Верасень трыццаць дзевятага года.
Цёмная, мокрая ноч на заходніх подступах Гдыні.
Злева, у даліне, гарыць вялікая кашубская веска. На фоне полымя злыднем тырчыць касцельная вежа. Нядаўна там засеў трэці кулямёг нашай роты. Там цяпер тоўсты, спакойны Кубата, катовіцкі шафёр, з цэлым партфелем, як мы жартавалі калісьці, матчыных пісьмаў за пазухай. Там цяпер Петрык Любка, ад ціхай вячэрняй гаворкі якога дзіўна пахла нашым беларускім сенам… I гэта было ўжо, здаецца, таксама калісьці, ледзь не ў далёкім мійулым… Калі мы ляжалі на другім паверсе казарменных ложкаў, над зялёнымі шорсткімі коўдрамі, побач, i перад сном шапталіся, часамі вельмі доўга.
Таксама «тактыка»! — на вежу касцёла, асветленага пажарам, ды перад самым носам ворага, узняць адзін станкач, узброены дзвюма стужкамі патронаў i цвёрдым загадам — стрымаць ворага з усёй яго наземнай i паветранай тэхнікай…
Што ж, мы павінны былі рабіць i не такія цуды. За тры дні да пачатку вайны наш кулямётпы разлік сядзеў на гарышчы адзінокага дома перад самай гранічнай паласой, што аддзяляла ад нас тэрыторыю «свабоднага горада Гданьска», які ўжо даўно стаў фашысцкім плацдармам. Туды каля нашага дома ішла нешырокая брукаваная дарога. На граніцы над гэтай дарогай угару тырчала пярэстая жэрдка шлагбаума. Іменна ён, гэты шлагбаум, пры дапамозе нашага «максіма» павінен быў стрымаць першы націск фашызму. Побач з «максімам» на стале ляжаў, у выглядзе тонкай брашуркі, загад камандуючага абаронай Узбярэжжа: «Пры з'яўленні ворага — закрыць шлагбаум i агнём стрымліваць першы націск аж да прыходу падмацавання…»
Праўда, плютановы Возняк, які тады быў пасланы з намі,— тоўсценькі, пажылы ды вясёлы качар, выпівоха, які за дзесяць год службы то ўздымаўся да чына сяржанта (старшыны), то асядаў да капрала, а цяпер якраз займаў прамежкавы чын, сваю залатую сярэдзіну, — растлумачыў нам той загад па-свойму:
— Г… айца святога, — сказаў ён, зірнуўшы ў брашуру — Слухай маю каманду. Убачыш ворага — чашы за трэцюю тару, там бахні раз пану богу па вокнах i — далей, ногі ўзяўшы за пояс, да самых казармаў!.. Ну, у каго ёсць грошы? Хто пойдзе ў вёску, у краму?..
Разлік, які змяніў нас там ноччу на трыццаць першага жніўня, дзейнічаў потым згодна загаду. Шлагбаум быў закрыты, аднак замест прадбачанага інструкцыяй ворага ў пешым ці конным страі туды прыйшоў адзін-другі артылерыйскі залп, пасля якога каля руінаў доміка прайшлі аўтаматчыкі.
Такі самы цуд адбудзецца досвіткам i на касцельнай вежы, — няхай толькі Кубата з Любкам пададуць адтуль голас…
Зрэшты, i мы называемся грозна — першы разлік штурмавога кулямётнага ўзвода. Першы нумар разліку, шахцёр Ян Філец, — найлепшы кулямётчык нашага марскога батальёна. Нічога, глупства тое, што ў нас толькі дзве стужкі, пяцьсот патронаў…
Па лісці бручкі, у якой мы заляглі перад узгорачкам, аднастайна бубніць халодны дождж. У акопчыках, выграбеных на скорую руку, збіраецца вада, i пры кожным руху пад каленьмі чмякае гразь. Ад пажару паблісквае мокрае бручкавінне i нечая мокрая каска. Направа, пад абрывам, мора. Усхваляванае, яно ракоча вельмі ж панура. Над абрывам — таксама панура i дзіка — вецер шуміць у бур'яне i хмызняку. Шорсткім языком тугі праводзіць ён па пералозе, бур'яне, бульбянішчы, гне i цярэбіць лісцё нашай бручкі. Час ад часу ўзлятаюць нямецкія ракеты i спакойна асядаюць над берагам i вадою шырокімі парасонамі сіняватага святла. Тады відно, як на ўзгорку, перад якім — таксама тактика! — стаіць наш, накрыты коўдрай, станкач, адчайна змагаецца з ветрам сухі бульбоўнік. Да жудасці верыш, што адтуль замахваюцца варожыя рукі з доўгімі даўбешкамі гранат…
А мора шуміць…
Праз шум ягоны раз-пораз аднастайна лезе ў душу галашэнне сірэны — з далёкага, самотнага ў імглістай цемры маяка. Цягучы, сумны крык!.. Гэта не хоча паміраць наш порт, на які, як толькі стане днець, зноў абрынуцца бомбы. Гэта не хоча паміраць, наш акрываўлены, працярэблены смерцю гарнізон, — з усіх бакоў акружаны, яшчэ ўсё нязломны ў няроўным змаганні.
Яшчэ нядаўна рэкруты, — толькі паўгода таму назад, — цяпер, на трэцім тыдні вайны, мы ўжо салдаты, абстраляныя да той жывёльнай абыякавасці, з якой можна жаваць i спаць побач з трупам таварыша.
Час ад часу толькі ўстае перад вачыма воблік старое ў валенках i незашпіленым кажушку… Яна ўсё ідзе за саньмі, якія даўно… не паўгода, а цэлую вечнасць таму назад везлі цябе да першай чыгуначнай станцыі. Ідзе, спатыкаецца, нахілілася супраць ветру. Ужо не толькі слёз, але i твару яе не відаць. Не, ты бачыш цяпер i гэтыя слёзы, i гэты воблік — адзіны i непаўторны. Ты мацуешся, хочаш узняцца i ўздымаешся туды, дзе думкі пра фашызм, пра нашу справядлівую вайну, ды ён усё ж вяртаецца — гэты воблік… I вось ты без слоў, але з тугой, якая недаступна для гэтай самотнай сірэны ў імгле, ты крычыш, пратэстуеш усімі сіламі маладое душы. Польскі салдат, беларускі юнак, ты паўтараеш перадсмяротны крык твайго далёкага, даўняга сябра, героя гаршынаўскага апавядання, якое i ты калісьці чытаў: «Маці мая, дарагая мая! Вырвеш ты свае сівыя косы, ударышся галавой аб сцяну, праклянеш той дзень, калі нарадзіла мяне, у весь свет праклянеш, што выдумаў на пакуту людзям вайну!..»
На досвітку мы нечакана пайшлі ў наступление.
Ланцуг наш доўгі: направа — да мора, улева — да далягляду. Але ён рэдкі. Агонь лёгкіх гармат, які падтрымлівае нас, таксама рэдкі. Аднак i гэтае цёўканне падбадзёрвае. «Максім» расчлянёны: Філец нясе ствол, я згорбіўся пад станком з палазамі. Абапал — стралкі. Штыхі ix таксама не здаюцца бездапаможнымі. Нас не здзіўляе, здаецца, i тое, што вораг маўчыць. Падбадзёраны гэтым маўчаннем, наш порсткі прыгажун капрал Вайтыга крычыць, што ўвечары, псякрэў, мы будзем у Берліне!..
Ды што капрал!.. Мне ўспамінаецца міжволі каштан, камандзір нашай роты, салідны акулярысты сугней, яго прамова перад строем, напярэдадні баёў:
«Як будзем браць ix гарады — не напівацца!..»
Свае ракеты стрымліваюць наша левае крыло, выраўніваючы ўсю лінію наступлення. Тады відно, як хтосьці, стаўшы на адно калена, спешна хрысціцца, а хто, спусціўшы порткі, на кукішках, не менш нервова вызваляецца ад лішняга цяжару… Зноў ідзём. Гразнем у размоклай раллі, шалахцім бульбянікам, абарочваем мокрыя качаны капусты. Праходзім адну, другую вёску… Пустыя. За гародамі трэцяй кашубcкай вёскі — шырокі, нізкі луг. Рэдкія вербы. Тарфяныя ямы, поўныя вады. Пасвяцца каровы, — ix многа, i ходзяць вольна, без пастухоў.
Тут i канчаецца наш трыумфальны марш.
За лугам — вялікія ўзгоркі, на схіле якіх засеў у акопах вораг. Недзе адтуль на нас вось-вось абрынецца агонь артылерыі. Мы ляжым на мокрай траве. Нават лапаткі ёсць не ва ўсіх… Снарады топчуць нашу лінію некалькі доўгіх, бясконцых… мінут ці гадзін?.. Чуваць увесь ix шлях: ад гарматных ствалоў — па траекторыі — да выбуху. Адзін, другі… дваццаты… соты… Нячутна далятаюць i асабліва страшна разрываюцца «цяляты» марской артылерыі, да якой мы ніяк не прывыкнем. Раз-поразу чуваць, як урывана зараве, нібы ахне, працятая асколкам карова. Калі не ляжа адразу — зноў скубе… з нейкім жудасна мудрым, незразумелым спакоем. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву i час ад часу наслепа крычыць: «Агонь!» Я ляжу за вярбою, побач з якой — наш стары, узор 1908 года, станкач. Флегматычны Філец i цяпер, здаецца, спакойна выглядвае цэль. Зрэшты, гэта няцяжка, — у акопах немцы стаяць i ходзяць на поўны рост, што нам добра відаць i без бінокля.
На мокрым лузе побач з морам у нас няма нават i той перавагі над ворагам, якую аднойчы, — чытаў пра такое, — мелі над італа-фашыстамі абісінцы. Ветру няма, гэты луг не падпаліш, як афрыканскія джунглі, на ворага не пой дзе полымя. Толькі мы самі амаль такія ж бездапаможныя, як абісінцы…
Станкач наш дудзіць час ад часу, уздрыгвае, аддаючы апошнія патроны. Я ix таксама лічу, прапускаючы ў пальцах стужку. Капрал Вайтыга, не вымаючы носа з травы, зноў пытаецца:
— Адступаюць?!
Філец лаецца зноў, ужо неспакойна кідае сваё сілезскае:
— Пяр-ру-не, дзе ж там!..
I вось нарэшце ўсё — патроны канчаюцца. Мы застаёмся толькі з кінжаламі. Па статуту нам належацца пісталеты. Але дзе ж там, пяр-ру-не, калі i вінтовак усім не хапіла!..
Салдатаў не знаёмяць з таямніцамі ваеннай гаспадаркі. I нам невядома, чаму так атрымалася: прыйшла мабілізацыя, дый сам народ паўстаў, i раптам — няма чым узброіць? Хоць бы вінтоўкамі!.. Ну, а куды падзеўся амаль увесь той флот, апіраючыся на які паны крычалі, дамагаліся калоній у гарачых краінах? Чаму не лятаюць хоць тыя самалёты, што зрэдку ляталі перад вайной?.. Нічога мы не ведаем. Мы можам толькі дзівіцца ды абурацца — шэптам або моўчкі. Мы маем права толькі ведаць, шго нас мала, што пасля кожнай сутычк! нас яшчэ менш, што вораг выпрабоўвае на нас усе віды i калібры свае магутнай тэхнікі, што ён недасяжны для нашых штыхоў ды кінжалаў…
Аддаўшы станкачу апошнія патроны, я паварочваюся на спіну i ў той бок, адкуль мы прыйшлі, паказваю пустую скрынку. Адзін, другі раз… Зноў i зноў… Там недзе трэці нумар, кашуб Конке, грыньскі ламавы возчык.
Ён не адказвае на мой SOS.
I я паўзу туды сам. Усе мы доўгія, увесь наш батальён падабраны, відаць, для парадаў — па росту. Паўзці па голым лузе, на вачах у ворага, ды яшчэ такому бамбізе — недарэчна. I я бягу, лавіруючы паміж каровамі, пад музыку выбухаў i асколкаў.
Конке ляжыць у гародзе, упоперак грады, тварам у зямлю, i апошняя кроў яго сцякае з-пад жывата ў баразну. Побач, паміж галоўкамі капусты, — патронная скрынка. Спачатку я ўспамінаю, што гэта — апошняя, а потым, падняўшы яе, адчуваю, як шалахціць у скрынцы пустая стужка…
Вярнуцца на лінію не прыйшлося. Сябры сустрэлі мяне за капустай, на лузе.
Гэта ўжо быў не ранішні рэдкі ланцуг, a рэшткі яго, меншыя, чым заўсёды.
Першы бяжыць капрал.
— Немцы! — крычыць ён. — Немцы! Назад!..
За капралам — Філец з нерасчлянёным кулямётам на плячах.
За імі ў густой перадвячэрняй імгле вырысоўваецца некалькі рухомых сілуэтаў, i адтуль упершыню даходзіць да маёй свядомасці крык: «Гэн-дэ гох!..» На павароце за вугал цаглянага хлява капрал Вайтыга падае потырч на мокры брук з адчайным, хрыплым крыкам:
— Браця!!
На бягу заўважаю першую кроў на ягонай шчацэ, бачу, як ён хапае ротам паветра…
Другі голас даганяе нас з Фільцам на вуліцы.
— Хлопцы! Ратуйце! — крычыць Савіньскі, яшчэ бегучы з прыпаданнем на адну нагу.
Ен — са стралковай роты, мала знаёмы мне, аднак у крыку ягоным я чую апошні зварот капрала: «Браця!!»
Філец вымае галаву з кулямётнай рамы i з грукатам скідае наш станкач на брук. Відаць, не падумаўшы нават, што i статутам гэта прадугледжана. Мы хапаем Савіньскага пад рукі, бяжым, а ён абвісае, цяжэе з кожным нашым крокам. На прыгуменні заўважаю конныя граблі з тонкімі, плазаванымі аглоблямі. Падскакваю на адной з ix, — яна, нарэшце, ломіцца з хрустам. Распяразваем рамяні, вешаем ix, зашпіленыя, на плечы, прасоўваем у рамяні кавалак аглоблі, саджаем на яго Савіньскага i зноў бяжым. На шыях у нас — сутаргава-ўчэпістыя рукі таварыша. Словы яго пераходзяць у нейкі расслаблены, амаль дзіцячы лепет, просьбу, пяшчоту, якая болем адгукаецца ў душы…
За намі доўга трашчаць аўтаматы. Вакол нас, яшчэ ўсё абмінаючы нашы шырокія, трайныя плечы, спяваюць кулі. На бульбяным полі навокал цяжка гупаюць міны i ядавіта звіняць асколкі.
Пасля, за ўзгоркам, насустрач нам — дапамога. Ланцуг, таксама як i наш уранні, рэдкі. Бесказыркі матросаў, каскі, пілоткі пяхоты, штыхі нашы i штыхі французскія — можа, яшчэ з-пад Вердэна — тонкія, доўгія… Усё гэта у імклівым наступе нахшена наперад.
Усё на свеце — i страляніну, i выбухі мін — пакрывае наша «ўра!», i слова «браця» гучыць у ім ужо інакш, i слёзы самі коцяцца па маім даўно нямытым i няголеным твары… Хоць i не вернуцца, можа, i гзтыя, a ўсё ж мы — сіла, мы яшчэ сіла!..
