Палкоўніка зноў забралі, калі мы яшчэ ў вар’ятні былі, і Гурык сказаў, што ўжо не выпусцяць, а яго чамусьці выпусцілі. Мы сабраліся ў Крым, каб прагуляць ганарар, які Біг атрымаў за кнігу пра слесара, і не думалі, што Палкоўнік з намі паедзе, таму й прапанавалі яму паехаць, а ён згадзіўся: «Збягу. Няхай ловяць». У яго таксама было не пуста ў кішэнях, з ім разлічыліся за дысертацыю, напісаную для нейкага новага доктара навук па этнаграфіі, і Палкоўнік даклаў заробак у агульную касу — да ганарара Біга за кнігу.
У нас была гара грошай. Столькі я ніколі не бачыў.
— Калі Палкоўнік едзе, тады й Аса давайце возьмем, — прапанаваў Віл. — Каб у гурце вар’ятаў быў камплект.
У нашай кампаніі гралі на гітары не толькі Гарык Клябанаў і Віл, але й Воран, а таксама, што ўсіх здзіўляла, Ас. Прычым, Ас, умеючы лепш за ўсіх свістаць, імітуючы палёт куль ды асколкаў, яшчэ і граў лепш за ўсіх: не адно так званым гітарным “боем”, усімі пальцамі па ўсіх струнах, але й шчыпкамі, пераборамі, і ніхто не мог ад яго дазнацца, дзе ён так граць навучыўся, бо ён сам гэтага не ведаў. Вось Віл і прыдумаў паехаць у Крым не проста звычайнай кампаніяй, адной з многіх, якія едуць летам на поўдзень, а музычным гуртам “Varjaty”.
Шкада, што ні Вілу, ні яшчэ камусьці з нас не прыйшло ў галаву назвацца гуртам “Beatles”. Гралі мы ў той час амаль тое самае, што й ліверпульская чацвёрка: запісы з альбомаў Літла Рычарда, Чака Беры, Карла Пернікса, якія дасылалі Вілу ягоныя сябры па радыёэфіры. Гэтаксама як Ленан з Макартні, Гарык з Вілам перараблялі ў рок-н-ролы блюзы і джаз, і, выступаючы на прыступках Тэатра юнага гледача ў Мінску з Асам і Воранам, мелі поспех не меншы, чым мелі яго ў клубе “Jacaranada” ў Ліверпулі хлопцы з гурту “Quarrymen” — будучыя бітлы. Так што хто ведае, як яно магло стацца, калі б наш Палкоўнік быў Аланам Уільямсам, які сасватаў нячэсаных ліверпульцаў немцу Бруна Кашмідзеру, а той выцягнуў іх у Гамбург, дзе яны запісалі свае першыя песні, адна з якіх, “My Bonnie”, зусім і не іхняя, прыдуманая народам Ірландыі. Ці калі б Ася Бланк была Астрыд Кірхгер, якая прыдумала для бітлаў зачэсаныя на лоб і вушы валасы і пінжакі без каўнерыкаў і лацканаў. Хоць яшчэ невядома, што круцей: тыя пінжакі ад Кардэна ці генеральскі шынель Аса…
Біг прапанаваў назваць гурт “Crazy”, бо яно тое самае, што вар’яты, толькі па-ангельску, але ягоную прапанову адмялі. Ангельскую мову на Крымскай паўвыспе нехта ж можа ведаць, а беларускую — ніхто, таму надпісы Varjaty на нашых гітарах будуць чытаццца, хутчэй за ўсё, як вар’етэ, за што міліцыя, можа быць, і не прычэпіцца. А калі прычэпіцца, дык у нас ёсць даведкі, што мы насамрэч прыдуркі: лячыліся ў псіхушцы. Гэтыя даведкі з круглымі пячаткамі, выдадзеныя нам круглым доктарам, Біг з Вілам хацелі выкінуць, дый мне такая даведка была без патрэбы, але Палкоўнік, вар’ят з досведам, сказаў, што мы проста не разумеем, якія займелі дакументы, і загадаў здаць іх яму, як дырэктару гурта “Varjaty”.
Ас вельмі хацеў паехаць з намі. Каб мы ўзялі яго, ён сказаў, што ў Крыме ваяваў, і правядзе нас па баявых мясцінах.
— Па якіх? — спытаў Воран, і Ас адказаў, што збіваў нямецкія самалёты над усім Крымам, так што баявыя мясціны там у яго паўсюль, але найлепшая мясціна ў Гурзуфе, дзе ён папраўляў здароўе ў санаторыі пасля вайны.
Вырашылі ехаць у Гурзуф.
У плацкартным вагоне цягніка «Мінск-Сімферопаль» было душна і віскліва. Вагон быў набіты дзецьмі, якіх везлі аздараўляцца ў «Артэк», самы прэстыжны ў СССР піянерскі лагер, праз што дзеці лічылі сябе, мусібыць, элітнымі і паводзіліся нахабна. Палкоўнік, які не трываў дзяцей ні хворых, ні здаровых, ні звычайных, ні элітных, прыгразіў, што будзе скідваць іх пад адхон каля кожнага кіламетровага слупа, і тады Віл, які дзяцей любіў, схадзіў да брыгадзіра цягніка, вярнуўшыся з квітком у мяккае купэ, куды й перавялі Палкоўніка. Перад тым, на вакзале, брыгадзір крычаў пасажырам, якія штурмавалі цягнік: «У мяне й без вас людзі на галовах адзін у аднаго сядзяць! Ні ў адным вагоне ніводнага вольнага месца!..» — і тым не менш месца знайшлося. Некаму, мусібыць, брыгадзір адарваў галаву.
