Вуліца Камуністычная, колішняя Другая Міхайлаўская


З Амерыкі, дзе поўна ўсялякіх імігрантаў, таму перакладчыка знайсці не праблема, скаргу Саламона Майсеевіча нікуды не перапраўлялі, але і не адказалі на яе. Мусібыць, пакрыўдзіліся. Не трэба было Саламону Майсеевічу пра амерыканскі імперыялізм пісаць. Ён, можа, думаў, што гэта яму дапаможа, але не дапамагло. Як не памагла і дададзеная да скаргі прамова Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, якую Саламон Майсеевіч, каб у ЦК КПБ прачыталі яе па-беларуску, выразаў з газеты “Звязда”.

“Ён разлічваў, што яго за антысавеччыну вышлюць. На “Ту-134” у 72 гадзіны ў Ізраіль”, — казаў Гурык, калі Саламона Майсеевіча арыштавалі ў другі раз.

За якую антысавеччыну, калі ў скарзе Саламона Майсеевіча скразная антыамерыканшчына?.. Косця нават спытаў Амерыканца, ці не выкрасліў той, як амерыканскі камуніст, што-небудзь антысавецкае пры перакладзе? Арыгінала мы не бачылі, Амерыканец паказаў нам пераклад, з якога, перш чым аддаць яго Саламону Майсеевічу, зрабіў копію на радыёзаводзе, дзе працаваў. Вось тут бы ў гэбістаў спытацца: хто гэта амерыканца і, можа быць, шпіёна на савецкім заводзе да капіравальнай тэхнікі дапускае?..

Ніхто, канечне, не спытаўся… Але дарэмна Гурык выгляд рабіў, нібы арыштавалі Саламона Майсеевіча толькі цяпер, пасля скаргі ў ЦК, а ў першы раз не арыштоўвалі. Ну, пасля таго, як Саламон Майсеевіч сказаў, што ён сваяк Леніна, чаго ніхто, апроч мяне, Асі і Косці, не чуў. Яшчэ Ас да нас падыходзіў, які мог пачуць…

“Ас мог пачуць”, — сказаў я Косцю, які пасля бойкі з Гурыкам наўпрост спытаў мяне: “Хто?..”

Не Ася ж данесла, што бацька ў сваякі да Леніна набіваецца. Тады і яна Леніну радня… Як і Эдзі Рознэру… І не сам жа Косця, які адрэзаў: “Ас пачуць не мог!”

Выходзіла, што я данёс. Ці сам на сябе Саламон Майсеевіч… Каб на “Ту-134” у 72 гадзіны ў Ізраіль.

У любым выпадку трэба было неяк Саламону Майсеевічу дапамагаць, пакуль у Маскве адліга. Ці хоць бы паспрабаваць дапамагчы, пакуль і ў Мінску нешта такое…

А як дапамагчы?..

— Давесці трэба, — прыдумаў Косця, — што ён савецкі чалавек і на ўсіх нас па-савецку ўплывае.

А дзе давесці?.. Каму?.. Гурыку?.. А то Гурык не ведае, хто такі Саламон Майсеевіч.

— Калі за Амерыканцам сочаць, а мы ведаем, што за ім сочаць, дык павінны праслухоўваць і тэлефон, і ўсю кватэру, — сказаў Косця. — Збіраемся там — і каму трэба, той нас пачуе.

Амерыканец жыў на колішняй вуліцы 2-й Міхайлаўскай. Пазней яна называлася Мопраўскай, потым — Калініна, а ці не адразу ж па прыездзе Амерыканца яе перайменавалі ў Камуністычную. Кватэра ягоная была ў доме № 2, набліжэйшым да праспекта Сталіна, які таксама перайменавалі — і ён стаў праспектам Леніна.

Пасля таго, як Амерыканец вярнуўся ў Амерыку і забіў там свайго амерыканскага прэзідэнта, дом, у якім жыў ён у Мінску, знік. Новыя нумары на ім сведчылі, што гэта дом № 4, а дома № 2 нібы й не было. Значыць, ніхто ў ім ніколі жыць не мог. Тым больш амерыканец… Які амерыканец? Скуль узяўся, з пылу зляпіўся?.. Тут Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, а не Амерыка.