Глыбокі, цёмны яр з кустамі i дрэвамі на абрывах. «Бабі дол», які праз некалькі дзён стаў апошнім апорным пунктам i месцам смерці нашага гарнізона. Гдыня, мы чуем тут, ужо захоплена. Для нашых раненых застаўся толькі вось гэты дом з белым палотнішчам на даху. На палотнішчы — вялізны чырвоны крыж, які ўсё ж не ратуе ад фашысцкіх авіякулямётаў.
Тут быў дагэтуль заразны шпіталь. У цемры ледзь відаць павыкіданыя з палатаў сеннікі, многа насілак. Стогны i — асабліва страшная — цішыня пад дожджыкам. Калі мы праходзім тут ca сваім акрываўленым цяжарам, з адных насілак нас аклікае ціхі, дзіўна стрыманы голас:
— Калегі, запалка ёсць?
Гэта — адзін з тых, што маўчаць, i на насілках застаючыся салдатамі.
На ганку шпіталя нас сустракае маладзенькая дзяўчына — у белым адзенні санітаркі i ўся ў святле з калідора. Хусцінка з чырвоным крыжам на лбе так блізка ад жалезнага канта маёй каскі, а вочы — поўныя слёз — яшчэ бліжэй, даходзяць у самае сэрца.
— Хлопчыкі, родныя, вы ix не пусціце сюды?..
Яна бярэ з талеркі, што ў левай руцэ, i падае нам — як дзецям, адразу ў рот — пірожнае. I мы жуём.
— Пяр-ру-не! — прыглушана мармыча Філец. I абрывае, мне здаецца, з прыплачам.
К чорту ix, слёзы!.. Не, дарагая, мы ix не пусцім!..
Так гаварылі мы i Савіньскаму, калі палажылі яго на падлозе шпітальнага, поўнага крыку i стогнаў калідора.
Так думалі мы пасля, зноў лежачы каля другога станкача, на тым узгорку, дзе нас сустрэла ўвечары «ўра».
I зноў налева ад нас ляжалі пад дажджом бяссонныя сябры, а направа, пад іншым ужо абрывам, шумела мора i галасіла ў імглістай цемры сірэна маяка…
…На трэці дзень прыйшлі разгром i няволя.
Спачатку было нас некалькі сот. Мы, марская пяхота, проста пяхота i рознае іншае войска. Усё, што адалела, што магло ісці. Гналі нас па знаёмай дарозе. Польскія дзеці давалі нам яблыкі, хлеб, польскія маці плакал i. Другія суткі, ужо на варожай зямлі, нас везлі ў перапоўненым таварняку, без яды i вады, пад замком. Пяць сутак марьші за дратамі шталага, дзе нас было ўжо некалькі тысяч. Перапісалі, пабілі на групы, далі кожнай групе ахову, вахмана ці двух, i — за вароты, на праду.
З таго дня засталося нас дваццаць. З розных палкоў. Кадравікі i старая «рэзерва».
Нас прывезлі ў маёнтак, дзе над векавымі ліпамі дыміў комін вялікага бровара i млосным смуродам брагі было насычана ўсё навокал — ад шорсткіх, як перасохлыя вехці, вусоў зубатага вінакура да шэрых леташніх стагоў саломы далека за гумнамі.
Дарогі з паўстанка ў маёнтак — не больш за кіламетр, a канваіраваць нашу арбайтскаманду выйшла ix, швабаў, з пятнаццаць. Паляўнічыя стрэльбы. Мушкеты нейкія, бадай, з эпохі Фрыдрыха Вялікага. Нагайка з алавянай галкай на канцы (гэтым узброіўся якраз той вінакур). I аўтамат. Сынок аконама, нагала стрыжаны шчанюк у форме гітлерюгенда, нёс яго на баявым узводзе, з пальцам на спуску.
Сустракалі нас, відаць, усе, хто ўжо або яшчэ трымаўся на нагах.
I ўсе глядзелі, вухкалі на нас, як на самых сапраўдных разбойнікаў…
Мы думалі, дзівакі, што тут нас, нарэшце, хоць трохі накормяць. («Немец спачатку дасць есці, а потым спытае работы», — гаварылі калісьці палонныя з першай сусветнай вайны.) А нам далі вялікія металічныя кашы, трохзубыя матычкі i пагналі ў поле. Ужо не па-святочнаму, без шыку — толькі наш вахман i аконам. За садам пачыналася бульба, а канчалася яна там, дзе, як у казцы, неба сутыкаецца з зямлёй. Бровару бульба патрэбна, a ўжо кастрычнік пачаўся — спазняемся. Так гаварыў аконам вахману.
I вось пацягнуліся змрочныя дні. Безліч бясконцых барознаў апоўзалі мы сырымі каленьмі, процьму кошыкаў бульбы выграблі з зямлі. A колькі ж бяссільнай нянавісці, горкай крыўды зазналі нашы нервы, затузаныя голадам, холадам, здзекам, тугой!..
Адно ўспамінаецца лёгка i светла — дружба.
Нядаўні наш ротны кухар Збых — цяпер не ў белым каўпаку i не з такой чырвонай, паліванай ражкай — самаахвярна апякаў гарачай бульбай рукі, вьпсладаючы яе з катла на доўгі стол, i ніколі не было таго, каб нехта з нас атрымаў пяць бульбін тады, калі другому прыходзілася чатыры з палавінай. Так было вечарамі. Раніцай сутачны хлебны паёк, па дзвесце грамаў, ён таксама дзяліў з аптэкарскай дакладнасцю. Тое ж было з абедзеннай бурдой, якую мы, без хлеба, сёрбалі заўсёды ў полі. Вечарамі, на нарах халоднай адрыны, пры кволенькай электрыцы (і на лямпачках эканомілі), мы рэзаліся ў самаробныя карты, бурна, часцей за ўсё па-пустому, але бяскрыўдна спрачаліся, рагаталі, спявалі, а потым, кожны па сабе, снілі волю i хлеб. Казік Халупка амаль штоночы крычаў i плакаў праз сон, паўтараючы «мама» i «Зося»… Крык гэты часта будзіў каго-небудзь з сяброў, нехта часамі нават уключаў святло i, стуліўшыся, доўга сядзеў на саломе. За дошкамі пераборкі, што аддзяляла нас ад кашошні, мерна жавалі i фыркалі коні, пазвоньваючы ланцугамі кантараў. Па чарапіцы манатонна паклёўваў бясконцы восеньскі дождж. A ў кутку, над смярдзючай парашай, варожай насмешкай цьмяна блішчала вялікае, рабое ад праталін люстра. Прачыналіся яшчэ адзін-другі, перакідаліся словам, тушылі святло i зноў аціхалі. На досвітку грымеў замок i чуўся агорклы вахманскі голас… Капаючы бульбу, мы старанна раўняліся ў рад, ніхто не вытыркаўся нават хоць бы на нос наперад, як ні стараліся нас падзадорыць на гэта брахлівыя, наіўныя батрачкі, як ні крычалі аконам ці вахман вечнае «польнішэс швайн!..».
Пасля, аднак, між намі аб'явілася гадзіна. Пажылы пехацінец, панурэйка Фліс, «рэзерва», з тых пазнанякаў, што гавораць трохі па-нямецку. Ен пачаў вырывацца ў рабоце, усё больш ды больш нахабна агрызаючыся з намі, завёў нейкія шэпты ды хаханькі з вахманам, i нават ca сваімі збіваўся не толькі на мову, але i на думкі нашых гаснадароў. Тыя яго, вядома, хутка заўважылі i пачалі ставіць нам у приклад удзячнай працавітасці, у доказ таго, што мы — няўдаліцы i нават сабатажнікі.
Неяк апаўдні аконам забраў Фліса з поля i павёў у зусім недалёкую вёску. Увечары Фліс вярнуўся ў нашу адрыну адзін, без вахмана, проста ззяючы ад шчасця. Ён будзе працаваць у цесця самога гера аконама! Ён будзе хадзіць туды сам i прыходзіць, як сёння, сам!.. Ён нажорся, як чоп, гэты рабочы гітлераў бугай, i з сабой прынёс бутэрброд, які доўга i даўка чвакаў, лежачы на спіне…
Гэтак пайшло штодня. Шчасце яго не ўмяшчалася ў ім. Ён мог гадзінамі бубніць пра ўсе падзеі свайго дня, пра кожны кавалак яды, пра кожны крок сваіх баўэраў… Яго, вядома, абсякалі. Ён трохі агрызаўся, а то баязліва маўчаў, нават i ў страху хітра пасміхаючыся. Найгорш, аднак, было тое, што сёй-той з нашых хлопцаў пачаў спакваля здавацца, прыкметна зайздросціць яму. Голад…
А потым выбухнуў боцман Антоні.
Ён быў малодшы механік з «Віхра», марак. Захварэў у жніўні, i вайна застала яго на беразе. У няволі Антоні як быццам да часу зняў з сябе набытае шматгадовай службай званне i стаў проста старэйшым таварышам, якога любілі за сціпласць, за ўсмешку i апавяданні пра рэйсы ў краіны неймаверна цікавых прыгод, у тым ліку, вядома, i самых зманлівых — з чужымі красунямі. Расказваў ён так шчодра, што мы прывыклі i засынаць пад гэтую дабрадушную буркатню, i прачынацца, i зноў засынаць… Бывала, слухаеш яго, задрэмлеш, зноў прачнешся, а ён усё сядзіць каля чыгуннай печкі, глядзіць на агонь i слініць-пакурвае люльку з нямецкай «сечкай». Прыўзнімешся на локці i скажаш яму (мы ўсе, намнога маладзейшыя, былі з ім на «ты»):
— Што, Антоні, цягніка чакаеш?
А ён усміхнецца — па-свойму сумнавата, добра — i ціха адкажа:
— Так, браце, курчэ пячонэ…
Гэтым «печаным куранём» ён падмяняў для сябе ўсю тую непрыкрыта грубую лаянку, якой мы з казармаў былі, здавалася, безнадзейна заражаны.
Значыцца, Фліс хваліўся сваімі гаспадарамі. I баўэр вельмі добры, i фрау добрая, i нявестка — таксама. Іхні адзіны сын быў недзе на ванне, камандзірам батарэі, а жонка яго, гэтая самая нявестка Кэта, хадзіла — ён i пра гэта не раз гаварыў — спачатку тоўстая, а потым нарадзіла хлопчыка. Камандзір батарэі неўзабаве, ужо ў пачатку зімы, прыехаў у адпачынак з французскай граніды. I быў таксама вельмі добры з Флісам. Ажно руку яму гер лёйтнант Горст падаў, ажно паклікаў у спальню i пахваліўся нашчадкам…
Каб толькі ж гэта!
Калі пачаў ён, Горст, бацькам i Кэце паказваць свой франтавы альбом, дык узяў ды паклікаў таксама i Фліса з двара.
Альбом — з польскага фронту. Там былі вельмі прыгожыя — «чыстыя», Фліс гаварыў,— здымкі разбураных гарадоў, спаленых вёсак, трупы салдатаў, жанчын, дзяцей. «Многа такіх усякіх здымкаў». Што сам гер лёйтнант здымаў, а што здымалі іншыя, ягоным апаратам. То ён, гер лёйтнант, на маршы, верхам, перад усёй сваёй батарэяй. То ён рукой каманду падае: «Агонь!» То ён пасля глядзіць, любуецца, што нарабіў. Руіны, трупы — разам з ім.
— Гэтыя здымкі,— расказаў наш мармытун, — ну, тыя, дзе i ён, Горст павялічыў, нават пяць штук пад шклом ирывёз, у рамачках такіх. I паразвешваў у хаце. Адзін дык над ложкам у Кэты, у саменькіх галавах. А яна…
— Маў-чаць! Ты… скур-вы-сын! Ты мне…
Антоні ўсхапіўся ля печкі.
— Ён тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..
Антоні ажно задыхаўся.
Мардаты Фліс, які сядзеў на нарах, асеў глыбей у салому, прыгорбіўся. Змоўк. I глядзіць на Антонія, на нас, нібыта ўпершыню адчуў, што ён — яшчэ тут, што ён — адзін супроць усіх…
Далей было, што было, калі ён зноў акрыяў,— назаўтра, наогул пасля, — a ў той вечар ён звяў i раскіс, як дзярмо. Проста гадка глядзець… Зрэшты, i потым ён не палепшаў, a толькі стаіўся. Ды гэта — пазней…
A ў тую ноч, калі ўсе ўжо спалі, а я прачнуўся, як ад штуршка, Антоні яшчэ ўсё сядзеў каля печкі. Я ўстаў i падышоў да яго. Сеў побач, на другой табурэтцы. Антоні слініў-пакурваў сваю люлечку, што ўжо, здаецца, даўно не дыміла, i пёк на распаленай да чырвані печцы бульбу, нарэзаную проста пялёсткамі.
— Бяры, Уладак, еш, — усміхнуўся ён. Зноў ранейшы — спакойны i добры.
Я маўчаў. Нават падзякаваў кіўком, узяўшы гарачы, хрусткі скрылёк.
— Табе не холадна?
«Не», — закруціў я галавой. Салгаў. Бо плечы пад ушчэнт зношанай кашуляй яшчэ падрыгвалі ад холаду, які быў за намі — навокал i ўверсе.
— Сагрэешся трохі…
Ён, мусіць, зразумеў, што я i ўстаў, i чакаю — не так сабе. I ён неўзабаве пачаў:
— Над узгалоўем… Чуў?
Я ўсё маўчаў, чакаючы.
— Ты на Аксыўскай Кэмпе быў?
— А дзе ж я быў? — азваўся я нарэшце, ледзь не злосна.
— Быў, дык i ведаеш, як было. За пару дзён да канца. Ужо зусім ні зброі, ні надзеі,ні парадку… Ноччу яшчэ ўсё кідалі жменькі людзей на ix акопы. А замену пярэдняй лініі рабілі, курчэ пячонэ, удзень, пад абстрэлам у тыл адыходзілі. Зрэшты, дзе быў той фронт, дзе той тыл? Як на смех, прыціснулі нас — такою сілай! — да мора, а тут у цябе адна вінтоўка — i на гарматы, i на самалёты. Як бога кохам, сам бачыў, як нейкі рэзервіст абцасам адбіваў затвор карабіна. Здаецца, італьянскага, ці, можа, нават рымскага яшчэ. Узброілі! Крычалі толькі: i самі магутныя, i саюзнікі… Што ж, мы, салдаты, рабілі, што маглі…
Апаўдні — так, семнаццатага — нас змянілі. Каля Пагужа. Мы там два дні праляжалі. Адступілі, як i заўсёды, пад агнём. Спыніліся на нейкім хутарку. Яблыкі елі, нават паселі чысціць зброю. А тут — на табе!.. Першы выбухнуў на раллі за плотам, другі метраў за трыццаць правей, а тады — сам ведаеш, як гэта робіцца, — абмацалі i залпамі!.. Пяць чалавек, мы дабеглі да вёскі i распаўзліся па норах. А яны па нас, курчэ пячонэ, малоцяць!.. Калі пераціхла, я — ну, усё ж старшы — выйшаў з пустога дома, пайшоў шукаць сваіх людзей. Двух сядзелі за малачарняй, а двух знайшлі мы ў пограбе, разам з цывілямі.
Спусціўся я туды адзін. Гудуць у цемры — моляцца, плачуць. Сам ведаеш — дзеці, старыя, жанчыны… Страшна. Прывык я трохі да цемры, бачу — налева ад увахода, прытуліўшыся да сырой мураванай сцяны, стаіць дзяўчынка. Малая, дробная, гадоў пяць-шэсць. Трасецца ўся i шэпча, следам за ўсімі:
— Пад тваю абарону… святая…
I шаптаць не можа — дрыжыць.