Грошы дапамагаюць не толькі вырашаць праблемы, але й ствараюць іх. Не было б у нас грошай — не перасеў бы Палкоўнік у мяккае купэ і не пазнаёміўся б з круглаватым у таліі мужыком, з якім выйшаў з вагона на вакзале ў Сімферопалі і абвясціў, што мы едзем не ў Гурзуф, дзе пасля вайны папраўляў здароўе Ас і дзе цяпер наўрад ці нас нехта чакае, а ў Новы Свет, дзе да вайны, прычым, яшчэ да першай сусветнай, жыў граф Галіцын, які вырабляў знакамітае навасвецкае шампанскае, і куды запрашае нас таварыш Маркач — старшыня Навасвецкай пасялковай рады і наш зямляк.
Старшыню пасялковай рады чакаў на вакзале грузавік. Цяжкагрузны «КРАЗ», які, як сказаў Віл, зжырае на адзін кіламетр прыблізна столькі ж бензіну, колькі легкавушка на сто. І такая махіна амаль дзвесце кіламетраў ехала па старшыню сюды — і амаль дзвесце будзе ехаць назад? «Службовую рамантуюць», — патлумачыў Маркач. Ён запрасіў Палкоўніка ў кабіну, а ўсе астатнія з намётамі, гумавай лодкай, аквалангам, заплечнікамі і гітарамі залезлі ў кузаў. У меншую машыну мы і не ўмясціліся б, так што ад пачатку былі ўдзячныя нашаму земляку, які не звык ездзіць на грамадскім транспарце.
Доўга-доўга мы трэсліся ў кузаве «КРАЗа» да Судака, паўзлі па горнай дарозе, ледзь не зваліўшыся з яе, да Новага Свету, сапрэлі, згаладаліся, а Палкоўнік пацягнуў нас з дарогі на сход, на якім мы, артысты гурту «Varjaty», павінны зараз жа выступіць у падтрымку нашага земляка — кандыдата ў дэпутаты Навасвецкай пасялковай рады, у якую ён павінен абрацца, каб застацца старшынёй, за што абяцае накарміць нас шашлыкамі. Аказалася, мы патрапілі ў Новы Свет за два тыдні да мясцовых выбараў — і Палкоўнік вырашыў уключыцца ў выбарчую кампанію.
У Савецкім Саюзе і мясцовыя, і немясцовыя выбары праводзіліся аднолькава проста. За тыдзень да іх у газетах з’яўляліся заклікі: “Усе на выбары!” — а ў дзень галасавання грамадзяне СССР спяшалі не столькі на выбарчыя ўчасткі, колькі ў буфеты пры іх, дзе куплялі апельсіны, якія ў дні і гады паміж выбарамі можна было ўбачыць хіба на ілюстрацыях у кнізе Чукоўскага пра доктара Айбаліта, якому, як вядома, пашчасціла з камандзіроўкай у Афрыку. Праз пару дзён у тых жа газетах пад лозунгам “Народ і партыя адзіныя!” друкаваліся вынікі галасавання: 99,99 % — і ўсе галасы за таго народнага кандыдата, які быў адзіны з партыяй. Іншых кандыдатаў, як і іншых апельсінаў, не было.
Што да сустрэч з кандыдатамі ў дэпутаты, дык на іх збіраліся хіба ў тыя часы, калі не бачылі не толькі апельсінаў, але й тэлевізараў, а ў клубе перад сходам круцілі кіно. Але ж не летам на беразе мора…
Летам на беразе мора наш кандыдат мог сустрэцца толькі з намі — і паколькі болей не было нікога, распавёў нам, землякам і артыстам, як угору пайшоў, у начальства выбіўся. Ён працаваў на заводзе шампанскіх вінаў, стаў ударнікам камуністычнай працы і яго выбралі партыйным сакратаром. На з’езд партыйны паслалі, а там, на тым партыйным з’ездзе, рэгістрацыя па партыйных білетах. А ў яго білет толькі на цягнік ад Сімферопаля да Кіева. Бо ён не камуніст… Кіеўскія камуністы за галовы схапіліся: “Госпадзі! Што рабіць?” Яго ўжо ў спіс партыйных дэлегатаў на з’езд у Маскве ўключылі! І цяпер выкрэсліваць, бо ён не камуніст? Як тады партыйным сакратаром яго выбралі, дэлегатам з’езда ў Кіеве? Такі шум уздымецца, такое пачнецца! І гэтаму Маркачу-смаркачу — што? Найбольшае — звання ўдарніка камуністычнай працы пазбавяць. А тых, хто такое дапусціў, правароніў, могуць пазбавіць куды большага…
І прынялі нашага земляка ў партыю! Залічылі ў камуністы заднім чыслом!.. І правільна зрабілі, бо ён, хоць на сустрэчу з ім ніхто не прыйшоў і падтрымліваць яго нам не давялося, усё ж, як і абяцаў, накарміў нас шашлыкамі, якія да гэтай пары дымяцца ў маім хатнім альбоме на чорна-белым фотаздымку, падпісаным: “Першы ганарар гурту “Varjaty”, Крым, Новы Свет”.
