Плошча Незалежнасці, былая Плошча Леніна


— Ты чаму ў інтэрнаце жывеш? — спытаў аднойчы Амерыканец Джыма Калеснікава па мянушцы Кола, студэнта філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. — Грошай на кватэру не маеш?

Грошы ў Джыма былі — і Амерыканец, каб Джыму зручна было, параіў яму зняць кватэру ў доме цераз дарогу ад галоўнага ўніверсітэцкага корпуса. Дом той, цагляны, чатырохпавярховы, з калонамі і ляпнінай, з прадуктовай крамай на першым паверсе, фасадам глядзеў на вуліцу Савецкую, правым крылом выходзячы на плошчу Леніна. Цяпер яго няма — зруйнавалі. Прагульваючыся па Мінску, Першы сакрататар ЦК КПСС, Старшыня Савета Міністраў СССР Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, які меў цікаўнасць да архітэктуры, заўважыў, што, калі дом знесці, дык плошча Леніна ў беларускай сталіцы стане самай вялікай плошчай Леніна ва ўсім Савецкім Саюзе. “Гэта было б, — сказаў ён, — сімвалічна, бо беларусы — найверныя ленінцы, якія першымі ўступяць у камунізм”. І Мікіта Сяргеевіч, зрабіўшы крок наперад, тупнуў нагой, дэманструючы, як яно, тое ўступленне ў камунізм, прыблізна будзе выглядаць.

— Ён хацеў бы, каб усе беларусы, уступіўшы ў камунізм, змясціліся на адной плошчы, — выказаў меркаванне Палкоўнік, і калі Віл, не зразумеўшы, спытаў: “Навошта?..” — Палкоўнік тыцнуў пальцам у акно: — Каб выступаць адразу перад усімі!

Два акны кватэры, якую Амерыканец параіў наняць канадцу Джыму, выходзілі на Дом урада, з гаўбца якога на другім паверсе выступаў перад сагнанымі на плошчу менчукамі таварыш Хрушчоў. Маленькі, таўсценькі, у куцавата-шэрым паліто з каракулевым каўняром, ён, падскокваючы, кідаўся і кідаўся грудзьмі на парэнчы гаўбца, крычаў і крычаў, размахваючы заціснутай у кулак каракулевай папахай, і каракулевая пара, вырываючыся з ягонага роту, клубілася над ягонай лысінай.

“Таварышы!

Мы сабраліся сёння ў слаўнай сталіцы Беларусі горадзе Мінску, дзе 60 год назад праходзіла работа Першага з’езда Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі”. (Апладысменты).

— Калі яго ў музей прывозілі, я на заводзе быў, — кажа Амерыканец, які жыве насупраць музея першага з’езда РСДРП. — Шкада…

— Чаго табе шкада? — пытае Кола, да якога набіліся мы ў госці, каб паглядзець на сустрэчу Хрушчова з народам, і амерыканскі марскі пехацінец, які прыехаў у СССР, паверыўшы ў камунізм, кажа сыну канадскага мільянера: “Савецкага народа шкада…”

Гэта значыць: нас. Мяне, Эдзіка, Віла, Біга, Гарыка — усіх. А чаго нас шкадаваць? Вось мы сядзім, крымскі партвейн п’ём, швейцарскім сырам закусваем…

Шкада, што Асі няма. Не прыйшла.

І Воран не прыйшоў.

Дзе няма Асі, там няма Ворана.

“Народ сёння радуецца таму, што нашы вучоныя, інжынеры, рабочыя стварылі і паспяхова запусцілі касмічную ракету, якая цяпер імкліва ляціць па зададзеным курсе ў напрамку да Месяца”. (Бурныя апладысменты).

З вокнаў добра відаць, як бурна, паставіўшы баян у ногі і ўзняўшы рукі над галавой, стараецца выпляскаць сваё захапленне студэнт Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Джон Дак, Джон-вуця — адзіны на ўсю плошчу мурын. Джона наўмысна паставілі ў першы шэраг насупраць гаўбца, каб Мікіта Сяргевіч бачыў, што паўсюль, дзе б ён ні выступаў, хай сабе нават у Мінску, яго слухае і ім захапляецца ўсё прагрэсіўнае чалавецтва. І не ведае таварыш Хрушчоў, што пасля таго, як прагрэсіўнага мурына ледзь не расстралялі ў двары Камітэта дзяржбяспекі, ён гатовы зрабіць усё, што скажуць. Сказалі прыйсці з баянам без футурала і пляскаць — прыйшоў з баянам без футурала і пляскае. Пасля баян пад паху — і ў Канаду! І перастраляйце вы тут па дарозе да камунізму хоць усе ўсіх…

— Алік, — адкаркоўвае ўжо трэцюю пляшку віна Віл, — а чаму амерыканскія ракеты да Месяца не далятаюць?