— Яворскі! Сойц!
Аказваюцца глуха, неахвотна. Сорамна. Не хочацца.
— Ану выходзь!
Дзяўчынка спалохана адсунулася ад мяне, далей у цёмнае. Відаць, я быў усё-такі страшны. А што ж — аброслы, брудны, як чорт, гранаты, каска, карабін. Як жывая, стаіць у вачах — замурзаны тварык, нлечы дрыжаць i падбародачак. А як глядзела яна!..
Так, хлопча, мы был! салдатамі. A ўсё ж баяліся i мы. Ты як? Можа, гэта i сорамна… Я асабліва баяўся артылерыі. Страшная ўлада металу над бедным, кволым целам чалавека… Курчэ пячонэ! Як часта хацелася крыкнуць: за што?.. Ну, ды гэта — не па-салдацку. Бо мы не мелі права на страх. I мы яго…
А дзяўчынка? За што па гэтай галоўцы жалезам? I па вачах, i па ручках, якія дрыжаць?.. Мяне адразу здушыла штосьці за горла, вось так — ад грудзей угару. Забыўся, што i старшы ў групе. Так, Уладак, я меў дзяўчыну, хацеў ажаніцца сёлета, хацеў мець дзяцей. Не многа — толькі б такую, як тая…
— Кася, не бойся, дурненькая, — азвалася з кута жанчына. Маці. Яна сядзела на клунку дабра, трымала на руках грудное. — Пан бог не дазволіць. I маці яго прасвятая таксама. А гэты пан — добры. Ён бароніць ад немца. Дай пану яблыка. На!..
Малая ўзяла яблыка i працягнула яго мне. Рука дрыжыць. Шапнула штосьці нячутнае.
Мне б цябе затуліць на руках, мне б цябе вынесці з гэтага пекла, а я толькі сказаў:
— Не бойся, дзяўчынка. Усё будзе добра.
Баліць душа ад гэтых слоў… I сёння, хлопча, таксама…
А тут жа ўсё, сам ведаеш, грымяць ды грымяць, ірвуцца ды рвуцца снарады. Якраз тады, калі я ўзяў яблыка i сказаў тыя словы, — вельмі блізка громам раскалоўся выбух, i ўсе мы на момант сціхлі. Я, як заўсёды, зажмурыўся, нават, здаецца, прысеў. Інстынктыўна. Дзяўчынка кінулася ад мяне з прарэзлівым крыкам:
— Ма-му-ся!..
Калі ж адспявалі — недзе над намі — асколкі, у перапынку паміж выбухамі зноў заварушылася жыццё. Зноў пачуліся словы:
— Касю, не бойся, дурная. Пан бог i маці яго прасвятая…
О, курчэ пячонэ!.. О, шваб!..
Тады я выйшаў з зямлянкі адзін. Стаў пад дрэвам, гляджу. Дзве дзеўкі вылезлі з таго самага пограба i, пакуль я сабраўся спыніць ix, пабеглі. Я крыкнуў — нават не азірнуліся. А тут — нібы спецыяльна заўважыўшы ix — снарад! Я інстынктыўна ўпаў. Віскат асколкаў, дзявочы лямант. «Ну, ёсць!» — мільганула ў маёй галаве. Ды не — абедзве яны праляцелі назад i нырнулі ў сховішча. Зноў выбух! «Намацвае! Заўважыў!..» I сталася, хлопча…
Ен такі, мусіць, заўважыў. ІПто ты хочаш — у Гдыні з акон стралялі па нас, з гарышчаў. Мясцовыя немцы. На дрэвах — у полі, у вёсках — сядзелі карэкціроўшчыкі. Ты думаеш, чаму так трапна біла ix артылерыя?..
Пограб, вядома, абрушыла. Два пападанні.
Мы ўжо хацелі пайсці адтуль, але Зыгмусь упяўся, калі аціхла: «Не, адкапаем сяброў!» Бо i людзі сабраліся, з нораў другіх павылазілі, па лапаты пайшлі.
Амаль усе ў тым пограбе был i нежывыя. I Кася — таксама… Толькі маці яе ацалела ў кутку. Нейкім цудам, як быццам на гора сваё.
Мы вынеслі малую на траву. Маці яе вывелі пад рукі. Села пры ёй. А грудное — яно ацалела таксама — жанчыны забралі.
Кася, відаць, зноў стаяла каля сцяны… Не, Уладак, я табе не скажу, як яна… Сойцу тады адарвала абедзве нагі, ён яшчэ дыхаў, калi мы яго адкапалі. Яворскага амаль што не было. А малую… Ды не!..
Калі я потым, зусім пад вечар, праходзіў там — маці яшчэ ўсё сядзела. Слата церушыла, навокал грымела, ракеты ўжо сям-там успыхвалі сцішнаватым святлом. Усіх ужо там прыбралі, забітых. А Касю жанчына ўсё не давала забраць. Яе не чапалі i не ўгаворвалі. Толькі малую прыкрылі дзяружкай.
Маці — я пастаяў там, воддаль, паглядзеў — раз-поразу адкрывала яе… разбітую галаву i ўглядалася доўга. Потым глядзела кудысьці. I на мяне, хоць i не бачыла, мусіць. I зноў на Касю… Зноў кудысьці… Дзе вораг. Дзе той бог… Такімі, хлопча, страшнымі вачыма…
Антоні змоўк.
А я ўсё чуў яго ранейшы задыханы крык:
«Ен тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..»
Прадвесне.
З неба імжыць, здаецца ад пачатку свету, дождж, — дакучлівы, халодны. А навакол, колькі відаць пад шэрым каўпаком з імглы i нізкіх хмар, уся зямля належыць юнкеру, i ўся яна густа пакрыта кучкамі гною.
Мы растрасаем яго цяжкімі, васьміраговымі віламі.
Я ўжо ў іншай камандзе, у іншым маёнтку. Побач тырчыць новы вахман, новы слуп, да якога мы прывязаны тут, на варожай зямлі. Калі i як парвецца гэта прывязь — невядома. Невядома таксама, калі прасохне вопратка на стомленых касцях, калі заціхне ў галаве панурае гудзенне голаду…
I вось тады на цёмную сцяну выбягае наш Сонечны Зайчык, наша пацеха — падлетак Стась Пшэрва, гдыньскі добраахвотнік. Ён перастае трэсці гной i, успёршыся на вілы, асабліва вялікія для яго, пачынае песню.
Нямнога слоў у гэтай песні.
— Раней, калі мы жылі на Мазоўшы, — расказваў неяк Стась, — i мату ля, i татусь-нябожчык служылі ў маёнтку. I матуля спявала з батрачкамі гэтую песню. Не памятаю, як там было, бо даўно мы прыехалі ў Гдыню. Па хлеб. I там матуля спявала таксама.
Слоў у песні нямнога, ды словы — простыя i горкія, як батрацкая доля. Баляць i рукі, i ногі, баліць i душа. «Калі б табе, сонейка, прыйшлося працаваць на пана, ты не стаяла б так доўга над лесам, — зайшло б хутчэй…»
Так — у песні, а для нас нават сонца не свеціць. I ў шчырым голасе хлопца не менш, відаць, беспрасветнай тугі, чым, бывала, у песні ягонай матулі-батрачкі.
Спявае Стась не ўпершыню, a ўсё ж i цяпер мы міжвольна спыняемся трэсці.
Вахману Кумбіру — не да нашых пачуццяў. Інтарэсы юнкера — інтарэсы дзяржавы. I абаропца ix крычыць:
— Давай! Давай!
— Ага-а! Не падабаецца табе такая песня! — ажывае Стась. Ён хапае пад паху вялікія вілы, i пальцы яго пайшлі перабіраць па ix васьмі рагах, як па струнах гітары.
Прыпеўка складаецца на хаду:
Nie patrz no tak krzywo
i nie rycz ze złości —
Przyjdzie czas i my wam
Porachujem kości.
Апошнія словы Стася мы пакрываем дружным рогатам.
— О, Пшэрва, Пшэрва! — прысядаючы, смачна смяецца кухар Збых.
Сымон Жарнак, здаравенны нёманскі плытагон, з асалодай сморкаецца і, абапёршыся на вілы, рагоча.
— Ёлкі зялёныя! — гаворыць ён. — Цяпер яшчэ каб закурыць!
Смяецца нават i шэры слуп, да якога мы тут прывязаны.
— Пшэрва фон, Пшэрва граф, Пшэрва міністр, — гаворыць ён.
I столькі ідыёцкай радасці на гэтай мордзе, што нам становіцца яшчэ смяшней.
Ды інтарэсы юнкера — інтарэсы «вялікага Райху». Вахман успамінае пра гэта i зноў, нібы заведзены, крычыць:
— Давай! Давай!..
Цяжкія вілы зноў пачынаюць трэсціся над шэрай раллёй, i сябар мой, Жарнак, гудзе — прыдумвае найлепшыя жаданні ўсім панам, праз якіх мы тут апынуліся.
Пра ўцёкі мы пачалі гаварыць, вядома, з першых дзён палону.
Наогул мара гэтая выказвалася ўголас, а практычны бок справы мы абмяркоўвалі па двух, па трох, i найчасцей перад сном, на саломе.
На першай арбайтскамандзе я шаптаўся з Антоніем. Ён быў беластачанін, там жыла яго маці, адна i старая. Сюды, у гэты маёнтак, мяне прывезлі ў лютым, з лагернага шпіталя, дзе я ляжаў два тыдні. Тут мне найбольш спадабаўся Сымон Жарнак: добры хлопец, дый землякі. Спалі мы побач. Ну i шапталіся. А злева ад мяне спаў ГІшэрва. Стась часамі шаптаў мне з другога боку. Пра тое ж.
— Калі я, Уладак, збіраўся на фронт, матуля дала мне вось гэты світэр. Яшчэ i браць, дурніца, не хацеў… Уладак!.. Ты спин? Як яна там цяпер, мая матуля?.. То ж я самы старэйшы ў сям'і. Антось малы яшчэ. Дзе ён i што ён заробіць!..
I прыпеўкі, i звонкі хлапечы смех знікалі некуды на ўсю ноч. Сонечны Зайчык туліўся да мяне, каб не званіць зубамі, i шаптаў:
— Уладак! Ты спіш? Добра вам, беларусам: вам ёсць куды ўцякаць. A ў Гдыні ж гітлеры таксама, як i тут.
А потым паўтаралася, як заўсёды, адно:
— Але i я таксама ўцяку. Вось паглядзіш.
— Спаў бы ты лепей, — гудзеў яму цераз мяне Жарнак.
Мы рыхтаваліся да ўцёкаў удвух з Сымонам, i толькі з ім гаварылі аб гэтым сур'ёзна.
Прыйшла вясна. Збіранне сіл завяршалася. Мы пачалі збіраць на дарогу хлеб. Сілы сабралася столькі, што нават у светлыя дні бывала цёмна ў вачах. Запасы хлеба папаўняліся за кошт гэтых сіл. Адну лустачку — мой ці Жарнакоў паёк — мы з'ядалі адразу ўранні, другая лустачка ішла ў энзэ. Парушаўся гэты парадак рэдка, — надзея на вызваленне часцей за ўсё перамагала голад.
Так прайшоў май. У палавіне чэрвеня я выпадкова пачуў, як пажылы рэзервіст Загродскі, марскі хваравіты рыбак, шаптаў маладому матросу:
— I ад мяне там, Ясь, пацалуеш каханую нашу айчызну… Прывітаеш там польскае мора…
Словам, ясна было, што збіраецца некалькі грун i кожная хоча вырвацца нершай. Пасля пачнуць пільнаваць нас яшчэ больш крута.
Ды Пшэрва, наш Сонечны Зайчык, апярэдзіў усіх.
Ён пайнюў адзін, нечакана для нас i па-блазенску непрадумана. Быццам упершыню дыхнула на яго салёным ветрам недалёкай Балтыкі, нібы здалося, як хлопчыку, які заблудзіўся на рынку, што куды ні пайдзі — усё роўна трапіш да мамы…
На нершай днёўцы хлопец не заснуў — ад радаснага хвалявання. Дзень здаўся бязлітасна i недарэчна доўгім. I Стась не выцерпеў, вылез з куста, пайшоў. Асцерагаўся, кажа, ды прыкмецілі. Даганялі — уцякаў, акружылі — пачаў адбівацца каменнем…
I вось апаўдні назаўтра яго прыгналі назад у маёнтак.
Утрох, пад наглядам старога парабка-цесляра, мы працавалі каля цыркуляркі. Частка каманды, з адным вахманам, рабіла штосьці ў садзе, а рэшта хлопцаў, з другім, пайшла ў поле.
Мы першыя ўбачылі Стася.
Яго нрыгналі два ўзброеныя вінтоўкамі малойчыкі з павязкамі гітлерюгенда. У падзёртым, укачаным мундзіры, без пілоткі, акрываўлены, Пшэрва ледзьве ішоў, a падышоўшы бліжэй, здаецца, не пазнаў нас. Праз кроў, што ўжо засохла на твары i ў растрапаных валасах.
— Дзе вахман? — спытаўся адзін з малойчыкаў.
Басаногія хлапчукі, якія ўжо аднекуль пазбягаліся, закрычалі наперабой:
— Ён у садзе! Вунь ён ідзе!
Рухавы, жоўценькі яфрэйтар Лерхе так спяшаўся выканаць свой абавязак, што не заўважыў нават як два маладыя героі тылу прывіталі яго, заядла ўзняўшы правыя рукі. Яфрэйтар на хаду зняў з рэменя карабін i сподбегу ўдарыў Стася прыкладам у грудзі. Хлопец хіснуўся i, ступіўшы два крокі назад, асеў. Абодва малойчыкі з візгам пачалі таўчы яго нагамі,— i хочучы падняць i разам з тым не даючы падняцца…
Затым пачулася траскатня матацыкла. Ехаў аконам.
Ен паспяваў адразу ўсюды. Уладанні юнкера распасціраліся ва ўсе канцы далека ад двара. I кожнай групе батракоў ці палонных, што працавалі ў полі, па некалькі разоў на дзень чуваць быў матацыкл. Калі ж ён заціхаў, гэта азначала, што аконам глядзіць у бінокль, шукаючы ці проста гультаёў, ці сабатажнікаў. Хадзіў i ездзіў ён заўсёды з кульбай. Клыпач, якога Пшэрва ахрысціў Гуляйнагой.
Цяпер, спыніўшыся каля нас, Гуляйнага сігануў з матацыкла i ўзяў сваю кульбу за другі канец…
Гэтага было ўжо цераз край.
Я падскочыў да аконама якраз тады, калі ён замахну ўся. Не ведаю, як гэта атрымалася, — можа, таму, што ён ад нечаканасці сумеўся, — але выхапіць кульбу з ягоных рук я паспеў. Пасля нехта збіў мяне з ног, ззаду ўдарыўшы па галаве, відаць, прыкладам, i ўстаць самому мне не давялося…
Больш за ўсё балела, здаецца, тое, што два нашы сябры — Карповіч i маленькі, набожны Цыдзік — не кінуліся на дапамогу. Уявіў сабе нават ад злосці, а можа, i ўбачыў, што белабрысы Карповіч яшчэ ўсё разважае, ці варта ўмешвацца, a Цыдзік трасецца i шэпча нешта сваёй «вастрабрамскай»…
Пад вечар — «ліквідаваць паўстанне» — прыехаў обер-лейтэнант з трыма салдатамі.