У тыя часы ў тым райскім кутку, які да таго, як стаць Новым Светам, менавіта раем, Парадызам і называўся, былі адкрытыя для ўсіх і Зялёная, і Сіняя, і Блакітная, або Царская, бо ў ёй купаўся цар Мікалай ІІ, бухты, але калі мы пачалі ставіць намёты каля Скразнога грота, да нас падышлі людзі з аўтаматамі і спыталі, ці ёсць у нас дазвол, бо мы ў памежнай зоне. “Вунь там, — кіўнуў адзін з іх аўтаматам за марскі небасхіл, — Турцыя. А ў вас акваланг і лодка”.
— Наш дазвол у таварыша Маркача, які запрасіў нас, прадстаўнікоў савецкага эстраднага мастацтва, для агітацыі на мясцовых выбарах дэпутатаў працоўных, — нахабна заявіў Палкоўнік, і памежнікі не асмеліліся яму не паверыць, папярэдзіўшы толькі, каб мы не заплывалі ў мора далей за выступ мысу Капчык. Назаўтра Палкоўнік з нашым земляком з’едзілі ў Судак да памежнага камандавання і прывезлі паперу, у якой былі пералічаныя нашыя прозвішчы і напісана, што ўсе мы — добраахвотныя памочнікі памежнікаў. І пачалося райскае жыццё…
Не ведаю, што б я аддаў за тое, каб прачнуцца рана-рана на беразе Сіняй бухты і ўбачыць Асю, якая, уздрыгваючы спінай і сціскаючы лапаткі, кранае пальчыкамі ног такую празрыстую, што яе не відно, ваду, робіць з берага крок, другі, трэці, уваходзіць у мора па шчыкалаткі, па калені, па клубы, прысядае па локці, па плечы — і плыве. Яна плыве насустрач сонцу, якое толькі-толькі ўзыходзіць, і здаецца, што сонца, узыходзячы, спяшае ёй насустрач — яшчэ б яму не спяшаць!..
Ася плавае датуль, пакуль сонца цалкам не вынырвае з мора. Тады яна паварочвае да берага, выходзіць, атрасаючы валасы, з празрыстай хвалі, кладзецца, раскінуўшы рукі і запрашаючы сонца ў абдымкі, на пясок — і як я зайздрошчу сонцу, якое, абліваючы Асю з ног да галавы дрыготкім ранішнім святлом, можа яе ўсю-ўсю абдымаць, абдымаць, абдымаць, цалаваць, цалаваць, цалаваць… Потым я зайздрошчу ветру, калі мы, знайшоўшы пакручастую, стромую, але ўсё ж адольную сцяжыну, падымаемся амаль на самую вяршыню гары Сокал, дзе Ася мяне, бо мы толькі ўдваіх, пытае: «Калі Біг з Вілам голыя па Мінску бегалі, дык можна мне голай на гары пастаяць?» — і скідвае сукеначку, і ўскідвае рукі, і стаіць тварам да мора, мармурова-белая, як статуя, якую тысячы гадоў таму паставілі тут таўры ці скіфы, грэкі ці рымляне, каб выплывалі з туману, як на агонь маяка, караблі на пажар яе валасоў, і даплыўшы, любаваліся ёй заваёўнікі і арганаўты, і маліліся ёй, як багіні, каля ног якой ляжыць Новы Свет і, як сабачка, круціцца вецер…
Чаму Ася мяне не саромелася? Гэтак не саромеліся мяне жанчыны ў лазні, куды брала мяне маленькага маці. Не помню, як я побач з тымі жанчынамі ў той лазні пачуваўся, відаць, ніяк, хацеў толькі хутчэй вырасці, каб хадзіць у лазню з мужчынамі, а тут, на гары побач з Асяй мне было крыўдна. Я хацеў хутчэй стаць мужчынам, у чым, што начамі сніў і пра што днямі марыў, мне магла дапамагчы Ася, але яна не дапамагала мне і не збіралася дапамагаць.
Аднойчы ў Скразным гроце, дзе мы шукалі скарбы піратаў, і Ася пры мне прысела на кукішкі, я спытаў: чаму? Чаму яна мяне не саромеецца? Таму што я для яе хлопчык, якога можна ўзяць з сабой у лазню? Яна засмяялася: «Дурненькі! Глядзі: я не саромеюся мора, сонца, ветру… Ты ў такой кампаніі — і крыўдуеш?»
Я крыўдаваў. Я раўнаваў яе да мора, сонца, ветру… Ужо не кажучы пра Ворана, якому таксама давялося ўзрэўнаваць.
Да нашай кампаніі прыбіліся, бо не былі добраахвотнымі сябрамі памежнікаў і іх не пускалі ў памежную зону, а ім, канечне ж, хацелася туды, куды не пускаюць, артысты, што здымаліся ў фільме «Два плюс тры». Палкоўнік, прачытаўшы сцэнар фільма, напісаны аўтарам гімна СССР, сказаў, што такую пустышку глядзець нават выбаршчыкі зімой у клуб не пойдуць — і не ўгадаў: пайшлі. Перш за ўсё, мусібыць, з-за прыгажунь артыстак, адну з якіх, Наталлю, Віл адразу прыгарнуў песняй “Шлях далёкі да Ціперэры”, сказаўшы, што напісаў яе сам, хоць проста пераклаў маршавую песню брытанскай арміі. Але як прыгарнуў ён да сябе брытанскім маршам зорку савецкага кіно, гэтак яна ад яго і адгарнулася, бо аднекуль марш брытанскай арміі “It’s a long way to Tipperary”, напісаны, зразумела, не Вілам, а Джэкам Даджам і Вернанам Горэйсам, ведаў актор, які быў партнёрам Наталлі ў фільме — і праспяваў ёй той марш па-ангельску.
