— Ці хацеў я забіць Хрушчова?.. Хацеў! І Падгорнага забіць хацеў, і Мікаяна, і Брэжнева, і Суслава, і Шверніка, і Касыгіна, і Палянскага, і Воранава, і Казлова, і Ота Вільгельмавіча Куусінена з Нурытдзінам Акрамавічам Мухітдзінавым!..
Віл крычаў гэта ў нашай “курылцы” пад лесвіцай — у бібліятэцы. У ленінцы гразіў забіць самых верных ленінцаў з Прэзідыума ЦК КПСС…
Пасля “замаху” на жыццё Хрушчова нас каго праз дзень, каго праз тыдзень выпусцілі з турмы КДБ, але штодня цягалі на допыты. Праз допыты ў Віла пасыпаліся клёпкі.
Збоку ад лесвіцы ў бібліятэцы ўздымалася сцяна, з якой дзе-нідзе паападала тынкоўка, і Віл палез па сцяне, чапляючыся за шчыліны і выбоіны. Са сцяны й крычаў: “…і Ота Вільгельмавіча Куусінена з Нурытдзінам Акрамавічам Мухітдзінавым!..” — як толькі такое запомніў? Падняўся да трэцяга паверху — і зрынуўся. Нехта б забіўся, а ён нават палец не зламаў.
— Убогіх ды слесараў Бог беражэ, — сказаў Палкоўнік. Маючы на ўвазе, што Віл — убогі, а Біг — слесар.
Палкоўнік прарочыў Бігу: “Цябе адусюль папруць і ты скончыш жыццё на заводзе цеплавых агрэгатаў”. І ўгадаў. Біга, які ведаў ці не ўсе мовы свету, выгналі з інстытута замежных моў — і ён зарабляў на хлеб слесарам. Кнігу напісаў: “Я — слесар!” Яе адразу ж выдала прафсаюзнае выдавецтва, Біг атрымаў ганарар ды яшчэ прэмію, за якую ўсе мы паехалі ў Крым і амаль месяц пілі навасвецкае шампанскае.
Праз тое, што ў Віла пасыпаліся клёпкі, ён зблізіўся з Бігам, які, ведаючы сто моваў свету ўключна з іўрытам, проста не мог быць нармальным. У яго нават меўся свой лекар — і Біг угаварыў Віла таму лекару паказацца.
— Мне сніцца, — казаў Віл, калі лекар спытаў, на што ён жаліцца, — адзін і той жа сон. З ночы ў ноч. Нібыта ў нейкім горадзе, дзе я невядома як апынуўся і не ведаю, што гэта за горад, атамны выбух. І ўздымаецца, вырастае над горадам ядзерны грыб. Я разумею, што зараз павінны палыхнуць агонь і ўдарыць выбуховая хваля, а яе ўсё няма. Грыб вісіць, я чакаю — няма хвалі! Я мярцвею, мяне халодны пот прабівае: куды яна падзелася?.. Так не можа быць, гэта супраць законаў фізікі!
— Але не супраць законаў псіхіятрыі, — расцягваў Вілу павекі і зазіраў у вочы лекар, які, сябруючы з бацькамі Біга, лекаваў іх сына і згадзіўся падлячыць Віла. А заадно й мяне, бо ў мяне бяссонніца — і круціцца ў галаве адно і тое:
Самалёт ляціць
Над усёй бальніцай.
Болей нічога ў галаве не круціцца.
Гэты лекар, які ўвесь круглы, таму ўсе Круглым яго й называюць, увогуле дзіўны. Яго б самога, як Воран кажа, лячыць. Вось ён сказаў Бігу пра законы псіхіятрыі — і тут жа дадаў, што ніякіх законаў у псіхіятрыі няма. Як у сне — хвалі ад выбуху. “Увогуле, — ён кажа, — няма нідзе і нічога”.
У Круглага рэпутацыя аднаго з лепшых псіхіятраў, ён друкуецца ў замежных спецыялізаваных выданнях, яго куды толькі ні запрашалі і што толькі яму ні прапаноўвалі, а ён працуе санітарам у вар’ятні ў Навінках, куды ўладкаваўся, каб капейчыну падрабіць, яшчэ тады, калі быў студэнтам. Цяпер ён, зразумела, лекар, але ў штатным раскладзе вар’ятні, як і ў студэнцкія гады, запісаны санітарам — і не жадае перапісвацца ў лекара. “Як я, — пытае, — магу быць лекарам, калі не ведаю, што я лякую?..”
