Вуліца Броўкі, былая Падлесная


“Вуліца Падлесная цёмная і цесная…” — спяваў Гарык Клябанаў пра вуліцу Падлесную, на якой стаяў — і цяпер стаіць — электратэхнікум сувязі, у якім я вучыўся, ды інтэрнат, у якім я жыў. Яшчэ там — паміж інтэрнатам і тэхнікумам — была крама, дзе прадаваліся батоны, ліверная каўбаса і каўбасны сыр, кефір, кансервы “Часцік у тамаце”, сітро “Байкал” і віно “Агдам” — таннае пітво, якое лічылася партвейнам, хоць да партвейна ніякіх адносін не мела, проста задурвала галаву. Крама тая на Падлеснай, што стала вуліцай Броўкі, ёсць і цяпер, але ні “Байкала”, ні тым больш “Агдама”, які цешыў савецкіх студэнтаў і алкаголікаў, у ёй не купіш: ён знік у пачатку 90-х разам з СССР. І цяпер ужо наўрад ці ўзнікне, бо Арменія, захапіўшы Агдамскі раён Азербайджана, дзе рос вінаград, з якога вырабляўся “Агдам”, знішчыла вінаграднікі.

Знішчаць — дык знішчаць…

Сустрэўшыся ў электратэхнікуме на Падлеснай праз шмат гадоў, мы, колішнія студэнты, пілі на падваконніку каля нашай аўдыторыі віскі “Royal salute”, прастаўленае нашым аднакашнікам Сатушам, які нечакана для ўсіх стаў расійскім алігархам, і спявалі:

Пардон, мадам, батон напапалам,

Напапалам, мадам, партвейн “Агдам”,

Яшчэ, мадам, у асарціменце

Сітро “Байкал” і рыбка ў тамаце…

Песню гэтую таксама прыдумаў Гарык Клябанаў, які ў тэхнікуме з намі хоць і не вучыўся, але “Агдам” у нашым інтэрнаце выпіваць любіў, і калі яго папракалі ў парушэнні граматыкі: маўляў, рыбка ў тамаце, а не ў тамаце, — адказваў, што напісаў гэтую песню для студэнтаў з Гвінеі, а ў гвінейскай мове няма граматыкі. Чаму? Бо ў Гвінеі і мовы гвінейскай няма, афіцыйная мова там французская, а размаўляюць гвінейцы на розных мовах, пераважна фула і сусу, на адну з якіх, на сусу, Біг пераклаў верш пра татарку Нэлу, якой таемна зайздросціць ружа ў крыштальнай вазе, але калі Гарык падабраў да верша мелодыю і саспяваў гвінейцам, яны нічога не зразумелі. Значыць, няма ў Гвінеі граматыкі ні ў чым.

Замежныя студэнты, з’явіўшыся ў Мінску ў пачатку 60-х, вучыліся не толькі ў кансерваторыі і ўніверсітэце. Два афрыканцы былі студэнтамі электратэхнікума сувязі — і аднаму з іх, якога звалі Аджа, напярэдадні Новага года выбілі зуб. У калідоры інтэрната, дзе Аджы стукнулі па зубах, загадзя выкруцілі лямпачку, і ён не мог сказаць, хто на яго напаў. Толькі паказваў свой выбіты зуб — белы, як саксонскі фарфор.

Выбіты зуб студэнта з Афрыкі, запрошанага на вучобу ў Мінскі электратэхнікум сувязі ўрадам СССР дзеля дапамогі краінам, што сталі на сацыялістычны шлях развіцця — гэта вам не выбітыя зубы Кона, Грыца ці Баліка, якія можна знайсці і на Падлеснай, і ў парку Чалюскінцаў, і ў парку 40-годдзя БССР — па ўсім Мінску. Кона, Грыца і Баліка можна біць па зубах хоць кожны дзень, бо ніхто з іх не пляменнік Секу Турэ, прэзідэнта Гвінеі, якая першая ў Афрыцы стала незалежнай рэспублікай і пасябравала з Савецкім Саюзам, кіраўнік якога Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў пасябраваў з гвінейскім прэзідэнтам, дзядзькам Аджы. Таму ў той жа вечар, у які студэнту з братняй Гвінейскай Рэспублікі выбілі зуб, у інтэрнат электратэхнікума на вуліцу Падлесную прыехаў старшыня Камітэта дзяржбяспекі БССР таварыш генерал Пятроў, якога называлі Чапаевым, бо ён быў Васілём Іванавічам. Назаўтра ўвесь тэхнікум выглядаў падобным на школу міліцыі, столькі на ўсіх паверхах ва ўсіх калідорах круцілася людзей у форме і без яе, але ўсё адно форменных. Цывільныя касцюмы глядзеліся на іх, як мундзіры, і хадзілі яны так, што на іх, здавалася, рыпелі партупеі. Яны дапытвалі студэнтаў, выкладчыкаў, электрыкаў, прыбіральшчыц, вахцёраў, але не знаходзілі вінаватага, бо не маглі знайсці прычыну, па якой нехта напаў на Аджу. У краіне сацыялістычнага інтэрнацыяналізму прычына гэтая не магла быць расавай, а іншай не было.


— Чаго мы прыляпіліся да падваконніка? — пытае Сатуш, колішні наш аднакашнік і цяперашні расійскі алігарх, які праставіў нам віскі “Royal salute”. — Пайшлі ў спартовую залу піць! Памятаеце, як нас там мардавалі?

У Сатуша столькі грошай, што ён можа купіць і падваконнік, і спартовую залу, і ўвесь тэхнікум, але Міколу Лобу, які як быў, гэтак і праз гады застаецца старастам нашай групы ТР, што значыць тэлевізійная тэхніка і радыёрэлейная сувязь, на грошы напляваць, і ён насоўваецца на Сатуша: “А ў лоб не хочаш? У спартовай зале спортам займаюцца, а не п’юць!..”

Лоб — гэта Лоб, які ён быў, такі й застаўся: “У спартовай зале спортам займаюцца, а не п’юць!..” — і Сатуш адсоўвецца ад Лоба далей, бо той першы раз пытае: “А ў лоб не хочаш?..” — а другі раз б’е. Таму шмат гадоў назад, калі пачалі шукаць таго, хто Аджы зуб выбіў, дык першым, каго западозрылі, быў Лоб.