Мяне i Пшэрву паставілі да сцяны. На вачах у сяброў. Скаваныя камандай «смірна», яны моўчкі глядзелі на нас — два шэрагі па дзевяць чалавек. Мы не бачылі ix: перад намі была толькі цагляная сцяна канюшні, а пад нагамі, на жвіры, — рэдкая, маленькая трава i таксама тут нярослыя лісты лапухоў. Апошнюю сувязь з роднай хатай — пацёрты блакнот з трыма фотаздымкамі (пісем яшчэ не было) — забраў з кішэні прыезджы салдат. Тры шэрыя, бязмоўныя істоты ў касках, насаджаных нізка на вочы, — яны стаялі за намі. «Нашы» кулі былі ўжо загнаны ў патроннікі.
Месяцаў пяць перад гэтым плютановы Пронь успамінаў у бараку, на сцёртай саломе, варшаўскі май дваццаць шостага года — крывавую барацьбу пілсудчыкаў з эндэкамі за ўладу. Каля сцен цытадэлі пілсудчыкі расстрэльвалі потым палонных «бунтароў», i Пронь, тады яфрэйтар, камандаваў аддзяленнем. Расказваў пра гэта «махорка» спакойна, i ў цемры голас яго быў агідны: «Чатыры кулі, проша вас, у адну патыліцу. А хлопцы ўсё маладыя, чубатыя. Як жарнем, дык валасы i закрылі ўвесь твар».
Цяпер другі фашыст — пружыністы, крыклівы обер-лейтэнант з чарапамі на шапцы i каўняры — дзейнічаў хутка, i часу на роздум было ў нас няшмат. Я ўспомніў толькі свае валасы, i чужая, халодная думка — дакуль жа хопіць ix? — гудзела ў галаве, як апошняя сувязь i з нізкім сонцам скрозь хмары, i з цэглай, што вось, залітая яго святлом, хвалюецца i ходзіць у вачах. Але па спіне мітусіліся мурашкі. Здаровы, дваццацідвухлетні арганізм хацеў кожным нервам убачыць апошні свой момант i кожным нервам баяўся яго надыходу.
I вось пачулася каманда…
Не, не нашым забойцам.
Гэта нашых сяброў павярнулі направа. Яны пайшлі. На развітанне шорстка тупаціць па жвіры ix стаптаны абутак.
Каманда зноў…
Грымнула. Вочы — на нейкі момант раней — закрыліся самі…
Ды што гэта? Няўжо i потым не сціхае шум у галаве? Няўжо i тады яшчэ можна расплюшчыць вочы?.. Я адкрываю ix, i праз імглу плыве, хвалюецца безліччу роўных чырвоных цаглінак усё тая ж сцяна…
Зноў каманда.
Мяне паварочваюць ад сцяны.
Побач са мной — зноў той самы хлапчук з валасамі i тварам у закарэлай крыві. Перад намі — тыя самыя каскі, вінтоўкі, шэры колер варожай вопраткі.
Яны крычаць. Нехга смяецца, i я пазнаю, што гэта — аконам. Доўгі, мярцвецкі твар яго пад кепкай скрыўлены ад смеху…
…Мяне i Стася вахман Кумбір гоніць па вузкім i няроўным бруку палявой дарогі.
Абапал зялёныя дрэвы прысадаў. За імі — поле. Шэры вечар вось-вось павінен змяніцца дажджлівай ноччу.
Дзесьці не спіць яшчэ нямецкі юрок. Ён такі самы нецярплівы, як i нашы — i на ўскраіне Стасевай Гдыні, i ў нашай вёсцы пад Наваградкам. Усё навокал ведае, што будзе дождж, што i трава нап'едца ўдосталь, i галаве пад закарэлай крывёй палягчэе, а ён, дзівак, усё цвірынькае — просіць піць.
Няхай шчабеча. Нам няможна размаўляць. Нават калі мы зірнём адзін на аднаго, вахману здаецца гэта небяспечным. Ён крычыць, пагражае, што будзе страляць, i ты глядзіш перад сабой i моўчкі, цяжка ідзеш…
Вахман наш думае, здаецца, так:
«Обер-лёйтнанту добра, — пастрашыў, сеў з салдатамі ў машыну i паехаў. Яфрэйтару Лерхе таксама добра: застаўся з камандай i сядзіць цяпер недзе пад дахам. А то мо зноў да Марты палез пад пярыну. А ты гані праклятых палякаў у горад, дзе лагер. Дарогі чатырнаццаць кіламетраў, а пройдзена менш палавіны. I колькі ні крычы на гэтых разбойнікаў, яны хутчэй не ідуць. А дождж неўзабаве пачнецца. Вялікі дождж, будзе доўга ісці, будзе цёмна, i ў цемры яны шмыгнуць з дарогі ў кусты…»
На самым дне зачуханага вахманаўскага кацялка сядзіць, напэўна, i такая думка, што сёння палякаў можна было i не гнаць, што гэты скнара пракляты, аконам, на добры лад, мог бы паслаць з імі ў горад машыну… Ды большую частку мазгоў займае тое, што называецца пачуццём абавязку. «Фюрэр ведае, што робіць» — так гаворыць першая запаведзь часу. Усякае начальства — скажам, аконам ці той обер-лёйтнант — лепш ведае, чаго хоча фюрэр, i яму, радавому, Кумбіру, застаецца адно — паслухмяна выконваць. Чорт ix бяры! Гэта ж усё-такі не фронт!..
Мусіць, ад гэтых думак вахману робіцца раптам лягчэй. Ён пачынае нават жартаваць.
— Пшэрва — фон, Пшэрва — граф, Пшэрва — міністр, — гаворьщь ён, ледзь не крычыць. — Сёння Пшэрва быў трошкі капут!..
Мы маўчым.
Толькі дождж пачынае нарэшце ісці,— не сцярпеўшы, відаць, недарэчнага квакания шэрай двухногай істоты. Спачатку падаюць рэдкія, дужыя кроплі. Б'юць па нашых галовах, па бруку… Пасля, нібы здаволеныя такой разведкай, мільёны буйных кропель дружна абрушваюцца на зямлю.
Спачатку я стараюся стуліцца, нібы нават схаваць у каўнер галаву. Добра было б прыпусціцца да першага дрэва бягом, каб схавацца пад ім ад дажджу. Ды вахман палічыць гэта за ўцёкі. А на такіх нагах, як нашы, ад вінтоўкі далека не ўцячэш. Можа, адыдуць трохі рукі… ногі… галава…
Гляджу на Стася. Зайчык, нібы адчуўшы, што я думаю, усміхаецца. З пазаўчарашняга дня гэта першая ўсмешка.
— Добжэ, — гаворыць ён.
I ад гэтай усмешкі, ад гэтага слова, таксама першага сёння, мне робіцца лягчэй, як ад дажджу.
А дождж аблёг надоўга. Першы, гвалтоўны напор яго сціх, і, нібы вызвалены гэтым напорам, невычарпальны запас цёплых кропель бязмежным севам асядае на зямлю. Шчодрае неба спакойна шуміць, а прагная зямля гатова багацець бясконца. Многа сілы патрэбна таму, хто ўсіх корміць, i многа можна набрацца яе да світання. Усё навокал зліваецца ў адзін суцэльны, шэры, цёплы шум, i ў гэтым шуме я чую, здаецца, шчаслівыя, ціхія ўздыхі: «Як добра!.. Ах, як добра!..»
Нездаволены толькі вахман. Свінствам, праклятым свінствам называе ён мокрую шэрую цемру. Вінтоўка ўжо не на рамяні, яна ў яго руках. Каб мы не забываліся пра гэта, ён час ад часу штурхае то Стася, то мяне штыхом…
Калі ж адна сцяна прысадаў паварочвае раптам з гасцінца ўправа, на палявую дарогу, нам становіцца хоць трохі зразумелым, чаго ён хоча.
— Рэхтс ран! Направа! — крычыць ён, i мы сыходзім з бруку на пясок.
Дарога значна вузейшая за гасцінец, дрэвы абапал яе здаюцца вышэйшымі, чым на гасцінцы, i мы нібы ўваходзім у вузкі цёмны калідор.
У глыбіні гэтага калідора праз густую сетку дажджу зманліва, невыразна замігцеў агеньчык. Пасля, чым бліжэй мы падыходзілі туды, усё больш ды больш выразна ішло нам насустрач асветленае акно.
— Пшэрва — фон, Пшэрва — граф, Пшэрва — міністр! — зноў ажыў вахман. — Сёння Пшэрва быў трошкі капут. Цяпер мы ўжо прыйшлі, i Пшэрва будзе цалкам капут. Цяпер i Пшэрву i цябе, пракляты доўгі сабака, з'ядуць чорныя негры.
Мокры глыбокі пясок над нашымі нагамі зноў змяніўся брукам. Прыдарожныя дрэвы дайшлі да гушчы цэлага натоўпу дрэў, паміж якімі яшчэ цямней вызначаліся сілуэты вялікіх будынкаў. Маёнтак. За акном першага доміка, у глыбіні двара, праз дождж i лісце відаць былі іншыя вокны.
— Чорныя негры не тут, — гаварыў, зусім акрыяўшы, вахман. — Тут жыве мой добры камарад Гросман. Хальт!!
Мы спыніліся. Вахман пастукаў у акно.
Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, a з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына ў белай кашулі. Ён адшчапіў кручкі, піхнуў на двор абедзве рамы акна i высадзіў, ледзь не пад дождж, сваю лысіну.
— Хто там? А, Кумбір! Ты звар'яцеў, чалавеча, ці што?..
«Ыайлепшы камарад» зайшоўся сытым смехам.
Кумбір i сапраўды быў надобны на мокрую курыцу. Не выручала i вінтоўка, якую ён яшчэ ўсё трымаў у поўнай гатоўнасці атакаваць.
— Куды ж ты з імі, як дурань, у цемру такую ды ў дождж?
— Застрэліць трэба было, ды мы вырашылі, што здохнуць i самі. У штрафкампані[5].
— А навошта ў штрафкампані? Мы ix зараз да неграў пусцім. Да раніны толькі костачкі застануцца!
Зноў той самы — аж з самага чэрава — сыты, здаволены смех.
— Даволі ржаць, сухі вар'ят! Ідзі адчыняй тваю будку.
«Сухі вар'ят» пачаў апранацца. На вачах у нас ператварыўшыся з вясёлага таўсцюшка ў стандартнага вахмана пад плашч-палаткай, ён выйшаў на двор i з парогa ўключыў кішэнны ліхтарык. Мы пайшлі ад святла каля акон зноў у цемру. Спераду ішоў вахман з ліхтарыкам, ззаду другі — з настаўленай вінтоўкай. Смакуючы зусім шчаслівую развязку, задні вахман штурхаў то Стася, то мяне штыхом, паўтараючы мілыя жарты пра фона, міністра i неграў.
I вось мы ляжым на саломе.
У цемры, высока над намі, вызначаюцца шэрымі плямамі прадаўгаватыя вокны ў цагляным муры адрыны, праз якія да нашага слыху даходзіць той самы роўны, шчодры шум дажджу.
Саломы пад намі няшмат. Яна намокла ад нашай вопраткі, i мы бакамі адчуваем пагрозлівы холад цэментавай падлогі.
Не спім не толькі мы, — час ад часу ў цемры чуваць то шуршание саломы, то ціхі чалавечы шэпт.
Мы ведаем, хто тут. Як толькі адзін вахман зняў ca скабы вялікі замок, прыадчыніў палавіну дзвярэй i сказаў: «Калі ласка!» — другі штуршкамі нрыклада ўвапхнуў нас у шчыліну ўвахода. Стась спатыкнуўся на нешта, я спатыкнуўся на Стася, i мы ўпалі. Калючае святло ліхтарыка заплюшчыла мае вочы, а з-за святла пачуўся голас:
— Што, бачыце, праклятыя польскія свінні?!
Святло ліхтарыка перайшло з нашых вачэй убок.
Галавой да сцяны, раскінуўшы чорныя, аголеныя да лакцёў рукі, крыясам лялсаў чалавек. Да пояса ён быў накрыты шынялём. Твару амаль не відаць было, толькі тырчаў падбародак. З-пад шыняля віднеўся чорны з шэрай, святлейшай падэшвай ступак.
Вахман з ліхтарыкам ударыў ботам у пятку гэтага ступака i нечакана моцна гаркнуў:
— Устаць!
Чалавек на саломе рыўком падцягнуў свае чорныя рукі, успёрся на ix i. сеў.
Гэта быў… Так, гэта быў мой даўні i добры знаёмы. Над горкім лесам яго i я, вясковы падлетак, плакаў калісьці, чытаючы адну з найлепшых кніг майго маленства. Гэта быў чорны дзядзька Том, праўда, ужо з другой, яшчэ не напісанай кнігі пра лес шматпакутнага народа. Мне здалося, што ён, дзядзька Том, не па мёр, збіраючы бавоўну амерыканскаму плантатару Легры, бо хтосьці зноў прадаў яго — ужо сюды, дзе пануюць плантатары прускія.
— Устаць, праклятыя чорныя свінні!
У святле ліхтарыка яшчэ раз заміргалі сонныя вочы негра, i сноп святла пайшоў з яго ў глыбіню будынка… Адзін за адным на саломе сядзелі чорныя Томы — салдаты французскай каланіяльнай арміі. Між імі — некалькі белых нявольнікаў.
— Шварцэ нігер, — захіхікаў Гросман, — Вось я прынёс вам есці. Паглядзіце на гэтае мяса!..
Негры спачатку не бачылі нас. Цяпер мы з Пшэрвай міргалі вачыма ад калючага святла i не бачылі неграў. Пасля ліхтарык пагас, халодны цэмент падлогі адазваўся пад ботамі вахманаў, i, нарэшце, вялікія дзверы зачыніліся. За імі пачуліся бразгаценне замка, гутарка, смех i крокі па бруку.
Ціха i цёмна.
Цішыня шамацела спачатку саломай, а потым уздоўж сцяны пачуўся ціхі шэпт. I шэпт гэты быў незразумелы для нас, як шум дажджу i шамаценне саломы.
Шэпт як быццам краўся па саломе, шукаючы некага ў цемры… Вось ён пайшоў ад нас у той бок, па чорных галовах каля доўгай сцяны. Патаптаўся на месцы, шалпочучы сухой саломай, i вось павярнуўся назад. Ідзе сюды. Дайшоў да апошняга з краю негра, побач з якім я ляжу. Пазнаю — шэпт пытаецца ціха, шукае мяне. Так, шукае, — працягвае руку i ў цемры дакранаецца да маёй галавы. Пальцы яго пераходзяць з маіх валасоў на лоб, i цёплая далонь спыняецца. Знайшоў.
Дзядзька Том нешта шэпча, пытаецца.
Чаму я не ведаю яго мовы? I чаму ён не можа сказаць тое самае зразумела?..
— Стасю, Зайчык, ты спіш? Не ведаеш, што ён гаворыць?
— Не, не ведаю, — шэпча ён у адказ. — Яны гавораць, відаць, па-французску…
А шэпт не змаўкае. Людзі паўзуць да нас па саломе — адтуль i адтуль… Каля нас садзяцца, i я таксама паднімаюся.
— Ка-ма-рад… Ка-ма-рад!..
Адно вядомае слова, як новы дотык цёплай рукі, даходзіць да мяне з гэтага незразумелага шуршания.
— Камарад, хто вы? — шэпча той самы голас па-нямецку.