Гарык Клябанаў казаў, што Круглы працуе не толькі ў вар’ятні, але і ў КДБ. Кансультантам. Выяўляе сімулянтаў, якія падрабляюцца пад псіхаў. Працу такую прапанавалі яму як ганаровую — і адмовіцца ад такой ганаровай працы ён не мог.
Яшчэ Гарык казаў, што якраз круглы лекар паставіў Палкоўніку, які на камсамольскім сходзе назваў Сталіна людажэрам, дыягназ: шызафрэнія. І Палкоўніка не расстралялі.
Віл з Бігам не баяліся, што іх расстраляюць. Псіхі расстрэлу не баяцца. А вось, што пасадзяць, баяліся. Нават перакананыя былі, што пасадзяць, і заклаліся на “амерыканку”, каго пасадзяць першага. Віл заклаўся, што першым пасадзяць Біга, Біг — што Віла. Хто прайграе, той, як дамовіліся яны ў закладзе на “амерыканку”, галяком прабягае па “брадвэі” паўз будыніну КДБ ад вуліцы Камсамольскай да вуліцы Валадарскага.
Першым пасадзілі Эдзіка Гарачага. Біг з Вілам абодва прайгралі і вырашылі галяком не бегаць, але Палкоўнік, якога тады яшчэ не пасадзілі, сказаў, што гэта няправільна. Калі абодва прайгралі — абодва павінны бегчы. Іначай парушаецца прынцып гульні ў “амерыканку”, а прынцыпы парушаць нельга. З Палкоўнікам не паспрачаешся — і Віл з Бігам пабеглі на пару, павязаўшы на грудзі, як лёгкаатлеты, папяровыя нумары: 3012 і 3623. З парадных дзвярэй КДБ, у якія, здавалася, ніхто ніколі не ўваходзіў і з якіх ніхто не выходзіў, гэтым разам выйшлі два гэбісты і няўцямна праводзілі позіркамі двух голых лёгкаатлетаў, якія на рагу вуліцы Валадарскага і праспекта Леніна ўскочылі ў таксі. З таксістам загадзя было пра ўсё дамоўлена — і ён рвануў да Нямігі.
Круглы доктар, вярнуўшыся з КДБ пасля сваіх кансультацый, сказаў бацькам Біга, што калі іх сына арыштуюць, дык не за тое, што голы па горадзе бегае. Як і Віла не за тое пасадзяць. Справу антысавецкай групоўкі запатрабавалі ў Маскву. Значыць, рыхтуюць нешта сур’ёзнае. Так што трэба думаць, як выкручвацца. Недзе хавацца. А як выкручвацца? Дзе хавацца? І доктар, які кансультаваў КДБ адносна сімулянтаў, прапанаваў: у Навінках. У бальніцы для такіх псіхаў, як Біг з Вілам, якія голымі па вуліцах бегаюць. Нічога лепшага яны, калі б і хацелі, не прыдумалі б…
Паколькі я таксама баяўся, што мяне пасадзяць, і ў маёй галаве круціўся самалёт над усёй бальніцай, я разам з Вілам і Бігам прыйшоў да круглага доктара на прыём, і ён Бігу, Вілу і мне паставіў дыягназ: дэлірыёзны сіндром. Адзін на трох. “Пілі, — спытаў, — партвейн? Вось і дапіліся”. І сказаў, каб заўтра прыехалі ў бальніцу. Я не хацеў, у мяне клёпкі не сыпаліся, а Круглы прапанаваў: “Тады едзь на Калыму”.
Я ўспомніў, якім з Калымы вярнуўся Эдзі Рознэр, і назаўтра разам з Бігам і Вілам быў у вар’ятні.
Круглы паклаў нас у палату да сапраўдных псіхаў. “Каб усё, — сказаў, — можна было пацвердзіць дакументальна”.
У палаце было дзесяць хворых на галаву — з намі стала трынаццаць. Віл пералічыў: “Чортаў тузін. Нічога добрага нас тут не чакае”.
А калі б не чортаў тузін, дык што ў вар’ятні магло чакаць добрага? З якога боку?..
Мой сусед злева чакаў таракана. Да яго ўжо прыходзіў таракан, сказаў, што прынясе пельмені. І не прынёс. Сусед чакаў і ўдзень, і ўночы, бо пры дэлірыёзе — бяссонне.