Амерыканец маўчыць, стаіць побач з Палкоўнікам і глядзіць у акно, а Віл, не чакаючы адказу, налівае і выпівае шклянку віна, крымскага партвейну “Кактэбель”, які купілі мы ў краме на першым паверсе таго ж дома, на апошнім паверсе якога зараз яго п’ём, закусваючы швейцарскім сырам і назіраючы за маўклівым народам і гаваркім правадыром.

Пакуль правадыр не прыехаў у Мінск, ніводнага разу крымскага партвейну, як і швейцарскага сыра, якім партвейн закусваем, мы ў нашай краме не бачылі. Гэта ўчора з вечара навезлі ўсяго, але да раніцы нічога не давалі — і ўсю ноч каля крамы таўклося столькі людзей, што іх якраз хапіла на мітынг.

Шчасліўцаў, якім удалося ў краме нешта ўхапіць, на плошчы нямнога… У Віла крамніца знаёмая, таму мы з віном і сырам.

— Бо савецкія ракеты ўсіх даганяюць і пераганяюць… — ківаецца ўзад-уперад Палкоўнік і раптам кажа Амерыканцу. — Калі яго канчаць, дык адсюль зручна. Зручней не прыдумаеш.

Віл паварочваецца да Палкоўніка:

— Каго канчаць? Хрушчова?

— Джона, — гэтак жа задумліва гледзячы на плошчу, адказвае Палкоўнік. — Распляскаўся там…

Палкоўнік не любіць Джона не за тое, што той мурын. Ці чорны ты, ці белы — Палкоўніку напляваць. Ён не любіць Джона за сквапнасць. А яшчэ больш за тое, што бацька Джона — капіталіст.

Палкоўнік аднолькава не трывае і камунізм, і капіталізм. Апошні — чыста тэарэтычна. Але з тэорыі вынікае, што капіталізм, як і камунізм, г. но. Першы прывязвае чалавека да ідыёцкіх ідэй, другі — да прыдуманых ідыётамі рэчаў. Да грошай. Нідзе няма свабоды. Таму, намагаючыся стварыць мадэль насамрэч вольнага грамадства, Палкоўнік спрабуе вырвацца з рэальных палітычна-грамадскіх фармацый — але як і куды?..

Гэтага ён пакуль не ведае, таму схіляецца да анархіі. Да Крапоткіна. І нас схіляе. Я нават вершы пра Крапоткіна напісаў:

Вас кіне ў пот! Вы накладзеце ў порткі,

Калі дастане пісталет Крапоткін!

Эдзік Гарачы, які ціха сядзіць каля акна, папівае віно і глядзіць на плошчу, чытаў гэтыя вершы ў тэатры. У спектаклі пра рэвалюцыю. Калі рэжысёр спытаў, якое права мае актор прамаўляць нешта такое, чаго няма ў тэксце п’есы, Эдзік адказаў: “Права творчай свабоды”. Больш ён у тым спектаклі не ўдзельнічае. Добра, што ў тэатры пакінулі.

“Мы радуемся таму, што гэтая новая вялікая перамога Савецкага Саюза супала з вашым слаўным юбілеем”. (Апладысменты).

У Палкоўніка сёння слаўны юбілей. Ён падлічыў, што яму споўнілася 32 гады 2 месяцы і 3 дні. Калі дні паставіць паперадзе месяцаў, атрымаецца 32: колькасць дзён і месяцаў супадзе з колькасцю гадоў. Лепш, канечне, каб споўнілася 32 гады, 3 месяцы і 2 дні, тады і лічбы перастаўляць не трэба было б. Але такі слаўны юбілей яшчэ наперадзе, да яго застаўся адзін месяц без аднаго дня.