— Хто і за што? — спытаў мяне, выклікаўшы да сябе ў кабінет, дырэктар тэхнікума. — Лоб?.. Кон? Грыц? Балік?.. Ты павінен ведаць.

— Чаму я павінен ведаць?

— Бо ў цябе костачка на правай руцэ збітая. Вунь, на сярэднім пальцы. Ты ж не ляўша?

— Не ляўша.

— Значыць, калі не Лоб, не Кон, не Грыц і не Балік, тады ты. Разумееш?

Дзіўная логіка ў дырэктара. Чаму, калі не Лоб, Кон, Грыц ці Балік, дык я? І інтэрнаце трыста чалавек жыве — і яшчэ трыста ў госці прыходзіць.

Прозвішча нашага дырэктара Тумас — і нейкі ён не такі дырэктар, якім трэба быць дырэктару. Арганізаваў у тэхнікуме секцыю бокса і разам са студэнтамі трэніруецца. На кожнай выпускной вечарыне кожная група выпускнога курса выстаўляе супраць яго свайго найлепшага баксёра. Ідуць у сутарэнне, дзе рынг, і б’юцца. Калі перамагае дырэктар, дык ніякіх групе выгодаў: усе едуць працаваць па размеркаванні. Калі перамагае выпускнік, ён атрымлівае вольны дыплом, а тыя з ягонай групы, хто займаўся боксам, размяркоўваюцца з улікам асабістых пажаданняў. За такое, скажу вам, варта пабіцца, бо калі ты размяркоўваешся, як усе, дык едзеш сувязістам на Кушку, Сахалін, Камчатку ці Новую Зямлю. Таму боксам у электратэхнікуме сувязі займаліся апантана. Нават дзявочая група ў секцыі бокса была.

На стале дырэктара Тумаса стаяў не надта чысты графін з вадой. Гэтакі самы, як на стале маёра Гагарына. Дырэктар заўважыў, што я гляджу на графін, і наліў вады.

— На, выпі. Дык хто?..

Я выпіў. Вада ў дырэктарскім графіне, як і ў графіне маёрскім, здалася падсоленай. Што ім усім падсыпаюць, каб яны маёрамі ды дырэктарамі былі?..

— Не ведаю, Павел Фёдаравіч.

— Не ведаеш… Помніш, як тут, у гэтым кабінеце, просячы за цябе, маці твая прыніжалася, калі цябе з інтэрната за твае выхадкі папёрлі? Хочаш, каб яна зноў прыніжалася, калі цябе папруць з тэхнікума?

Ніякіх выхадак за мной не было, але з інтэрната мяне папёрлі. І я помніў, што было тут, у дырэктарскім кабінеце — і зноў гэтага не хацеў. Не перажыў бы зноў такое.

Камендант вучэбнага корпуса краў спірт з хімічнай лабараторыі — і ўз’еўся на мяне, поскудзь, калі я дзяжурыў у лабараторыі і падлавіў яго. Ён піў крадзены спірт з камедантам інтэрната, якога падбіў выселіць мяне за порткі-дудачкі і кашулю з папугамі. “За знешні выгляд, — як напісаў камендант інтэрната ў загадзе на высяленне, — які не адпавядае выгляду савецкага студэнта Мінскага элекратэхнікума сувязі”. Дырэктару жаліцца я не стаў, два тыдні начаваў на вакзале, пакуль міліцыянты да мяне не прычапіліся. Затрымалі, паведамілі ў тэхнікум і бацькам. Маці прыехала, мяне за руку — пайшлі да дырэктара. Яна перад ім ледзь не кленчыць… Насоўку дастала завязаную, развязвае яе, плача… “Павел Фёдаравіч, даражэнькі, пашкадуйце вы яго…” Рукі ў яе дрыжаць, ледзь тую насоўку развязала, разгарнула няўдала — і грошы на падлогу… Па рублю, па тры, якія напазычала… Хабар даць хацела, Госпадзі!.. Нахілілася збіраць, як паклон біць — дырэктар яе за плечы: “Прашу вас, не трэба! Калі ласка, сядзьце…” Пасадзіў на крэсла, да мяне крочыў, я каля шафы з кнігамі стаяў, паміраў ад сораму — і аперкот! Такі, што я ўзляцеў разам з папугамі — і грымнуўся ў кут за шафу… Пасля ён змусіў мяне грошы на падлозе збіраць і рукі маці цалаваць… Я збіраў і цалаваў… Маці сядзела, як каменная…

Вось хіба гэта нармальны дырэктар? Я, канечне, зразумеў навуку ягоную і на ўсё жыццё запомніў, але хіба такі дырэктар нармальны?

— Хто папрэ? — спытаў я, стоячы цяпер у тым жа кабінеце каля той жа шафы і ўважліва сочачы за дырэктарскімі кулакамі. — Вы ж дырэктар…

— Я й папру! — цвёрда сказаў Тумас. — Іначай мяне папруць.

Назаўтра раніцай, калі мы прыйшлі на заняткі, нас пагналі ў спартовую залу. З усяго курса толькі нашу групу. Там паставілі ў шэраг і загадалі выцягнуць рукі ўперад далонямі ўніз. Са збітымі костачкамі на руках вывелі з шэрагу сямёх: Лоба, Кона, Грыца, Баліка, Ждана, Сатуша і мяне…


— У спартзалу ўсё ж давайце зойдзем, — глынуўшы “Royal salute”, якому болей гадоў, чым было нам, калі мы скончылі тэхнікум, сказаў, падабрэўшы, Лоб. — Там ёсць што ўспомніць. — І скамандаваў, як толькі мы зайшлі ў спартзалу. — А ну ў шарэг! Рукі ўперад далонямі ўніз!.. Вунь ва ўсіх пальцы дрыжаць, а яны п’юць на падваконніку!

Я паглядзеў: нават у тых, каго тады не вывелі з шэрагу, у Ханені, Жука, Ігана, Івашкі, Сцепаненкі, Стукача, Кашыца сапраўды дрыжалі пальцы. Яны ўспомнілі той страх…

Як кожны з нас баяўся: выганяць! І што рабіць? Куды падацца? Дахаты вяртацца? Што дома сказаць? Бацькам, суседзям?..

Ніхто не думаў, што могуць пасадзіць. За што?.. Але пачаліся допыты — і да страху, што выганяць, дадаўся жах, што пасадзяць.