І ўсё ж дом, у якім жыў Амерынец, быў і ёсць, хоць і пад іншым нумарам, і стаіць, як стаяў, амаль насупраць музея Першага з’езда РСДРП. Відаць, нехта доўга думаў, перш чым на вуліцы з такой назвай ды яшчэ ў такім суседстве пасяліць Аліка, амерыканскага камуніста ці шпіёна.

Даводзіць невядома каму, што Саламон Майсеевіч савецкі чалавек і па-савецку на ўсіх уплывае, сабраліся Косця, Ася і я. Па дарозе да нас прыбіўся Ас. Прыйшлі да Амерыканца, а ў яго, апроч Марыны, якая ўжо год была за ім замужам, яшчэ і Палкоўнік. Не маючы свайго жытла, ён жыў то ў сястры каля стадыёна, то ў маці каля радыёзавода — і па-суседску зазіраў да Амерыканца, у якога заўсёды былі аплаткі, якія прыносіла са сваёй шпітальнай аптэкі Марына. “Калёсы”, да якіх прызвычаіўся Палкоўнік у турме. Прыходзіў ён з кавенькай, такою важкаю палкай, і казаў: “Кватэры пераблытаў”.

Як ён мог іх пераблытаць?.. Жылі яны абодва — і Амерыканец, і Палкоўнік — у кватэрах з нумарам 24, але ж на розных вуліцах у розных дамах. Амерыканец з Марынай — на Камуністычнай, а Палкоўнік з сястрой — на Энгельса. І, каб кватэры пераблытаць, трэба, як мінімум, мост цераз Свіслач перайсці…

Ці Палкоўнік не пераходзіў мост?

Між іншым, і кватэра на вуліцы Кісялёва, былой Старажоўскай, дзе жыла маці Палкоўніка, а пасля, калі бальшавічка-бундаўка памерла, жыў ён адзін, мела нумар 24. Гэткае супадзенне павінна, мусібыць, нешта азначаць, але я не ведаю, што яно азначае…

Не думаю, што Палкоўнік завітваў да Амерыканца толькі дзеля “калёсаў”. Ён быў Настаўнік, Гуру, вучні якога ўсё, чаго б ён ні пажадаў, з-пад зямлі б дасталі. Але нічога асаблівага Палкоўнік ніколі не хацеў. Ён нават без “калёсаў” мог абыходзіцца, п’ючы, калі тых не было, віно ці гарэлку. Тады чаго ён да Амерыканца цягаўся?.. Не сачыць жа яго, ворага народа, за чужаземцам прыставілі. Хоць усё можа быць. Вунь прыставілі ж сына паэта Шушкевіча, які ў лагеры сядзеў, Амерыканца рускай мове вучыць. Хіба не дзіўна? Сын беларускага рэпрасаванага паэта, а навучае амерыканца рускай мове…

Нешта заблытваюць гэбісты.

Панастаўлялі жучкоў…

Тое, што дома была Марына, нам ніяк не замінала і не шкодзіла, нават наадварот: тых, на каго Саламон Майсеевіч па-савецку паўплываў, разам з ёй было болей. Але Палкоўнік…

— Мы думалі, што і Саламон Майсеевіч тут, — сказаў Косця, нібы пра тое, што Саламона Майсеевіча арыштавалі, не чуў і не ведаў, дый не мог чуць і ведаць, бо такога быць не магло, і Палкоўнік зірнуў на яго нядобра. Косця ж доўжыў сваё. — Шкада, што яго няма, ён так узнёсла чытаў даклад таварыша Хрушчова… — а Палкоўнік, як толькі гаспадыня паставіла на стол, сам сабе наліў, бо, мусіць, “калёсаў” гэтым разам Марына не прынесла, выпіў і здзівіўся: “Як чытаў?.. Што?..”

— …на XXI з’ездзе Камуністычнай партыі Савецкага Саюза… узнёсла… — доўжыў і міргаў, і пальцамі ў столь і ва ўсе сцены тыркаў Косця… — сённяшняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме!.. — а Палкоўнік закрычаў раптам, не закусіўшы: “Ты што тут разміргаўся! Пальцамі растыкаўся! Саламон генетычны антысаветчык! Як ён чытаць мог такое г…! Ды яшчэ ўзнёсла! Хіба на ўнітазе ўзнёсся… — і хоць Косця ўжо кулакамі трос, вочы ўгору закочваючы, Палкоўнік цішэй, але дагаварыў… — з газетай для натуральных патрэб…”

Косця кінуў кулакі ўніз, расціснуў іх і бязвольна абсеў на крэсле…

Амерыканец, пэўна, таксама ведаў, што і тэлефон ягоны, і кватэру ягоную праслухоўваюць, таму паспрабаваў заспрачацца з Палкоўнікам: “Гэта амерыканскія газеты для натуральных патрэб, не савецкія”, — на што Палкоўнік заявіў, што ўсе газеты ва ўсім свеце выключна для натуральных патрэб, ні для чаго болей, а тут Ася сказала:

— Мой бацька не антысаветчык.