Нейкую сотню слоў гэтай мовы мы засвоілі за дзевяць месяцаў па лону. I я адказваю, што мы — палонныя, што сябар мой — «поле», паляк, а я — «вайсрусэ», беларус. Слова «вайсрусэ» не зусім, відаць, зразумелае для таго, хто пытаецца. I, каб упэўніцца, ён шэпча:
— Москаў, камарад?
— Масква, — адказваю я, i нечаканая гордасць гарачаю хваляю бяжыць на мяне.
— О-оо! — гаворыць яна галасамі людзей, што ў цемры сядзяць каля нас.
Побач ca мною, дзе дзядзька Том, зноў мацней шуршыць салома. Пасля чуваць — нешта рыпіць, нібы падэшва пад тупым шавецкім нажом. Да пляча майго дакранаецца рука, відаць, тая самая, што цёпла ляжала на маім ілбе. Я лаўлю гэтак добра знаёмы i так пажаданы пах. Хлеб трапляе нарэшце на зубы. Таксама рыпіць, як рыпеў пад нажом…
Потым у цемры шоргае i загараецца запалка. Язычок полымя выхоплівае з цемры некалькі чорных i белых людзей. Яны сядзяць на саломе, на голым цэменце. Яны глядзяць на нас. Усміхаюцца ўсе, — гэтая мова для ўсіх зразумелая.
— Арманд, — гаворыць той, што трымае запалку. — Леа Арманд, — таўчэ ён кулаком у грудзі. Хлопец белы, зусім малады яшчэ, як Стась. Запалка ў пальцах яго дагарае, i хлопец спяшаецца сказаць: — Бэльжык! Бэльжык!..
— Бельгіец, — з наіўнай гордасцю тлумачыць Пшэрва.
Арманд усміхаецца. I тут, пакуль паміж пальцаў яго ўзнятай рукі дагарэла запалка, у другой руцэ я заўважыў нешта бліскучае.
Навокал — цемра зноў. Запалка больш не загараецца.
Ціха-ціха грыміць «Інтэрнацыянал». Арманд іграе на губным гармопіку. Толькі пачаў — i сціх…
«Ці ты малы, мой добры, бедны Стась?.. Супакойся. Табе давядзецца яшчэ быць салдатам. I воля прыйдзе. Не плач».
А ён не слухае мяне. Ды, зрэшты, я нічога не кажу. Можа, i ён не плача, a толькі плечы яго… так уздрыгваюць пад маёю рукой?..
…Пазней, калі заціхла ўсё: i наша гутарка, i шуршание ca ломы, i шум дажджу — у прасветах акон, высока над намі, пачаў нараджацца дзень.
— Уладак, ты спіш?
За вокнамі, чуваць, прачнуліся ўжо вераб'і.
Хвіліна цііныні.
I зноў:
— Уладак!.. Я… Калі буду ўцякаць… Ну, другі раз… Дык я табе скажу. Абавязкова. Добра? I пойдзем разам.
— Добра, спі.
Наваг дождж не шуміць за сцяной. Чутно толькi — чырыкае руплівы верабей. Сеў, відаць, на акне i рад, што ноч i нягоды прайшлі. Нават думае, мусіць, што гэта ён перамог, бо шчабеча, здаецца, аб гэтым.
— Уладак! А нас… не застрэляць?..
«Дзівак ты, хлопча, — пытаеш, як быццам я ведаю. Спі».
Я не сказаў так, толькі падумаў.
Ну, а заснуць i сам не заснуў.
Фельдфебель Элер, дзябёлы вусач, загадчык лагернага склада вопраткі i абутку, стаяў перад глухою брамкай у казарменным плоце i лаяўся.
— О доннэрветар! — трубіў ён. — Дык гэта ж, мае апосталы, свінства!
Адзін з аддзелаў склада знаходзіўся ў казармах, каля якіх звычайна размяшчаюцца шталагі. Вечарэла сёння амаль ад самага ранку, i Элер з камандай палонных спазніўся вярнуцца з работы. Брамку, праз якую ямы штодзень вярталіся, вартавы ўжо замкнуў i ключ, вядома, забраў з сабою ў каравульню. Цяпер бяры ды ідзі ў галоўную брамку, рабі вялікі круг…
Фельдфебель вырашыў клопат прасцей. Цяжка падскочыў, усцерабіўся на брамку і, крэхчучы, гхавіс на ёй жыватом. Адзін з палонных, плячысты, куртаценькі дзядзька Янушчык, з лёкайскай увішнасцю падбег да шэфа i перабавіў яго на той бок.
Тады пералезлі палонныя, пераставіўшы цераз брамку вазок, на якім яны сёе-тое вазілі ад склада да склада.
— Наперад, мужы галілейскія, позна! — сказаў таўсцюх, i каманда пайшла па асфальце ў свой лагер.
Палонных было чатырох — два беларусы i два французы.
Побач з малым, рысістым Янушчыкам шырока сігаў i стрымліваў хаду здаравіла Калечыц, Саша-гарманіст, мой саслужывец у войску i сябар па нарах тут, у палоне. Чарнявы, ціхі, заўсёды задуманы. Не той гарманіст, што можа да ўпаду рэпіць кадрылі ды полькі, абы заплацілі,— іграе Саша таму, што самому гэта добра, i больш за ўсё іграе песні.
Знаёмства наша пачалося з вальса «На сопках Маньчжурыі» — журботнай песні пра славу без перамогі. Пачуўшы гэты вальс у казарме, я пайшоў па лабірынце двух'ярусных ложкаў на гукі гармоніка, убачыў музыку i ўжо назаўсёды вылучыў яго для сябе з натоўпу стрыжаных навабранскіх галоў. Вочы, якія хочуць так многа сказаць. Амаль дзіцячая душа, многа якой выліваецца ў ціхай, шчырай ігры…
Мы разлучыліся ў дні вайны, a зноў сустрэліся ўлетку саракавога года, у лагернай штрафкампані. Саша ўцякаў дахаты, i злавілі яго недзе ў Польшчы. Ужо не з тым гармонікам, які ён прывёз у войска з роднай вёскі каля Валожына, а з новым, нямецкім. Палонныя, што працавалі на арбайтскамандах, атрымлівалі па трынаццаць марак у месяц, бонамі, за якія, праз вахмана, можна было купіць толькі тое, што не ахоплівалася картачнай сістэмай: кавалак мыла, пачак тытуню, люстэрка, брытву, чамадан, гармонік ці мандаліну. Сябры па арбайтскамандзе ў складчыну набылі Калечыцу акардэон, i ціхае дваццацідвухгадовае дзіця пайшло пасля з гэтым скарбам дахаты — з Германіі ў Беларусь, начамі… Калі Сашу прыгналі ў нашу штрафкампані, я заўважыў i пазнаў яго здалёк, у брамцы. З музыкай за плячыма, яшчэ больш схуднелы i доўгі. Калечыц ішоў перад вахманам без шапкі. Ён быў з чорным «гарохавым» чубам, мне яшчэ незнаемым, адгадаваным у палоне. Сустрэў Сашу, як i кожнага штрафніка, унтэр Кугель, гарладзёр i кацюга. Тры здаравенныя поўхі, першае прывітанне штрафкампані, навічок атрымаў адразу, каля ўвахода ў нашу драцяную загарадзь. I ён, ужо адзін, ішоў насустрач мне — яшчэ да слёз чырвоны ад новай крыўды, але ўжо з усмешкай на даўно няголеным твары, размахваючы доўгімі рукамі.
I вось ужо больш за паўгода мы спім побач, спачатку ў штрафным, а з восені — у агульным бараку. У галавах нашых нараў, на палічцы, стаіць бывалы Сашкаў акардэон, найбольшы скарб барака № 3.
Цяпер Калечыц ішоў у першай пары, глядзеў на бычыны карак фельдфебеля i ўспамінаў тры курыныя яйкі. Пазаўчора Элер прынёс ix аднекуль, вельмі задаволены ўдачай. I сапраўды — перамога! Па харчовых картках прыходзілася па адным яйку ў тыдзень на кожнага немца, а тут!.. Эх, доннэрветар!.. Але як толькі фельдфебель выняў ix з кішэні, каб нахваліцца, адно залатое яйка раптам упала з рукі на брудную падлогу склада і, пэўна ж, разлілося. А гэты дзябёліна стаў ракам i, амаль прыпаўшы вусамі да закарэлай дошкі, хлябтаў сырую яечню i толькі хрыпла пакрэктваў, прыцмокваў ад задавал ьнення…
Сашавы думкі перабіў палонны, што ішоў за ім. Таксама чарнявы, але куды шчуплейшы, нават маладзейшы з выгляду. Француз Ружэ. Ён незнарок наступіў Калечыцу на пятку i з вінаватай усмешкай дакрануўся да яго пляча:
— Пардон, Сашка. Ві-ба-чай.
Імя гэта ці прозвішча — Ружэ, Калечыц, добра не ведаў. Бо колькі тут можна даведацца адзін пра аднаго, калі пры сустрэчах карыстаешся ўсмешкамі, жэстамі ды тым нейкім дзесяткам нямецісіх слоў, якія кожны з ix калечыў па-свойму? Праўда, Ружэ пачаў вучыцца ад Сашы слоў беларускіх і, у сустрэчным парадку, вучыць таго па-французску. Ну, ведаюць — адзін: «мерсі», «пардон», «сіль ву пле», другі: «дзякую», «вібачай», «калі ляска»… Пацеха толькі, прыемная забаўка. A ўсё ж яны змаглі дагэтуль сяк-так узаемна даўмецца, што Сашка — земляроб, «бляншрус» i цяпер ужо «савецік», а Ружэ — рабочы, ткач i таксама (кулак, узняты з усмешкай) «рот фронт». Француз быў прыгажун з малымі, белымі, нібы жаночымі рукамі. А беларус, хоць i рахманы, любіў па-хвацку вітацца. Калісьці, знаёмячыся з Ружэ, ён добра-такі ціскануў яму руку. Хлопец ахнуў ад болю, а потым, з поўнымі слёз вачыма, паказаў збянтэжанаму «бляншрусу» сваю малую, знявечаную руку i расказаў, растлумачыў па-іхняму, пра сваё няшчасце. Летась, калі Ружэ працаваў на будаўніцтве аўтастрады, ваганетка падмяла яго i зламала руку ў запясці. Яе злячылі няўдала: каму там было непакоіцца…
Чатырох палонных, што працавалі на складзе, таўсцюх фельдфебель называў то «апосталамі», то «мужамі галілейскімі». Паўтараў ён гэта па сто разоў на дзень з аднолькавым задавальненнем. Ружэ прыйшоў на склад, пятым апосталам, два тыдні таму назад. Хлопец спалохаўся, што яго, паколькі рука ўжо залячылася, могуць яшчэ, чаго добрага, зноў пагнаць да ваганетак. А на складзе было не толькі лягчэй ды цяплей, але ж i пажывіцца мог чалавек чым-небудзь. Увесь шталаг зайздросціў гэтай маленькай арбайтскамандзе.
Худы, чарнявы хлапчына стаяў ля парогa, сумна, з надзеяй глядзеў на Элера сваімі чорнымі вялікімі вачыма i, на французскі лад калечачы нямецкія словы, прасіўся:
— Іш віль арбайт. Ішь віль зэр гут арбайт… [6]
— Што цябе, бязрукага, узяць? — загрымеў, натапырыўшы рыжыя вусы, фельдфебель. — Ёзап, дай мне мой рэвальвер!..
Увішны лёкай Янушчык падсунуў свайму таўсцюху чорную дзвярную ручку, i фельдфебель грозна прыцэліўся. Ды на яго зусім сур'ёзна глядзелі глыбокія, напоеныя горкім сумам вочы юнака, i Элер апусціў свой «рэвальвер».
— Ну, добра, працуй. Паглядзім, што з гэтага. выйдзе.
Пад вечар, калі да кухні пад'ехала машына з хлебам, грозны таўсцюх, вельмі зацікаўлена чытаючы на хаду газету, даволі спрытна прыхапіў з кузава булку хлеба, прынёс у склад i раскроіў на пяць кавалкаў. Чатыры, роўныя, раздаў старым апосталам, а пяты, большы, даў Ружэ.
Праз некалькі дзён зоркае вока каменданта шталага прыкмеціла, што ў Элера не чатыры, а пяць памагатых. Сухі, крыклівы маёр загадаў фельдфебелю аднаго неадкладна прагнаць. Калі таўсцюх паведаміў гэта сваёй камандзе, Ружэ збялеў i памкнуўся да дзвярэй.
— Гальт! — закрычаў фельдфебель. Ён грозна паглядзеў на сваю пяцёрку i тыцнуў пальцам на француза Лекашэ: — Ты тут найбольшы лайдак. Ты заўтра не прыходзь.
Выбар гэты быў Сашу прыемны ўдвая. Па-першае, таксама, як i Янушчык, куртаты Лекашэ быў яшчэ большы за таго падлізнік. Пры ім «апосталы» асцерагаліся не толькі ўзяць сабе ці сябру які-небудзь шалік ці шкаргіэткі, замяніць падраныя чаравікі на навейшыя, але ж нават i ўголас падумаць нра такое «злачынства». I гэта ў той час, калі сам ix наглядчык, заўважыўшы штосьці такое, толькі крычаў: «Ага, на складзе завяліся мышы!» — або i наогул, не заўсёды ўдала, рабіў выгляд, што нічога не бачыць. Па-другое, i, відаць, галоўнае, — Саша ўжо не хацеў разлучацца з Ружэ.
Зрэшты, адстаўку Лекашэ ўся каманда ўспрыняла з палёгкай, уключаючы i самога Элера, якому двух лёкаяў было, аказваецца, мнагавата.
Цяпер Ружэ ішоў у пары з сівым, крыху ссутуленым мусье Дэмазье. Гэта быў вясковы настаўнік, всльмі маўклівы, дабрадушны чалавек з вялікімі акулярамі ў касцяной аправе. Спачатку сам ён не краў. Аднак, заўважыўшы, як Саша ці Ружэ, які, дарэчы, вельмі хутка асвоіў гэты промысел, бралі штосьці з вопраткі, надзейна хаваючы здабычу ў бяздонныя французскія шаравары, стары ківаў галавой i ўсміхаўся, нібыта хочучы сказаць: «I правільна. Не голым жа хлопцам хадзіць. Глядзі толысі не пападзіся». A днямі мусье Дэмазье, иарэшце, абасмеліўся i сам…
Падумаўшы пра гэта, Саша на хаду азірнуўся i падміргнуў старому: «Што, гуманіст, нясём i мы?» У шараварах таго хаваліся сёння цёплыя англійскія шкарпэткі, па адной у кожнай калашыне. Гэта, відаць, яшчэ ўсё i бянтэжыла i палохала педагога. Ды ён усміхнуўся ў адказ значна, як Сашу здалося, маладзей, чым заўсёды. Што ж, сёння яшчэ адзін хтосьці сагрэе ногі i душу сяброўскай спагадай!..
Ружэ i Дэмазье цягнулі за дышаль нізкі, шырокі вазок, на гэты раз пусты.
На павароце ў лагерную браму ім сустрэлася худая, панура палахлівая фрау ІПустэр, прыбіральшчыца каменданцкага барака. Таўсцюх Элер з ходу закідаў яе пошлымі салдацкімі жартачкамі. Жанчына не адказала i не ўсміхалася. I ад гэтага Сашу яшчэ больш агідным здаўся лёкайскі Янушчыкаў рагаток.
У браме, вітаючы фельдфебеля, пажылы вартавы пад каскай стукнуў абцасамі i падцягнуўся на «смірна». Уся каманда, бьщцам нават урачыста, уплялася ў шталаг.
