Плошча Перамогі, былая Круглая


Здагадку пра тое, што амерыканец Алік ніякі не амерыканец, а іншапланецянін, нечакана для ўсіх выказаў Гарык Клябанаў, калі мы сядзелі ў кавярні “Бярозка”, чакаючы чубатага Толіка, якога Алік збіраўся забіць.

— Што ў нас рабіць амерыканцу? — спытаў Гарык. — Ну, вы падумайце…

Падумаўшы, мы не знайшлі для амерыканца занятку. А вось не думаючы, знаходзілі: на радыёзаводзе даганяць і пераганяць Амерыку. Савецкі Саюз у тыя часы ва ўсім тую Амерыку даганяў і пераганяў, ні ў чым і ніяк не даганяючы.

У адрозненне ад кавярні “Вясна” на рагу Ленінскага праспекта і вуліцы Камсамольскай, кавярня “Бярозка” на Круглай плошчы выглядала звычайнай сталоўкай. Амерыканца, які мог дазволіць сабе любы рэстаран, можна было ўбачыць у той сталоўцы толькі таму, што на Круглай плошчы жыла Марына. На самым пачатку іх знаёмства Алік вечар за вечарам прападаў у “Бярозцы”, цікуючы, калі і з кім Марына вернецца дахаты. А тая найчасцей вярталася пад руку з чубатым Толікам. Стылягам.

Стыляга — гэта стыль. Падпольна перапісаныя на “касцях”, скарыстаных рэнтгенаўскіх здымках, якія яшчэ называлі “шкілет маёй бабулі”, амерыканскія кружэлкі з рок-н-ролам. Набрыялінены кок. Порткі-дудачкі. Шыракаплечы пінжак. Стракатая кашуля. І абавязкова “трактары” ці “шузы”: на тоўстых падэшвах, што называліся “маннай кашай”, туфлі.

Стыляга — гэта ідэя: франдзёрскія адносіны да ўсяго шэрага, шараговага. Выходзіла, што да савецкага. Менавіта за ідэю, а не за набрыялінены кок са стракатай кашуляй, стылягу маглі выключыць з камсамолу і вытурыць з інстытута. Праз гэта камсамолкі спявалі: “Пад стылягу я не лягу…”А камсамольцы ў насценных газетах вершы пра стылягаў пісалі:

Иностранцы? Иностранки?

Нет! От мозга до костей

Это местные поганки!

Доморощенный “бродвей”!

Рок-н-рол з’явіўся ў Савецкім Саюзе перад вайной разам з Эдзі Рознэрам, а стылягі — пасля вайны, калі польскі габрэй Адольф Ігнацы Рознэр, які змяніў імя сваё праз тое, што пры кожным знаёмстве ў яго пыталіся: “Адольф?.. Гітлер?..” — сядзеў у сталінскім лагеры на Калыме. Але ўсё адно яго можна лічыць першым у Савецким Саюзе стылягам, бо ён джазіст, а слова стыляга якраз са слэнгу джазістаў. Стыляць азначае граць у чужым стылі, і калі трубач ці саксафаніст грае пад некага, дык пра яго кажуць: стылягу дзьме. Эдзі Рознэр і быў стылягам: ён, не хаваючыся, дзьмуў пад Луі Армстранга, які падараваў Эдзі Рознэру свой фотаздымак, надпісаўшы яго: “Беламу Луі Армстрангу”.

Пасля вайны, калі Луі Армстранг-чорны граў на Брадвэі джаз, Луі Армстранг-белы валіў на Калыме лес, і вярнуўшыся адтуль з цынгой, без зубоў, што для трубача трагедыя, шапялявіў адно і тое: “Я не хашу болей на лешапавал”. Баючыся, каб яго, бронь Божа, зноў не западозрылі ў чым-небудзь не савецкім, ён усяляк дэманстраваў лаяльнасць, нават уключыў у рэпертуар аркестра песню, якую спявала Ніна Дорда:

Ты его, подружка, не ругай,

Может, он залетный попугай.