Іншым разам мне здаецца, што Палкоўнік сапраўды не надта нармальны — і яго зусім не за Сталіна ў турэмную вар’ятню заканапацілі, калі яму было 22 гады 2 месяцы і 2 дні…

“Запуск савецкай касмічнай ракеты азначае, што мы першымі ў свеце пракладваем шлях ад Зямлі да Месяца”. (Апладысменты).

— А чаго гэта Воран там туляецца? — раптам пытае Палкоўнік. — Ды яшчэ з Асяй…

— Дзе?.. — не магу я знайсці сярод процьмы людзей Асю з Косцем, і Палкоўнік паказвае: “Ды вунь у першыя шэрагі шчэмяцца, да Джона прабіраюцца… З плакатам “Слава КПСС!”

Нарэшце, я заўважаю Асю і Косцю, якія спрабуюць праціснуцца скрозь натоўп. Але не да мурына з баянам, як думае Палкоўнік, прабіраецца Косця — ён прабіваецца да Хрушчова. І ў руках ягоных не плакат “Слава ПСС!”, а скручаны ў трубку ліст ватмана: план рэканструкцыі Нямігі.

Вось што Воран прыдумаў!

Вось чаму ён партвейн з намі піць не захацеў!..

Косця ўжо колькі гадоў абіваў парогі кабінетаў розных начальнікаў, рассцілаў перад імі ватман, даводзіў, тлумачыў: “Гэтак мы захаваем памяць, рамантыку, дыханне, залаты пыл старога Мінску” — усё без толку. Адны не чулі, іншыя казалі, што не яны такія пытанні вырашаюць, трэція і слухаць не хацелі. “Які залаты пыл!.. Горад задыхаецца ў завулках, яму новая транспартная магістраль патрэбная, а не рамантыка!”

“Ты да таварыша Шарапава схадзі, да таварыша Шарапава… — нудзеў і нудзеў Саламон Майсеевіч. Ён думаў так: калі саму вуліцу таварыш Шарапаў і не ўратуе, дык ятку з газіроўкай вярнуць на Нямігу можа. Але таварыш Шарапаў, калі Косця ўрэшце патрапіў да яго, не захацеў слухаць ні пра вуліцу, ні пра ятку, бо ў горадзе былі ўжо праблемы не толькі з мясам, але і з хлебам. “Упёршыся ў тупік Нямігі, мы не хутка да камунізму дойдзем, таварыш Воран! А што партыя ўрачыста абвяшчае? Партыя абвяшчае, што ўжо цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме! Ты будзеш жыць, разумеш? І там табе не ваду з сіропам піць!..”

“Сіропу не будзе?..” — пажартаваў Косця — і быў выштурханы з кабінета старшыні гарвыканкама таварыша Шарапава пад такую лаянку, якой не чуў ні на Грушаўцы, ні ў Сельгаспасёлку. А праз два дні на камсамольскім сходзе інстытута “Мінскпраект” маладога спецыяліста Ворана выключылі з камсамола. З работы не пагналі, перавялі з інжынера ў тэхнікі. На перавыхаванне. Бо калі зусім з работы пагнаць, дык дзе тады перавыхоўваць?.. І вось цяпер Воран — выключаны з камсамола і амаль пагнаны з работы, пераведзены з інжынера ў тэхнікі — прэцца з ватманам пад пахай да першага сакратара ЦК КПС. Цераз плошчу, праз кардоны міліцыі…

Папруць яго з работы. Гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым — пад суд. Там прыдумаюць, дзе яго перавыхоўваць. Запруць у “шарашку”, як некалі ягонага бацьку, акадэміка, які займаўся оптыкай, што ляціць зараз у космасе на савецкай ракеце.

“Гэтая перамога — вынік творчай працы савецкіх людзей, якія будуюць камуністычнае грамадства. Наша стваральная праца ўздымае савецкую Радзіму да новых ззяючых вышынь. Яна лепш за ўсё паказвае, якіх перамог можа дабіцца народ, які пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі ідзе па шляху, азораным вялікім вучэннем марксізма-ленінізма”. (Працяглыя апладысменты).

— Там весялей, — кажа Амерыканец і апранаецца. — Пайду да Джона. Буду ў першых шэрагах прагрэсіўнага чалавецтва.