— Антысаветчык! — гнуў сваё Палкоўнік, які, прайшоўшы турму, ведаў, што такое людзі, і не меў да іх ні асаблівай павагі, ні спагады. — Хто ж яшчэ, калі не антысаветчык? Габрэй, значыць, антысаветчык. Быў бы напалову габрэй — быў бы напалову антысаветчык. Як я. А ён цалкам. І нават больш…

Ас, які, не скінуўшы шыняля з генеральскімі пагонамі, стаяў у дзвярах, нібы мы былі ўжо арыштаваныя, і ён на такім высокім, на генеральскім узроўні нас вартаваў, спытаў нечакана:

— Як можа быць больш, калі цалкам? Такога не можа быць.

— Не антысаветчык! — раптам коратка ўсхліпнула Ася. — Гэта ўсё праз мяне, гэта Гурык… старшы лейтэнант Ігар Гурковіч… — цвёрда прагаварыла яна ў столь, праглынуўшы ўсхліп… — калі бацьку яшчэ тады, за Леніна арыштавалі, сказаў, каб я падумала, з кім быць, з ім ці з Косцем, калі хачу…

Косця ўскочыў: “Што?!. Поскудзь!..” — і перакуліў, ускокваючы, шклянку з гарбатай, якую толькі што наліла Марына, на жывот Палкоўніку і ніжэй… а Палкоўнік нават не войкнуў, нібы нічога ў яго там, спераду, не было — гэтак у турме загартаваўся, толькі сказаў, порткі атрасаючы: “У-ё-бі-шча.”

— …каб бацьку адпусцілі і не чапалі, радню чэкіста чапаць не будуць, — здзівіўшыся з вытрымкі Палкоўніка і пасядзеўшы хвіліну з разяўленым ротам, дагаварыла Ася, а Палкоўнік зноў сказаў, хакнуўшы: “Ха! У-ё-бі-шча!” — і незразумела было, пра каго ён, пра Гурыка, ці пра Косцю, які таксама незразумела каго назваў поскуддзю: Гурыка ці Асю?

— Як больш, калі цалкам?.. — паўтарыў сваё пытанне Ас, адзіны, хто, мусіць, не ўцяміў нічога з таго, што зараз тут адбылося, а я стаяў каля акна, гледзячы з якога на павольную раку, на мост цераз яе і парк за ёю, на горад, што падымаўся ўверх ад парку, зайздросціў Аліку, які прыпёрся з Амерыкі — і адразу яму такую кватэру, якой мне ніколі не мець… ды гары яна гарам, кватэра, няхай прападае ўсё, бо, канечне ж, не Ася, а Гурык, увесь у бліскучых пагонах, поскудзь, і, канечне ж, ён, а не Косця “ўё-бі-шча”, толькі як такое можа быць?..

— Як можа быць больш, калі цалкам? — трэцім разам спытаў Ас, мазгі якога, і без таго звернутыя, на гэтым “цалкам” заклініла, а Марына паднялася і пачала прыбіраць са стала: “Выбачайце, тут не вар’ятня…”

Пазней, калі мы насамрэч апынуліся ў вар’ятні, я ўспомніў, што першай пра яе сказала менавіта Марына, якая толькі год пабыла за Амерыканцам, а ўжо паводзілася, як амерыканка, хоць я ні тады не ведаў, ні цяпер не ведаю, як яны ў такіх выпадках паводзяцца, амерыканцы…

Мы дык так сабе…

Аліку стала няёмка праз тое, што жонка ягоная гасцей ягоных пратурыла, і ён пайшоў нас праводзіць.