Што мы тады ведалі?.. Нічога. Дый тым, хто нас дапытваў, наўрад ці было вядома, што прэзідэнт маладой Рэспублікі Гвінея Секу Турэ, які ўжо выцыганіў у Хрушчова болей за 30 мільёнаў залатых рублёў, раптам замест візіту ў СССР рвануў у ЗША і атрымаў там 16 мільёнаў долараў пад абяцанне, што забароніць савецкім самалётам сядаць пры палётах да Кубы на аэрадром у сталіцы Гвінеі Канакры, які наўмысна дзеля гэтага савецкімі спецыялістамі быў адбудаваны. Нарастаў Карыбскі крызіс, СCCР нарошчваў на Кубе ваенную сілу, забарона на прамежкавую пасадку самалётаў у Гвінеі перапыняла хуткую дастаўку грузаў і вайскоўцаў, таму прыкладаліся неверагодныя намаганні, каб вярнуць блуднага афрыканскага сына ў лона савецка-гвінейскага сяброўства — і ў гэты час у гэтым лоне любімаму пляменніку блуднага сына выбіваюць зуб. “А!.. — сказаў Секу Турэ. — Во як вы сябруеце! Гэтак і мне, калі з’яўлюся да вас, зубы пералічыце! Не, лепш я да амерыканцаў…”


У інтэрнаце электратэхнікума сувязі зрабілі ператрус. Шмат у каго ў тумбачках, у ложках і ў валізах пад ложкамі пазнаходзілі невядома дзе ўзятыя, бо ў крамах такія не прадаваліся, радыёдэталі, а ў пакоі, у якім жылі Лоб, Ждан, Сатуш, Пашок, Лан і я, знайшлі незарэгістраваную радыёстанцыю. Мы сабралі яе зусім нядаўна, ніводнага разу яшчэ не выходзілі ў эфір, але каму ты гэта давядзеш?..

— Вы, пэўна, не ўяўляеце, у якую патрапілі гісторыю, — прайшоўся перад намі, парыпваючы чорна-бліскучымі ботамі на новым, нядаўна перасцеленым у спартзале светла-бліскучым паркеце, маёр Гагарын, які глядзеў на мяне гэтаксама, як і на ўсіх астатніх: нібы ўпершыню бачыў. — Вы хоць ведаеце, з якой краіны прыехаў вучыцца студэнт, якога вы ледзь не забілі?

“Хто яго ледзь не забіў?.. Выбіць зуб — гэта ледзь не забіць?..” — здзівіўшыся, хацеў спытаць кожны з нас, але ніхто не спытаў.

— З Афрыкі! — зрабіўшы крок наперад, адказаў на пытанне маёра Лоб, які заўсёды адказваў на ўсе пытанні, калі думаў, што ведае, як на іх адказаць.

Маёр Гагарын спыніўся перад Лобам, пасвідраваў яго позіркам і стаў казаць да яго і да ўсіх нас, сямёх, бо астатніх са спартовай залы адпусцілі. Пачаў ён ціха, з кожнай наступнай фразай падвышаючы і падвышаючы голас, нібы голасам сваім хацеў пасцяліць нас на паркеце пад боты.

— Няма такой краіны: Афрыка. Ён прыехаў з Гвінеі, якая першай на афрыканскім кантыненце стала на сацыялістычны шлях развіцця, кінуўшы выклік амерыканскаму імперыялізму! Амерыканскі імперыялізм пагражае гвінейскаму народу агрэсіяй! Гвінейскі народ просіць дапамогі ў Савецкага Саюза, пасылае вучыцца ў нас абаронцаў сваіх рэвалюцыйных заваёў, а мы іх як сустракаем?! А мы ім зубы выбіваем! — не з усёй сілы, але і не слаба ўрэзаў Лобу ў зубы маёр, і я падумаў пра яго з дырэктарам: вось для чаго яны аднолькавую ваду ў сваіх кабінетах п’юць. — Хто выбіў?! Ты?..

Лоб стаяў патыліцай да мяне, але й з паталіцы лобавай я ўбачыў, як галава ягоная напаўняецца і напаўняецца страхам, ад якога ён — менавіта ад страху, а не ад удару — нават пахіснуўся, і калі б ён ведаў, хто выбіў зуб абаронцу рэвалюцыйных заваёў братняга гвінейскага народа, ён сказаў бы, але Лоб не ведаў гэтага, таму адказаў толькі тое, што ведаў:

— Не! Не я…

Маёр Гагарын дастаў насоўку і выцер кулак.

— Не ты, дык не ты… Я вам што хачу сказаць… — Ён зрабіў паўзу, паклаў насоўку ў кішэнь. — Мы ведаем, што ў той вечар не было ў інтэрнаце двух вашых сяброў. Пашка, як вы іх называеце, і Лана. Пашкова і Ланскага. А паколькі іх не было, значыць, яны не вінаватыя. Дык вось: калі не прызнаецца той, хто гэта зрабіў, з тэхнікума будуць выключаныя менавіта Пашкоў і Ланскі, вашы ні ў чым не вінаватыя сябры. Праз некага… — ён зноў пасунуўся на Лоба… — ві-на-ва-та-га… — і калі Лоб стаў ад яго адступаць, маёр рэзка павярнуў яго тварам да нас. — Ты пачуў, што я сказаў, стараста?.. Калі пачуў, паўтары для тых, хто праслухаў! Ну!..

Лоб, канечне, пачуў, што яму сказаў маёр Гагарын, але відаць было, што ён, як і кожны з нас, не зразумеў: як гэта не вінаватых караць замест вінаватага?

— Калі не прызнаецца той, хто гэта зрабіў, з тэхнікума будуць выключаныя нашы ні ў чым не вінаватыя сябры, — амаль слова ў слова паўтарыў тое, што сказаў маёр, Лоб, адзіны з нас, хто потым скончыў тэхнікум з чырвоным дымломам. — І павярнуўся да маёра Гагарына. — Не выганяйце Пашкова і Ланскага. У Пашка бацька інвалід вайны.

Маёр паківаў, нібы паспачуваў.

— Вось і падумайце пра гэта… — І зноў рэзка падвысіў голас. — Пра сваіх бацькоў, якія змагаліся на вайне супраць фашызму, падумайце! А вы амерыканскім фашыстам дапамагаеце! Ды вас за гэта на вайне… — адступіў ён да гэбістаў, якія шэрагам стаялі за ім, і адразу ясна стала, мы такое ў кіно бачылі, што было б з намі, калі б нас вось так, шэраг насупраць шэрагу, паставілі на вайне, а маёр Гагарын скамандаваў. — Той, хто зрабіў гэта сам, ці ведае, хто гэта зрабіў, крок наперад!..