Да любоўнай паразы Віла дадалася яшчэ і параза творчая. У яго быў акваланг, ён здорава плаваў, дапамагаў у здымках пад вадой, за што выцыганіў у рэжысёра, вясёлага армяніна, эпізадычную ролю афіцыянта. Па сцэнары той афіцыянт абслугоўваў у рэстаране дрэсіроўшчыцу Зою, ролю якой грала Наталля — і Віл штодня прызначаў ёй “рэпетыцыі” ў рэстаране, запрашаючы, паколькі меліся грошы, і сваіх сяброў, і яе сябровак. Праз тое, што артысткі цягаюцца па рэстаранах з добраахвотнымі памочнікамі памежнікаў, рэжысёр быў не ў захапленні, і ў самы разгар рэпетыцый раптам вырашыў, што аўтар марша брытанскай арміі на ролю савецкага афіцыянта не падыходзіць — і ён сыграе яе сам. Для Віла, які ўжо бачыў сябе на вокладцы часопіса “Савецкі экран”, гэта было ўдарам пад дых. Ускрыўдаваўшы на ўвесь белы свет, ён не вылазіў з сіняга мора, лавіў рыбу і збіраў рапанаў.
Праз год, калі фільм быў зняты, я прапанаваў Вілу яго паглядзець, на што Віл буркнуў, у бок адвярнуўшыся: “Ідзі паглядзі адзін”. Я пайшоў паглядзець не адзін, а з Асяй, і калі дайшло да сцэны ў рэстаране, якую рэжысёр, вясёлы армянін, яшчэ й агучыў брытанскім вайсковым маршам, мы з Асяй так разрагаталіся, што кантралёрка вывела нас з залы, і я дасюль не ведаю, чым жа скончылася тое кіно.
Палкоўнік казаў, што кожны час мае не толькі сваё мастацтва і сваю палітыку, філасофію і паэзію, але і свой колер. Калі яно так, дык колер таго часу — гэта трохі размыты колер тагачасных фільмаў, знятых на стужках вытворчасці фабрыкі “Свема”.
Між тым, набліжаліся выбары. Кожны вечар, агітуючы за нашага кандыдата ў Навасвецкую пасялковую раду, мы выступалі з канцэртамі ў гроце Шаляпіна, названым так, бо нібыта ў тым гроце Шаляпін спяваў некалі для цара. Невядома, спяваў ці не спяваў, для цара ці не для цара, але імем Шаляпіна грот назвалі нездарма, бо ў ім была такая акустыка, што не трэба было ніякай гукаўзмацняльнай апаратуры, а тэнар Гарыка і барытон Віла гучалі не горай, чым гучаў тут, калі ён тут гучаў, знакаміты рускі бас. Мы мелі гэтакі поспех, што Віл, прагуляўшы грошы на “рэпетыцыях” у рэстаране і падрабляючы цяпер на рапанах, прапанаваў квіткі на канцэрты прадаваць, і на адзін канцэрт мы прадалі іх, па рублю квіток, зарабіўшы болей за сотню, але камерцыялізацыю мясцовых выбараў рашуча спыніла мясцовая ўлада ў асобе нашага кандыдата ў дэпутаты, што прынцыпова паўплывала на нашы адносіны да яго — і не ў лепшы бок.
— Тое, што вы наш зямляк і корміце нас шашлыкамі, не азначае, што выбары павінны быць недэмакратычнымі, — заявіў пасля канцэрта Палкоўнік на нарадзе нашага выбарчага штаба ў прысутнасці нашага кандыдата ў дэпутаты Навасвецкай пасялковай рады. — Вось глядзіце: колькасць жыхароў Новага Свету — 182 чалавекі. Па законе ў мясцовую раду павінен абірацца адзін чалавек ад пяцідзесяці. Разам з вамі зарэгістраваныя яшчэ два кандыдаты. Усяго, значыць, тры. Але ж 182 бліжэй да 200, чым да 150! Чаму тады тры, а не чатыры? Таму што ў пасялковай радзе тры пасады: старшыня, намеснік і сакратар. Чацвёрты — лішні, бо стварае вам альтэрнатыву. Але ён лішні для вас, а не для дэмакратыі! Канечне, каб выбары былі дэмакратычнымі, не абавязковая альтэрнатыва. Ды ў дадзеным выпадку яна неабходная! Сапраўдная перамога, якая ўмацуе ваш аўтарытэт — гэта перамога ў змаганні! Толькі тады людзі ў вас павераць і пойдуць за вамі! Вы зможаце сказаць ім: я перамог у сумленнай барацьбе! І мы, ваш выбарчы штаб, зможам пацвердзіць: так!
Наш зямляк глядзеў на Палкоўніка, міргаючы, з хвіліну… Позірк быў такі, што я б яго не стрываў, а Палкоўніку хоць бы што — і не стрываў наш зямляк.