Может, когда маленьким он был,

Кто-то его на пол уронил,

Может, болен он, бедняга?

Нет, он попросту стиляга!

Апошнія словы выкрыкваў увесь аркестр, трубамі і саксафонамі паказваючы на дырыжора: “стылягу” Эдзі Рознэра. Зала патанала ў авацыях…

— Эдзі, што з табой зрабіла Масква? — спытаў Палкоўнік, калі пасля канцэрта мы зайшлі за кулісы. — Ты ў Мінску чалавекам быў.

Эдзі Рознэр быў старэйшы за Палкоўніка не менш як гадоў на дваццаць, але Палкоўнік не меў звычкі звяртацца да каго-небудзь на вы. Што ж да мяне, дык музыканта, роўнага Дзюку Элінгтану з Луі Армстрангам, бачыў я ўпершыню — і вачам сваім не верыў: няўжо гэта ён? Саліст джаз-аркестраў Марэка Вэбэра і Стэфана Вайнтраўба — найпершы трубач даваеннай Еўропы?.. І ён тут, у Мінску? І Палкоўнік з ім на ты?..

— Гэта не Масква, Кім, — вінавата ўздыхнуў Рознэр. — Гэта Калыма.

— Калыма і ёсць Масква, — незразумела што сказаў Палкоўнік, але Рознэр, мусібыць, зразумеў яго, бо кіўнуў.

— Так… Калі ў трыццаць дзявятым я перасек мяжу, апынуўся ў СССР і заўважыў уздоўж чыгункі жанчын з рыдлёўкамі і ламамі, чаго нідзе раней не бачыў, я зразумеў, куды патрапіў. Але позна было.

Здавалася, ён вось-вось слязу пусціць, і Палкоўнік суцешыў яго.

— Не скуголь. Не патрапіў бы ў СССР, дык не стаў бы стылягам. Дзе яшчэ стылягі былі?

— Нідзе, — абняў Рознэр Палкоўніка і раптам заспяваў, шчоўкаючы пальцамі:

Рardon me, boy,

Is that the Chattanooga choo choo?

Track twenty nine,

Boy, you can give me a shine.

Гэта быў “Цягнік на Чаттанугу” з “Серэнады Сонечнай Даліны”. Амерыканскі гімн савецкіх стылягаў.

На маскоўскім “брадвэі”, вуліцы Максіма Горкага ад помніка Пушкіну да Манежа, стылягі з’явіліся, калі яшчэ я ў піянерскім хоры песні пра Сталіна спяваў. Семсот вёрст ад Масквы да Мінску стылягі, або, як яны самі сябе называлі, “штатнікі” йшлі амаль дзесяць гадоў — і шмат што за гэты час змянілася. Не стала Сталіна, празвінелі капяжы хрушчоўскай адлігі, краіна зняла фрэнч і надзела пінжак. Няхай мехаваты, як у Хрушчова, але ўсё ж не вайсковага крою. І стылягі ўжо не насілі неверагодна шырокія, шырэйшыя за пазнейшыя “клёшы”, штаны, капелюшы з шырокімі палямі, гальштукі “пажар у джунглях”, жоўта-чырвоныя шкарпэткі. З’явіліся порткі-дудачкі, вузкія гальштукі-селядцы, якія завязваліся ў тоненькі вузельчык, швэдры «з аленямі», як у Джона Пэйна з таго ж культавага фільма «Серэнада Сонечнай Даліны». Нязменнымі заставаліся хіба кашулі ў «гавайскім стылі» — з бананамі, пальмамі, малпамі ды папугамі.