Віл, каб майму суседу весялей было чакаць, гуляў з ім у дурня на шчаўбаны. Казаў, калі выйграваў: “Я шчаўбаню — ты прайграў”. Калі прайграваў, казаў: “Ты выйграў — я шчаўбаню”. І мой сусед падстаўляў лоб — ніводнага разу не запярэчыў. “Не таму, што дурны, — казаў Віл. — А таму, што логіка”.
На ложку справа ад мяне ляжаў чалавек, які з дня ў дзень чытаў адну і тую кнігу, назву якой я не мог разгледзець, бо кніга была ў абгортцы. Час ад часу ён усклікваў: “Як сказана! Ах, як сказана! На вякі!..” — і мне карцела дазнацца: што ж там за кніга такая вечная?
— Абсалютная ісціна!.. — ускочыў аднойчы, неяк асабліва ўзбудзіўшыся, чытач вечнай кнігі. — Вы паслухайце!.. “Ці мысліць чалавек пры дапамозе мозга?” Пытанне? Яшчэ якое! І паслухайце, як яно развіваецца!.. “Адчуванне ёсць суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнага свету. Прызнаваць аб’ектыўную, гэта значыць такую, якая не залежыць ад чалавека і чалавецтва ісціну, азначае так ці інакш прызнаць ісціну абсалютную”. Вы прызнаеце абсалютную ісціну?..
Я не ведаў, ці прызнаю я абсалютную ісціну, але на ўсялякі выпадак кіўнуў…
– І тым самым сцвярджаеце яе! — абсалютна задаволіўся маім кіўком мой сусед. — Бо, як сказана, “абсалютная ісціна складваецца з сумы адносных ісцін!” Ідзём далей! Глядзіце, якая логіка! Якая няўмольнасць!.. “Рух матэрыі не можа адбывацца інакш, як у часе і прасторы. З гэтага вынікае, што той, хто прызнае існаванне аб’ектыўнай рэальнасці, нашай з вамі, — сусед паказаў на сябе і на мяне, — абсалютнай ісціны, непазбежна павінен прызнаваць таксама аб’ектыўную рэальнасць часу і прасторы!” Вы прызнаеце аб’ектыўную рэальнасць часу і прасторы?..
Ён быў утрая старэйшы за мяне, але звяртаўся да мяне на вы, да таго ж, падобна было, лічыў, што я гэткі ж разумны, як ён, таму аб’ектыўную рэальнасць часу і прасторы я прызнаў без ваганняў.
— Дык вось, — усклікнуў сусед так, нібы, каб мы з ім гэтага не прызналі, часу і прасторы не было б, — цяпер галоўнае. Усё гэта адносіцца як да рэальнасці ў рэальнасці, так і да рэальнасці ў нашай свядомасці. “Свядомасць існуе рэальна; яна не ёсць нешта, што не ўласцівае прыродзе, а гэткі самы натуральны яе прадукт, як і тыя матэрыяльныя аб’екты, якія надзеленыя свядомасцю, як уласцівай ім унутранай якасцю. Таму супрацьпастаўленне матэрыі і свядомасці адноснае і мае безумоўнае значэнне толькі ў вышэйназваных межах. За гэтымі межамі аперыраваць з супрацьпастаўленнямі матэрыі і духу, фізічнага і псіхічнага, як з абсалютным супрацьпастаўленнем, было б велізарнай памылкай”. Рузумееце? А доктар аперыруе! Ён проста рэжа мяне без нажа!..
Сусед сеў на ложку ў позе лотаса, прыціснуў кнігу да грудзей:
— Ну, як вам?..
Я не ведаў, што сказаць, і сказаў: “На вякі…”
— Так! — адкінуў кнігу і накінуўся з абдымкамі сусед. — На вякі! І ўсе правы навечна пераходзяць да мяне, жывы застаўся толькі пляменнік, але ён у Мюнхене, параноік і хутка памрэ. Разумееце?..
Я не стаў удакладняць, хто гэты параноік, які ў Мюнхене хутка памрэ.
— Чаму да вас?
— Бо мая маці, перш чым стаць жонкай Гітлера, была жонкай Леніна. І захавала права спадчыны на ўсё, што напісаў Гітлер, як новая жонка, і на ўсё, што напісаў Ленін, як жонка старая. Ну, былая. Разумееце?..