— Я і зараз магу сказаць, што перамог у сумленнай барацьбе, — перавёў ён позірк з Палкоўніка на Віла, на Ворана, па чарзе з уважлівай цікаўнасцю ўзіраючыся ў кожнага з нашай кампаніі. — І мне не трэба, каб вы тое пацвердзілі. Як не трэба, каб нехта за мной некуды йшоў. Мне трэба, каб мяне не выклікалі ў гаркам партыі і не спыталі:
«Што ў цябе ў Новым Свеце робіцца?..» І не прапанавалі пакласці партбілет. Таму, калі хочаце есці шашлыкі, проста грайце і спявайце. Каб усім весялей было. Больш нічога. Гэта я вам, — зноў паглядзеў ён, цяпер ужо не міргаючы, на Палкоўніка, — па-зямляцку дапамагаю, а не вы мне. Зразумелі?..
Мы зразумелі. Усе, апроч Палкоўніка.
— Не мае значэнне, хто каму дапамагае, — спыніў ён Маркача, які збіраўся пайсці, бо вырашыў, што размова скончаная. — Значэнне мае толькі вынік. А які ён можа быць без ніякай палітычнай праграмы? Без ніякай палітычнай праграмы і вынік ніякі. А якой можа быць наша праграма? Калі ставіць перад сабой маштабныя мэты. Думаць не пра тое, як стварыць ферму па гадоўлі божых каровак, — націснуў Палкоўнік на любімы мазоль Маркача, які дзеля захавання крыштальнай чысціні навасвецкага шампанскага спрабаваў змагацца з тлёй, што пажырае вінаграднікі, не з дапамогай хіміі, а з дапамогай божых каровак, якія пажыраюць тлю. — Ясна, што праграма павінна быць не мясцовага разліву. Са 182-х жыхароў Новага Свету 151 — рускія. 2 — карэйцы, 9 — габрэі, 10 — украінцы і столькі ж — татары. Таксама 10. Прыблізна такая ж карціна па ўсім Крыме. Тады чаму Крым не падзялілі паміж украінцамі і татарамі, калі іх пароўну?
Палкоўнік зрабіў паўзу, даючы магчымасць нашаму кандыдату асэнсаваць пачутае, і працягнуў.
— Гэтае пытанне рытарычнае. Сутнаснае ж у нашай праграме вось што: у 1954 годзе, калі са складу Расійскай Федэрацыі Крым быў перададзены ў склад Украіны, была зробленая памылка, якую неабходна выправіць. Мадэль, у якой існуе сёння Савецкі Саюз, не вечная. Пры зменах яе можа выбухнуць канфлікт, закладзены ў змене статуса Крыма, што можа прывесці да непрадказальных наступстваў. Да глабальнай катастрофы, якую сёння яшчэ можна прадухіліць. Вось з якой праграмай я прапаную вам пайсці на выбары, калі думаць не пра пасялковую — пра Вярхоўную Раду, а, можа быць, і пра большае.
Пра тое, што ён мае на ўвазе пад большым, Палкоўнік не сказаў, але па выглядзе Маркача не цяжка было здагадацца, што найменшае, пра што ён зараз думае — гэта як нас прыбіць і дзе закапаць. І калі сесці, дык за забойства, а не за палітыку. Нічога ў адказ Палкоўніку не сказаўшы, ён павярнуўся і выйшаў, так ляснуўшы дзвярыма, што ў шашлычнай, дзе праводзілі мы штабную нараду, сарвалася карціна ў раме пад шклом: «Крым у час руска-турэцкай вайны».
— Я тут ваяваў, — сказаў Ас, калі карціну ўжо без шкла, якое сабрала і выкінула Ася, зноў павесілі на сцяну. — За савецкую дэмакратыю супраць нямецкага фашызму. — І ўсе павярнуліся да Палкоўніка, а той кіўнуў галавой.
— Заўтра ў нас на канцэрце будзе намеснік дырэктара вінзавода. Я з ім размаўляў, ён хоча быць чацвёртым. Хоць і ферму для гадоўлі божых каровак таксама хоча.
“Божая кароўка, што заўтра будзе?..” — спяваў назаўтра гурт “Varjaty” песню, пад якую Ас у генеральскім шынялі скакаў упрысядку:
“Хай пра будучыню слова
Скажа дэпутат Маркач,
А не нейкая карова
І не нейкі смаркач!”
О, гэта было відовішча… Ас у генеральскім шынялі, Віл у ластах і аквалангу, Гарык у касцюме божай кароўкі, Воран у гумавай лодцы… Гурт “Varjaty”, дырэктар — Палкоўнік, які выконваў яшчэ й ролю (без чаго не абыходзіўся ў тыя часы ні адзін канцэрт савецкай эстрады) канферансье:
«У якім лагеры ён быў? У піянерскім?
Хто табе сёння будзе цалаваць пальцы? Начальнік пашпартнага стала.
Ад спецыяліста па намёках нельга патрабаваць дакладнай інфармацыі.
Дзве малпы, а сутнасць адна і тая.
Усялякая жывёліна мае права жыць, а некаторыя яшчэ й жывуць.
Вы таксама не збіраецеся жыць у гэтым свеце? Тады чаму такая асцярожнасць?..»