Упершыню ўціснуўшыся ў светла-сінія дудачкі і надзеўшы кашулю з пальмамі, на якіх раслі бананы і сядзелі малпы з папугамі, я адчуў, што жыццё — свята. І ў той жа вечар займеў яго, калі ў кампаніі стылягаў, у якую быў дапушчаны праз Косцю, “кінуў брэк па броду”: прайшоўся па Мінскім “брадвэі” — праспекце Леніна ад паштамта да Круглай плошчы. Косця Воран, Піля Пястрак, Эдзік Гарачы, Гарык Клябанаў, Віл, Біг… Якая кампанія! Я не сніў, не марыў…

Як мы йшлі!.. Як стракатыя кашулі шапталіся ды скураныя шузы парыпвалі!.. “Брадвэй” рассцілаўся, расцякаўся перад намі, а мы па ім — культурненька, акуратненька. Не каля самых сцен, але й не нахабна пасярод, каб не надта сучаснікам замінаць, суайчыннікаў не моцна раздражняць, бо яны не вінаватыя, што такія… І кожнаму, каго выпадкова зачэпім, нашае даруйце, прабачце, а вось жа ўсё адно ўслед нам: “Стылягі! Малпы! Дармаеды! Амерыканцам прадаліся! Куды міліцыя глядзіць!..”

А вось яна, міліцыя, якраз на нас глядзіць… І ў скверы на вуліцы Леніна, дзе цяпер помнік лётчыку Гараўцу стаіць, да нас падыходзіць. “Так… Вы сёння доўга тут?..” “А мы не ведаем! Сквер у колькі зачыняецца?” “Ты, Воран, глядзі! Дажартуешся!..” “А што глядзець?” “А тое… Акуркі ў сметніцу кідаць!..” “Ёсць!” “Даказыраешся! Сустрэнемся яшчэ…”

Пагаварылі — і разышліся.

Міліцыя — гэта нармалёва. Горш — брыгадміл. Брыгада садзейнічання міліцыі. Тое, што потым назвалі народнай дружынай.

Міліцыянты хадзілі ў той час без дубінак, а брыгадмілы — з дубінкамі. Прычым, рабілі іх самі, ніхто ім дубінкі не выдаваў. Разразалі на кавалкі тоўстыя гумовыя шлангі, устаўлялі ў шлангі жалезныя пруты — і батожылі нас так, што косці трашчалі. Міліцыя стаіць, у бок адвярнуўшыся, а яны лупяць. Пашчэнкі зламаюць, а пасля з нажніцамі накідваюцца порткі-дудачкі кроіць.

Яны чакалі нас у скверы насупраць цырка, дзе тады помнік лётчыку Гараўцу стаяў — на вуліцу Леніна яшчэ не перанесены. Прыкладна там, дзе цяпер помнік Купалу стаіць. Трое на мяне наскочылі: “Хто не з намі — той супраць нас!” Я гляджу: Кон, Грыц і Балік. За бойку ў парку Чалюскінцаў іх хацелі пад суд аддаць, але перадумалі і запісалі для перавыхавання ў брыгадміл. Яны з ног мяне збілі, давай штаны рэзаць. Воран кінуўся на дапамогу: “Вашы штаны?.. Вы яму іх шылі?!.” Раскідаў брыгадмілаў, палкі паадбіраў — тут і з міліцыяй новая сустрэча. Міліцыя ведала, што казала: “Сустрэнемся яшчэ”.

Пазней “брадвэй”, які прасавалі мы “шузамі”, іншыя хлопцы, маладзейшыя за нас, падмяталі “клёшамі”. Не скажу ні пра “клёшы”, ні пра тых, хто імі “брадвэй” падмятаў, нічога кепскага, але…

Мы былі мы.

Пра нас вершы складалі.

“Иностранцы? Иностранки?..”

У наскрозь бліскучай нашай кампаніі асобнай зоркай ззяў, канечне, Косця Воран. Ды гэта для мяне. А для некага — Віл.

Віл — мянушка Ледніка, якога зваць Віктарам, а па бацьку Іванавічам. Таму і Віл. Як Барыс Іванавіч Галушка — Біг. Такія мянушкі — па першых літарах імя і прозвішча — былі ў нашай кампаніі ў многіх.

