалі побач. Ніхто ні з кім не вітаўся, не казаў адзін аднаму ні слова. Усім было страшна. Не мне аднаму, усім…
Гадзіны праз дзве недзе ў доме, куды адвялі Палкоўніка, нешта ляснула. Суха, коратка. Нібы ссохлую галіну пераламілі. Ці стрэлілі. І адразу ў той жа дом павялі Амерыканца з канадцамі. Іх лаўка засталася вольная, але ніхто на яе не сеў. Усе, як стаялі, так і працягвалі стаяць каля нашай лаўкі, каля сваёй сцяны.
— Во гады… — збялела шапнуў Віл, які сядзеў паміж мной і Косцем. — Няўжо ў сутарэннях страляюць?..
І тут паклікалі яго. Ён падхапіўся, сеў, зноў падхапіўся, зрабіў крок, хістка пайшоў у другі бок, уздоўж запырскана-чырвонай сцяны… “Ты куды?” — крыкнуў адзін вартавы з ганку, а другі падышоў і павярнуў Віла, падштурхоўваючы прыкладам аўтамата: “Туды давай, туды…”
— А ён думаў яго тут, у двары… — на дзіва спакойна ўслед Вілу сказаў Косця. — Каб увесь горад чуў.
Я і тады, у тым двары, у тым жаху, і пасля, калі ўсё скончылася, здзіўляўся: чаму Косця, калі яго паклікалі ў дом, у які мы адзін за адным уваходзілі і з якога ніхто не выходзіў, у якім нешта суха ляскала, быццам у ім стралялі, падняўся і пайшоў, нічога не баючыся?.. Я бачыў, што ён не баіцца, нібы наперад ведаючы, што нічога ў тым доме з ім не станецца. Там, у тым двары, я думаў, што ён герой, а пасля, калі мы спрабавалі вылічыць, хто ж нас здаў, хто сярод нас стукач, нічога геройскага пра Косцю я ўжо не думаў. Менавіта таму, што ён адзін сярод нас выглядаў героем. Чаму гэта ён герой, калі мы ўсе перастрашыліся?.. Я падазраваў, успамінаў, сам у сябе пытаўся: ад каго Гурык пра тое, што Саламон Майсеевіч сваяк Леніна, дазнаўся? Калі мы толькі ўтраіх каля яткі былі: Ася, Косця і я?.. Я ўжо не верыў Косцю, як самому сабе, я ўжо ніяк яму не верыў. І не ганарыўся я сяброўствам з ім, і не здаваўся ён мне, як раней, найкруцейшым у Мінску…
Вось што робіць з намі страх.
А пасля Косця зноў здаўся мне героем… Калі адкрылася, што ўсё пра ўсіх нас расказаў і напісаў у тым доме, дзе яго павінны былі расстраляць, але не расстралялі, Палкоўнік. Праз яго мы ўсе аказаліся ў адной, пра якую ведаць не ведалі, падпольнай арганізацыі: антысавецкай групоўцы Кіма Сысоя.
Пазней, калі Палкоўнік, якога пасадзілі за стварэнне антысавецкай групоўкі ягонага імя, адбыў два з паловай гады ў турме ў Піцеры і зноў з’явіўся ў Мінску, я пры першай жа сустрэчы спытаў: чаму?.. Чаму ён расказаў і напісаў усё за нас?.. “Бо наперад ведаў, — адказаў Палкоўнік, — што вы прызнаецеся ва ўсім, чаго яны захочуць. Дык лепей я сам”.
Мяне паклікалі апошнім. Не ў сутарэнні, а ў звычайны пакой з адным акном, нават не закратаваным. Уся мэбля — скураная канапа каля сцяны, шафа ды стол з тэлефонам і графінам з вадой. За сталом, пастукваючы алоўкам па графіне, сядзеў мужчына гадоў трыццаці ў галіфэ і пінжаку вайсковага крою, які моўчкі паказаў мне на крэсла пасярод пакою.