Аказалася: мой сусед справа — сын Надзеі Канстанцінаўны Крупскай і Адольфа Гітлера, за якога Крупская выйшла замуж, калі Ленін памёр. Болей у Гітлера дзяцей няма. І ў Леніна няма, але жывы пакуль сын ягонага старэйшага брата. Вось той сын у Мюнхене памрэ — і мой сусед застанецца адзіным праваўладальнікам спадчыны Гітлера і Леніна. З правам на ганарар ад выдання ўсіх іх кніг. “Вы не ўяўляеце, якія гэта грошы! — Ён паказаў на абшарпаныя, з аблупленай фарбай сцены палаты. — Хопіць на новую бальніцу для ўсяго Мінска! Для БССР і ўсяго СССР! І яшчэ на самалёт…”
Самалёт ляціць
Над усёй бальніцай.
І нічога болей.
З маімі суседзямі праблем не было. Адзін ціха чакаў таракана, які прынясе пельмені, другі чытаў сабе і чытаў “Матэрыялізм і эмпірыакрытыцызм”, чакаючы, пакуль пляменнік Леніна ў Мюнхіне памрэ. А вось с суседзямі Віла былі праблемы. Асабліва з адным.
Суседам Віла быў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Першы сакратар ЦК КПСС, праз якога мы й апынуліся ў псіхушцы. Днём ён ставаў за тумбачку, што імітавала трыбуну, і чытаў лекцыі па міжнароднай сітуацыі, якая з кожнай лекцыяй усё ўскладнялася, а начамі ўскокваў і патрабаваў неадкладна склікаць Прэзідыум ЦК КПСС. Штоночы яго вязалі санітары Цмок з Цыклопам, а ён штоночы ўскокваў, крычаў, патрабаваў…
— Ды дайце вы яму правесці прэзідыум! — праз тыдзень не вытраваў Віл. — Дастаў!
— Дадзім, — згадзіўся Круглы. — Калі вы згодныя ўвайсці ў ягоны склад.
Ні Віл, ні Біг, ні я Круглага не зразумелі.
— У склад чаго?
— Прэзідыума ЦК КПСС. Швернікам, Касыгіным і Казловым. Хрушчоў, Падгорны, Брэжнеў, Мікаян, Палянскі, Суслаў і астатнія ў нас ёсць.
Палкоўнік праўду казаў: гэтага лекара самога лячыць трэба.
— А Ота Вільгельмавіч Куусінен з Нурытдзінам Акрамавічам Мухітдзінавым, — спытаў Віл, бо толькі ён мог гэта выгаварыць, — ёсць таксама?
— Ёсць, — паказаў Круглы ў кут палаты, дзе ляжаў такі сухенькі, нібы ён муміфікаваны, дзядок. — І што цікава: адзін за двух. Куусінен-Мухітдзінаў. Не верыце? Спытайце яго самога.
Віл не паленаваўся, падышоў да дзядка:
— Скажыце: вы хто?
— Куусінен-Мухітдзінаў.
Віл сказаў вінавата: “Выбачайце, не пазнаў”. І падаў руку:
— Швернік.
Біг згадзіўся быць Касыгіным, а ў мяне ўжо не было выбару: толькі Казлоў. Я да гэтай пары не ведаю, чым ён, той Казлоў, у тым прэзідыуме ЦК КПСС займаўся. Можа, і нічым, проста быў у прэзідыуме. Як мы ў вар’ятні.
Калі наведаць нас прыйшлі Палкоўнік з Асяй і Воранам, і мы сказалі ім, хто мы цяпер ёсць, і што ў вар’ятні рыхтуецца паседжанне Прэзідыума ЦК КПСС, яны таксама захацелі на тым паседжанні быць. Паколькі вакантнымі заставаліся толькі месцы кандыдатаў у склад Прэзідыума, Круглы прапанаваў Палкоўніку стаць Рашыдавым, а Ворану — Шчарбіцкім. Асі ён сказаў, што яна, калі хоча, можа быць Мжаванадзэ, бо мужчына гэта ці жанчына — па прозвішчы не распазнаць.
Ася згадзілася, а Воран раптам заўпарціўся, захацеў стаць не першым сакратаром ЦК кампартыі Украіны Шчарбіцкім, а першым сакратаром ЦК кампартыі Беларусі Мазуравым. Каб уратаваць Нямігу. Круглы не стаў пярэчыць. “Ставай. Ратуй. Ты Мазураў”.
Хрушчоў склікаў Прэзідыум у той жа дзень: “Нарэшце, таварышы, у нас кворум!..”