Ніхто не крочыў. А калі нехта зварухнуўся, дык не наперад, а назад.

Прычына, па якой Аджы выбілі зуб, была. Не расавая, а тая, па якой біліся, б’юцца і будуць біцца хлопцы ва ўсім свеце незалежна ад таго, чорныя яны, белыя ці жоўтыя.

Прычына звалася Нэлай. Калі я з’ехаў ад яе на першым тралейбусе, яна пачала ўсяляк вырабляцца і паказваць, што ёй на мяне напляваць. З танцаў у Палацы прафсаюзаў пайшла з Аджы, у якім ускіпела афрыканская кроў — і ён татарку Нэлу згвалціў. У яе ж доме, у кватэры Джыма Калеснікава, які даў яму ключ. Нэла прыйшла дахаты падраная, ва ўсім прызналася бацькам, тыя ледзь на вуліцу яе не выгналі, але сказалі, каб маўчала: сораму не абярэшся.

Зуб Аджы выбіў я. І ў спартзале, стоячы ў шэрагу сяброў насупраць шэрагу гэбістаў на чале з маёрам Гагарыным, я ступіў бы крок наперад, проста са страху прызнаўся б, калі б Палкоўнік, якому я расказаў пра ўсё, не загадаў гэтаксама, як Нэле загадалі яе бацькі: маўчаць! “Сам ні ў якім разе ні ў чым не прызнавайся! І з тэхнікума паляціш, і ў калоніі для малявак апынешся. Здадуць цябе свае — тады што ж… А сам прызнацца не ўздумай!”

Здаць мяне маглі трое. Гарык Клябанаў, які лямпачку ў калідоры выкруціў, і Сатуш са Жданам, якія ў пачатку і канцы калідора глядзелі, каб сведкаў не было. Перад тым, выпіваючы з імі партвейн “Агдам”, я распавёў, як Аджа згвалціў татарку Нэлу, і Гарык кулакі сціснуў: “Калі ты не дасі яму за гэта ў лыч, я табе не сябар”. І Сатуш са Жданам сціснулі кулакі: “Мы табе тады таксама не сябры”.

Кампанія, у якой насіў я порткі-дудачкі і кашулю з папугамі, чытаў вершы і слухаў джаз “на рэбрах”, з кампаніяй, у якой біўся на Грушаўцы і ў Сельгаспасёлку, вывучаў тэлевізійную тэхніку і радыёрэлейную сувязь, амаль ніяк, калі не лічыць Гарыка Клябанава, які ў абедзвюх кампаніях выпіваў партвейн, не перасякалася. Тая, стыляжная, была гарадская, у якой я, хоць яна мяне й вабіла, пачуваў сябе не надта ўтульна. Усе ў той кампаніі былі старэйшымі за мяне, болей за мяне ўмелі, ведалі, нікому там не быў я роўня, а тут, сярод маіх аднагодкаў і гэткіх самых, як я, местачковых і вясковых хлопцаў, я быў не толькі роўня, але й адным з першых, калі не найпершы — і вось жа Гарык, які з гарадскіх, і Сатуш са Жданам, якія з местачковых, у адзін голас кажуць, кулакі сціскаючы: калі не дасі Аджы ў лыч, мы табе не сябры. Там я, значыць, ніколі не стану роўным — і тут з першых сыйду…

Хоць і выпіўшы “Агдаму”, але разумеючы, што нам за бойку з замежным студэнтам можа пагражаць, мы зрабілі ўсё так, каб нас ніхто не заўважыў. І сышлі, прыбраўшыся перад тым у пакоі, з інтэрната. Спачатку, каб там разам засвяціцца, на танцы ў Палац прафсаюзаў, адтуль да Палкоўніка, а пасля да Гарыка, у якога й заначавалі. Назаўтра прыехалі ў тэхнікум, а тут Чапаеў з маёрам Гагарыным — і паўсюль рыпяць партупеі.

— Што ж, — паправіў партупею маёр Гагарын і ўпершыню паглядзеў на мяне не так, як на ўсіх. Асобна. — Калі не выходзіць разам, паспрабуем па адным. Але цяпер ужо вы ў любым выпадку выляціце з камсамола. Гэта я вам кажу, каб не думалі, што Ланскім ды Пашковым усё абыйдзецца.


Са спартовай залы мяне прывялі ў кабінет каменданта вучэбнага корпуса. За каменданцкім сталом сядзеў не камендант, а старшы лейтэнант Гурковіч. Гурык. Не ведаю, ці ён сам захацеў мяне дапытаць, ці так яно выпадкова выйшла, але я чакаў, што яго ўбачу, і не здзівіўся, убачыўшы.

— Мне выйсці? — спытаў камендант, які быў не толькі п’янтос і злодзей, але яшчэ й гомік. У ягоным кабінеце стаяла рыпучая канапа, на якой ён прапаноўваў начаваць хлопцам, якіх ягоны сябрук, камендант інтэрната, высяляў, а гомік ноччу лез да іх. Да Лоба, якога выселілі, бо Лоб тэлевізар сабраў і чэмпіянат свету па хакеі ўсіх нашых сяброў з Грушаўкі і Сельгаспасёлка глядзець паклікаў, а тыя так тупалі і крычалі, калі нашы канадцам шайбы забівалі, што ўнізе над вахцёрам люстра са столі зляцела, — камендант таксама палез. Лоб яму ў лоб… Ды яшчэ гантэлінай, якую намацаў за канапай. Камендант тыдні два ў шпіталі праляжаў, прыдумаўшы, што балванку ў такарным станку не заціснуў, і ўсё прасіў Лоба нікому не казаць нічога. Пра гэта Лоб нічога й не сказаў, але пайшоў да дырэктара: “Я сабраў тэлевізар! Першы зрабіў тое, што нас у тэхнікуме рабіць вучылі, а мяне за гэта…” — і камендант займеў вымову, а Лоб — свой ложак у пакоі са сваім тэлевізарам.

Камендант выйшаў са свайго кабінета з канапай, на якую Гурык кіўнуў:

— Сядай. Дзе вы ўсе сямёра костачкі на руках пазбівалі?