Чытаючы запісы з нататнікаў Паўла Уліціна, Палкоўнік не надта разлічваў на тое, што з такога канферансу будуць смяяцца. Ніхто й не смяяўся. “Ландышы! Ландышы давай!..” — крычалі падпітыя мужыкі ў дзіцячых панамках. Яны прыпёрліся на першы наш канцэрт, не давалі граць, мы не ведалі, што рабіць, бо не было каму ў нас “Ландышы” спяваць, і тады на сцэну, кіўнуўшы нам, каб падыгралі, выйшла Ася.
Мужыкі ў панамках сціхлі і сядзелі, як ламы праглынуўшы, пакуль мы падбіралі для Асі танальнасць, прабягалі мелодыю… У яе быў не такі голас, каб спяваць у дуэце з Шаляпіным, але саспявала яна “Ландышы” так, нібы толькі для таго, каб саспяваць “Ландышы”, на свет нарадзілася. “Біс!.. Брава!.. Біс!..” — паўскоквалі мужыкі ў дзіцячых панамках, і я не ўпэўнены, што такіх авацый дачакаўся б ад іх Шаляпін.
На тым канцэрце разам з мужыкамі ў дзіцячых панамках крычаў Асі “брава” Андрэй. Ён не быў яшчэ такім знакамітым акторам, якім стаў, саспяваўшы: «Ён яе, галубачку, шмяк-шмяк-шмяк, ням-ням-ням ды і шмыг-шмыг-шмыг», — але ўжо сыграў у фільме «А калі гэта каханне?», які Ася бачыла.
Назаўтра Андрэй прыйшоў на канцэрт з лілеямі. Адкуль ён ведаў, якія яна любіць кветкі?..
«Хто ў параўнанні з ім, маскоўскім акторам, героем-палюбоўнікам, нейкі мінскі архітэктар? — спытаў, калі Андрэй прыйшоў і на трэці канцэрт, Палкоўнік. — Ніхто». І аднойчы ранкам, кранаючы пальчыкамі ваду і ўздрыгваючы лапаткамі, Ася ўвайшла ў мора разам з Андрэем.
Косця глядзеў на гэта з берага разам са мной… Я раўнаваў, але не верыў, што Ася яму, мне, нам усім здрадзіла, а Воран раўнаваў і верыў, і каўтаў жаўлакі.
— У яе жаніх гэбіст, так што глядзі… — нібыта жартам кінуў ён Андрэю, калі мы ўсе разам, вар’яты, сябры памежнікаў, акторы, снедалі ў выдзеленай нам Маркачам шашлычнай, і Ася, бліснуўшы на Ворана позіркам, поўным пагарды, сказала: “Што ж, калі ён мне жаніх, за яго й пайду”. І паднялася, і пайшла.
Я ўпершыню тады падумаў, што Ася Бланк Асяй Воран можа і не стаць.
Пад вечар таго ж дня я ўбачыў Косцю з Андрэем на сцяжыне Галіцына, якую князь загадаў ад падножжа гары Арол пратаптаць, каб з царом гуляць. Не так высока, але… Яны, Косця з Андрэем, стаялі адзін насупраць аднаго ў самым вузкім месцы сцяжыны, якая за спінамі іх строма абрывалася, і, як пеўні, штурхаліся грудзьмі. Вышэй па сцяжыне йшла Ася, і Косця з Андрэем, штурхаючыся, пакручвалі галовамі ёй услед, чакаючы, што на некага з іх яна азірнецца, убачыць, як яны, рызыкуючы жыццём, за яе б’юцца, а яна йшла і не азіралася… Тады Андрэй махнуў рукой і рушыў па сцяжыне ўніз.
Праз шмат-шмат часу, недзе за паўгады да смерці Андрэя, я пабачыўся з ім у Маскве. Мы выпадкова спаткаліся каля Дома кіно, паціснулі адзін аднаму рукі і пастаялі, як стаяць на горнай сцяжыне, якая за спінамі абрываецца. І ў яго, і ў мяне за спінай было жыццё, у якім многае можна было ўспомніць, а ён паглядзеў на мяне сумнымі — чамусьці яны амаль заўсёды былі ў яго сумнымі — вачыма і ўсё, што спытаў: “Як Ася?..”
Ася прапала. У дзень выбараў, які запісаўся ў маёй памяці як дзень божых каровак.
З самай раніцы, яшчэ да галасавання, Маркач вырашыў прадэманстраваць сваім выбаршчыкам, як ён будзе змагацца са шкоднікамі, якія зжыраюць вінаграднікі, калі яго абяруць дэпутатам і ён застанецца старшынёй Навасвецкай пасялковай рады. З узыходам сонца над Коба-Кая, гарой Арол, у нетрах якой прабітыя штольні, дзе й захоўваецца вырабленае з навасвецкага вінаграду шампанскае, застракатаў верталёт. Ён пакружыў над гарой, праляцеў над узбярэжжам, вярнуўся, з двух бакоў у ім расчыніліся люкі — і паляцелі ўніз такія, як для абутку, пушкі, якія адразу ж выбухалі, выкідваючы з сябе нешта падобнае на дым, на хмаркі. Разрастаючыся ад Коба-Кая да Куш-Кая, гары Сокал, дымныя хмаркі апускаліся ўсё ніжэй, ніжэй, і па самых нізкіх ужо відаць было, што гэта не хмаркі, а нешта лятуча-жывое — і з нябёс сыпанулі божыя кароўкі! Іх былі тысячы, мільёны, мільярды, і сыпацца яны павінны былі на вінаграднікі, каб пажэрці шкоднікаў, але верталётчыкі не разлічылі напрамак і сілу ветру: кароўкі пасыпаліся на пасёлак, на пляжы, на Зялёную, Сінюю і Блакітную бухты, вада ў якіх імгненна стала чырвонай. Бухты кішэлі кароўкамі, немагчыма было знайсці хоць лапік чыстай вады, і Ася, якая плыла ў гэтай чырвонай кішэчы, на бераг вылезла ў кроў скусаная — я б ніколі не падумаў, што кароўкі божыя могуць гэтак скусаць.