— Ага, — кідае ўслед яму Гарык. — Пусцяць цябе, ворага. — І ўбачыўшы пустыя пляшкі, крычыць на Віла. — Падлюга! Ты ўсё вылыктаў!

Віл, які заўсёды выпівае болей за ўсіх, бо болей за ўсіх любіць выпіць, хавае бутэльку пад стол і ўздыхае.

— Малавата ўзялі… Джым, дай чырвонец, я ў краму спушчуся, пакуль Хрушчову партвейну крымскага ды сыру швейцарскага не захацелася.

Дзіўна, але Джым, не спрачаючыся, дае Вілу дзясятку. Мусібыць, каб наступным разам пяць даляраў не даваць.

— Chattanooga choo choo… — задаволена напяваючы, ідзе да дзвярэй Віл і мне адтуль шапку кідае. — Пайшлі са мной, пазнаёмлю з крамніцай. Татарка, на Нэлу падобная.

Мая трусіная шапка ляціць і пыліць поўсцю — такая старая. Яе даўно пара выкінуць, але нельга: яна — рэліквія. Палкоўнік яе ў турме насіў.

Не ў кожнага шапка, якую Палкоўнік насіў у турме. Ні ў кога, толькі ў мяне. Ён аддаў мне яе пасля таго, як сказаў, што я не сын палка, а сын Палкоўніка.

— Выкінь ты яе, — чмыхнуўшы, кажа Палкоўнік, у якога алергія на пыл. У яго алергія, а ў кватэры ягонай ад пылу не прадыхнуць. І прыбрацца не дае нікому, Ася колькі разоў спрабавала.

— Хадзіце сюды! — кліча ад акна Гарык. — Зірніце, што робіцца!

На плошчы каля Дома ўрада, адгароджваючы правадыра ад улюбёнага ў яго народа, ланцужком стаялі міліцыянты — і Воран з Асяй рванулі скрозь гэты ланцуг. Джон, які прабіўся ў першыя шэрагі прагрэсіўнага чалавецтва і якому немаведама што ўзбрыло ў ягоную мурынскую галаву, з баянам затрусіў за імі. Міліцыянты і таварышы ў цывільным, вынырнуўшы раптам з натоўпу, беглі за імі, а Хрушчоў, перагінаючыся цераз парэнчу гаўбца, з якога выступаў, нешта ўсім крычаў і махаў рукамі.

— Пасадзяць Ворана, — чмыхае Палкоўнік. — У лагеры будзе Нямігу рэканструяваць.

Я спрабую адчыніць акно:

— Там Ася з ім!

Гарык спыняе мяне: “Хочаш, каб па нас стрэльнулі?” — а Палкоўнік кажа абыякава:

– І Асю пасадзяць. І затрахаюць на зоне, пархатую.

Ён нечым раздражнены, незадаволены. Моцна незадаволены і раздражнены. І глядзіць у акно неадрыўна, як чакае нечага…

Міліцыянты першым схапілі Джона, потым Асю, а таварышы ў цывільным дагналі Ворана.

Як гэта іх пасадзяць?.. Трэба на плошчу бегчы, растлумачыць там, што яны не хацелі нічога кепскага!.. Нямігу пакінуць Нямігай!..

Хоць навошта канадскаму мурыну мінская Няміга? Нафіга казе баян?..

Як пасля аказалася, менавіта гэта й зацікавіла да ўсяго цікаўнага Хрушчова: чаго да яго бяжыць мурын з баянам? Ён тут жа вырашыў гэта высветліць, што ўратавала і Косцю, і Асю, і ўсіх нас, а, можа, і самога Мікіту Сяргеевіча.

Трэба ў гэтым свеце цікаўным быць…

На маю запыленую шапку яшчэ й сыпанула пацярухай, калі я выскачыў за Вілам на лесвічную пляцоўку. Узняўшы галовы, мы паспелі ўбачыць, як нехта прычыніў люк на дах. З таго боку, з даху.

— Алік!.. — гукнуў Віл, які не насіў шапкі ні ў снег, ні ў дождж, і пацяруха яму на валасы сыпанула. — Гэта ты, Алік?

Ніхто не азваўся. Напэўна, на даху гэбісты з аховы, што там Амерыканцу рабіць?..

Я абтрос шапку.

— Што там рабіць Амерыканцу?..

