КАСАТАЧКА

Касатка — ластаўка, птушка Hirundo domestica.

I тое самае, што мілая, галубка, золатка.

З тлумачальных слоўнікаў

Удовін дарослы сын паміраў пры памяці i доўга.

— От, мама, — ціха i цяжка сказаў ён неяк, ужо бліжэй да канца, — я цяпер думаю… як гэта рыба… калі яе… на бераг… выкінеш… як яна… дыхае… тады….

На пахаванне з горада прыехала з сям'ёй дачка. Яшчэ на вуліцы, толькі з машыны вылезла, a ўжо… не пачала, вядома, плакаць — зноў заплакала. Зяць нешта тоўкся каля сваіх шафёрскіх дзвярэй, а дачка, з унучкай на руках, штурханула нагою брамку, а тады пусціла з рук малую. Нібы прасветлы прамень з-паміж цёмных хмараў — на чыстую сцежку ў веснавой траве, да новай хаты ад журботна-новых варот, зробленых таксама ім.

На двары было многа людзей. Яны ўсе стаялі, ішла адна бабуля. Унучка — быстранькая, румяная, з дзвюма чорнымі коскамі — бегла насустрач старой, ручаняты ўзняўшы здалёк, у шчаслівай гатоўнасці зноў апынуцца высока, на яшчэ адных родных руках. Штосьці яна крычала радасна, у святым сваім няведанні, далека над усім дарослым смуткам…

Сын — спраўны работнік, дужы, спакойны дзяцюк — з вайсковай службы вярнуўся з нейкай таямніцай. Ніяк жаніцца не хацеў, i ў без нечага трыццаць усё ўсміхаўся, што паспее. Працуючы экскаватаршчыкам на меліярацыі, недзе там, на халодным асеннім балоце, ударыў i, звыш таго, застудзіў нагу. Неўзабаве хвароба з яшчэ адной вучонай, нават мілагучнай назвай — саркома — папаўзла з нагі вышэй. Лічачы збоку, для знаёмых i нават сваякоў, хто з ix жыве далей, паўзла яна паволі, больш за паўгода. А для самога, для маці як ён ішоў, чым быў напоўнены той час?.. Спачатку дома, пасля ў бальніцах, бліжэй i далей, тады зноў дома, на адыходзе. Час невымерна доўгі i безнадзейна хуткі, калі яно ўсё скончыцца…

Унучка дробненька бегла, радасна штосьці крычала. Нібы яна з бабуляй былі на поўным людзей панадворку толькі адны.

I старая, як быццам таксама тут адна, як быццам яна хоць на момант адышлася ад самага краечку чорнай бездані свайго маўклівага мацярынскага гора, хутка ішла насустрач госцейцы, здалёк прыгнулася з працягнутымі спрацаванымі рукамі. Падхапіла, нарэшце, малую, прыпала сухімі, бяссоннымі вуснамі да цёпленькай, пругкай, салодкай шчакі i прашаптала горача, нібы толькі сабе:

— Касатачка… шчабятушка мая!..

…Пра рыбу на пяску, якая задыхаецца, — гэта пасля ўжо, дзён праз некалькі, у яе знайшлася сіла расказаць уголас.

1982

Загрузка...