Апроч сяброў Прэзідыума і кандыдатаў у яго, быў запрошаны, як сакратар, доктар Круглы, а таксама, па прапанове сакратара, таварышы Цмок і Цыклоп — прадстаўнікі братняй румынскай і братняй албанскай камуністычных партый. Узнікла пытанне з сынам Крупскай і Гітлера, які, як сын Крупскай, а значыць, не чужы чалавек Леніну, на Прэзідыуме прысутнічаць нібыта мог, а як сын Гітлера — ні ў якім разе. На гэта сын Гітлера сказаў, што ён, можа быць, і не сын Гітлера, а сын Леніна, тут ёсць няпэўнасць, а вось тое, што ён сын Крупскай — гэта пэўна, і пэўнасць у такім выпадку няпэўнасць пераважае. Пачаліся спрэчкі, якія спыніў Хрушчоў, сказаўшы, што сын Гітлера ці Леніна выступае фундатарам пабудовы новай бальніцы, так што не мае значэння, чый ён сын — няхай сабе і Гітлера. Тым больш, што ягоная маці — Крупская.
— Дарэчы, пра жанчын, — працягнуў Хрушчоў, палічыўшы папярэдняе пытанне вырашаным. — Пераважная большасць насельніцтва СССР — жанчыны, а яны не прадстаўленыя ў Прэзідыуме ЦК КПСС належным чынам. Гэта наша недапрацоўка, таварышы. Палітычная памылка. Трэба яе выпраўляць. Я прапаную, каб у склад Прэзідыума ўвайшла таварыш Мжаванадзэ. Хто — за?
Паглядзеўшы на Асю, паднялі рукі ўсе, апроч сухенькага дзядка ў куце палаты: Куусінена-Мухітдзінава.
— Аднагалосна, — з уласцівым яму валюнтарызмам пастанавіў Хрушчоў, але Куусінен-Мухітдзінаў не згадзіўся:
— Я супраць. Таварыша Мжаванадзэ я ведаю, ён першы сакратар ЦК Кампартыі Грузіі, а не жанчына.
— Тым больш, — сказаў Хрушчоў. — Пераходзім да міжнароднай сітуацыі. — Слова прадастаўляецца мне. І вось што я вам скажу: пры Сталіне Савецкаму Саюзу не ўдаўся ваенны прарыў у Лацінскую Амерыку, а пры мне ўдаўся! І мы не павінны выводзіць з Кубы нашы ракеты! Калі ўжо мы іх туды ўвялі, няхай яны там стаяць! Гэта правільна! А ўвесці і вывесці — няправільна! Тут і галасаваць няма чаго, таму пераходзім…
— Як гэта няма чаго?.. — падняў руку Палкоўнік, і Круглы, які вёў пратакол, сказаў:
— Таварыш Рашыдаў супраць.
Палкоўнік падышоў да тумбачкі, за якой стаяў Хрушчоў. Я здзівіўся — і ўсе нашы, як і я, здзівіліся: чаго раптам ён у гэта ўлез?
— Так, я супраць. Нашы ракеты на Кубе — гэта вайна. Ваенны патэнцыял СССР значна саступае ваеннаму патэнцыялу ЗША. У выпадку вайны не толькі ад Кубы нічога не застанецца — нас таксама не стане. Таму…
— Таму, — перапыніў яго Хрушчоў, — я прапаную вывесці таварыша Рашыдава са складу Прэзідыума ЦК КПСС за дыскрэдытацыю палітыкі партыі і савецкіх узброеных сіл. Пайшо-о-ў во-о-н! — зняўшы тапак, ляснуў ён па тумбачцы.
Гэты “Хрушчоў” здорава ўжыўся ў ролю сапраўднага Хрушчова… Да яго, раз’юшанага, падскочылі прадстаўнікі румынскай і албанскай кампартый, паглядзелі на Круглага, але той пакруціў галавой: “Не чапаць…” — і Цмок з Цыклопам узялі пад рукі і адвялі ўбок Палкоўніка.
— Прапаную прысвоіць нашым румынскім і албанскім таварышам званне Герой Савецкага Саюза, — нацягваючы тапак і падскокваючы на адной назе доўжыў Хрушчоў, — і перайсці да пытання будаўніцтва бальніцы. Без яе немагчымая пабудова камунізму. У камунізме неабходна: а) нешта есці; б) недзе жыць; в) неяк лекавацца. Усе гэтыя праблемы комплексна вырашае бальніца. Мы ў ёй: а) ядзім; б) жывём; в) лякуемся. Але бальніца старая, цесная. Нам трэба вырашыць, на колькі месцаў будаваць новую? Інакш кажучы: колькі савецкіх людзей мы прапускаем у камунізм? Слова мае таварыш Крупскі.