На гэта ў мяне быў адказ. Тры дні таму я разам з Конам, Грыцам і Балікам біўся ў парку Чалюскінцаў з грушаўскімі. Але Лоба, Ждана і Сатуша з намі не было.

— А Лоб, Ждан і Сатуш? — спытаў Гурык. Адкуль у іх баявая раны?

— Не ведаю. Лоб нібыта ў такарным цэху руку збіў… Балванку не закруціў.

Гурык падышоў да мяне, паклаў руку на плячо і абсадзіў, бо я стаяў, на канапу.

— Ты вось што, Князь… — Чаму ў цябе, дарэчы, мянушка такая?.. Ну ды гэта я так, з цікаўнасці… Ты мне балванку не закручвай. Я ведаю, хто Аджы зуб выбіў. Няўжо ты думаеш, што ніхто з вашых не прызнаўся? Але для цябе лепей, каб ты прызнаўся сам. І для Пашкова лепей, — дадаў ён з такой інтанацыяй, што, маўляў, табе вырашаць лёс тваіх сяброў, — і для Ланскага. Ты ж з імі сябруеш, у адным пакоі жывеш…

Падобнае я ўжо чуў і ад яго, і ад маёра Гагарына. “Для цябе ж лепей, калі прызнаешся…” І руку на плячо… Можа, не паслухаць Палкоўніка — і сапраўды прызнацца? Бо ўсё адно нехта скажа. Не Ждан, дык Сатуш. Не Сатуш, дык Ждан. Але чаму я павінен думаць, што яны прызнаюцца, калі мы ў ноч, якую начавалі ў Гарыка Клябанава, дамовіліся, як параіў Палкоўнік, маўчаць?

— Скажы, калі ведаеш, — адсунуўся я ад Гурыка. — Мне самому цікава.

Гурык не стаў да мяне падсоўвацца.

— Цікава, дык паслухай. Ты ў дзвюх кампаніях. У адной — са звычайнымі хлопцамі, тваімі равеснікамі, з якімі вучышся ў адным тэхнікуме. У другой — са старэйшымі за цябе людзьмі, сярод якіх адзін — асуджаны за антысавецкую дзейнасць, а трое — грамадзяне капіталістычных дзяржаў. Два канадцы і адзін амерыканец з ваенна-марскога флоту ЗША. Ты ведаеш, што Амерыка рыхтуецца да вайны супраць Кубы? Ты гэтага можаш не ведаць, але ведаюць гэта твае старэйшыя сябры. Ведаюць яны і тое, што Савецкі Саюз гатовы абараніць востраў свабоды ад агрэсіі, і ў гэтым яму і Кубе дамагае маладая афрыканская рэспубліка Гвінея. І ведаеш, што ворагі нашы прыдумалі? Каб Гвінея нам не дапамагала, вырашылі пасварыць яе з СССР. Як? А так: у СССР вучыцца пляменнік прэзідэнта Гвінеі. І амерыканскаму грамадзяніну, былому марскому пехацінцу, які жыве ў тым жа горадзе, у якім вучыцца пляменнік гвінейскага прэзідэнта, даецца заданне гэтую сітуацыю скарыстаць. І ён скарыстоўвае цябе, а ты скарыстоўваеш сваіх аднакурснікаў. З якімі працуеш на незарэгістраванай радыёстанцыі… — Гурык усё ж падсунуўся бліжэй. — Далей табе цікава, ці не? Ты пойдзеш пад суд за шпіянаж, за здраду Радзіме, на тваіх бацьку і маці будуць пальцам паказваць, калі я табе не дапамагу! А каб дапамог, кажы, як было!..

Гурык, падсунуўшыся, апошнія словы амаль выплёўваў мне ў твар і так горача дыхаў, сціскаючы мне, як і ў сутарэнні “амерыканкі”, плячо, што я не вытрываў:

— Ды ён Нэлу…

І асекся.

— Што “ён Нэлу”? Хто? — яшчэ мацней учапіўся ў мяне Гурык, і я падумаў, як тады, калі мяне дапытваў маёр Гагарын: “Госпадзі, дзіця я горкае, з кім боркацца ўздумаў!..” І ўжо хацеў выкласці ўсё, як яно было, бо гэта ўсё ж Гурык, а не хто-небудзь, і ён ведае, як я кахаў і раскахаў татарку Нэлу, бо закахаўся ў Асю, бо ён таксама Асю кахае і сам бы даў у лыч Аджы, калі б той Асю згвалціў, ці паспрабаваў бы згвалціць, ды я проста забіў бы Аджы за Асю, і Гурык мне дапамагаў бы забіваць, як зараз, можа быць, дапаможа выкруціцца… — і тут я згадаў тое, што казаў мне Гурык у сутарэнні турмы КДБ, як вучыў ісці ў жыцці па жывых і па мёртвых, успомніў, што ён Асінага бацьку да смерці давёў: “Дык з чаго раптам ён дапаможа мне выкруціцца?..”

Гурык трос мяне за плечы: “Што Нэлу?.. Хто Нэлу?.. Ну? Хто і што?..” Я маўчаў — і Гурык падняўся раптам: “Пакуль можаш ісці. Заўтра скончым”. Ён першы пачаў апранацца — і я зразумеў, куды ён спяшаецца…

Госпадзі, што ж цяпер будзе? Бацька Нэлы мне сказаў, калі мы з Нэлай раскахаліся: “Пачакай, усё выправіцца…” Дык як яно цяпер выправіцца, калі сораму не абярэшся?..

Гурык выйшаў з тэхнікума, я скочыў за ім і паспеў убачыць, што ў машыне, у якую ён сеў — маёр Гагарын.

Хуткія яны…

Што рабіць?

Я кінуўся да тэлефона-аўтамата каля інтэрната. Дзвюх капеек у мяне не было, але былі шайбачкі, якія мы выточвалі ў такарнай майстэрні: па вазе і памеры — манетка ў дзве капейчыны. Нэла ў гэты час, мусіць, была яшчэ на занятках, ці, можа, ехала дахаты ў першым тралейбусе — трубку падняла маці. Я ў двух словах сказаў ёй, што адбылося, яна ўсё зразумела — і кінула разам з трубкай: “Ну ты й засранец!..”