Я сеў, падабраўшы ногі. Выпрастаў іх. Зноў падабраў. Я не ведаў, як на гэтым крэсле пасярод пакою сядзець? Куды глядзець? Сядзеў і глядзеў уніз.
— Я маёр Гагарын, — перастаў пастукваць, як з аўтамата пастрэльваць, мужчына ў галіфэ, і я сказаў таропка, каб спадабацца яму і паказаць, што на ўсё гатовы:
— Я ведаю.
Я чакаў, што гэта яму спадабаецца, а яму не спадабалася.
— Скуль ты ведаеш?..
Я не ведаў, як адказаць, скуль я гэта ведаю, каб не падставіць Саламона Майсеевіча, які напісаў на маёра Гагарына скаргу ў партыйны ЦК. Таму маўчаў, пакутліва ўсведамляючы, што спёкся ўжо на самым першым пытанні і цяпер мне не выкруціцца, а маёр не стаў чакаць, калі я што-небудзь для выкруткі прыдумаю.
— А ты ведаеш, што па апошнім законе, прынятым Вярхоўным Саветам у сувязі з абвастрэннем адносін з Амерыкай, ворагі СССР расстрэльваюцца без суда і следства! І ты пад гэты закон падпадаеш, ведаеш?!.
Скуль мне было такое ведаць?.. Як і тое, што такога закона няма і быць не можа. Я нават не ведаў, што законы прымаюцца Вярхоўным Саветам, і калі маёр Гагарын са словамі “і ты пад гэты закон падпадаеш!” узняўся над сталом, нада мною, над шафай, над усім светам — я страціў прытомнасць. Паплыў на тым крэсле, седзячы на якім не ведаў, куды глядзець і куды ногі падзець…
З таго моманту праз таго маёра Гагарына я ўжо не марыў, як марыў раней, калі сапраўдны Гагарын у космас узляцеў, стаць касманаўтам.
Ачуняў я лежачы на канапе. Маёр Гагарын стаяў нада мной і пырскаў вадой, якая здалася мне прысоленай.
— З цябе вораг, як з гаўна куля, — пырснуў апошні раз маёр, і я сказаў, спрабуючы сесці і пачуваючы сябе так, нібы на спатканні з Асяй у порткі нарабіў:
— Я не вораг.
Мне здалося, што маёр паглядзеў на мае калашыны: ці не абмачыўся?..
— Дык я й кажу… Які з цябе вораг? Нармальны савецкі чалавек. Ты ж савецкі?
Я заківаў, выціраючыся:
— Савецкі.
— Вось бачыш, савецкі. Камсамолец. Сценгазетавец. Ты ж у сценгазету пішаш?
— Пішу. Вершы.
— Вось бачыш, пішаш. — Ён паставіў графін на стол. — Дык і нам напішы. Вершаў не трэба, прозу… Дакументальную, без ніякіх там мастацкіх вобразаў, прозу: я сустрэўся з тым і тым, той і той сказалі мне тое і тое… Ды не ўставай, можаш на канапе сядзець. А для пачатку скажы: радыёстанцыю ты ўжо змайстраваў?..
Я сабраўся ўстаць з канапы і, стоячы, з гонарам сказаць, што я не стукач, ніякай прозы для іх пісаць не буду — і не ўстаў. Бо пад ложкам маім у інтэрнаце электратэхнікума сувязі ляжаў заплечнік, а ў ім — радыёдэталі, пра якія ніхто, апроч мяне, не ведаў. Апроч мяне і, як аказалася, маёра Гагарына.
Скуль ён ведае?.. Пад ложак мой ён не лазіў. Выходзіць, нехта піша ў інтэрнаце электратэхнікума сувязі дакументальную прозу?..