…У шавецкай майстэрні тым часам яшчэ ўсё папорвалі ды пастуквалі.
I тут былі палонныя розных нацыянальнасцей, аднолькава заваленыя работай.
На стал ах i пад сталамі ляжалі боты i чаравікі, проста горбамі i ў мяшках. Падкутыя, падбітыя цвікамі. I ўсе яны, таксама як i людзі, што перакідалі ix з месца на месца, былі малыя i большыя, зношаныя i навейшыя, французскія i польскія… Кожная пара ix, каб толькі магла гаварыць, расказала б, можа, не горш за людзей, пра вельмі многае. Як яны легка скакал i па казарменных сходах, ганарыста адбівалі парадны крок на польскім бруку ці на бельгійскім асфальце; як яны потым тапталі палітую кроўю ці пакрытую попелам зямлю i як, нарэшце, мурзаліся гноем у баўэрскіх кароўніках ці на юнкерскіх горбах кампосту i адбівалі вялы рытм няволі на дарогах фашысцкай Нямеччыны…
Але боты маўчалі.
A людзі яшчэ ўсё працавалі ці больш прыкідваліся, што робяць нешта, i непакоіліся, як гэта сёння так зацягнуўся «фаерабэнд» — канец рабочага дня, Даўно пара па бараках. I шмат каму ўжо хочацца запусціць чаравікам ці ботам у спіну загадчыку-немцу, які пра гэта забыўся.
Загадчык майстэрні, нярослы, прыгожанькі салдат, стаяў, да лакцёў паўсаджваўшы рукі ў кішэні штаноў, i абурана сакатаў:
— Ці ж ты, доннэрветар, дагэтуль яшчэ не ведаеш, што спачатку трэба цэтлік занесці да repa фельдфебеля, каб ён падпісаў, а тады ўжо сюды? Гэта ж няхай ён, Элер, толькі даведаецца! Ты ведаеш, што тады будзе?..
Перад ім стаяў беларускі дзяцюк у зношаным польскім мундзіры, у клёшных англійскіх портках i зялёна-сіняй з чырвонымі кантамі нарвежскай шапцы. Ён трымаў у руцэ старыя чаравікі, якія ўжо ледзь не галосячы прасілі кашы, a ногі яго, абкручаныя каравымі анучамі, стаялі ў вялізных i размалёваных, як разінскія чаўны, галандскіх драўляных клюмпах з пацешнымі пупсікамі на насках. Хлопец, відаць, дпямі прыехаў з вясковай арбайтскаманды i не ведаў пра новы парадак з рамонтам.
А справа выглядала так. Элер заўважыў, што ў лагеры гэтай зімой развялося зашмат абутку i пачалася спекуляцыя. Шаўцы зараблялі на гэтым найбольш, камбінуючы i абутак i работу налева, а законна здадзенае ў майстэрню доўга ляжала там нечапанае, чакаючы чаргі. Фельдфебель вырашыў увесь рамонт прапускаць толькі праз уласныя рукі.
Дзяцюк з чаравікамі стаяў перад немцам моўчкі. Думалася яму, відаць, слухаючы на большую палавіну незразумелае сакатанне, што ўсё гэта — тое самае ліха, што i ў польскіх казармах калісьці. Пагаўкае ды сціхне. Але той не сціхаў.
Тады крайні шавец, даўгатвары хлапчына на крывых здаравенных нагах, не вытрываў:
— Не бойся, Корань. Гэта фэст хлопец, так толькі любіць пажміндзіць. Ты пачакай…
I, каб паказаць сябру, як ён тут проста жыве з начальствам i як ўжо ўмее па-іхняму, ляпнуў загадчыка па рукаве.
— Лясма, Вілі,— сказаў.— Ix моргін фертык махін i фільфебель нікс вісан. Ганцэгаль. Ушыстко едно, мэнш! [7]
— Ты так думаеш, Штэфан? — памякчэў немец. — Аднак, мілы мой…
Ен не скончыў, а той, у галандскіх чаўнах, не паспеў усміхнуцца, што з рамонтам, відаць, атрымаецца, — калі адчыніліся дзверы i з двара паказалася вусатае мурло фельдфебеля…
— Слухай, Вілі,— пачаў Элер i раптам заўважыў няшчасныя чаравікі.— Ага! — загрымеў ваяўнічым, усцешаным голасам. — Зноў адзін без цэтля! Зноў спекулянт!
Таўсцюх нечакана рухава ўляцеў у барак, схапіў чаравікі з рук перапалоханага чаўнаносца i шпурнуў ix у дзверы, над галовамі сваіх «апосталаў».
Няўдала. Звязаная пара падкутых салдацкіх грукачоў перакулілася ў паветры так, што адзін з ix ударыў Ружэ.
Хлопец ахнуў, хапіўся аберуч за скронь i сеў на свой вазок.
Нават дзядзька Янушчык абурыўся. Праўда, па-свойму.
— Ну, гэтак нікс гут, — сказаў з асцярожненькай смеласцю. — Гэтак, фельдфебель, нікс махін…
А Элер ужо трымаўся за дзвярную клямку i глядзеў сюды, больш тупа, чым збянтэжана.
Саша — ён потым сам так гаварыў мне — стаяў як пень i пазіраў то на Ружэ, то на фельдфебеля, то на сяброў.
A ўсе маўчалі. Так, здаецца, доўга-доўга…
Ружэ парушыў гэтае маўчанне. Калі ён адняў ад твару свае жаночыя рукі — там не было ўжо мілай, сумнай усмешкі… Цярплівасць падарвалася, i маладое сэрца — з болем крыўды i спутанай страсцю нянавісці — успыхнула раптам і, бяссільнае, толькі заплакала. А за ім заплакалі i чорныя, летуценныя вочы…
Сівы мусье Дэмазье апамятаўся першы: ён пачаў неяк збянтэжана гладзіць то разбіты цвікамі твар юнака, то — чамусьці — яго седлаватую, з вострымі чубікамі пілотісу.
— Ціха, ціха, мой хлопча, ціха, харошы, — шаптаў ён нешта накшталт гэтага па-французску i азіраўся раз-поразу на фельдфебеля.
Пасля дастаў з кішэні сігарэты. Ружэ апошні раз усхліпнуў i ўзяў а дну з ix доўгімі, спрытнымі пальцамі левай рукі. Стары шаркнуў запалкай i падставіў хлопцу кволы агеньчык. Ружэ, аднак, дыхаў яшчэ неспакойна — агеньчык згорбіўся, упяўся i прапаў. Ды ўжо да тытуню прыліпла жывучая зорачка жару. Ружэ пацягнуў разоў колькі i ў губах падставіў сігарэту мусье Дэмазье. Пакуль той пыхкаў, цягнучы агеньчык да сябе, за цяжкімі акулярамі старога настаўніка юнак убачыў іскрынкі слёз i, вядома ж, усхліпнуў зноў.
Саша дарэмна прыкусваў губу. У вачах стала цёпла, i па халодных шчоках папаўзлі няпрошаныя, горкія, ужо даўно накіпелыя слёзы. Бо ў ix было адразу ўсё — i даўняя глыбокая туга, ад якое парой падкочвае да горла рыданнямі, калі хочацца ўпасці на нары, i, схаваўшыся з галавой пад вашывыя транты, крычаць на ўвесь свет, i душыцца ад плачу, i хвастаць мазольнымі кулакамі па фельдфебельскім мурле, i гладзіць любы твар Ружэ — яшчэ з большай пяшчотай, чым гэты сівы стары!..
— Слухай, Ёзап! — пачуўся раптам хрыплы Элераў бас. — Ты скажы яму, Ёзап, — гаварыў ён чамусьці Янушчыку, — што я незнарок, што сёння позна ужо, a заўтра я яму хлеба дастану. Цэлую булку! Аднаму яму!..
Ноч выдарылася як па заказу: цёмная, пасля дажджу. За вокнамі барака, дзе размяшчалася наша каманда, чутно было, як безупынку сакаталі конікі i над мокрымі мэндлямі жыта каля брукаванай дарогі сумна шумел i бярозы.
Апоўначы мы выбраліся са свае «буды» на ўскраіне заводскага пасёлка — назаўсёды. Не ўсе, a толькі ўтрох. З трыццаці нашых сяброў большасць спала, пасля нялёгкай працы моцна, а хто прачнуўся, калі мы збіраліся, той ці маўчаў, ці жадаў нам шчаслівай дарогі, ці ўголас баяўся…
Наіўна асцярожныя, мы перайшлі дарогу задам, як мядзведзі, а потым павярнуліся на ўсход. Шарахцелі ржышчам, брылі па свежых роллях, па моры соннага калосся ярыны. Ішлі шпарка, устрымліваючы, каб не бегчы, прапускалі праз пальцы i зрывалі вільготныя пшанічныя каласы i нават ціха, гулліва ржалі…
З таго часу мы сталі начнымі людзьмі.
Зоркі вялі нас на ўсход. Вясковыя хлопцы, мы былі дрэннымі астраномамі. Ва ўсёй мігатлівай жарстве, што асыпала нашу высокую столь, мы пазнавалі перш за ўсё Вялікую Мядзведзіцу. Яна была ў нас заўсёды па левай руцэ, a трошкі правей ад Зараніцы быў родны наднёманскі край. Туды цягнула нас, як цягне стрэлку компаса на поўнач.
Дзесятай ноччу мы прабіраліся па абшары памешчыцкай бульбы. Ішлі амаль да пояса мокрыя; ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку i непрыемна нылі пад каленьмі. У грудзях таксама нешта балюча ныла — ці то з сярэдзіны, ці зверху.
Цярплівасці мы назапасіліся нямала, але ўсё ж час ад часу хацелася крыкнуць: «А ліха ж вам з вашаю бульбай, праклятыя юнкеры!..»
Досвіткам напаткалі на ўскраіне лесу нейкую самотную адрыну, а ля яе вялізны шэры стог старой саломы. Спакуса была вялікая. Каторы ўжо дзень мы то моклі ў кустах пад дажджом, то ад зямлі нацягваліся холадам. Асдярожна i з таго боку, дзе стог амаль упрытык туліўся да сцяны адрыны, мы залезлі на саламяную вышыню, выграблі бярлогу i ляглі. Мікола, як заўсёды, забяспечыў маскіроўку. Пасля ён прытуліўся да мяне, i, засынаючы, я чуў яго шчаслівае пашэптванне.
Калі я прачнуўся, сонца стаяла яшчэ ўсё высока. Праз салому, якой Мікола прыцерушыў наша гняздо, праменні яшчэ даставалі нас. Першым пачуццём, з якім я ўбачыў ix, была тая самая злосць на доўгі, бясконца доўгі летні дзень. Грудзі нацягнуліся сухота, гаркавага саламянага пылу, i так хацелася выбрацца наверх, ісці. Ды яшчэ было рана, а хлопцы спалі. I я маўчаў.
Неўзабаве здалёк дайшоў гудок паравоза, а потым усё бліжэй чулася грукатанне вагонных колаў.
— Цягнік.
— А ты не спіш ужо?
— Даўно.
— I ўсё думает?
— Думаю, Уладзік…
Пра што ён думае, я не пытаюся: думаем мы, як відаць, пра адно. Быў жнівень сорак першага года…
— Вось ён пайшоў, яшчэ адзін цягнік, — ціха, павольна гаворыць Мікола. — Туды, напэўна, на ўсход. Новыя танкі павёз, новых салдатаў… Нашы там кроўю абліваюцца, а мы…
Трэці сябар, Калодка, хроп, спакойна, па-хатняму прысвістваючы носам. I ў гэтым яго бестурботным храпенні было нешта такое, ад чаго станавілася яшчэ больш прыкра чакаць.
Пасля, калі праменні сонца пачалі патроху вылазіць па саломінках з нашай бярлогі наверх, штораз, то ўсё чырванейшыя, а нарэшце i зусім падняліся з яе, Мікола не вытрымаў — высадзіў галаву.
— Хутка зойдзе, — шапнуў ён. — Нехта яшчэ вунь корпаецца ў бураках. Адзін. A буракоў, буракоў — ёлкі-палкі! Панскія, мусіць. Усюды паны. Вунь нейкі мурза па шпалах папоўз.
— Не паказвайся.
— Думаеш, блізка?.. А тут i лес зусім, зусім пад бокам. A бярозкі якія!.. Якраз як у нас… Сёння ж субота: нікога на полі не будзе ўжо. Ну, Уладзік, вылазь.
Я паслухаў i высадзіў галаву.
На захад распасціралася плантацыя цукровых буракоў. Нейкі мужчына хадзіў па ix воддаль, прыгнуўшыся, i абрываў бацвінне. На ўсход, ускраінай лесу працягнуліся чатыры струны чыгуначных рэек. Каб не рэйкі ды шпалы i жвір, верасы i бярозкі прыйшлі б да самага стога. Сонца заліло ix на развітанне барвовым, раскошным святлом.
Мы разбудзілі Калодку. Той апрытомнеў i пачаў, абіраючы з твару салому:
— Усё, хлопцы, як усё. Супачыці-то добра ўдалося, а каб гэта яшчэ i наесціса. Бо ўжо ж i ногі слухаць не хочуць.
Мікола ўсміхнуўся, а потым, нібы не стрымаўшы новага прыступу весялосці, гыкнуў.
— Чаго ты? — спытаўся Калодка.
— З цябе.
— Які ж тут смех з мяне? Што чалавек пад'еў бы?
— Вядома. Хочаш у старцах жыць ды з перцам есці. Ну, сядзем на сані.
Мікола першы з'ехаў уніз.
Па аднаму, уперабежку перабраўшыся цераз чыгуначнае палатно, лесам мы рушылі смялей.
Такі ўжо склаўся парадак, што я ішоў заўсёды першы, за мной амаль зусім нячутна ступаў малы i спрытны Мікола, i ззаду чмыхаў Калодка, спакойна i бясстрашна, нібы ў свой Кобрын на кірмаш.
Гэты жанаты, цяжкі паляшук наогул быў вялікі аптыміст. На днёўках спаў, няхай здароў будзе, як мядзведзь. Надоечы пракашляў увесь дзень пад кустом, а потым апраўдваўся тым, што «ніяк жа ж не мог устрымацца…». Ідучы, ён грукаў вялізнымі артылерыйскімі ботамі, нібы Коласаў дзядзька ў Вільні, i часта, на хаду, любіў паразважаць уголас. «Сядзі, сядзі сабе, бойса, — гаварыў ён пра тых, што яшчэ засталіся ў няволі.— Ты бойса, а я прыйду дахаты, адрэжу сабе ад бохана колькі мая душа захоча, i паглядзім, каму будзе лепш…»
Калодка пайшоў з намі вельмі ахвотна, відаць, з цвёрдай упэўненасцю, што гэтыя два завядуць яго проста дахаты i нават пасадзяць за стол. Што будзе далей — няважна, абы нарэшце пад'есці. На першай днёўцы ён так старанна прылажыўся да нашага запасу хлеба, што яго паменшала адразу на некалькі дзён, а мы з Міколам першы раз уздыхнулі.
Выбар быў мой, i, грэшны чалавек, калі б Калодку выбіраў у спадарожнікі не я, a Мікола — я ўжо не раз упікнуў бы. A Miколa маўчаў, употайкі глытаючы нездавальненне, а потым нават пачаў i смяяцца.