У мяне была мянушка Князь. Не ведаю, чаму. Не помню нават, хто яе прыляпіў да мяне. Нехта ў тэхнікуме. Яшчэ тады, калі мы здавалі ўступныя экзамены. І, можа быць, тая мянушка таму да мяне прыляпілася, што, калі ўсе шпаргалкі да экзаменаў пісалі, я пісаў вершы татарцы Нэле. “Нэла! Не граф я! И Вы — не графиня! Но со слезой, что течет по шипам, Алая роза в хрустальном графине Тайно завидует вам!” Але ў такім разе я павінен быў займець мянушку “граф”, а не “князь”. Дзе логіка?

Біг сказаў, каб я такой драбязой не пераймаўся, бо гэта ў нашай мове граф і князь — словы розныя, а ў мове сусу, на якой размаўляюць гвінейцы ў цэнтральнай Гвінеі, гэта адно слова. Праўда, ён забыўся, якое, на што Палкоўнік не прамінуў заўважыць, што наўрад ці Біг тое слова ўспомніць, бо ў Гвінеі, наколькі яму вядома, ёсць усё, апроч князёў з княгінямі і графаў з графінямі. Графы, канечне, былі там, калі Гвінея была калоніяй Францыі, але потым іх з’елі.

Гэта азначала, што я мог з’есці вершы, якія напісаў татарцы Нэле. Палкоўнік трываць не мог ні ружаў у крышталі, ні іншых прыгажосцяў, а Бігу вершы падабаліся — і верш пра ружу, якая зайздросціць татарцы Нэле, ён у піку Палкоўніку пераклаў на мову сусу.

Біг — геній. І геній — не яшчэ адна мянушка ягоная, ён насамрэч мае здольнасці генія. Ведае 54 мовы (ангельскую — з чатырма дыялектамі), а пастанавіў сабе ведаць 100. У тым ліку іўрыт. І будзе ведаць 100 з іўрытам. Калі захоча. Ніхто ў тым не сумняваўся, апроч Віла, які (толькі ў гэтым) зайздросціў Бігу.

Віл вучыўся на журфаку і ўжо друкаваўся ў газетах. А яшчэ займаўся радыёспортам, праз які ва ўсім свеце меў знаёмцаў. Можа, таму і стаў ён першым і ў нашай кампаніі, і ў Мінску, і ва ўсёй Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы чалавекам, які дазнаўся, што ёсць такое дзіва: джынсы.

Ды мала — дазнацца. Іншы б дазнаўся, што ёсць недзе дзіва — і няхай сабе яно там будзе. А Віл разгрузіў дзесяць вагонаў на таварнай станцыі, сабраў грошы, паехаў у Маскву і купіў джынсы за пяцьдзясят рублёў у фарцы — дзе яшчэ ў савецкі час можна было дзіва купіць? Няхай тое дзіва паношанае, выцертае, сто разоў пранае, але якая ад “Бярозкі” да “Вясны” была праходачка!..

Толік жа хоць і быў стыляга, але ў Маскву па дзіва не паехаў бы. Характар не той. Можа, таму ён і да кампаніі нашай не далучаўся. Ці не далучаўся праз тое, што жыў не ў цэнтры — не ведаю. Але думаю, што калі б ён прасаваў “брадвэй” разам з намі, дык нашу кампанію не сапсаваў бы. Чубаты, мускулісты, рослы, выглядаў ён так, што амерыканец Алік побач з ім ніяк не выглядаў. А вось надумаў адбіць у яго Марыну…

А як адбіць?.. А ўзяць ды Толіка забіць! Дзеля гэтага Алік запісаўся ў паляўнічае таварыства і купіў стрэльбу. Ён збіраўся залезці на дах суседняга дома і, калі Толік, правёўшы Марыну, развітаецца з ёй, і тая зойдзе ў пад’езд, пакласці суперніка. На прыступках, не даўшы яму далёка адысці, каб Марына выбегла і ўбачыла, што Толік dead. Мёртвы. “You corpse!” — не раз наскокваў Алік на Толіка, пераймаючы стылягу пасля ягоных спатканняў з Марынай. Ніхто не звяртаў на гэта асаблівай увагі, а сам Толік, які мог пакласці Аліка адной левай, толькі адмахваўся ад Амерыканца, як ад мухі: “Добра, добра, я труп…”