Адмаўляцца, казаць, што нічога не майструю і майстраваць не збіраюся, было б па-дурному. Тым больш, што радыёспорт — не злачынства. Ім у той час займаліся ўсе, хто хацеў. Дакладней, хто мог. У тым ліку афіцэры з тэхнічных аддзелаў КДБ, якія, па-першае, у большасці сваёй ведалі ангельскую мову, і якім, па-другое, радыёстанцыю займець было найпрасцей.
— Не сабраў. Дэталяў не хапае.
— Якіх?..
Ён спытаў так, нібы готовы быў дапамагчы мне дастаць тыя дэталі.
— Пары лямпаў… Кандэнсатараў… Шмат яшчэ чаго…
— Шмат яшчэ чаго… — паўтарыў маёр, сядаючы. — А дзе ты бярэш тыя лямпы з кандэнсатарамі? Купляеш?..
Ён не збіраўся мне дапамагаць… Ён збіраўся мяне пасадзіць, бо тыя лямпы з кандэнсатарамі нідзе ў тыя часы нельга было купіць. Ва ўсякім разе, у краме, дзе прадавалася хіба што драбяза для радыёлаў. А дэталі для радыёстанцыі можна было толькі дастаць. Наўпрост кажучы, скрасці. Ці самому, ці папрасіць каго-небудзь, каб скраў. Сцягнуў у войску, выламаўшы іх з “Крата” або з “Р-250”, ці вынес з завода.
Не ведаючы, што адказаць, я тужліва глядзеў на маёра. Яму дастаткова было паслаць некага ў інтэрнат, каб знайшлі пад маім ложкам радыёдэталі, і мяне пасадзяць. Як звычайнага злодзея, без ніякай палітыкі.
Зрабіўшы паўзу, каб я ўсё асэнсаваў і ўцяміў, што са мной можа быць, маёр дапытаў:
— Амерыканец табе іх з завода цягае?
Ён даваў мне накірунак… Шлях, па якім я магу выбрацца з кута, у які ён мяне загнаў. І, магчыма, я рушыў бы гэтым шляхам, але Амерыканец не цягаў для мяне дэталі. Ні для каго не цягаў. Віл аднойчы папрасіў яго прынесці шкалу настройкі, кавалачак звычайнай пластмасы, на што Алік адказаў, што ён не рускі, каб красці. Нібы ў ягонай у Амерыцы не крадуць, а толькі кіно пра гэта паказваюць. І сам ён не п’е аплаткі, якія крадзе для яго ў шпітальнай аптэцы Марына.
Ну ды гэта ягоная справа. Дэталі для мяне ён не цягаў.
— Не. Ён для мяне не цягаў дэталі.
— А хто?
— Ніхто. Я сам.
— Ты сам?..
Суха зглынуўшы, голасу свайго я не знайшоў, таму толькі кіўнуў. Маёр падняўся, адчыніў дзверцы шафы, узяў чысты аркуш паперы, паклаў на край стала.
— Значыць, ты сам?
Я зноў кіўнуў.
— Тады сядай і пішы…
Я ўстаў з канапы — ногі трымалі слаба.
Сеўшы да стала і яшчэ раз зглынуўшы, я ўсё ж знайшоў голас, хоць і слабы.
— Што пісаць?..
— Тое, у чым ты мне толькі што прызнаўся… Што ты неяк… абавязкова напішы, як?.. прабіраешся на рэжымны завод і крадзеш дэталі. За што дадуць табе не менш за пятнаццаць гадоў… Крымінальны кодэкс паказаць, ці на слова паверыш?
Ён мяне ўжо нават не ў кут заганяў. У пастку. У турму.
Я узяў аловак, якім маёр, калі я ўвайшоў, пастукваў па графіне.
— Як гэта назваць?.. Паказанні?..
— А табе хто рацыю дае, калі сваёй не маеш? — нечакана змяніў накірунак, якім мне выбірацца ўжо не з кута, а з турмы, маёр Гагарын. — Гарачы?.. Ці ты працуеш на пару з Леднікам?