— А ну ў двор! — кінуўся ледзьве не сторч галавою ўніз па лесвіцы Віл. — Зараз пабачым, што яму там рабіць!..

У двары каля абітых бляхай дзвярэй чорнага ўваходу ў краму, у якой Віл збіраўся дакупіць партвейну, стаяла “Варшава” — службовая машына старэйшага брата Віла, карэспандэнта Усесаюзнага радыё Арцёма Ледніка, які сто разоў нас выручаў, а мы столькі ж разоў яго падстаўлялі. Падобна было, што падставілі ў сто першы раз…

Каля бампера “Варшавы”, у якой быў адчынены багажнік, побач з Арцёмам стаяў Гурык. Ён быў не “ўвесь у бліскучым” — у цывільным.

— Кажу табе: на паляванні ўчора былі. Пасля выпілі. Позна лёг. Рана ўстаў. Забыўся дастаць. Дый часу не было, — рэбрамі абедзвюх далоняў рассякаў Арцём паветра над багажнікам, ад якога Гурык, засунуўшы рукі ў кішэні, не адрываў вачэй. Машына стаяла бокам да нас, нам не было відаць, што ў багажніку, але мы й не гледзячы ведалі: новенькая “іжэўка” і карабін “Browning”. Учора, калі мы вярнуліся з палявання, Арцём сказаў Амерыканцу (гэта ягоная новенькая “іжэўка”) і Вілу (гэта ягоны “Browning”), каб забралі з багажніка ўсё лішняе, бо яму заўтра з раніцы працаваць, а Віл з Амерыканцам не палічылі стрэльбу і карабін лішнімі. Калі б яны забралі іх, трэба было б ісці дахаты — не пацягнешся ж з дубальтоўкамі на танцы ў Палац прафсаюзаў. Вось яны і пакінулі іх у багажніку службовай машыны карэспандэнта Усезаюзнага радыё ў дзень, калі з плошчы імя Леніна ён вёў рэпартаж пра сустрэчу Першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Сяргеевіча Хрушчова з працоўнымі Мінска, чаму й “Варшаву” ягоную на плошчу прапусцілі.

Раптам у двор убеглі людзі, чалавек дзесяць, адзін падбег да Гурыка, нешта сказаў яму — Гурык ляснуў дзверцай багажніка і заштурхаў Арцёма ў машыну.

— Вы хто? Давай адсюль! — падскочыў да нас адзін з гэбістаў, а гэта былі яны, бо каго ж яшчэ, як сваіх, сустрэў бы Гурык, які ўбачыў нас і замахаў рукамі, каб мы сыходзілі, і Віл рушыў да ўвахода ў краму, але яшчэ адзін гэбіст пераняў яго: “Куды?! У пад’езд!” — і ў гэты момант укаціўся ў двор пузаценькі чалавек у каракулевай шапцы і ў доўгім, мехаватым паліто: Хрушчоў! Я пазнаў яго, хоць і вачам сваім не паверыў. І Віл яго пазнаў… І абодва мы пазналі Джона і Асю з Воранам: яны ледзь паспявалі за Першым сакратаром ЦК КПСС, які немаведама чаго папёрся з плошчы ў двор, дзе стаяла машына з дзвюма стрэльбамі ў багажніку, адна з якіх належала амерыканцу, а другая — актывісту антысавецкай групоўкі Сысоя. “Капец нам!” — мільгнула ў галаве, калі я ўбачыў, што Хрушчоў коціцца калабком не ў дзверы крамы, дзе ён, як Віл казаў, захацеў купіць крымскага партвейну і швейцарскага сыру, а кіруе наўпрост да нас, да мяне з Вілам — ды яшчэ крычыць: “Гэта вы тут перадавая моладзь, якая пратэстуе супраць зносу ўсялякага барахла?!.” А Косця Воран бяжыць побач з ім і дробна ківае: “Яны, яны, яны…”