— Грамадства ёсць адасобленая частка прыроды, — з кнігай у руках падышоў да тумбачкі сын Крупскай і Гітлера. — У гэтай адасобленай частцы ёсць яшчэ свае адасобленыя часткі. Таму таварыш Ленін убачыў магчымасць пабудовы сацыялізму ў адной, асобна ўзятай краіне. А таварыш Хрушчоў — камунізму ў асобнай бальніцы. Прыблізна на 250 мільёнаў чалавек. Я падлічыў… — ён дастаў з кнігі паперчыну. — Пры норме 6 квадратных метраў на чалавека плошча бальніцы камунізма — 1 мільярд 500 мільёнаў квадратных метраў. Гэта 1 % зямной сушы. Прыблізна.
— Не так і многа, — сказаў вечна задыханы, бо ўсё некуды бегаў і нешта шукаў чарнявы мужык. — Мінск у колькі разоў большы?
— Мінск значна меншы, — неяк вінавата сказаў сын Гітлера і Крупскай, — і чарнявы няўцямна паглядзеў на яго і павярнуўся да ўсіх:
— Як гэта?.. Як мы ў меншым збудуем большае?..
Усе, апроч Хрушчова, задумаліся.
— Ты служыў, Лёня, — спытаў ён чарнявага, — у дэсантных войсках?.. Нідзе ты не служыў, толькі ў камсамоле. Але парашут бачыў? Ён жа большы за валізу, у якую яго запіхваюць! — Хрушчоў выйшаў з-за тумбачкі. — Мы выйдзем за Мінск. За БССР! За Савецкі Саюз выйдзем! Да нас ужо практычна далучыліся Балгарыя і Манголія! Камунізм пераможа ва ўсім свеце, таварыш Брэжнеў! Ці ты ў гэта не верыш?.. Хто яшчэ не верыць?
Чарнявы абмяк: “Веру, Мікіта Сяргеевіч…” — а Палкоўнік зноў падняў руку:
— Я не веру!
Хрушчова на плямы пабіла.
— Таварыш Рашыдаў выведзены са складу Прэзідыума ЦК КПСС! Вывесці яго!
Героі Савецкага Саюза Цмок і Цыклоп пацягнулі Палкоўніка да дзвярэй. Ён упіраўся, крычаў: “Хрушчоў стварае новы культ!..” — і азіраўся на Круглага, але той быў безуважны, і Цмок з Цыклопам выпіхнулі Палкоўніка з палаты.
Калі адчыняліся і зачыняліся дзверы, я паспеў заўважыць, як за імі мільгнуў маёр Гагарын. Што ён робіць тут? Чаму ён у вар’ятні? Стаў касманаўтам Гагарыным?..
Палкоўнік, канечне, не зусім нармальны, гэта факт, калі ў спрэчкі з вар’ятамі ўлез. Але ж і Біг з Вілам таксама не зусім нармальныя, Біг нават больш ненармальны, чым Палкоўнік, а яны вунь сядзяць, ні ў што не ўлазячы, толькі галасуюць за ўсё, што прапаноўвае Хрушчоў, які спытаў пераможна:
— Хто, апроч Рашыдава, лічыць, што я ствараю культ?..
Прэзідыум маўчаў. Падобна было, што ніхто, апроч Рашыдава, гэтак не лічыць, але раптам мучніста-белы, па-жаночаму на два бакі расчасаны псіх пераміргнуўся з Брэжневым і выскачыў на сярэдзіну палаты:
— Я!
— Слова таварышу Палянскаму! — тут жа абвясціў Круглы, пра якога я ўжо не думаў, як пра доктара. Гэткі ж хворы на галаву, як Куусінен-Мухітдзінаў ці сын Крупскай і Гітлера.