“Ну я й засранец… Ну я й засранец… Ну я й засранец…” — патрусіў я ўніз па вуліцы Падлеснай да Першай клінікі, да медычнай вучыльні, дзе Нэла па нейкай прычыне магла й затрымацца, яна часцяком затрымлівалася то ў хоры, то ў гуртку філатэлістаў, бо маркі збірала, але ніхто сёння не спяваў і маркамі не абменьваўся, ніякіх прычын, каб затрымацца, сёння ў Нэлы не знайшлося — у вучэльні ўвогуле не было нікога, апроч вахцёра.

— Нэла? — перапытаў ён. — Якая Нэла? Тая, што на сук села?..

Ён быў з адстаўных гэбістаў, яны пры ўсіх дзвярах ва ўсіх установах сядзяць, я іх нюхам распазнаю, і, можа, гэты пацук нічога не меў на ўвазе, проста гэтак пажартаваў па-гэбісцку, але з мяне вырвалася: “Морда пацучыная!” — і пакуль ён, пузаты, падымаўся, крывёй наліваючыся, я грымнуў дзвярыма. Выскачыўшы, прайшоў па Падлеснай да Ленінскага праспекта, павярнуў назад, спыніўся, не ведаючы, куды і да каго ісці… Сеў на зледзянелыя прыступкі каля ўваходу ў Першую клініку і заплакаў.

Я прабалбатаўся… Насексоціў… І пра каго прабалбатаўся?.. На каго насексоціў?.. На каханую… Няхай мы раскахаліся, але яна ўсё адно каханая, бо я кахаю яе й цяпер, калі раскахаў…

Па вуліцы Падлеснай спяшаліся па сваіх праднавагодніх клопатах мінчукі. Мужчыны, жанкі… Старэйшыя і маладзейшыя… Хто з перавязанымі шпагатам елкамі, хто з упакаванымі, здабытымі ў праднавагоднім паляванні на ўсё, што можна здабыць на стол ці пад елку, падарункамі. Каля політэхнічнага інстытута прадавалі мандарыны — людзі душыліся ў чарзе. Ружовашчокая, як той мандарын, і апранутая, як снягурка, жанчына вырвалася з натоўпу, перайшла праспект і пабегла, каб хутчэй дахаты, каб мандарыны не памерзлі, па Падлеснай. Адзін мандарын выпаў з сеткі, якая матлялася ў яе руцэ, і пакаціўся мне пад ногі. Ён яшчэ каціўся — я ўжо загадаў: калі жанчына пакіне мне яго, Нэла даруе і зноў пакахае… Ружовашчокая спынілася, тузанулася йсці далей: хай сабе будзе хлопцу падарунак на Новы год! — але ў апошні момант неяк недаверліва зірнула на мяне і падабрала мандарын. На маім лобе, мусібыць, напісана, што я сексот, — а якія сексоту — нават на Новы год! — мандарыны?..

Сексот і засранец…

Засранец і сексот…

І яшчэ шпіён, здраднік… І яшчэ на маці і бацьку, за плячамі якога вайна, ордэн з медалямі на грудзях — будуць пальцамі паказваць…

І на Нэлу пальцамі паказваць будуць…

І ўсё праз мяне…

Як з гэтым жыць?

Жыць з гэтым ніяк нельга.

Падняўшыся, я рушыў на праспект. Сеў у першы тралейбус, даехаў да Круглай плошчы. Прайшоў на мост, пад якім яшчэ нядаўна, гэтым летам, але ўжо нібыта ў іншым жыцці мы плавалі на лодках і пілі шампанскае. Глянуў уніз — скрозь лёд на рацэ, толькі пры беразе наўскасяк ад дома, дзе жыве Амерыканец, цямнее і паблісквае святлом ужо запаленых ліхтароў палонка. Зірнуў на вокны кватэры Амерыканца — два цені на фіранках. Амерыканец і Марына. Па чарзе нахіляюцца і выпростваюцца, як рэчы ў валізу складваюць. Збіраюцца, мусіць, у Амерыку. Што іх там чакае?..

Палонка схоплівалася па крайках лядком — я абламаў яго. “Што мяне тут чакае?..” І скочыў у палонку.

Ніколі не думаў, што так проста гэта зраблю. Пра самагубства — упершыню недзе ў 12–13 гадоў, калі ўбачыў і адчуў недасканаласць, агіднасць, несправядлівасць свету — думаў, але не так проста. Ці хопіць на гэта ў мяне волі, мужнасці, сілы? У тое, што з жыццём сваім самагубна развітваюцца толькі слабыя, бязвольныя людзі, не верыў. І вось я — слабы, бязвольны, засранец, сексот — і скок!..

Вада не ўцягнула мяне пад лёд, як я тое ўяўляў — яна была па пояс. Мяне апякло, сцяла пранізлівым, вострым холадам, я нават не паспрабаваў пад лёд паднырнуць, каб па-мужчынску давесці да канца справу. Здзіраючы пазногці, стаў караскацца, выбірацца на гранітныя прыступкі парапета, на бераг і, выбраўшыся, кінуўся бегчы, як тая жанчына, каб не памарозіць мандарыны, куды найбліжэй — да Амерыканца з Марынай. Прабягаючы пад аркай у двор, ледзьве не патрапіў пад колы машыны “хуткай дапамогі”, якая падляцела праз іншую арку да таго самага, што і я, пад’езда, выкліканая ў тую ж 24-ю, у якую бег я, кватэру, у якой цені Амерыканца і Марыны на фіранках нахіляліся не рэчы складваць, а рабіць масаж сэрца дзядзьку Марыны, які, дазнаўшыся, што яна з’язджае ў Амерыку, схапіўся за грудзі — і хуткая дапамога спазнілася. Я пераапранаўся ў сухое, якое даў Амерыканец, і мяне біла дрыготка, але не ад холоду, ад усведамлення: вось я мог ляжаць цяпер, як ляжыць дзядзька Марыны, і доктар “хуткай дапамогі” глядзеў бы то на Марыну, то на Амерыканца і разводзіў бы рукамі… І пранізвала думка: у той самы час, калі я спрабаваў развітацца з жыццём, нехта зусім побач з усіх сіл за яго чапляўся! Я, абдзіраючы пазногці, зачапіўся, а ён — не.

— Начуй у нас, — прапанавала Марына, калі прыйшлі і пайшлі два міліцыянты, сказаўшы, што ім для таго, каб напісаць даведку пра смерць, ну, што дзядзька сам памёр, патрэбнае заключэнне паталагаанатама. “Бо ці мала што…”, — паглядзеў няветліва адзін з іх на Амерыканца. Марына дамовілася з доктарам “хуткай дапамогі”, медсястра з доктарам заўсёды дамовяцца — і дзядзьку забралі ў морг.