Ася сядзела на беразе, накрыўшы галаву рукамі, і плакала, плакала, плакала… Я падышоў, каб суцешыць, яна ўсхліпнула: “Прэч!..” І столькі было ў тым усхліпе нянавісці, што мяне сцяла ад яго, як ад шыпу змяі. Падумаўшы, што гэта яна праз боль, я сказаў: “Пройдзе…” — а яна ўскочыла: “Ніколі!..” — і пабегла, страсаючы кроў на пясок…
Андрэй сказаў, калі мы спаткаліся каля Дома кіно, што ў засыпаным божымі кароўкамі Новым Свеце Асі прапаноўвалі зняцца ў фільме замест Наталлі. Не ён прапаноўваў, рэжысёр, які вырашыў, што Ася болей на ролю дрэсіроўшчыцы падыходзіць, і сказаў ёй, што пасля здымкаў яна можа паехаць у Маскву, у інстытут кінематаграфіі, і Ася згадзілася, але нехта заклаў яе рэжысёру: маўляў, ваша справа, можаце й не звяртаць увагі на тое, што яна — дачка ворага народа. “Хто мог яе закласці?..” — разгублена спытаў я, і Андрэй пацепнуў плячыма: “Не Наталля ж, скуль яна ведала… Нехта з вашых. Можа, той вар’ят, які на вашых канцэртах антысавеччыну нёс. Ці Воран, каб яна ад яго не з’ехала”.
Ён і Ворана помніў. Нічога, што з Асяй звязанае, не забываецца.
У Асі мог быць зусім іншы лёс. Не абавязкова, але мог. І не плакала б яна на беразе Сіняй бухты, і не збягала б ад таго лёсу, у якім нехта з нас яе пакінуў, у Ізраіль, а піла б шампанскае ў Маскве ў Доме кіно… Хоць яна і так піла шампанскае ў Маскве ў Доме кіно, дзе толькі жонкі генералаў КДБ шампанскае і п’юць.
“Хто?..” — гляджу я на даўні чорна-бела фотаздымак, на якім дымяцца шашлыкі над надпісам: “Першы ганарар гурту “Varjaty”, Крым, Новы Свет”. Па правы бок ад Асі — Гарык, Ас, Воран, па левы — Віл, Біг, Палкоўнік. Я фатаграфую, мяне няма.
“Пайшоў прэч!..” Ася магла падумаць, што гэта я…
Я сказаў ёй у Скразным гроце, у якім мы скарбы піратаў шукалі, дзе яна пры мне на кукішкі прысела, што злаўлю яе, як вецер, утаплю, як мора, і спалю, як сонца, да якіх яе раўную, калі яна пакіне мяне. Яна ўстала з кукішкаў, прыгарнулася і шапнула на вуха: “Я дарую табе”.
Калі яна даруе мне? У будучым? І што даруе? Тое, што, як вецер, злаўлю, як мора, утаплю і, як сонца, спалю?.. Наўрад ці. Тым больш, што ведала: і не злаўлю, і не ўтаплю, і не спалю.
— Я не пытаўся ў Рубена (гэта Андрэй пра рэжысёра): хто? Не мая справа. Дый дазнаўся я пра ўсё пазней. Ужо ў Маскве, калі на Лубянку паклікалі… — Ён засмяўся. — “Вы таксама за вяртанне Крыма ў Расію?” А ў нас касцюмер быў з прозвішчам Крым, які ў Амерыку з’ехаў. Дай, думаю, пажартую. І кажу: “Як ён захоча”. “Дык вы, — мяне пытаюць, — за рэферэндум?” Ледзь не дажартаваўся… Усю нашую здымачную групу, як толькі вас забралі, там, на месцы дапытвалі, а мяне з Рубенам яшчэ й тут, на Лубянцы. Так я і не зразумеў: якую там вялі вы прапаганду — і што за тэлеграма ў Новы Свет з амерыканскага сената прыйшла?..
У атрадзе памежнікаў у Судаку была радыёстанцыя, і Вілу, які меў пасведчанне чэмпіёнаў свету па радыёспорце, памежнае камандаванне дазволіла час ад часу, калі радыёстанцыя не занятая, ёй карыстацца. Ну, каб чэмпіён не страціў форму… Чэмпіён форму не страціў, і калі праз дзень пасля мясцовых выбараў прыйшла ў Судацкі райкам партыі тэлеграма, падпісаная сенатарам Злучаных Штатаў Амерыкі Бары Галдуотэрам, у Сімферопальскім аддзяленні КДБ Украіны аказаўся не толькі Віл, а ўсе, апроч Асі і Аса, добраахвотныя памочнікі памежнікаў.