— Хто ў нас таварыш Хрушчоў? — нечакана цвёрда спытаў мучністы Палянскі. — Ён і Першы сакратар ЦК партыі, і Старшыня Савета Міністраў СССР, і Старшыня Бюро ЦК КПСС па РСФСР, і Вярхоўны галоўнакамандуючы — чым не Сталін? У ягоных руках уся ўлада! І як ён карыстаецца ёю? Узнагароджвае не толькі румынскіх і албанскіх таварышаў — Насэра ўзнагародзіў! Нацыяналіста! Прысвоіў яму званне Героя Савецкага Саюза ды яшчэ даў 300 мільёнаў залатых рублёў — і цяпер нам не хапае сродкаў на бальніцу!
Хрушчоў падскочыў:
— Таварыш Насэр будуе ў Егіпце сацыялізм!
— Які сацыялізм?.. Сацыялізм у імя Алаха, па волі якога Насэр знішчае камуністаў! Што гэта за сацыялізм без камуністаў? Можа, вы і камунізм такі, без камуністаў, збіраецеся будаваць, Мікіта Сяргеевіч? — І Палянскі ўзмахнуў рухамі, як бы абдымаючы ўвесь Прэзідыум ЦК і кандыдатаў у яго чальцы. — Без нас?
— Ды я цябе… ды я вас… — абапіраючыся на тумбачку, пачаў налівацца крывёй Хрушчоў… — ды кім вы былі, пакуль я вас не падняў, не выцягнуў… вось ты кім быў, Палянскі-Падлянскі!? Арэнбургскім валёнкам! А я цябе са стэпу ў Крэмль! Ці ты, Ста-а-ршыня Прэ-э-зідыума Вярхоўнага Савета таварыш Па-а-дгорны, кім быў? Нікім! Ды ты нікім і не стаў! Як быў цукровым інжынерам, так ім і застаўся. Ты цукру ў гарбату больш за іншых насыпаеш, я колькі разоў заўважаў!.. — раптам з кулакамі накінуўся Хрушчоў чамусьці менавіта на Падгорнага, лысага псіха, які сядзеў на ложку, слова не прамовіўшы, а Хрушчоў так заехаў яму, што кроў пайшла… Палянскі з Брэжневым заступіліся за Падгорнага, Куусінен-Мухітдзінаў, які аказаўся дзядком на дзіва спрытным — за Хрушчова, паўскоквалі астатнія псіхі, і пачалася штурханіна, якая перарасла ў такую бойку, што героі Савецкага Саюза Цмок з Цыклопам ледзь спраўляліся расцягваць і вязаць да ложкаў сяброў і кандыдатаў у чальцы Прэзідыума ЦК КПСС…
— Што гэта было? — спытаў Віл Круглага, які прывёў нас з палаты ў свой, каля адной сцяны завалены матрацамі, кабінет, і Круглы пачаў тлумачыць распрацаваную ім новую методыку лекавання, па якой для псіхаў ствараюцца рэальныя ўмовы, што адпавядаюць іх хворым уяўленням, даюць магчымасць “Хрушчову” выявіць сябе Хрушчовым, “Палянскаму” — Палянскім, і ў такіх умовах пры адпаведнай схеме медыкаметознага ўздзеяння гэтыя леніны з гітлерамі і хрушчовы з палянскімі пачынаюць успрымаць і асэнсоўваць свае хворыя ўяўленні менавіта як хваробу, што і ёсць першы крок да нармалізацыі іх псіхічнага стану. Далей ужо лекаваць прасцей, бо да лекавання падключаецца свядомасць хворага, але для таго, каб увесь гэты працэс пачаўся, неабходная моцная псіхалагічная правакацыя. Вось яна сёння і ўдалася, за што дзякуй нам усім і найперш Палкоўніку — толькі не трэба было правакаваць антысаветчынай, хоць, з іншага боку, чым яшчэ?..
Я не надта разумеў тое, што тлумачыў Круглы, і не надта ў тое верыў. Віл з Бігам, якім я паспеў сказаць, што ў вар’ятні не толькі мы, але і маёр Гагарын, таксама, як я бачыў, не надта Кругламу паверылі, і ён паклікаў, чаго не было раней, Цмока, каб той адвёў нас у палату, у якой на ложку псіха, які называў сябе сакратаром ЦК Суславым, мы ўбачылі Палкоўніка. Ён сядзеў, паклаўшы на галаву падушку і ўчапіўшыся рукамі ў навалку.
— А Суслаў дзе? — спытаў Віл Хрушчова, і той сказаў, што не ведае, бо Суслаў ніякі не Суслаў, яго ў Прэзідыум ЦК КПСС падсунулі.
Біг спытаў: “Хто падсунуў?” Хрушчоў адказаў: “Амерыканцы”.