— Гарачы не займаецца радыё… — пачаў я і замаўчаў, зразумеўшы, што ўжо адказаў на ягоные пытанне. Калі не Гарачы, дык Віл, дзіця я горкае, з кім боркацца ўздумаў…
Якраз праз Віла я і заняўся радыёспортам. Калі ў мігценні зялёных агеньчыкаў радыёстанцыі правёў я з ім некалькі начных гадзін, за якія ён пабываў і ў Індыі, і ў Амерыцы, і ў Аўстраліі, і пагаварыў пра джаз, як свой са сваім, не з кім-небудзь, а з самім Луі Армстрангам, які паабяцаў даслаць яму (і праз пару тыдняў даслаў!) кружэлку з аўтографам, я трызніць стаў тымі зялёнымі агеньчыкамі. А калі сам пачаў працаваць у эфіры, дык дамовіўся з тым жа Луі Армстрангам, што вышлю яму фота, на якім ён у абдымку з Эдзі Рознэрам, каб ён надпісаў яго і даслаў Эдзіку Гарачаму — вось праз што ў Эдзіка не было праблем пры знаёмстве з дзяўчатамі…
Адкручвацца не выпадала, дый патрэбы не было адкручвацца. Што з таго, што Віл падвучвае мяне на сваёй радыёстанцыі? Яна зарэгістраваная, які тут крымінал?..
— Я не працую з Леднікам, у яго першая катэгорыя, права працаваць з тэлефонам ва ўсіх дыяпазонах, а ў мяне…
– І ў цябе будзе, — узяў маёр Гагарын верхнюю паперку са стосу паперын на стале. — Усё ў цябе будзе… І катэгорыя, і права, а пакуль што… Ты быў у Ледніка, калі ён звязваўся з амерыканскім сенатарам Гары Балдуотэрам?
— Бары Галдуотэрам?..
Перапытаў я дарэмна. Маёра Гагарына, які проста агаварыўся, перасмыкнула.
— Ну, Бары Галдуотэрам. Значыць, быў?
— Не. Проста ведаю, што ёсць такі.
– І ведаеш, хто ён?
— Амерыканскі сенатар. Вы ж самі сказалі.
Маёр зірнуў на мяне так, каб я зразумеў, што ў недаўмеку з ім гуляць ён мне не рэкамендуе. У гэта, маўляў, мы ўжо пагулялі.
— Сенатараў амерыканскіх шмат… Але не ўсе гатовыя да вайны з Савецкім Саюзам. — Маёр паклаў паперку на стол, тыкнуў у яе пальцам. — Гэта ястраб! Вораг! Ён заклікае знішчыць нас, пачаць супраць нас атамную вайну, а вы з ім на сувязі! Што за такое можа быць, як ты думаеш?..
Зразумела, што ўжо не пятнаццаць гадоў турмы… І нават не дваццаць…
Прытомнасці гэтым разам я не страціў, але ўвесь, з галавой, якую нядоўга засталося насіць, уціснуўся ў крэсла. Калі падаць на следстве і судзе, ці недзе там без суда і следства, усё так, як падае маёр Гагарын, дык пра тое, што за такое можа быць, і пытацца няма чаго.
Расстрэл.
І як ратавацца?
— Ён радыёаматар…
— Хто радыёаматар?
— Галдуотэр… Другое месца ў чэмпіянаце свету… У Віла першае, а ў яго другое.
Маёр Гагарын здзівіўся. Можа быць, праз тое, што вось ён — маёр КДБ, а не ўсё пра ўсіх ведае. І спытаў, як не паверыў:
— Леднік — чэмпіён?..