Гэткія паблажлівыя адносіны даводзілі самалюбнага Амерыканца да шаленства — і перш чым забіць суперніка, ён вырашыў яго адмалаціць. Разумеючы, што сам-адзін зрабіць з Толікам нічога не здолее, Алік пачаў угаворваць нас дапамагчы яму. Ніхто не ўгаворваўся — і тады ён прапанаваў грошы. Па паўсотні кожнаму, хто згодзіцца. Гэта было ў чатыры разы болей за маю стыпендыю, але і за грошы лупіць стылягу Толіка, каб адбіць у яго Марыну для Амерыканца, ніхто не захацеў. Бо Амерыканец — чужынец, а стыляга Толік — свой.

Неяк у “Бярозцы” застаў я Амерыканца ў кампаніі з мужычком па мянушцы Ірад. Мянушку такую Ірад праз прозвішча меў: Ірадаў. Яны збіраліся ў цір пайсці, Ірад спытаў: “Хочаш пастраляць? Пару ворагаў забіць?..”

Я захацеў.

З усіх бакоў абкружалі ў той час Савецкі Саюз заклятыя ворагі, якія, калі пра нешта й марылі, дык толькі пра тое, каб нас знішчыць. Не ведалі толькі: як?.. Найлепш было б, як марыў амерыканскі сенатар Бары Галдуотэр, скінуць на нас атамную бомбу. Ён, праўда, як пазней высветлілася, удакладняў, куды хацеў бы тую бомбу скінуць: не на ўсіх нас, а толькі на Маскву. І не на ўсю Маскву, а выключна на Крэмль. І нават не на ўвесь Крэмль, які сенатар цаніў як сусветную архітэктурную каштоўнасць, а дакладненька на мужчынскі сарцір у Крамлі. Але пра абмежаванасць мары сенатара Галдуотэра мы тады не ведалі. Мы думалі, што амерыканцы прагнуць знішчыць нас усіх — і рыхтаваліся да адпору. Таму пры любой і кожнай савецкай установе, за выключэннем, можа быць, радзільняў і дзіцячых садкоў, меліся ціры, дзе нас вучылі цэліцца ў ворагаў, страляць іх, страляць і страляць.

Гэткі ж цір меўся і ў сутарэннях Мінскага радыёзавода, куды Ірад з Амерыканцам мяне прывялі, і дзе страляць можна было як па звычайных мішэнях, гэтак і па мішэнях-ворагах. Мусібыць, яшчэ ад першых пасляваенных гадоў пыліліся ў ціры стосы мішэняў з карыкатурнымі Гітлерам і Мусаліні, але і новых ворагаў хапала.

Ірад спытаў: “Табе каго павесіць?..” — і я выбраў Гітлера, а перад Амерыканцам Ірад, нічога ў таго не спытаўшы, павесіў фотаздымак стылягі Толіка. Страляў Амерыканец — трэба аддаць належнае ці амерыканскай марской пяхоце, у якой ён служыў перад тым, як рвануў у Савецкі Саюз, ці Іраду, які ўжо тут яго трэніраваў — як мае быць: дзесяць стрэлаў — і ўсе ў лоб.

Во рэўнасць! Бедны Толік… Я сказаў пра трэніроўкі ў ціры Ворану, і мы сталі падпільноўваць Толіка пасля ягоных спатканняў з Марынай. На ўсялякі выпадак, бо вораг ёсць вораг. Вунь амерыканцы на Кубе што вырабляюць! Свабоду на востраве Свабоды душаць!