Паклаўшыся на раскладушку на тым самым месцы каля акна, на якім толькі што ляжаў на падлозе дзядзька Марыны, я не спаў. Думаў: ну вось, я мог цяпер не спрабаваць заснуць… не спаць… не быць… як яно было б? Думаў бы я пра гэта?.. Не, мусіць, пра гэта не думаў бы, бо мяне тут не было б, дзе зараз не сплю. А ці думаў бы я там пра тое, што тут памёр? Што адбылося б, калі б вада ўцягнула мяне пад лёд? Як яно ўвогуле адбываецца, што яна такое — смерць? Нешта падобнае на тое, што цяпер у маёй галаве, ці проста заключэнне паталагаанатама?

Вось не стала, няма дзядзькі Марыны. І што? Марына дамовілася з доктарам, выправіла дзядзьку ў морг, трохі паплакала, пакуль па лесвіцы з двара ў дом падымалася, і спіць з Амерыканцам. Амерыканцу ўвогуле: хто і што гэты дзядзька? А дзядзьку што? Кепска яму? Як яму можа быць кепска? Ніяк. Дык ці так ужо добра, што я не пад лёдам? Калі заўтра Ждан ці Сатуш скажуць, што гэта я выбіў Аджы зуб — і мяне выганяць… І маці прыедзе, кленчыць перад дырэктарам пойдзе… Ці яшчэ горш: Гурык з маёрам Гагарыным давядуць, што я здраднік нашай савецкай Радзімы, што я з канадцамі і амерыканцам, былым марскім пехацінцам… — і тут я падхапіўся на раскладушцы: дык я ж у яго дома! А за домам сочаць! І заўтра Гурык ці маёр Гагарын спытаюць: “А што ты рабіў у доме ворага ўсю ноч? Спаў на раскладушцы? Так савецкая Радзіма табе й паверыла, што спаў!..”

Мае транты, якія Марына павесіла на батарэю, былі яшчэ мокрыя, але ж не ісці заўтра ў тэхнікум, акупаваны старшымі лейтэнантамі з маёрамі, у адзежы ворага! Я нацягнуў сваю, улез у набраклыя чаравікі, пакінуўшы на нагах сухія амерыканскія шкарпэткі, апрануў куртку, шапку, асцярожна прабраўся ў прыхожую, паціху адчыніў і зачыніў дзверы — і болей не бачыў ніколі ні Аліка, ні Марыны, якая сказала мне, калі Амерыканцу далі дазвол на вяртанне ў ягоную Амерыку: “Страшна ехаць. Нібы нешта там здарыцца страшнае. Не са мной страшнае — з усімі”.

“Страшнае з усімі… страшнае з усімі… страшнае з усімі…” — грукала ўва мне, калі я з усіх ног, каб не абмарозіцца, зноў бег туды, куды і да каго найбліжэй: на Старажоўскую да Палкоўніка. Каля штаба Беларускай ваеннай акругі спыніўся, як укопаны: ад каго і куды бягу? Ад шпіёна, марскога амерыканскага пехацінца — да антысаветчыка? “Самае страшнае з усімі — гэта вайна! — прыпусціў я ад Беларускай ваеннай акругі да Дома афіцэраў, цераз сквер ад якога жыў Гарык Клябанаў. — А чаму вайна?.. А таму што я выбіў зуб Аджы, які пляменнік прэзідэнта Гвінеі, якая цяпер не стане дапамагаць Савецкаму Саюзу, а Савецкі Саюз не здолее дапамагчы Кубе, на якую нападуць амерыканцы, скінуць на яе, як на Хірасіму, атамную бомбу, з чаго самае срашнае і пачнецца. Гарык прачнецца, а Мінска ўжо няма…” — пагрукаў я, прабегшы цераз сквер, у акно на першым паверсе дома, дзе жыў Гарык, які звычайна спаў на тапчане ў калідоры і які спытаў, успораты сярод ночы: “Што? Вайна?..” А калі мы селі на падлогу каля батарэі ў кухні, ён сказаў, што прыходзіў Гурык і пытаў, ці праўда, што Аджа… ну, зрабіў тое, што зрабіў, з Нэлай? “Я адказаў, што нічога не ведаю, — наліў ён вялізны кубак гарачай, якая рукі апякала, гарбаты. — Ці я павінен быў нешта іншае сказаць? І скуль Гурык пра тое ведае?..”

Я расказаў, скуль… Гарык Клябанаў быў паэтам і не стаў казаць, што я сексот і засранец, ён увогуле ніколі не абражаў нікога, толькі паківаў галавой: “Та-а-к… І як цяпер Нэла?..”

Да раніцы сядзець са мной ён не захацеў, хоць звычайна сядзеў — лёг на свой тапчан і заснуў. Сам, маўляў, думай, як цяпер Нэла — і хто цяпер ты…

Раніцай Гарык не пускаў мяне нікуды: “Ды ў цябе жар! — І ўступаў свой тапчан. — Табе ляжаць трэба!”

Ад ягонага дома на вуліцы Леніна да вуліцы Савецкай, дзе жыла татарка Нэла, я йшоў ці не гадзіну — гэтак мяне хістала. Дахістаўся якраз у час: Нэла з пад’езда выходзіла. Убачыла мяне — і павярнула ў бок вакзала да прыпынку першага тралейбуса. Я за ёй не паспяваў, але ў тралейбус паспеў усунуцца. Сеў за ёй — што сказаць? Нэла, прабач?.. Пакуль муліўся, падбіраў словы, тралейбус праехаў мост цераз раку Свіслач, у якой я ўчора вечарам спрабаваў развітацца з жыццём. Можа, сказаць ёй пра гэта? Як яно будзе гучаць?.. “Нэла, я так цябе кахаю, што ўчора загадаў… не… што калі ты развітаешся са мной, развітаюся з жыццём…” Яна ж рассмяецца… Ну й няхай сабе — абы не маўчала, нібы мяне на свеце няма. “Нэла…” — пачаў я, не пазнаўшы свайго голасу, такога, нібы ён зусім не мой і наогул не чалавечы, і тут тралейбус спыніўся на Круглай плошчы.

“Жы-шу-шых!..” — расчыніліся дзверы — і ў іх лёгка, як парушынка, выскачыла Нэла.

Нават не развіталася.