— Як мне ўсё гэта разумець?.. — спытаў, калі мы спусціліся ў двор і рушылі да Круглай плошчы, Палкоўнік, і калі Косця сказаў яму, што гэта быў спектакль для гэбістаў, уздыхнуў. — Тады квіткі трэба было прадаваць, прыдуркі… Ты, Ася, не цягайся з гэтымі ўбогімі, ты за Гурыка трымайся. Замуж за яго выходзь. Марына за Аліка, а ты за Гурыка, і яшчэ невядома, каму лепш будзе…

– І выйду! — раптам скочыла Ася ў аўтобус, мы якраз да аўтобуснага прыпынку выйшлі, і тут жа дзверы за ёй зачыніліся. Косця грукнуў у іх, ды без толку. Ася крыкнула кіроўцу, каб не адчыняў, і той, раз такая прыгажуня папрасіла, не адчыніў, паехаў, а Косця схапіўся за задні бампер і, з усіх сіл упіраючыся, трымаў аўтобус, які газаваў, газаваў, пакуль бампер… — за які ўжо ўчапіліся і Ас, і я, і Амерыканец, і, невядома скуль узяўшыся, Віл са сваімі сябрукамі, канадцамі Джымам і Джонам… — пакуль бампер са скрыгатам не адарваўся. Кіроўца заўважыў у люстэрку, што бампер адарвалі, прытармазіў, каб спыніцца, ды раптам Ас рвануўся ўслед за аўтобусам — і кіроўца, убачыўшы, што за ім гоніцца генерал з бамперам наперавес, вырашыў не звязвацца, халера з ім, з тым бамперам, і зноў газануў, звозячы Асю ад Косці да Гурыка… А ад Вечнага агню на Круглай плошчы, давячыся свістком, бег да нас паставы міліцыянт.

Пастарунак быў недалёка, на плошчы Якуба Коласа, таму нас не павезлі, а пагналі па Ленінскім праспекце, як палонных немцаў. Усе, нават Амерыканец з канадцамі, ішлі рукі за спіну, моўчкі, толькі Палкоўнік дабіваўся справядлівасці: грозна грукаў кавенькай, даводзячы, што ён не ўдзельнічаў, як пасля запісалі ў пратаколе, “у хуліганскіх дзеяннях па адрыванні задняга бампера гарадскога аўтобуса маршрута № 1”, — але яго ніхто не слухаў…

Калі б хто-небудзь мне сказаў, што праз гады ў пратаколе майго затрымання напішуць, што я ўдзельнічаў у хуліганскіх дзеяннях, якія выклікалі масавыя беспарадкі, і мне будзе пагражаць за гэта не 15 сутак, а пятнаццаць гадоў, я б падумаў, што чую такое ад куды большага вар’ята, чым Ас, які бяжыць і бяжыць у маёй памяці ад плошчы Перамогі да маста цераз Свіслач — і ветразем развяваецца ў прыцемках бліскуча чырвонае крысо ягонага генеральскага шыняля.

— Цікавая кампанія… — зрабіўшы націск і на першым, і на другім слове, задуменна сказаў, прачытаўшы нашы паказанні, міліцэйскі капітан, які, мусібыць, быў у той дзень у тым пастарунку за галоўнага. — І спытаў Аліка. — Лі Гарві Освальд?.. Вы сапраўды амерыканец?

Алік кіўнуў. Маўляў, так, амерыканец.

— Джым… Джон… хто з вас Джым? — перагартаў капітан паперкі, і Джым, як у арміі, ступіў крок наперад:

— Я!

— Канадзец?

— Канадзец!

Капітан зірнуў на яго ўважліва.

— А чаму прозвішча рускае? Калеснікаў…

— З рускіх эмігрантаў!

— Значыць, з белых?

— Не! З ранейшых!

Капітан не зразумеў.

— З якіх ранейшых?.. — У ягоным разуменні, мусібыць, да белай эміграцыі з Расіі ніякіх эмігрантаў не было і быць не магло. — Ну ды разбярэмся… І вы, Джон, белы?

У Джона, які прыехаў з Канады ў беларускую кансерваторыю вучыцца граць на рускім баяне і зараз не цяміў, дзе ён знаходзіцца і што з ім адбываецца, маці была мурынкай, таму ні на белага эмігранта, ні проста на белага ён ніяк не выглядаў, але з капітанам згадзіўся:

— Белы. На баяне…

— Гэта потым! — перапыніў ягоныя спробы растлумачыць, што ён культурны чалавек і грае на белым баяне, капітан. — Найграешся на Калыме. — І Палкоўнік, успомніўшы, мусібыць, Эдзі Рознэра, хакнуў: “Ха!”