Гэта была праўда. Амерыканцы, працуючы на шыкоўных радыёстанцыях вытворчасці найлепшых фірмаў, ніяк не маглі перамагчы нас у чэмпіянатах свету — з нашымі самаробнымі, з абы-чаго злепленымі, “скрынкамі”. Чэмпіянаты ў той час праводзіліся часопісам “СQ”, што на міжнародным кодзе азначае да ўсіх, хто мяне чуе, і былі неафіцыйнымі. Сенатар Галдуотэр займаўся радыёспортам заўзята, у яго была свая радыёстанцыя ў сенаце, а ўсё адно ён быў другім. Быць другім не толькі ў спорце, а ва ўсім, было яму, пэўна, лёсам наканавана, бо не стаў ён першым і ў выбарах Прэзідэнта ЗША, на якіх пасля таго, як Алік забіў Джона Кенэдзі, Бары Галдуотэр змагаўся з Лінданам Джонсанам. Тут яму радыёстанцыя ў сенаце, на гмаху якога тырчэў падвойны квадрат ягонай радыёантэны, па тэлебачанні паказанай на ўсю Амерыку, здорава зашкодзіла. Выступаючы па тым жа тэлебачанні, ягоны сапернік Джонсан нібы між іншым, як не пра галоўнае, але ўсё ж і не дробязнае, пракінуў: “Спадзяюся, нашы з вамі суайчыннікі, сенатар, паважаючы Амерыку і яе сімвалы, не дапусцяць падвойных квадратаў над Белым домам”.
Скуль мы гэта ведалі?.. Мы ведалі гэта з эфіру, хоць размовы ў ім пра палітыку і ўсё, што блізкае да яе, былі забароненыя міжнародным Статутам, выконваць які абавязваўся кожны радыёаматар, хоць ён гэбіст, хоць ён сенатар. Ды чаго толькі нам ні забаранялі…
Выбраўшы прэзідэнтам Джонсана, амерыканцы не дапусцілі падвойных квадратаў над Белым домам, але з будыніны сената Галдуотэр іх не зняў, як яго да таго ні змушалі. І мы павіншавалі яго з перамогай!..
Вось што такое радыё, зялёныя агеньчыкі ўначы… Гэта вам не ў прэзідэнтах быць і нават не кадэін, не “калёсы” глытаць. Гэта тысячы тысяч галасоў, якім ты можаш падаць свой голас…
Нехта шукае галасы ў выбарчых скрынях, нехта — у сусвеце. Але хіба давядзеш гэта маёру?..
Маёр раптам адклаў расстрэл.
— А з каралём Іярданіі Хусэйнам?.. Ты быў у Ледніка, калі ён звязваўся з каралём Іярданіі?
Мне трохі адпусціла горла, ужо не так моцна сушыла і здушвала… Кароль — не сенатар, Іярданія не збіраецца з намі ваяваць. Можа, не расстраляюць?
Маёр выцягнуў, пакруціў у пальцах і назад уставіў корак графіна:
— Ну?..
Я глядзеў на графін, мацаў горла і не разумеў, чаму я баюся папрасіць маёра, каб наліў вады?.. Трэба пераадолець страх, папрасіць, я ж хачу піць, і я ўжо разняў сшорхлыя вусны, каб сказаць: “Таварыш маёр, наліце, калі ласка, вады…” — але тут зазваніў тэлефон.