Калі Хрушчоў, зацікаўлены чорным чалавекам з белым баянам, выйшаў на плошчу, дык у першым шэрагу прагрэсіўнага чалавецтва, аточаным міліцыянтамі і гэбістамі, убачыў побач з мурынам высокую, з зеленаватым смуткам глыбінных, саміх у сабе затоеных, вачэй, прыгажуню, якая сунула яму пад нос ватман, а нейкі хлопец нешта на тым ватмане спрабаваў паказаць і штосьці мямліў пра нейкую старую Нямігу і нейкую архітэктурную рэканструкцыю. Мікіта Сяргеевіч любіў прастату стандартных, складзеных з блокаў пяціпавярховікаў, кватэркі ў якіх у ягоны гонар народ назваў хрушчоўкамі. Аніякіх архітэктурных рэканструкцый, як і мастацкіх абстракцый, ён не трываў, таму страціў цікаўнасць да баяніста і вырашыў разабрацца з архітэктарам. А тое, як ён з ім — і ўсімі намі — разбярэцца, залежыла ўжо не ад Ворана з ягоным ватманам. Залежыла ад Гурыка. Ад таго, адчыніць ці не адчыніць ён багажнік “Варшавы”, дзе ляжалі паляўнічая “іжэўка” і двухствольны, пяцізарадны “Browning”, ніжні ствол якога — пад паляўнічы патрон 12-га калібру, а верхні — пад баявы патрон калібру 7,62.

Гісторый пра замахі на жыццё Хрушчова то ў Белавежскай пушчы, дзе яго нібыта памежнік нейкі застрэліць збіраўся, то на Хрэшчаціку ў Кіеве, дзе на яго накінулася жанчына з нажом, то ў Тбілісі, дзе ў яго збіраліся шпурнуць бомбу, распавядалася шмат, але насамрэч ні застрэліць, ні зарэзаць, ні бомбай падарваць Першага сакратара ЦК КПСС ніхто ўсур’ёз не спрабаваў — і ён не быў гэтым напалоханы. Таму і бегаў па дварах, дзе стаялі машыны, у багажніках якіх маглі стрэльбы ляжаць.

Пры такім спакойным жыцці незразумела было, за што атрымлівалі грошы гэбісты, якія ахоўвалі Хрушчова, і яны прыдумалі гісторыю з Кэнетам Крэбам, вадалазам ВМС Вялікабрытаніі, які нібыта прымацаваў да днішча крэйсера “Арджанікідзе”, на якім знаходзіўся Хрушчоў падчас візіту ў Англію, міну. Гэбісты, канечне, і пад вадой міну ўбачылі, правадыр застаўся жывы, а вось Крэба не стала — і ніхто дасюль не ведае: як?

Калі б Гурык адчыніў багажнік «Варшавы», нас магло не стаць — і ніхто дасюль не ведаў бы, як…

Перад Гурыкам была дылема: адразу выкрыць антысавецкую групоўку, якая падрыхтавала замах на жыццё Першага сакратара ЦК КПСС, ці адкласці выкрыццё на потым, калі Хрушчоў будзе далей ад стрэльбы з карабінам? «Ну, добра, — мусібыць, вагаўся ён. — Выкрыў. А як дапусціў?..» Праз гэта гэбіста Гурыка таксама магло не стаць, невядома як. Як вадалаза Крэба.

Пакуль Гурык вагаўся, з рыпам адчыніліся абітыя бляхай дзверы, што вялі з двара ў краму. З іх выйшла крамніца Анжэла, знаёмая Віла. Яна зірнула недаўменна на Хрушчова, на мурына побач з ім, на Віла, на гэбістаў, дастала цыгаркі з кішэні халата і запаліла.

— Вось! — тыркнуў пальцам у яе Хрушчоў і ўзяўся рукі ў бокі. — Пе-ра-да-ва-я моладзь! Піць ды паліць, як у Амерыцы! Тут што такое?.. — падскочыў ён да Анжэлы, адпіхнуў яе ўбок і з чорнага хода рынуўся ў краму — па швейцарскі сыр ды крымскі партвейн…

Калі Хрушчоў праз парадныя дзверы выйшаў з крамы, нас усіх разам з крамніцай Анжэлай заштурхалі ў склад, дзе было віно з сырам, потым падагналі машыну — і з двара дома на Савецкай, якога ўжо няма, прывезлі ў двор будынка КДБ, які стаіць, як стаяў. Нас не сталі трымаць у двары, адразу павялі ў сутарэнні. Кожнага паасобку.

Праходзячы цераз двор, я зірнуў на сцяну ў чырвоных пырсках і ўжо не меў сумневу: расстраляюць.


Загрузка...