Нават кандуктарка здзівілася.

Нават бабулі ёй услед зірнулі.

Больш ніхто з тралейбуса не выйшаў, ніхто не ўвайшоў — і дзверы зачыніліся: “Шых-жы-шу!..”

Мне ўспомніўся сіні каптурык у гэтым жа першым тралейбусе, толькі не зімовым, а вясновым, у якім пахла пралескамі — і я не паспрабаваў выскачыць у дзверы, пакуль яны зачыняліся. Раптам зразумеў, што Нэлу, як і сіні каптурык, не даганю ўжо ніколі. І ніколі Нэла зноў не пакахае мяне, калі нават я знайду на Падлеснай тую ружовашчокую снягурку — і яна сыпане мне пад ногі ўсе, якія не закруціла яшчэ ў срэбныя фанцікі і не павесіла на елку, мандарыны.


Каля ўваходу ў тэхнікум мяне чакаў Лоб: “Табе да дырэктара”. “Чаго?” “Скуль мне ведаць? Я стараста, мне сказалі табе сказаць. Змерз, чакаючы. Да дырэктара — і ўсё”.

— Заходзь, — сам выйшаў у прыёмную дырэктар, як толькі сакратарка прыадчыніла дзверы ў кабінет. — І ў кабінеце спытаў, калі я прытуліўся да кніжнай шафы, каб не хістацца. — Ты чаму не сказаў мне пра Нэлу?..

Адкуль ён ведае? Нехта з нашых сказаў? Ці Гурык? Або маёр Гагарын?

Мусіць, Гурык ці маёр… А калі нехта з нашых, дык хто?

Я хацеў адказаць: “Вы не пыталіся…” — але не знайшоў у сабе голаса. У кабінеце дырэктара Тумаса чамусьці паўтаралася ўсё тое, што было ў кабінеце маёра Гагарына. З графінам з саланаватай вадой, з голасам…

Дырэктар вырашыў не чакаць, пакуль голас да мяне вернецца. Падышоў бліжэй — я прыкінуў, як лепей за шафу ўпасці, калі ў пашчэнкі ўрэжа. А ён сказаў: “Вось што, Валодзя. Не вінаватых Пашкова з Ланскім выгнаць я не дам. Але больш не магу нічога. Глядзі сам, хлопчык, што табе па сіле. — І крануў даланёй мой лоб. — Ты хворы?..

Які я хворы! Як з такім дырэктарам можна захварэць! З такім дырэктарам мне пляваць і на Чапаева, і на маёра Гагарына, не кажучы ўжо пра Гурыка!

— Не, Павел Федаравіч, — сам сябе знайшоў ува мне мой голас. — Я не хворы, проста не спаў усю ноч.

Дырэктар пацёр пераноссе, вочы.

– І я не спаў… Ды яго судзіць трэба! — ускінуў ён руку і ўскудлаціў валасы. — Я ўсім гэтым партупеям так і сказаў. Гэта ж жах! А што будзе, калі гэта па Мінску пойдзе? Уяўляеш?.. Таму не аддадуць пад суд, хоць маёр моцна раззлаваўся. З характарам… Ён праўда біў Лоба?

— Ды не… Даў раз у зубы.

— Даў раз у зубы… Якое мае права?..

З апошняга пытання вынікала, што даць раз у зубы студэнту электратэхнікама сувязі мае права толькі дырэктар электратэхнікума сувязі, што абсалютна правільна — і я сказаў для сябе самога нечакана:

— Трэба было, каб вы самі Аджы ў лыч далі. Вы дырэктар — вам і не было б нічога.

Дырэктар хакнуў, як Палкоўнік звычайна хакаў, калі лічыў, што нехта дазваляе сабе болей, чым мае на тое права, і выштурхаў мяне, хворага, у дзверы, у якія недзе праз месяц, пасля зімовых канікулаў, выштурхалі й здаровага яго… Нэла заяву ў міліцыю не напісала, Аджы ўставілі новы зуб і перавялі з тэхнікума электрасувязі ў радыётэхнічны інстытут, удвая падвысілі стыпендыю, але дзядзька ягоны сябраваць з Хрушчовым усё адно не прыехаў, Савецкі Саюз пад ціскам амерыканцаў быў змушаны забраць з Кубы свае ракеты, праз якія ледзь не пачалася трэцяя сусветная вайна — і ва ўсім гэтым удзельнічала група ТР Мінскага электратэхнікума сувязі, дырэктара якога не выштурхаць з кабінета за ўсё гэта ну ніяк не маглі… Ды яшчэ маёр Гагарын раптам прыйшоў на выпускную вечарыну, пачаў шукаць дырэктара, а той б’ецца ў падвале з выпускнікамі. Дык хіба дзіва, што з такім дырэктарам студэнты зубы адзін аднаму выбіваюць?..

Калі Павел Федаравіч Тумас памёр, група ТР зайшла ў цір радыёзавода, узяла там усе, якія былі, вінтоўкі — і тройчы адсалютавала свайму дырэктару.


— Давайце за Паўла Фёдаравіча! — ужо не зважаючы на тое, што ў спартовай зале трэба спортам займацца, а не піць, кажа Лоб. — Я вось цяпер таксама дырэктар. Але я дырэктар не такі.

Лоб — дырэктар таго самага радыёзавода, на якім некалі кралі мы дэталі. Але сапраўды ён дырэктар не такі.

Усе па чарзе вып’юць, і расійскі алігарх Сатуш, які выпівае апошні, кажа:

— Мы ўсе не такія… — І пытае, як кожны раз пры нашых сустрэчах праз кожныя пяць гадоў. — Дык хто Князя здаў? Хто прызнаўся, калі дамаўляліся не прызнавацца, крок наперад руш!..

Ён не скамандаваў, забыўся, бо не стараста, каб мы сталі ў шэраг — і мы становімся ў шэраг самі. Як рабілі гэта пяць, дзесяць і дваццаць гадоў таму. Сатуш глядзіць па чарзе на Лоба, Баліка, Ханеню, Жука, Ігана, Івашку, Сцепаненку, Стукача, Кашыца, на шэраг, які раз ад разу карацее і карацее, а яны глядзяць на мяне… І я ступіў бы крок наперад, але пра што тады праз наступныя пяць гадоў пытацца расійскаму алігарху Сатушу, калі ўсе ведаюць, хто павінен крок наперад ступіць — і гэта ў нас такая гульня.


Загрузка...