— Значыць, стукач, — з боку ў бок закалыхаўся Палкоўнік. — Мяне не выпусцілі. Ворана з Асяй выпусцілі, а мяне — не. І да Круглага мяне не пускаюць. Вось пабачыце: нас тут прызнаюць хворымі — і будзем сядзець. Без суда. Гэты гэбэшнік нас надурыў.
Я падумаў, ён пра маёра Гагарына, а ён, аказалася, пра Круглага, які яшчэ тады, калі Палкоўніка пасадзілі ў вар’ятню за Сталіна, даў заключэнне, што Палкоўнік нармальны і можа несці адказнасць за свае дзеянні. А Гарык Клябанаў казаў, што Палкоўніка якраз Круглы зратаваў.
Палкоўнік сцягнуў з галавы падушку — скура каля правай скроні была здзёртая, на падушцы засталася кроў.
— Гэта сам Круглы і прыдумаў, і ўсім распавядаў, нібы мяне ўратаваў, калі ў КДБ вырашылі, што лепш усё ж мець ненармальнага студэнта, які Сталіна людажэрам назваў, чым нармальнага. Тое самае, відаць, яны й цяпер пастанавілі. Хто рыхтаваў замах на Хрушчова ў Мінску? Вар’яты! І дзе яны? У турме? А што з імі ў турме рабіць? Яны ў вар’ятні, дзе іх лечаць! Яны там яшчэ й вар’яцкае паседжанне Прэзідыума ЦК КПСС правялі, Хрушчова хацелі скінуць…
Палкоўнік прамаўляў гэта, раз-пораз кранаючы рану каля скроні, кранаў пальцам і палец аблізваў, кранаў і аблізваў — і раптам я зразумеў тое, чаго не хацеў разумець: мне адсюль не выйсці! Невядома на колькі, калі не на ўсё жыццё, я застануся тут — і мой сусед злева будзе чакаць і чакаць таракана, а сусед справа чытаць і чытаць Леніна!
Я звар’яцею!
— Пусціце! — кінуўся я да дзвярэй, зачапіўся за тумбачку, упаў, Цмок з Цыклопам схапілі мяне, пацягнулі на ложак, прывязалі, я біўся ў канвульсіях: “Не хачу!.. Пусціце!.. Гады! Гады! Гады!..”— і Цыклоп сеў на мяне, прыдушыў, прыціснуў да матраца руку, а Цмок нешта ўкалоў — і перш, чым мяне не стала, я ўбачыў сон, які сніўся Вілу, толькі даўжэйшы і з іншым канцом:
…нібыта ў нейкім горадзе, дзе я невядома як апынуўся і не ведаю, што гэта за горад, атамны выбух. І ўздымаецца, вырастае над горадам ядзерны грыб. Я разумею, што зараз павінен палыхнуць агонь і ўдарыць выбуховая хваля — і далёка, на небасхіле, нешта бліскае, як маланка, бляск шырыцца, запаўняе нябёсы, становіцца нясцерпным, але ўсё ж большая за нясцерпнасць святла нясцерпнасць глухаты і нематы, адсутнасць хоць якога-небудзь гуку: я крычу, крычу, крычу, не чуючы свайго голасу, і ад гэтага яшчэ страшней. Выбуховая хваля змятае горад у поўнай цішыні: вунь звон сарвала з царкоўнай званіцы, і ён, нема матляючы языком, ляціць разам з дрэвамі, бёрнамі, камянямі, жалеззем, і ўсё гэта сыплецца, падае, абрынаецца на людзей, што выбягаюць з разбураных дамоў і крычаць, крычаць, крычаць, а іх не чуваць, яны не чуюць самі сябе і ніхто іх не чуе. На імгненне я азіраюся: ззаду сіняя рака, за ёй, на тым беразе, зялёная лугавіна, над якой блакітнае, з белымі аблачынкамі, неба, і трэба бегчы ў той бок, а ўсе бягуць у бок зваротны, туды, дзе бляск, дзе ўсе запальваюцца адзін ад аднаго, нібы паходня ад паходні. Я ўспыхваю, агорнуты, як чырвонай прасцінай, агнём, які зусім не пячэ, у якім можна купацца, як у сіняй рацэ, за якой зялёная лугавіна і блакітнае, з белымі аблачынкамі, неба, у якім я чую нарэшце гук: лёгкі-лёгкі пошум полымя — і мяне пакідае страх.