Да таго ж гэты амерыканец Алік з мухамі. У яго шнар на левым запясці, дык Марына сказала, што гэта след ляза. Спроба самагубства. Яму ў Маскве, як толькі прыехаў і заяву напісаў, што хоча мець грамадзянства савецкае, адмовілі, дык ён сабе вены ўзрэзаў.

Партрэты нашых ворагаў у тагачасных газетах не друкаваліся, каб не замінаць фантазіям савецкіх людзей, якія ворагаў тых уяўлялі страшнейшымі за нячыстую сілу. Таму я не ведаў, як выглядае прэзідэнт Джон Кенэдзі. Калі ж Амерыканец вярнуўся ўАмерыку і свайго амерыканскага прэзідэнта забіў, партрэты Кенэдзі з’явіліся ў газетах. Я глядзеў і вачам не верыў: стыляга Толік! Толькі кок не набрыялінены…

Уражаны, я прыйшоў да Палкоўніка і спытаў, што ён пра гэта думае?.. Палкоўнік адказаў, што пра такую фіговіну ён нічога думаць не збіраецца. Калі б забілі правізара 13-й аптэкі, ён бы, можа, нешта й падумаў, бо правізар серную мазь з цынкавай для яго змешвае, а пра прэзідэнта яму — што думаць? Прэзідэнт — не правізар.

Усіх астатніх, апроч Палкоўніка, падабенства Толіка з амерыканскім прэзідэнтам зацікавіла больш, чым дэтэктывы Агаты Крысці. Чаго толькі кожны з нас ні выдумляў, якія ўзнікалі сюжэты!.. Нават калі Ас сказаў, што Джон Кенэдзі — гэта Толік, а Толік — гэта Джон Кенэдзі, які прыехаў у СССР разам з Алікам па дамоўленасці паміж ЦРУ і КДБ, ніхто не адмахнуўся, як звычайна, ад звар’яцелага генерала, а ўсе задумаліся, спрабуючы зразумець, як і для чаго такое магло быць… Бо меркаванне таго ж Аса: у Амерыцы плануецца будаўніцтва камунізму, і амерыканскага прэзідэнта прывезлі, каб павучыўся, як яго будаваць, — выглядала сумнеўным. Хоць, з іншага боку, у такім выпадку зразумела, за што забілі…

Пасля ад’езду Марыны з Алікам у Амерыку Толіка нідзе і ніхто не бачыў. Віл дазнаўся ў Марынінай цёткі, у кватэры якой на Круглай плошчы і жыла Марына, ягоны адрас. Мы паехалі па тым адрасе, але дзверы былі замкнёныя, і суседзі сказалі, што ўжо больш за год тут ніхто не жыве.

Толік з’ехаў у Амерыку? І Амерыканец там яго забіў?..

Усё супадала! Невядома, што і з чым, але супадала ўсё!..

Пра тое, каго забіў Амерыканец, можна было дазнацца толькі ў яго самога, але сам ён быў у турме, і мы вырашылі напісаць Марыне, каб яна ці перадала яму наш ліст, ці сама ў яго спытала: каго ён забіў і за што?.. З адрасам зноў жа дапамагла цётка Марыны, але адказу з Амерыкі мы не дачакаліся, бо праз два дні пасля таго, як Амерыканец забіў ці Джона Кенэдзі, ці Толіка, нейкі Джэк Рубі забіў самога Амерыканца.

— Спадзяюся, ён хоць добра кончыў, перш чым кепска скончыць, — пачуўшыпра тое, што сталася з Джонам Кенэдзі і Амерыканцам, сказаў Саламон Майсеевіч. “Ты пра каго, Саламон?..” — спытаў Палкоўнік, але Саламон Майсеевіч не стаў удакладняць, ці меў ён на ўвазе марскога пехацінца, ці Прэзідэнта ЗША?