У тэлеграме было напісана: “Віншую дэпутата Маркача перамогай выбарах (клч). Жадаю поспехаў развіцці дэмакратыі (клч). Сенатар Галдуотэр”.
Тое, што тэлеграма прыйшла з сената ЗША, з Вашыгтона, а не пасланая нейкім жартаўніком з Гурзуфа, сумненняў не выклікала: праверылі. І адразу пачалі правяраць паказанні грамадзяніна Маркача (старшынёй ён праз тую тэлеграму не стаў, рады быў, што не пасадзілі), у якіх былы старшыня (а новым старшынёй прызначылі намесніка дырэктара вінзавода, так што Палкоўнік дабіўся свайго) сцвярджаў, што музыканты гурту “Varjaty” вялі агітацыю за вяртанне Крыма ў склад Расіі, і што на канцэртах дазвалялі сабе антысавецкія выказванні, з якіх ён запомніў такое: «Дзве малпы, а сутнасць адна і тая».
Пасля запыту ў Белдзяржфілармонію аказалася, што ніякага гурту “Varjaty” не існуе. А па паказаннях таго ж Маркача гурт прадаваў на свае канцэрты квіткі. “Каб пасадзіць вас, — сказалі крымскія гэбісты, — нам і палітыкі не трэба. Так што кайцеся.”
Што гэбісты крымскія, што гэбісты мінскія…
А ў чым каяцца? Хіба ў тым, што Ася пабегла, пырскаючы крывёй на пясок, і ні я, ні Воран — ніхто не кінуўся за ёй услед? У тым, што Ас залез на вяршыню Коба-Кая, спусціўся і сказаў, што ўбачыў Асю ў моры за мысам Капчык, схапіў лодку, паплыў — і ні я, ні Палкоўнік, ніхто яго не спыніў? А тут наляцеў амаль што ўраганны вецер, пачаўся рэдкі для гэтай пары года шторм, мора на дыбы ўставала, выкідваючы на бераг з мешанінай божых каровак водарасці, палкі, карэнні, смецце — і выкінула вясло лодкі, на якой паплыў Ас… Ні выратавальнікі, ні памежнікі на сваім кацеры не змаглі ў такі шторм выйсці з бухты.
Я быў агаломшаны, прыгнечаны, раструшчаны тым, што сталася, пакутаваў віной перад Асяй і Асам, і мне было ўсё адно, што будзе са мной. Гэтаксама пачувалі сябе і Віл, і Воран, і Гарык, і Біг — усе. Мы не толькі выглядалі неадэкватнымі, мы такімі былі, і калі Палкоўнік у адказ на абвінавачванні прад’явіў даведкі, выдадзеныя ў псіхушцы, з якіх вынікала, што такімі, якімі мы выглядаем, мы і ёсць, крымскія гэбісты вырашылі не звязвацца з прыдуркамі — і назаўтра прад намі прадсталі маёр Гагарын і старшы лейтэнант Гурковіч. Ва ўсёй красе, бліскучыя.
Гурык знайшоў Асю. У Новым Свеце не было паліклінікі, Ася пабегла ў Судак, адкуль яе, амаль непрытомую ад таксікацыі, распухлую ад алергіі, на кацеры выправілі ў Феадосію, у шпіталь, дзе трымалі ў ізалятары, асцерагаючыся, што ў яе якая-небудзь небяспечная для ўсіх інфекцыя.
Аса Гурык не знайшоў, як не знайшлі яго ні выратавальнікі, ні памежнікі, ні крымскія гэбісты… Ніхто. Палкоўнік сказаў, што ён, можа быць, прычаліў недзе да берага і пайшоў па месцах баявой славы.
Можа быць.
Палкоўніка Гурык з маёрам Гагарыным забралі ў Мінск, а нас адпусцілі. “Прыедзеце, — сказаў маёр, — разбярэмся”. І калі мы сталі збірацца дахаты, Ася, якая выйшла са шпіталя, зноў прапала. Гэтым разам не надоўга. Праз пару гадзін мы ўбачылі яе на вяршыні Коба-Кая. Не паверыўшы, што Ас недзе прычаліў да берага, Ася стаяла і глядзела ў мора. У белай сукні яна была, як мармуровая статуя, якую тысячы гадоў таму паставілі тут таўры ці скіфы, грэкі ці рымляне, каб выплывалі з туману, як на агонь маяка, караблі на пажар яе валасоў, і даплыўшы, любаваліся ёй заваёўнікі і арганаўты, і маліліся ёй, як багіні, каля ног якой ляжыць Новы Свет і, як сабачка, круціцца вецер…
Мы прывязалі да выкінутага на бераг вясла папярэчыну, паставілі крыж на месцы намёта, у якім жыў Ас, узялі гітары. Заспявалі: “It’s a long way to Tipperary…” — і пачулі, як Ася там, дзе аблокі, анёлы ды божыя кароўкі,высока-высока заспявала з намі:
Up to mighty London
Came an Irishman one day
As the streets are paved with gold
Sure, everyone was gay
Singing songs of Piccadilly,
Strand and Leicester Square
Till Paddy got excited
And he shouted to them there…
Песня жаўнераў брытанскай арміі сплывала над морам за мыс Капчык — зусім у іншы бок ад Ціперэры, дзе марыў Пэдзі сустрэцца з Мэры.