Ды смеху было няшмат, i смех гэты быў rap капа ты, а часам i зусім горкі. Дарогі яшчэ гэтак многа, a ногі ўсё тыя самыя. Хутка восень, а мы без шынялёў… Думалася спачатку, што голад у полі не страшны: дзе каласок, дзе бручка, дзе бульбы спячэш… «Жылі ж калісьці святыя ўгоднікі па цэлай сотні год», — смяяўся Miкола. I мы клявалі каласы, ахапкамі бралі на пракосах гарох i на хаду вылузвалі струкі, разоў ca тры варылі ў кацялку бульбу, адзін раз нават з маслякамі. Аднак, калі на пятую ноч уцёкаў мы ўбіліся ў нейкую пушчу i толькі праз двое сутак выйшлі на яе ўсходнюю ўскраіну, Мікола заключыў, што святыя ўгоднікі, як відаць, не ўцякалі з палону… Ногі цяжэлі з кожным днём. I ўсё часцей скрыгатала па сэрцы ўздыханне Калодкі: «Эх, каб наесціса!..»
Учора на досвітку, выйшаўшы з пушчы, знайшлі мы абрывак нямецкай газеты. Мяркуючы па даце, якой азначаны былі дзве карэспандэнцыі з розных раёнаў, яе пакінуў нехта нядаўна, і, значыцца, друкавалася яна недалёка. А па назвах раёнаў — Дойч Кронэ i ПІнайдэмюль — можна было меркаваць, што мы знаходзімся паблізу ад былой польска-нямецкай граніцы. Адкрыццё асабліва па сэрцы ці, лепш, па нутру прыйшлося Калодку.
— Я вам кажу, што гэта Польшч ужо, — гаварыў ён, уперавалку сігаючы за, Міколам. — Дакуль жа быць Германіі — дзесяты дзень ідзём. I газетка ж таксама піша. Нават i свет запах, здаецца, інакш. A калі Полыцч, дык будзем сёрбаць боршч.
— Пасёрбаеш, — сказаў з усмешкай Miкола. — Я цэлы год адсёрбаў, годзе.
У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў i папаўся з-за гэткага вось самага баршча: зайшоў на хутар папрасіць пад'есці, а там якраз салдат, сын гаспадарскі ў адпачынку…
Ды для Калодкі гэта быў не доказ.
— Ну, ты нам пра тое каторы ўжо раз! Ты ж на сабаку нейкага наткнуўся. А гэта ж свае, палякі. Накормяць.
— Давай! Разяўляйся шырэй!..
I вось тады, нібы для таго, каб спыніць гэтую спрэчку, перад намі, у лесе, пачулася песня. Хлопцы сціхлі, i мы спыніліся.
Насустрач нам паўзла між асакі i папаратніку вузкая, звілістая сцяжынка, а па сцяжынцы нехта зусім маладзенькі нёс нам польскую песню:
Ту pójdziesz górą,
Ту pójdziesz górą,
A ja doliną.
Ty zakwitniesz różą,
Ty zakwiteniesz różą,
A ja kaliną…
— А што — не казаў я, а што? — паспеў усцешыцца раней за ўсіх Калодка.
А потым мы, без каманды, нырнулі ca сцежкі ў кусты.
Спыніць дзяўчынку, не спалохаўшы, было даручана мне. Знешніх дадзеных, якія падкупілі б спявачку адразу, у мяне было не больш, чым у сяброў. Пазаўчора я аглядаў у вадзе нейкай пушчанскай сажалкі сваё даволі журботнае адлюстраванне. Паўпадаўшыя вочы глядзелі з-пад брывей, нібы з-пад прыпека, а твар накрывала густая чорная пожня. Аднак цяпер я стаў за бярозу, i сэрца мае забілася так насцярожана, нібы мне трэба было — не толькі трэба, а неабходна! — го лай рукой злавіць на галінцы бярозы маленькую, палахлівую птушку…
I вось дзяўчынка паказалася, — спачатку мільганула паміж дрэў, на паваротах сцяжынкі знікаючы за зеленню кустоў. Яна спявала, i — услед за голасам — усё набліжаўся, ясней вырысоўваўся воблік спявачкі. Вось, праз зялёную сетку лісця, ужо зусім недалёка паказалася светлавалосая галоўка. Яшчэ бліжэй. Стракатая сукенка пашыта, відаць, даўно: тонкія, загарэлыя ногі дзяўчынкі здаваліся пад ёй залішне доўгімі. Не па гадах прыкметна яна махала рукамі, асабліва далека назад закідаючы правую. Рукі таксама здаліся мне даўжэйшымі, чым трэба. Відаць, не па ўзросту вялікі цяжар прыходзіцца ёй паднімаць…
Песню сваю дзяўчынка цалкам не ведала, — праспяваўшы дзве першыя страфы, яна зноў завяла ад пачатку:
Ту pójdziesz górą,
Ту pójdziesz górą,
A ja doliną.
A голас — амаль зусім дзіцячы яшчэ — да болю сардэчна расказваў аб тым, як цяжка расцвітаць калінаю ў няволі.
Я меў няпоўных дваццаць чатыры гады, тры з якіх забралі панскія казармы i гітлераўскія лагеры. Столькі было тугі па свабодзе i мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы!.. I вось яна ідзе — ужо не проста сябар нядолі, палонны, ужо не фашыст з аўтаматам, а першая ўсмешка свабоды!.. Так мне здалося, ледзь не да слёз… Дзяўчынка амаль параўнялася з бярозай, за якой я стаяў. Трэба было гаварыць, а я ніяк не мог пачаць. I ўжо тады, калі застаўся ёй апошні крок, пасля якога мой голас быў бы вокрыкам ззаду, — першае слова з натугай сарвалася з майго языка.
— Дзяўчынка, — ціха сказаў я на-польску. I, перш чым яна паспела спалохацца, дадаў мацней: — Я свой. Не бойся.
А яна ўсё ж такі спалохалася. Загарэлыя тонкія ногі занылі, здаецца, зусім прыкметна. Ды ненадоўга. На вуснах i вачах малое паказалася нясмелая ўсмешка, амаль зусім прыкметна праясніла твар, i вось, як апошні доказ, што дзяўчынка прызнала ва мне свайго, яна сказала:
— Дзень добры!
Я працягнуў руку. Малая не задумвалася нават на момант: маленькая далонь, на якой я адчуў мазалі, i ўсе пяць малых i цёплых пальчыкаў схаваліся ў маёй бруднай, вялікай жмені.
— Пан ест наш. Пан уцека з няволі. Позналам адразу.
Вялікія светла-блакітныя вочы глядзелі па-дзіцячаму даверліва, наіўна. А словы яе «позналам адразу» казалі аб тым, што падлетак пачаў уваходзіць ва ўзрост, якому да твару бывае няшкодная, мілая мана. Бо не адразу малая пазнала мяне, — адразу яна проста спалохалася.
Яна спалохалася зноў, калі ў кустах, дзе сядзелі Мікола з Калодкам, пачулася шамаценне.
— Ой, што там? Што там, проша пана?..
Я не паспеў супакоіць яе. З-за куста паказаўся мядзведзь-Калодка.
— Дзень добры, цурка, дзень добры! — уголас гаварыў ён, падыходзячы. — Не бойся нас — свае! Ну, як жывеш, як маешся?
Малая павіталася з Калодкам за руку і, выглянуўшы з-за яго на новы шорах у кустах, убачыла Міколу.
— О, ешчэ едэн пан! — сказала з усмешкай.
— А божа мой, які ён пан! — здзівіўся Калодка, — Хлопец ледзьве ногі цягае, а яно кажа — пан. Голад, мая каханая, не цётка.
Мікола быў прыкметна нездаволены такім акрэсленнем яго выгляду. Па-свойму спрытна, ён павітаўся з дзяўчынкай, як кавалер.
— А як паненачку завуць?
— Ядзя. А пана?
— Галодныя каторы дзень ідзём, — умяшаўся Калодка, — а тут, у лесе, дрэва ці траву не будзеш грызці. Чловек усё ж такі, а не быдла…
Ядзя, знаёмячыся з Міколам, была не вельмі падобная на дарослую. Ва ўсмешцы, з якой яна называла яму сваё імя i хацела пачуць у адказ імя «пана жолнежа», больш было проста дзіцячай цікавасці. А цяпер, пачуўшы Калодкавы словы пра голад, яна нібы схамянулася i раптам нашмат пасталела.
— Добжэ, — сказала яна. — Вы пачакайце тут, а я пайду i прынясу вам хлеба.
— О, гэта дык гэта! — амаль ускрыкнуў Калодка. — Эх, не было б гэта сваё. Ідзі, цурка, ідзі!..
Дзяўчынка трошкі падумала.
— Вы пахавайцеся, — сказала зусім сур'ёзна. — А я, як прыйду, скажу так.
Яна зусім па-дзіцячаму наставіла губы i ціха закукавала:
— Ку-ку, ку-ку!..
— А то яе разумніца мая! — зусім расплыўся Калодка. — Ты нам ку-ку, i мы табе з кустоў ку-ку. Ты толькі хлеба нам нясі пабольш. I хлеба, i да хлеба!..
Апошняе было ўжо сказана ўдагон.
A галоўнае так i не ўспомнілі — не спыталіся, Польшча ўжо ці яшчэ ўсё Нямеччына?
Я ледзь не крыкнуў услед дзяўчынцы «пастой», але ўспомніў адразу, ужо з адкрытым ротам i ўзнятай рукой, што i тут небяспечна крычаць. I ў гэты момант яна апошні раз мільганула ў зелені кустоў. А на момант пазней мы пачулі зусім недалёка смех…
Засмяяўся нехта не там, куды пабегла дзяўчынка, a ў тым баку, адкуль мы прыйшлі. Спакойна разважаючы, можна было падумаць, што на ўсіх мовах людзі смяюцца аднолькава: засмяяца за дрэвамі мог i не вораг. Ды мы за два гады прызвычаіліся да думкі, што падняволенай Гітлерам Польшчы было не да смеху. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела i моцна адказаў… па-нямецку!
Мы шыбанулі ў лес.
Мікола бег першы. Ён паспеў нават па-нашаму ціха крыкнуць: «Бягом!» Следам за мной трашчаў галлём i грукатаў Калодка.
Метраў праз дзвесце ці трыста я ўспомніў, што з гэткім шоламам нам не прайсці. Я сігануў на ўвесь цырісуль, дагнаў Міколу i, параўняўшыся з ім, загадаў:
— Пачакай!
Мікола зразумеў мяне таксама, як мы перад хвілінай зразумелі ягоны загад.
— За мной — Калодка, ты — за ім. I — ціха.
Мы пастаялі момант i рушылі павальней, аднак амаль зусім нячутна.
Наша найлепшая сяброўка — ноч — ішла насустрач нам вельмі павольна. У ельніку яна асела ценямі, у шэрай гушчы якіх мы адчувалі сябе лепш. Ды ельнік спачатку радзеў, потым яго патрохі змяніла бярозавае драбналессе. Стала святлей. Па верасах, сям-там збіваючы капелюшы затоеных грыбоў, мы, не змаўляючыся, пайшлі шпарчэй, а за намі, i спераду нас, i абапал нячутна ішла небяспека…
I вось я нарэшце спыніўся.
Праз рэдкія кусты i бярозкі прылеску мы ўбачылі луг. ён рассцілаўся шырока ў бакі i наперад, а светла-шэрае неба над ім гаварыла, што ноч яшчэ не прыйшла. Маленькія кравецкія машыны конікаў усё яшчэ сакаталі ў роснай атаве, — бязлікія, нястомныя краўцы яшчэ ўсё шылі, нават прыцемкам. Дзень датляваў на захадзе бяскроўнай палоскай зары. Зорак яшчэ не было. Асцярожныя прыгажуні сарны яшчэ не выйшлі на ўскраіну лесу. Нават i з гушчару не чутно яшчэ хрыпатых поклічаў ix фанабэрыстых, раўнівых дзецюкоў, галасы якіх надоечы да сцішнаты нагадалі нам брэх аўчарак.
Ісці далей ці начакаць?
На лузе толькі сцеледца, нібы ўздымаецца з травы, туман. Над лугам адно бязмежнае, ціхае неба.
I мы пайшлі.
Шорах роснай травы пад нагамі. Маўчанне i думкі, якіх ніхто з нас не хоча выказваць. Усё не новае, усё зразумела i так.
Новае прыйшло толькі недзе на самай сярэдзіне лугу. Гэта была рака.
Толькі пазнаўшы яе пад градою туману, дзе мы ўжо навучыліся здалёк пазнаваць непрыемны, дрыготкі холад вады, я спыніўся, сябры падышлі, i Мікола сказаў:
— Ну, вядома…
Адзін за ўсіх нас, ён з прыціскам адпусціў на свабоду зусім зразумелую, шчырую лаянку.
Гэта не быў адчай, а проста прыкрая злосць. Не ўпершыню наш шлях перагароджвала вада. Не ўпершыню найлепшы наш плывец, Мікола, моўчкі садзіўся на беразе i першы пачынаў распранацца.
Так пайшло i цяпер. Мікола зняў цераз галаву сваю сумку i сеў.
Кожны раз мы рыхтаваліся да пераправы хутка, не чакаючы нават, пакуль абсохне пот. I справа гэтая заўсёды выглядала аднолькава. З клункамі ўсёй нашай збруі, прывязанымі на галаве, мы падыходзілі да вады, i першаму, хто тыцнуў скручанымі пальцамі нагі ў раку, належала права акрэсліць тэмпературу словам «нічога» або, у праціўным выпадку, якім-небудзь больш красамоўным выразам. Незалежна ад гэтага Мікола апяразваўся цераз плячо канцом нашага шнура, а я ці Калодка надзявалі на працягнутыя рукі маток. Шнур гэты мы звілі на першай днёўцы ca шпагату, вялікі клубок якога Мікола прыдбаў на заводзе. Шнур быў доўгі, метраў сто, i надзейны, у тры шпагаціны.
Падрыхтаваўшыся, Мікола «змераў тэмпературу», адмоўна акрэсліў яе зусім ненавуковым тэрмінам, увайшоў па калені ў ваду i сказаў:
— Ну, вадалазы, пускай!
Маток шнура трымаў на руках Калодка. Сёння ў яго на галаве капой сядзеў падвойны клунак: свая i Міколава вопратка. Такі парадак у нас — першы плыве на разведку ўлегцы.
З пагардай да ўсяго, што супраць нас, Мікола крактануў i ціха даў нырца.
— Няхай здароў будзе, як бабёр, — зашаптаў Калодка, ужо танцуючы зубамі.
Мікола вынырнуў яшчэ цішэй. Паплыў, нацягваючы шнур. Седзячы на кукішках над самай вадой, я прапускаю шнур праз жменю, а Калодка з мядзведжым спрытам паварочвае працягнутыя рукі, з якіх бязгучна разматваюцца, сплываю ць петлі шпагату.
Я не зводжу вачэй з Міколы. Штораз, то меншай кропкай адсоўваецца ад нас яго галава, за якой на вадзе распаўзаецца штораз шырэйшы трохкутнік. Потым кропка, якая вядзе наперад гэты трохкутнік, знікае зусім, i, нарэшце, я адчуваю ў жмені тры штуршкі. Разведчык на тым беразе дае сігнал, тройчы тузаючы за шнур.