Калі Амерыканца не стала, дазнацца пра тое, па кім, у чый лоб страляў ён, трэніруючыся ў ціры Мінскага радыёзавода, ужо не было ў каго. Вось тады Гарык Клябанаў і спытаў: “Ну, што я вам казаў?..” І зноў пачаў даводзіць, што Алік ніякі не амерыканец, бо навошта амерыканцу забіваць свайго амерыканскага прэзідэнта? Алік — іншапланецянін, пасланы на Зямлю вышэйшай за нашую цывілізацыяй.

Вышэйшым за нас Амерыканец не выглядаў ні ў якім сэнсе, але што ж… Гарык у адрозненне ад Гурыка, які быў гэбістам, быў паэтам і любімцам Палкоўніка. Ці, калі па прыярытэтах, дык наадварот: любімцам Палкоўніка і паэтам. І яшчэ уфолагам, хоць слова гэткага ў той час мы не ведалі. Гарык першым і ў нашай кампаніі, і ў Мінску, і ва ўсёй Беларускай Савецкай Сацыялістычный Рэспубліцы дазнаўся, што ёсць дзіва яшчэ большае, чым джынсы: НЛА. Неапазнаныя лятаючыя талеркі.

Таямніцу гэтую ён адкрыў нам не дзе-небудзь, а ў найадпаведным для гэтага месцы: у нацыянальнай бібліятэцы. У “ленінцы”, як яе ўсе называлі, бо, канечне ж, галоўная бібліятэка БССР, як і галоўная плошча, і галоўны праспект, і галоўная вуліца павінны былі насіць і насіла імя сваяка Саламона Майсеевіча.

У “ленінцы” мы збіраліся нават часцей, чым у кавярні, абмяркоўваючы ўсё, што прачыталі. Знаёмыя бібліятэкаркі прыносілі нам кнігі нават з тых сховішчаў, адкуль іх нельга было браць без адпаведнага дазволу. Дзяўчаты рызыкавалі, але што ж: за гэта яны цалаваліся з Вілам, Бігам, Пілям, Гарыкам — стылягамі, найпершымі хлопцамі Мінску.

— Хто ведае Алена Хайнэка? — спытаў Гарык на чарговай нашай сходцы ў ленінцы.

Ніхто не ведаў.

– І пра Леанарда Стрынгфілда не чулі?..

Не чуў ніхто.

— А пра што яны пішуць? — пацікавіўся Біг, мяркуючы, як, зрэшты, і ўсе мы, што Хайнэк са Стрынгфілдам — літаратары кшталту Агаты Крысці, кнігу якой выкапалі Біг з Вілам у замежным аддзеле ленінкі, пераклалі, перадрукавалі на машынцы і яна, тая кніга, хадзіла ў Мінску па руках разам з пастэрнакаўскім “Доктарам Жывагам”, ахматаўскай паэмай “Рэквіем”, апавяданнямі Салжаніцына…

— Пра лятаючыя талеркі яны пішуць, — дастаў Гарык з кішэні пакамечаную газету. — Мне кружэлку нядаўна з Амерыкі даслалі, у гэтую газету загорнутую… Дзіўна ўвогуле: газету як газету перасылаць нельга, а калі ў яе загарнуць нешта — можна… Дык вось слухайце… Загаловак: “Прэзідэнта Кенэдзі забілі іншапланецяне!” Нішто сабе?.. І далей тэкст амаль на дзве паласы, я ўсё не буду перакладаць… “Ад першага дня свайго знаходжання ў Белым Доме Ліндан Джонсан, на якога пасля трагедыі ў Даласе былі ўскладзеныя абавязкі прэзідэнта, распачаў актыўную і даволі дзіўную дзейнасць. Пятага снежня ён сустрэўся з Бары Галдуотэрам, сенатарам ад штата Арызона, былым генералам ваенна-паветраных сіл, куратарам звышсакрэтных праектаў Пентагона. Праз дзень пасля сустрэчы Галдуотэр выпраўляецца ў сваю штаб-кватэру ў Арызону, у пустэчах якой над базамі ВПС адразу ж назіраецца ўсплёск актыўнасці лятаючых талерак: 9 снежня — Чайна-Лэйк, 15 снежня — Нагалес і Бісбі, 18 снежня — Рыа-Грандэ. Пад канец снежня разведупраўленне міністэрства абароны (РУМА) атрымлівае калядны падарунак: 200 мільёнаў даляраў дадатковых асігнаванняў “на мэты, звязаныя з новымі касмічнымі аб’ектамі”.