— Ёсць! — падхапіўся маёр, зняўшы трубку, хоць той, хто тэлефанаваў, не мог бачыць, падхапіўся ён, ці сядзіць, як сядзеў, і маёр адчуў, што я пра гэта падумаў, яму стала ніякавата і ён, ужо трубку паклаўшы, раптам закрычаў: “Пайшоў адсюль! Спатрэбішся — знойдзем!” — і стаў таропка збіраць паперы, каб да некага, каму ён адказаў, ускочыўшы, “ёсць”, з паперамі бегчы, а я падняўся і пайшоў, ніхто мяне не затрымліваў, толькі вартавы, калі я ў дзверы, што ў двор вялі, пасунуўся, сказаў: “Не туды, у тыя!..” — і праз дзверы, на якія паказаў, ён вывеў мяне нейкімі пераходамі на вуліцу Інтэрнацыянальную, былую Зборавую, па якой дайшоў я да кінатэатра “Перамога”, дзе купіў квіток на бліжэйшы сеанс і ў буфеце піў, піў і піў ваду…
Кінатэатр “Перамога” быў некалі клубам імя Сталіна — і тут жа была філармонія, дзе ў красавіку 1940 года прайшлі першыя канцэрты аркестра Эдзі Рознэра. Музыканты, габрэі з Берліна, Прагі, Вены, Варшавы, якіх прыгнала вайна ў Савецкі Саюз, дзе яны думалі ўратавацца ад Гітлера, а патрапілі да Сталіна, гралі так, што ўвесь Мінск гудзеў! “Ды які там Лёня, які там Яша!..” — чулася каля пашкамутаных ветрам афішаў з рэпертуарам аркестраў Уцёсава і Скамароўскага. — Вось наш Эдзюня!..” Пяці канцэртаў хапіла, каб дагэтуль нікому ў Мінску невядомы польскі габрэй Эдзі Рознэр стаў “нашым Эдзюнем”, а “Беластоцкі тэатралізаваны джаз”, якім страсянуў Эдзюня Мінск, стаў “Дзяржаўным джаз-аркестрам Беларускай ССР”.
“Што вам трэба, — спытаў Эдзюню начальнік Савецкай Беларусі Панцеляймон Панамарэнка, — каб з такім жа фурорам выступіць у Маскве на дэкадзе беларускага мастацтва?” “Ап-пар-р-ратура, гоп, ап-пар-р-ратура!..” — праспяваў яму Рознэр, і займеў такую гоп-апаратуру, якой не было ні ў адным аркестры СССР: з радыёзавода, што працаваў па ліцэнзіі кампаніі “Тэлефункен”. Радыёзавод з Вільні, якая восенню 1939 года адышла да Літвы, вывезлі ў Мінск, дзе ён стаў заводам імя Леніна, на якім працуе цяпер амерыканец Алік. Хоць пры чым тут амерыканец Алік? Ні пры чым…
З гэтага завода займеў радыёапаратуру для свайго джаз-аркестра Эдзі Рознэр. І дзе ён праз тое апынуўся? На Калыме.
З гэтага завода — лямпы і кандэнсатары, схаваныя ў маім заплечніку пад ложкам у інтэрнаце электратэхнікума сувязі! Дык чаго я тут сяджу і ваду п’ю, нібы ў Саламона Майсеевіча той вады не напіўся?..
З кінатэатра, у дзвярах якога кантралёрка спытала: “А кіно?..” — я пратрусіў на “брадвэй”, скочыў у першы тралейбус, даехаў да Падлеснай, дабег да інтэрната, схапіў заплечнік, доўга мітусіўся на вуліцы, не знаходзячы месца, дзе можна ад таго, што ў ім, пазбавіцца — у гэтым гэбісцкім горадзе няма куды выкінуць нават самы маленькі, не большы за канцылярскую скрэпку, рэзістар! Нарэшце ўбачыў люк з надпісам ГТС, побач з ім кінуты кавалак арматуры, якім прыпадняў люк, адсунуў яго ўбок і ссыпаў увесь свой скарб з заплечніка ў цёмную прорву калодзежа гарадской тэлефоннай сувязі. Азірнуўшыся, ці не сочаць за мной, паставіў люк на месца і зноў пабег па Падлеснай, скочыў у першы тралейбус і, праязджаючы вуліцу Леніна, убачыў на лаўках у скверы тых, хто яшчэ зусім нядаўна стаяў каля сцяны і сядзеў на лаўцы побач са мной у двары на Інтэрнацыянальнай. Усе былі тут, апроч Амерыканца з канадцамі і Палкоўніка, які стварыў з нас антысавецкую групоўку, назваўшы яе сваім імем, каб мы адчулі, як напісаў ён у сваёй няскончанай казцы, “трагедыйнасць быцця і яшчэ шмат чаго экзістэнцыйнага, што не мае назвы”.