— На чым?.. — зморшчыў лоб, намагаючыся зразумець, на чым яму граць прапануюць, Джон, але капітан ужо перагарнуў паперку. — А вы… — павярнуўся ён да Віла, які выпадкова апынуўся на Круглай плошчы з Джонам і Джымам якраз у той момант, калі мы бампер адрывалі… — радыст?

— Не, — як нешта адчуўшы, не захацеў быць радыстам Віл. — Маё прозвішча Леднік. А радыстам мяне называюць, бо…

— Бо вы радыст! — лагічна заключыў капітан. — Хоць, можа быць, і Леднік. Вось жа тут, у паказаннях грамадзяніна Ворана, напісана: “… і зусім выпадкова з намі аказаўся Радыст з канадцамі”. Дык вы і з імі выпадкова аказаліся, і выпадкова з канадцамі, і выпадкова называецеся радыстам?..

Віл разгубіўся.

— Гэта мянушка… Вунь у яго, — ён паказаў на мяне, — мянушка Князь, хоць ён малы і непадобны… А ў мяне яшчэ адна ёсць: Віл… Мы, я і Воран, разам у школе вучыліся, дык у ёй… — і капітан рэзка перапыніў яго, твар у твар нахіліўшыся:

— У якой? Нямецкай, амерыканскай? ЦРУ? Ну!..

— У 42-й сярэдняй… — ледзьве прамямліў, насмерць не рады, што звязаўся з намі, Віл, а капітан, у вачах якога хай, можа, і не генеральскія, як на пагонах Аса, але ўсё ж зоркі засвяціліся, перакінуўся на Палкоўніка:

“І вы, грамадзянін Сысой Кім Іванавіч, аднойчы ўжо асуджаны за антысавецкую дзейнасць, таксама зусім выпадкова ў гэтай кампаніі?..”

У сутарэннях дома на рагу вуліцы Чырвонай з праспектам Леніна, на плошчы Якуба Коласа, у каменным, даволі вялікім пакоі анікога, апроч нас і капітана, не было. Допыт шпіёна амерыканскага і двух канадскіх шпіёнаў, радыста, антысаветчыка і яшчэ трох завербаваных агентаў, адзін з якіх хоць адстаўны і не зусім здаровы, але генерал авіяцыі, капітан вырашыў правесці без сведкаў — ці мала што?..

Цяжка сказаць, якія фантазіі блукалі ў ягонай галаве, калі, загадаўшы нам выстраіцца ўздоўж сцяны па росце, ён падыходзіў да кожнага блізка-блізка, ставаў твар у твар, доўга і пранізліва глядзеў вочы ў вочы, пасля адступаў паволі — спінай да процілеглай сцяны — і яшчэ раз узіраўся ў кожнага па чарзе: у Косцю, у Аса, у Віла, у абодвух канадцаў, у Амерыканца, у мяне і, нарэшце, у Палкоўніка, які стаяў апошнім, і які раптам сказаў капітану вочы ў вочы: “Слухай, у-ё-біш-ча! Ты арыштаваў таварыша Лі Гарві Освальда, першага сакратара камуністычнай партыі Злучаных Штатаў, якому сёння ўвечары ехаць у Маскву, каб заўтра ўраніцы сустракацца з першым сакратаром ЦК КПСС таварышам Хрушчовым. Падумай, што табе за гэта будзе”.

І ўсё, больш нічога не сказаў Палкоўнік. Мусібыць, вырашыў, што гэтага дастаткова, каб капітан спалохаўся і першага сакратара кампартыі ЗША разам з канадцамі і ўсімі намі адпусціў.

Капітан савецкай міліцыі глядзеў на маленькага, лядашчага антысаветчыка і прыкідваў, што яму рабіць?.. З аднаго боку — зоркі… пагоны… З іншага — калі б нешта, невядома, што, за ўсім гэтым не стаяла, ды так нахабна абазваць яго, начальніка, былы зэк не мог бы. Гэта маглі быць, канечне, і зэкаўскія панты, але ж быў і амерыканец, сапраўдны амерыканец, і канадцы, няхай адзін з іх белы, а другі чорны. Павагаўшыся, капітан усё ж забаяўся, але не так моцна, каб нас адпусціць, а роўна настолькі, каб дакласціся ў КДБ — і праз дзесяць хвілін па нас прыехалі. Гурыка сярод тых, хто прыехаў, не было…


Загрузка...