Якімі “новымі”? Неапазнанымі?..

Як вынікае з нядаўна надрукаваных дакументаў, прысвечаных дзейнасці таямнічай групы “Маджэстык-12”, хросным бацькам якой быў прэзідэнт Гары Трумэн і ў якую, апроч вярхоўкі амерыканскай уладнай эліты, уваходзілі іншапланецяне, Джон Кенэдзі меў намеры рассакрэціць усё, што звязана з НЛА. Ён лічыў, што грамадзяне Злучаных Штатаў Амерыкі прымуць факт іншапланетнай прысутнасці без страху і панікі, што народ у любым выпадку мае права ведаць праўду. Але так лічылі не ўсе, у тым ліку самі іншапланецяне, якімі, альбо па настойлівым патрабаванні якіх, прэзідэнт Кенэдзі і быў забіты. Прычым, не толькі ён сам, але і ўсе тыя, хто праз яго быў далучаны да іншапланетнай таямніцы: ягоны брат, міністр юстыцыі Роберт Кенэдзі, ягоная палюбоўніца акторка Мэрылін Манро, міністр абароны пры прэзідэнце Трумэне… і далей, — Гарык прагартаў газету, — пералік знішчаных людзей, пасля чаго самае цікавае… Калі ў ЗША быў запрошаны савецкі лідар Мікіта Хрушчоў, на здымках фільма “Канкан” у Галівудзе яго пазнаёмілі з Мэрылін Манро, праз якую падчас іх кароткага, але бурнага рамана, Хрушчову наўмысна была перададзеная інфармацыя пра кантакты з НЛА ды іншапланецянамі. Вярнуўшыся ў СССР, Хрушчоў загадаў пашырыць сакрэтныя даследванні ў гэтым накірунку, збіраючыся, як і Кенэдзі, сказаць праўду народу, таму лагічна чакаць, што менавіта ён неўзабаве папоўніць прыведзены спіс” — склаў газету Гурык. — Ну, як вам гэта?..

Усе агаломшана маўчалі. Дапусціць, што ў газеце, няхай амерыканскай, напісана няпраўда, мы, няхай стылягі, але стылягі савецкія, не маглі. Бо газета — не кніга, не дэтэктыў Агаты Крысці.

Амерыканец — іншапланецянін? Ён, канечне, дзіўнаваты быў, не без таго, але… Але ўсё адно выходзіла, што ў СССР яго паслалі, каб ён забіў Першага сакратара ЦК КПСС, Старшыню Савета Міністраў СССР Мікіту Сяргеевіча Хрушчова, які, сказаўшы народу праўду пра культ асобы, збіраўся сказаць праўду пра іншапланецян. Тады чаму ўсё ж ён забіў не Хрушчова, а Кенэдзі? Хоць мусіў забіць абодвух. Хрушчоў раздумаў праўду казаць?..

— А памятаеце, — перапыніў нашыя сутаргавыя развагі Гарык, — як Палкоўнік пры першай сустрэчы спытаўся ў Аліка, чаго ён з Амерыкі да нас прыпёрся? І што той адказаў, памятаеце?.. “З чаго вы ўзялі, — ён спытаў, — што я з Амерыкі? Я не з Амерыкі зусім…” Хоць пасля ўжо казаў, што з Амерыкі… Ну, што вы пра ўсё гэта думаеце?

— Перш чым думаць, трэба падумаць, — сказаў Косця Воран, і ніхто ў яго не запытаў, што гэта ён сказаў, з чаго вынікала: аніякіх думак наконт гэтага ані ў каго з нас няма.


Загрузка...