Я — з клункам свае вопраткі на галаве, i мне ныраць няможна. Ды не вельмі й ахвота. Плыву то пад шнурам, нацягнутым над самай вадой, то побач з ім, каб на кожны выпадак ён быў пад рукой. Вада, як заўсёды, без назвы, чужая, халодная… I, як заўсёды, трывожна, што ногі твае звядзе здрадлівая сутарга, — зімовы лагерны падарунак. Нагамі стрыжэш пад вадой, рукамі распорваеш пльшь асцярожна… Бліжэй да берага, калі ўжо бачыш сябра, робіцца весялей. Шнур, які ён трымае, ужо не патрэбен табе, аднак бачыць яго, нібы працягнутую, моцную руку, прыемна.
Адчуўшы дно, я ўстаю i брыду, a Мікола тым часам сігналіць адпраўленне Калодку. «Зноў крапіва!..» — лаюся ў думках, хіснуўшыся, як ад агню, ад роснага лазовага куста.
— Ну, кіта наструніў,— шэпча Мікола.
Ён цягне шнур, памагае Калодку, які цяпер ім апяразаны. Калодка плавае слаба, з пыхценнем.
— Глядзі, зараз плюхне нагой, хоць разок, — шэпча Мікола, i нябачная, добрая ўсмешка даходзіць да мяне праз дробны перастук яго зубоў.
I праўда, мядзведзь наш збіўся з такту, не змог танцаваць пад вадой. Плюхнула. Раз. I яшчэ раз.
— Харошы дзядзька, — шапчу я, нібы дзеля таго, каб апраўдаць Калодку.
— Нам бы толькі яго накарміць, — з той самай усмешкай у голасе кажа Мікола.
— А сам не еў бы?
— Сам? I сам я, браце, без вусам… Ну, усё. Калодка выходзіць з вады і, здымаючы свой падвойны клунак, шэпча:
— Ххол-лад-дна, тр-рас-цца яй-е ггал-лав-ве!
Гэта — чыстая, голая i да чорцікаў сцюдзёная праўда. Мы хутка апранаемся, i нам, як заўсёды ў такі момант, робіцца значна цяплей ад думкі, што вось i яшчэ адна перашкода — за намі.
А гэта ўсё ж такі была яшчэ Германія!
За лугам, калі пачаліся палі, пад нагамі ў нас шарахцела спачатку ржышча, пасля пачалося вялікае поле бручкі. Ужо сцямнела настолькі, што ў небе — навокал над намі — праявіліся першыя тысячы зорак. Не хапала толькі месяца, у святле якога — на вялікім абшары зямлі — халодна блішчала б роснае бручкавінне, як часта бывала раней, нейкіх дзвесце, не больш, кіламетраў за намі.
— Ну, вось… — сказаў Мікола, першы прыпадаючы да харчу. У голасе яго была i радасць галодных, i злосць на тое, што i яшчэ за адным вадзяным рубяжом краіна нашай няволі не скончылася…
Голад мы пакідаем тут жа, на месцы. Міколаў ножык пераходзіць з рук у рукі, i аблыселыя пры дапамозе яго галовы бручкі дзіка хрумсцяць пад нашымі зубамі. Па меры таго як напаўняецца халаднаватым i салодкім сокам наша нутро, я пачынаю заўважаць больш выразна, што мы адны пад высокімі зоркамі, што мы ляжым на зямлі, якая нават грэе нас, што мы нібы прыпалі да яе грудзей, каб нацягнуцца сілы.
— Пагрызём, а пасля i паскачам, як зайцы, — гаворыць Мікола.
Калі ўстаём ісці, Калодка выбірае яшчэ адну бручку, i мы, па прыкладу яго, робім тое самае. Потым доўга ідзём, як заўсёды, адзін за адным i на такой адлегласці, што шэптам гаварыць няможна.
Бручка, іржышча, бульбянік, ралля, зноўіржышча здаюцца мне менш дзікімі, чым лес i луг. Маленькія бабкі аўса, густыя рады якіх часта трапляюцца на шляху, здаюцца мне маленькімі дамамі, у якіх зусім нядаўна патухлі агеньчыкі. Мы — тры Гуліверы — ідзём па вуліцы гэтага казачнага пасёлка, i зманлівае адчуванне жылля так настойліва непакоіць мяне, што я нарэшце здаюся.
— Прывал, сябры мае, — кажу, i гэта ўспрымаецца як агульная думка.
Мы бяром адразу па нскалькі казачных домікаў за ix каласяныя стрэхі i абарочваем на кучу. Тады з асалодай лажымся на цёплых, яшчэ не астылых ад дзённага сонца, аўсяных снапах.
Бручку на гэты раз ямо больш культурна. Ачысціўшы сваю, Мікола разрэзвае яе на скрылікі, як галандскі сыр, i надзяляе нас па чарзе. Мы хрумстаем ляніва, нават з асалодай. Ды асалоды гэтай няшмат: поўнае не напоўніш, a даўні голад не ўдасца за раз супакоіць.
Я паварочваюся на спіну i пачынаю толькі слухаць i глядзець.
…У маленстве, калі ты вяртаўся з коўзанкі мокры, a маці — па-свойму вельмі правільна, а па-твойму зусім незаслужана — сустракала цябе пякучымі махрамі фартуха, ты найчасцей забіраўся на печ. Гэга была нібы крэпасць, дзе ты ў далейшым мог лічыць сябе амаль зусім недасягальиым. Гэта было найцяплейшае месца ў хаце, асабліва для тых, у каго ў такі час быў надзейны саюзнік — бабуля. У мяне яе не было, i я звычайна перажываў сваю крыўду адзін. Ляжаў, глядзеў на столь, спачатку хмыкаў, а потым пачынаў разглядаць, нібы нейкі цікавы малюнак, сукі i разводы слаёў на дошках. I крыўда праходзіла, асабліва тады, калі маці — цяпер ужо i па-твойму правільна — успамінала, што ты не еў амаль ад рання.
Маленства наша мінула даўно, назаўсёды. Ды засталіся не толькі ўспаміны аб ім. Я не забыўся любіць хараство, як калісьці любіў, упершыню пазнаючы яго i ў дробязях: праз пажаўцелы ліст, што ападаў з галля на галаву, i ў неабсяжнай, загадкавай велічы неба, якім захапляўся каля вогнішча першых начлегаў на пашы.
Я ляжу на аўсяных снапах, за многія сотні кіламетраў ад хаты, з якое пайшоў у жыццё. Я даўно не дзіця, i крыўда мая — не дзіцячая. Ды на зорную столь нада мной я гляджу з нейкай дзіўна-дзіцячай усмешкай. На другой злева зорцы сузор'я Вялікай Мядзведзіцы — мне здаецца — прысеў камар. Бедная зорачка міргае, міргае i ніяк не можа яго сагнаць… А можа, гэта не камар? Можа, яна падміргвае мне i сябрам, нібы хоча сказаць, што мы напэўна выплывем з шалёнага віру на родны прастор, туды, дзе нас любяць, дзе мы патрэбны будзем, як свае?..
Не міргай, зорачка! Прайшло не толькі маленства, — юнацтва мінула таксама. Яшчэ тры месяцы таму назад мы думал i пра родны край, як юнакі,— там спадзяваліся знайсці сунакой i матчыну ласку, думалі там адпачыць перад новай, сапраўднай i радаснай працай. Ды нашы мары абарваліся. Вораг, якога мы пазналі ў верасні трьщцаць дзевятага года, цяпер захацеў адабраць у нас волю i шчасце ўжо назаўсёды, забраўшы радзіму, якую мы любім даўно, хоць ні разу яшчэ не былі ў яе межах. Што ж гэта сталася з нашымі? Так адступаць!.. Як зразумець нам гэта?.. Не міргай, зорачка, — мы ідзём не спакою шукаць. Мы…
Ды што гэта — песня?
Я падняўся i сеў.
Нямецкая песня ўстае за гарой, куды пайшлі адгэтуль шэрагі аўсяных домікаў. Песню спяваюць дзяўчаты, якім памагае гармонік.
— Весела сцервам, — праз зубы гаворыць Мікола.
Ён таксама падняўся, сядзіць на снапах. I Калодка спыніўся жаваць. Мы не гаворым больш, думаем кожны сваё.
Гэтую песню мы чулі не раз. Вельмі часта ў ёй паўтараецца слова Эрыка — дзявочае імя. Больш у песні я разумею няшмат. Ды мне хапае таго, што ўжо ад музыкітолькі я ўспамінаю іншую Эрыку — нашу…
…Шкляны завод. Вялікі комін, чорны подых якога здаваўся мне подыхам нашых збалелых грудзей. Вялізныя, чорныя гурбы вуголля. Ад ранку да цямна мы адчуваем яго скрыгатанне пад нашымі лапатамі, чуем грукат яго аб жалеза пустых ваганетак.
A паблізу ад нас сядзіць дзяўчынка. Злажыўшы на каленях руку i ўспёршыся на ix дзіцячым вострым падбародкам, яна глядзіць на нас, не зводзячы вачэй. Так глядзела i ўчора, i пазаўчора… Па некалькі разоў на дзень з-за чорнай горбы вуголля, дзе домікі рабочага пасёлка, чуваць жаночы голас: «Эры-ка-а!» I калі гэты покліч паўторыцца некалькі разоў, дзяўчынка паволі, відаць, неахвотна ўстае i ідзе. Пасля прыходзіць зноў i зноў глядзіць. Нястомна, моўчкі…
Комін, вуголле, ваганеткі — усё засталося далёка на захадзе. Навокал іржышча, домікі бабак. Над намі — ціхі, азораны акіян. Я міжвольна — ад думак пра тую дзяўчынку — падцягваю стомленыя ногі і, паклаўшы на сагнутыя калені рукі, апускаю на ix галаву. A дзяўчынка стаіць у вачах як жывая, як тут. Столькі болю i столькі надзеі ў яе не па ўзросту сталых вачах. I я чытаю ў ix, як i тады, адно бязмоўнае пытанне: «Ці праўда гэта, што ты — мой найлепшы друг?..»
«Ты мой найлепшы друг!..» Гэтак казаў нам немец Карл, стары рабочы. Разам з ім мы, Мікола i я, разладоўвалі акумулятары без рукавіц i разам з ім апарылі кіслатою рукі. Абураны, Карл крычаў на ўвесь цэх, паказваючы рукі інжынеру. Яны былі знізу мазольныя, зверху — худыя, як рукі нашых бацькоў. А «гер інжэнір», верны слуга сваіх гаспадароў, усміхаўся. «Та-ак, — сказаў ён, — цяпер табе можна, бадай, i рукавіцы выдаць…» I горш за ўсё, што разам з інжынерам смяяліся тады i тры іншыя немцы, падлеткі, якім на гэты раз пашанцавала не апарьщь рук. Не смяяліся толькі Мікола i я. Пасля Мікола нават пачаў — больш жэстамі, чым нямецкаю мовай, — тлумачыць юнакам, што ўсё гэта зусім не смешна. А Карл — бязвусы, маўклівы стары ў сініх штоніках, палатаных да апошняй магчымасці, з лустачкай хлеба ў кішэні таксама палатанай курткі,— Карл падышоў да Міколы, падаў яму руку, сказаў: «Ты — мой найлепшы друг!»
У Карла мы i спыталіся потым, чаго так дзіўна глядзіць на нас каторы дзень малая Эрыка. Азірнуўшыся навокал, стары ледзь не шэптам пачаў: «Вам я скажу. Бацька яе, рабочы Віллі Кляйн, быў камуніст. Цэлая група камуністаў была на гэтым заводзе. Пасля ix забралі ў канцлагер, нешта перад вайной. У гэтым коміне быў замураваны архіў. Дзяўчынка ведае, што вы з Pacii, i яна… Але ціха! Давайце працаваць», — закончыў ён i зноў узяўся за лапату. Мы азірнуліся. Нікога не было, нават фашысцкага ценю, — чаго ён спалохаўся? Карл зразумеў наша здзіўленне, выпрастаўся ад вуголля i, успёршыся на цяжкую лапату, з добрай усмешкай сказаў: «Вораг чуе». Такія плакаты віселі навокал, i так ix вытлумачыў па-свойму чалавек, што ў нас убачыў сяброў…
— Шкада малое, — азваўся раптам Мікола задумана, ціха.
— Вядома, — сказаў я адразу, нібы пра Эрыку не толькі ўспамінаў, a гаварыў уголас. А потым, схамянуўшыся, спытаў: — Karo шкада?
— Kaгo ж?.. Вярнулася недзе з хлебам, хадзіла па лесе i кукавала. А можа, i плакала… Эх!..
Хвіліну мы маўчым.
I побач з чорнымі вачыма Эрыкі ўстаюць перада мной заплаканыя вочы Ядзі. Замучанае польскае дзіця, з кавалкам хлеба, украдзеным у гаспадара, ходзіць, можа, па лесе, углядаецца ў цемру i ціха кукуе. Цяпер ужо няма для нас сумнення ў тым, што гэта яшчэ ўсё Нямеччына. I дзяўчынку прывезлі сюды, як прывозяць усіх, у няволю. I яна недзе плача, бо родныя людзі, якіх яна не бачыла даўно, па якіх так збалела душа, ашукалі яе. Хацелася так многа ім сказаць, пра многае спытацца, а яны пайшлі… А можа, не ўдалося ёй украсці хлеба: заўважылі — ці скупая, крыклівая фрау, ці сам пануры, з вялікай, як чайнік, люлькай «гросбаўэр» — прускі кулак. I дзе яна цяпер, што думае, які цяжар нясе на сэрцы?..
— Мне здалося адразу, — сказаў я Міколе, — што ты не пра гэту…
— Усё як усё, — перапыніў мяне Калодка, — а хлеба, хлопцы, больш за ўсё шкада. А то нажэрліся мы гэтай бручкі, як каровы, i ўсё роўна што i не еў чалавек. Як той казаў — абедаў, а жывот не ведаў. А хлеб — усё ж такі хлеб. Каб прынесла…
— Жы-вё-лі-на, — павольна, ціха, але выразна прасіпеў Мікола.
— Ты пра каго? — здзівіўся Калодка.
— Пра цябе.
— Дык гэта я для цябе — жывёліна?
— Ты.
— Дык ты за гэта, кал i хочаш… ты…
Калодка ўстаў.
Наступіла трывожная паўза.
Мікола маўчыць.
I мне здаецца, што нехта нябачны выцягнуў з гранаты кальцо, вялікі палец той самай рукі паволі адпускае скабу, пасля чаго адстукае некалькі самых даўжэйшых секунд — i наступіць развязка…
Калодка гэта зразумеў.
— Хлопчыкі…— ціха сказаў ён. — Ды хлопчыкі, што вы?.. Дык я ж да самага Брэста цярпеціму! Што вы?.. Я проста жартаваў. Я разумею ўсё. У мяне ж ёсць таксама дачушка. Алеся…
У паўцемры, хоць блізка стаім, я невыразна бачу Міколаў твар. Ды ён жа, гэты твар, так добра мне вядомы. З-пад заўсёды прыхмураных чорных брывей цяпер глядзяць на Калодку Міколавы вочы, напэўна, ужо з іскрынкамі добрага смеху.
— Ну, вось бачыш, — гаворыць Мікола.
I я падхопліваю яго пачуццё.
— Ды што ты, Сцёпа, — кажу я, — няўжо ты падумаў: «пакінуць»?! Ты толькі гэтак не ный. I так ногі не служаць, а ты яшчэ павіс на ix…
— A ў цябе ж адны боты пудоў ca тры, — у тон мне гаворыць Мікола.
Мы смяёмся. Не толькі Мікола i я.
— Ды няхай бы вы, хлопцы, — рагоча Калодка, — былі здаровенькія, ну вас!..
I мы пайшлі.
На ўсход — на сваю Зараніцу.
1941–1951